Алесь Пушкін прывёз у Гародню ўласны праект роспісаў Старога Замку
2021-03-20 13:03
Выстава мастака Алеся Пушкіна, слыннага манументаліста і рэстаўратара, адкрылася ў Гародні.
Асноўная задача, якую паставіў мастак, – паказаць шырокай публіцы ўласны праект роспісаў Старога Замку, які зараз перажывае перыяд рэстаўрацыі. Ягоны праект быў выстаўлены на тэндар ад „Белрэстаўрацыі”, дзе працуе мастак.
Запланавана чатыры аб’екты роспісаў, частка якіх мае вышэйшую катэгорыю складанасці. Пра галоўную ідэю роспісаў выказаўся аўтар.
– Я кансультаваўся з Алесем Смаленчуком, з Алесем Краўцэвічам, з Генадзем Сагановічам, я кансультаваўся з Паўлам Татарнікавым, з Міколам Воўкавым. І я прыйшоў да высновы, тое, што ён адраджаецца, нам трэба яго распісаць, каб гэта былі беларусацэнтрычныя роспісы. Тэмат гэтых роспісаў павінен адцеміць вялікую асобу Стэфана Баторыя для нашага краю. Гэта выбітны чалавек, і суверэнітэт сённяшняй Беларусі ў вялікай ступені закладзены на падмуркі яго дзейнасці.
У праекце роспісаў – чатыры аб’екты. Гэта роспіс драўлянай столі ў жылых пакоях Стэфана Баторыя, роспіс у каралеўскай лазні, роспіс Алебастравай залі, а таксама роспіс капліцы. Апрача праекту мастак прывёз выставу са сваіх перформансаў і карцін, якія таксама можна ўбачыць у Цэнтры гарадскога жыцця Гародні. Бо апошні раз Алесь Пушкін выстаўляўся ў Гародні дзесяць гадоў таму.
– Напрыклад, партрэт Яўгена Жыхара. Гэта чалавек, які з беларускага супраціву. Аналаг тых выклятых жаўнераў у Польшчы. І вам тут вельмі актуальна гэта ведаць, бо ў вас вялікія зараз палітычныя пературбацыі і спрэчкі наконт Саюза палякаў у Беларусі. І таму сёння, на гэтай пляцоўцы, выстаўляю нашага беларускага патрыёта Яўгена Жыхара, які на Глыбоччыне да 1956 года змагаўся з бальшавікамі.
Некаторыя асобны на партрэтах, якія мастак прывёз у Гародню, уваходзяць у нацыянальны пантэон Беларусі. Напрыканцы вернісажу Алесь Пушкін падараваў удзельнікам адкрыцця выставы ўласны „турэмны альбом”: выданне, што выйшла два гады таму. Усім жадаючым нават падпісаў свае „падарункі”. Выстава будзе працаваць у Гародні да 23 красавіка.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя