Алесь Пашкевіч адкрывае новае імя ў гісторыі беларускай літаратуры
2025-04-24 20:44
У выдавецтве Рамана Цымберава выйшла кніга Алеся Пашкевіча «І Я сказаў табе: „Жыві“! Дарогамі паэта Адама Свентаржэцкага», якая апавядае пра дагэтуль невядомае імя ў гісторыі беларускай літаратуры.
«І Я сказаў табе: «Жыві» — гэта нарыс і па сутнасці першая праца пра яркую і да нашых дзён невядомую асобу, літаратара, дзеяча вызваленча-нацыянальнага руху Адама Тамашавіча Свентаржэцкага.
Не ўсё з напісанага Адамам Свентаржэцкім, народжанага на Ігуменшчыне, дайшло да нас. Вершы, якім лёсіла захавацца, заставаліся ў архіўных рукапісах; аніводнай публікацыі яго тэкстаў — ні ў газетах, ні ў асобных зборніках — раней не з’яўлялася. Як дасюль не было згадак пра паэта і паўстанца ў якіх-кольвек энцыклапедыях ці літаратуразнаўчых публікацыях.
Алесь Пашкевіч — аўтар дылогіі «Пляц Волі» і дакументальна-мастацкіх выданняў пра Уладзіміра Дубоўку, Каруся Каганца, Вацлава Ластоўскага, Кастуся Езавітава, Алеся Гаруна і іншых знакамітых постацяў Беларусі.
Набыць кнігу можна ў мінскіх крамах «Акадэмкніга», «Кніжная шафа», у сталічным павільёне выдаўца (Гандлёвы цэнтр «Купалаўскі», ст. метро «Кастрычніцкая», павільёны 41 і 42) ці па спасылцы з перасылкай па ўсім свеце на
knihi. by.