Алена Пятровіч: «Тое, што мастак павінен быць галодны, — гэта брыдкая маніпуляцыя»
2025-05-16 20:56
Беручы ў рукі беларускія выданні Роўлінг ці Сапкоўскага, мы часта забываем, што за імі стаіць вялікая праца перакладчыка. Таго «нябачнага» чалавека, які дапамагае героям загаварыць па-беларуску. Пра пераклады класікаў, кніжны рынак, «святыя тэксты», канкурэнцыю з АІ на Budzma. org паразмаўлялі з перакладчыцай Аленай Пятровіч.
На перакладчыцкім рахунку Алены толькі за апошні час — чатыры кнігі з эпапеі «Гары Потэра», таксама пераклады з польскай Гжэндовіча і Словік. Раней — кнігі Віткевіча, Конан Дойла, Капусцінскага ды Бжэхвы. Аўтарка перакладаў працуе з ангельскай, польскай, украінскай і французскай мовамі, але, як прызнаецца, вучыць новыя мовы дзеля «чыстай красы».
Ці варта перакладаць для беларусаў расійскую класіку? Ці існуюць для перакладчыка «святыя тэксты»? Пераклад з «гуманітарнай мэтай» — гэта як? Урэшце, ці можа пераклад таго ці іншага твора быць — запозненым? Гэта ды іншае — у гутарцы з перакладчыцай.
«Спачатку трэба ведаць сваю мову...»
— Ці дастаткова перакладчыку ведаць замежныя мовы або... трэба нешта яшчэ?
— Я б сказала, што спачатку трэба ведаць сваю мову (у сэнсе, мову, на якую перакладаеш) — і найперш я кажу пра сінтаксіс, пра «лад мовы», а не выключна пра лексіку. Для замежнай мовы ёсць слоўнікі, перакладчыкі, жывыя носьбіты, з якімі можна пракансультавацца, калі што якое, а за сваю мову адказны толькі ты сам.
Філосаф
Валянцін Акудовіч расказваў, што ён у 90-я рэдагаваў перакладную літаратуру, увогуле не ведаючы замежных моў. А рэдагаванне — гэта вельмі блізкая справа да перакладу, часта амаль тое самае. Як на мяне, для нашага часу гэта была б трохі радыкальная пазіцыя, бо сёння замежныя мовы вывучыць проста.
Але ў цэлым так, для добрага перакладнога тэксту нашмат важнейшае веданне ўласнай мовы, чым замежнай. Ну, і трэба ўмець пісаць на сваёй мове і добра адчуваць стылістыку.
— Ёсць такі штамп, маўляў, пісаць прозу ці паэзію — вось гэта творчасць, а пераклады — чыста тэхнічная праца... Ці не баіцеся канкурэнцыі са штучным інтэлектам, які «заменіць» перакладчыкаў?
— Калі вядзецца пра пераклады бізнес-літаратуры ці нечага яшчэ такога немастацкага, то так, гэта фактычна тэхнічная праца — і будзе добра, калі тут перакладчыкаў заменіць АІ. Але ж мы ведаем, што АІ настолькі разумны, наколькі яго навучыць чалавек, — дык вось, калі найлепшыя перакладчыкі часам беспаспяхова б’юцца над нейкімі крутымі тэкстамі (асабліва датычна паэзіі і/або тэкстаў з добрай канцэнтрацыяй слоўных гульняў, прыдуманых слоў і г. д.), то пакуль што слаба ўяўляю, хто можа навучыць АІ зрабіць лепей. Аднак калі так здарыцца — то так, давядзецца прызнаць, што машыны лепшыя за нас, што ж зробіш.
«Спрашчаць — гэта трохі прыніжэнне»
Алена Пятровіч. Фота са
старонкі Алены ў інстаграме
— Калі перакладаеш класікаў (Конан Дойл, Уайльд), ці ёсць нейкі асаблівы груз адказнасці, маўляў, гэта ж «святое» і нельга памыліцца?
— Вядома, адказнасць ёсць — але яна ёсць і пры любым іншым перакладзе, аднак памыліцца не павінен акурат той самы АІ, бо errare humanum est (вось урэшце спатрэбілася тое, што вывучала на курсе лаціны). Вядома, памыліцца не хочацца, але ў любым разе гэта не трагедыя. А яшчэ таму важна мець добрага рэдактара, які зможа вычапіць тваю памылку.
Мне здаецца, наадварот, стаўленне да нейкага тэксту як да «святога» часам акурат перашкаджае — бывае, перакладчык баіцца адысці хоць на крок, і выходзіць малачытэльнае нешта, што хутчэй нагадвае «падрадковік», а не жывы тэкст.
— Перакладаючы творы, напісаныя 100 і болей гадоў таму, ці трэба спрашчаць пэўныя моманты, каб было зразумела чытачу зараз? Ці трэба неяк пагружацца ў эпоху, біяграфію аўтара і г. д.?
— Я няшмат перакладала зусім старых тэкстаў, але я паважаю чытача і таму лічу, што спрашчаць — гэта трохі прыніжэнне. Бо калі я сама нешта разумею/ведаю, чаму я павінна думаць, што гэтага не ведае чытач? Калі я сама не ведала нечага важнага для разумення тэксту, то тады я дапускаю, што раптам ёсць такія чытачы тыпу мяне, і ў тых тэкстах, дзе гэта да месца, раблю зноску.
І вядома так, пагружацца ў эпоху і біяграфію аўтара карысна, бо яно банальна дапамагае самому перакладчыку нешта зразумець.
«Калі ўсе ўжо прачыталі па-ангельску...»
Падчас прэзентацыі перакладу «Гары Потэра». Фота: hrodna. life
— Пераклад і выхад «Гары Потэра» па-беларуску — гэта была мегападзея. Разам з тым злыя языкі казалі, маўляў, усе ўжо даўно прачыталі па-расейску... навошта?
— Пачну з bitchy-выказвання: меркаванні «злых языкоў» мяне цікавяць толькі ў тым выпадку, калі носьбітаў гэтых языкоў я паважаю. І дарэчы, сама я чула варыянт «калі ўсе ўжо прачыталі па-ангельску» — пра расейскую нават не чула. Мне здавалася гэта такім common knowledge, што расейскія пераклады «Гары Потэра» не агонь, проста людзі прывыклі.
Адкрыю таямніцу: большасць маіх калег перакладаюць найперш «для сябе» — часам для гіпатэтычных сябе.
Напрыклад, «я б хацела мець гэты тэкст па-беларуску ў дзяцінстве». Або ў якасці чэленджу: «ці ўдасца мне зрабіць гэтаксама крута, як у арыгінале?». Часам яшчэ ўключаецца гуманітарная мэта накшталт «гэты тэкст проста павінен быць і на тваёй мове»: тэксты тыпу Бібліі, «Іліяды» з «Адысеяй» ці хоць «Маленькага прынца» — бо гэта сярод іншага сведчыць і пра сталасць мовы, і ў той самы момант ты спрычыняешся да яе развіцця, да пашырэння корпусу тэкстаў на ёй — а гэта заўсёды ідзе мове на карысць (вядома, гаворка пра якасныя пераклады).
І апошняе наконт «усе» — тут меркаванне яўна перабольшанае, бо абсалютная большасць майго кола зносінаў (гэта людзі каля 40 гадоў) ніколі не чыталі «Гары Потэра» ні на якой мове раней. Бо мы проста не трапілі ў той прамежак часу, калі кнігі пачалі выходзіць: мы былі падлеткамі і лічылі гэта дзіцячай літаратурай, не вартай нашай увагі.
І я не раз чула ад сваіх знаёмых, што яны ўпершыню чытаюць «Гары Потэра» акурат па-беларуску. Ну і галоўнае: на нас жыццё не заканчваецца, нараджаюцца новыя людзі, якія змогуць ад пачатку чытаць кнігу па-беларуску.
Падчас прэзентацыі перакладу "Гары Потэра".
Фота: hrodna.life
Увогуле існаванне нават некалькіх перакладаў на тую самую мову — гэта абсалютна нармальна. Асабліва калі праходзіць нейкі час, вырастае новае пакаленне, мова змяняецца. Напрыклад, ведаю, што ў Італіі цяпер робіцца новы пераклад «Гары Потэра» — бо ў тым, ранейшым, ёсць нейкія памылкі, недакладнасці, стараваты слэнг. І такія новыя пераклады — акурат прыкмета таго, што мова жывая і яна змяняецца.
«Магчыма, людзі не чыталі Талстога ў арыгінале...»
— Ці патрэбныя беларусам пераклады расейскай класікі, як думаеце?
— Я б не ўжывала слова «патрэбныя». Асабіста я аддаю перавагу чытаць на мове арыгіналу, калі добра яе ведаю. Але яны «маюць месца быць». Зноў жа, ніхто не адмяняў канцэпцыю «чэленджу», пра якую я гаварыла вышэй — перакладчык можа зрабіць сабе выклік, узяўшыся за нейкі класічны тэкст.
І для беларускай мовы пераклад расейскай класікі XIX стагоддзя — акурат пэўны выклік, бо ў нашай літаратуры таго часу яшчэ не было распрацавана такой шырокай стылістыкі, таму ў пэўным сэнсе пры перакладзе нам няма на чым грунтавацца, няма на што арыентавацца, і даводзіцца самастойна выпрацоўваць пэўны стыль. Гэта датычыцца не толькі расейскай класікі, але і ўсёй у цэлым — ці то Джэйн Остэн, ці то Льва Талстога.
Ну і зноў жа, ёсць людзі, якія аддаюць перавагу чытаць па-беларуску: магчыма, яны не чыталі таго ж Талстога ў арыгінале (ведаю кучу такіх людзей), але магчыма, зацікавяцца, калі тэкст будзе па-беларуску.
У мяне ёсць знаёмы, які ўпершыню паслухаў гурт «Петля пристрастия» толькі пасля таго, як хлопцы выпусцілі беларускамоўны альбом.
— Ці маеце ўлюбёныя свае пераклады? Або — кожны пераклад — асобная гісторыя і «адносіны» з аўтарам і кнігай, таму параўноўваць немагчыма?
— Хіба па энерга-/часа-/і-ўсяго-іншага-затратнасці мне самы дарагі з уласных перакладаў — раман «Ненасытнасць» Віткевіча. Гэта быў самы вялікі чэлендж, гэта складаная мова, аўтар прыдумаў кучу новых слоў у польскай мове, пакінуў шмат загадак.
Мне пашанцавала — я перакладала гэты тэкст, будучы на стыпендыі Gaude Polonia, і ў мяне была кансультантка Эльжбэта Гжыб з Варшаўскага ўніверсітэта, спецыялістка па гэтым аўтары. Яна мяне пазнаёміла з іншымі «віткацыялогамі» — даследчыкамі творчасці Віткацыя/Віткевіча — і я магла таксама задаваць пытанні ім. Гэта была шалёна складаная праца, і я ганаруся сабой, што змагла давесці яе да канца.
«Тэксты, якія я хацела б перакласці, напісаныя на ангельскай»
Алена Пятровіч, Фота з Вікіпедыі
— Можаце ўявіць сітуацыю — што перакладаеце кнігу, а яна... не падабаецца! І з’яўляюцца думкі, ці не лепш напісаць самому больш варты твор?
— Магу ўявіць, больш за тое — я бывала ў такой сітуацыі. Але гэта як на любой працы: мы не заўжды ў захапленні ад кожнага працоўнага задання, але мы ж дарослыя, то часам даводзіцца рабіць тое, што трэба, а не тое, што хочацца.
— Перакладаючы з польскай, напрыклад, Гжэндовіча, ці былі думкі, маўляў, чаму ж нешта падобнае па маштабе і атмасферы не пішацца па-беларуску?
— У мяне ёсць адказ, чаму такое не пішацца, і я прывяла яшчэ вышэй: напісаць вялікі тэкст — гэта вельмі дорага. У Польшчы ёсць нармальны кніжны рынак: калі ты больш-менш вядомы пісьменнік, ты заключаеш дамову з выдавецтвам, пішаш кнігу, а ў гэты час выдавецтва дае табе на што жыць, і ты можаш сканцэнтравацца на пісанні. Калі такі рынак будзе і ў Беларусі, то і ў нас з’явяцца такія маштабныя творы.
Тое, што мастак павінен быць галодны, — гэта брыдкая маніпуляцыя.
— Ці маеце «перакладчыцкія мары»? Напрыклад, перакласці нейкага канкрэтнага аўтара ці — вывучыць яшчэ адну (магчыма, экзатычную) мову?
— Марыць я не люблю, але ёсць ідэі — яны цалкам здзяйсняльныя, толькі патрабуюць часу, а з ім няпроста, калі даводзіцца акрамя перакладаў мець яшчэ «нармальную» працу.
Галоўныя тэксты, якія я хацела б перакласці, напісаныя на ангельскай, я б з задавальненнем села за пераклад усіх астатніх неперакладзеных кніг Джэйн Остэн (па-беларуску ёсць толькі «Пыха і перадузятасць») і парачкі кніг Руала Дала.
Мовы я звычайна вучу дзеля «чыстай красы» — не факт, што некалі буду з іх перакладаць, але мне з імі весялей.
Я ўвогуле чалавек непрактычны і спавядаю рэлігію Оскара Уайлда, якая пра «любое мастацтва даволі бескарыснае».
Алесь Кіркевіч, Budzma. org