Ад уладальніка начнога клюбу да палітыка. Сябры і блізкія Сяргея Ціханоўскага пра яго шлях
2020-12-26 22:13
29 сьнежня будзе 7 месяцаў, як за кратамі знаходзіцца беларускі блогер Сяргей Ціханоўскі.
Ён імкліва ўварваўся ў палітычнае поле Беларусі, стварыўшы ў 2019 годзе youtube-канал «Страна для жизни». Пра тое, чым займаўся Сяргей да гэтага, вядома няшмат.
Мы пагутарылі зь людзьмі, якія ведалі Сяргея Ціханоўскага ў розныя часы яго жыцьця — ад школы да прэзыдэнцкай кампаніі 2020-га.
Ад 29 траўня Сяргей Ціханоўскі за кратамі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Як казаў сам Сяргей у інтэрвію Свабодзе за некалькі дзён да арышту ў Горадні, яшчэ ў красавіку ён не зьбіраўся ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах. Вылучыў сваю кандыдатуру пасьля таго, як ад удзелу ў выбарах адмовіўся Павал Севярынец.
Ціханоўскі прысутнічаў на сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ у кастрычніку. Па словах іншых яе ўдзельнікаў, быў адзіным, хто зьвяртаўся да Лукашэнкі на «ты». У той жа дзень Ціханоўскаму дазволілі пазваніць жонцы Сьвятлане; падчас размовы ён параіў ёй быць больш жорсткай у супрацьстаяньні з уладамі.