- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
І ў пятлі, і ў Сібіры галованькі шчодра злажылі… Твой народ кунтушовы з Пагоняю ў сэрцы гарачым. А народ твой сярмяжны…, ды што там… Дай, Божа, нам сілы! Ірына Багдановіч. Выходзіць 9-ты нумар літаратурна-мастацкага альманаха “Ад лідскіх муроў”. Ён завяршае грандыёзную працу, зробленую вялікай колькасцю людзей па папулярызацыі беларускай літаратуры, беларускай мовы, беларускай культуры і ўсёй Беларушчыны ва ўсіх яе праявах на працягу апошніх чатырох гадоў. У пачатку 2016 года выйшаў 8-мы нумар літаратурна-мастацкага зборніка “Ад лідскіх муроў” на 440 старонках фармату А-5. У 2017 годзе выйшаў № 1 літаратурна-мастацкага зборніка “Нясвіжскі ўток” на 372 старонках фармату А-5. У 2018 годзе выйшаў № 1 Наваградскага літаратурнага альманаха “Стольны град” на 170 старонках фармату А-5. У 2019 годзе выйшаў № 1 Слонімскага літаратурнага альманаха “Паланэз” на 150 старонках фармату А-4. На 2020 год спланаваны выхад № 1 Дзятлаўскага літаратурнага зборніка і № 2 “Нясвіжскага ўтока”. Падняўся цэлы літаратурны рэгіён. Вось яго не было, і вось ён ёсць. Недзе там - у Менску, Гародні - элітная літаратура, элітныя выданні, а тут масавы пад’ём літаратурнай глыбінкі. Няхай невялікія наклады, але ў эру Інтэрнэту гэта ўжо не так важна. Ідзе творчы працэс, пісьменнікі пішуць, творы друкуюцца, прэзентацыі праводзяцца, літаб’яднанні збіраюцца, літаратурныя дэлегацыі ездзяць з раёна ў раён, адкрываюцца літаратурныя салоны.