Абвешчаны пераможца прэміі Багушэвіча
2020-06-05 16:11
У прамым эфіры Беларускі ПЭН-цэнтр абвясціў пераможцу прэміі Францішка Багушэвіча. Сёлета перамогу здабыў Алесь Смалянчук за кнігу «Раман Скірмунт: жыццяпіс грамадзяніна Краю».
Словы падзякі выказаў сам аўтар, прафесар Алесь Смалянчук:
– Вельмі ўдзячны за высокую ацэнку маёй працы – гістарычнага даследавання. І вельмі прыемна далучыцца да такой кампаніі знакамітых асобаў. Трохі здзіўлены, але вельмі-вельмі прыемна. Для мяне гэта важная ўзнагарода, бо яна паказвае грамадскую значнасць прафесійнага гістарычнага даследавання. Яшчэ адзін такі шлях, каб беларускае грамадства бліжэй пазнаёмілася з такімі людзьмі як Раман Скірмунт. Лічу, што гэта вельмі важна.
Летась кніга Алеся Смалянчука, прысвечаная прэм’еру БНР і лідару правага крыла ў яе кіраўніцтве, атрымала прэмію 8-га Кангрэса даследчыкаў Беларусі ў Вільні.
Беларускае Радыё Рацыя