Абвешчаны лаўрэат літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова ў Вільні
2025-02-14 22:49
Лаўрэат прэміі імя Міхася Стральцова быў абвешчаны сёння ў Вільні на штогадовым міжнародным паэтычным фестывалі «Вершы на асфальце». Ім стаў перакладчык, выдавец, паэт, этнограф, філолаг, кандыдат гістарычных навук Кастусь Цвірка. Заснавальнік і галоўны рэдактар кніжнай серыі «Беларускі Кнігазбор», якая выходзіць з 1996 года.
На фестывалі прадстаўлена кніга выбранага
Кастуся Цвіркі «Чатыры вятры», якая ёсць прызам лаўрэату.
На жаль, сёлетні лаўрэат, як і
Усевалад Сцебурака ў 2024-м і
Юрась Пацюпа ў 2023-м, не змог прыехаць на фэст «Вершы на асфальце».
Чацвёрты год запар фестываль праходзіць не ў Беларусі, агулам жа прэмію ўручалі ў восьмы раз. Сёлета цырымонія ўзнагароджання прайшла ў віленскім Клубе пісьменнікаў (Rašytojų klubas).
Яўген Вапа і Сяргей Харэўскі
Кастусь Цвірка нарадзіўся ў 1934 годзе ў вёсцы Зялёная Дуброва Старадарожскага раёна Мінскай вобласці. У 1958 годзе скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1958-1959 гадах выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Труханавіцкай сярэдняй школе Капыльскага раёна. Быў літаратурным супрацоўнікам раённай газеты «Рудзенская праўда», рэдактарам на Беларускім радыё, старшым метадыстам рэспубліканскага Дома народнай творчасці, старшым інспектарам Упраўлення па распаўсюджванні друку Міністэрства сувязі БССР. У 1972 годзе скончыў аспірантуру пры Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР і стаў навуковым супрацоўнікам гэтага інстытута.
З 1981 года — старэйшы рэдактар выдавецтва «Юнацтва», з 1984 г. — рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Полымя». Кандыдат гістарычных навук. З 1996 года аўтар (часта як перакладчык) і галоўны рэдактара праекта «Беларускі Кнігазбор».
Друкуецца з 1951 года. Аўтар зборнікаў паэзіі «Такія сэрцы ў нас» (1959), «Бягуць раўчукі» (1962), «Чарназём» (1967), «Каласы» (1975), «Сцежка дадому» (1980), «Хат вячысты дар» (1982), «Лодка долі тваёй» (1988) і інш. Аўтар кнігі «Слова пра Сыракомлю: Быт і культура беларусаў у творчасці „вясковага лірніка“» (1975). Піша і для дзяцей: кнігі вершаў і казак «Як Алесь згубіўся ў лесе» (1986), «Добрыя суседзі» (1988) і інш.
Аўтар мастацкіх нарысаў, звязаных з літаратурнымі мясцінамі Беларусі — «Дарога ў сто год» (1974), «Той курган векавечны» (1985), а таксама манаграфіі «Слова пра Сыракомлю» (1975). Суаўтар кнігі «Беларуская фалькларыстыка эпохі феадалізму» (1989) (разам з Г. Каханоўскім, Л. Малаш, 1989). Складальнік тома «Вяселле. Абрад» (1978), кнігі ўспамінаў пра З. Бядулю (з Я. Садоўскім, 1988), зборніка твораў Я. Чачота «Наваградскі замак» (1989), зборніка «Філаматы і філарэты» (1998).
Выступае ў друку з артыкуламі па культуры мовы.
З кніжным даробкам Кастуся Цвіркі можна азнаёміцца
на старонцы Інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат».
Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце» памяці Міхася Стральцова праходзіць у Вільні 13-16 лютага. Праграму фестывалю глядзіце па спасылцы.
Рыгор Сапежынскі, budzma. org