- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Справа 3485-ці. Хронікі знікнення Супрацоўнікі рэдакцыі «Нашай Нівы» добра ведаюць: чытачы ў газеты пільныя! І не проста пільныя, а звышпільныя, ды яшчэ ў вялікай колькасці. Асабліва яскрава чытацкая пільнасць выяўляецца ў моманты запланаваных нявыхадаў «НН»: колькі ні пішы ў папярэднім нумары пра вымушаны перапынак у працы, а як мінімум дзесятак поўных хвалявання тэлефанаванняў з пытаннямі, што здарылася і чаму няма газеты, нам гарантаваныя. Часцей за ўсё з такімі пытаннямі ў рэдакцыю звяртаюцца сталыя падпісчыкі выдання. Таму, калі пасля выхаду ў свет 25-га нумара «НН» ад 7 ліпеня ў рэдакцыю пачалі масава звяртацца чытачы, што звычайна набываюць газету ў шапіках, але тут у продажы не знайшлі, адразу пачала расці трывога. Яна толькі ўзмацнілася, калі тэлефанаванні чытачоў працягнуліся і ў наступныя дні. Звычайна ў Мінску газета трапляе ў продаж у сераду па абедзе, у рэгіёнах — у чацвер. А тут хутка пятніца, а «НН» няма не тое што ў Магілёве, — яе ўсё яшчэ не дакупіцца ў сталіцы! І гэта пры тым, што нават у выпадку тэхналагічнага збою газета павінна ісці ў распаўсюд у дзень друку ўсяго на некалькі гадзін пазней. А ў тую сераду, 7 ліпеня, усё прайшло, як звычайна: макет нумара згодна з графікам трапіў у друкарню, газету надрукавалі. Частка накладу накіравалася ў экспедыцыю «Белпошты», каб у хуткім часе адправіцца па адрасах падпісчыкаў (адзначым, што падпісчыкі той нумар атрымалі своечасова і без аніякіх праблем), а 3485 асобнікаў «НН» адгрузілі на аптовы склад «Белсаюздруку».