- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Чума выбараў. Выбары — чорны час для беларускіх СМІ. Болей чарнаты ў дзяржаўных медыях: паліваюць брудам палітычных сапернікаў дзейнай улады. Недзяржаўныя ж брэнды проста выкошваюць. Яшчэ не залаплены прабоіны кампаніі-2006, калі шмат якія перыёдыкі павыкідвалі з кіёскаў ды каталогаў. Мядовы месяц у дачыненнях афіцыйнага Мінска з Еўропай спрычыніўся да «рэабілітацыі» некалькіх газет, але не болей. Адны выданні проста не выплылі, іншыя — ліпяць на саматужным распаўсюдзе. Найвальней пачуваецца журналіст у інтэрнеце. Тут, калі хочаце, быў пастаўлены эксперымент амаль што ў чыстым выглядзе. Без дыскрымінацыі незалежная журналістыка — параўнайце наведванне сайтаў — кладзе на лапаткі дзяржаўную. Што да папяровай прэсы, дык супраць яе маецца даўно заточаны арсенал: ад «гарчычнікаў» і штрафаў да забароны на друк. А тут паспрабуй укусі! Красамоўная ілюстрацыя: калі ўвосень летась ляпілі папярэджанні за «свіны грып», дык пад раздачу патрапілі газеты. Хаця найболей раскручвалі непрыемную для ўладаў тэму акурат на сайтах. Але ж сайты ў нас не рэгіструюцца. Пакуль што. Зараз гэты прагал вырашылі ліквідаваць. Сутнасць нашумелага ўказа аб рэгуляванні Сеціва — татальнае ліцэнзаванне. Рэсурсаў, правайдэраў, інтэрнет-медый і нават персанальнага доступу (у інтэрнет-кавярню цяпер без пашпарта не сунешся).