- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У абцугах спецаперацыі Сёння, калі ўжо асеў пыл пасля нашумелых ператрусаў 27 сакавіка, не шкодзіць спакойна асэнсаваць: а што ж гэта было? І чаго чакаць? І што рабіць? Патрапілі пад раздачу Літаральна праз пару гадзінаў, калі мазаіка трывожных паведамленняў з розных куткоў краіны склалася ў пэўны малюнак, стала відавочна: гэта спланаваная спецаперацыя. Удар скіраваны на карэспандэнцкую сетку «Радыё Рацыя», «Еўрапейскага радыё для Беларусі» ды (бадай, найперш) тэлеканала «Белсат». Хаця не абышлося і без славутага «лес сякуць — трэскі ляцяць»: дзе-нідзе пад мятлу трапілі зусім нечаканыя людзі. Белыя ніткі маштабнай спецаперацыі сталі бачнымі таксама ў першы дзень: у «органаў» і МЗС былі зусім розныя версіі прычынаў гэтай атакі на СМІ, што шакавала нават бітых ваўкоў айчыннай журналістыкі (прагрэсіўная міжнародная супольнасць увогуле выпала ў асадак). Супрацоўнікі спец-службаў тлумачылі свае дзеянні старой, даўно завіслай «справай «Мультклуба». Ну а прадстаўніца МЗС абгрунтавала беспрэцэдэнтнае шчыраванне «органаў» адсутнасцю ў журналістаў акрэдытацыі.