- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Працы над запісам рамана Уладзіміра Някляева «Гэй Бэн Гіном» трывалі больш за паўгода. Акторы — былыя «купалаўцы» Алег Гарбуз і Сяргей Чуб агучвалі тэкст пад пільным вокам Крысціны Дробыш. Атрымалася 28 гадзін запісу, якія цяпер даступныя бясплатна на сайце Kamunikat.org, YouTube—канале Камуніката і на шэрагу ішных пляцовак з аўдыёкнігамі.
«Гэй Бэн Гіном» гэта «Геена вогненная» альбо проста «Пекла». Гэта містычны раман пра Беларусь і беларусаў. Пра Янку Купалу. Пра ягоны лёс і таямніцу ягонай гібелі ў гатэлі «Масква». Але гэта таксама гісторыя маладога беларускага паэта Віктара Маргера — Уладзімір Някляеў не хавае аўтабіяграфічнасці гэтай сюжэтнай лініі. Як адзначыў сам аўтар, паспрабаваў зладзіць працу над памылкамі свайго жыцця і лічыць, што яму ўдалося гэта зрабіць. Філасофскія думкі, гістарычныя асобы і падзеі, рэлігія, таталітарызм і, канечне, чалавек ды ягоная роля ў гэтым усім: «Калі пачынаў, думаў, што пішу гістарычны раман, але твор атрымаўся сучасным» — адзначае Аўтар.
З выдання папяровай версіі рамана «Гэй Бэн Гіном» у 2021 годзе Фонд Kamunikat.org пачаў сваю выдавецкую дзейнасць. Першы наклад кнігі быў распрададзены падчас прэзентацыйнага туру. Менавіта тады кіраўнік Фонду Яраслаў Іванюк у адным з інтэрв’ю на пытанне, ці гэта перспектыўны праект, адказаў: «Так, гэта — на жаль — перспектыўны праект. На жаль, бо кнігі такіх мэтраў беларускай літаратуры як Някляеў павінны выдавацца ў самой Беларусі, а не ў эміграцыі».
Другое выданне рамана «Гэй Бэн Гіном» выйшла ў лютым гэтага года. Кнігу можна замовіць на сайце Kamunikat.shop
Аўдыёверсія рамана была створана для Фонду Kamunikat.org Крысцінай Дробыш, Алегам Гарбузам і Сяргеям Чубам. Музыку скампанаваў Алег Удаляеў. Запіс стаўся магчымым дзякуючы падтрымцы Міжнароднага саюзу беларускіх пісьменнікаў.
Раман мае дзве галоўныя сюжэтныя лініі. Цэнтральны герой першай – народны паэт Беларусі Янка Купала, жыццё якога абарвалася ў чэрвені 1942 года ў сталіцы савецкай імперыі ў выніку падзення ў лесвічны пралёт гатэля “Масква”. Дакументы пра смерць Купалы дагэтуль засакрэчаныя, што дае падставы для некалькіх версій, хоць большасць даследчыкаў пагаджаюцца, што гэта было арганізаванае спецслужбамі забойства.
Аднак Уладзімір Някляеў піша не дакументальнае расследванне, а раман, у якім волею аўтара забітага паэта ажыўляюць у сакрэтнай сталінскай лабараторыі. Янка Купала не толькі трапляе на ўласнае пахаванне, але і размаўляе ў высокіх крамлёўскіх кабінетах са сваімі магчымымі забойцамі, а таксама з самім Сталіным. У выніку паэт разам з аўтарам прыходзяць да высновы, што ў адносінах творцы і дэспатычнага ўладара магчымыя ўсяго два варыянты: скарыстаць ці ліквідаваць. Альбо ліквідаваць, папярэдне скарыстаўшы, што, па сутнасці, і адбылося з Янкам Купалам.
Галоўны герой другой сюжэтнай лініі рамана – малады беларускі паэт Віктар Маргер, студэнт маскоўскага Літаратурнага інстытута, які вядзе багемнае жыццё, крыху дысыдэнтствуе, але найбольш франдзіруе, што выяўляецца і ў ягонай працы качагарам. Выпадковае знаёмства, а затым інтымныя стасункі з Ганнай, дачкой аднаго з кіраўнікоў СССР, набліжаюць Магера да ўлады і нараджаюць у яго фантазіі пра магчымасць паўплываць на далейшую хаду савецкай гісторыі. У прыватнасці, малады паэт марыць пра тое, каб змясціць з пасады Леаніда Брэжнева, які ўжо стаіць на парозе старэчага маразму. Урэшце такія наіўныя летуценні прыводзяць Віктара Магера да глыбокай душэўнай драмы.
У гэтым сюжэце выразна праглядаюцца падзеі з багатай і часам супярэчлівай аўтабіяграфіі самога Уладзіміра Някляева (дарэчы, аднаго з кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 года, а затым палітвязня), што толькі падагравае цікавасць да рамана.
Абедзьве сюжэтныя лініі мудрагеліста і метафізічна пераплятаюцца. Сярод герояў з’яўляецца як найвышэйшы суддзя Ісус Хрыстос, што яшчэ больш інтрыгуе чытача.
Адна з асноўных — і надзвычай важных для сённяшняга драматычнага перыяду ў гісторыі Беларусі – высноваў, да якіх падводзіць раман «Гэй Бэн Гіном»: без асуджэння спадчыны таталітарнага сталінскага мінулага, без пакарання злачынцаў, без пакаяння гісторыя можа паўтарыцца зноў.
І ў Беларусі яна паўтараецца проста на нашых вачах, прычым (насуперак вядомаму выслоўю) паўтараецца зусім не ў выглядзе фарсу, а зноў у выглядзе трагедыі: ламае тысячы і тысячы лёсаў, забірае чалавечыя жыцці, робіць няпэўнай будучыню краіны і яе незалежнасць. Улада зноў ваюе з творцамі, зноў складаюцца спісы “крамольных” літаратараў і “крамольных” твораў.