2020-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: травень
2020-05-02 12:45
Прамінулы месяц не прынёс жаданага паляпшэньня з пандэмічнай
сытуацыяй у сьвеце і ў Беларусі. Праз што працягваецца замаруджваньне
ўсіх культурніцкіх працэсаў. Кнігавыдавецкая справа цярпіць вялікія
страты ў выніку рэзкага скарачэньня попыту на друкаваную прадукцыю.
Кнігарні апусьцелі, а некаторыя і ўвогуле зачыніліся. У Менску ўжо
некалькі тыдняў не працуе «Кніжная шафа» (на час карантыну) і зусім
зачыніліся «Сон Гоголя» і «Букашкин дом» (праз адсутнасьць пакупнікоў і
заробку).
Дадатковы нэгатыўны ўплыў на пасьпяховы шлях выданьняў у шырокі сьвет
зрабіла немагчымасьць ладзіць публічныя прэзэнтацыі новых кніг і
сустрэчы аўтараў з чытачамі. Адмененыя жывыя імпрэзы з нагоды ўручэньня
літаратурных прэміяў імя Натальлі Арсеньневай і Карласа Шэрмана.
Час каранавірусу — нядобры час для папяровай кнігі. І зусім не
паэтычны — ніводнае кнігі вершаў не чакаецца ў недзяржаўных выдавецтвах у
траўні.
«Літаратурны каляндар» зьяўляецца ў кожную першую суботу месяца.
Проза
Даніэль Кельман. «Тыль». Менск, «Янушкевіч».
Падзеі ў рамане адбываюцца ў 17 стагодзьдзі, на фоне жахаў
Трыццацігадовай вайны. Аўтар перанёс сюды ў якасьці галоўнага героя Тыля
Ўленшпігеля, вядомага блазна і бадзягу. Нягледзячы на гэта, твор гучыць
вельмі сучасна, ён напоўнены актуальнымі ўнівэрсальнымі сэнсамі.
Кельман — таленавіты і чульлівы апавядальнік. Хоць ён і піша пра
жорсткасьць сьвету і бязьлітасныя ўдары гісторыі, тон раману застаецца
лёгкім, бадзёрым і дасьціпным.
Літаратурныя аглядальнікі зазначаюць, што ў Кельмана неверагодным
чынам спалучаюцца талент і амбітнасьць — ён іранічны рэаліст;
рацыяналіст, захоплены магічнымі гульнямі і майстэрскімі
прадстаўленьнямі; сучасны чалавек, які любіць азірацца назад.
«Кельман — майстар ляканічных і неверагодных апісаньняў. У вытанчана
створаным рамане пісьменьнік спрытна вядзе чытача праз самыя жудасныя
выпрабаваньні, зьведаныя людзьмі». («The New York Times Book Review»).
Раман «Тыль» увайшоў у кароткі сьпіс Міжнароднай прэміі Букера.
Абвяшчэньне ляўрэата адбудзецца 19 траўня, а беларускае выданьне ў
перакладзе Вольгі Гронскай выйдзе раней прыблізна на тыдзень. Ні ў кога з
нашых суседзяў перакладу гэтага найцікавейшага раману пакуль няма.
Ева Вайтоўская. «Гарэзьлівы пацалунак». Менск, «Янушкевіч».
Моладзевы раман Евы Вайтоўскай (псэўданім вядомай беларускай паэткі)
«Гарэзьлівы пацалунак» — гэта 450-старонкавая чытанка пра
падлеткаў-адзінаццаціклясьнікаў.
Пра што сюжэт? Жыцьцё ціхай троечніцы Соні Сінічкі да
непазнавальнасьці зьмяняецца ў выпускным клясе ў той дзень, калі яна
прызнаецца ў каханьні найлепшаму вучню школы Максіму Статкевічу. І
пачынаецца такое…
У аснову рамана лёг сюжэт культавай японскай сэрыі мангі (коміксаў)
«Ітадзура на кіс» («Гарэзьлівы пацалунак»), якая выходзіла ў Японіі ў
1991–1999 гадах, маляваная манга—мастачкай Каору Тада (Kaoru Tada)
(1960–1999). Надзвычай папулярны коміксавы сэрыял застаўся няскончаным
праз заўчасную сьмерць аўтаркі, што не зашкодзіла яму здабыць
прыхільнікаў ва ўсім сьвеце — і ня толькі сярод аматараў мангі і анімэ
(online). Аўтарка беларускага рамана вырашыла перасяліць герояў мангі з
Токіё 1990-х у сучасны ёй Менск і паглядзець, што з гэтага атрымаецца.
І гэта толькі першы том! Спадарыня Вайтоўская абяцае хуткі працяг «Гарэзьлівага пацалунку».
Максім Кутузаў. «Porta Nigra». Менск, «Галіяфы».
Вы ўпэўненыя, што немагчыма пабачыць мінулае? Што некаторыя значныя
гістарычныя падзеі нельга аднавіць, а ісьціна гэтак і застанецца
назаўжды страчанай для чалавецтва? Так меркаваў і галоўны герой Аркадзь,
беларускі дактарант, які накіраваўся ў Эўропу, каб працягнуць сваё
навучаньне. Але тыя незвычайныя падзеі, якія раз-пораз адбываюцца з ім
падчас падарожжа, змушаюць маладога фізыка збочыць са шляху і зазірнуць
за заслону гістарычных таямніцаў. Чым гэта можа скончыцца? Здаецца, чым
заўгодна.
Porta Nigra — другі раман маладога празаіка. Зь першым —
прыгодніцка-гістарычным раманам «Князь-ваўкалак» — дваццацігадовы тады
аўтар стаў ляўрэатам міжнароднай прэміі «Эўракон-2018» .
Дакумэнталістыка
Штэфан Родэвальд. «Пра Полацкую Вэнэцыю». Менск, «Лімарыюс».
Пра Полацк напісана нямала. Але заўсёды цікавы погляд на сваю гісторыю
навукоўцаў звонку. Пазбаўленыя старых (і новых) ідэалягічных штампаў і
стэрэатыпаў, яны здольныя заўважыць нешта нечаканае і новае. Вядомы
швайцарскі гісторык Штэфан Родэвальд убачыў старажытны беларускі горад з
вышыні альпійскіх гор, сьмела параўнаўшы Полацк з Вэнэцыяй.
Але гэта ня толькі рамантычнае ўспрыманьне малавядомае ці амаль
невядомае старонкі эўрапейскае гісторыі, але і грунтоўны навуковы аналіз
падзеяў і фактаў. Дасьледаваньне швэйцарскага гісторыка прысьвечана
тысячагадовай гісторыі Полацка, якая разглядаецца ў шырокім кантэксьце
Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. У фокусе яго ўвагі формы сацыяльнай
арганізацыі і калектыўных дзеяньняў жыхароў шматэтнічнага і
поліканфэсійнага гораду, пераўтварэньні і зьявы доўгага трываньня ў
жыцьці полацкага грамадзтва ў розныя эпохі і пэрыяды яго мінулага.
Навуковы рэдактар кнігі Генадзь Сагановіч. Пераклалі на беларускую Мітрафан Патоцкі, Сяргей Паўлавіцкі і Галіна Скакун.