16 замежных унівэрсытэтаў прапанавалі дапамогу рэпрэсаваным беларускім студэнтам
2021-02-14 12:56
Прадстаўніца Сьвятланы Ціханоўскай па адукацыі Вольга Шпарага паведаміла, ў якіх замежных ВНУ адлічаныя беларускія студэнты могуць працягнуць адукацыю.
Сьпіс апублікаваў Кабінэт прадстаўнікоў Сьвятланы Ціханоўскай.
Віленскі ўнівэрсытэт да канца лютага 2021 года падаўжае прыём студэнтаў, якія не могуць працягнуць навучаньне ў Беларусі з-за перасьледу па грамадзянскіх і палітычных прычынах. Самыя таленавітыя студэнты атрымаюць стыпэндыю ў памеры € 300 у месяц на працягу першага года навучаньня.
Унівэрсытэт Віадрына у ФРГ (Франкфурт-на-Одэры) адкрывае спэцыяльную праграму для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў, якія ведаюць нямецкую мову: бакаляўрыят па эканоміцы і культуралёгіі і магістратуру па некалькіх спецыяльнасьцях. Дэдлайн падачы заявак — 15 лютага.
У рамках ініцыятывы «Салідарнасьць зь Беларусьсю» Польскае нацыянальнае агенцтва акадэмічных абменаў абвясьціла 150 стыпэндый студэнтам, 25 — навукоўцам і 15 — рэпрэсаваным выкладчыкам.
11 унівэрсытэтаў у Чэхіі адкрылі спэцыяльныя стыпэндыяльныя праграмы для беларускіх студэнтаў з верасьня 2021 года.
Ковенскі ўнівэрсытэт імя Вітаўта Вялікага вылучае 50 стыпэндый для беларускіх студэнтаў, якія былі вымушаныя пакінуць краіну або не могуць працягнуць навучаньне ў Беларусі з-за перасьледу па грамадзянскіх і палітычных прычынах.
Сумленны унівэрсытэт і BeSSa падаюць акадэмічную, юрыдычную і матэрыяльную дапамогу.