12 папяровых выданняў, 20 аўдыёбукаў і больш за 50 сустрэчаў. Вынікі году ад Фонду Kamunikat.org
2024-12-30 16:50
Гэта быў найбольш актыўны год у дзейнасці Фонду Kamunikat.org! У 2024 годзе мы выдалі 12 папяровых кніг, 20 аўдыёбукаў і зладзілі больш за 50 сустрэчаў у розных эўрапейскіх краінах. Важнай падзеяй для нас было таксама адкыццё інтэрнэт-крамы Kamunikat.shop.
Мы скончылі год так, як і пачыналі, – кнігай з серыі
„Бібліятэка Бацькашушчыны”.
“Янка Запруднік” — фаліянт з серыі “Людзі эміграцыі”, запачаткаванай Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва ды Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Гэтая кніга з біяграфічным нарысам, успамінамі дачкі Веры, сяброў і знаёмых і ўласнымі тэкстамі Янкі Запрудніка стала 50-ым юбілейным выданнем серыі „Бібліятэка Бацькашушчыны”!
Аўтарскія сустрэчы з
Уладзімірам Арловым, падчас якіх прэзентаваліся выдадзеныя Фондам Kamunikat.org ягоныя кнігі, прайшлі ў 11 краінах!
Найперш у сакавіку ў краінах Балтыі (Літва, Латвія, Эстонія і Фінландыя) прайшоў тур пад лёзунгам „Насустрач Дню Волі з Уладзімірам Арловым”. У сустрэчах з беларусамі ў гэтых краінах дадаткова ўдзельнічаў музыка Раман Арлоў. Гэта была таксама нагода, каб распавесці пра Бібліятэку і Фонд Kamunikat.org.
У чэрвені 2024 году
Фонд Kamunikat.org далучыўся да сьвяткавання юбілею 100-годдзя
Васіля Быкава, выдаючы кнігу з дзвюма аповесцямі гэтага выдатнага беларускага пісьменніка -
„Бліндаж” і „Афганец”. Разам з нашымі партнёрамі мы таксама правялі ў Беластоку, Гданьску, Лодзі і Варшаве вечарыны, прысьвечаныя памяці Васіля Быкава.
Кастрычнік – гэта „Літаратурны тур пяці сталіцаў!”, калі разам з Уладзімірам Арловым мы правялі цыкль сустрэчаў „Беларусь, якую узялі мы з сабой...” у Вільні, Стакгольме, Осла, Капенгагене, Берліне і Познані… А ў сьнежні разам з беларусамі Бельгіі і Галяндыі адзначылі ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну.
Нашыя кнігі былі шырока прастаўлены на шматлікіх кніжных кірмашах у Польшчы (Беласток, Катавіцы, Варшава). Мы наведалі Фэстываль імя Міхася Стральцова ў Вільні ды Фэстываль беларускай інтэлектуальнай кнігі „Прадмова” у Вільні, Берліне, Варшаве і Познані. Удзельнічалі у “Гучнафэсце” ў Варшаве, Фэстывалі Абуджаных Тутака ў Гарадку ды ў Вялікім беларускім пікніку „Летуцень” у Кракаве.
Мы запісалі таксама кнігу Валянціна Акудовіча „Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым” (агучка Змітра Бартосіка), якая ў 2024 годзе атрымала прэмію Гедройца як найлепшая беларуская кніга году. Уладзімір Арлоў зрабіў аўтарскі запіс сваёй выбранай эсэістыкі, якая раней выйшла ў нас разам з папяровай кнігай „Незалежнасьць — гэта...” Гэта своеасаблівая машына часу, якая дазволіць вам здзейсніць дзясяткі падарожжаў, нязменна аб’яднаных пошукамі Беларусі і – непаўторным сакавіта-грубаватым арлоўскім гумарам.
Разам за 12 месяцаў мы запісалі і аддалі ў свабоднае карыстанне амаль 150 гадзін беларускай літаратуры! Цяпер усе нашы 55 аўдыябукаў на YT-канале вы не праслухаеце нават за два тыдні!
Як і раней, мы актыўна папаўнялі рэсурсы Беларускай Інтэрнэт Бібліятэкі Kamunikat.org. За апошнія 12 месяцаў на сайт было дададзена больш за 6700 публікацыяў!!! Гэта рэкорд, калі узяць пад увагу увесь час нашай дзейнасьці ад 2000 году! На дадзены момант на сайце маецца амаль 64 000 розных беларускіх публікацыяў.
Дададзеныя ў 2024 годзе публікацыі - гэта ў асноўным
адлічбаваныя перыядычныя выданні. Сярод іх архіўныя нумары газетаў “Народная Воля”, “Ніва”, “Народная газета”, “Белорусская деловая газета”, “Беларускі час”, “Биржа информации”, “Салідарнасць”, “Рабочы”, “Голас Радзімы”, “Белорусская нива”, “Звязда”, “Добры вечар”, “Рэспубліка”, “Мінская праўда”, “Белорусская Газета”, “На страже”, тыднёвікаў “Культура”, “Літаратура і мастацтва”, часопісаў “Спадчына” і “Маладосць”. Не малое месца займаюць таксама і рэгіянальныя выданні: “Брестский курьер”, “Газета для вас”, “Інтэx-Прэсс”, “Вольнае Глыбокае” ці “Вечерний Столин”.
Сярод дададзеных у 2024 годзе публікацыяў было 20 аўдыякніг і больш за сотню кніг у фармаце PDF ці ePub. Сярод аўтараў: Алег Гардзіенка,
Адам Глобус, Уладзімер Глыбінны, Надзея Дземідовіч, Андрэй Катлярчук,
Марыя Мартысевіч,
Зянон Пазьняк, Юры Рой,
Андрэй Сцепанюк, Мікола Хаўстовіч,
Ціхан Чарнякевіч і іншыя.
Варта заўважыць і тое, што на працягу году наведвальнікі Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org загрузілі з сайту больш за адзін мільён дзьвесце тысяч файлаў!!!
Нашу дзейнасць ацаніла Рада Беларускай Народнай Рэспублікі. 25 сакавіка, у гадавіну абвяшчэння незалежнасці БНР старшыня Рады Івонка Сурвіла адзначыла кіраўніка Фонду Kamunikat.org Яраслава Іванюка Медалём Ордэна Пагоні за ўнёсак у беларускую культуру.
Напрыканцы 2024 году беларускія незалежныя выдаўцы, сярод якіх і кіраўнік Фонду Яраслаў Іванюк, атрымалі сімбалічную прэмію беларускай рэдакцыі Радыё Свабода „Людзі Свабоды 2024”.
Дзякуй за давер! Будзем і надалей імкнуцца задаволіць Вашыя чаканні, адначасова рыхтуючыся да адзначэння юбілею - 25-годдзя Беларускай Інтэрнэт-Бібліятэкі Kamunikat.org!!!
Калі лічыце, што варта нас падтрымаць, зрабіце данат на статутную дзейнасьць Фонду:
Fundacja Kamunikat.org
ul. Proletariacka 11
15-449 Białystok
POLAND
PLN 35 1140 2004 0000 3702 7773 7744
EURO 24 1140 2004 0000 3712 1916 3100
USD 46 1140 2004 0000 3912 0700 1425
IBAN PL
SWIFT: BREXPLPWMBK
з пазнакай: „на статутную дзейнасьць Фонду”.
За любую падтрымку будзем вельмі ўдзячныя і абяцаем выкарыстаць яе на карысць Беларусі!