100 найлепшых кніг 2024 году: выбар Bellit.info
2024-12-27 17:37
Сёлета можна і варта працягнуць традыцыю, якую наш сайт запачаткаваў у 2023 годзе: паглядзець на кнігі, пра якія мы пісалі цягам усіх прамінулых дванаццаці месяцаў, і выбраць з іх найлепшыя, знакавыя і проста цікавыя кожнаму чытачу. Усе чытачы розныя, таму мы пастараемся ўлічыць густы адразу некалькіх аўдыторый — і аматараў паэзіі і прозы, перакладаў ці нонфікшна.
Вядома, далёка не ўсе выдадзеныя ў Беларусі і па-за яе межамі кнігі ўвойдуць у нашы рэйтынгі. Выдаецца нямала, нават сотні найлепшых назваў будзе недастаткова, што, у цэлым, хутчэй станоўчы момант, чым адмоўны. Тым не менш, аб’ёмную карціну і агульнае ўяўленне, як мы спадзяемся, можна будзе атрымаць. Акрамя таго, пра кожную кнігу вы можаце пачытаць падрабязней, клікнуўшы па спасылцы ў спісе. Мы сёлета пісалі фактычна пра ўсе згаданыя знакавыя кнігі.
ПАЭЗІЯ
Магчыма, паэзія — асноўны род літаратуры. Некаторыя старыя даследчыкі эстэтыкі наўпрост так і казалі, што з паэзіі ўсё пачынаецца ў слоўным мастацтве. Сцвярджэннне гэтае, вядома, не бясспрэчнае, але ў той жа час усім ясна, што ў паэзіі адбываецца штосьці асаблівае, адмысловае, мова ў ёй інакшая за паўсядзённую, вельмі часта эксперыментальная, інтуітыўная. Таму і наш рэйтынг пачнецца менавіта з паэтычных кніг. Сярод іх адзначым зборнік Сяргея Прылуцкага “Нічога нястрашнага”: вершы-ўражанні ад пачатку паўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, ад расейскай акупацыі Бучы, вершы-сведчанні і вершы-ўспаміны. Нечаканай, унікальнай і вельмі сімпатычнай бачыцца кніга Фелікса Баторына, дзе ўпершыню за шмат гадоў надрукаваныя вершы на ідыш. Пасля вялізнага перапынку выйшлі новыя кнігі выдатных паэтак Святланы Бень, Веры Бурлак, Наталлі Кучмель, Таццяны Нядбай, і гэта выдатныя кнігі. Яркае выбранае Усевалада Сцебуракі ўсцешыла многіх прыхільнікаў яго таленту, а па-мастацку аформлены зборнік Уладзіміра Някляева нагадаў пра часы “Прошчы”, калі прадказваліся і прадчуваліся ў вершах падзеі трагічнай будучыні. Нарэшце, унікальным выданнем напрыканцы года сталіся вершы для оперы “Дзікае паляванне караля Стаха” Андрэя Хадановіча: дыялог з Караткевічам і самай гарачай сучаснасцю.
Раман Абрамчук. Вершы для храмаў, сіза, ічу.
Славамір Адамовіч. Адрэналін.
Міхал Бараноўскі. Volumen.3.
Фелікс Баторын. Дзве мовы аднае душы.
Света Бень. Из ямки земляной.
Вера Бурлак. Амаль.
Вольга Гапеева. Пад асобнымі коўдрамі.
Уладзімір Глазаў. Показания барометра.
Аксана Данільчык. Час знешняй адсутнасці.
Віктар Жыбуль. Аранжавы.
Анатоль Івашчанка. Непрамо(ў)ленае.
Ігар Кулікоў. Бяс Край.
Наталля Кучмель. Залатое.
Таццяна Нядбай. Там, за сцяной.
Уладзімір Някляеў. Без Айчыны.
Сяргей Прылуцкі. Нічога нястрашнага.
Сяргей Прылуцкі. Гіброіды.
Усевалад Сцебурака. Беларускія зоркі.
Сяржук Сыс. Дом.
Андрэй Хадановіч. Дзікае паляванне караля Стаха. Вершы да оперы.
ПРОЗА
Проза і эсэістыка – тыя жанры, якія вызначаюць літаратурную думку, яны, як правіла, і ўспрымаюцца беспасярэдне літаратурай як такой. На жаль, у апошнія гады мы бачым дастаткова ясны крызіс у гэтым раздзеле. Безумоўна, кнігі з’яўляюцца, але іх не так шмат, як хацелася б: напісаць раман ці прыдумаць аповесць, зборнік апавяданняў у час, калі загружаныя інфармацыяй людзі найчасцей думаюць і адгукаюцца на зусім хуткія, бягучыя, актуальныя справы, не так і проста. Магчыма, гэта найбольш уразлівы пласт беларускай літаратуры, які, у той жа час, змушаны канкураваць з сур’ёзнымі замежнымі кніжкамі, якіх з’яўляецца шмат.
Як і летась, адзначым самаахвярную працу Альгерда Бахарэвіча, што выдаў сёлета дзве арыгінальныя кнігі (не ўлічваючы перавыдання рамана “Дзеці Аліндаркі”) і годна прадстаўляў беларускую прозу за мяжой на шматлікіх імпрэзах і фестывалях. У Беларусі выйшла дзве новыя кнігі апавяданняў Вінцэся Мудрова, якога чытачы любяць за натуральнасць мовы і займальны іранічны стыль. Патрыярх эсэістыкі Сяргей Дубавец пацешыў беларусаў дзвюма кнігамі мемуарна-рэтраспектыўнага жанру: аўтабіяграфіяй і зборнікам эсэ мінулых часоў. Лірычныя і медытатыўныя фрэскі Барыса Пятровіча, хочацца верыць, знайшлі ўдзячнага ўдумлівага чытача. З працягаў варта згадаць кнігу Анкі Упалы, якая доўжыць шведскую гісторыю, пачатую ў рамане “На заснежаны востраў”. Актуальныя імпрэсіі і экспрэсіі 2020-х з прызмы Н’ю-Ёрку прадставіла Таццяна Заміроўская, кніга якой выйшла ў выдавецтве “Мяне Няма” на расейскай мове. З іншага кута эміграцыйнай планеты, з Новай Зеландыі, адгукнулася заходнепалескай кнігай Голя з Ополя. Хочацца вылучыць асабліва квір-кнігу прозы, эсэ і перакладаў Насты Манцэвіч – бязлітасна шчырую, адважную, яркую, нібы напоўненую вострымі лёзамі, аб якія немагчыма не параніцца. Так ці інакш – аматарам прозы сёлета ёсць, што пачытаць.
Валянцін Акудовіч. Шолах моўчы.
Альгерд Бахарэвіч. Капітан Лятучая Рыба; Папяровы голем.
Валер Гапееў. Вольнеры. Бясконцы дзень.
Голя з Ополя. Мое баба – діректор морга.
Зміцер Дзядзенка. Гульні Цырцэі.
Сяргей Дубавец. Стагодзьдзе НН.
Сяргей Дубавец. Занзібар. Сталенне маладой душы.
Татьяна Замировская. Эвридика, проверь, выключила ли ты газ.
Сяргей Календа. Стрыжэ і піша.
Ганна Комар. “Калі я выйду на волю”.
Наста Манцэвіч. Цела таксама архіў.
Вінцэсь Мудроў. Yesterday. Вінцэсь Мудроў. Нафтаград.
Барыс Пятровіч. Ад жыцця прачнуцца…
Платон Станкевіч. Незваротнасць.
Анка Упала. Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў.
ПЕРАКЛАДЫ
Найбольш у 2024 годзе незалежныя выдаўцы выпусцілі кніг перакладных. І гэта абсалютна натуральна. Так у кожнай краіне, беларусы зусім не выключэнне. Далёка не ўсе перакладныя кнгі мы змясцілі ў наш топ-100, можна было б згадаць яшчэ добры дзясятак выдатных тэкстаў, а мо і больш. Некаторыя важныя рэчы мы не змаглі адшукаць у доступе і продажы (напрыклад, кнігі, што друкуе ініцыятыва выдавецтва Gutenberg па выпуску польскай літаратуры – Рышарда Капусцінскага, Чэслава Мілаша і інш.). Серыя “Галерэя чалавечай думкі” выдала шэраг класічных філасофскіх тэкстаў, з якіх мы згадалі не ўсе.
Бадай што, 2024-ы можна назваць годам эпасу ў перакладзе. Выхад “Іліяды” Гамэра, казання пра Гільгамеша, эпасу мая “Попаль-Вух” (усё ў перастварэнні Лявона Баршчэўскага), кнігі скандынаўскіх і прымкнулых да іх ісландскіх тэкстаў, казкі Бразіліі, і ўрэшце завяршэнне выдання “Валадара пярсцёнкаў” Толкіна ў перакладзе Кулікова – сёлета пра даўні свет планеты Зямля і Міжзем’я беларусы могуць начытацца ад душы. Радуе з’яўленне двух яркіх літоўскіх раманаў па-беларуску, бо літоўская планета ўсё яшчэ далёкая ад глобусу Беларусі. Акрамя раману Кунчынаса, Сяргей Шупа сёлета парадаваў і доўгачаканым раманам Мойшэ Кульбака пра міжваенны Менск. Нямала выйшла лёгкіх чытэльных кніжак – Стывена Кінга, Сашы Філіпенкі, Яраслава Гжэндовіча, Агаты Крысці, Рэмарка, Эндзі Ўіра – жанравыя рэчы заўжды мусяць быць у доступе і ў добрым попыце. З вершаў асобна адзначым кнігу тэкстаў Машы Калека і анталогію найноўшай украінскай паэзіі “Пра словы і цішыню між імі”.
Хасэ Артэга-і-Гасэт. Эцюды пра любоў і каханне.
Мельхіёр Ваньковіч. Шчанячыя гады.
Гамэр. Іліяда.
Яраслаў Гжэндовіч. Гаспадар ледзянога саду. Том ІІІ.
Тадэвуш Далэнга-Мастовіч. Кар’ера Мікадзіма Дызмы.
Лінэ Нагель Ільвісокер. Мой свет растае.
Маша Калека. Ніхто не чакае.
Стывен Кінг. Ззянне.
Агата Крысці. Забойства ва Усходнім экспрэсе.
Масей Кульбак. Зэлменяне.
Віргінія Кульвінскайце. Як я была малалеткай.
Юргіс Кунчынас. Туўла.
Фрыдрых Ніцшэ. Ecce Homo.
Попаль-Вух: Эпас народа мая.
“Пра словы і цішыню між імі”.
Станіслаў Ракус. Нататкі ў плыні часу.
Эрых Марыя Рэмарк. Тры таварышы.
Сага пра Хэйвёр і Хэрдрэка.
Дж. Р. Толкін. Валадар пярсцёнкаў. Дзве вежы. Вяртанне караля.
Эндзі Ўір. Марсіянін.
Саша Філіпенка. “Былы сын”, “Крэмулятар”.
Віктар Франкль. Сказаць жыццю так. Псіхолаг у канцлагеры.
Роберт Фрост. Выбраныя вершы.
Поль Элюар. Каханне паэзія.
Эпас пра Гільгамеша.
Гагар Янай. Скрадальнік лекаў.
НАВУКА і НОНФІКШН
Як і штогод, нямала выйшла файнай навуковай і навукова-папулярнай літаратуры. Асноўную яе частку выдавалі ў Беларусі, гэта больш за палову кніг раздзела. Тлумачыцца такая з’ява тым, што навуковая літаратура па-ранейшаму падтрымліваецца дзяржаўным кнігавыдавецкім сегментам і з’яўляецца прасторай, у якой яшчэ магчыма здзяйсняць культурніцкія праекты. Безумоўна, у гэтай сферы выходзяць кнігі дастаткова адстароненыя ад сучаснай прапаганды, таму яны не судакранаюцца з палітычнымі чыннікамі. Сітуацыю ў менскім кнігавыданні навукова-папулярнай літаратуры можна назваць выкарыстаннем практык кансервацыі, калі культура і гісторыя разглядаюцца як бяспечныя толькі ў рэтраспектыўным гледзішчы.
З унікальных навуковых і мемуарных выданняў, якімі беларусы сёлета сапраўды, без жартаў, узбагаціліся, варта адзначыць энцыклапедычны даведнік “Кніга могілак. Беларускія пахаванні за мяжой” Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча, “Слоўнік беларускіх псеўданімаў і крыптанімаў” Янкі Саламевіча, кнігу ўспамінаў пра Алеся Разанава “Праз сябе да Сусвету”, “Савецкую Беларусь” пад рэдакцыяй Міхася Чарота” аўтарства Ганны Севярынец і выданне альбому Вацлава Ластоўскага з архіву беларускай бібліятэкі імя Ф. Скарыны ў Лондане.
Бел-чырвона-белы. Сцяг-нацыя-ідэнтычнасць.
Алесь Белы. Самы цымус.
Вандроўнік. Дарогамі Міколы Купрэева.
Наталля Гардзіенка, Лявон Юрэвіч. Кніга могілак.Аляксандр Гужалоўскі. У светлую будучыню. Беларускае грамадства эпохі “адлігі” (1953-1968).
Мая мама ў турме.
Праз сябе – да Сусвету. Кніга пра Алеся Разанава.
Ольга Романова. Другая история советского белорусского кино.
Янка Саламевіч. Беларускія псеўданімы і крыптанімы (XVI–XX стст.).
Ганна Севярынец. “Савецкая Беларусь” пад рэдакцыяй Міхася Чарота.
Экспедыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 года.
Сяргей Чыгрын. Рэпатрыяцыя.
Вадзім Шклярык. Як гавораць беларусы?
Татьяна Щитцова. Солидарность потрясённых.
ПЕРАВЫДАННІ
Акрамя таго, што выдаецца новага, заўжды добра адзначыць тое, што выдаецца наноў. То бок стала запатрабаваным і важным. Вядома, даволі заўважнымі ў 2024 годзе былі перавыданні класікі, гэта з’ява звычайная. Да 100-годдзя Васіля Быкава выйшла дзве кнігі аповесцяў, працягваў выдавацца збор твораў Чорнага, выйшаў збор твораў Чыгрынава, з сучасных аўтараў перавыдаваліся тэксты Змітра Бартосіка, Вольгі Бабковай, Алега Латышонка. Наш спіс больш прысвечаны кнігам, дзе чытач пабачыць поруч з вядомым тэкстам і нешта новае, спецыяльна дададзенае да новай кнігі. Гэтак, перавыданне “Авантурніка Сімпліцысімуса” Грымельсгаўзэна, перакладу Васіля Сёмухі, рыхтавалася і рэдагавалася ім ледзь не да апошніх дзён, а напачатку кнігі ёсць класная аналітычная прадмова Галіны Сінілы. Шмат што цікавага знойдзецца ў кнізе Міхала Анемпадыстава, з павагай укладзенай. Кніга пра гурт “Нейра Дзюбель” ад Паўла Валатовіча і Аляксея Кавалёва выдадзена проста шыкоўна, з рэдкімі здымкамі, класным дызайнам, спасылкамі на відэапублікацыі. У цалкам новым афармленні Лізы Лянкевіч выйшаў “Шляхціц Завальня” Яна Баршчэўскага, цікава пададзены і старажытны “Дзіцячы спеўнік” Антона Грыневіча. Дзве апошнія кнігі былі хутчэй скіраваныя на дзяцей, таму афармленню надавалася падкрэсленая ўвага.
Міхал Анемпадыстаў. Ці помніш ты.
Ян Баршчэўскі. Шляхціц Завальня.
Алег Бембель. Роднае слова і маральна-эстэтычны прагрэс.
Павел Волотович. Алексей Ковалев. Огромная тень дождевого червя.
Ганс Грымэльсгаўзэн. Авантурнік Сімпліцысімус.
Антон Грыневіч. Дзіцячы спеўнік.
Максім Знак. Зэкамерон.
Уладзімір Караткевіч. Ладдзя Роспачы.
Гальяш Леўчык. Божая ліра.
Іван Чыгрынаў. Збор твораў у пяці тамах.
ДЗІЦЯЧАЯ
У дзіцячай літаратуры 2024 года большая частка кніг выдадзеная беларускімі аўтарамі, траціна кніг – пераклады. Падлеткавай літаратуры, як і летась, вельмі мала. Наагул добрых дзіцячых кніг пакуль што выходзіць менш, чым хацелася б. Гэта абумоўлена тым, што прыватным замежным выдаўцам складана выдаваць такія кнігі праз дарагавізну паперы і друку, праз немагчымасць замовіць і аплаціць якасныя ілюстрацыі ў мастакоў. У той жа час замежная падтрымка дзіцячай кнігі на беларускай мове сёлета заўважна невялікая, таму перакладных кніг дастаткова мала. Безумоўна, перавазе арыгінальных аўтараў і аўтарак можна ўзрадавацца, але калі розніцу можна пералічыць на пальцах рук, гэта хутчэй гаворыць пра крызіс. Відавочна, што ў дзіцячую літаратуру варта ўкладацца болей — больш сістэмна, больш якасна. Яркіх мастакоў і ілюстратараў мы маем нямала, а пра замежныя цэнтры дзіцячай літаратуры (Скандынавію, Балтыю) і гаворкі няма. Бракуе тут, як заўсёды, грошай, і тое, што сёлета было зроблена, створана на мяжы магчымасцяў: і аўтарам, і мастакам, і выдавецтвам можна толькі падзякаваць.
Радасна было ўбачыць з’яўленне сярод аўтараў Аляксандра Ждановіча, асобы вядомай многім беларускім дзецям і бацькам. Вельмі мілыя з’явіліся і кнігі пра нячысцікаў. Як заўжды, плённа працавала Надзея Ясмінска, асабліва варта звярнуць увагу на працяг сагі пра Мешу: мастачка Кацярына Дубовік і выдавецтва “Папуры” стварылі сапраўды магічны свет, у якім можна патануць, гадзінамі разглядаючы дэталі і самыя дробныя нюансы. З перакладных класічных кніг абавязкова трэба пазначыць “Чараўніка краіны Оз” у перакладзе Сяржа Мядзведзева і афармленні Дубовік. Для самых маленькіх працягвае працаваць Андрэй Скурко, які і летась парадаваў выдатнымі дзіцячымі кніжкамі. Яшчэ адзін працяг — новая серыя пра ката Шпрота ад Ганны Янкуты і Лілі Давыдоўскай. У young adult, жанры досыць слаба распрацаваным у беларускай літаратуры, з’явілася новае яркае імя — Саша Гук, маналог дзяўчыны-падлетка, якая перажывае падзеі 2020 году праз вельмі асабістую гісторыю.
Артур Басак, Аліна Длатоўская. Беларускія нячысцікі. Ч.1 Лясныя. Ч.2. Водныя і балотныя.
Фрэнк Баўм. Чараўнік краіны Оз.
Алег Груздзіловіч. Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы.
Саша Гук. Соня, стой!
Аляксандр Ждановіч. Ровар Байсік і згублены званочак. Аляксандр Ждановіч. Бяздомны дом.
Сюзанна Ізерн. Лісяня кажа няпраўду. Яноцік хоча быць першым. Вавёрачка не ўмее казаць «не».
Мае цудоўныя гісторыі на добры сон.
Карнэль Макушынскі. Д’ябал з сёмага класа.
Элінор Х. Портэр. Паліяна.
Святлана Рабава. Юлія Шчыгал. Вер у сябе. Святлана Рабава. Ірына Кушчанка. Каго любіць мама.
Любоў Сівурава. Наталля Сухая. Робіць Янка выцінанку.
Андрэй Скурко. “Стукі-грукі — што за гукі: вершы пра інструменты”.
Мечыслаў Ян Супрон. Залатое зерне.
Ганна Янкута. Ліля Давыдоўская. Кот Шпрот і вежавы гадзіннік.
Надзея Ясмінска. Кацярына Дубовік. Як Меша знайшоў хвост.
Можна толькі нагадаць, што ў сваім спісе рэкамендацый наш сайт гаварыў толькі пра папяровыя кнігі, бо гутарка пра аўдыялітаратуру, якая сёлета развівалася вельмі бурліва, магла б заняць гэтулькі ж аб’ёму, калі не больш. На тэатральнай сцэне ішлі спектаклі па творах беларускіх пісьменнікаў і пісьменніц, выходзілі пераклады на самых розных мовах, ладзіліся фестывалі і кніжныя кірмашы, адукацыйныя праекты ў літаратуры для пачаткоўцаў, для школьнікаў, для дарослых, з’яўляліся падкасты і відэаблогі, альманахі і часопісы, песні на тэксты беларускіх паэтаў. Літаратура заўважная, патрэбная, бачная частка культуры 2024 году, у ёй і для яе працуюць сотні крэатыўных яркіх людзей, і гэта нельга адмаўляць, немагчыма закрэсліць. Літаратура не толькі выжывае, яна жыве поўным жыццём. З гэтым усведамленнем пераходзім мы ў наступны год. А мяркуючы з анонсаў, ён ужо рыхтуе нам нямала цікавага. Застаецца толькі планаваць пакупкі і падтрымліваць гэтую добрую справу далей.