10 траўня – дзень нараджэння Янкі Маўра
2020-05-10 18:17
10 траўня дзень нараджэння Янкі Маўра — родапачынальніка жанру фантастыкі ў нашай літаратуры.
Пісьменнік актыўна карыстаўся штучнай мовай эсперанта. Пра гэтае захапленне свайго дзеда распавядае ўнучка Марыя Міцкевіч:
– Ужо ў 26-м годзе Янка Маўр вёў курсы эсперанта па радыё. Вельмі папулярная была гэтая штучная мова эсперанта. Нават пры БДУ гурток эсперанта налічваў каля 80 чалавек. І Марк вёў на рабфаку БДУ курс эсперанта. І яму дапамагала і ў літаратурнай творчасці гэтая мова. Прыгодніцкі раман для дзяцей “Амок” быў створаны на падставе матэрыялаў рэальных, атрыманых ад эсперантыстаў на востраве Ява.
Штучную мову для міжнацыянальных зносін стварыў нараджэнец Беластока Людвіг Лазар Заменгоф. На мове эсперанта існуе вялікі корпус арыгінальнай мастацкай літаратуры, на яе перакладзены творы сусветнай класікі.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск