Зянон Пазьняк: Беларускамоўнага ўніверсітэта не будзе, пакуль будзе гэты рэжым

Зянон Пазьняк: Беларускамоўнага ўніверсітэта не будзе, пакуль будзе гэты рэжым


Старшыня Кансерватыўна-Хрысціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк лічыць, што кіроўны ў Беларусі рэжым будзе перашкаджаць паўнавартаснай працы прыватнага Універсітэта імя Гілевіча.

Палітык у інтэрв’ю нашаму радыё заявіў, што цяперашнія ўлады цалкам перанялі савецкую палітыку знішчэння ўсяго нацыянальнага, разбурэнне цэласнай сістэмы адукацыі на роднай мове.

Пакуль улады нешта абяцаюць, але затым будуць замінаць універсітэту, лічыць Зянон Пазьняк.

– Гэта як з памятнай дошкай пра 100-годдзе БНР. Пачатковую школу, сярэднюю – на адной мове, а далей усё. Уявіце сабе, чалавек ідзе на матэматычны факультэт. Там жа зусім другая тэрміналогія. Там немагчыма ўключыцца, прагматызм будзе браць верх, чалавек мусіць неяк сацыяльна ўладкавацца.

Цяперашняе кіраўніцтва краіны стварае ўсе ўмовы дзеля таго, каб усё новыя і новыя пакаленні беларусаў на сваёй роднай зямлі вучыліся па-расейску, кажа Зянон Пазьняк. Гэтаксама, як было і пры камуністах.

– За Саветамі, там дзе толькі нейкія маленечкія праклюнуліся патрабаванні ўвесці беларускі ўніверсітэт ці мову, як гэта было ў 1961 годзе, студэнтаў тут жа схапілі, тут жа павыкідвалі. Гэта важнейшая мадэль акупацыі – разарваць адзіную сістэму адукацыі, і тады людзі самі будуць адмаўляцца ад нацыянальнай школы. Мая думка такая – гэтага ўніверсітэта не будзе, пакуль будзе гэты рэжым.

У сваю чаргу, выканаўца абавязкаў рэктара Універсітэта імя Гілевіча Алег Трусаў лічыць, што зараз асноўная задача тых, хто працуе над стварэннем навучальных праграмаў першай цалкам беларускамоўнай ВНУ, — падрыхтаваць усё неабходнае для запуску ўніверсітэта. І тады нават пры нейкіх праблемах з боку цяперашніх уладаў вышэйшая навучальная ўстанова з беларускай мовай навучання будзе цалкам гатовая да працы.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя