6 тыс. гасьцей кангрэсу Impact'18 абмяркоўвае пытаньне інавацыйнасьці

6 тыс. гасьцей кангрэсу Impact'18 абмяркоўвае пытаньне інавацыйнасьці


У Кракаў зьехаліся навукоўцы, бізнэсмэны і палітыкі з самых розных куткоў сьвету.
 
У Кракаве пачаўся двухдзённы міжнародны кангрэс Impact’18. Маштаб мерапрыемства ўражвае – 6 тыс. гасьцей, 250 выступоўцаў і дзясяткі паралельных мерапрыемстваў. Галоўная тэматыка кангрэсу: інавацыйнасьць, стартапы і разьвіцьцё лічбавай эканомікі.

У старадаўні Кракаў зьехаліся навукоўцы, бізнэсмэны і палітыкі з самых розных куткоў сьвету. Для бізнэсу, які хоча абапіраць сваю вытворчасьць і прагрэс на сучасных лічбавых сыстэмах, сустрэча мае калясальнае значэньне. Менавіта тут, у былой сталіцы Польшчы, паяўляюцца новыя глябальныя саюзы і нараджаюцца рэвалюцыйныя ідэі на падставе новых тэхналёгій. Па задуме польскіх кіруючых сілаў, менавіта лічбавая эканоміка павінна быць імпульсам для разьвіцьця Польшчы, плятформай, з якой дзяржава можа падняцца на вышыню лідара рэгіёну ў галіне інавацыйнасьці.

Польская эканоміка павінна шукаць новыя рэсурсы, паколькі патэнцыял у выглядзе таннай рабочай сілы пакрысе вычэрпваецца. Яшчэ ня так даўно польскія палітыкі ганарыліся, што замежныя вытворцы ахвотна выбіраюць Польшчу месцам свайго бізнэсу, бо тут ёсьць шмат кваліфікаванай працоўнай сілы, якой можна карыстацца па адносна нізкіх коштах. Цяпер гэты козыр краіна страчвае, паколькі зарплаты імкліва растуць і неўзабаве могуць нават дагнаць заробкі ў некаторых заходніх краінах. Трэба шукаць іншыя пазытыўныя бакі польскай эканомікі, чым можна прыцягнуць замежны капітал. Улады дзяржавы паставілі на інавацыйнасьць і лічбавую эканоміку.

Кангрэс Імпакт'18 пачаўся з выступленьня прэм’ер-міністра Матэвуша Маравецкага. Старшыня Рады міністраў адзначыў, што дзякуючы стартапам польская адміністрацыя атрымала шмат карысьці.

М. Маравецкі
: Я ўдзячны розным стартапам, розным інаватарам, паколькі дзякуючы ім ужо цягам першага году нашага супрацоўніцтва мы ў Міністэрстве фінансаў атрымалі ашчаднасьці на каля паловы мільярда даляраў. Гэта было магчымае дзякуючы лепшаму нагляду за падатковай сыстэмай. Паўмільярда даляраў – вялікая сума, якую мы можам прызначыць на разьвіцьцё адукацыі, на разьвіцьцё навукі.

Матэвуш Маравецкі дадаў, што дзякуючы супрацоўніцтву з фірмамі, якія займаюцца новымі тэхналягічнымі рашэньнямі, удалося пачаць эфэктыўную барацьбу са злачыннымі схемамі махляроў, якія абкрадалі дзяржаву, выкарыстоўваючы падатак на дададзеную вартасьць.

М. Маравецкі
: Дзякуючы выкарыстаньню гэтак званых «вялікіх дадзеных (Big Data)», аналізаваньню праходжаньня дадзеных у сэрцы нашай сыстэмы, мы дасягнулі вялізнага посьпеху. Мы перамаглі ў вайне з падатковай мафіяй, са злачынцамі, махлярамі. Дзякуючы гэтаму быў магчымы «малы эканамічны цуд» у Польшчы. Вялікі дзякуй усім стартапам, якія пайшлі на супрацоўніцтва з намі.

У сераду раніцай з Варшавы ў Кракаў адправіўся адмысловы цягнік інавацый, на якім падарожнічаюць польскія ды ізраільскія прадпрымальнікі і прадстаўнікі стартапаў з Польшчы ды Ізраіля. Падарожжа зьяўляецца нагодай, каб паразмаўляць пра магчымае супрацоўніцтва, падзяліцца ідэямі і вопытам, а пазьней госьці цягніка будуць удзельнічаць у кангрэсе.

Амбасадар Ізраіля ў Польшчы Анна Азары тлумачыць, што Ізраіль – гэта малая краіна, якая шукае новыя рынкі збыту, а польскі рынак для ізраільскіх інвэстараў зьяўляецца пэрспэктыўным.

А. Азары: Тут ёсьць шмат маладых людзей, а таксама тэхналёгія. Многія ізраільцяне наведваюць Польшчу, каб пазнаёміцца з гісторыяй Галакосту. Мабыць, яны дзякуючы гэтым падарожжам зразумелі, што Польшча – гэта цалкам сучасная дзяржава.

Міністар прадпрымальніцтва і тэхналёгіі Ядвіга Эмілевіч спадзяецца, што падарожжа і кангрэс стануць для польскіх прадпрымальнікаў першым крокам на шляху да выхаду на новыя рынкі, далёка за межы Польшчы.

Я. Эмілевіч: З намі едуць прадстаўнікі інвэстыцыйных фондаў, прадстаўнікі фірмаў, якія ў адным з вагонаў робяць прэзэнтацыі – кароткія, зьмястоўныя. Яны пакажуць усім зацікаўленым асобам, як пачаць свой уласны бізнэс, як заснаваць новую фірму, стартап, як дасягнуць посьпеху ў бізнэсе. Акрамя таго, гэта добрае месца сустрэчы для бізнэсоўцаў. Я спадзяюся, што для тых польскіх прадпрымальнікаў, якім удасца ўвайсьці на ізраільскі рынак, гэта будзе трамплін для выхаду на глябальны рынак, у прыватнасьці, амэрыканскі.

Ізраільскія фірмы бяруць удзел у кракаўскім кангрэсе. Нагадаем, у рамках сустрэчы ідзе абмеркаваньне магчымасьці выкарыстаньня новых тэхналёгій у бізнэсе. Дэбаты праходзяць па васьмі тэматычных катэгорыях, напрыклад: навука для бізнэсу; транспарт, энэргія і асяродзьдзе; прамысловасьць 4.0 ды іншае. Сярод выступоўцаў ёсьць робат-гуманоід Соня, які ўпершыню прыехаў у Польшчу. На кангрэсе будуць падведзеныя вынікі праграмы для стартапаў (новых фірмаў) "Start in Poland".

нг

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё