Лёс пачатковай школы пры белліцэі ў Гайнаўцы застаецца нявырашаным

Лёс пачатковай школы пры белліцэі ў Гайнаўцы застаецца нявырашаным


Справа з адкрыццём у Гайнаўцы пачатковай школы з вывучэннем беларускай мовы яшчэ не вырашана. Прыгадаем, што з ініцыятывай адкрыцця такой школы выступіла група бацькоў.

Прычым яны хочуць, каб пачатковая школа працавала пры існуючым комплексе школ з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы, які на гэты момант аб’ядноўвае гімназію і ліцэй. Супраць ідэі бацькоў выступіў бурмістр горада, а таксама частка гарадскіх радных.

Іх прапанова – каб у адной са школ, меркавана ў мікрараёне Мазуры, адкрыць клас з вывучэннем беларускай мовы. Справу каментуе дырэктар гайнаўскага комплексу школ Ігар Лукашук:

– Гаворка не ідзе пра пачатковую школу, а толькі пра аддзелы, асобны клас, а не школу. Гэта, на мой погляд, размінаецца з патрабаваннем бацькоў, гэта не тое ж самае, зразумела, калі школа накіраваная на гэтую працу.

Тым больш, што ў беларускім ліцэі ў Гайнаўцы ёсць усе ўмовы для таго, каб арганізаваць яшчэ і пачатковую школу з вывучэннем беларускай мовы. Дый сам ліцэй даўно стаў прэстыжнай навучальнай установай з багатым досведам.

Працягвае дырэктар Ігар Лукашук:

– Бо такія спадзяванні бацькоў, каб у Гайнаўцы была школа, якая, апрача таго, што будзе вучыць на высокім узроўні, будзе таксама даваць гэтую ж падтрымку ў выхаванні з пашанай да роднага, да сваёй спадчыны. І вядома, што нашая школа мае ў гэтым самы вялікі досвед і самыя добрыя рэзультаты. Дырэктар спадзяецца, што жаданне бацькоў ажыццявіцца і ў комплексе школ з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы паўстане яшчэ і пачатковая школа. Аднак дзеля гэтага бацькам трэба яшчэ зрабіць шмат намаганняў і перахіліць справу на сваю карысць.

Поўны гук слухайце ў далучаным гукавым файле.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя