Гісторык: У катынскім злачынстве шмат яшчэ невядомых

Гісторык: У катынскім злачынстве шмат яшчэ невядомых


Сёньня ў Польшчы адзначаецца Дзень памяці ахвяр катынскага злачынства. Дата была вызначаная Сэймам у 2007 годзе, яна прывязаная да дня, калі немцы ў 1943 годзе паведамілі пра масавыя пахаваньні ў Катыні.

Катынскім злачынства называецца забіцьцё НКВД 22 тысяч польскіх афіцэраў і ваеннапалонных з лягераў і турмаў Заходняй Беларусі і Ўкраіны. Яны там апынуліся пасьля нападу СССР на Польшчу ў верасьні 1939 году. Ахвярамі стала найперш польская інтэлігенцыя: афіцэры, настаўнікі, мэдыкі, духоўныя асобы. Сталін выдаў загад забіць усіх. Расстрэлы працягваліся ад красавіка да траўня 1940 году ў Катыні, Харкаве, Медным. Палонных забівалі стрэлам у патыліцу. Сваякоў забітых вывезьлі ў Сібір. Многія з ссыльных ніколі не вярнуліся на радзіму.

Братнія магілы ў Катыні 13 красавіка 1943 году знайшлі немцы. Саветы шмат гадоў не прызнаваліся, што гэта яны зьдзейсьнілі злачынства.

Кіраўнік шчэцінскага аддзяленьня Інстытуту нацыянальнай памяці Гжэгаж Чапскі падчас ушанавальных урачыстасьцяў сказаў:

Г.Чапскі: Спачатку саветы поўнасьцю сьцерлі з памяці, а потым спрабавалі зьменшыць злачынства, размываючы яго ў іншых забойствах, зьдзейсьненых падчас першай ці другой сусьветнай вайны.

Катынскае злачынства замоўчвалі, а блізкія ахвяр безвынікова шукалі родных, з верай, што яны жывыя і вернуцца дадому. Амаль 50 гадоў улады хавалі праўду пра Катынь. І толькі ў 1990 годзе кіраўніцтва СССР пацьвердзіла, што масавае забойства зьдзейсьніла НКВД.

Пётр Шопа з аддзяленьня Інстытуту нацыянальнай памяці ў Жэшаве нагадаў, што многія гады перасьледавалі тых, хто спрабаваў расказаць праўду пра Катынь.

П.Шопа
: У 80-я гады ў вёсцы Глінік, блізу мясцовасьці Фрыштак, Жэшаўскага ваяводзтва, зьявіліся ўлёткі пра катынскае злачынства. Справай заняўся першы сакратар ваяводзтва. Паведамленьне атрымала цэнтральнае бюро Службы бясьпекі ў Варшаве, былі адпраўленыя людзі і створаная апэратыўная група, задачай якой было пазьбіраць усе ўлёткі і прыхаваць справу.

Пётр Шопа падкрэсьлівае, што злачынцы НКВД, хаця іх прозьвішчы вядомыя, ніколі не былі асуджаныя.

Польскія гісторыкі дакладна вывучаюць катынскае злачынства і ведаюць многа, аднак прабелы ўсё яшчэ застаюцца. «У нас няма гэтак званага беларускага катынскага сьпісу, і мы ня ведаем, дзе пахаваныя каля 7 тысяч польскіх жаўнераў», – кажа прафэсар Веслаў Высоцкі.

В.Высоцкі: Катынскія сьпісы ахопліваюць таксама тых, хто быў унесены у гэтак званыя праскрыпцыйныя сьпісы (сьпіс палітычных праціўнікаў, пакараных сьмерцю або іншымі рэпрэсіямі). Гэтых людзей шукалі саветы яшчэ пасьля 1944 году. У гэтых сьпісах 54 тысячы прозьвішчаў. «Малы Катынь», або інакш «Аўгустоўская аблава» таксама ўсё яшчэ ахутаная таямніцай. Месца спачыну ахвяр невядомае. Кажуць, што ўсе папкі забітых саветамі польскіх ваеннапалонных былі зьнішчаныя, але я ў гэта ня веру. Тым больш, што некаторыя з высокіх рангам асоб бачылі папку свайго бацькі. Гэта сьведчыць аб тым, што гэтыя дакумэнты існуюць. Мы хочам таксама ведаць, якая кваліфікацыя катынскага злачынства паводле расейскага права. Бо расейцы кажуць: «гэта сакрэтна». Нам невядома, колькі тамоў актаў справы засакрэчаныя.

Дзяржаўныя ўрачыстасьці Нацыянальнага дня памяці ахвяр катынскага злачынства праходзілі ў Варшаве. Прэзыдэнт Анджэй Дуда ўсклаў кветкі да Катынскага помніка, прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі і міністар нацыянальнай абароны Марыюш Блашчак аддалі паклон ахвярам 1940 году ў Катыньскім музэі ў сталіцы.

яс

Крыніца: Беларуская служба Польскага радыё