3-я Юдовінскія чытанні прайшлі ў Бешанковічах

3-я Юдовінскія чытанні прайшлі ў Бешанковічах


Імпрэза, якую ініцыявала лекарка з Санкт-Пецярбургу Ганна Клімовіч і яе сын Аляксандр, праводзіцца ў памяць пра мастака Саламона Юдовіна, які нарадзіўся ў Бешанковічах.

А ў больш шырокім сэнсе – у памяць пра само габрэйскае мястэчка, якім былі Бешанковічы ў пачатку мінулага.

Паводле Ганны Клімовіч, Юдовінскія чытанні – гэта імпрэза не толькі для навукоўцаў, якія выступаюць тут з дакладамі, а для ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Бешанковічаў:

– Гэта і не навуковая канферэнцыя, і не навукова-практычны семінар, гэта – усё разам. Бо сюды прыязджаюць самыя зацікаўленыя людзі, якія распавядаюць, што ім удалося зрабіць, знайсці і да чаго дадумацца.

Паведамленні на Юдовінскіх чытаннях былі і прысвечаны творчасці Саламона Юдовіна, і даследаванням побыту габрэйскіх мястэчак, і спробам захавання самабытных рысаў местачковага жыцця, і ўшанаванню памяці тых, хто сышоў адсюль у лепшы свет.

Менавіта Ганна Клімовіч з сынам цягам мінулых 5-ці год зладзілі 12 экспедыцый, якія займаліся добраўпарадкаваннем габрэйскіх могілак у Бешанковічах.

Для гасцей і ўдзельнікаў чытанняў правялі экскурсію і на адноўленыя могілкі, і па тых мясцінах райцэнтру, дзе калісьці віравала жыццё габрэйскай грамады. А яна была дужа вялікая, кажа краязнаўца Станіслаў Леаненка:

– Паводле перапісу 1897-га году ў Бешанковічах 75% насельніцтва – гэта былі габрэі. Яны жылі ў розных мясцінах гораду. Мы ведаем, дзе нарадзіўся Саламон Юдовін – у пасёлку Стрэлка. Ён часта прыязджаў сюды і тут абавязкова нешта маляваў – царкву, сінагогу, раку Дзвіну ці іншыя аб’екты.

Габрэйская грамада Бешанковічаў так і не аднавілася пасля знішчэння тутэйшага гета падчас Другой Сусветнай вайны. Каларыт мястэчка страчаны, але памяць пра яго захаваць яшчэ магчыма.

Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя