У барвах зямлі

Вершы

Бутрым Венанцы


I частка

***
А ноччу сняцца рэкi Беларусi,
і нават назвы iх, што чысты гук нясуць.
Iнакш нiхто iх звацца не прымусiў,
як Шчара, Нёман, Прыпяць, Друць.

Крануўся лёд! Чаромха губiць цвет!..
А там i вялы лiст на плынь халоднай хвалi...
I журавы пайшлi, за сонцам услед!..
Ужо як дробны шрот, ужо не чуваць, прапалi...

I ў сэрцы мужным – новы лiстапад.
А пасмы-касмылi пакутлiвых вiроў
пад тоўшчу лёду паляглi.

I ўсе жыццё, няйначай,– змена дат...
Ды ў рэчышчах старых, сярод снягоў,
плывуць надзеi новай караблi.


***
Адлiжна, трывожна... Зацята
за кроны чапляецца дым!
I посвiст антэнаў напятых
намерам, няйначай, благiм.

Праз ноч – да чацвёртай, да пятай
развязкi упарта чакаць:
затопiць, залье узурпатар –
драты так панура рыпяць!..

А мо? Раскалолася б неба!..
Хай колкасць сусвету сплыве,
праб’ецца ледзь бачная Вега
дрыжаць i свяцiць пакрысе,
каб шарай гадзiнаю рання
праклалiся зноў рубяжы.


***
Першы снег, беспрычынная радасць!
На гарачыя вусны рабiн –
пацалункi халодныя градам...
Смех таропкi ад гнуткiх галiн...

Стынуць пальцы, падступна халодзiць
прытуманены шэранню стан.
О, спрадвечна салодкi падман,
ты, чаканне, сумненняў разводдзе!..

З кузнi звон, перастукi. Бунтуе
ў гулкiм горане полымя шар,
ды абняты дрымотай абшар
нат уласнага сэрца не чуе...

Будзе ноч насцярожана светлая
сiлуэты лiчыць збоч дарог...


ТРЫПЦІХ
1
...Дзе ж тыя качары, чапля сiвая
ў ранiшнiм цёплым тумане?
Хмара суцэльная, полап без краю,
як безнадзейнасць чакання!..
Цьмянай ружовасцю трапяткою
вока i думкi лагодзiць
чуласць сустрэчы неба з вадою
там, дзе ўжо сонцу ўзыходзiць?
Мо, як на грудзi адны, i даволi?
Проблiск найменшы не свецiць!
Ў голую шыбiну – голае голле,
нiзкi, пранiзлiвы вецер...

2
Бачу, нарэшце! Белыя мухi,
о, замiльгалi, дружна пайшлi!
Мо пасланцамi гульбы-завiрухi
да перамучанай, грэшнай зямлi?
Тракi стальныя, грузныя колы,
хуткасцi прагнай нястрымнай цяжар...
Зноў заiмжыла ўпарта наўкола
з перанасычаных вiльгаццю хмар...

Досыць! Брысцi па размытых разорах
i ў думках – цi знойдзецца сiл...
Не адгукнецца спагадай прастора,
хоць кляў бы, хоць шчыра прасiў...

3
Сеюцца, сеюцца крупы бялюткi...
Кроны, паветра, дахi i дол
у дотыках лёгкiх, росчырках гнуткiх –
тчэцца абрус на няпрыбраны стол...
I ўсе яснее. I сустракае
воблiкам новым знаёмых з’яў.
I промень першы з-за небакраю
раптам прабiўся, але прапаў...
Ды адбылося: ў хвiлiну такую,
што незваротнаю явай прыйшла,
хвалю ўздымае, следам другую,
ужо нястрымны прылiў святла...


***
Сыпле i сыпле белае рэчыва –
прыступам хмары пайшлi!..
Памяць, слабая мая, чалавечая,
як тое зерне ў раллi?..

Цёмны бруснiчнiк калянасцю голаю
змоўк? Цi размовы вядзе?
Вы, што не маеце гучнага голасу,
цi не замерлi ў бядзе?

Дзiўны зварот? Недарэчнае мроiва,
пошукi казачных сiл?
Ах, на зямлi ды нямала што скроена
на нештодзённы капыл!

Дробныя кветкi. Маўклiвыя людзi.
Што нi чарот – вастрыё!..
Перабалiць мне. А вам – не прыбудзе,
пойдзем усе пад куп’ё!..

Толькi як стрэну сваю ўжо часiну –
яснасць i велiчны змрок,–
ўбачу яшчэ раз усё, што пакiнуў.
От, проста так, незнарок...

Выдму сухую чаборам палонiць,
крэмня па ёй – дзе-нiдзе.
Лiпенем вузкiя пахнуць далонi...
Вочы ў задуме-паўсне...

Мост, далячынь – як прыгожае дзiва,
дугi ўскiнўтых крыл...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Крок – і адзін па Краiне шчаслiвай!
Гэй, вы, з прыжыццёвых магiл!


***
Цiхі i чысты блакiт –
нават вачам балюча.
Ў долах – бы клiчнiкi ўбiты –
з-пад снегу мёртвае сучча.

Хромам i умбраю сосны
праз насцярожаны iней.
Гiля рэальнейшы посвiст –
ў зачараванай краiне!..

Бездань, бясконцасць і холад –
подых халодны сусвету
і мяккае ззянне наўкола –
песціць свяціла планету...

Ах, непрывычныя словы!
Лепей – зямля пад нагамi,
ў лужынах сонца абновы
i пры дарозе той камень.

І смуткам пацягнены веi,
позiрк астатнi, расстанне,
захад без кроплi надзеi,
паўночы глухмень, свiтанне,

дзень новы, боскi бязмала;
Глюк-Крэйсляр, “Мелодыя”, тая,
што дзеля нас завiтала
i пераможна вiтае,
клiча над грэбенем хвалi,
часам ледзь чутна, ды шчыра...


***
...Вечар заiнелы з лёгкасцю зайздроснай
сцеле-кампануе ценяў сiлуэт,
дрэў, фiгур, таксi, услужлiвых кiёскаў,
занятых падлiкам планавых манет...

Моўчкi побач крочу, думкамi цвярозы.
Моўчкi я цікую, як глядзяць услед.
У лагу далёкiм амярцвелi лозы,
па зазiмку чыстым – двойчы воўчы след...

А табе да твару ў шапачцы-кубанцы,
і каўнер так слаўна да шчакi прынiк...
У чарнаце над намi ў нетаропкiм танцы
дробны снег і вузкi, мутны маладзiк...

Я не стаў разважны, я не стаў цвярозы,
летам або ўзiмку – ўсё той самы хмель:
у лагу без назвы – гнуткiя бярозы,
буйству маiх думак белая пасцель...

I шчыруе горад перманентным святам,
не спяшае гучнасць замянiць на сон.
Светлафор нястомны... I мiгцiць заўзята
на карнiз пасланы пульсаваць неон...


***
Толькі снег, белы снег, мокры снег...
А цябе – усё няма і няма...
Прыпынілі хвіліны свой бег,
забарона на гучнасць прыйшла!..

Белых клавішаў сціснуты рад.
Чорных рэдка расстаўлены строй.
Закрані з іх любы наўздагад –
толькі шэпт... Гэта снег за сцяной...

Толькі б тых дачакацца ім рук,
тыя пальцы адчуць над сабой –
хай ажывяць абноўлены гук
феерверкам над кожнай струной,

рэхам чыстым ад мутных вакон
да магніту нібы – да яе,
вадаспадам за той Рубікон,
што праз мора чакання цячэ!..

Каб нясло ў забыцця акіян
ветрам, хваляй, жаданнем маім.
Не патрэбны мне сёння падман –
белы снег...Гэты шэпт ні аб чым...


ЭЦЮД

...Тужэе ультрамарын
за адпацелым акном
у зблытанай сетцы галін,
звязанай вялым святлом.
Памяць які ўжо час
пальчаткай з драбніцаю шкла:
гоман бяседы прыгас –
ЯНА нечакана ўвайшла!
Ты, акалічнасцей збег?
Душы нястрымны парыў...
Сіні за рамамі снег.
Проба звяна на разрыў...
Ды не заўважыў ніхто,
а ўжо адчуць – і не змог,
як ветрам вясновым прайшло
па лютаўскай скуры дарог,
як промня наставіў лязо
гарачага лета пульсар,
каб схамянуўся ЯГО
перанапружаны твар...
Ды не заўважыў ніхто –
бачаць жа ўсё навылёт –
як пульсавала жыццё
праз макіяжу налёт...
І зноў стаў звычайным пакой.
І сутыкаліся зноў
шпількі гамонкі пустой
на скрыжаваннях размоў.

...Дзве пары розных вачэй,
а далягляд ім – адзін.
І ўсё хутчэй і хутчэй
віруе кола хвілін.
Спыніся, імгненне, і стой
побач з жаданнем маім!

...Цёмны, тытунны настой.
Смутак, празрысты зусім...


***
Шэрані ціхія звесткі. Пара...
Досвітак першы настылы.
І ўсё нешта гоніць з двара,
нібы перабольшвае сілы...

Шэрага неба дыван.
Лёгкая постаць як з мары:
Шапачка, футра на стан
і подых воблачкам пары...

– Дзень добры, няўжо і мароз
Вам ясныя колеры дорыць?
Я – мерзну, хаваю нос!..
– Мне кожны дзень без дакору.
– Вам вядомы нейкі сакрэт!
Ці от, смяецеся з кабеты...


***
Месяца тонкі акраец.
Ночы размытая грань.
Бачыш, памалу світае,
мо не шчамі, перастань...

Тое, чаго ты чакала,
як хлеб надзённы, прыйшло.
Толькі яшчэ не хапала
Вашай журбы, Адамо.

Чуеце крык амярцвелы,
гэты бясконцы і белы?

Новы халодны сумёт
сыпле крылом забыцця
снежаньскіх пчол карагод
у чароўным танцы жыцця...


***
Гэта, мусiць, апошнi ўжо снег
сакавiцкай халоднай усмешкай
абагрэў вузкi просмык застрэшка
i шурпатую шыфернасць стрэх.

Дрот звычайны – як шнур дарагiх,
дню будзённаму збытнiх, карункаў.
А галіны ў чэзлых рыштунках
нiбы ў квеццi ўсiх веснаў былых.

Падказаў успамiн дарагi –
гэта нашы бялелі снягі...

Пазаўчора ўскрай палiгона
з-пад счарнелага лiсця старога
я выкопваў сцяблiнку зялёную.
I цiшком вiншаваў з перамогай.