Саксафон Чынгісхана

Падбярэзскі Зміцер


Саксафон Чынгісхана, альбо „хворыя” грошы - Сола ад Ваўчыцы

а/ “Хутчэй да Дульсінеі Табоскай”. Канстанцін Носаў

Я — чалавек рэальнасці і дакладнасці ва ўсім, у кожнай дробязі. Для мяне кожная рэч мае толькі адно вымярэнне — цану, кошт, грашовы эквівалент. Так што прабачце ўжо, калі я вам не спадабалася адразу. Таму што мянушка мая — Ваўчыца, і я не міну абыякава тое, што дрэнна ляжыць.

Я люблю грошы. Я люблю шмат грошай. Таму што ў нашым чэзлым жыцці толькі яны яшчэ здольныя ў пэўнай меры гарантаваць незалежнае існаванне. Мяне пастаянна дакараюць Віцёк і ягоныя людзі: ты столькі бярэш за ноч, як табе не сорамна! Ёлупні, не за ноч я бяру, а ўсяго толькі за секунды, за адзіны здаўлены стогн госця нашай радаснай краіны. Так, калі адштурхвацца толькі ад тых секунд, дык мой заробак сапраўды значны. Але ў цэлым, калі раскідаць суму на ўвесь дзень, — зусім не астранамічны. Асабліва калі разлічышся з усімі, хто павязаны адным з табой ланцугом. Тады застаецца няшмат. Таму што швейцару на ўваходзе штомесяц — дай, афіцыянту — дай, каб падсадзіў да тоўстага кліента, дзяжурнаму з камітэта — пакладзі, толькі не на людзях, дзяжурнай па паверсе — выдзелі, хоць і не так шмат, але ж усё адно — з уласных! А Олек дык наогул забірае першы і адразу трэцюю частку — што валютай, што шмаццём. А ўласнаму гінеколагу — заплаці, участковаму — налі, цырульніку — дастань, таксіста, які чакае толькі цябе каля “Зоркі”, — не пакрыўдзі. Ну, і як вам пасля ўсіх тых выплат мае фантастычныя заробкі?! Шмат застаецца?

Але жыццё дапамагло мне выпрацаваць адну не дужа модную ў наш час звычку: абавязковасць, адказнасць за дадзенае слова. У гэтым сэнсе я бадай што шчырая настолькі, наколькі дазваляюць мне акружэнне і стыль паводзінаў у грамадстве. Я неяк сказала Жужы: ты ніколі не будзеш адной з нас, таму не псуй сябе, дзяўчынка, не лезь у багну. І яна мяне зразумела. А вось Маркіз аказаўся чалавекам залішне ўпартым. Яму неаднойчы казалі: не патрэбнае тут, у “Зорцы”, касматае пудзіла, а Маркіз чамусьці ўзвіўся на дыбкі. Ну хто яго ўкусіў? Ці проста мала яму прапанавалі? Не так падышлі, не тое сказалі? А можа, ён вырашыў нас усіх падставіць? Ой, Маркіз, не варта і спрабаваць тут камандаваць... У “Зорцы” ж імгненна могуць вырашыць твой лёс: альбо зробяць богам усіх гарадскіх лабухаў, альбо наадварот — выязную візу назаўсёды прыкрыюць. І там, і там для нас праблем не існуе. Проста віза будзе крыху даражэй каштаваць...

Я ніколі не паверу, што да мяне Маркіз гэтак скептычна ставіцца выключна з-за роду маіх заняткаў. Бадай што не, хоць у нашым грамадстве занадта любяць лічыць чужыя грошы. Можа, ён жадае быць разумнейшым і спрытнейшым за ўсіх? Наіўна на тое разлічваць пасля ўсяго толькі некалькіх аперацый, пракручаных з намі, дзе ён быў зусім не на першых ролях. Можа, атрымаў новае моцнае прыкрыцце, пра якое мы яшчэ не ведаем? Таксама сумніцельна...

А ў рэшце, такія праблемы лепш вырашаць Олеку ці каму яшчэ, хто яго падпірае. Бо, як ні круці, а я ўсяго толькі жанчына, якая ва ўсёй гэтай гісторыі мае ўласны інтарэс.

Спачатку я была гатовая забіць Сапегу, таму што ягонае тут з’яўленне сарвала адну вельмі важную для мяне аперацыю. Не буду тлумачыць якую. Скажу толькі, што з-за непрадбачаных дзеянняў Маркіза я страціла даволі істотную для мяне суму. І велізарны Сапега адразу здаўся мне чалавекам, якога Маркіз выставіў перад сабой толькі дзеля таго, каб чужымі рукамі заваліць справы іншых. Я радая цяпер, што памылілася, што Сапега аказаўся самім сабой, і не болей. Ды прыгод з ім адным мне хапіла з запасам.

Што-што, а разгадваць нутро мужыкоў я навучылася даволі хутка, даўно і беспамылкова. Яшчэ з тых часоў, як пачала прыходзіць сюды спачатку з цэкоўцамі, а потым ужо і самастойна. Маючы такую магутную ідэалагічную падтрымку на ўзроўні камсамольскіх правадыроў і — не адняць — нешта ва ўласнай галаве, я правяла серыю канфідэнцыяльных перамоў, у выніку чаго здолела нейкім чынам арганізаваць мясцовы рынак прапаноў і аплаты паслуг, правесці адбор, вызначыць асноўную групу “захопу” і рэзервістаў, сярод якіх кожная баявая сяброўка мела сваю спецыялізацыю. Усё было зроблена дзеля таго, каб дагадзіць літаральна кожнаму, хто пажадаў бы скарыстаць уменне і вопыт нашых падрыхтаваных да ўсяго кадраў.

І іх, мужыкоў, сустрэлася на маім шляху шмат. Ды ў мяне назаўсёды застаўся толькі адзін — Самотны Каўбой, музыкант, якому вельмі не шанцавала ў жыцці. Цяпер я дзякую Богу, што хоць некаторы час мы былі разам. Мы пражылі шчаслівыя дні! Часам я прыходзіла да яго замест урокаў. Дзесяты клас, хутка выпускныя экзамены, а я прыбягала да яго, смешная і сама сабе абрыдлая — у белых гольфіках і фартушку, і сама цягнула Самотнага Каўбоя да ягонай шырокай канапы, і ён кахаў мяне, зрываючы школьную форму, у той час як у класе паўтаралі вобраз Нета — парахода і чалавека. Дзіўна, але і сябры Самотнага Каўбоя ўспрымалі мяне вельмі натуральна і ніколі з пагардаю да мяне не ставіліся. Мы шмат дзе ездзілі і хадзілі разам, і часам я засмучалася тым, з якой павагай, як роўны з роўнай, са мной гутарылі ягоныя сябры — вядомы ўрач ці мастак, журналіст ці прафесар з акадэміі. Праўда, ужо ў той час мяне ўвялі ў склад няштатнага цэка, і я даволі часта пачала з’яўляцца ў камсамольскіх кампаніях на розных сустрэчах неафіцыйнага збольшага характару. Не буду казаць, як я апынулася ў такой абсурднай сітуацыі; скажу толькі: гэта было вынікам таго, што вельмі лагодна можна акрэсліць словам “шантаж”. Мяне проста звязалі па руках і нагах і кінулі ў атмасферу “Зоркі”, як кацяня ў палонку.

Не дзіўна, што ў мяне было шмат мужчын. І толькі ў апошнія тры-чатыры гады я ў асноўным працую на замежнікаў, хоць з камсамольскага цэка мяне ніхто, здаецца, не выводзіў. Раней я прымала ўсіх, на каго мне паказвалі, і хутка з’арыентавалася, што мужчыны бываюць вельмі розныя, хоць усіх іх можна даволі дакладна размеркаваць, прынамсі, па некалькіх катэгорыях.

Першая і, бадай, самая малалікая — мужчыны тыпу Самотнага Каўбоя: яны адналюбы і фанаты нейкага ўласнага захаплення. Любоўныя прыгоды іх практычна не цікавяць, а на жанчын яны глядзяць ці то як на памочніц, калі тыя ім дапамагаюць, ці то як на лёсам дадзеную перашкоду, калі жанчыны не звяртаюць асаблівай увагі на тое, чым займаюцца тыя мужчыны, і нават замінаюць іхнім інтарэсам.

Другая катэгорыя мужчын — шукальнікі прыгод і вясёлага жыцця. Многія з такіх аптымістаў — людзі жанатыя, маюць дзяцей і амаль лысыя галовы, затое сверб у адным месцы ў іх ніколі не сціхае. Яны і жонак не пакрыўдзяць, і салодкі кавалачак ухапіць дзе на баку заўсёды паспеюць. На жанчын не крыўдуюць, таму што ведаюць: не атрымаецца тут — будзе поспех у іншым месцы. На такіх і жанчынам крыўдаваць не выпадае. Час, праведзены з імі, не будзе страчаны дарма. У мяне і цяпер ёсць такая кампанія мужчын-жанацікаў, у якой я час ад часу бываю. Напачатку яны амаль усе прайшлі праз мяне, але затое цяпер мы сябруем, і пра ложак са мной ніхто з іх не згадвае. Нам проста прыемна бываць разам, піць шыкоўныя віны і весела балбатаць ні пра што.

У дачыненні да мяне яны перайшлі ўжо ў наступную, трэцюю катэгорыю — катэгорыю мужчын, якія шукаюць у жанчын духоўную цеплыню, блізкасць найперш не цялесную (што таксама не выключаецца), а эмацыянальную. Такія мужчыны патрабуюць дагляду, камфорту, з імі бывае даволі няпроста, яны ўвесь час змяняюцца і крыўдзяцца нават на дробязі, затое і жанчыне могуць даць найбольш духоўнага спакою і задавальнення.

У чацвёртай катэгорыі — усе астатнія мужчыны, якіх жанчыны не цікавяць альбо па стану здароўя, альбо па наяўнасці-адсутнасці вольных грошай ды памяшкання для спатканняў, альбо па нейкіх прычынах, пра якія мне і казаць не хочацца.

Кожная кабета, якая мае мужа, мусіць ставіцца да рэальнасці надзвычай цвяроза і з глыбокім разуменнем таго, што яна ў свеце не адна такая прыгожая, а кожная жыццёвая сітуацыя вымагае адпаведных дзеянняў у адказ. Нельга спадзявацца на вечную вернасць, таму што чалавек далёка не заўсёды здольны валодаць уласнымі пачуццямі. Асабліва калі такі чалавек — мужчына. Ён можа рвануць з сям’і імгненна, міргнуць не паспееш. Таму не раю кабетам стрымліваць такія ўцёкі, імкненне мужчын да нейкіх авантур, прыгодаў. Тыя, з другой групы, абавязкова вернуцца назад, таму што самастойна жыць не ў стане. З трэцяй групай больш складана. Гэтыя, варта прызнаць, могуць і не вярнуцца, а пакінуць усё нажытае за шмат гадоў — дзяцей, кватэру, мэблю, пойдуць з тым, што маюць на сабе, але пры гэтым будуць самымі шчаслівымі ў свеце.

Але і тады жонкі не павінны хапацца за грунтоўныя аргументы тыпу патэльні. Не дапаможа! Як кажуць, позна піць “Баржомі”... Няхай ідуць мужчыны, няхай адыходзяць. Толькі не трэба думаць, што нейкая там аказалася лепшай за цябе. Не трэба прыніжацца нам, бабы! Тая аказалася зусім не лепшай, проста яна іншая і можа даць твайму мужчыне тое, на што ты ўжо проста няздольная, часам па самых неверагодных прычынах. Таму я вам і кажу: ніколі не патрабуйце ад яго — альбо-альбо. Бо гэта будзе найгоршае рашэнне, ад якога не варта чакаць ніякай карысці. І сям’і горш не зробіцца, дарэчы: мужчына альбо вернецца, альбо знікне з канцамі і назаўсёды. Што ж... Значыць, лёс твой такі. Павер тады ў непазбежнасць падзей і не шукай вінаватых, таму што калі мужчыны прагнуць уцех і цеплыні па-за сям’ёй, у гэтым напэўна найбольш віны жанчыны. Я, Ваўчыца, сцвярджаю: менавіта жанчына павінна жыць дзеля мужчыны, а ніяк не наадварот. А калі яе больш займаюць работа, сяброўкі, шмаццё, няхай яна тады не ўздымае вэрхал з той прычыны, што яе мужчына вяртаецца дадому далёка запаўнач задуменны і са слядамі памады на кашулі.

Проста “Баржомі” трэба было закупіць загадзя і буйным оптам!

Сапега належыць да такіх мужчын, якія самастойна закахацца няздольныя, захапіцца жанчынай самі не могуць. Але ён мае магічную ўласцівасць прыцягваць да сябе. Чым? Не ведаю. Не разумею, не магу вытлумачыць, што са мной здарылася. Фантастыка! Каб Ваўчыца ды закахалася!.. Уся “Зорка” абрагочацца, калі тут пра тое даведаюцца. Ды мне самой зусім нясмешна. Таму што ў ім, Вінцэнце, я раптам знайшла тое ж самае, што некалі хвалявала мяне ў Самотным Каўбоі. І гэта неабходна растлумачыць асобна.

Мужчына, безумоўна, — звер. Але звер вельмі разумны, хітры, хоць і абкручаны мноствам умоўнасцей, у выніку чаго перш чым нешта зрабіць, дзесяць разоў пракруціць усё ў галаве. З якім вынікам для сябе — гэта іншая справа. Вось і атрымліваецца, што мужчына часам робіць нешта зусім не так, як яму хочацца, а так, як яму найбольш зручна. І нават у адносінах з жанчынамі ён шукае сабе найбольшыя зручнасці, тым самым ідучы на пэўны падман.

Самотны Каўбой ніколі не клапаціўся аб сабе, і таму ягоныя ўчынкі былі натуральныя, шчырыя. Сапега таксама не раздумвае падоўгу, што ён мусіць сказаць ці зрабіць. Звер перастае быць зверам, калі пачынае разважаць. Роздум прыводзіць яго да пагібелі. Калі воўк, убачыўшы чырвоныя сцяжкі, пачынае задумвацца, што яны могуць азначаць, ён неўзабаве атрымае кулю ў бок. Таму што ён больш не звер, калі ягоны розум пераважыў інстынкт. Воўк абавязаны пераскочыць сцяжкі, заблытаць сляды, а потым ужо падумаць, што гэта было, чым магло яму пагражаць і як пазбегнуць пагрозы надалей.

Чым больш я назірала за Сапегам, тым больш мне хацелася яго бачыць. І калі я тады скочыла да раяля, каб зрабіць яму падказку, гэта было хутчэй вынікам нейкага неасэнсаванага руху душы. За што і паплацілася. Олек спачатку не ўцяміў, што адбылося, быў нават задаволены, але потым нехта ўвёў яму ў вушы, хто выцягнуў Сапегу з безнадзейнай сітуацыі. Ён тады проста раз’юшыўся і вылічыў з мяне страчаныя ім “зялёныя”. А апошнім часам ужо двойчы намякаў на тое, што я зашмат аціраюся ў рэстараннай зале, у той час як поле маёй асноўнай дзейнасці — калідоры і нумары, дзе спыніліся замежныя кліенты. Ды я адшыла яго: Ваўчыца заслужыла права на тое, каб зрабіць сабе адпачынак тады, калі ён мне патрэбны.

Я бачу яго і слухаю амаль штовечар. Я заўважаю, што яго ўсё больш і больш заглынае атмасфера рэстараннага побыту, кабацкага існавання. Ён выбухне калі-небудзь, і выбух той будзе страшэнны. Ды я зусім не жадаю, каб Сапега дрэнна скончыў, каб яго напаткаў лёс Стася. Двух “самотных каўбояў” мне ўжо не вытрымаць. Менавіта таму я і прасіла Маркіза спыніцца. Але Вінцэнт цяпер — найвялікшая стаўка Маркіза. І ён, я так разумею, не спыніцца. А я не ведаю, што магу зрабіць, хоць прадбачу развіццё падзей даволі выразна.

Ваўчыца змянілася. Я цяпер апынулася нібыта паміж двума агнямі: ззаду падпірае Олек, які мае чым і што мне загадаць, а спераду стаіць Сапега, абкладзены наўкола чырвонымі сцяжкамі. Ён што, не заўважае іх? А калі бачыць, дык чаму марудзіць, чаму нічога не робіць, чаму не бяжыць?!

Прачніся, звер, інакш позна будзе. Гэта я табе кажу, Ваўчыца!

б/ Joshua Fit The Battle of Jericho (“Джошуа выйграў бітву пры Іерыхоне”). Спірычуэл

У панядзелак у музыкантаў выхадны, але Маркіз круціўся ў кабаку з самае раніцы, па абедзе з’явіліся іншыя лабухі, і ўсе разам яны пэўны час рэпеціравалі. Я не заўважыла, каб Сапега размінаўся на нейкім незвычайным інструменце. Прыйшоў жа ён са сваім фантастычным чамаданам. Гэта значыла, што ў Маркіза з электроннай дудкай нешта не атрымалася. А можа, да яго нарэшце дайшлі некаторыя парады разумных людзей?

Каля адзінаццаці вечара ў фае побач з рэстараннай залай таўклося шмат добра знаёмых паміж сабой людзей. Тут былі музыканты, іх сяброўкі, пара журналістаў, хлопчыкі Олека, яшчэ нейкія тыпы з унушальнымі фігурамі, Джон са сваімі замежнымі будаўнікамі камунізму. Карацей кажучы, самая што ні на ёсць джэмавая публіка. Безумоўна, маючы адбыцца паядынак Сапегі ці не з паўтузінам лепшых саксафаністаў горада на чале з Панкратам прыцягнуў павышаную ўвагу, нягледзячы нават на тое, што гаспадар сэйшана, Маркіз, закатаў кошт уваходных білетаў аж па дваццаць рублёў. Такая незвычайная сума толькі падагрэла цікавасць да джэма і напоўніла музычны горад ажыятажам і ўсялякімі чуткамі.

Мне, напрыклад, сарока прынесла на хвасте наступнае: па-першае, джэм будзе здымаць тэлевізійная група ажно з Бі-Бі-Сі; па-другое, Сапега пакляўся не сыходзіць са сцэны шэсць гадзін, вызначыўшы кожнаму з шасці ўдзельнікаў сэйшана па гадзіне на звядзенне рахункаў. Трэцяя чутка была найбольш прыкольная: нібыта ўдзельнікаў вечарыны і слухачоў будуць абслугоўваць афіцыянткі ў адных толькі фартухах. Задума неблагая, ды толькі распрані ты нашых лыжкамыек — апошнія, гарантую, пацукі з кухні паўцякаюць! Таму такі варыянт джэма я адразу ж адкінула.

Андрэй Захаравіч трымаў дзверы гераічна, як леў. Олек між тым нібыта незнарок прыладзіў каля яго парачку сваіх бамбавозаў, якія па знаку зверху рэгулявалі паток людзей на тых, каму “дазволена” прысутнічаць пры музычнай бітве, і на тых, каму лепш правесці вольны час дзе ў іншым месцы.

Я стаяла ў фае, курыла і ва ўпор разлядала натоўп. Мне было сумна: я чамусьці верыла ў тое, што Сапега сёння калі і прайграе, дык зусім не так лёгка, як яно здарылася тыдзень таму. Цікава, ці шмат ён выпівае? Зуб мне, напэўна, нічога не скажа, ён на мяне як на ворага глядзіць. Тады хто? Жужа? Ніколі і нічога я не буду выпытваць у нейкай Жужы. А вось тое, што ён некалі блытаўся з наркатой, — факт! Тут мяне не падмануць, я на такіх нагледзелася, таму што вочы Сапегі мне кажуць больш, чым даведкі ад урачоў.

Неўзабаве Маркіз запрасіў усіх у залу, дзе афіцыянты прыбіралі за апошнімі наведвальнікамі сталы. Я села асобна ад Олека: у ягоным голасе апошнім часам умацаваліся камандзірскія ноткі, а я вельмі не люблю, калі мне пастаянна загадваюць, што я мушу рабіць. Сёння ён параіў мне сядзець у зале ціха, як мыш пад венікам, і не вытыркацца, што б там ні здарылася. Таму я і села адна і пачала чакаць эксцэсаў. Толькі дурань мог не зразумець, што збіраць у адным месцы такую крытычную масу музыкантаў у спадзяванні на іх ідэальныя паводзіны проста нельга. Толькі дурань ды яшчэ Маркіз, аслеплены ўласным праектам перамогі над усімі адразу. Няўжо ён таксама вырашыў сёння паставіць на кон усё, што мае за душой? Адчуваю, што гэтай ноччу ў “Зорцы” і сапраўды можа быць вельмі весела...

— Шаноўныя спадарыні і спадары! — сказаў нарэшце ў мікрафон Маркіз. — Сёння я запрасіў вас на незвычайны па сваёй задуме джэм з удзелам, як яно планавалася, лепшых шасці саксафаністаў горада. Скажу адразу: атрымалася не ўсё. Сёння да нас прыйшлі ўсяго тры саксафаністы, чацвёрты — наш Вінцэнт Сапега. Рытм-група пад назвай “Хлопчыкі Зоркі” мяняцца не будзе. Салісты ж загадзя вызначылі кола тэм, на якія яны будуць імправізаваць. Мушу падкрэсліць, што музыканты сабраліся тут, каб паіграць у добрай, прыязнай кампаніі, таму настойліва прашу вас не разглядаць гэты джэм як нейкае спаборніцтва за права называцца лепшым саксафаністам у горадзе.

Так я і паверыла! Ды ні пра што іншае, як прымусіць усіх пераканацца ў першынстве Сапегі, Маркіз і не думаў! А сказанае ім — гэта дзеля праформы: у любы момант Маркіз зможа нагадаць, што і не збіраўся сутыкаць музыкантаў лоб у лоб. Гэта значыць, калі здарыцца што непрадбачанае, ён ні пры чым.

— Адну хвіліначку! — Голас за маёй спінай разлёгся гучна і нечакана. — А мне вось і не падабаецца, што элементы спаборніцтва будуць адсутнічаць. Лепшы павінен быць заўсёды!

Я азірнулася: казаў нейкі зусім не знаёмы мне хлопец высокага росту і прыстойна апрануты — не ў скуру ці там спартыўны касцюм, а ў яўна дарагі касцюм. Адзінае, што насцярожыла мяне, — гэта вялікі пярсцёнак на пальцы правай рукі. Такі цяжкі метал ніяк не пасаваў маладому, чыстаму яшчэ твару і надаваў хлопцу выгляд нахабнага купчышкі. Ды і прапанова ягоная прагучала з ноткамі паблажлівасці.

— Што, прабачце, вы хочаце гэтым сказаць? — не зразумеў яго Маркіз.

— А тое, што я стаўлю на Панкрата тры тысячы ленінскіх іскраў у разліку пяць да аднаго, — спакойна растлумачыў маладзён. — Спадзяюся, сярод шаноўнай публікі знойдуцца асобы, якія не падзяляюць мой аптымізм і гатовыя мне запярэчыць...

Па зале пайшоў лёгкі шоргат, ды адразу ніхто не паспяшаўся падтрымаць маладога іграка ці запярэчыць яму. Толькі праз хвіліну агульнай цішыні з-за стала лёгка ўскочыў Олек і ўдакладніў:

— Сума тая ж. І я таксама стаўлю на Панкрата, але прапаную перад пачаткам джэма прад’явіць наяўныя.

Олек першы вываліў на стол пачкі грошай у банкаўскай упакоўцы. Хлопец з пярсцёнкам таксама паказаў некалькі буйных пачкаў рознага колеру.

— Калі ахвочых больш няма, можна, відаць, пачынаць, — сказаў ён. — Толькі вось хто ж тады з кім будзе спрачацца?

Адказ на ягонае пытанне нечакана прагучаў са сцэны.

— Пяць да аднаго, толькі я стаўлю на Сапегу! — заявіў Маркіз. — І не тры тысячы, а дзесяць плюс пяць соцень “зялёных” пры адной толькі ўмове: палова заробку трапляе ў рукі музыканта-пераможцы.

У нас цяпер нават у рэстаранах ніхто і ніколі не прызнаецца ва ўласнай памылцы і не адступаецца ад сказанага пры сведках. І мне зрабілася проста страшэнна цікава: калі такі паварот падзей падрыхтаваны Маркізам загадзя, дык ягоная галава ўсё ж на нешта прыдатная. Можа, ён гэткім чынам спрабуе ўзняць банк? Калі ж гэта нават і імправізацыя, дык яна можа азначаць адно: жыццё не скончылася, яно працягваецца па-новаму і зусім не так, як мы прывыклі яго бачыць штодня.

Але як жа яны тады збіраюцца вызначыць пераможцу? Па колькасці ўзятых нот? Хто тады возьмецца падлічыць? Па часе знаходжання на сцэне? Яшчэ як-небудзь? Чысты анекдот! Выйсце адзінае: Панкрат і Сапега мусяць хіба што пабіцца на саксафонах пасярод сцэны, каб такім чынам вызначыць мацнейшага.

А ў тым, што асноўная ўвага будзе скіравана менавіта на гэтых двух музыкантаў, можна не сумнявацца. Пераможца ў выпадку пройгрышу Сапегі павінен быў пацягнуць за сабой банк у памеры пяцідзесяці тысяч драўляных і дзвюх з паловай тысяч валютай самай першай катэгорыі. Што ж, сёння ў “Зорцы” нехта павінен быў заляцець па-буйному...

Маркіз між тым падняў руку з футаральчыкам, на якім прыгожымі літарамі было напісана “Ямаха”. Ён тым самым даў зразумець, што ягонай стаўкай у спрэчцы з’яўляецца новенькі, рэдкі інструмент.

Музыканты занялі свае месцы, загучаў уступ, і да мікрафона выйшлі чатыры саксафаністы. Маркіз і сапраўды так і не здолеў сабраць шасцярых альтыстаў: нехта не змог прыйсці, нехта проста адмовіўся цягацца з Сапегам і Панкратам. Таму на пятачку каля мікрафона сталі ўпэўнены ў сабе прыгажун Панкрат, маленькі і пузаценькі тэнарыст-пенсіянер Яша Быкоўскі, які сам некалі іграў у “Зорцы”, нейкі маладзён з сакс-барытонам і, як заўсёды насуплены, Сапега. Музыканты разам прыгожа і даволі зладжана прайгралі ўступ тэмы “Чатыры браты”, пасля чаго па чарзе пачалі саліраваць. Уласна кажучы, усё зрабілася зразумелым дастаткова хутка, а пасля таго, як, згодна дамоўленасці, у “Маёй прыгожай Валянціне” кожны з іх правёў вялікае сола, я магла ўжо смела ісці дадому. Ды не кранулася з месца. Мне карцела ўбачыць, чым скончыцца дзялёжка вялікіх грошай.

Яша Быкоўскі, канешне, па-ранейшаму іграў годна і ўпэўнена, ягоны тэнар гучаў рэзка і сакавіта. А вось у “...Валянціне”, на жаль, ён прадэманстраваў поўную адсутнасць напеўнасці, гэтак тут неабходную. Мусіць, ён і сам адчуў, што даў маху, таму і адваліў ад мікрафона першы.

Барытаніст супраціўляўся даўжэй, дыхалку ён меў спраўную, што пэўны час дазваляла яму лёгка аперыраваць упэўнена завучанымі фразамі, ад якіх так і павявала сістэмай шаблоннага навучання імправізацыі на ўзроўні музвучылішча. І ўсё ж барытаніста таксама не хапіла на ўсю “...Валянціну”, і ён сеў пасярод імправізацыі сваім задам проста ў талерку з супам, спаскудзіўшы выдатны акампанемент.

Каля мікрафона засталіся двое: Панкрат ды Вінцэнт. Першы нічым не выдаваў свайго хвалявання, другому гэтае пачуццё, здавалася, наогул не было вядомае. Панкрат іграў больш прыгожа, літаральна вылізваў многія ноты, і тады яны крышталікамі сыпаліся са сцэны ў залу, дзе мала хто піў ці еў: агульная ўвага была аддадзена двум саксафаністам. Сапегаў саксафон гучаў таксама рэзкавата, нават крыкліва, ягоны спеў рэзаў слых, лупцаваў па вушах, і такая раз’юшанасць нечакана абарочвалася незвычайнай па ўражаннях карцінай. І ніхто, думаю, не ўзяўся б вызначыць лепшага сярод гэтых двух музыкантаў, што імправізавалі насупраць адзін аднаго, і кожнае рашэнне кожнага журы магло быць гэткім жа абгрунтаваным, як і бязглуздым.

Безумоўна, перш-наперш гэта зразумеў сам Панкрат. Ён не любіў быць нават роўным яшчэ некаму, апрача сябе, ды ў такой сітуацыі нічога зрабіць з Сапегам не мог. Пасля таго, як яны скончылі выконваць чарговую п’есу, ён павярнуўся да Вінцэнта, нацягнута ўсміхнуўся яму і працягнуў руку. Рэакцыя Вінцэнта была нечаканая.

— Не! — крыкнуў той. — Ніколі! Іграйма далей!..

Уражаны Панкрат толькі паціснуў плячыма і зайграў уступ да наступнай кампазіцыі. Была ўжо другая гадзіна ночы, і Панкрат, думаю, ужо стаміўся, таму што не адразу адчуў той момант, калі сітуацыя на сцэне змянілася карэнным чынам.

Знешне гэта спачатку не заўважалася. Але здарылася тое, чаго я чакала: Сапега распачаў помсціць за сваю няўдачу тыдзень назад. Калі пасярэдзіне чарговай п’есы яны мусілі абмяняцца кароткімі рэплікамі, Сапега, замест таго, каб выкладаць уласную партыю, пачаў паўтараць усё тое, што перад тым іграў Панкрат, дадаючы толькі нейкія здзеклівыя штучкі накшталт наўмысных кіксаў ці адчайна фальшывых нот. Гэта выразна нервавала Панкрата, але чым больш ён ускладняў свае фразы, імкнучыся тым самым скінуць Сапегу з хваста, тым больш смешным выглядаў. Вінцэнт элементарна і на кожным кроку паказваў, што яму іграць так, як Панкрат, зусім нескладана.

Нарэшце Панкрат і сам адчуў усю недарэчнасць сітуацыі і кінуў у бой апошні рэзерв: ён паказаў, што кадэнцыю бярэ на сябе. Яна і сапраўды атрымалася прыгожая, была выканана па-майстэрску і на ўзлёце натхнення, ды калі Панкрат пераможна павярнуўся да Вінцэнта, таго побач з ім на сцэне не аказалася. Вінцэнт сядзеў у крэсле ў глыбіні сцэны і як бы між іншым паўтараў апошнія ноты ягонай складанай кадэнцыі. Гэта ўспрымалася ўжо як нічым не прыхаваны здзек.

— Каб цябе!.. — на ўсю залу крыкнуў Панкрат і тузануў саксафон ад сябе. Кручок нашыйнага рэменя вылецеў з гнязда на інструменце, і бліскучы, шыкоўны, дарагі “Сэлмер” Панкрата грохнуўся на забруджаную за вечар падлогу рэстарана.

— Сука!.. — гучна дадаў Панкрат і пхнуў саксафон нагой. Той з віскам праехаў па падлозе з мазаічнай паверхняй.

Дальбог, на ягоным месцы я лепш бы заплакала...

Маркіз падскочыў да мікрафона імгненна.

— Думаю, тым, хто сёння пачаў спрэчку, не трэба даводзіць, чым скончылася спаборніцтва музыкантаў, якога вы так жадалі. Таму прашу вас прынесці свой пройгрыш сюды.

Цікава, ці ёсць у Олека і таго хлопчыка з сабой гэткія грошы? Апошняе ж слова было такое: разлік адзін да пяці. Што значыла адно: калі стаўка была тры тысячы “Ільічоў”, дык той хлопец з пярсцёнкам і Олек мусяць разам пакласці на барабан трыццаць тысяч рублёў. Няблага за адзін вечар зарабіў Маркіз на Вінцэнце! Зусім няблага!

Хлопец з залатым пярсцёнкам наблізіўся да сцэны з невялікім пластыкавым пакетам у руцэ, які спакойна перадаў Маркізу.

— Можна не правяраць, тут роўна пятнаццаць, — сказаў хлопец. — Твой Сапега і сапраўды заваліў Панкрата. Не чакаў. Віншую з выйгрышам.

Другі да сцэны прыйшоў Олек. Я так і думала: прадбачлівы Олек ніколі не браў з сабой вялікія грошы, трымаў у кішэнях не больш за дзве-тры тысячы. А тут — такі значны залёт! Зразумела, нехта з ягонай кампаніі паімчаў ужо за грашыма, але што ж заўтра будуць гаварыць пра Олека, у якога ў такі момант не аказалася з сабой грошай?! Ай-яй!.. Як жа пахіснецца ягоны аўтарытэт!.. Пра што ён цяпер казаў Маркізу, здагадацца можна было даволі лёгка. Да таго ж Маркіз стаяў побач з мікрафонам, і, хацеў ён таго альбо не, у зале дастаткова выразна гучалі ягоныя адказы.

— Што такое, Олек, якія пяць тысяч?.. Разумею, што ў цябе тут больш няма, але нашто ж было тады панцярыць і банкаваць па-дурному? Ды я веру табе, веру!.. Не, будзе ўсё ж па-мойму: усе пятнаццаць тысяч адразу, сёння ж... Олек, не трымай мяне за хлопчыка. Я ж сказаў: усё адразу!..

Олек вярнуўся да свайго століка сцяўшы зубы. Ясна, ён злаваўся. Гэта калі мякка казаць. Далёка не кожны дзень яму прылюдна плююць у твар, ды яшчэ так, што і выцерціся не было як: ён змушаны цяпер, як прывязаны, тырчаць у кабаку і чакаць, калі яму прывязуць грошы.

У мяне склалася ўражанне, што джэм на гэтым скончыўся. Ды я памылілася: Сапега раптам падхапіўся з крэсла, імкліва скочыў да мікрафона і, не чакаючы калегаў, зайграў уступ. Гэта была мая любімая п’еса “Місці” Эрала Гарнера. Зразумела, у зале ніхто не крануўся з месца, пакуль на сцэне Вінцэнт з іншымі музыкантамі, мяняючыся, саліравалі і стваралі чарадзейную музыку. Іх ужо нішто не падганяла, ніхто ні з кім не спаборнічаў, і атмасфера нейкага камфорту, разняволенасці перадалася выканаўцам, якія, безумоўна, атрымлівалі ад уласнага музыкавання найвышэйшую асалоду. Сам Сапега нібы купаўся ў гучанні свайго антыкварнага інструмента. Такой нечаканай мяккасці, пяшчотнасці гучання я ад яго ніколі раней не чула, і яны надзіва рэзка кантраставалі з абліччам Вінцэнта, з ягоным чырвоным тварам, адчайна заплюшчанымі вачыма і буйнымі кроплямі поту, што адна па адной збягалі па шчоках.

Не ведаю, што мяне падштурхнула бліжэй да сцэны, але адначасова са мной мноства людзей цамусьці падняліся з месцаў і акружылі музыкантаў. Амаль гадзіну яшчэ мы стаялі моўчкі, слухалі захапляльную лекцыю сапраўднай джазавай імправізацыі, не смелі перарваць яе апладысментамі і зацята зайздросцілі выканаўцу. За ўвесь час свайго саліравання Сапега мо разы тры-чатыры расплюшчыў вочы. Ён даўно скінуў набрынялы потам сіні швэдар. Час ад часу паплёўваючы на пальцы, ён збіраў на сабе агульную ўвагу. Вінцэнт не паказваў нешта надзвычайнае, звышнатуральнае, ён проста іграў сабе і іграў — годна, шчыра, і менавіта гэтым заціснуў, нібыта ў кулаку, усю аўдыторыю, узняўшы яе з месцаў і прымусіўшы слухаць музыку стоячы. Побач са мной знерухомеў маладзён з пярсцёнкам і ледзь варушыў перасохлымі вуснамі. Панкрат каля дзвярэй імкнуўся не ўпусціць ніводзін гук. Олек абапёрся на спінку крэсла і таксама засяроджана слухаў, ківаў у такт музыцы. Толькі, відаць, думаў ён зусім пра іншае...

Адпаведна і музыканты на сцэне разумелі, што ў гэтыя імгненні яны мусяць працаваць выключна на Сапегу. Зуб сцяўся, скамянеў, напружана слухаў кожную фразу саксафона, якія падмацоўваў сціплымі рэплікамі сваёй гітары. Чырык за раялем цэментаваў імправізацыю ашчаднымі, дакладнымі акордамі, а ў час рэдкіх сольных уставак, калі Сапега пераводзіў дыханне, міжволі паўтараў настрой альт-саксафона. Валяй вырабляў тварам такія грымасы, што можна было здымаць навучальны фільм па міміцы: ён то крывіўся, нібы ад зубнога болю, то свяціўся, як манета ў чвэрць долара, і навальваўся ўсім целам на свой кантрабас так, быццам сціскаў у абдымках жанчыну. Нават Цэцэ — і той, здаецца, упершыню кайфаваў ад таго, што ён чуў і рабіў сам. Таму, мусіць, ён і іграў на рэдкасць дакладна і стрымана. Апошняе для яго наогул не было характэрна...

Нарэшце прагучалі апошнія гукі саксафона, Сапега заспяшаўся ў пакойчык за сцэнай, а яму ўслед абрынуўся шквал апладысментаў, свіст і ўзрушаныя воклічы. Прапагандыст здаровага ладу жыцця Панкрат глыбока зацягнуўся цыгарэтай, і толькі заўсёды пільны Філя прафесійна лавіў каля дзвярэй сваіх кліентаў, якіх забыцца расплаціцца прымусіла, спадзяюся, толькі музыка Сапегі.

Нешта і мяне штурхнула пайсці ўслед за ім, і я ўварвалася ў пакойчык музыкантаў. Сапега стаяў голы па пояс і выкручваў потную кашулю. Кроплі поту сыпаліся з-пад ягоных рук на падлогу.

— Вінцэнт! Ты сёння зрабіў цуд! — сказала я і раптам адчула, што страшэнна хвалююся. Гэта я, Ваўчыца, — хвалююся?!

— А!.. — махнуў рукой Сапега і з пару разоў страсянуў кашулю. — Трэба ж было людзей пацешыць. За такія грошы я мусіў крыху паўпірацца...

в/ Creole Love Call (“Крэольскі любоўны покліч”). Дзюк Элінгтан

Як цудоўна доўжылася гэтая ноч і як жа паскудна яна скончылася! Услед за мной у пакойчык уляцела нахабная Жужа. Яна не дала мне нават слова сказаць, адразу ж кінулася лізаць Вінцэнта. Той не ўхіляўся ад пацалункаў, але твар ягоны быў нерухомы. Жужа павярнулася да мяне.

— Добры вечар! — сказала яна.

— Прывітанне, — Я не зразумела, што задумала Жужа.

— І бывайце здаровы! — пераможна паставіла яна кропку на кароткай гутарцы.

У пакойчыку з’явіўся і Маркіз, які, не чакаючы ніякіх тлумачэнняў, груба выставіў за дзверы і мяне, і Жужу. Гэтая нахабніца паказала мне язык і папрасіла заходзіць сюды часцей.

М-да, нешта апошнім часам з мяне, Ваўчыцы, пачалі зашмат здзеквацца. Нешта я і сама расслабілася, таму што раней за такія штучкі Жужы прыйшлося б несалодка. А тут... Няўжо ўсе іншыя таксама адчулі, што я змянілася, што прычынай не ўласцівай мне нясмеласці з’яўляецца толькі адзін чалавек? Няўжо ў мяне ўсё на твары напісана, як у нявопытнага дзяўча? Дакацілася тады Ваўчыца, нічога не скажаш...

Да таго ж я цалкам закінула свой асноўны занятак, у выніку чаго ўжо адбыліся дзве сутычкі з-за кліентаў паміж маімі кадрамі і індывідуалкамі, якія адным ім вядомым спосабам траплялі ў “Зорку”. А сваркі ды бойкі не былі тут патрэбныя нікому, пра што мне і нагадваў неаднаразова Олек, пакуль не папярэдзіў адносна маіх прэміяльных і ўмоў іх атрымання. Выходзіла так, што я пралятала і тут...

Між тым, седзячы штовечар за столікам у рэстараннай зале і слухаючы Сапегу, я магла пераканацца ў тым, што Маркіз ніяк не адрэагаваў на маю легенду. Пяць-шэсць п’ес Вінцэнт звычайна выконваў у пачатку кожнай праграмы, але чым далей, тым больш Маркіз уводзіў саксафаніста ў папсовы рэпертуар, і нават у тыя “хворыя” тэмы, якія госці купляюць часцей за ўсё. Маркіз працягваў тое, на што я спрабавала ўжо звярнуць ягоную ўвагу. Ды на мае словы звычайна востры яўрэйскі розум Маркіза ніяк не адрэагаваў. Яго нібыта замкнула, і Маркіз як не адчуў, што Сапега, канешне, заўсёды іграе больш-менш роўна, але ягоныя дуэты з пісклівай Монікай — яўная халтура і безгустоўшчына; што сола Сапегі ў папсовых п’есках няхай і не безнадзейныя, ды гонару яму як выканаўцу ніяк не дадаюць. У такія хвіліны Сапега на маіх вачах ператвараўся ў паслухмянага робата для здабывання грошай, і Маркіз як мог падтрымліваў ягонае жаданне адносна першай, джазавай часткі праграмы, затое з поспехам вяртаў сваё тады, калі публіка выказвала ахвоту пачуць пэўную папулярную песеньку. Вінцэнт ці не разумеў такую гульню, ці то проста прыняў яе правілы. Моўчкі праглынуў кінутую яму костку і не папярхнуўся.

Кола чырвоных сцяжкоў вакол Сапегі сціскалася...

Я сама выдатна разумела, наколькі неразумныя маглі быць мае ўчынкі, але Сапега зрабіўся другім чалавекам у маім жыцці, якому я лічыла сваім абавязкам дапамагчы, другім пасля майго гаротнага Самотнага Каўбоя. Ды хто я была тады, у тыя гады? Школьніца, зялёнае паўдзяўчо-паўжанчына. Я ўжо даволі выразна разумела, што такое мужчына ноччу ў ложку, але зусім не разбіралася, што яму неабходна даць у жыцці, удзень. Цяпер бы я ніколі не дапусціла, каб Самотнага Каўбоя закінулі ў псіхушку, я б кусалася, крычала ці проста купіла б там усіх з трыбухамі, усіх, хто захацеў бы дакрануцца да ягонай рукі. З Сапегам сітуацыя прынцыпова іншая, таму што я ведаю, у чым ягоны паратунак.

Так, ягонае майстэрства здольнае прынесці шмат прыемных хвілінаў многім людзям, здольнае пакінуць няхай і нязначны, але — уласны след у музычным мастацтве. Ды разам з тым Сапега пачаў ужо паляванне на самога сябе. Ён нават не заўважае, што пачаў разменьвацца на дробязі, што дзеля аднаго глытка адноснай свабоды ён дазваляе сабе ўсё больш і больш абкруціць уласную натуру павуціннем навязаных яму абавязкаў і рытуалаў. Ён альбо мусіць ім падпарадкавацца, альбо адмовіцца ад усяго, што мае, і застацца адзін на адзін з усім тым, што яго цяпер прыўзносіць. А чым можа скончыцца свята, відаць, разумее і сам непрактычны Сапега...

Таму я ўсвядоміла, што яго неабходна вярнуць туды, адкуль ён прыйшоў, вярнуць як мага менш балюча, пазбегнуць катастрофы, пераканаць Вінцэнта: ён настолькі не ўпісваецца ў гэтую сістэму, што яна раней ці пазней, але абавязкова выплюне яго, інстынктыўна званітуе ім, забраўшы ўсё лепшае, што ён мае.

Што ж, мая ідэя не новая, таму што як толькі Вінцэнт з’явіўся ў “Зорцы”, адразу пачаліся захады, каб вярнуць яго назад. Але мэта ва ўсіх была тады яшчэ аднолькавая, у той час як прычыны — зусім розныя. Олек, напрыклад, не страціў надзеі ўсё ж вызваліць тут месца для свайго чалавека, каб з ягонай дапамогай яшчэ больш прыбраць да сваіх рук Маркіза і ягоны ансамбль. Такім чынам, мае жаданні і памкненні Олека тады супадалі, як і мэта, толькі вось матывы ў нас тады ўжо былі розныя. Нядзіва, што Маркіз аднолькава не ўспрымае і мяне, і Олека. З Маркізам я паспрабавала ўжо пагутарыць, але беспаспяхова: ён мяне нават не паспрабаваў зразумець. Значыцца, мне заставаўся апошні шанц: пагаварыць непасрэдна з самім Сапегам, якога я, шчыра кажучы, усё ж пабойвалася. Гэтыя моцныя, жылістыя рукі, нізкі голас, маленькія вачаняткі і густая чорная барада... З кожным днём чамусьці мацнела маё жаданне збіць у кроў Сапегу ўласнымі рукамі, падрапаць пазногцямі ягоны твар, павыдзіраць бараду, пакусаць ягоныя рукі!

Толькі як жа мне пераняць Вінцэнта, каб ён быў адзін? Яго ж не адпускалі ні на крок: то з музыкантаў нехта сноўдаў побач, то Жужа вісела на ім, як ліпучка. Ён пастаянна рэпеціраваў з лабухамі, а прыходзіў у “Зорку” ці адыходзіў з яе то з Зубам, то з той жа дакучлівай Жужай. З ёй гаварыць у мяне няма ніякага жадання. Іншая справа — Зуб. Ён чалавек не дурны, да таго ж — без лішніх комплексаў і не балбатун.

Яго я і перахапіла неяк унізе ў кавярні.

— Што, я мушу перадаць Маркізу чарговы ультыматум? — адразу спытаў Зуб, з пагардай усміхнуўшыся мне.

— Я хачу пагаварыць з табой сур’ёзна...

— Ой! — адрэагаваў Зуб. — Што за інтарэс у Ваўчыцы да асобы сціплага лабуха?

— Кінь блазнаваць, Браніслаў! Я не буду арыгінальная, але мушу з табой гаварыць адносна Вінцэнта.

Зуб, якога рэдка калі называлі інакш, пачуўшы ўласнае імя, прыкметна змяніўся.

— Што вы там з Олекам зноў удумалі? — спытаў ён.

— Па-першае, не блытай мяне з Олекам, — адрэзала я. — Мы ўсе людзі самастойныя, і я не адказваю за ягоныя ўчынкі і словы. Па-другое, калі ты цяпер не зразумееш мяне, дык хіба ўжо ніхто не дапаможа ўтрымаць Сапегу ад катастрофы.

— Якое прыгожае слова — катастрофа, — сказаў Зуб. — Вельмі сур’ёзнае такое слова. Ды што ты маеш за ім?

— Калі наша размова пойдзе гэтак далей, — сказала я, — дык, лічы, мы дарма трацім час.

Зуб кіўнуў, даўшы мне зразумець, што гатовы слухаць.

— Дык вось... — працягвала я. — У мяне прадчуванне, што месяцы праз тры-чатыры Сапега напэўна вылеціць з рэек. Ён пакуль не адчувае, што пачаў прадавацца па кавалках, што яго ўжо купляюць штодня. І калі ён гэта, не дай Божа, нарэшце зразумее, катастрофы сапраўды не пазбегнуць. Адзінае, чаго не магу прадказаць: чым усё можа скончыцца...

— Нешта я пакуль не разумею, пра што ты мне далдоніш, — прыжмурыўся Зуб. — Што пагражае Вінцэнту? Хто можа пагражаць — я, здаецца, магу здагадацца. А вось што?.. На жаль, чытаць вашыя думкі я яшчэ не навучыўся.

— Браніслаў, хіба ж ты невідушчы, што не бачыш, як Маркіз пачаў ужо рэзаць Сапегу на дробныя кавалачкі і прадаваць іх налева і направа?!

— Дык вось ты пра што... — спакойна ўсміхнуўся Зуб. — Нешта табе прымроілася, Ваўчыца. А калі ты нават гаворыш праўду, дык у нас без камерцыі, сама разумееш, нельга. Трэба толькі мець свядомасць і галаву на плячах, каб не скаціцца да голай халтуры і не прадаць душу. Не думаю, што менавіта гэта пагражае Вінцэнту.

— Вы і не заўважыце, як так і здарыцца. А тым больш не заўважае ён сам, ваш вялікі наіўны хлопчык... Браніслаў, мне неабходная твая дапамога. Сапега не разумее некаторыя відавочныя рэчы. Я мушу сустрэцца з ім сам-насам і таму разлічваю на твой розум.

— Шаноўная Ваўчыца! — павольна, расцягваючы словы, адказаў мне Зуб. — Ніколі Браніслаў Зубчонак не дазволіць табе, даме з вышэйшых колаў паўсвету, дакрануцца да надзвычайнага саксафаніста Вінцэнта Сапегі. Я папярэджваю, што забуду тваё паходжанне і палавую прыналежнасць і буду паводзіць сябе з табой як мужчына з мужчынам, калі ты толькі паспрабуеш наблізіцца да Сапегі. І на тым прапаную скончыць нашую гутарку.

Такім чынам, і Браніслаў нічога не зразумеў! Я нават не чакала, што Зуб паставіцца да маёй просьбы гэтак катэгарычна і цяпер, зразумела, аб усім папярэдзіць Маркіза. А той, у сваю чаргу, узмоцніць нагляд за Вінцэнтам. Хто яго ведае? Я не здзіўлюся, калі праз некаторы час чамадан Сапегі пачне насіць заўсёды чулы да іншых, незнаёмых яму асоб хлопчык з развітай мускулатурай. Прынамсі, пасля начнога джэма ў “Зорцы” Маркіз мае чым аплаціць такія паслугі, і тады будзьце пэўныя: Вінцэнт і ў туалет наўрад ці адзін будзе бегаць.

Зусім нечакана я атрымала дапамогу з боку Олека.

— Слухай, Ваўчыца! — сказаў ён мне аднойчы апоўначы, прычакаўшы, калі я пакідала “Зорку”. — Хопіць табе клапоў давіць, час і на нашую ідэю папрацаваць.

— Я ў адпачынку па ўласным жаданні, — адрэзала я, ды Олек схапіў мяне за руку і моцна сціснуў яе.

— Не, ты слухай сюды, жрыца кахання! — Ён адвёў мяне ад ганка падалей. — Заўтра ты не будзеш сядзець наверсе, а пасля таго, як Сапега адыграе свой першы кавалак, будзеш ацірацца ўнізе, каля кіёска з сувенірамі. Твая задача — вывесці Сапегу з кабака на вуліцу. Прычыну прыдумаеш сама. Пасля гэтага ты павінна імгненна знікнуць дзе хочаш і забыць усё, апрача аднаго: Сапега сам папрасіў цябе правесці яго на вуліцу, дзе развітаўся і далей пайшоў адзін. Усё! Цябе прыкрыюць вось гэтыя два хлопчыкі.

З цемры выступілі вядомы мне Шэры і... малады хударлявы хлопец, якога я адразу ж пазнала па вялікім пярсцёнку.

— Але, — кіўнула я. — Пытанняў няма.

Якія, сапраўды, могуць быць пытанні? У сітуацыі, калі мае жаданні супадаюць з планамі Олека, я не магу не скарыстаць такі выдатны шанц. Толькі зраблю сёе-тое выключна па-свойму...

г/ Desafinado (“Дэзафінада”). Антоніа Карлас Жабім

Быў самы звычайны вечар у “Зорцы”, падобны на многія іншыя. Ужо а дзевятнаццатай гадзіне ў фае было шмат людзей. Стоячы каля люстэрка, я цішком агледзелася. Так, Шэры і ягоны малады сябрук былі ўжо на месцы і старанна рабілі выгляд, што іх вельмі цікавяць выстаўленыя ў вітрыне сувеніры. Непадалёку ад іх, гэтак жа сама робячы выгляд зацікаўленага чалавека, стаяў маленькага росту мужчынка ўсходняй знешнасці з лысым чэрапам. Азіраючыся па баках, ён на імгненне спыніў на мне позірк і запытальна прыўзняў бровы. Я ледзь прыкметна кіўнула...

Здаецца, нічога падазронага ў фае я не заўважыла. Так, мае калегі па прафесіі... Яны тут крыху раней часу, таму што з’явіліся на заказ. Свабодныя паляўнічыя заявяцца пазней, калі пачне ўжо гучаць музыка і будуць выпітыя першыя порцыі спіртнога. Захаравіч на дзвярах, два стражы парадку, Жужа пра нешта спікае з замежнікам занадта навуковай знешнасці, двое мужчын у росквіце сіл за нізкім столікам і добра ўжо на падпітку, усялякая іншая рэстаранная кліентура. Я зноў пачакала, пакуль сустрэла позірк маленькага чалавека і звярнула ягоную ўвагу на пару вясёлых мужчын у прыстойных касцюмах. Нешта выдавала ў іх карнавальны макіяж: ці то занадта гучны смех, ці то агульная штучная разняволенасць. Мне маскарад сёння не быў патрэбны: я занадта шмат паставіла на кон, каб залятаць з-за непрадбачаных дробязяў...

У мяне яшчэ заставалася дастаткова часу, таму пасля папярэдняга вывучэння мясцовасці я, задаволеная разведкай, пайшла ў кавярню. З кутка мне махнулі нейкія напаўзнаёмыя жанчынкі, для якіх сумесныя уік-энды з мужчынамі былі не прафесіяй, а нечым накшталт прыемнага хобі. Б... па натхненню — гэты тэрмін, мушу заўважыць, мой выналазак. Яны аддаюцца ахвотна, ды далёка не ўсім, у адрозненне ад б... па прызванню, у якіх перадок увесь час загружаны самым разнастайным асартыментам.

Я павесіла на спінку крэсла сумачку, абмянялася з жанчынкамі думкамі пра надвор’е і кошты чорнага рынку, пасля чаго пайшла да стойкі па кубачак кавы. Заказала і сто каньяку, таму што будучая гутарка з Сапегам вымагала ад мяне доказнасці і асаблівай лёгкасці выказвання думак. Пабалбатала з барменам, вярнулася да століка, выпіла каньяк і каву, з’ела бутэрброд з дарагой каўбаскай, пасля чаго пайшла пазваніць. Каля тэлефона зірнула на гадзіннік: усё ішло як я і разлічвала. На маё пытанне: “Гэта даведка?” прагучаў адказ, які я і спадзявалася пачуць: “У даведку званіце трыццаць тры пяцьдзесят восем, дадаць дваццаць”.

Што значыла: машына пад названым нумарам 33-58 будзе чакаць на мяне, пачынаючы з дваццатай гадзіны, каля службовага ўвахода, які, зразумела, будзе адчынены выключна для мяне з Сапегам. Ой, і няпроста ж быць мазгавым цэнтрам сапраўднай баявой аперацыі!

— Гэй! — гукнуў мяне бармен, калі я вярнулася ў кавярню. — Твае рэчы тут. Яшчэ кавы?

Не, хопіць. Нельга, каб эмоцыі перамаглі сёння халодны розум. Я ўскінула сумачку на плячо і выйшла ў фае.

Было за пятнаццаць хвілін восьмая. Зверху ў фае даляцела гучанне саксафона, на якое тут ніхто не звяртаў увагі. Мае цені, прымацаваныя Олекам, цяпер старанна праседжвалі выдзеленыя ім на аперацыю грошы гульнёй з аўтаматамі і смяяліся з недарэчных падказак маленькага лысага чалавека. Жужа напэўна тырчала ўжо наверсе і ва ўсе вушы слухала Вінцэнта, а мужчыны ў росквіце сіл па-ранейшаму азіраліся з-за століка на жанчын і даволі гучна абменьваліся дурнаватымі рэплікамі. Гэта ж трэба ўмець — столькі часу трымаць адну танальнасць! А вось маіх калег крыху пабольшала, да рэстарана пачалі падцягвацца і жыхары гатэля — прыбраныя, прычасаныя замежнікі ў аблоках пахучага цыгарэтнага дыму і адэкалонавых водараў...

Я напружылася: наверсе загучалі апладысменты. Пачулася, як Маркіз аб’явіў перапынак, таму я адразу ж адышла ў глыб фае, да кіёска з сувенірамі, адкуль магла спакойна назіраць за сходамі, якімі Сапега мусіў неўзабаве спусціцца ў фае.

Олек — чалавек наогул прадбачлівы, але не з тых, хто здольны прадугледзець і разлічыць усё. Ён не думаў, што Сапега сыдзе ўніз са сваім шалёным саксам. На інструмент не разлічвала і я, тым не менш ледзь прыкметна кіўнула яму, запрашаючы пайсці за сабой. Сапега быццам і не наважваўся нікуды ісці з фае, таму ступіў літаральна тры-чатыры крокі і спыніўся. За ягонымі плячыма імгненна выраслі Шэры і хлопец з пярсцёнкам. Заўважыўшы іх, Сапега прыкметна разгубіўся і азірнуўся на сходы, дзе стаяла Жужа. Я моўчкі паўтарыла сваё запрашэнне і пасунулася далей ад святла. Сапега зноў ступіў наперад некалькі крокаў, і тут раптам паміж ім і хлопцамі ўціснуўся маленькі лысы чалавек.

Зваўся ён Чу. Гэтага карэйца “прадаў” мне на вечар адзін з маіх сталых кліентаў, калі атрымаў ад мяне значна больш, чым спадзяваўся атрымаць, узяўшы пад увагу ягоны салідны ўзрост. Ён нават назваў мяне Маці-Ваўчыца і паабяцаў, што Чу — вялікі спецыяліст у галіне розных усходніх штучак і на маю просьбу зробіць амаль усё, на што здатны добра вывучаны чалавек.

Шэры быў паспрабаваў адсунуць рукой Чу з дарогі, але той усяго і зрабіў, што паклаў Шэраму пальцы правай рукі на вочы, пасля чаго той, як рыба на беразе, бязгучна зашлёпаў ротам, упаў на калені і закруціўся на месцы. Напэўна, яму было вельмі балюча.

Ягоны сябра высока ўзняў руку з масіўным пярсцёнкам і рэзка апусціў яе ўніз, ды Чу спрытна выкруціўся з-пад удару, зрабіў лёгкі выпад далонню наперад і пасля адступіў на крок. Малады хлопец ніцма грымнуўся на падлогу, і тут я заўважыла, што з-за століка з нечаканым спрытам у наш бок кінуліся два вясёлыя шукальнікі вялікага і цёплага кахання. Тады Чу пераступіў ім шлях.

Што было далей — мяне не цікавіла. Чу атрымаў ужо больш чым ладны задатак і павінен быў пратрымацца дзве хвіліны, пасля чаго знікаць з “Зоркі” згодна з уласным планам. Таму я схапіла Сапегу за руку і пацягнула яго праз цёмны калідор да выхаду, дзе нас чакала машына. Сапегаў саксафон моцна такі ўдарыў мяне пад дых, калі я ўпіхнула гэтыя сто дваццаць кілаграмаў на задняе сядзенне і ўплішчылася сама, ледзь паспеўшы падхапіць сумачку. Вадзіцель не сказаў ні слова і як ні ў чым не бывала рвануў з месца да расчыненай брамы. У святле лямпачкі над службовым уваходам у гатэль я адно заўважыла, як каля яго прамільгнула голеная галава, пасля чаго дзверы, абрынуўшыся, заваліла гара пластыкавых скрыняў з-пад напіткаў. Што ж, прафесіянал Чу спраўна апраўдваў выдадзеныя яму авансы.

— Куды мы? — спытаў Сапега, які ніяк не мог прыладкаваць свой інструмент, што балюча ўпіраўся ў мае рэбры. Дзякаваць Богу, што ён пайшоў гуляць без чамадана і зусім не супраціўляўся, пакуль я валакла яго да машыны! Ён жа мог проста спыніцца, і тады я не зрушыла б яго з месца...

Машына ляцела вельмі хутка, рызыкоўна і прыгожа праходзіла павароты. Але і тут мне была гарантаваная поўная надзейнасць. Дзіва што! Я аддала амаль паўгадавы заробак і абавязана была атрымаць сервіс на вышэйшым узроўні!

— Пагутарым на месцы! — перапыніла я музыканта, і той пакорліва змоўк.

Думаю, пра гэтую маю аднапакаёўку Олек нічога не ведаў. Тут я бывала нячаста, а ключамі ад кватэры загадвала пэўная бабулька, уся задача якой заключалася ў тым, каб раз на тыдзень забраць два ключы з ячэйкі камеры-аўтамата на вакзале, з’ездзіць на кватэру, змахнуць пыл і паліць кветкі, пасля чаго паведаміць мне нумар скрынкі ў багажным аддзяленні і шыфр ячэйкі. Кожны такі візіт у аднапакаёўку прыносіў бабулі чацвяртак...

Не даехаўшы крыху да патрэбнага мне дома, я загадала вадзіцелю спыніцца. Мы выйшлі з “Волгі”, я азірнулася і не заўважыла нічога падазронага. Канешне, крочыць па вуліцы з такім мужчынам, у якога да таго ж на шыі боўтаецца саксафон, — занятак далёка не самы прыемны, таму што дудка вельмі ўжо кідалася ў вочы. На маё шчасце, па дарозе мы нікога не сустрэлі і хутка мінулі два кварталы. На ліфце ўзняліся на восьмы паверх, я адчыніла дзверы і ўпіхнула Вінцэнта ў кватэру.

Там было душна. Я адчыніла фортку і стала насупраць Сапегі, які апусціўся ў глыбокае скураное крэсла. Ягоныя калені тырчалі вышэй за галаву.

— Што ад цябе хацеў Олек? — спытала я.

— Вось, — адказаў Сапега і даў мне аркуш паперы. Я прачытала запіску.

“Вінцэнт! Ёсць прапанова ўладкавацца ў пэўны начны клуб для вузкага кола людзей на нечуваных у горадзе ўмовах. Аплата выключна “зялёнымі”, іграць трэба будзе толькі джаз найбольш паўтары гадзіны штоноч для людзей з вялікімі кішэнямі. Сёння ў фае а дваццатай цябе сустрэне Ваўчыца. Ты мусіш прыйсці адзін. Ідзі за Ваўчыцай. Падрабязнасці пры асабістай сустрэчы. Твой прыхільнік”.

Дык вось яно што! Я хуценька супаставіла ўсю інфармацыю, якую мела, і аж прысвіснула: Олек дзейнічаў з вялікім размахам! Гэтая кабыліца Джэні за кілішкам брэндзі нядаўна намякнула мне пра новы магчымы фронт работ і праект пад назваю “Начная сямейная сауна”. Джэні разлічвала атрымаць там месца ў якасці масажысткі. Гэта значыць — безадказнай посцілкі з работай праз дзве ночы на трэцюю, пастаянным заробкам і клятвай трымаць язык за зубамі. Пасадзіць у такую ўстанову маленькі джаз было б, безумоўна, у асаблівы кайф для тых, хто прыйдзе ў сауну ачысціцца ад грахоў зямных. Хоць я асабіста аддала б перавагу арганнай музыцы... Уласна кажучы, сауна добрая ўжо тым, што кожны бачыць і перажывае яе па-свойму...

— З кім я павінен гутарыць? Дзе гэты... — спытаў Вінцэнт.

— Што, гатовы прадацца адразу? — сарвалася я. — Ты... Я думала, што Сапега — адзіны музыкант у “Зорцы”, хто яшчэ збярог уласную годнасць, гонар музыканта, адчуванне сябе. А ты, Вінцэнт... Цябе толькі паманілі “зялёнымі” — і ты ўжо гатовы прадаць уласную каманду! Паскуда ты пасля гэтага, калі табою кіруе не музыка, а такія вось людзішкі, як Олек ці Маркіз.

— Маркіз — харошы, — запярэчыў Вінцэнт. — Ён мне ва ўсім дапамагае. Ён мне даў добрую работу, я шмат цяпер зарабляю, але магу іграць яшчэ больш! Я магу і хачу больш!

— Божа, які ж ты дурань! — Я ў адчаі падскочыла да Сапегі, схапіла яго за плечы і затрэсла гэтае вялікае пудзіла, якое ўпарта нічога не жадала разумець. — Ты што, сапраўды дзіця малое?! Яны ж пачынаюць перапрадаваць цябе адзін аднаму, ты ж цяпер горшы нават за мяне: пайшоў па руках, таму што зрабіўся рэччу, таварам, але пры тым цалкам страціў свой кошт!

— Ты мяне ненавідзіш, таму і гаворыш такое! — упарціўся Вінцэнт. — А я проста хачу іграць, і ўсё тут! Усяго толькі іграць. Чаму мне нельга?

Я кінулася перад ім на калені.

— Бачыш, Сапега, сама Ваўчыца ўкленчыла перад табой. А ўсё таму, што твой лёс неабыякавы мне, усё таму, што я шчыра хачу выратаваць цябе. Вінцэнт, паслухай ты мяне, павер: бяжы з горада, пакуль цябе не купілі тут цалкам, бяжы, пакуль яшчэ вольны!

— Ты... што ты гаворыш? — Сапега адгарадзіўся ад мяне саксафонам, як шчытом, быццам бы я яму нечым пагражала. — Ты... усе ведаюць, хто ты... Мне назад трэба, пусці!

— Вінцэнцік, мілы, ну хочаш, я паеду з табой? Куды ты скажаш — паеду, хочаш?! Кіну ўсё, абы табе было добра! Ну, ці паверыш ты мне?!

Сапега мне мусіў паверыць!

Але ж і я абавязана была ўлічыць, што доўгі час трымаць у таямніцы гэтую аднапакаёўку было немагчыма. За перамяшчэннем ключоў маглі прасачыць. Урэшце, той бабульцы маглі заплаціць больш за мяне, і тады хіба праблема Віцьку атрымаць копію ключоў ад уваходных дзвярэй?

— Хэлоу! — весела сказаў Віцёк, з-за спіны якога выглядваў сталага ўзросту міліцыянер, нейкі тып у цывільным і двое людзей, апранутых па-хатняму. — Прашу прабачэння за нязваны візіт, але ж работа, работа...

Пакуль я падымалася з каленяў, Віцёк спрытна падскочыў да маёй сумачкі.

— Прашу прабачэння яшчэ раз, — сказаў ён. — Але я хачу паказаць маім калегам у прысутнасці двух сведкаў адну штуку. Увага, я расчыняю сумачку, якая належыць грамадзянцы Анжэліцы Галубкінай, больш вядомай у пэўных колах як Ваўчыца.

Гэтага трэба было чакаць! Але два буйныя праколы за адзін вечар — ужо зусім не смешна. Толькі з гэтай прычыны я і не зарагатала тады, калі Віцёк урачыста дастаў з маёй сумачкі пакецік з-пад малака і паклаў яго на стол. З пакеціка ён выцягнуў спачатку пяць аднаразавых шпрыцаў, а пасля — упакоўку нейкіх ампул.

— Які будзе каментарый да гэтага, грамадзянка Галубкіна? — спытаў Віцёк.

Ну які тут можа быць каментарый?! На элементарным пагарэла! Гэта ж трэба было — не праверыць сумачку пасля таго, як пакінула яе без дагляду на некалькі хвілін... Вось і атрымала па поўнаму рахунку! Але ад каго? Мноства варыянтаў для здагадак... Прынамсі, у мяне будзе час падумаць.

— Віцёк, ты мне верыш? — ціха спытала я, спрабуючы зазірнуць яму ў вочы.

— Кажыце, грамадзянка Галубкіна, толькі без усялякіх Віцькоў. Віктар Аляксеевіч, калі вам так зручна, прашу...

— Віктар! — Я гатовая была расплакацца, хоць разумела, як смешна яно будзе выглядаць збоку. — Шпрыцы — яўна задума Олека ці яшчэ каго, хто гатовы мяне закапаць, прыпутаўшы хоць на чым, хоць на той жа наркаце. Ты ж ведаеш, Віцёк, што сама я ніколі з тым справы не мела!

— Ведаю! Вы, грамадзянка Галубкіна, — ніколі, а вось ваш сябра — тут ужо ўзнікаюць некаторыя пытанні, — адказаў Віцёк. — І яшчэ раз: мяне завуць Віктар Аляксеевіч. Ці таварыш капітан, як вам захочацца.

— Вінцэнт?.. — не паверыла я. — Цяпер?!

— Грамадзянін Сапега, папрашу вас закатаць рукаў кашулі, — папрасіў такі выхаваны таварыш капітан.

Сапега, азірнуўшыся, ускочыў раптам з месца, ды Віцёк з зайздроснай лёгкасцю няўлоўным ударам кулака ў жывот вярнуў яго ў крэсла, і пакуль Вінцэнт, глыбока дыхаючы, вяртаўся з забыцця, таварыш капітан закатаў левы рукаў ягонай кашулі.

— Глядзіце самі, грамадзянка Галубкіна, — прапанаваў Віцёк.

На локцевым згібе левай рукі Сапегі на фоне пажаўцелага сіняка выразна вылучалася адна чорная кропачка. Такая маленькая, ледзь прыкметная, але за ўласнае жыццё я такіх пабачыла шмат...

— Калі гэта адбылося? — працягваў дапытвацца Віцёк.

— У панядзелак... калі джэм быў... мне адзін у туалеце прапанаваў, — шаптаў Сапега. — А я сам ведаю, што яно дапамагае. Мне Маркіз сказаў... што Панкрату я прайграць не магу...

— Вінцэнт! — зараўла такі я, размазваючы слёзы па твары. — Што, з’еў, не падавіўся? Ты і цяпер мне не верыш? І цяпер, калі зрабіўся ў іх руках таннай цацкаю? Вось яны і мяне прыбралі, каб толькі ты зразумеў, што з іх кручка табе не саслізнуць. Не будзе Олека — хто-небудзь іншы выплыве. Бяжы, я табе сказала, бяжы! Гэта я табе паўтараю, Ваўчыца, якая сама трапіла ў пастку, як смаркатая сяміклашка!..

Пакуль Віцёк скончыў усе неабходныя фармальнасці, я стаяла, плакала і ва ўпор глядзела на Сапегу. Той сядзеў, здавалася б, безуважна, і нішто яго быццам бы і не хвалявала. Тым не менш ён пра нешта разважаў. І толькі калі мяне запрасілі пайсці з кватэры, Вінцэнт раптам выразна сказаў:

— А во вам шыш усім!

— Гэта вы не мне, спадзяюся, кажаце, грамадзянін Сапега? — аж падскочыў Віцёк.

— І табе таксама, і ўсім вам, і ўсім тым! — Сапега падняўся з крэсла. — Не на таго натрапілі, мяне няпроста ўзяць. І таму пайшлі б вы ўсе да ... мацеры!

— Но-но! — абарваў яго Віцёк. — Збірайцеся, закінем вас у “Зорны дождж”, толькі каб без лаянкі. А то мне лішні пратакол напісаць — клопату вялікага няма.

— Бачыў я твой пратакол... На цвіку ў сарціры!

— Грамадзянін Сапега! Вам на працу трэба. Хутка ж да вас “хворыя” пойдуць...

— Няхай яны задушацца, калі я, Сапега, буду ім зад лізаць за іхнія паскудныя грошы!

“Бяжы, Вінцэнт, бяжы! — думала я, сядаючы ў міліцэйскую машыну. — Бяжы, дужы звер, таму што не заўважыш, як сапраўды трапіш у кола чырвоных сцяжкоў, а потым — хочаш не хочаш, а міжволі пачнеш нахіляцца да кожнага зада...”