Саксафон Чынгісхана

Падбярэзскі Зміцер


Саксафон Чынгісхана, альбо „хворыя” грошы - Сола ад Андрэя Захаравiча

a/ Anthropology ("Антрапалогiя"). Дызi Гiлеспi, Чарлi Паркер, Джо Бiшоп

Не, што тут i казаць: гэты калматы асiлак — сапраўдная знаходка для Маркiза i ягонага аркестра. Галаву гатовы пакласцi, што ён сябе пакажа выключна, прымусiць сяго-таго задумацца, як трэба iграць. Што-што, а ў людзях разбiрацца жыццё мяне добра навучыла. У свой час там, пад Магаданам, я неаднойчы пераконваўся, што сiла далёка не заўсёды ратуе чалавека ў нязвыклых, цi, як цяпер кажуць, — экстрэмальных умовах. Калючы дрот, мароз ды кулямёты па вуглах лагера надзвычай хутка ламалi людзей, рабiлi з iх прывiдаў. Бывала, з чарговым этапам прыгоняць такога — ружовашчокага, шырокага ў плячах, гордага i ўпэўненага ў сабе. А праз пару дзён ужо заўважаеш, як ён парашу з барака, дзе "сiнiя" кватаруюцца, спраўна выносiць i ў адказ на пiнкi ў зад адно лiслiва ўсмiхаецца. Меў бы хвост, як у таго сабакi, — дальбог, мёў бы iм падлогу. Але сустракалiся там i такiя: сядзь яму матыль на плячо — адразу з лаўкi звалiцца, павей ветрык — будзе матляцца, як сухая сцяблiна. А вось тыя ж "сiнiя" штодзень пасля вячэры пасядуць вакол такога худасочнага старога i моўчкi слухаюць яго, вушы натапырыўшы, гатовыя цi не пайкай падзялiцца i пакласцi за яго ўласныя галовы. Найбольш дзiўнае — тады нават лаянкi ад iх не пачуеш. Анi слоўца!

Якiх паўгода мiне — здаравяку ўжо i не помнiць нiхто, нiхто не згадае, у якую ямiну ягонае цела скiнулi i разам з кiм. А такiя вось старыя — пацiху, спакваля жывуць сабе i жывуць, адно толькi канючаць: памылiлiся там, маўляў, але хутка дазнаюцца аб памылцы i iх вернуць дамоў. Мусiць, гэтая вера i трымала iх пры жыццi. Моцныя яны былi зусiм не фiзiчна, а душою, вераю ў самiх сябе. А вось хто нi ў што не верыў — той якраз i гiнуў першы.

Сапега з лiку тых, хто моцныя верай. Тое адразу адчуваецца. Праўда, тут яму спадзявацца амаль няма на каго. Хто такiя рэстаранныя лабухi — усе ведаюць. Вось хоць бы той жа Цiмафей Гразноў, Цэцэ... За якую дзесятку поўны барабан уласнага дзярма нахлюпае. I сам жа вычышчаць кінецца за тую ж дзесятку, радуючыся пры гэтым, што зрабiў добры iнтарэс. Цi, скажам, Маркiз. Ён пра музыку менш за ўсё думае, галоўнае для яго — "дзела" зрабiць, каб ягоная фiрма выглядала як мага лепш, прыстойней. Вось чаму я i баюся, што Сапегу тут будзе няпроста. Добра, калi ён не зломiцца, калi зможа пераадолець гэты пах грошай, якiм ад нашай "Зоркi" за вярсту нясе.

Ёсць тут, праўда, i добрыя хлопцы. Як той жа Бронiк Зубчонак. Такiх музыкантаў, як ён, у горадзе хапае. Але ж ён чулы хлопец, душэўны, да музыкi ставiцца не як да сродку зарабiць на жыццё, капейчыну якую ўрваўшы. Ён не з тых салiстаў, хто адным сваiм сола здольныя паставiць на вушы ўсю залу. Проста ён сумленны ў сваёй прафесii. А гэта сярод кабацкiх музыкантаў — з'ява нячастая. I добра, што Сапега ўсё больш з iм бывае. Зубчонак не схлусiць i не прадасць, ён хутчэй скажа ў вочы ўсё, што думае. I калi б не гэтая ягоная надзейнасць ва ўсiм i ўменне трымаць некалi сказанае слова, Маркiз яго напэўна б даўно выкiнуў на вулiцу.

Я такi схлусiў Бранiславу, калi сказаў, што не бачыў, як iх фарца на вулiцы пераняла. Бачыў я ўсё i магу прысягнуць хоць на Бiблii, што менавiта тыя ж фарцоўшчыкi святло ў зале вырубiлi i Фiлю з падносам штурхнулi на Сапегу. Але ж i сiлiшча ў руках Вiнцэнта! Гэты Олек, каб яго перакруцiла, такi з сябе накачаны, а ўцякаў, як шчанюк ад каня! I як Сапега легкавiк дагары коламi паставiў — я таксама бачыў. Ды нiколi пра тое нiкому не скажу. Таму што гэта ў сорак дзевятым там, у лагеры, нават "сiнiя" ад аднаго майго прозвiшча языкi прышчамлялi. А цяпер я хто? Дробязь нейкая, што пры ўваходных дзвярах боўтаецца. Паскудная фарца i тая праходзiць паўз мяне, вока не скасiўшы. Таму што ведае: я гэтым тыпам i слова запярэчыць няздольны. Купiлi яны мяне, сабакi, як дзеўку апошнюю! Ведаюць жа: без iхнiх штотыднёвых падачак я даўно б быў вымушаны ў парках ды скверах з-за пустых бутэлек з нягеглымi бiцца. Што такое мая сённяшняя зарплата? Зусiм не падарунак лёсу для былога афiцэра ўнутраных войскаў.

Даўно гэта было. Так даўно, што згубiлiся ў гадах i былыя сябрукi па службе, i начальнiкi, якiя бiлi сябе ў грудзi пры развiтаннi: маўляў, да скону дзён не забудзем вернага службiста, надзейнага афiцэра. А ў пяцьдзесят трэцiм iм усiм як памяць адрэзала. Адзiн лiст па другiм пасылаў як нi штодня — быццам у бездань. Анi слоўца ў адказ! А хутка i мяне самога выпхнулi з таго надзейнага жыцця, дзе нельга было думаць самастойна — толькi выконвай тое, што табе загадалi.

Уласна кажучы, я i сёння тым жа займаюся. Але вось у той вечар я i без загаду зразумеў: лепш рабiць выгляд, што нiчога не бачыў. Нават Зубчонку не прызнаўся, не тое што Вiцьку. Яшчэ ж невядома, як бы ён сябе павёў. Канешне, мог бы i раздуць усё, асаблiва калi на Олека з сябрукамi якую компру трымае. А мог бы i загадаць, каб я язык назаўсёды праглынуў. Ён — што, думаеце, сам святы? А чым жа ён лепшы за тых маладзенькiх сяржантаў, якiя цi не ў струнку выцягваюцца, калi дзяўчаты на чале з Ваўчыцай у "Зорку" на работу крочаць? У Вiцька што, зарплата мiнiстэрская, уласная нафтавая свiдравiна ў двары дома? Калi б расказаць каму, як тут усё адно з адным павязана-перакручана, — кожная б газета, любы часопiс, як той жа "Шпiгель", вялiкiя грошы за такi аповяд выклалi б!

Але паспрабуй тут пiкнуць! Адразу ж адзiн з тых бандзюгаў так табе шыйку сцiсне, што i мiргнуць не паспееш. А мне ж яшчэ ой як хочацца па зямлiцы пахадзiць! Гэх, як жа тады, у канцы саракавых, усё проста было!.. Тады б адразу, у адзiн вечар з дапамогай усяго якога ўзвода ў такiм рэстаране, як нашая "Зорка", поўны барак таннай рабсiлы можна было б набраць. I Вiцька б таго туды, пад Магадан, заадно паслаць галоўным над канваiрамi, назiральнiкамi i кулямётамi. I там быў бы поўны парадак!

Цяпер вунь на ўсе галасы спяваюць пра ахвяры сталiншчыны, генацыд супраць уласнага народа. Канешне, многiх тады пахапалi зусiм ні за што. Але ж i дзярма рознага столькi па вулiцах не швэндалася, i грашыма нахабна нiкому рот не затыкалi, як цяпер. Людзi, каму тое было дазволена, дыхалi на поўныя грудзi. А сёння перад кожным смаркачом дзверы расчынi, у кожнага пра здароўе спытай. А як жа! Быў сабе некалi няхай невялiкiм, але ж — богам, быў айцом-камандзiрам, ды няўцям было, што ўсё можа гэтак перакруцiцца. Цяпер вось i пасада iншая, i гонару прыкметна паменела, таму што сам вымушаны бездакорна выконваць загады i моўчкi глытаць iхнiя барскiя падачкi.

Такi ўжо час настаў, калi неабходна падладжвацца пад любыя абставiны. А абставiны не любяць пустых жартаў. Яны шануюць толькi канкрэтныя прапановы. Таму, трапiўшы ў тыя цi iншыя абставiны, людзi мiжволi задумваюцца, што рабiць. I кожны ў рэшце рэшт выбiрае сваё i тым самым займае прадвызначаную яму часам палiчку. I выжывае кожны так, як у яго сiлы хопiць: хто дзякуючы целу, хто — душы. А тое, што цела цяпер значна даражэйшае за душу, i згадваць няварта. Бо душу i раней калi прадавалi, дык толькi чорту, а цела здаўна лiчылася надзвычай выгодным таварам. А сёння — дык i падаўна! I калi вакол цябе столькi целаў, якiя прыгожа гнiюць, дык i сам, як нi затыкай уласны нос, мiжволi наглытаешся гэтай атруты.

I Сапега з цягам часу зробiцца такiм, якiм сябе яшчэ не ведаў. Так, ён будзе iграць сваё, але на яго ўжо звярнулi ўвагу. I пакуль ён яшчэ не ўпiсаўся ў вынаходлiва створаную i дасканала адпрацаваную сiстэму, для яго палiчка пакуль не падрыхтаваная. Ён усё яшчэ блытаецца пад нагамi i тым замiнае многiм. Аднак жа месца для яго ўжо шукаецца. Ён не можа быць тут i заставацца па-за сiстэмай.

Божа, якая ж гэта крыўда, якая абраза, калi чалавек вымушаны адчуваць сябе каменчыкам на дарозе, вiнцiкам машыны, якому дазволена iснаваць, але ў дакладна вызначаным, строга акрэсленым месцы. I якая бяда, калi ты сам асабiста ўсведамляеш уласную мiзэрнасць!

Дык дай жа яму сiлы ўзбунтавацца, дапамажы адчуць сябе чалавекам у такiм няпростым свеце, якi гандлюе сабой па грошыку, распранаючыся на вачах усiх, забыўшыся на тое, што такое — цнатлiвая i шчырая ўсмешка. Паспрыяй кожнаму з тых, у каго душа прагне неба, песнi, зберажы яго ад памыйнай ямы i здрадлiвых грошай. Няхай ратуе вас душа цi што яшчэ iншае, што ў вас замест душы, адчайныя лабухi!

Няхай i цела вашае таксама будзе чыстае!..

б/Love For Sale ("Каханне на продаж"). Коул Портар

Мiнула дзён з пяць пасля таго здарэння. Фарцоўшчыкi носа ў "Зорку" не паказвалi, але я зусiм не быў упэўнены, што гэта менавiта Сапега паставiў iх на месца. Напэўна, зашылiся дзе-небудзь, абдумваючы сабе, што яны мусяць рабiць надалей. Можа, некаму i няўцям, чаго гэта раптам нейкi музыкант стаў iм упоперак дарогi. Ды ўсё па той жа прычыне: не любяць яны, ох, не любяць людзей з чыстай, незакаламучанай душою. Таму што ў самiх душы пакрылiся шчыльнай скарынкаю бруду.

У гэты дзень я не працаваў, а зайшоў у рэстаран па нейкiх уласных справах. У зале прыбiралi пасля ранiшняй кармёжкi турыстаў, а на сцэне знаходзiлiся двое — Зуб i Сапега. Бранiслаў нешта тлумачыў Вiнцэнту, а той уважлiва слухаў, раз-пораз кiваючы. Яно i зразумела: калi ў аркестры новы музыкант, дык i праграма мусiць памяняцца. Але, думаю, няма такога музыканта, якi ў першы ж вечар без усялякiх рэпетыцый здольны адыграць цэлую праграму з раней не вядомым яму аркестрам.

Уласна кажучы, я нiкуды не спяшаўся. Таму прысеў за столiк каля дзвярэй i папрасiў Фiлю прынесцi бутэльку "Баржомi". Дробязi ў мяне не было, i я аддаў Фiлю рублёўку. Той моўчкi сунуў яе ў кiшэню i за суседнiм столiкам пачаў працiраць келiхi. Я чалавек не дробязны, але i нахабства не выношу. Да таго ж кожны афiцыянт, за выключэннем Фiлi, за бутэльку мiнеральнай са сваiх грошы браць не будзе.

— Фiля! — спытаў я яго. — Ты як, на тым тыднi пазыку вернеш цi ўжо сёння?

— Якую пазыку? — акруглiў вочы Фiля.

— Ды той рубель, якi я табе толькi што аддаў, — растлумачыў я.

— Ты, Захаравiч, крахабор, — замiтусiўся Фiля. — Стоячы на ўваходнай браме, напэўна больш за мяне чаявых маеш, а вось тут над кожнай рублёўкай трасешся.

— А ну сядзь! — загадаў тады я яму, адсунуўшы ад стала суседняе крэсла.

I калi Фiля нарэшце зразумеў, што сёння мне зусiм не хочацца з iм жартаваць, i сеў такi побач, я моўчкi працягнуў яму сваю далонь. Скрывiўшыся, Фiля паклаў у яе рубель.

— Ну вось, — задаволена ўсмiхнуўся я. — Даўно б так. Не, ты крыху пачакай. Растлумач мне, цёмнаму, чаго гэта раптам фарца Сапегу незалюбiла?

Я ведаў, што Фiлю не трэба спецыяльна цягнуць за язык. Такога балбатуна, як ён, яшчэ добра пашукаць трэба. Фiлю i сапраўды адразу панесла, але ён чамусьцi мянташыў языком напаўголаса, азiраючыся i прыгiнаючы галаву.

— Захаравiч, толькi памiж намi! — папрасiў ён. — Хоць што я кажу? Такая таямнiца, што ўсе тут, мусiць, даўно ведаюць. А вось ты i сапраўды цемра. Думаеш, ты адзiн тут ад фарцы беспадаткавыя ганарары маеш?

— Но-но!.. — я паспрабаваў быў паставiць яго на месца, але Фiля толькi нецярплiва махнуў рукой.

— Ай, маўчаў бы ты!.. Я, скажам, тут чысты, ад iх грошай напрамую не бяру. Але за маiмi столiкамi гаспадар — гэта я. А я разумею, што многiя клiенты проста так у "Зорку" не трапляюць. Ведаю, што кажу. Амаль штовечар прыходзiць сюды нехта па званку ад Олека. Гэныя, зразумела, не такiя прыжымiстыя, як ты, Захаравiч. Пасля разлiку з iмi ў маёй кiшэнi абавязкова асядае сякая-такая капейчына. I так тут з усiмi. Хто бярэ ў лапу напрамую, хто падножны корм з кухнi мае, а хто — на пенсiён ад той жа фарцы найперш разлiчвае.

— Няўжо i музыканты?! — раптам здагадаўся я.

— А то не! — развёў рукамі Філя. — А праз каго ж Маркіз апаратуру дастае, інструменты? Адзін жа мікрафон цяпер з тысячу каштуе! Ты, Захаравіч, паспрабуй такі мікрафон у нашых магазінах купіць. А? Тройчы лопнеш, не знойдзеш, няма іх, у прыродзе не бывае! А фарца — тут як тут, наце вам, трымайце, карыстайцеся на здароўе, толькі вось грошыкі — наперад.

— Тут, значыць, гандаль з пераплатай? — удакладніў я.

— Разумей як хочаш! — пацвердзіў Філя. — Але не ўсё так проста, як ты думаеш. Многія кліенты, як я ўжо казаў, у “Зорцы” людзі невыпадковыя. І калі яны накіроўваюцца ў кабак, прыхапіўшы да таго ж з сабой смачных цёлачак, яны жадаюць слухаць тую музыку, якая ім падабаецца, а не тую, якую хоча іграць ансамбль. Тады ў ход ідуць “хворыя” грошы. І вось тут пачынаецца тое, пра што я табе ўжо сказаў: адлічэнні на карысць добрых і патрэбных усім людзей.

— Нешта мала верыцца, каб лабухі пасля заканчэння праграмы вярталі некаму ўласныя “хворыя” заробкі, — засумняваўся я.

— А хто табе сказаў, што грошы тыя — усе скрозь “хворыя”? — зарагатаў Філя. — Вы што там, на браме, усе такія тугадумы? Дык ведай жа, Захаравіч: “хворыя” грошы забірае Маркіз і дзеліць іх вельмі адмыслова. На дзве прыблізна роўныя часткі. Адну адкладвае на патрэбы калектыву ці проста размяркоўвае паміж лабухамі, не забываючыся, дарэчы, і пра сябе. Хоць ці часта ты бачыў, каб Маркіз надрываўся на сцэне з дудкай? Во!.. Другая ж частка грошай знікае з абароту “Зоркі” і часткова вяртаецца да тых, хто “хварэў”.

Філя задаволена скаліўся. Потым, убачыўшы, што я сапраўды не магу ўцяміць, куды знікае другая палова “хворых” грошай, ён пачаў тлумачыць далей:

— Я ўпэўнены, што добрая палова “хворай” сумы лабухам наогул ніколі не належыць. Яна мусіць вярнуцца да тых людзей, дзякуючы якім мы ўсе тут кормімся! А як жа іначай! Ён жа толькі што кінуў на барабаны “зялёныя”, усёй зале паказаў, хто тут сапраўдны мужчына! Ды няма такіх дурняў, каб так проста грашыма кідацца! Ясна?

— Што, няўжо назад да гэтых п’явак?! — у чарговы раз засумняваўся я.

— Захаравіч, табе трэба павесіць на грудзі значок варашылаўскага стралка! — зноў узрадаваўся Філя. — Прычым людзям Олека ідуць не толькі рублі драўляныя, але і “хворая” валюта. А яна ж, ты сам ведаеш, таксама тут ходзіць як мае быць.

— Добра! — спыніў я Філю. — З гэтым, будзем лічыць, мы разабраліся. Але чаму яны прычапіліся да Сапегі?

— Тутака іншы нюанс... — Філя зноў пачаў прамаўляць цішэй. — Я так думаю, што Маркіз усё ж вырашае далёка не ўсё, як ён усім нам жадае паказаць. Многія пытанні ён вымушаны ўзгадняць па адной толькі прычыне: ён усё ж сам значна больш залежыць ад тых добрых людзей, чым яны — ад яго. А ў выпадку з Сапегам ён, мусіць, перагнуў палку. Лішні чалавек у ансамблі — меншыя адлічэнні ў іхнюю касу ўзаемадапамогі. Будзь, Захаравіч, спакойны: яны любяць пагуляць, ды памятаюць пры гэтым кожную капейку. Быў бы Сапега вядомым ім чалавекам, яны, мусіць, праглынулі б выбрык Маркіза моўчкі. А тут — на табе: нейкі выпаўзак з вёскі. Не на таго каня Маркіз паставіў, не на таго...

Філя скончыў лекцыю на эканамічныя тэмы і зноў узяўся за келіхі. Я ж застаўся сядзець у крэсле, назіраючы за музыкантамі на сцэне.

Шчыра кажучы, я такое бачыў упершыню. Мяне, праўда, заўсёды цікавіла, як сярод нейкіх чорных кропачак з хвосцікамі, падобных да галавасцікаў, у розных кручках, палачках і іншых незразумелых значках хаваецца такое багацце, як музыка. Няўжо гэта як і з добрай кнігай, якую чытаюць розныя людзі, але кожны з іх успрымае напісанае асабіста, так, як не можа ўспрымаць іншы? Я неяк купіў быў падручнік па музыцы для пачаткоўцаў, але ўжо на трэцяй старонцы мне зрабілася вельмі сумна. Я так і не зразумеў, нашто ў пачатку кожнага радка трэба абавязкова маляваць скрыпічны ключ.

Назіраць жа за музыкантамі ў час рэпетыцыі было куды цікавей. Можа, менавіта таму, што якраз на тваіх вачах з гэтых чорных зародышаў і нараджалася жывая музыка.

— Пасля тэмы, — тлумачыў Зуб, — уступіць Чырык і прагоніць два квадраты. Ты тут маўчыш. Пазнач сабе гэта — маўчыш.

Сапега адно кіўнуў: маўляў, і так запомню.

— Затым яшчэ два квадраты мы з табой пройдзем разам, — працягваў Браніслаў. — Я павяду сола, ты ж будзеш яго абыгрываць кароткімі фразамі. А ўжо пасля гэтага ты саліруеш адзін. Тут ужо на колькі цябе хопіць, але ў межах разумнага. Зразумеў?

Сапега нешта прамармытаў. Дальбог, цырульня яму не надта і дапамагла: валасы хоць і зрабіліся карацейшыя, але зноў параскідваліся ў розныя бакі, густая барада і невялікія, прыжмураныя вочы дапаўнялі патрэт чалавека, знешні выгляд якога сам па сабе выпраменьваў прыхаваную фізічную сілу. Саксафаніст раз-пораз паплёўваў на ўказальны і вялікі пальцы правай рукі, аблізваў вусны і прыкладаўся імі да муштука свайго інструмента. Пры гэтым Вінцэнт вельмі ўважліва слухаў усё, што казаў яму Зубчонак.

— Потым я, ты і Чырык па чарзе праходзім яшчэ тры квадраты і выходзім на коду. Пасля коды твая кадэнцыя. Тут табе і трэба зрабіць усё, каб зала стаяла на вушах.

Чым мне падабаўся калектыў Маркіза, дык гэта тым, што музыканты ніколі не адбывалі перад публікай нумар, не ігралі дзеля таго, каб у зале гучала нешта такое, невыразнае... Выконваючы нават самы прымітыўны шлягер, яны выкладваліся так, нібы выконвалі мелодыі ўпершыню, і заўсёды адшуквалі нейкія штучкі (не ведаю, як іх завуць), якія ўпрыгожвалі выкананне. Я разумею: з Монікі такая ж спявачка, як з мяне — танцор, але ўсе іншыя не халтурылі. Можа, менавіта таму “Зорны дождж” — адзіны хіба з вядомых мне рэстаранаў, у якім пасля выканання кожнай п’есы ў першым, канцэртным аддзяленні ў зале апладзіравалі. І гэтым музыкантам абавязкова апладзіравалі, нягледзячы на нашыя зусім нядрэнную кухню і шырокі выбар напіткаў.

— А цяпер давай прагонім наш дуэт, — прапанаваў Зубчонак і шчоўкнуў уключальнікам нейкай машынкі, якая ў іх часам працуе замест барабанаў.

— Адзін, два, тры! — скамандаваў Зубчонак, і яны пачалі іграць.

Я не скажу, каб вельмі любіў джаз. Для мяне гэтая музыка залішне мудрагелістая. Часам слухаю, але не дужа ўважліва, хоць пры гэтым і разумею: так слухаць джаз, як я, — значыць нічога не пачуць. А вось тут мне нават спадабалася. Спачатку, праўда, здалося, што Зуб і Сапега іграюць кожны сваё: Браніслаў бясконца выціскаў з гітары мяккія, прыглушаныя гукі, а Сапега нібы агрызаўся кароткімі, хрыплівымі фразамі, гледзячы перад сабой у адну кропку. Так яны ігралі хвілін з пяць, і чым далей, тым больш мне падабалася іх музыка. Але тут Зубчонак рэзка ўдарыў па струнах. Сапега павольна павярнуўся ў ягоны бок.

— Вінцусь, гэтак нельга! — гучна сказаў Зубчонак. — Давай, братка, па-сапраўднаму, а не напаўсілы.

— Я потым усё зраблю так, як трэба, — прамармытаў Сапега.

— А мне не трэба “потым”. Ты давай цяпер зрабі хоць адзін раз так, як мае быць, — стаяў на сваім Зубчонак.

— Не даві на масу, — адмахнуўся Вінцэнт.

— Ну, ведаеш! — Браніслаў раскінуў рукі. — Я гатовы паверыць, што ты адыграеш, калі будзе патрэбна, так, як належыць. Але ж і я, і ўсе іншыя павінны хоць бы ўяўляць, да чаго мусяць падрыхтавацца.

— Я не люблю паўтарацца, — ціха адказаў Сапега. — Я не ведаю, як я буду іграць заўтра.

— Але ж так нельга! — Зубчонак заўпарціўся. — Так атрымаецца лажа, калі ты на сцэне пачнеш выкідваць незапланаваныя штучкі. Нас жа памідорамі закідаюць, потым становічша не выправіш.

— Ну і няхай сабе памідорамі! — Вінцэнт падняўся з крэсла і паклаў на яго саксафон. — Але ўсё ж не закідаюць. Я ўсё адно адыграю сваё так, што яны раты паразяўляюць!

— Глядзі ты на яго! — у голасе Браніслава пачуліся і здзек, і адначасова крыўда. — Мы тут упіраемся цэлыя дні, а ён выйдзе на два нумары, падзьме ў дудку, і ўсе лягуць да ягоных ног.

— І лягуць! — упэўнена адказаў Сапега, — А калі захачу, дык яны моўчкі пойдуць услед за мной, як тыя пацукі, туды, куды я іх завяду. Будзе так!

— Надта ж добра ты пра сябе думаеш! — злосна адказаў Зубчонак. — Давай рэпеціраваць!

— Перажывеш! — агрызнуўся Вінцэнт. — Ідзі пакуры ды супакойся. А потым пайграем.

Зубчонак — мне так здалося — сабраў усе сілы для таго, каб не выбухнуць. Але потым усё ж выключыў узмацняльнік і адкінуўся на спінку крэсла.

Сапега выйшаў з залы ў фае. Я пасунуўся ўслед за ім. Мне карцела задаць яму некалькі пытанняў, таму што размова з Філем запала мне ў памяць.

в/ Ain’t Misbehavin’? (“Хіба я дрэнна сябе паводжу?”). Фэтс Уолер

Сапега стаяў каля ігральнага аўтамата, трымаючы ў руцэ некалькі жэтонаў. Я спыніўся за ягонай спінай. Вінцэнт напружана зморшчыў твар і ўглядаўся ў камбінацыю з пяці карт. Гэта былі віновы туз, дзве дзевяткі, тройка і пяцёрка. Сапега ледзь прыкметна варушыў языком і нешта гугнявіў сабе пад нос. Потым ён рашуча націснуў на кнопкі пад тройкай і пяцёркай. Я ўзрадаваўся: замест гэтых карт на экране ігральнага аўтамата з’явіліся джокер і званковы туз. І адразу ж у паддон з аўтамата пасыпаліся бліскучыя жэтоны.

Выраз твару Сапегі не змяніўся. Ён адзін па адным закінуў у аўтамат яшчэ пяць жэтонаў і націснуў на кнопку. Выпалі чацвёрка, сямёрка, дзесятка, дама і чырвовы кароль.

— Я б іграў стрыт на даме і каралі, — падказаў я.

Сапега нават не паварушыўся, адно толькі сказаў, падумаўшы:

— А я буду іграць масць на каралі!

Ну-ну... Іграць масць, маючы ў першым наборы аднаго чырвовага караля, — звышнахабства! Але было падобна на тое, што такі расклад картаў Сапегу не засмучаў. Ён сапраўды пакінуў аднаго караля і замяніў чатыры іншыя карты. Першай выкінулася чырвовая двойка, потым — гэтай жа масці дзесятка і дама, а па іх... На жаль... Чацвёртай картай выпала віновая двойка.

Я ледзь паспеў перахапіць руку Сапегі, якой ён хацеў гваздануць па аўтамаце.

— Стаяць! — загадаў я. — Гэтак ты да канца жыцця не разлічышся!

І Сапега адразу ж зрабіўся паслухмяны, як малое дзіця.

— А чаго ён?! Я ж усё разлічыў: павінна была выпасці чырва!

— Гэта ж аўтамат, а не жывы партнёр. Там — зусім іншыя гульня.

— Але... — пагадзіўся Сапега. — Не здагадаўся.

Я прапанаваў яму цыгарэту, але Вінцэнт рашуча адмовіўся.

— Кінуў я гэтым займацца! — растлумачыў ён.

— І доўга паліў?

— Я з “травой” браў. — Сапега апусціўся ў нізкае крэсла і выцягнуў ногі. Я прысеў побач.

— Паліў толькі яе, аж неўзабаве пачаў адчуваць, што ў мяне гук знікае.

— Як гэта — знікае? — не зразумеў я.

— А вось так... Дзьмеш у дудку, а гук — зусім не той, не такі, чужы нейкі. Мяне мой саксафон перастаў слухацца. А тут яшчэ ўсе як згаварыліся, пачалі сцвярджаць, што я пачаў іграць значна лепш, што расту. Вось тады я і спужаўся, кінуў “траву”, таму што я хачу іграць не так, як некаму там падабаецца, а так, як я хачу.

— Музыка ж існуе для людзей, — не згадзіўся я.

— Хлусня, глупства! — абарваў мяне Сапега. — Людзі альбо прымаюць маю музыку, альбо не. Іншых варыянтаў не існуе. Людзі вольныя выбіраць сваё. А я вось здольны зрабіць іх паслухмянымі, зрабіць так, каб яны мяне слухалі з заплюшчанымі вачыма, забыўшыся на ўсё!

Сапега з нечаканым для ягонай камплекцыі спрытам накрыў далонню муху, якая поўзала па ручцы крэсла, сціснуў яе паміж пальцамі, абарваў ёй крыльцы і кінуў на падлогу. Бездапаможнае стварэнне закруцілася на адным месцы, а Сапега пачаў задаволена ўсміхацца.

Мне гэта вельмі не спадабалася. Але менавіта цяпер я адчуў, што змагу пачуць адказы на некаторыя пытанні, якія гэтак цікавілі мяне.

— Ты думаеш, што здольны прымусіць слухаць цябе і тых, хто не жадае цябе тут наогул бачыць? — спытаў я. — Такіх, як тая ж фарца з “васьмёркі”?

— Яны ўсе хворыя на грошы! — проста растлумачыў Вінцэнт. — Яны гніюць знутры, і ніякая музыка іх ужо не ўратуе. Усё, што ім засталося пачуць у іх жыцці, — гэта трубы архангелаў. Мой сакс яны пачуць ужо няздольныя. А калі так, дык і размаўляць з імі я буду з дапамогай зусім іншых сродкаў і на іншай мове. Вось так!

Сапега сціснуў свае ўнушальныя кулакі так, што на руках паўздуваліся жылы.

Неяк у адным з часопісаў, што прыносіла мне Жужа, я ўбачыў фота кулака Майка Тайсана ў натуральную велічыню. Перш чым выклікаць чэмпіёна на паядынак, часопіс прапанаваў памерацца з ім сіламі завочна, на паперы: прыкласці ўласны кулак да фотаздымка і параўнаць з кувалдай Тайсана. Біцца з Тайсанам я і не збіраўся, але вось параўнаць кулакі адважыўся. Шчыра кажучы, мне здалося, што той часопіс нешта такі падкруціў. Таму што мой кулак нармальнага, здаровага яшчэ мужчыны шасцідзесяці трох гадоў у параўнанні з кулаком баксёра выглядаў роўна ўдвая меншым.

Кінуўшы позірк на кулакі Сапегі, я падумаў, што гэты вось мог бы калі не на рынгу, дык такім менавіта чынам паспаборнічаць з тым, хто часцей за ўсё выйграваў накаўтам. І хто яго ведае: можа, і на рынгу Вінцэнт не выглядаў бы хлопчыкам для біцця?

— Як ты думаеш, чаго яны цябе не ўпадабалі?

— Не мяне, а маю музыку, — стаяў на сваім Сапега. — Не разумеючы яе, яны адчулі раптам сябе дурнямі.

Які ж ён упарты! І як ён памыляецца!

— Не, Вінцэнт! — Я нахіліўся да Сапегі. — Не музыка твая ім не спадабалася, а менавіта ты сам — сваёй незалежнасцю, свабодай дзеяння. Я нават сказаў бы, што ўнутранай душэўнай чысцінёй, якая ім і не снілася.

— Яны не зразумелі маю музыку! — упарціўся Сапега. — Каб да іх дайшло, яны б былі мае сябры.

— Ды ты проста чужы ў гэтым асяроддзі, дзе галоўнае — грошы, набітая “зялёнымі” кайстра. І сярод такіх ты хочаш адшукаць сяброў?!

— Мая музыка — гэта я сам! — крыкнуў Сапега, і на той крык азірнуліся два высокага росту негры. Аскаліўшыся, яны засмяяліся і скіраваліся ў валютны бар.

— Вось чорныя гэтыя, — сказаў Сапега. — Кожны з іх носіць уласную музыку. Мы яе не разумеем, таму і не любім чорных. І калі б так сталася, што ўсе людзі на свеце навучыліся б іграць на якім-небудзь інструменце, навучыліся слухаць песні іншых людзей, мы б усе паразумеліся, хоць кожны з нас выконваў бы сваю, непаўторную музыку. Я вось слухаю музыку чорных, і таму яны мне збольшага зразумелыя, я іх люблю.

— На тое людзям дадзена мова, каб яны маглі зразумець адзін аднаго, — не пагадзіўся я.

— А што з таго, калі мова не дапамагае людзям паразумецца, а толькі прыносіць ім бясконцыя сваркі? Як я, не ведаючы англійскай, за стол з чорным сяду, які па-беларуску — ні гу-гу? Музыка ж — іншая рэч. Я зайграю — чорны мяне адразу ж падтрымае. Толькі музыка здольная прымірыць людзей.

Не, у Сапегі яўны пункцік на гэтай глебе. І спрачацца з ім — значыць дарма марнаваць час.

— Ты — чалавек тут новы, — пачаў я. — Таму, прашу, паслухай мяне ўважліва. Олек і ягоныя біцюгі, трэба думаць, ад цябе так проста не адчэпяцца. Калі яны ўжо вырашылі выціснуць цябе адсюль, чакай ад іх самага брыдкага. Я думаю, яны яшчэ паспрабуюць проста купіць цябе. Магчыма, дзеля таго, каб зрабіць цябе сваім, паслухмяным. А калі ты не купішся, будзеш упарціцца, яны зробяць усё, каб ты вылецеў з “Зоркі”. Так што, хлопча, будзь пільны. Трымайся Зубчонка. Ён хоць і не здаровы фізічна, але з усіх музыкантаў, здаецца, найбольш надзейны чалавек. Хоць тут, у “Зорцы”, спадзявацца на некага даволі складана.

Сапега некаторы час памаўчаў.

— Яны абразілі мяне, — нарэшце адгукнуўся ён. — Яны захацелі вымераць маю музыку грашыма. А я ж не з тых, хто прадаецца.

— Ой, хлопча! — Я паклаў яму руку на плячо. — Толькі не будзь наіўны. Каб ты ведаў: тут, у кабаку, усё ў іх руках. І калі яны здолелі начапіць усіх на нітачкі і тузаюць цяпер за іх так, як ім трэба, яны адшукаюць сродак і на цябе. Будзь спакойны! Аднаго мне не хочацца: каб гэта было для цябе нечаканасцю.

— Не разумею, — панура адказаў Сапега. — Хіба я тут каго-небудзь абразіў? Я прыехаў сюды з уласным саксам, таму што маю што паказаць. А калі не падабаецца — выйдзі з залы, як я іграю, перачакай дзе!

— Ты, Вінцэнт, пакуль што не заняў адпаведнае месца ў гэтай сістэме. А калі так, аб цябе будуць спатыкацца і надалей, ты будзеш бясконца назаляць многім адным толькі сваім тут існаваннем. І цябе будуць штурхаць ажно да таго часу, пакуль сістэма альбо не праглыне перашкоду, альбо не выплюне яе туды, дзе ты і не бываў яшчэ.

— Я не з тых, хто прывык хаваць галаву ў пясок, — у вачах Сапегі забегалі такія злосныя агенчыкі, што мне зрабілася ніякавата. — І няхай яны ведаюць, што я кажу. І калі яны стануць перада мной хоць бы сцяной — я прайду скрозь тую сцяну. Так будзе!

Сапега прыкметна завёўся. Але тут, на шчасце, у фае з’явіўся Зубчонак.

— Ну што? — сказаў ён. — Мы будзем лясы тачыць ці ўсё ж пойдзем рэпеціраваць?

— Зараз! — агрызнуўся Сапега і падскочыў да аўтамата.

Ён шпурнуў у касу адзін па адным усе жэтоны, што меў пры сабе. А было іх штук з трыццаць. Я стаў за ягонай спінай. Сапега націснуў кнопку, і на экране паўсталі дзве тройкі, джокер, віновая дама і званковы туз. Не вагаючыся, Вінцэнт пакінуў даму і джокера і націснуў кнопку замены карт.

Ён выразна гуляў насуперак логіцы, але вынік гульні быў больш чым уражальны. Я нібы адчуў, як крук Майка Тайсана знізу прыйшоўся мне проста ў ніжнюю сківіцу.

Быццам бы ў кадрах запаволеных кіназдымкаў на экране месцы троек і туза занялі па чарзе адразу тры дамы!

— А-а! — закрычаў Сапега і пераможна ўскінуў рукі. — Вы ўсе бачылі?! Гэта называецца покер! І няхай цяпер мне хто-небудзь скажа, што ён мацнейшы за мяне. Ну, няхай хто-небудзь скажа!

У гэты момант у карытца, умацаванае пад касай аўтамата, дажджом лінулі жэтоны. Яны сыпаліся і сыпаліся, і здавалася, няма канца гэтай зіхатлівай звінячай залеве. Хутка карытца перапоўнілася да краёў, а бліскучыя кругляшы ўсё падалі і падалі з аўтаматнай касы, разбягаліся па керамічнай падлозе, скакалі па сходах проста на першы паверх.

Сапега трос узнятымі рукамі і без перапынку нізка рычаў. Ягоны твар, трэба сказаць, быў у гэтыя імгненні страшны: буйныя кроплі поту сцякалі па шчоках, вусны дрыжалі, а зрэнкі неймаверна, ненатуральна расшырыліся.

Нарэшце грашовы дождж спыніўся. У аўтамаце нешта бомкнула, і ён сам адключыўся. Было такое ўражанне, што на маіх вачах асуджаны лёсам чалавек падняўся з-за ігральнага стала, паднёс да скроні пісталет і рашуча націснуў курок. Так і аўтамат: здаецца, ён вырубіўся назаўсёды.

Сапега стаяў каля гэтага электроннага трупа, глыбока дыхаў і спадылба касіў на мяне чырвоным вокам.

— Захаравіч! — нарэшце сказаў ён — Ты казаў, што тут усе павар’яцелі на грошах? Дык вазьмі ўсе гэтыя жэтоны і перадай тым, каму тых грошай востра не стае. Скажы адно, што Сапега ніколі не быў сквапны на кругляшкі. Няхай яны імі задушацца!

І ён рэзка павярнуўся да Зубчонка, які з вялікім здзіўленнем глядзеў на ўсё, што адбывалася ў фае.

— Ходзьма рэпеціраваць! — рыкнуў Вінцэнт. — Што ты стаў, бы той слуп?!

— Ага! — ці не ўзрадаваўся Браніслаў. — Даўно б так. А то — падумаеш — стаіць і грашыма раскідваецца. Быццам бы тут такога ніколі не бачылі!

Яны хутка пайшлі ў залу, і амаль адразу ж я пачуў пранізлівае, шалёнае выццё саксафона, з якога толькі зрэдку прарывалася тонкае паценькванне гітарных струн.

Сапега, трэба думаць, адрываўся цяпер на ўсе сто працэнтаў...

г/ Night Of Vine And Roses (“Ноч віна і ружаў”). Генры Манчыні

Пасля таго, што адбылося ў фае, ісці дадому мне расхацелася. Але і быць сведкам таго, як Сапега люта гвалціць уласны саксафон, не было ніякага жадання. Калі гэтая музыка — і сапраўды ёсць сам Сапега, дык слухаць падобную гнеўную споведзь я хацеў бы не цяпер і дзе ў іншым месцы.

А што рабіць з жэтонамі? У фае збегліся ўжо цікаўныя, таму я старанна пачаў збіраць іх з падлогі, час ад часу апускаючыся на карачкі. Нехта з сердабольных даў мне пластыкавы пакет, у які я ссыпаў жэтоны з карытца. Я прыўзняў пакет: дальбог, кілаграмаў пад пяць у ім было. Разумеючы, што ручкі пакета могуць не вытрымаць, я моцна прыціснуў пакет да грудзей і пасунуўся ўніз, навобмацак шукаючы нагамі прыступкі.

На першым паверсе я сустрэў амерыканца Джона і Жужу. Убачыўшы мяне з вялікім цяжкім пакетам, Джон шырока, як тое ўмеюць рабіць амерыканцы, усміхнуўся.

— О, разумею, хатні паёк! — сказаў ён. — Я на вашым месцы наогул узяў бы і пазачыняў усе магазіны з прадуктамі, а замест іх адкрыў бы мноства рэстаранаў.

— Чаму так? — нічога не разумеючы, спытаў я.

— Таму што вашыя рэстараны — такое ўражанне — могуць дапамагчы вам вырашыць нарэшце харчовую праграму. І больш нішто і ніхто! Я гляджу, у вас усе нясуць дадому мяса менавіта з рэстаранаў, хоць яно тут і дарагое.

Наіўная нацыя — гэтыя амерыканцы! Джон думае, што нехта тое мяса тут, у рэстаране, купляе!

— Джон, у пакеце не мяса, — паспрабаваў я яго расчараваць. — Тут — грошы.

— Твая зарплата за месяц у капейках? — зусім сур’ёзна спытаў Джон, а Жужа неяк нервова засмяялася.

— Не! — удакладніў я. — Тое ганарар за дзве хвіліны працы.

— О-о!.. — здзіўлена і зноў гэтак жа сур’ёзна, з павагай, сказаў Джон. — Пакажыце мне такое месца, дзе за дзве хвіліны можна зарабіць столькі грошай, няхай і рублямі, і я буду тады прасіць савецкае грамадзянства.

— Калі ласка! — кіўнуў я ў бок рэстараннай залы. — Згуляй з аўтаматам у покер — і будзеш мець не менш за маё.

— Э-э!.. Ты хітры, Захаравіч! — зарагатаў Джон. — Калі так, дык савецкае грамадзянства мне пакуль не пагражае.

— Андрэй Захаравіч, у пакеце сапраўды столькі грошай? — не паверыла Жужа.

— Але! Сапега ігральны аўтамат грабануў.

— Як?! — перапужалася Жужа.

— Ды так, проста! Кулаком! — працягваў я гульню, хоць мне было і не асабліва смешна. — Пагутарыў з ім сам-насам, па-мужчынску, вось аўтамат і раскалоўся на добрую суму.

Ну так, жарцікі... Але што сапраўды рабіць з такой процьмай жэтонаў, калі Сапега ад іх адмовіўся? Гандляваць імі? Здаць у міліцыю хіба? Не, няма чаго! Да таго ж мне зусім не карцела ў такім узросце выглядаць скончаным ідыётам.

І тут я, здаецца, адшукаў выйсце.

— Вінцэнт папрасіў перадаць гэтыя грошы табе, Жужа, каб ты купіла на іх сабе духі і шакалад, а яму — вялікі букет ружаў.

— Ды з такім мехам Віцёк не дазволіць мне нават выйсці з “Зоркі”. — Жужа яўна разгубілася, і тады я міжволі засмяяўся.

— Твае грошы, твае. Сапега іх сапраўды выйграў у покер, я таму сведка. Усё чэсна, не хвалюйся!

— Ваш новы саксафаніст — яшчэ і сапраўдны мужчына! — шчоўкнуў языком Джон. — Гэта па-амерыканску.

У абменнай касе нам не без пытанняў і тлумачэнняў большую частку жэтонаў замянілі на папяровыя грошы, але і манет насыпалі добрую гару. Частку манет мы абмянялі на рублі ў кавярні, потым пайшлі ў цырульню, прайшліся праз кіёскі сувеніраў і “Саюздруку”, зазірнулі ў чыгуначную касу. Ды ўсё адно: Жужа пайшла з гасцініцы з даволі такі важкім пакетам пад пахай. Джон пашкадаваў, што не можа яе суправаджаць. На тое ў яго была важная прычына: сёння ён адзначаў уласны дзень нараджэння.

— Вечарам я запрашаю вас у рэстаран на шампанскае, — сказаў ён мне і Жужы. — Будуць усе мае сябры. Першую частку праграмы Вінцэнт Сапега будзе іграць па маёй просьбе.

Жужа пагадзілася з радасцю, а я падумаў: бедная ж тая бібліятэка, якая прыняла на работу такое стварэнне! Мусіць, там суцэльны сандзень і замкі амбарныя на дзвярах, а кнігі даўно пакрыліся павуціннем. Бо калі ж яна на рабоце бывае? А!.. Сапраўды: гуляць дык гуляць! Джон тут — амаль свой чалавек, а ў мяне да таго ж сёння заслужаны выхадны. Віцьку нічога і тлумачыць не трэба, чалавек ён разумны. У іхняй канторы дурняў цяпер нібыта не прывячаюць.

Да вечара было яшчэ далёка, таму з гадзіну я бадзяўся з Жужай па магазінах, дзе мы засыпалі касірак поўнымі жменямі манет, чым выклікалі то агульнае здзіўленне, то насцярожанасць і падазрэнні. Я так і думаў: аўтамат выплюнуў Сапегу за покер амаль семдзесят рублёў!

Размяняўшы грошы, Жужа надумала такі паказацца на рабоце, даць сяброўкам панюхаць набытыя духі, таму я яшчэ з пару гадзін бадзяўся па вуліцах. Тады і вырашыў набыць Джону ўласны падарунак — набор драўляных распісаных лыжак. А чым яшчэ можна здзівіць жывога амерыканца? І толькі набыўшы падарунак, я вярнуўся ў гасцініцу. І першае, што мне кінулася ў вочы, была жоўтага колеру “васьмёрка” на стаянцы. “Ага! — падумаў я сам сабе. — Гніды выпаўзлі з акопаў. Сёння можа атрымацца вясёленькая вечарына...”

Я зайшоў у кавярню, узяў шклянку гарбаты, бутэрброды з каўбасой і зашыўся ў кут. Але мяне адшукалі даволі такі хутка: да століка наблізіўся Олек і лісліва ўсміхнуўся. Не, да амерыканцаў яму далёка! Джон — той заўсёды ўсміхаецца шчыра, натуральна, а ў гэтага ўсмешка ў кожны момант магла ператварыцца ў любую подласць.

— Андрэй Захаравіч! — Олек бесцырымонна прысеў побач. — Як маецеся? Дзяржава яшчэ не павялічыла вам баявы паёк?

— Ты, хлопча, за нашую дзяржаву не хвалюйся, — адказаў я. — Лепш паклапаціся пра сябе.

— А што здарылася? — Олек зрабіў выгляд, што здзівіўся. — У вас непрыемнасці, Андрэй Захаравіч? Патрэбна нашая дапамога?

— Непрыемнасці могуць чакаць толькі цябе, — сур’ёзна зазначыў я, думаючы, што ў гэтых маіх словах была усё ж каліўца праўды.

— У мяне непрыемнасцяў не бывае. — Олек зноў аскаліў рот ва ўсмешцы. — Непаразуменні — так, здараюцца, але я здольны хутка вырашыць усе праблемы. З гэтага месяца, дарэчы, мы вырашылі павялічыць вам наш сціплы ганарар, Андрэй Захаравіч, роўна на дзесяць рублёў у месяц. Так сказаць, улічваючы ваш ветэранскі узрост, заслугі перад грамадствам і іншае, іншае. Трымайце з падзякай ад камандавання пенсію за мінулы месяц.

З кішэні куртачкі ён дастаў прыгожанькі канверцік, паклаў яго на столік побач са шклянкай. Я да канверта нават не дакрануўся, я сказаў Олеку ў вочы ўсё, што пра яго думаю, ціха так сказаў і, хацелася б верыць, пераканальна. Прыводзіць маналог не мае сэнсу: ён — не для чужых вушэй, ды і такіх слоўцаў, якія я ў свой час вынес з зоны, там было больш чым дастаткова. Ці зразумеў Олек, што я казаў? Упэўнены: у “Зорным дажджу” такіх слоў не казаў, бадай, яшчэ ніхто.

Олек спачатку аслупянеў, але апрытомнеў даволі хутка. Цёрты, трэба сказаць, юнак. Эх, калі б не мае гады!.. Я ніколі не дазволіў бы яму пакінуць апошняе слова за сабой.

— Ты, стары, мусіць, звар’яцеў. Глядзі ты, у высакародства пачаў гуляць... Ну-ну... Але запомні: тут усе ад мяне свой кавалак маюць! І дарма ты адмовіўся. Бо калі і давядзецца табе скардзіцца, дык выключна на самога сябе!

І пайшоў да сваёй стракатай хеўры.

А я — запомніў. Добра запомніў! Ды не было ў мяне ніколі звычкі скардзіцца самому сабе. І не будзе!..

Я ледзь дачакаўся сёмай гадзіны, і калі ўвайшоў у залу, амерыканцы ўжо паселі на свае звыклыя месцы. Яны ссунулі тры сталы разам і разваліліся на крэслах так, як могуць сабе дазволіць толькі яны. Джон у белай, расшпіленай амаль да пупа кашулі з непадробнай радасцю прыняў мой падарунак. Амерыканцы, як дзеці, імгненна расхапалі гэтыя лыжкі і як адзін адсунулі ад сябе нажы і відэльцы. Усе за сталом былі мне добра знаёмыя, апрача аднаго — танклявага мужчыны з вострым носам і рэдкімі, зачасанымі назад доўгімі валасамі.

— Містэр Колін Скот, прадстаўнік нашай фірмы, — назваў яго Джон. Мы паціснулі адзін аднаму рукі, і тут жа да нас падляцела Жужа з велізарным букетам ружаў.

— Віншую цябе, Джон! — сказала Жужа і выбрала з букета пяць кветак. — Прабач, але астатнія не табе.

— Разумею, — адказаў Джон, кіўнуўшы ў бок сцэны, і пацалаваў Жужу ў шчаку. А потым запрасіў усіх развярнуцца да сталоў.

Сервіроўка была такая, на якую і можна было разлічваць у такім рэстаране, як “Зорны дождж”. Пераскочыць праз галаву тут не маглі, бо не чарадзеі. Але закусак хапала, былі і ікра, і чырвоная рыба, і тры цэбры з лёдам, з якіх тырчалі рыльцы бутэлек з шампанскім.

— Што адзначаем, Андрэй Захаравіч? — пачуў я раптам за спінай знаёмы голас. Дзве рукі цяжка леглі мне на плечы.

Я азірнуўся і ўбачыў Віцька. Можа, ён нават і маёр — не ведаю, але тут яго ўсе называюць выключна Віцьком. Ягоныя вочы прафесіянала спрытна абеглі ўсё застолле, ледзь затрымаўшыся на Коліне Скоце. Ясна: у полі ягонай увагі з’явіўся новенькі!

— Ды вось, — растлумачыў я, — Джон запрасіў. У яго сёння гэты, як яго... бёрсдэй!

— Але, дзень нараджэння! — Джон ускочыў з-за стала і змусіў Віцька сесці ва ўласнае крэсла. Стрэліў корак шампанскага, па ім яшчэ адзін. Джон падняў келіх і ўрачыста сказаў:

— Сёння, у такі дзень, я не маю жадання выглядаць арыгіналам. Таму прашу ўсіх выпіць за мяне!

За сталамі засмяяліся. Але тут Віцёк раптоўна папрасіў увагі:

— Прашу прабачэння, Джон, што перарываю твой тост. Але неяк насуперак усялякім правілам — віншаваць самога сябе. Калі ты дазволіш, я скажу пару слоў у якасці, так сказаць, нязванага госця, але законнага прадстаўніка гэтай краіны.

А ніхто і не сумняваўся, што з усіх нас Віцёк — найбольш законны прадстаўнік гэтай краіны. Ён і сказаў невялікую, але змястоўную прамову, у якой злаўчыўся згадаць савецка-амерыканскую дружбу, дзелавыя і гандлёвыя кантакты нашых краін і скончыў усё пажаданнем Джону падняць кілішак з віскі ў той дзень, калі будзе адзначацца 300-годдзе Амерыкі. Усё правільна сказаў Віцёк, нібыта да гэтага тоста ён рыхтаваўся не адзін дзень. Адно слова — сапраўдны прафесіянал! Ды пасля сваёй прамовы ён зрабіў з келіха толькі невялікі, амаль сімвалічны глыток і падняўся з-за стала: маўляў, не магу затрымлівацца, самі разумееце, работа. Колін Скот зацікаўлена зірнуў на Віцька.

— Сікрэт сервіс, — растлумачыў яму Джон і зарагатаў.

— О-о!.. — акругліў вочы Скот.

— Не “о-о!”, а работа ў мяне такая, — засмяяўся Віцёк, паляпаў амерыканца па плячы, развітаўся і пайшоў на свой пост за столік у далёкім куце залы.

А я адзначыў сабе: на звычайных для сябе месцах таксама ўладкавалася і фарца — Олек, Шэры, яшчэ пара гарылаў і разам з імі Ваўчыца. Яны размаўлялі пра нешта сваё і адначасова літаральна абмацвалі позіркамі ўсіх, хто заходзіў у залу. Цікава, што ім трэба было?

За нашым сталом амерыканцы рагаталі і аблізвалі драўляныя лыжкі, якімі яны зачэрпвалі са сподачкаў чорную ікру. Раз-пораз у столь уразаліся коркі з-пад шампанскага, усе госці балбаталі адначасова, і ніхто не здолеў бы мне растлумачыць, як амерыканцы разумелі адзін аднаго. І толькі Жужа вяла зацікаўленую гутарку з Колінам Скотам. Англійскай мовай яна валодае досыць упэўнена, ды і амерыканец па-руску нешта лапатаў.

І тут на сцэне з’явіліся музыканты. Наперад выйшаў Маркіз са сваім тэнарам у руках, наблізіўся да мікрафона і сказаў:

— Шаноўная публіка! Дазвольце выступленне нашага ансамбля пачаць з віншавання. Сёння сябра нашай краіны, просты амерыканскі будаўнік з простым амерыканскім імем Джон адзначае дзень нараджэння. Спецыяльна да гэтай падзеі мы падрыхтавалі невялікую праграму, складзеную са славутых тэм амерыканскага джаза.

Джон выскачыў з-за стала і гучна засвістаў. Ягоныя сябры заапладзіравалі. Маркіз зашчоўкаў пальцамі і пачаў іграць. Гэтую п’есу я ведаў і чуў ужо шмат разоў. Яна называлася “Калыханка” і гучала ў канцэртнай праграме амаль штовечар. Сапраўды прыгожая музыка!

Калі ансамбль выконваў уступ, з пакойчыка музыкантаў нясмела, прыгнуўшы галаву, паказаўся Сапега. Яго пазналі, і ў зале пачуліся апладысменты. Сапега, прывыкаючы да святла, з паўхвіліны прастаяў каля барабанаў, потым імкліва наблізіўся да мікрафона і сваім альтам падхапіў тэму. Я адразу ж адзначыў, што характар выканання музыкі змяніўся: замест роўнага, халоднага гучання тэнару ў залу ўрываліся рэзкія, нервовыя ўскрыкі альта, і ў мяне па спіне прабеглі дрыжыкі. Каб не замінаць амерыканцам, я падняўся з-за стала і адышоў да дзвярэй, адкуль мог добра бачыць твар Сапегі ў профіль. Вінцэнт імгненна пакрыўся потам, але на імправізацыі гэта ніяк не адбілася. Усе іншыя музыканты таксама працавалі ваўсю. Маркіз адсунуўся ў глыб сцэны, і ўспышкі каляровых ліхтароў выхоплівалі ягоны напружана-задаволены твар. Я ведаў, што ў “Калыханцы” звычайна спявае Моніка, але гэтым разам яна на сцэне не з’явілася. І тады я зразумеў, што Маркіз усю першую частку праграмы цалкам аддаў на своеасаблівы бенефіс Сапегі.

Безумоўна, яны музыканты вельмі рознага класа. У такой думцы я пераконваўся ўсё больш і больш, калі ўслухваўся ў Сапегаў саксафон, які з зайздроснай лёгкасцю змяняў фарбы і настроі: то хвастаў наводмаш гнуткімі, доўгімі руладамі, то лашчыўся, нібы кацяня, прымушаючы заплюшчыць вочы, аддацца раскошы гучання і думаць пра нешта выключна асабістае.

Так ансамбль выканаў пяць ці шэсць кампазіцый, і пасля кожнай з іх зала літаральна выбухала апладысментамі. Паміж п’есамі Сапега не рабіў вялікіх паўз. Пасля “Калыханкі” ён скінуў пінжак, павесіў яго на мікрафонную стойку і іграў далей, моцна заплюшчыўшы вочы. А калі браў высокія ноты, увесь выгінаўся, курчыўся, адрываючы ад падлогі правую нагу. У такія хвіліны ён нагадваў мне маладога, моцнага драпежніка, поўнага сіл і спрыту, і тады я мог, прыгадаўшы словы Вінцэнта, паверыць яму ва ўсім.

Маркіз наблізіўся да мікрафона і сказаў:

— У нашай праграме — прэм’ера. Зараз вы пачуеце п’есу “Уцёкі з Нью-Йорка” аўтарства амерыканскага саксафаніста Чарлі Паркера. Саліруе Вінцэнт Сапега.

Яны ўдвух ва унісон зайгралі на саксафонах уступ. Тэмп выканання быў такі імклівы, што я ўвесь напружыўся ў хваляванні: як бы нехта з іх не вылецеў з трасы, не збіўся ў неверагодна складаных пасажах. Прынамсі, Маркіза і хапіла толькі на ўступ. Сапега таксама ўзяў тайм-аут, і далей імправізацыю павёў адзін Чырык. Тут я нарэшце пазнаў тую п’есу, якую раніцай рэпеціравалі Браніслаў і Вінцэнт. І сапраўды: адразу ж пасля сола на раялі загучаў дуэт саксафона і гітары. Але Сапега іграў зусім не так, як я чуў некалькі гадзін назад: гучанне саксафона было моцнае, “мясістае”, ён пісаў доўгімі мазкамі, час ад часу даючы выказацца і гітары, і ў гэтай музыцы адчуваліся і мітусня вялікага горада, і гудзенне матораў на задымленых вуліцах з чэзлымі дрэвамі, і нават рэстаранны чад, пах мясных страў і дарагіх цыгарэт. Уцякай, уцякай — раптам пачулася мне ў музыцы, калі Сапега павёў сола адзін, уцякай, пакуль ты жывы, пакуль твае ныркі яшчэ здольныя адчуць водар квітнеючай ліпы, пах вячэрняй лугавіны і гнуткай стронгі, што вырываецца з тваіх далоняў. Уцякай з гэтага вялікага, бязладнага мурашніка з вечна загнанымі, зацкванымі жыхарамі, уцякай туды, дзе людзі яшчэ збераглі здольнасць раскрываць адно аднаму душу, дзе каля начнога вогнішча гучаць нетаропкія размовы і ад кацялка з моцнай гарбатай курыцца пара і прыемна казыча ноздры, дзе ачышчаюцца сэрцы ў святле вечных, такіх мудрых зорак.

Я сціснуў галаву рукамі, адчуваючы, як сэрца заскакала ў грудзях. Упэўнены, што многія з прысутных у зале, поўнай дыму, цяжкага паветра, таксама на некаторы час знерухомелі, задумаліся, знянацку для саміх сябе трапіўшы ў палон нечаканых думак і асацыяцый. Якое ж яно грувасткае, квадратнае слова — асацыяцыя! І якое глупства — шукаць намёкі тады, калі табе на ўвесь голас выкладаюць голую праўду!

Пасля таго як Сапега і Маркіз на заканчэнне зноў удвух прайгралі тэму і рэзка абарвалі п’есу, некалькі імгненняў у зале было ціха. Так ціха, што з кухні пачуліся галасы павароў. А потым... З-за многіх столікаў ускочылі людзі, наблізіліся да сцэны, пляскаючы ў далоні. Яны нешта крычалі, свісталі, працягвалі Сапегу рукі, а той стаяў, велічны і моцны, сцякаючы потам, высока падняўшы ў руцэ свой вар’яцкі саксафон. І ў гэтай агульнай мітусні я зусім выпадкова звярнуў увагу на вочы Ваўчыцы, якія гарэлі нейкім дзівосным агнём. Яна стаяла каля свайго століка, але лёгка было зразумець, што Ваўчыца была не ў стане зрабіць ані кроку наперад. Яна нават не адрэагавала на тое, што да століка наблізіўся Колін Скот, якому Олек нешта ляніва шапнуў на вуха.

Мой лагерны вопыт не дазволіў мне пакінуць гэта па-за ўвагай, і калі Колін Скот пачаў праз натоўп праціскацца да сцэны, я паціху пасунуўся ўслед за ім.

Перад сцэнай Колін Скот узняў угору абедзве рукі, але людзі супакоіліся не адразу, павольна пачалі вяртацца на свае месцы. Толькі тады амерыканец гучна сказаў Сапегу:

— Я хачу, каб вы сыгралі ў гонар Джона яшчэ адну мелодыю.

Запахла “хворымі”, прычым яўна не ў айчынных грашовых знаках. Для музыкантаў дзень нараджэння Джона — яшчэ не нагода, каб публічны заказ выконваўся за “дзякуй”. Гэта адзін з няпісаных законаў рэстаранаў. Вось чаму з-за спіны Сапегі імгненна вырас Маркіз.

— Калі ласка, што вы жадаеце пачуць? — спытаў ён.

— Я хачу, каб ваш саксафаніст выканаў толькі адну, найбольш вядомую ва ўсім свеце мелодыю. Я хачу, каб для Джона прагучаў амерыканскі гімн.

Нечакана для самога сябе я прысвіснуў.

— Прабачце, містэр, — развёў рукамі Маркіз, — але гэтай мелодыі ў нашым рэпертуары няма.

— Між тым імяніннік жадае пачуць свой нацыянальны гімн, — заўпарціўся Скот.

— Разумееце, містэр, мы атрымліваем грошы за тое, што выконваем толькі зацверджаную музыку, — стаяў на сваім Маркіз.

Я адразу ж уцяміў: пайшла сур’ёзная гульня. Рытуал выцягвання “хворых” грошай быў мне добра знаёмы: калі кліент жадае пачуць любімую мелодыю, яму спачатку даводзяць, што выканаць яе немагчыма, але пазней згаджаюцца, калі, праўда, з кішэні кліента вылузваецца пэўная сума. А тут чалавек “хварэў” у рэдкай форме, таму што ў ягонай кішэні напэўна боўталася шмат “зялёных”. Такім чынам, Маркіз быў гатовы доўга цягнуць ката за хвост. Ён жа разумеў, за што варта было пазмагацца, і быў у такіх справах спрактыкаваны.

І ў той жа час я разумеў хітрасць Коліна Скота. Па-першае, прылюднае выкананне амерыканскага гімна магло скончыцца тым, што ўсіх музыкантаў назаўтра звольняць з працы без тлумачэння якіх-небудзь прычын. Хто ж на тое пойдзе па ўласнай волі? Па-другое, ніхто з нашых музыкантаў напэўна не ведаў амерыканскі гімн. Дзіва што! Папрасі іх выканаць цяпер беларускі гімн, яны лопнуць, але ні гуку з сябе не выціснуць. Тут жа перад музыкантамі Маркіза задача стаяла куды больш складаная. А што такое музыкант з кабака, які няздольны выканаць, няхай сабе і праз пень-калоду, жаданне “хворага” кліента? Ён — чалавек скончаны назаўсёды! На ім можна смела паставіць тлусты крыж. Ён калі потым дзе і адшукае месца працы, дык хіба толькі ў гоп-брыгадзе па адпяванні жмуроў. Жмуры нават калі і памкнуцца пратэставаць, усё роўна нічога зрабіць ужо не змогуць.

Вось чаму я не пазайздросціў Сапегу. Менавіта да яго, а не да ўсяго ансамбля, звяртаўся амерыканец, і менавіта Сапега трапіў пад тонка разлічаны і дакладна выкананы ўдар. Застацца стаяць на нагах яму не мог дапамагчы ніхто, апрача яго самога.

— Выкананне незацверджанага рэпертуару можа адмоўна адбіцца на нашых будучых заробках, — даводзіў Маркіз, але сённяшні “хворы” быў сапраўды незвычайны. Маркіз жа па-ранейшаму не мог здагадацца, што ён не столькі жадае пачуць свой любімы гімн, колькі пасадзіць Сапегу пасярод вялікай бруднай лужы.

— Я хачу, каб вы ігралі гімн! — Колін Скот перайшоў да рашучых дзеянняў. Ён палез у кішэню і кінуў на сцэну зялёнага колеру паперку з выявай чалавека. Па тым, як скаланула Маркіза, я зразумеў, што перад Сапегам ляжала банкнота вартасцю далёка не ў адзін долар. І не ў дзесяць, а значна больш.

Сапега між тым стаяў і маўчаў, і немагчыма было зразумець, што ён думае. Уласна кажучы, што ён мог зрабіць у такой сітуацыі? Хіба ў сваёй вёсцы, у тым гарадку, дзе ён іграў у рэстаране, ён мог калі-небудзь пачуць амерыканскі гімн?

— Хлопцы! — паклікаў Маркіз да сябе музыкантаў ансамбля і пра нешта ціха спытаў іх. Тыя, як адзін, адмоўна закруцілі галовамі. Збялелы Маркіз вярнуўся да Скота. “Зялёны” самотна ляжаў каля ног Сапегі.

— На жаль, — Маркіз зноў развёў рукамі. — Музыканты просяць адпачынку.

— Добра! — нечакана пагадзіўся Колін Скот і адразу амаль тыцнуў пальцам у грудзі Сапегу. — Усе свабодныя! Няхай іграе адзін гэты.

Сапега спадылба пахмурна зірнуў на амерыканца.

— Лабухі! Музыку давайце! — пачуў я з-за спіны знаёмы голас. Ён належаў Олеку.

Ну хіба Маркіз дагэтуль не зразумеў, што за гульня пайшла?! А ён такі не зразумеў, таму што сказаў, як высмаркаўся:

— Вінцэнт, трэба іграць.

Усё! Маркіз здаў Сапегу, ён адваліў убок, выйшаў з гульні, пакінуў Вінцэнта аднаго, таму што ратаваў перш за ўсё сябе. Не ведаю, ці адчуў тое Сапега. Ён па-ранейшаму стаяў нерухома, як тэлеграфны слуп.

Колін Скот зноў запусціў руку ў кішэню і дастаў яшчэ адну такую ж зялёнага колеру паперку. Не зірнуўшы нават на яе, шпурнуў банкноту пад ногі Сапегу.

— Іграй, ну! — рэзка сказаў амерыканец.

Каля сцэны засталося ўсяго некалькі чалавек, якія з непрыхаванай цікавасцю назіралі за тым, што адбывалася. Сярод цікаўных з’явіліся і Ваўчыца з Олекам. І адразу ж непадалёку ад іх з бутэлькай мінералкі ўзнік Віцёк. Нешта гаворачы Філю на вуха, ён тым не менш адным вокам касіў у бок сцэны.

— Што здарылася? — голасам сытага ката заспяваў Олек. — Наш любімы музыкант забыў ноты дома і цяпер падрывае аўтарытэт савецкай музычнай школы?

Але было відаць, што Ваўчыца яўна яшчэ не апрытомнела ад апошняй п’есы, таму што трымалася яна неяк няўпэўнена і пазірала на Сапегу ці не са шкадаваннем. А калі гэта Ваўчыца некага шкадавала? Не памятаю...

— Я так разумею, што ў вашым рэстаране музыканты маюць нізкую кваліфікацыю, калі яны няздольныя выканаць элементарную просьбу госця, — падсумаваў Колін Скот. — Дарма! А я мог бы іх шчодра ўзнагародзіць.

І тут ён кінуў на сцэну яшчэ адну банкноту. Нават у легендах з рэстараннага быцця мне не даводзілася чуць, каб у нашым горадзе нехта “хварэў” у такой вострай форме.

— Я дапамагу табе, дзікі чалавек, — раптам сказала Ваўчыца. — Нават нягледзячы на тое, што ты мяне ў грош не ставіш, я табе дапамагу.

— Давай-ка, Ваўчыца, найграй яму, — падштурхнуў яе ў спіну Олек. — А мы паглядзім, які ў яго слых.

Так, яшчэ ніколі ў “Зорным дажджу” не бачылі каля сцэны такога мітынгу. Здавалася, уся зала напружана сачыла за падзеямі і чакала, чым усё скончыцца. Амерыканцы з бакаламі шампанскага ў руках прыціхлі, а Віцёк пасярод залы стаяў, як пень, і засяроджана смактаў пустую бутэльку з-пад “Баржомі”.

Ваўчыца, падцягнуўшы ўверх і так кароткую спадніцу, паднялася на сцэну да раяля, буркнуўшы па дарозе Сапегу:

— Мог бы і руку падаць, боўдзіла!

І толькі калі яна прайграла мелодыю амерыканскага гімна, я з палёгкай уздыхнуў: фарца сама сабе бомбу падклала. Не ведаю, але ў мяне ўзнікла адчуванне, што Ваўчыца ўсё ж свядома дала ў рукі Сапегу такі козыр, што праз якую хвіліну разаб’е ўсю камбінацыю фарцы ўшчэнт. Я ж на ўласныя вушы чуў, як Зубчонак расказваў пра надзвычайны слых Вінцэнта. А ці ведала пра тое Ваўчыца? Наўрад...

— Ну дык што, Вінцэнцік? — лагодна спытала яна. — Мы будзем іграць па заяўках замежным гасцям ці адразу паедзем дамоў?

Олек працягнуў ёй руку, і яны, не азіраючыся, пераможна вярнуліся да свайго століка.

Сапега запусціў далонь у бараду і заплюшчыў вочы. Так ён прастаяў з хвіліну. Музыканты ансамбля напружана глядзелі на яго, а Філя, аскаліўшыся, спыніўся каля Віцька з поўным падносам на правай руцэ. Нарэшце Сапега сплюнуў на пальцы, аблізаў вусны і павольна сціснуў імі муштук саксафона.

Пачаў ён спакваля з нечага такога, што мне нагадвала гаму. Як па прыступках, ён уздымаўся ўсё вышэй і вышэй, гучанне ягонага інструмента рабілася ўсё больш моцным, аж пакуль не дасягнула найвышэйшай кропкі. Саксафон роў як фабрычны гудок, як пажарная сірэна, і гэтую самую ноту Вінцэнт пратрымаў з добрыя паўхвіліны, цалкам зліўшыся з інструментам. У гэты момант ён нагадваў статую, вырабленую з невядомага матэрыялу. На ягоным перакошаным твары не заўважалася ні іскрынкі жыцця, ён адно пачырванеў і шырока раздуваў ноздры.

Пасля ён набраў поўныя грудзі паветра і абрынуўся з неймавернай вышыні ўніз, і ўжо там пачаў перабіраць ноты густым, шчыльным гукам, нібы размешваў крупнік вялікім апалонікам. Пры гэтым у ягонай музыцы, як ні дзіўна, лёгка ўгадвалася тая мелодыя, якую найграла на раялі Ваўчыца. Паступова Сапега вывеў гучанне ў сярэднія рэгістры і стаў нібы драць на шматкі аркушы паперы. Мне здалося, што над галовамі людзей засвістаў бізун — такія вострыя, балючыя і адрывістыя былі фразы ягонага лютага саксафона.

А Сапега між тым, як у лазні, усё паддаваў пары. Ён сам ужо даўно ўзмакрэў, але па-ранейшаму не расплюшчваў вачэй. Паступова ў ягонай музыцы пачалі гучаць абрыўкі новых мелодый, многія з якіх я раней недзе ўжо чуў. Інструмент выкарыстоўваў увесь даступны яму дыяпазон адценняў: ён то заходзіўся ў адчайным плачы, стагнаў, то сціхаў і песціў слых, то пачынаў віскатаць і енчыць, то пераходзіў на нейкія ўзнёслыя, урачыстыя інтанацыі. Цела музыканта выгіналася ў неймаверных сутаргах, Сапега, не зважаючы на гэта, малаціў правай нагой па зялёных банкнотах. Нарэшце ягоныя пальцы хутка прабеглі па клапанах саксафона уніз і назад, і заключны акорд прагучаў пераможнай, радаснай песняй...

Я падумаў, што калі б у свой час там, у лагеры, хоць бы аднойчы прагучала такая вось музыка, забітыя працай зэкі запраста звярнулі б карак суседняму горнаму хрыбту і літаральна за дзень прабілі б праз яго дарогу, нават не задумваючыся, куды яна іх выведзе.

— Брава! — сказаў, як адрэзаў, Колін Скот і пайшоў да свайго стала. Ніводзін мускул не варухнуўся на ягоным твары.

А Сапега яшчэ некаторы час не мог выйсці з дзіўнага трансу. Ён не чуў, як людзі нешта ўсхвалявана крычалі яму, як паціскалі рукі, як яго абдымаў Маркіз і, пасунуўшы Вінцэнта на крок у бок, хуценька сабраў з падлогі затаптаныя долары. Саксафон матляўся на шнуры каля грудзей Сапегі, а сам ён шырока раскрытым ротам прагна хапаў паветра. Яго трэсла як у ліхаманцы, і твар Вінцэнта ажыў крыху толькі тады, калі да яго падскочыла Жужа з вялікім букетам ружаў і пацалавала ў шчаку. Яна ўзяла яго пад руку і асцярожна павяла ў музыкантскі пакойчык за сцэнай.

Амерыканцы праводзілі Сапегу сапраўдным салютам. Адначасова стрэлілі некалькі бутэлек шампанскага, і гэтыя дарослыя, сур’ёзныя людзі, затыкаючы пальцамі рыльцы бутэлек, пачалі паліваць віном адно аднаго як з партатыўных брандспойтаў. Нашых бы — я гарантую — даўно б з радасцю кінулі ў “канарэйку” і завезлі туды, дзе душ не такі салодкі, ды не менш халодны. А гэтых чапаць было нельга — валютны кліент. Таму міліцыянеры, стоячы ў дзвярах, адно пасмейваліся сабе, назіраючы за такім святам, нібыта ў кожнага з іх дома была падрыхтавана поўная ванна шампанскага.

Шчаслівы і радасны дзень — дзень нараджэння...