Саксафон Чынгісхана

Падбярэзскі Зміцер


Поле высокага напружання

Пасля ўчарашняга застолля Андрэй адчуваў сябе блага. Але было ў яго жаданне iсцi на работу цi не — рабiць ён гэта мусiў. Тым больш што яшчэ ўчора Ангелiна Георгiеўна, загадчыца аддзялення, паспела двойчы папярэдзiць, каб ён не спазнiўся нi на хвiлiну: павiнна было адбыцца нейкае звышадказнае мерапрыемства. Андрэй, аднак, не надаў тым словам вялiкага значэння: шмат якiя мерапрыемствы пабачыў ён за гады сваёй работы ў гэтай паважанай, афiцыйнай, строгай установе, якая перыядычна прымала на перападрыхтоўку прадстаўнiкоў самых розных узроўняў улады ды партыйнага кiраўнiцтва. Даручаны Андрэю кабiнет тэхнiчных сродкаў навучання быў адладжаны, як швейцарскi гадзiннiк, таму на працягу лiтаральна дзесяцi хвiлiн ён з заплюшчанымi вачыма здольны быў разгарнуць любы камплект апаратуры. Вось чаму ўчора Андрэй не задумваючыся аддаў належнае старой добрай кампанii сяброў, дзе без натхнёнай дэгустацыi моцнага пiтва рэдка калi абыходзiлася.

Таму, iдучы на працу, Андрэй не ламаў галаву над тым, якое яго магло чакаць "адказнае мерапрыемства". Да таго ж галава якраз не вельмi здольная была на паглыблены, засяроджаны роздум. Праўда, ён не пакiдаў па-за ўвагай каменны выраз твару i жорсткiя iнтанацыi ў голасе Ангелiны Георгiеўны, што яму падказвала: на рабоце трэба быць дакладна а дзевятай. I таму хутчэй падсвядома, нават iнстынктыўна, чым асэнсавана, кiруючыся адно толькi абавязкам, Андрэй нетаропка дадыбаў да работы, не забыўшыся захапiць у суседнiм гастраноме пляшак з пяць пiва, якiя ён схаваў у невялiчкiм партфелi. Гэта былi ягоныя адзiныя правераныя лекi ад галаўнога болю, ад якога ён моцна пакутваў у першую палову шэрага, невыразнага лютаўскага дня.

I вось цяпер, няўпэўнена працiснуўшыся праз цяжкiя дзверы ў фае будынка, адзiн знешнi выгляд якога прымушаў сцiшыць крокi, Андрэй спынiўся каля столiка дзяжурнага i прывiтаўся з iм паблажлiва, з той неакрэсленай усмешкай, якая выпрацавалася ў яго яшчэ ў школьныя гады.

— Здароў, Яўсеiч! — сказаў ён. — Усё спакойна на пасту нумар адзiн?

Яўсеевiч, мужчына пенсiйнага ўзросту ў дарагiм касцюме чорнага колеру з чырвонай павязкай на руцэ, падняўся з крэсла i абцягнуў зашпiлены на ўсе гузiкi пiнжак.

— Пунктуальнасць прывучаны шанаваць з часоў войска, — адказаў ён i пацiснуў Андрэю руку. — Добра, што не спазнiўся. Ангелiна Георгiеўна пыталася пра цябе ўжо. Хвалюецца... Сёння ж у нас адказная сустрэча.

—Я тое ўжо ўчора чуў, — махнуў рукой Андрэй. — Адказная, як жа!.. А што канкрэтна, не ведаеш?

Яўсеевiч сцiшыў голас:

—Яна што, не казала табе?

Андрэй моўчкi хiтнуў галавой i адразу ж скрывiўся ад болю ў скронях.

— Дык ты паслухай! — Яўсеевiч схапiў яго за руку i зашаптаў на вуха: — Ведаеш, што да нас экстрэмiсты едуць?!

—Ты, Яўсеевiч, мусiць, учора перабраў, — адказаў Андрэй. — Дык зазiрнi праз хвiлiну да мяне, падлячу пiўком.

—Я сваё даўно выпiў, не ўчора, — пакрыўдзiўся дзяжурны.

— Ага, яшчэ ў часы руска-японскай вайны! — зарагатаў Андрэй i патузаў партфель, з якога пачулася глухое бомканне поўных бутэлек.

"Вось як, экстрэмiсты", — падумаў ён з неразуменнем. Якiя ж адносiны маюць яны да iх школы са строгай назвай, доўгiмi халоднымi калiдорамi, маўклiвымi сценамi i дарагiмi дыванамi? Яшчэ менш ён разумеў, якое дачыненне мае ўсё гэта непасрэдна да яго i даверанага яму кабiнета тэхнiчных сродкаў.

Аднак разумеў ён хоць нешта цi не — не мела значэння. Работа ёсць работа, i выконваць загады кiраўнiцтва ён мусiў, нягледзячы нi на што. Таму Андрэй пасунуўся па калiдоры ў бок свайго пакоя з невялiкiм акенцам пад самаю столлю, стэлажамi з апаратурай, запаснымi часткамi, каробкамi з магнiтафоннымi стужкамi i iншай патрэбнай i ўжо нi на што не здатнай радыёдробяззю. Адсюль нiколi нiшто не выкiдвалася, i з цягам часу ў кабiнеце назбiралася столькi самага рознага i нечаканага, што толькi Андрэй мог свабодна арыентавацца ва ўсiм i амаль iмгненна адшукаць альбо патрэбную пласцiнку, альбо нешта яшчэ такое, прыдатнае для правядзення важных заняткаў па ўсiх складаных пытаннях жыцця.

Шчыльна прычынiўшы за сабой дзверы, Андрэй хутка расшпiлiў партфель, дастаў з яго халодную бутэльку пiва i, прыклаўшы рыльца да краю старога стала, джвагнуў зверху па корку кулаком. Бутэлька пшыкнула, корак, бразгочучы, пакацiўся па падлозе, i Андрэй, не адрываючыся, адным працяглым глытком выпiў смачны, доўгачаканы напiтак. Пасля аблiзаў вусны, з асалодай адчуваючы, як пацяплела ў жываце, задаволена крактануў i прашаптаў: "Хораша..." Ён апусцiўся ў крэсла, выпрастаў ногi i дастаў са скамечанага пачка цыгарэту, закурыў, заплюшчыў вочы...

Зразумела, ён мог бы сядзець вось так нерухома, у нейкiм паўзабыццi, яшчэ доўга, аж да самага абеду, разы з два цi тры хiба адарваўшыся ад крэсла, каб адкаркаваць наступную бутэльку пiва i зноў паглыбiцца ў гэты прыемны стан, калi чалавека нiчога не турбуе, не тузае за рукавы, калi нiчога не трэба рабiць, а можна доўга iснаваць вось так, цi то наяве, цi то ў сне...

Але такi стан благаславеннага спакою працягваўся нядоўга. Пачуўся стук у дзверы, а пасля — чаканны, звонкi голас Ангелiны Георгiеўны.

— Ну? — буркнуў Андрэй, аднак вачэй не расплюшчыў.

— Можна? — прагучала ў адказ, i дзверы прыадчынiлiся.

Павярнуўшы галаву, Андрэй убачыў невялiкага росту хударлявую жанчыну з адмысловай прычоскай. Архiтэктурнае збудаванне на галаве ды яшчэ спаднiца былi, бадай, адзiным, што нагадвала ў аблiччы Ангелiны Георгiеўны жанчыну. Строгi касцюм нейкага невыразнага зеленаватага колеру з амаль класiчным двухбортным пiнжаком, бялюткая кашуля, стрыманага колеру гальштук, адсутнасць на твары слядоў касметыкi, нiякiх пярсцёнкаў, завушнiц, ланцужкоў... Ангеліна Георгiеўна была з тых жанчын, якiя за нейкiя дзесяць гадоў працы на даволi адказнай пасадзе ператвараюцца па сутнасцi ў мужчын, зберагаючы з усёй багатай палiтры жаночай натуры толькi раптоўныя праяўленнi нелагiчнага дэмакратызму. А калi нелагiчнага — значыць, рэдкiя i непрацяглыя.

Ангелiна Георгiеўна наблiзiлася да стала, адразу ж заўважыла пустую бутэльку з яшчэ свежымi пухiрамi пены i нервова паварушыла носам-бульбiнкай.

— Добры дзень, Андрэй Iванавiч, — асцярожна пачала яна.

— Угу... — адказаў Андрэй, застаўшыся пры гэтым у крэсле. Ён што — чалавек маленькi ды неабходны тут усiм. Менавiта таму Андрэю часам дазвалялася рабiць такое, за што iншыя маглi, як у iх казалi, "атрымаць па рэпе".

— Андрэй Iванавiч, — Ангелiна Георгiеўна асцярожна паляпала далонню па стале. — Я ж вам казала ўчора... А дзесятай у нас адказнае мерапрыемства. Вы памятаеце пра гэта?

Андрэй нiчога не адказаў, па-ранейшаму трымаючы ў роце патухлую цыгарэту.

Ангелiна Георгiеўна агледзелася па баках. Злева ладны кавалак сцяны займаў вялiкi каляндар з аголенай дамай у дзёрзкай позе, побач красаваўся выключнай якасцi i выразнасцi плакат з вiдам на сiняе мора i надпiсам па-англiйску: "Адпачынак на ўзбярэжжы? Магчыма, гэта ваш адзiны шанц!.." Насупраць з палiцы вялiкiмi космамi звiсала пераблытаная магнiтафонная стужка, з-за якой з не меншай, чым у дамы на календары, дзёрзкасцю выглядалi рыльцы размаiтых бутэлек.

— Так... — сказала Ангелiна Георгiеўна. — Трэба будзе паставiць перад кiраўнiцтвам школы пытанне пра новае, больш прасторнае памяшканне для кабінета тэхнiчных сродкаў...

— Няблага было б, няблага, — адразу ж адазваўся Андрэй, павольна падняўся з крэсла i пацёр скронi. У галаве яшчэ адбiвалася ўчарашняя пагулянка, але пiва яго сапраўды ратавала.

— Ды гэта, Андрэй Iванавiч, нiяк не здымае з вас адказнасцi трымаць даверанае вам памяшканне ў належным парадку, даглядаць свой кабiнет. Я разумею, што пра чысцiню падлогi ў вас часу падумаць i не заўсёды хапае, але вось дзе-дзе, а на палiцах хацелася б бачыць большы парадак.

— Ага! — iмгненна пагадзiўся Андрэй i нечакана спытаў сваю начальнiцу: — Пiўка вам налiць?

— Мне?! — знерухомела Ангелiна Георгiеўна. — Я?..

Андрэй глядзеў на яе з нейкай спагадай i вельмi лянiва. Ангелiна Георгiеўна, здавалася, не выклiкала ў iм нiякiх эмоцый, нягледзячы на тое, што была ўсё ж жанчына i зусiм не безнадзейнага яшчэ ўзросту.

— Калi толькi паўшклянкi... — прашаптала яна, павярнулася i зачынiла дзверы на ключ.

Андрэй гэткiм жа выпрабаваным прыёмам — аб край стала — адкаркаваў бутэльку i налiў амаль поўную шклянку. Ангелiна Георгiеўна асцярожна паднесла брудную шклянку да рота, неяк непрыкметна ўцягнула ў сябе два-тры маленькiя глыточкi, паставiла шклянку на стол. Выраз яе твару пры гэтым амаль не змянiўся.

— Смачнае пiва... — сказала яна. — Свежае, думаецца.

— Нiшто сабе пiва, — пагадзiўся Андрэй i дапiў другую бутэльку гэтак жа хутка, як i першую.

— Вось цяпер слухаю вас уважлiва! — прапанаваў ён.

Ангелiна Георгiеўна памаўчала, разважаючы, мусiць, як бы лепш i больш дакладна выказаць думкi.

— Так... Андрэй Iванавiч! Вам даручаецца вельмi сур'ёзнае заданне. Сёння ў нас наладжваецца сустрэча нашых навучэнцаў з прадстаўнiкамi так званага Народнага фронту. Разумееце, ад сустрэчы можна чакаць усяго. Вы, спадзяюся, азнаёмiлiся з нашымi арыенцiроўкамi адносна нефармальных арганiзацый экстрэмiсцкага напрамку. Сёння мы рызыкуем, свядома робячы эксперымент.

— Нешта чытаў, — пацвердзiў Андрэй. — Але давайце канкрэтна. А то ўсё адны загадкi: i Яўсеiч, i вы скрозь паўтараеце: "сур'ёзнае", "адказнае"... Зусiм хлопчыка запалохаць хочаце!

— Дык вось... — лагодна i адначасова ўладарна спынiла яго Ангелiна Георгiеўна. — Сёння прадстаўнiкi так званага Народнага фронту ў рамках галоснасці будуць выступаць у нас. Кiраўнiцтва нашай школы надае сустрэчы надзвычайнае значэнне. Нiхто з кiраўнiцтва прысутнiчаць не будзе: не бачаць у гэтым неабходнасцi. Але была выказана просьба запiсаць усё тое, што будуць казаць прадстаўнiкi так званага Народнага фронту для таго, каб пасля зрабiць аналiз выказаных пазiцый. Нас папрасiлi таксама па магчымасцi занатаваць пытаннi, якiя iм будуць задаваць слухачы курсаў, i прозвiшчы тых, хто будзе задаваць пытаннi. Вам зразумела, пра што я кажу?

Андрэй пакруцiў галавой i адчуў, што яна падрыхтавана ўжо i да больш складаных аперацый.

—Я, Андрэй Iванавiч, падумала, што, калi нават пасадзiць запiсваць двух цi трох чалавек, яны могуць не паспець занатаваць усё на паперы. А нават калi i паспеюць, дык дзе гарантыя, што ў запiсах не здарацца недакладнасцi, памылкi, нават свядомае скажэнне сэнсу сказанага iмi? Гэта непажадана. А тут якраз i неабходна зафiксаваць усё слова ў слова.

—Я, Ангелiна Георгiеўна, зраблю ўсё, што ад мяне залежыць, але, прабачце... Вы добра ведаеце, якi ў мяне почырк.

Ангелiна Георгiеўна зноў ледзь прыкметна ўсмiхнулася.

—Я тут не пра гэта... не пра почырк, — яна ўзяла ў руку шклянку з недапiтым пiвам, патрымала яе i паставiла на стол. — Зразумейце мяне i прабачце, але я таксама чалавек падначалены, i загад кiраўнiцтва неабходна выконваць. Таму вам пiсаць нiчога не даручаецца. Патрэбна дапамога даручаных вам тэхнiчных сродкаў... Цяпер вы здагадваецеся?

— Ну-ну... — ажывiўся Андрэй. — Цiкава, што вы маеце на ўвазе?

— Разумееце... Нам трэба пастарацца запiсаць на магнiтафон тое, што будзе гучаць у аўдыторыi ў час сустрэчы, — выдыхнула з сябе Ангелiна Георгiеўна, i Андрэй заўважыў, як ёй адразу ж зрабiлася лягчэй, нiбыта з плячэй гэтай абцяжаранай вялiкай iдэалагiчнай адказнасцю жанчыны звалiлася надзвычайная ноша.

— Ну дык... — развёў рукамi Андрэй. — Так бы i сказалi адразу, а то ўсё нейкiя загадкi гучаць. Мае магнiтафоны заўсёды гатовыя паслужыць радзiме! Можна ўключыць кожны з iх! Потым, зразумела, дзяўчаты не спяшаючыся, дакладна здымуць фанаграму — i банцiкi! Можна будзе нават прэсе падкiнуць iнфармацыю пра наш местачковы Уотэргейт.

— Не блазнуйце! — Ангелiна Георгiеўна рашуча паставiла Андрэя на месца. Прычым сказана тое было такiм тонам, што Андрэй цi не ўпершыню ўсвядомiў: гэтая жанчына не толькi не разумее жарты, але i не любiць iх.

— Вы спачатку выслухайце мяне, — iнтанацыяй яна падкрэслiла "мяне". — Бо мне здаецца, вы не зусiм разумееце, што ад вас патрабуецца, Андрэй Iванавiч.

I толькi тады Андрэй нарэшце канчаткова ўсвядомiў, што на яго сапраўды ўскладаецца нейкае сур'ёзнае заданне.

— Вы мусiце запiсаць выступленнi лiдэраў фронту так, каб нiхто з iх нi пра што не здагадаўся i нiхто нiчога не заўважыў.

— Ха! — нервова рагатнуў Андрэй. — Гэта значыць — дазволу ў iх нiхто пытацца не будзе? Я правiльна зразумеў?

— Каб яны пра запiс нiчога не ведалi, — удакладнiла Ангелiна Георгiеўна. — Пра нейкi дазвол з iх боку i гаворкi не можа быць. Мы проста зробiм запiс — i ўсё!

— Ха! — зноў крыва ўсмiхнуўся тэхнiк. — А калi яны даведаюцца? Магу гарантаваць вам вялiкi скандал!

Андрэй зацерабiў у руках скамечаны пачак "Прымы". Ангелiна Георгiеўна, гледзячы яму ў вочы, узяла ў Андрэя пачак, дастала з яго крывую цыгарэту i задуменна задымiла.

— Як вы курыце такую брыдоту? — нарэшце сказала яна. — Я вось што думаю... I лiчыце гэта загадам! Вы абавязаны зрабiць усё, каб нiхто нi пра што не даведаўся! Зразумела? Iначай...

Андрэй пачухаў патылiцу.

— Не трэба працягваць. Праўда, у мяне нават не спыталi, цi жадаю я ўдзельнiчаць у такой аперацыi, якая... скажам, не вельмi адпавядае нашым законам...

— Андрэй Iванавiч!.. — голас Ангелiны Георгiеўны зрабiўся жорсткi. — Тут, у нашай школе, свае законы. Таму ўлiчыце: мы можам вас прасiць, але можам вам i загадаць. Вось цяпер якраз я вам загадваю. Спадзяюся, вам не трэба тлумачыць, што вас чакае ў выпадку непадпарадкавання загаду кiраўнiцтва. Разам з тым я спадзяюся, што вы самi выдатна ўсё разумееце, таму афiцыйна, на паперы, загад афармляцца не будзе. Тым больш што гэтае пытанне ўзгоднена наверсе, i там запiс сустрэчы павiнен быць... вы здагадваецеся, дзе.

— Не дурнейшы за iншых, — адказаў Андрэй i наблiзiўся да палiц з апаратурай. — Так... Засталiся некаторыя чыста тэхнiчныя нюансы.

—Я ўжо ўсё прадумала, — заявiла Ангелiна Георгiеўна.

Андрэй рэзка азiрнуўся.

— Вялiкi дзякуй! Аднак варыянты ёсць. Напрыклад: паставiць наш магнiтафон на апошнi рад, галасы прамоўцаў даць праз узмацненне, а наш мiкрафон прыладзiць каля аднаго з насценных дынамiкаў. Што вы на гэта?

— Не-не! — запярэчыла Ангелiна Георгiеўна. — Так нельга! Мiкрафон могуць заўважыць, i тады... Не i яшчэ раз — не! Гэта можа выклiкаць эксцэсы, а iх у нашым будынку быць не павiнна. Вам трэба зрабiць так... У вас жа ёсць маленькiя касетныя магнiтафончыкi, так? Я заходзiла ў аўдыторыю, правяла, так сказаць, разведку боем. Адзiн такi магнiтафончык трэба паставiць проста ў пярэднюю парту. Некалi ж гэтыя парты выраблялiся з разлiкам на тое, што людзi будуць карыстацца чарнiльнiцамi. Мы даўно перайшлi на шарыкавыя ручкi, а парты ўсё яшчэ вырабляюцца. Дык вось, у такую дзiрачку добра ўладкуецца мiкрафон, яго можна прымацаваць iзаляцыйнай стужкай. Парта стаiць усутыч сталу, за якiм сядуць гэтыя... прадстаўнiкi нефармальнага руху.

— А што? — акрыяў Андрэй. — Выдатнае канструктарскае вырашэнне. На такой малой адлегласцi мiкрафон хапае голас нармальна, кожны шэпт запiшацца!

Андрэй i сапраўды быў уражаны назiральнасцю Ангелiны Георгiеўны, яе дакладным разлiкам кожнае дробязi. Але...

— Колькi, вы думаеце, будзе працягвацца сустрэча? — пацiкавiўся ён.

— Гадзiны паўтары, больш нам i не раiлi. Ды і гэтага хопiць! Нельга дазваляць нефармалам гаварыць зашмат. Мы, праўда, падстрахавалiся, сяго-таго добра падрыхтавалi... Каб, калi што, змякчыць непажаданыя настроi. Народ у нас не такi яшчэ роўны, сустракаюцца падатлiвыя, на жаль...

— Што ж тады рабiць нам? — спытаў Андрэй, узрадаваўшыся, што ён нарэшце здолеў адшукаць той пункцiк, дзякуючы якому мог нарэшце "пасадзiць" сваю начальнiцу ў лужу. — Касета ж разлiчана на сорак пяць хвiлiн.

— Японская?

— Але! А наша гучыць i таго менш: паўгадзiны.

Ангелiна Георгiеўна задумалася, але хiба на якое iмгненне.

— Бярыце японскую, — загадала яна. — Ды i якасць запiсу лепшая — я так разумею... Нам хопiць i сорак пяць хвiлiн, абы там, дзе трэба, атрымалi ўяўленне, пра што яны гавораць, як гавораць, чым аргументуюць свае нацыяналiстычныя прынцыпы. Гэта найбольш iстотна, таму што нiзавыя арганiзацыi павiнны атрымаць iнфармацыю, як потым з усiм гэтым змагацца, як паводзiць сябе пры сустрэчы з асобнымi фактамi праяўлення экстрэмiзму.

— Добра, — пагадзiўся Андрэй. — Але ўлiчыце: роўна сорак пяць хвiлiн, пасля чаго... Э-э-э!..

— Што такое, што?.. — захвалявалася Ангелiна Георгiеўна.

— Ды я ж папярэдзiў: ёсць нюансы. Бо калi амаль год назад я даў вам заяўку на японскiя апараты, вы iх атрымалi, але дзе яны ўсе падзелiся? Вы iх сярод сваiх размеркавалi! Мне што адказалi? Трэба, маўляў, пачакаць. Вось i дачакалiся! Магнiтафон "Вясна", гэтая хованка для клапоў, каб вы ведалi, не мае аўтастопа! Вам гэта пра нешта гаворыць?

Ангелiна Георгiеўна канчаткова разгубiлася i таму прамаўчала.

— Гэты магнiтафон, — тлумачыў далей Андрэй, — калi заканчваецца стужка, не выключаецца сам, як усе японскiя, а пачынае тоненька ды досыць гучна вiшчаць. Ведаеце, гэтак брыдка, як той шчанюк, што атрымаў па лапе палкай. Гарантую вам: вiск пачуюць нават на калiдоры!

— Што ж тады рабiць? — ледзь вымавiла Ангелiна Георгiеўна. — Калi запiсу не будзе, нас... мяне наверсе не зразумеюць...

— Добра, вы не хвалюйцеся, — Андрэй паблажлiва паклаў руку на яе плячо. — Зараз нешта прыдумаю. Можаце iсцi спакойна. Не бярыце да галавы, вораг не пройдзе!

Ангелiна Георгiеўна пасунулася да дзвярэй, але азiрнулася i папрасiла:

— Андрэй Iванавiч! Толькi прыдумайце што-небудзь... I, калi ласка, больш пiва — нi-нi! Пасля ўсяго — колькi хочаце...

Андрэй паслухмяна кiўнуў, прычынiў за начальнiцай дзверы i задумаўся. Выйсце ён адшукаў даволi хутка, адно толькi гэты варыянт, як нi круцi, гарантаваў тыя ж сорак пяць хвiлiн запiсу. Магнiтафон трэба адкрыта, з дапамогай шнура, падключыць да разеткi, нахабна кiнуўшы провад у праход проста пад ногi. На першай парце павiнен сесцi... ды хоць бы Яўсеiч, няма чаго яму марнаваць час на нiкому не патрэбнай варце! Няхай паслужыць радзiме! Яўсеiч i ўключыць магнiтафон, нацiснуўшы на патрэбныя кнопкi. Уключыць магнiтафон можа неўпрыкмет, а пасля, нацiснуўшы кнопку "паўза", ён жа i спынiць бег стужкi, i тады вiску яе нiхто не пачуе!

Усё генiяльнае — простае! Ангелiна Георгiеўна ўхвалiла план Андрэя, але выказала здагадку, што Яўсеевiч, як былы вайсковы штабiст, няздатны навобмацак нацiснуць патрэбную кнопку, i запiс можа сарвацца. Андрэй i тут iмгненна адшукаў выйсце. Вырашана было непасрэдна перад сустрэчай паставiць магнiтафон у рэжым запiсу, адключыўшы пры гэтым святло ва ўсiм будынку. Як сустрэча пачнецца, святло ўключаць, i магнiтафон такiм чынам пачне запiсваць. А ўжо кнопку "паўза" намацаць у парце здольны нават былы вайсковец.

На гэтым падрыхтоўка да аперацыi скончылася. Андрэй запхнуў у парту магнiтафон, прыладзiў у дзiрачцы мiкрафон i толькi пасля падумаў, што адключаць святло ва ўсiм будынку не было нiякай патрэбы. Гэтак жа сама Яўсеiч мог нацiснуць кнопку "паўза" двойчы! Спачатку для таго, каб запусцiць магнiтафон, а праз сорак пяць хвiлiн — каб яго спынiць.

Але далей удасканальваць план Андрэю ўжо не хацелася: няхай лепш усё iдзе так, як узгоднена з кiраўнiцтвам. Зашмат асабiстай iнiцыятывы — таксама дрэнна. Таму ён вярнуўся ў свой пакой, адкаркаваў чарговую бутэльку пiва, закурыў i зноў паглыбiўся ў любiмы стан свядомага рабочага забыцця. Ён яшчэ ўключыў вялiкi магнiтафон з запiсам нейкай камфортнай музыкi, i калi яна загучала, зразумеў: аперацыя пачалася. Не, усё ж работа ў яго — дай Бог кожнаму, а такiя аўралы здараюцца надзвычай рэдка.

Выйсцi з пакоя ён павiнен быў у дзесяць гадзiн сорак хвiлiн... А пiва сапраўды было свяжуткае!

Андрэй усхапiўся з крэсла роўна за адну хвiлiну да прызначанага часу. Ён працёр кулакамi вочы, спынiў магнiтафон i пасунуўся ў бок аўдыторыi, дзе выступалi экстрэмiсты. Праз адчыненыя дзверы на дыбачках прайшоў у аўдыторыю i прысеў на край апошняй парты. У аўдыторыi гарэла яркае святло, чорныя шторы аддзялялi пакой ад промняў сонца.

Экстрэмiстаў было трое. Адзiн — малады яшчэ хлопец з казлiнай бародкай — нечаму ўвесь час усмiхаўся, але ўсмешка тая аддавала нейкай пагардаю да ўсiх, хто прысутнiчаў у аўдыторыi. Другi — сталых гадоў мужчына з баявым ордэнам на грудзях з круглым, добрым тварам, падобны на унiверсiтэцкага прафесара. Але больш за ўсiх казаў трэцi — высокi, хударлявы мужчына ў нейкiм спартыўным швэдры. Ягоны вялiкi, амаль голы чэрап валадарна ўзвышаўся па-над усёй залай, а кароткiя, адрывiстыя фразы, якiя ён апантана кiдаў слухачам, сведчылi пра ягоны сякi-такi талент прамоўцы i нават досвед зносiн з вялiкiмi аўдыторыямi слухачоў.

Андрэй адзначыў, што большасць прысутных слухала экстрэмiстаў уважлiва, не перабiваючы, многiя пры гэтым трымалi ручкi. I толькi сям-там на тварах можна было заўважыць крывую ўсмешку, выраз недаверу цi проста насцярожанасць.Яўсеiч, як i было вызначана планам аперацыi, сядзеў за пярэдняй партай. Андрэй кiнуў позiрк на гадзiннiк i захваляваўся: трэба было ўжо спыняць магнiтафон. Мiж тым Яўсеiч, заслухаўшыся, раскрыў рот i, нiбыта той школьнiк, лiтаральна глытаў кожнае слова, якое прамаўлялi госцi.

Андрэй схiлiўся ў праход.

—Яўсеiч!.. — паклiкаў ён гучным шэптам.

На Андрэя шыкнулi адразу ж з некалькiх бакоў, а Яўсеiч мiж тым нават не паварухнуўся.

"Каб цябе камары дзяўблi! — скрывiўся Андрэй. — Няўжо забудзецца стары? А вiнаваты ж буду я!"

У Андрэя раптам затрэслiся рукi. Гэтак з iм здаралася неаднойчы, калi ягоная кампанiя неяк неўпрыкмет ператваралася проста ў тупое спаборнiцтва па колькасцi выпiтага. Ды там, у кампанii, у выпадку парушэння правiлаў гульнi ўсё ў горшым выпадку магло скончыцца галаўным болем. Тут вынiкi правалу аперацыi маглi быць куды больш прыкрыя.

Андрэй лiхаманкава выдраў з блакноцiка старонку i накрэслiў на ёй: "Яўсеiч! Тэрмiнова выключы магнiтафон!" Пасля гэтага ён хутка склаў паперку ўдвая i дакрануўся да пляча чалавека, якi сядзеў наперадзе.

— Перадайце, калi ласка... Туды, наперад! — кiўнуў ён у бок пярэдняй парты.

Праз плечы людзей запiска павандравала ў бок прэзiдыума. "Хутчэй ты!" — падганяў яе Андрэй, разумеючы, што лiк пайшоў лiтаральна на секунды, i магло так здарыцца, што вось-вось у аўдыторыi пачуецца пранiзлiвы вiск магнiтафона.

Ды здарылася непрадбачанае.

"Во дае Яўсеiч!" — толькi i падумаў Андрэй пасля таго, як той, пакруцiўшы запiску ў руцэ, прыўзняўся i паклаў яе проста пад нос экстрэмiсту з казлiнай бародкай. У аперацыi адбыўся адзiны, ды вельмi iстотны пракол: Яўсеiч не мог ведаць, што запiска была адрасавана менавiта яму.

Нейкая неймаверная сiла выкiнула Андрэя з аўдыторыi на калiдор. Там ён ледзь не збiў з ног Ангелiну Георгiеўну, якая тырчала пад дзвярыма i напружана глядзела на гадзiннiк.

— Ну што там? — закрычала ўражаная жанчына.

— Запiска! Завал! — рыкнуў Андрэй i кiнуўся ў свой пакой, страцiўшы ўсякае адчуванне рэальнасцi, разумення таго, што адбываецца. Ён усвядомiў адно: калi людзi з Народнага фронту даведаюцца пра магнiтафон, пра гэта ў той жа дзень будзе ведаць увесь горад, а тады не толькi ён, але i Ангелiна з трэскам павылятаюць са сваiх цёплых, наседжаных месцаў. I яшчэ невядома, дзе i калi здолеюць прызямлiцца.

— Што ты хочаш зрабiць?! Спынiся! — пачуў ён голас Ангелiны Георгiеўны i адразу ж убачыў яе ў дзвярах пакоя, бледную i вельмi старую.

— Не лезь, ты!..

У гэтую хвiлiну Андрэй трымаў ужо ў руках невялiчкую вострую сякерку. Цяпер ён ведаў, што мусiў рабiць.

Коратка размахнуўшыся, Андрэй адчайна раз, другi, трэцi секануў па шнуру ад магнiтафона, якi тырчаў з разеткi. Ён сек шнур аж да таго моманту, пакуль перад ягонымi вачыма нешта не ўспыхнула, i Андрэя кiнула спiнай проста на стэлажы з апаратурай...

Апрытомнеў ён хвiлiн праз колькi.

З магнiтафона "Растоў" цягнуўся лёгкi дымок, у пакоi пахла паленым. Лямпачка пад столлю — i гэта было найбольш iстотнае — не гарэла! Перад Андрэем на каленах стаяла Ангелiна Георгiеўна i халоднай мокрай анучкай раз-пораз дакраналася да ягонага лба.

—Я ганаруся вамi, Андрэй... — пачуў ён.

—Як там? — слабым голасам спытаў Андрэй, адчуваючы, што ягоная галава зноў разлятаецца на мноства вострых, калючых шкельцаў.

— Усё ў парадку, — адказала Ангелiна Георгiеўна. — Я паспела схапiць усе запiскi. У цемры хуценька згрэбла са стала — i ў кiшэню. Нiхто нiчога не зразумеў.

— Маю запiску знайшлi? — прашаптаў Андрэй.

— Не-е... — сцялася Ангелiна Георгiеўна.Яна высыпала на падлогу ўсе запiскi. Было iх шмат. Разгортваючы адну па адной, Андрэй i Ангелiна Георгiеўна хутка адшукалi невялiкi квадрацiк паперы ў клетачку.

—Яна! — узрадаваўся Андрэй i выхапiў запiску з рук Ангелiны Георгiеўны.

— Фу ты, гара з плеч! — выдыхнула Ангелiна Георгiеўна i раптам зашмыгала носам.

— Ну, ну, не плач! Мы яе зараз вось так, вось так! — закрычаў Андрэй, раздзiраючы сваю запiску на дробненькiя шматочкi. — Каб нi следу ад яе, нi следу!

Ён высока падкiнуў шматкi паперы. Яны, быццам буйныя сняжынкi, павольна апусцiлiся ўнiз, на галовы i плечы двух дарослых людзей, якiя сядзелi на даўно не мытай падлозе i смяялiся ад душы, шчаслiва i гучна, нiкога не баючыся.

Ну роўна як дзецi!..

1990 г.