Саксафон Чынгісхана

Падбярэзскі Зміцер


Абрыў сувязі

— Алё, алё! — каторы раз пракрычаў Вiталь Саламацiн, але ў тэлефоннай трубцы па-ранейшаму, нiбы з iншай планеты, чулiся незразумелыя водгаласы, няўцямныя абрыўкi размоў, штосьцi патрэсквала i папiсквала. Раённы цэнтр маўчаў. Арганiзатар пазакласнай работы Волкаўскай сярэдняй школы Вiталь Мадэставiч Саламацiн вось ужо трэцi дзень не адыходзiў ад тэлефона.

Невялiкая вёска Волкава схавалася ў лясах. З бальшаком, якi вёў у райцэнтр, яе злучалi восем кiламетраў гразкай грунтоўкi. Невялiкая была i школа, у якой ва ўсiх дзесяцi класах вучылася крыху болей за дзвесце дзяцей з Волкава i блiжэйшых вёcак. Ды, як, зрэшты, i ў кожнай вясковай школе, клопатаў настаўнiкам хапала i з iмi.

Вiталь Саламацiн прыехаў у Волкава па размеркаваннi пасля унiверсiтэта з намерам адпрацаваць у школе не больш за абавязковыя тры гады. Аднак з цягам часу работа захапiла яго, ён хутка пачаў адчуваць, што адшукаў з дзецьмi агульную мову.Яму падабалася загадваць iм загадкi, а потым разам, часам нават пасля ўрокаў, разбiраць складанасцi роднай мовы, вучыць знаходзiць адзiна патрэбныя i трапныя слоўцы, на якiя заўсёды была багатая гэтая цудоўная, чарадзейная краiна — Беларускае Палессе.

Пасялiлi яго ў старой хацiне — амшэлым будынку былой пачатковай школы, якую даўно падзялiлi ўжо на невялiкiя пакойчыкi. У ягоным пакойчыку з мэблi былi вялiкi жалезны ложак на спружынах, якi перажыў некалькi пакаленняў вясковых настаўнiкаў, старая класная шафа, у якой Саламацiн уладкаваў свой сцiплы хатнi посуд, этажэрка для падручнiкаў ды зламаная парта, што стаяла насупраць печы. Па начах пад шпалерамі шаргацелi мышы, у комiне падвываў вецер, але познiя гадзiны былi для Саламацiна найбольш прыемныя. Праверыўшы сшыткi, падрыхтаваўшыся да заўтрашнiх урокаў, ён палiў у печы, сядаў за парту i моўчкi глядзеў на полымя. Ён мог так сядзець гадзiнамi, нiчога не робячы, нi пра што не думаючы...

За ноч са старой будынiны выцягвала ўсё цяпло, i таму ён не спяшаўся вяртацца са школы дадому, у халоднае, пустое жытло. Ранкам жа ён хутка выпiваў шклянку гарбаты з сухарамi альбо пячэннем i бег у школу, дзе яго чакалi ўрокi, педсаветы, сходы i амаль штодня — размаiтыя паперы з рана, райкама камсамола, ад пажарнiкаў, з метадычнага кабiнета. I скрозь на iх значылася: даць адказ хутка, выканаць указаннi на працягу тыдня, а то i адразу ж, кiнуўшы ўсе iншыя, такiя ж неадкладныя справы. Ад канцыляршчыны, якая сваiмi безуважнымi i халоднымi цiскамi душыла галаву, ад дураты, якой былi напоўненыя гэтыя дэпешы, у Саламацiна часам проста апускалiся рукi. Ён нiяк не мог зразумець, якое дачыненне ўсё гэта мае да дзяцей.

Чаго вартая была хоць бы папера з райцэнтра ад пажарнiкаў! У iнструкцыi па арганiзацыi ў школе гуртка “Юныя сябры пажарнiкаў” сярод розных пунктаў у справаздачы па выкананню безлiчы мерапрыемстваў побач значылiся “Колькасць праведзеных вучэнняў (па плану i фактычна)” i “Колькасць пажараў у населеным пункце” з той жа самай i абавязковай расшыфроўкай. Саламацiн адразу ж прыгадаў, як у Волкаве згарэла навюткая хатка школьнай пiянерважатай. Шыфер рваўся на даху, як тыя гранаты, i ўся вёска сабралася наўкола, моўчкi ўглядаючыся ў вясёлае полымя, якое прагна паглынала сухiя сасновыя бярвеннi. Калi хата ўжо дагарала, з райцэнтра прыляцеў “экiпаж машыны баявой”. З яе вывалiўся старшы лейтэнант i адразу ж кiнуўся на вуголле. Гэтак жа сама моўчкi яго адцягнулi да машыны i зачынiлi ў кабiне. Лейтэнант прыцiснуў твар да шкла i п'яна плакаў. Пажарнiкi злiлi ўсю ваду на падмурак згарэлай хаты, i чорная ручаiна расцяклася аж да самае школы. У вёсцы казалi, што у хаце лейтэнант трымаў усе грошы, якiя зарабiў на Поўначы, каб пакласцi iх да ног нявесты.

Пажарнiкi тады маглi б прыехаць значна раней, ды вось дазванiцца з Волкава ў райцэнтр заўсёды было складана, а перапiска з рознымi ўстановамi, якiя неадчэпна сядзелi ў школы на шыi, забiрала ў Саламацiна шмат часу. Ён хутка пераканаўся, што пажарнiкi гумару зусiм не разумелi. За з'едлiвы адказ на iх планавыя заданнi адносна колькасцi пажараў у Волкаве Саламацiн атрымаў заўвагу, падпiсаную загадчыкам рана.

Але вось у гэты дзень тэлефон быў яму патрэбны пазарэз! У гэты дзень уся краiна адзначала вялiкае свята. У Маскве адкрываўся чарговы з'езд партыi, аднак Саламацiн не ведаў, што ён мусiў рабiць у сувязi з такой сур'ёзнай падзеяй. Ён толькi разумеў: яе неабходна было сустракаць усёй школай. Але вось ужо некалькi дзён з раёна не гучала нiводнай падказкi, нiбыта ўся краiна, рыхтуючыся да з'езда сваiх лепшых дачок i сыноў, забыла пра iснаванне Волкава i ўсiх ягоных жыхароў. Ад гэтай няўпэўненасцi арганiзатар пазакласнай работы — “камiсар школы”, як называў яго дырэктар Антон Мiхайлавiч, канчаткова разгубiўся. Падзея, да якой рыхтавалася краiна больш за чатыры гады, павiнна была ўскалыхнуць увесь калектыў вучняў i настаўнiкаў. Але як сустракаць такiя святы? Ва унiверсiтэце iх гэтаму не вучылi, калегi Саламацiна не былi здольныя сказаць нiчога канкрэтнага, але па выразу iх твараў ён лёгка мог здагадацца, што ягоным праблемам не зайздросцiць нiхто.

Саламацiн сам бы аддаў шмат за тое, каб у час, калi будзе адзначацца адкрыццё з'езда, стаяць не сам-насам перад усiм школьным калектывам, а згубiцца-сцiшыцца недзе ззаду, за спiнамi iншых — сваiх калег, мужыкаватых хлопцаў-дзесяцiкласнiкаў.

А тут яшчэ, як на тое, зноў адключыўся тэлефон. Саламацiн дарма зрываў голас, пакусваючы доўгiя вусы, разбiраў i збiраў тэлефонную трубку. Ды яна маўчала i ў сем гадзiн ранiцы, i ў дзевяць, i нават а палове дзесятай. У адзiнаццаць гадзiн у Маскве адкрываўся з'езд, i адначасова з iм у забытай усiмi вёсцы Волкава павiнна была адкрыцца ўрачыстая лiнейка, на якую збяруцца ўсе — ад першакласнiкаў да выпускнiкоў, работнiкi школьнай сталоўкi i тэхнiчны персанал, усе настаўнiкi. Пачынаць лiнейку павiнен быў ён, Вiталь Мадэставiч Саламацiн, якi з самага ранку ламаў галаву над адным пытаннем: што зрабiць, каб гэтая лiнейка, гэты незвычайны дзень запомнiлiся, каб для ягоных вучняў пачатак з'езда партыi зрабiўся сапраўднай падзеяй, якую яны помнiлi б i праз шмат гадоў пасля сканчэння школы...

— Алё! — ужо без усялякай надзеi нешта пачуць у адказ зноў крыкнуў ён у трубку i адразу ж паклаў яе на стол.

“Так... Што ж мы маем? Маё ўступнае слова. Антон Мiхайлавiч сваё таксама скажа. Добра. Пiлiпчык было даручана падрыхтаваць двух вучняў. Тут праколу быць не павiнна. Музыка... Прайгравальнiк адрамантаваны, здаецца, пласцiнка з гiмнам маецца. А!.. Як-небудзь праскочым!..”

Саламацiн быў упэўнены, што лiнейка адбудзецца, але вось цi зробiцца яна для вучняў сапраўднай падзеяй, цi адчуюць яны сэнс i значэнне таго, дзеля чаго iх зганяюць усiх разам у фiзкультурную залу, цi ўсвядомяць яны ўсю адказнасць моманту, ён не ведаў. Нешта трывожыла яго, нейкае адчуванне няшчырасцi, несапраўднасцi задуманага выклiкала толькi адно жаданне — як мага хутчэй правесцi лiнейку, неяк перажыць гэта ўсё i адразу ж збегчы на лыжах у лес, добра што ўрокаў у яго сёння не было.

I тады, калi да пачатку лiнейкi заставалася нейкiх дваццаць хвiлiн, у настаўнiцкую ўляцела Люда Пiлiпчык, камсорг школы.

— Вiталь Мадэставiч! — закрычала яна. — А Кiеня выступаць адмовiўся!

—Як так? — не зразумеў Саламацiн. — Што значыць “адмовiўся”? Мы ж учора ўсё з iм асабiста ўзгаднiлi...

— Ён ваш тэкст не можа запомнiць, — растлумачыла Люда i пачырванела.

— Давай яго сюды! — загадаў Саламацiн. — Ды хуценька!

Ён якi ўжо раз прыклаў тэлефонную трубку да вуха. Яна па-ранейшаму маўчала.

У настаўнiцкую нясмела зазiрнуў дзесяцiкласнiк Леанiд Кiеня. Саламацiн рухам рукi запрасiў яго прайсцi, i Кiеня, прыгнуўшыся ў дзвярах, зайшоў i спынiўся пасярэдзiне пакоя, гэтак жа моўчкi i разам з тым вiнавата зiрнуў настаўнiку проста ў вочы.

Худы i доўгi, пад два метры ростам, Кiеня сцяўся пад позiркам завуча.

— Ну... — нарэшце сказаў Саламацiн. — Ты што, бомбу захацеў пад мяне падкласцi?

—Якую бомбу? — не зразумеў Кiеня. — Бомбу не хачу... Проста два першыя радкi памятаю, а што далей — хоць забiце, анi слова!

— Можа, склероз раптам прарэзаўся? — з'едлiва абарваў яго завуч.

— Ды не... Проста напiсана ўсё неяк... не па-людску! — рашуча адказаў вучаць.

— А ну давай праверым, што там нялюдскага! — прапанаваў Саламацiн, добра памятаючы амаль кожнае напiсанае iм слова.

— Значыць, так... Паважаныя вучнi, педагогi i тэхнiчны персанал школы! — забубнiў Кiеня. — У гэты ўрачысты дзень, калi ўся наша краiна горача рапартуе лёсавызначальнаму з'езду партыi пра свае дасягненнi, мы, будаўнiкi светлай будучынi, згуртаваўшыся пад сцягам... значыць, сцягам... пад усепераможным сцягам першай у свеце краiны сацыялiзму, клянемся... ну, гэта... клянемся...

— Хто тэкст паправiў? — спынiў яго Саламацiн.

— Хто-хто... Класная, хто ж яшчэ? — адказаў Кiеня. — Яна як даведалася, адразу ж загадала паказаць, што вы напiсалi... Пакрэслiла ўсё, i вось... Ды там хвiлін на дваццаць усяго, пра перадавыя рубяжы i нешта там яшчэ... Язык высахне, пакуль скажаш!

— Карацей, для цябе задача невырашальная, так?

— Ага! Я, Вiталь Мадэставiч, проста не разумею, пра што яна там... — вялiкi Кiеня не ведаў, куды падзець свае рукi.

— Iдзi... — сказаў Саламацiн i зусiм ужо безнадзейна зiрнуў на гадзiннiк. Было за дзесяць хвiлiн адзiнаццатая. Нават калi б цяпер i зазванiў тэлефон, нiчога змянiць завуч ужо не здолеў бы... Хiба што наогул адмянiць лiнейку. Ды пра тое нельга было i думаць!

Саламацiн спусцiўся на першы паверх i прайшоў у фiзкультурную залу, дзе было поўна па-святочнаму апранутых дзяцей.

Каля ўвахода яго затрымала Люда Пiлiпчык.

— У нашых камсамольцаў нарадзiлася iдэя! — выпалiла яна. — Вырашылi паслаць з'езду прывiтальную тэлеграму. Вось i тэкст яе напiсалi, крыху грошай ужо сабралi. Га?

Саламацiн узяў аркуш паперы i пачаў чытаць.

“Дарагi наш з'езд! Мы, камсамольцы i ўсе вучнi Волкаўскай сярэдняй школы з Беларусi, горача вiншуем цябе i абяцаем скончыць навучальны год без адстаючых, быць заўсёды прыкладам для малодшых i надзейнымi памочнiкамi нашым бацькам. Пяцёра выпускнiкоў школы вырашылi застацца ў родным калгасе i канкрэтнымi справамi дапамагчы Радзiме”.

— А што? — узрадаваўся Саламацiн. — Добра! Тэлеграму няблага было б зачытаць у канцы. Сапраўды самi прыдумалi?

— Кiеня прыйшоў ад вас i прапанаваў. А ў яго ўсё было ўжо напiсана. Адно толькi паказаць вам саромеўся.

— Вось няхай тады i зачытае перад усiмi, — вырашыў Саламацiн i даў знак уключыць радыё.

Калi з дынамiкаў загучалi куранты, усе замоўклі. Урачыстая цiшыня напоўнiла залу. Людзі разумелi: там, у далёкай Маскве, у гэтыя хвiлiны адбываецца нешта такое, што датычыць лёсаў кожнага чалавека на Зямлi. I калi рэха апошняга ўдару курантаў пракацiлася па зале, нiводзiн з вучняў i настаўнiкаў не паварушыўся, не ўсмiхнуўся, нават не мiргнуў. Першакласнiкi — i тыя сцялiся, быццам у чарзе да стаматолага. Усе нiбыта чакалi дазволу расслабiцца. I Саламацiну раптам вельмi захацелася, каб больш тут не прагучала анiводнага слова, каб лiнейка на гэтым i скончылася, таму што ўсе яны, розныя словы, няхай самыя правiльныя i чулыя, могуць толькi сапсаваць, прызямлiць непаўторнасць iмгнення, якое з'яднала ў адзiны арганiзм усiх прысутных.

Але не сказаць нельга было.

З прыёмнiка разлягалiся бясконцыя апладысменты, гучныя воклiчы, перарваць якiя ўласнымi словамi Саламацiн лiчыў злачынствам. Прывiтаннi прэзiдыуму з'езда гучалi адно па адным; здавалася, iм не будзе канца. Заўважыўшы напружаны, збялелы твар Люды Пiлiпчык, Саламацiн тым не менш адчуў: калi ён зараз жа не пачне гаварыць, нiхто не паспее падхапiць камсорга школы пад рукi.

— Дарагiя вучнi, калегi, абслугоўваючы персанал... — пачаў Саламацiн i адразу ж уцямiў: не тое ён гаворыць, зусiм не тое i не так.

Ён змоўк, даў знак прыцiшыць гук у прёмнiку, глыбока ўздыхнуў.

— Сябры!.. Толькi што ў Маскве адкрыўся з'езд Камунiстычнай партыi Савецкага Саюза. Гэта — наша агульнае свята, якое савецкi народ сустракае працоўнымi дасягненнямi. Сёння ўсе — рабочыя i калгаснiкi, касманаўты i шахцёры, нафтавiкi i металургi, творчая iнтэлiгенцыя, школьная i студэнцкая моладзь рапартуюць з'езду пра зробленае iмi. Не павiнны застацца ўбаку i мы. Дазвольце нашу ўрачыстую лiнейку лiчыць адкрытай.

Зала запоўнiлася апладысментамi. Ледзь спынiўшы iх, Саламацiн даў слова Антону Мiхайлавiчу, якi таксама казаў нядоўга: вучнi сярэдняй школы — паўнапраўныя грамадзяне краiны, i таму тыя адзнакi, што яны атрымлiваюць на ўроках, ёсць iх непасрэдны ўклад у агульную справу. Антон Мiхайлавiч назваў у якасцi станоўчага прыкладу iмёны Люды Пiлiпчык, Змiцера Шчакi, Лявона Кiенi, не прамiнуў згадаць i тых, хто цягнуў школу назад.

Затым слова ўзяла камсорг школы.

— Сябры! — сказала Люда, але, азiрнуўшыся на настаўнiкаў, хуценька паправiлася: — Паважаныя таварышы! Камсамольцы нашай школы выйшлi з прапановай даслаць на адрас з'езда прывiтальную тэлеграму.

Вучнi i настаўнiкi падтрымалi прапанову воплескамi.

— Тэкст тэлеграмы даручана зачытаць Леанiду Кiеню, — сказала Люда i, павярнуўшыся да Саламацiна, спыталася: — Можна?

Той кiўнуў i ў той жа самы момант заўважыў, як раптам захвалявалася Тэрэза Казiмiраўна Кручынская, класны кiраўнiк дзесятага класа.

Кiеня выйшаў на цэнтр залы, выцягнуў з кiшэнi тэкст тэлеграмы i зачытаў яго — упэўнена i ўрачыста, зусiм не так, як чытаў услых на ўроках, не так, як нядаўна гугнявiў у настаўнiцкай. Саламацiн даў знак, але вучань, якi адказваў за “музыку”, разгубiўся i не здолеў своечасова ўключыць прайгравальнiк. Толькi калi вучнi навыперадкi кiнулiся з залы, iм услед загучалi нарэшце словы песнi. “Широка страна моя родная...” — шыпела заезджаная пласцiнка, праглынаючы цэлыя радкi, пакуль iголка з вiскам не з'ехала праз усе канаўкi да цэнтра.

Уласна кажучы, гэта была цi не адзiная песня, што мелася на адшуканых Саламацiным у настаўнiцкай пласцiнках i ў нейкай меры адпавядала мерапрыемству.

Прапускаючы ў дзвярах вучняў, Антон Мiхайлавiч павiншаваў Саламацiна.

— Наогул зусiм няблага атрымалася, — сказаў ён. — I з тэлеграмай ты добра прыдумаў, усё было вельмi натуральна.

— Гэта не я прыдумаў, Антон Мiхайлавiч, — адказаў Саламацiн. — То сапраўды камсамольская iнiцыятыва.

— Во як?! — здзiвiўся дырэктар. — Тады разумею... Тэкст, безумоўна, трэба будзе тады крыху падрэдагаваць, каб рапарт сапраўды атрымаўся на ўзроўнi!

— Антон Мiхайлавiч! — дагнала iх Кручынская. — Гэта ж нонсенс! Такую тэлеграму, iдэалагiчна няспелую, пасылаць нельга нi ў якiм разе! Вы зразумейце: у Маскву, на з'езд! А тут тэкст сыры, проста сыры!

— Хадземце, Тэрэза Казiмiраўна, да мяне i паправiм тое, што вас не задавальняе, — прапанаваў дырэктар, i яны ўтраiх паднялiся на другi паверх. Там Антон Мiхайлавiч перш-наперш прыўзняў трубку тэлефона.

— М-да... — разгублена сказаў ён. — Быццам на Марсе жывем! Нiкому не дазванiцца, няма з кiм i слоўцам перакiнуцца. А можа, яно так i лепш: нiхто не надакучвае, не раiць. Працуй сабе спакойна, як сам разумееш! А то чым далей, тым больш нам указанняў зверху, а, калегi?.. Только вось вы, Вiталь Мадэставiч, як без сувязi тэлеграму пашлеце?

— Яе ўвогуле нiкуды не трэба пасылаць! — горача запярэчыла Кручынская. — Мы гэтае пытанне нi з кiм не ўзгаднiлi, дазволу не маем на тэлеграму... Вы, Вiталь Мадэставiч, толькi другi год як у нашай сiстэме працуеце, яшчэ не арыентуецеся, што тут можна рабiць самому, а што трэба ўзгадняць. Таму пакiньце сабе яе як памяць, а вучням скажаце, што паслалi. Найлепшае выйсце з сiтуацыi!

— Прабачце, Тэрэза Казiмiраўна! — выбухнуў Саламацiн. — Калi ўжо на такое — шчырае вiншаванне дазволу пытацца, дык хутка ўвогуле самастойна i кроку не зробiш! Тэлеграму мы... я адпраўлю! Я ўжо дамовiўся з вучнямi, што адразу ж пасля ўрокаў мы станем на лыжы, зганяем у Сямяцiчы. Дзецi адтуль казалi, што тамака тэлефон спраўны.

— Тэкст нiкуды не варты! — стаяла на сваiм Кручынская. — А калi тэлеграму на з'ездзе сапраўды зачытаюць, ды з трыбуны? Прашу пазначыць у пратаколе: я — катэгарычна супраць!

— Якi пратакол, супакойцеся?! Дайце сюды тэлеграму, — сказаў Антон Мiхайлавiч i падмiргнуў Саламацiну. — Сёе-тое скарэктуем. А наконт таго, пасылаць альбо не, двух меркаванняў быць не можа. Сваёй забаронай мы назаўсёды адаб'ём ахвоту ў вучняў калi-небудзь праяўляць iнiцыятыву.

— Кожная iнiцыятыва павiнна ўзгадняцца ў адпаведных iнстанцыях!

— Тады гэта ўжо зусiм па-iншаму называецца! — даволi рэзка абарваў яе дырэктар.

Праз якiя паўгадзiны тэкст тэлеграмы быў адрэдагаваны. Антон Мiхайлавiч перапiсаў яго на школьны бланк, распiсаўся сам i замацаваў подпiс пячаткай.

— На ўсялякi выпадак, — растлумачыў ён. — Каб на пошце нiякiх пытанняў не ўзнiкала.

— Спадзяюся, Антон Мiхайлавiч, што анi слова тут не зменiцца, — сказала Кручынская.

Саламацiн яшчэ раз прагледзеў вынiк калектыўнай iнiцыятывы.

“Мы, калектыў вучняў Волкаўскай сярэдняй школы, рапартуем з'езду, Палiтбюро i асабiста Генеральнаму сакратару Камунiстычнай партыi Савецкага Саюза, што з гонарам выканаем узятыя намi абавязацельствы: вучыцца толькi на пяцёркi, быць прыкладам у школе i дома, апраўдаць высокае званне савецкага школьнiка, сабраць у гонар з'езда дзвесце кiлаграмаў макулатуры i тры тоны металалому. Усе выпускнiкi школы выказалi жаданне застацца ў родным калгасе, стаць у перадавыя шарэнгi будаўнiкоў светлага грамадства, каб уласнай стваральнай працай увасобiць у жыццё гiстарычныя рашэннi, што будуць прыняты на чарговым з'ездзе прадстаўнiкоў авангарда савецкага народа”.

Спрачацца з Тэрэзай Казiмiраўнай было безнадзейна. Саламацiн спрабаваў быў нагадаць ёй, што пра тры тоны металалому школа рапартавала ўжо летась, што сабраная макулатура засталася ў школьным двары пад снегам, што пяцёра выпускнiкоў, на якiх мог разлiчваць калгас, — таксама лiчба вельмi праблематычная. Ён быў супраць i самого стылю, якiм пiсалася тэлеграма, — нежывога, газетнага. Але стрымаўся ад далейшых заўваг i толькi адзначыў:

— На такi паштовы раман у вучняў грошай не хопiць.

— Трымай! — Антон Мiхайлавiч працягнуў яму тры рублi. — I каб на самым прыгожым бланку.

— Прабачце, але я сёння грошай не захапiла, — сказала Кручынская. — Закладзiце за мяне, я пазней аддам. I ўвогуле, трэба было сабраць з бацькоў, параiцца з калегамi. А так атрымлiваецца нейкая самадзейнасць, нiбыта мы ўсё робiм цiшком ад калектыву...

Калi Саламацiн пакiнуў кабiнет дырэктара, ягоныя вушы гарэлi, як у вучня-першакласнiка. Яшчэ дзве гадзiны ён бадзяўся па школе, не ведаючы, за што ўзяцца, i ўздыхнуў на поўныя грудзi толькi тады, калi з лыжамi ў руках выбег са школьнага будынка.

Яго чакалi чалавек з дваццаць. Малодшых Саламацiн адразу ж разагнаў па хатах: прайсцi амаль дзесяць кiламетраў праз лес i столькi ж назад было для iх замнога. Ён уважлiва агледзеў кожнага з удзельнiкаў выправы, хоць выдатна разумеў, што ўсе яны, карэнныя вяскоўцы, лепш за яго ведалi, як трэба апранацца, выходзячы з дому ў зменлiвы лютаўскi дзень.

Па лясной сцежцы лыжы ляцелi хутка, i недзе праз паўтары гадзiны вучнi на чале з Саламацiным увалiлiся ў будынак пошты ў Сямяцiчах. Пачуўшы, што тэлефон працуе, усе яны тройчы пракрычалi “Ура!” i потым доўга спрачалiся, на якiм бланку пасылаць тэлеграму. Выбралi ландышы на блакiтным фоне, i толькi тады Саламацiн паведамiў, што тэкст тэлеграмы быў папраўлены. Вучнi прымусiлi яго зачытаць тэкст i адразу прыцiхлi.

— Пазнаю руку класнай... — горка адзначыў Кiеня i пасунуўся на вулiцу, зачапiўшыся плячом за вушак.

Прымаючы тэлеграму, паштарка, усмiхаючыся, запэўнiла, што яна пойдзе па-за чаргой i ўжо праз гадзiну будзе ў Маскве, трапiць да дэлегатаў з'езда.

Нягледзячы на гэта, у Волкава яны вярталiся ў маўчаннi. Наперадзе, моцна штурхаючыся лыжнымi палкамi, вялiкiмi крокамi слiзгаў па дарозе Кiеня. Нават калi вучняў падабраў калгасны грузавiк, на запрашэнне забрацца ў кузаў ён толькi адмоўна пакруцiў галавой. Тады i Саламацiн саскочыў з машыны, але здолеў дагнаць Кiеню адно каля першых хат Волкава.

— Ну навошта вы ёй паказалi нашу тэлеграму? — спытаў у Саламацiна Кiеня i, не чакаючы адказу, збочыў з дарогi да сваёй хаты.

Хiба ж Саламацiн быў у стане ўсё яму растлумачыць?

Назаўтра, калi ў дзесятым класе ён расказваў пра грамадзянскую лiрыку Маякоўскага, дзверы адчынiлiся, i ў пакой зазiрнуў Антон Мiхайлавiч.

— Вiталь Мадэставiч, давайце-ка хуценька да мяне, — прашаптаў дырэктар, i па тым, што ён не папрасiў прабачэння за незапланаваны перапынак, Саламацiн зразумеў: здарылася нешта iстотнае.

— Ляцi ў мой кабiнет, — сустрэў яго на калiдоры Антон Мiхайлавiч. — Здаецца, мы ўсё ж перастаралiся...

— А што такое? — спытаў Саламацiн.

— Тэлефон уключыўся. I адразу ж Першы на лiнii... Цябе патрабуе.

Толькi калi Саламацiн узяў трубку тэлефона, ён нарэшце ўцямiў, хто гэта — “Першы”, i ўзрадаваўся. Узрадаваўся ён таму, што тэлефон запрацаваў i ён можа паведамiць у раён i пра паспяховае правядзенне лiнейкi, i пра iнiцыятыву камсамольцаў. Таму з адчуваннем сумленна выкананай работы, у перакананнi, што гонар школы падтрыманы на належным узроўнi i пра гэта на ўласныя вушы пачуе сам Першы, ён радасна сказаў у трубку:

— Саламацiн слухае!

— Гэта я буду слухаць цябе, як там... — пачуў ён суровы голас з райцэнтра.

— Вiталь Мадэставiч... — разгубiўся Саламацiн.

— Дык хто ж табе дазвол даў, Вiталь Мадэставiч, анархiю ў маiм раёне разводзiць? — Голас Першага зрабiўся яшчэ больш жорсткi. — Чым ты там увогуле займаешся?

— Прабачце, я... не разумею вас, — прамямлiў Саламацiн.

— Што-што?! Растлумач, калi ласка, сваю мастацкую самадзейнасць! — Голас Першага быў такi гучны, нiбыта казаў ён не са свайго кабiнета, а знаходзiўся тут, побач.

— Што маўчыш, га? Вось раслумач мне, чым гэта такiм незвычайным ты збiраўся ўзрадаваць сталiцу?

I толькi цяпер Саламацiн пачаў здагадвацца, пра што яму гавораць.

— Не чую! — грымеў голас Перашага. — Дык растлумач жа, каго ў Маскве цiкавяць твае жалезкi i падраныя сшыткi? I хто табе даў права партызанiць, лезцi са сваiмi рапартамi, дзiцячымi радасцямi туды, дзе абмяркоўваюцца самыя грандыёзныя праблемы сучаснасцi? Ты што, не разумееш, што тэлеграма твая — палiтычная акцыя!

— Разумею, — цiха адказаў Саламацiн. — Але ж яна — iнiцыятыва камсамольцаў...

— Ты такiмi высокiмi словамi не прыкрывай уласнае разгiльдзяйства! Кар'еру вырашыў зрабiць? Хоць разумееш, на чым?! — Голас з трубкi вылятаў з кабiнета дырэктара на школьны калiдор. Саламацiн пачуў у трубцы шчаўчок i здагадаўся, што iх размову чуюць i ў настаўнiцкай, дзе стаяў другi апарат. — Камсамольцы твае — дзецi смаркатыя, а ты сам перад iмi казлом скачаш. Завучам цябе дзяржава паставiла, ды, мабыць, не ўлiчыла, што розуму маеш роўна як у смаркача! Ну дык мы выправiм памылку! Засячы сабе на носе: iнiцыятыва найбольш дзейсная i патрэбная тады, калi яна ўзгоднена! Што будзе, калi кожны пачне рапартаваць з'езду што яму ўзбрыдзе ў галаву?! Мы i без цябе маем каму даручыць вiншаваць з'езд. У нас ёсць заслужаныя людзi, i больш чым нам запланавалi зверху, тэлеграм з майго раёна ў Маскву не будзе!

— Гэта значыць... — прашаптаў хутчэй сам сабе, чым у трубку, Саламацiн.

Тэлефон працаваў выдатна.

— Так, гэта значыць, што твая тэлеграма на маiм стале. I далей за кош для смецця яна не пойдзе!

— Прабачце... Але гэта самаўпраўства! — цвёрда сказаў Саламацiн. — Не ведаю, як вас завуць, але вы робiце...

— Што-што?! І што я раблю, цiкава?..

— Але так прыстойныя людзi не робяць! — выпалiў Саламацiн.

— Слухай, як там цябе, Мадэставiч... Прышчамi язык! — абарваў яго Першы. — З табой, аказваецца, адной размовы па тэлефоне сапраўды недастаткова. Не разумееш. Добра, паслухаем тады цябе ў нас на бюро, як ты там выхоўваеш вучняў, у якiм духу, даведаемся, цi адпавядаеш таму месцу, якое табе даручана грамадствам. У мяне ўсё!

У трубцы разлеглiся кароткiя гудкi. Саламацiн павярнуўся да Антона Мiхайлавiча.

— М-да... — сказаў той. — Наш Першы — чалавек круты. Мне ён таксама добра хвост накруцiў, вымова гарантаваная... Ты, Мадэставiч, прабач, але сам разумееш... Я буду вымушаны склiкаць адкрыты партыйны сход. Па ўсiм атрымлiваецца — чэпэ! Ды ты не хвалюйся! Мы сход хутка правядзем! А без яго нельга, сам разумееш: што я тут магу зрабiць? А ўвогуле ў мяне тых вымоў было — што сабак нярэзаных... Што да тэлеграмы, то скажу: тут твая праўда!

Дырэктар паляпаў Саламацiна па плячы i пайшоў з кабiнета. Саламацiн пасунуўся ўслед за iм, але на калiдоры сутыкнуўся з Кручынскай, якая выйшла з настаўнiцкай.

— Вось так, малады чалавек, — сказала яна. — Вы толькi пачынаеце шлях у педагогiцы, а ў мяне тут вопыт ой якi! Таму i не раiла вам завiхацца з гэтай тэлеграмай. Праўда, як бачыце, мая была. Дзякуй Богу, што яна далей за раён не пайшла, у вобласць не трапiла. А то невядома, чым бы ўсё тады скончылася.

— Такое ўражанне, што вы ўсё наперад ведаеце, — сказаў Саламацiн.

— Усё не ўсё, але вопыт, мой шаноўны, рэч незаменная. I гэта будзе для вас добрым урокам, — адказала Тэрэза Казiмiраўна.

— Вялiкi вам дзякуй за навуку, — з'едлiва зазначыў Саламацiн. — Асаблiва неацэнны для мяне вопыт падслухвання размоў па тэлефоне.

— Гэта здарылася зусiм выпадкова, — усмiхнулася настаўнiца. — Я проста правярала, цi ўключылi лiнiю.

Яна пайшла на першы паверх, а Саламацiн хутка вярнуўся ў кабiнет дырэктара, прычынiў за сабой дзверы i задумаўся. Ён не мог зразумець, што ж такое шкоднае зрабiў, чаму шчырае жаданне ягоных вучняў выклiкала такую нечаканую рэакцыю. Няўжо iхняя тэлеграма магла пашкодзiць з'езду, няўжо на ўсе тыя памкненнi, што нарадзiлiся ў дзiцячых сэрцах, мог быць спушчаны план, загадзя распрацаваны i зацверджаны на “адпаведным узроўнi”?

Саламацiн сапраўды адчуваў сябе вучнем, якi не здолеў адказаць на апошняе пытанне свайго найбольш адказнага экзамена. Ён зноў, нiбы выратавальную саломку, схапiў тэлефонную трубку, каб паспрабаваць хоць што-небудзь растлумачыць таму, Першаму, высветлiць незразумелае, урэшце — даведацца, што ж такое злое i недарэчнае ён зрабiў. Але тэлефон зноў маўчаў, i гэтая гулкая, касмiчная цiшыня была халодная, абыякавая i безнадзейная...

Дзверы ў кабiнет прыадчынiлiся, Саламацiн убачыў сваiх дзесяцiкласнiкаў i зразумеў, што яны, мусiць, пра ўсё ўжо ведаюць.

— Хiба быў званок на перамену? — крыкнуў ён нечакана для самога сябе, але схамянуўся. — Давайце ў клас. Урок працягваецца...