Саксафон Чынгісхана

Падбярэзскі Зміцер


Чацвёртае пакаленне выбірае...

Гэтае пакаленне не на дабро нарадзілася на свет.
Гэтае малое пакаленне яшчэ горш за нашых бацькоў і за нас будзе.
Кузьма ЧОРНЫ

У ясную раніцу паўз лес каляіністай дарогаю рухаліся дзве машыны. Першая з іх, бліскучы чорнага колеру легкавік, ехала асцярожна, абмінаючы ямы з цвілай вадою. Буйныя літары на белым нумары выдавалі сталічную рэгістрацыю, а па кароткай антэне радыётэлефона, што тырчала пасярод даху, можна было здагадацца: у легкавіку ехала не абы-якое начальства. Услед за легкавіком, з бачным задавальненнем узбіваючы лужыны, скакаў міліцэйскі “газік” жоўтага колеру, пабліскваючы блакітнымі міргалкамі.

Дарога пры лесе пайшла ў лог, і там, дзе зацямнеў густы ельнік, легкавік узяў управа і паміж дуплаватых дзічак, што сям-там раслі на полі, скіраваўся напрасткі да невялікай хаты. “Газік” заскакаў побач, часам забягаючы крыху ўперад легкавіка. Сабакі сустрэлі машыны страшэнным брэхам, але адбеглі, як з машын пачалі выходзіць людзі.

Першым да шырока расчыненай брамы рушыў Кандрат Назарэўскі. Расшпіліўшы пінжак, ён на хаду выцер насоўкай спацелую шыю, аслабіў гальштук на блакітнай кашулі, азірнуўся за плечы.

— А што? — сказаў ён свайму спадарожніку. — Кажуць, што ў Тварыцкіх цяпер кожнае раніцы, як запаляць у печы, смажаным салам пахне?

— Дзіва што! — адказаў мужчына гадоў пад пяцьдзесят, апрануты куды больш дэмакратычна: у лінялыя джынсы і кітайскага вырабу лёгкую куртачку. — Чалавек пабагацеў, на такія грошы пры трупе натрапіўшы.

Да іх падбег невысокага росту сталых гадоў мужчына з даўно нячэсанай барадою. Выгляд ён меў чалавека нездараўчанага.

— Я вам скажу, братачкі: людзей тутэйшых я ведаю. Бо шмат разоў тут бываў, усім, бадай, кажухі справіў. Ведаю, хто як жыве. Што да Тварыцкіх — дык не! Я, братачкі, на ўласныя вочы бачу: хто нават багацейшы, то і таму такім часам не мёд.

— Каму што, а краўцу — кажух! — засмяяўся чалавек пры гальштуку. — Быў бы рад памыліцца, каб не гэтыя трохрублёўкі. Ды ці ўсё ён папааддаваў? Дзе тая гарантыя, што іншыя грошы не схаваў? Праўда, я і сам бы не стрымаўся, каб мне хто такія грошы раптам падсунуў.

— Глядзі, ён бы не вытрымаў! — рагатнуў другі, у джынсах. — Магу толькі ўявіць сабе, як ты, Кандрат, той гаршчок з грашыма ў горадзе дзе пад вокнамі закопваеш. Ну і хахмач!

— А што вы, братачкі, думаеце? — сказаў кравец. — Маючы такія грошы, шмат чаго можна было б правіць, не толькі сала. Дзіва што! Вось Тварыцкі і паддаўся.

Кравец шырока развёў рукамі. Два міліцыянеры, абапёршыся на “газік”, гультаявата разміналі зубамі жавальную гумку і выдзімалі з яе вялізныя бледныя шары, якія гучна лопаліся, палохаючы прыгожага пеўня. Певень стаў упоперак дарогі і злосна касіўся на прыбылых, з пагардаю пазіраючы на ўвесь свет. Кроў сачылася з ягонай галавы.

— Пагуляў? Ці не ты гаспадар цяпер гэтай хаты? — зарагатаў Антон Несцяровіч.

З-за невялікай хаціны, яшчэ няскончанай, з вокнамі без шалёўкі, выйшаў яшчэ зусім малады мужчына і маленькімі, калючымі вачаняткамі ўтаропіўся ў прыбылых. Ва ўсім ягоным выглядзе адчувалася злосць.

— Міхал Тварыцкі, калі не памыляюся? — спытаў мужчына ў куртачцы і, не чакаючы адказу, пайшоў да хаціны.

— Тварыцкі — то сапраўды я, — адказаў гаспадар забудовы, але дарогі не саступіў. — А вы хто тады будзеце?

— Я Назарэўскі, — сказаў мужчына ў касцюме. — Памятаеце, чырвонаармеец хворы ехаў?

— Таварыш Назарэўскі цяпер — адказны работнік ЦК партыі, — паспяшаў растлумачыць ягоны суправаджаючы. — А мяне завуць Антон Несцяровіч.

— Таксама немалое начальства! — высунуўся наперад кравец. — Дырэктар электрастанцыі, што каля Дзвюх Хат. Ого, вялікі начальнік! Што захоча, тое зробіць. А мяне, братачка, вы, мусіць, ужо і прызналі. Як там ён, мой кажушок?

— А нічога кажушок, ладны, — пацяплеў Тварыцкі. — Дык што ж вас сюды ўсіх... прывабіла?

— Ды ўсё з тае ж прычыны, — паспрабаваў шырока ўсміхнуцца Кандрат Назарэўскі, але ў яго гэта не вельмі атрымалася. — Трэба ўсё ж скончыць з тым пытаннем, бо як ні круці, а факт месца меў. Але факт такі няпросты, што ён вымагае далейшага вывучэння абставін. Усё пакінуць так, як ёсць, — значыцца яшчэ больш заблытаць следства, якое й без таго недаравальна зацягнулася. Лепшыя работнікі нашых следчых органаў ламаюць галовы над усёй гэтай справай і не могуць знайсці канцоў і пачаткаў. Аднак партыя з такім станам рэчаў мірыцца не можа, таму я тут, каб высветліць усё астаткава адносна зрабаваных грошай.

— Каб на іх памора! — Тварыцкі секануў рукою паветра. — Я б наогул міма іх прайшоў, каб ведаў, што з-за нейкіх нясчасных траякоў столькі вэрхалу наробіцца. Гэта што, грошы?! Тыя рублёўкі — людзі кажуць — у горадзе ў камерцыйных лаўках наогул ужо не бяруць!

— Точна! — згодна кіўнулі міліцыянеры.

— Во! А следчы мяне каторы тыдзень точыць, бы той шашаль. А тут яшчэ вы! Нейкія грошы сабе выдумалі і, можа, хочаце, каб я вам барыша ставіў?

З-за рога хаты паказалася маладая жанчына, на хаду выціраючы далоні аб старую сукенку. Убачыўшы краўца, яна была ўсміхнулася, але выгляд двух іншых мужчын прымусіў яе прыпыніць крок. Маленькая дзяўчынка стала побач, прыціснуўшы аберуч да твару донца ад бутэлькі жоўтага колеру.

— Дзень добры! — заўсміхаўся Кандрат Назарэўскі і ступіў да жанчыны. — Дык ці памятаеце вы мяне, Зося?

— Назарэўскага я памятаю, — адказала Зося Тварыцкая. — Я ўсё чыста памятаю, што тады было.

Дзяўчынка раптам пачала гучна плакаць.

— Што, дочачка? — устрывожылася Зося Тварыцкая. — Ці забалела табе нешта?

— Не-а!.. — заходзілася малое. — Дзядзькі праз шкло страшныя выглядаюць, бы тыя чэрці!

— Я колькі разоў табе казаў: выкінь шкло! — крыкнуў Міхал Тварыцкі, выхапіў з рук Слаўкі фарфурак і закінуў яго далёка, аж пад разгалістую палявую грушу, што расла паміж лесам і хутарам. — Парэжашся, дурніца...

— Ну навошта ж вы гэтак з дзіцём!.. — Кандрат Назарэўскі схіліўся да дзяўчынкі і працягнуў ёй доларавую паперку. — Трымай, Славачка! Сходзіш у мястэчка, купіш сабе жуйкі ды розных шакаладных батончыкаў.

— А вось і не трэба было б малое чужымі грашыма разбэшчваць, — строга адзначыў Міхал Тварыцкі. — Цяпер час такі, што лёгка, пачынаючы з дзяцінства, не на тую сцяжыну ступіць.

— Як на маё разуменне, дык яны, новае пакаленне, не паўтораць нашых памылак, — адзначыў Антон Несцяровіч. — Ці не праўду кажу, Кандрат?

— Ваша праўда, — ушчаміўся паміж імі кравец. — Як на тое, дык не дай Божа, братачкі, ім такое жыццё, што нам. Не дай Бог!

— Дык калі прыехалі ўжо, чаго ж на двары стаяць? — развёў рукамі Міхал Тварыцкі. — Прашу ў хату. А ты, Зося, парупся, што на стол паставіць.

Усе пайшлі ў хату, і толькі Слава схілілася і схавала ў дзіравую панчоху пераломаную напалам доларавую паперку.

У хаце Міхал Тварыцкі скруціў папяросу і прысеў каля невялікага стала. Агледзеўшыся, госці таксама паселі: Кандрат Назарэўскі ўладкаваўся за сталом насупраць гаспадара, пад акном на лаўцы разваліўся Антон Несцяровіч, кравец ускараскаўся на печ, узяў скрыпку, адкашляўся і пачаў іграць матыў “Мы, беларусы, з братняю Руссю...”. Два міліцыянеры падаткнулі спінамі сценку пры дзвярах, і калі Зося Тварыцкая порсценька прабягала паміж іх ці то за агуркамі, ці то з яйкамі для яешні, яны ляніва шчыпалі яе за бакі. Праз адчыненае акно ў пакой моўчкі глядзела Слава, прыціснуўшы да вока адшуканае ў траве жоўтае шкельца.

— Ну дык што, частуйцеся. — Міхал Тварыцкі паказаў на стол, на якім стаялі вараная бульба, агуркі, дробна парэзанае сала, банка германскай тушонкі ад гуманітарнай дапамогі ды пляшка мутнаватага пітва.

Міхал Тварыцкі наліў сабе першаму амаль да краёў шклянкі і запытальна зірнуў на гасцей.

— Але, але, — у згодзе кіўнуў Антон Несцяровіч. — Я гэта паважаю больш за якія прыгожыя замежныя сіропы. Абы не на курыных выкідах зроблена было. Тады ў галаве — аман!

— Калі можна і мне, братачка, — адазваўся з печы кравец. — Час цяпер такі брыдкі, што і выпіць — не ў смак сабе самому. Цяпер яшчэ горш людзям жыць. Унь, хто і багацейшы, то і таму такім часам не мёд, каб на яго агні!

— Ты на каго ж, чалавеча, агні пасылаеш? — спытаў Кандрат Назарэўскі і даў знак міліцыянеру. Той выцягнуў з-за крыса мундзіра бутэльку армянскага каньяку і паставіў на стол перад Кандратам Назарэўскім.

— Калі і кажу, дык толькі пра сябе, братачка! — замітусіўся кравец. — Я — што? Чалавек невялікі. Мне шмат не трэба. Кажух добраму чалавеку пашыць, на скрыпцы пайграць, скрылік сала з хлебам ды цыбуляй. І — аман!

Людзі выпілі, закусілі, потым моўчкі паўтарылі, зноў жа не кінуўшы аніводнага слова. Слава Тварыцкая сядзела на падаконніку і чакала свой час.

— Што ж вы жонку да стала не запрасілі? — спытаў нарэшце Кандрат Назарэўскі. — А то мне і няёмка неяк, не па сабе.

— Я так разумею, што размова наша будзе чыста мужчынская, — ускінуў галаву Міхал Тварыцкі. — А пры такой размове жанчынам няма чаго вочы назаляць.

— Сапраўды, гаспадар, — шырока ўсміхнуўся Антон Несцяровіч. — Мы ж тут не анекдоты прыехалі гаварыць, а адносна справы істотнай, не лішняй ні для каго з вас, нават вунь для Славы. Так што я ўжо на ўласнае жаданне папрашу яе прысесці да стала.

— Як сабе хочаце, — махнуў рукой Міхал Тварыцкі. — Вы ж і сапраўды не проста госці, а куды большыя за звычайных гасцей. Нат з памагатымі вунь.

Ён кіўнуў у бок дзвярэй. Міліцыянеры завучана ашчэрыліся.

— Так што клічце сабе, калі ахвоту на тое маеце. Жонка будзе радая, гэта на яе натуру выйдзе.

Зося Тварыцкая нясмела ўвайшла ў хату, спадылба зірнула на Міхала, села на ўскрай лавы пры стале і сцялася ў чаканні размовы.

Кандрат Назарэўскі наліў сабе грамаў з пяцьдзесят каньяку і кульнуў іх у рот, смачна захрумсцеў агурком. Потым шырокім жэстам адсунуў ад сябе посуд, сціснуў вялікія кулакі.

— А можа, дзіця ў губу ўзяло б кроплю? — спытаў кравец, але ягонае пытанне павісла ў паветры.

— Дык вось... Хочаш не хочаш, але мы мусім яшчэ раз вярнуцца да таго, што тут здарылася.

— Я следчаму ўжо неаднойчы ўсё парасказваў! — усхапіўся Міхал Тварыцкі. — І вы тыя паперы, мусіць, колькі разоў чыталі. Я ўсё чыста праўду расказаў і больш нічога дадаць не магу.

— І ўсё ж... — Кандрат Назарэўскі не адводзіў ад гаспадара хаты свайго пранізлівага позірку.

Міхал Тварыцкі забарабаніў пальцам па стале.

— Я як прыгадаю сабе гэтага... Сядзіць пад елкай, нагамі ў вадзе, і ракі ўжо ягоныя пяты грызуць. Цьфу, брыдота! І патрапіла ж мне акурат таго дня праз лес напрасткі пайсці! Каб хто іншы быў там, дык няхай бы з ім сёння такія гутаркі задушэўныя вялі. А я вось — дурны! Колькі ўжо разоў парасказваў — і міліцыянерам тым, і следчаму, — а ўсё ўнімку на вас няма!

— А грошы, грошы? — зацікаўлена перапытаў Кандрат Назарэўскі. — Тыя трохрублёўкі, што вы знайшлі ў лесе, — дзе яны там былі?

— Ды там і былі! Непадалёку ад таго, што нагамі ў вадзе сядзеў! Ляжалі сабе ціха пасярод травы, такія новенькія, зялёныя трохрублёўкі, яшчэ не зломленыя згортваннем. Вось я падняў іх, а потым сам занёс і аддаў уладам. Што з таго ўсяго? Хіба гэта злачынства якое было зроблена? Не! Я нікога не забіваў і крыўды не зрабіў на самае найдрабнейшае каліва!

— Усё гэта так, — згадзіўся Кандрат Назарэўскі. — І ніхто вам дадатковых прэтэнзій не выстаўляе. Але ж ёсць адна акалічнасць, дзеля якой я мушу задаць вам, каб удакладніць, некалькі пытанняў.

Кандрат Назарэўскі агледзеўся па баках, нібыта шукаў сабе падтрымкі. Антон Несцяровіч моўчкі кіўнуў. Слава Тварыцкая працягвала ўважліва слухаць, што казалі дарослыя.

— Уся справа палягае на тым, што мы тут будуем электрастанцыю памераў велічэзных. Будаўніцтва вымагае немалых грошай. А паколькі яны былі зрабаваныя з гарадка бандай на чале з Толікам Скуратовічам, будаўніцтва спынілася. Рабочыя разыходзяцца з будоўлі хто куды, найчасцей у камерцыйныя структуры. Дзіва што! Ім жа там плацяць, а ў нас між тым — самі разумееце: у касе — хоць шаром каці. Вунь і Наўмыснік да Антона ці не штодня чапляецца: дай яму даведку, каб у Мінск паехаць, — і ўсё на тым!

— Наўмыснік, Наўмыснік... — Кравец споўз з печы і запусціў далонь у бараду. — Што ж гэта за Наўмыснік такі? Нейкае прозвішча нездараваўчае... Хоць бы паглядзець, што там за Наўмыснік?

— Не пра яго тут гаворка! — абарваў краўца Антон Несцяровіч. — А пра тое, што зрываецца адказнае партыйнае даручэнне. Гэта значыць, што з-за нейкіх ворагаў сацыялізму прыпынілася будаўніцтва светлай будучыні.

— Твая праўда, Антон! — згадзіўся Кандрат Назарэўскі. — Гэта якое ж сёння чысло?

— Дзевятнаццатае жніўня, — падказала Зося Тварыцкая.

— Вось! Дзевятнаццатае... Таварышы з Масквы прасілі мяне быць сёння ў сталіцы зранку па вельмі тэрміновай справе, а я тым часам у вас тут, таварыш Тварыцкі, за пустым час марную. А дзеля чаго? Мне так здаецца, што вы ўсё ж нешта за душой трымаеце, і маё заданне заключаецца ў тым, каб дапамагчы вам скінуць з душы той цяжар.

— Ды няма мне нічога больш дадаць да ўжо сказанага! — зноў усхапіўся Міхал Тварыцкі. — Я працаваў, нікому кепскага не рабіў, я пот ліў.

— Партыя паставіла перад намі задачу яшчэ больш цесна працаваць з людзьмі. І мы будзем памагаць партыі выкарчоўваць з людзей тое, што збіралася вякамі, і выхоўваць у маладым пакаленні сацыялістычнае, змываючы з людзей эксплуататарскае і нявольніцкае. А таму выхаванню замінаюць яшчэ многія рэчы, у тым ліку і ўласцівы мінуламу погляд на грошы, што не зароблены ўласнай працай, як на падмурак светлай будучыні. А які можа быць трывалы падмурак, калі ён замешаны на несумленнасці? Што тады можна будзе казаць яшчэ больш маладзейшым за нас? Што тады казаць той жа Славе, як ёй глядзець у вочы? Вось чаму мы, калі ў такіх выпадках не памагаюць ужо і самыя вучоныя сабакі, натрэніраваныя выводзіць чалавека на шляхі праўды і сумлення, змушаны працаваць з тымі людзьмі шчыльна і вочы ў вочы, душа ў душу. І калі ў некага душа не адшукала адпаведнай дарогі, калі яна заблудзіла, мы за тое судзіць не будзем, хоць з гэтага часам таксама вырастае канкрэтнае злачынства. У той час, як уся краіна рвецца з неахайнасці, вылазіць з трантаў, ёсць яшчэ людзі, што адгароджваюцца ад усяго свету і дзічэюць за ўласным глухім плотам. Каб жа змена ўлады! Я б іх у магілу закапаў бы!

— Ды няма ў мяне нічога больш, няма! — ускочыў з-за стала Міхал Тварыцкі. — Хочаце, кішэні перад вамі ўсімі вытрасу? А?! Ці ж вашай партыі на тым залежыць, каб апошняе ў простых людзей з кішэняў выграбаць?

— Хто ж такі той Наўмыснік? — мармытаў кравец. — Не магу ўзгадаць, дзе тое прозвішча дзіўнае чуў...

Слава Тварыцкая саскочыла з падаконніка і наблізілася да Кандрата Назарэўскага.

— Дзядзечка! — патузала яна за ягоны рукаў. — Калі яшчэ долар дасцё, я вам нештачкі цікавае пра тыя трохрублёўкі скажу.

Кандрат Назарэўскі, уражаны, зірнуў на Антона Несцяровіча.

— Вось як... — здзівіўся ён і дастаў з кішэні доларавую паперку. — Ану, трымай! І што ты нам скажаш такога цікавага, малеча?

Слава Тварыцкая ўважліва паглядзела праз банкноту на святло, склала паперку, схавала ў панчоху, пасля чаго зірнула на бацьку.

— Вось бацька казаў, што больш грошай, што былі пры трупе, не мае, так? І яшчэ ён казаў, што дарма ўпрошваць, хоць ты яму кішэні выверні. Дык вы і выверніце. Толькі не ў тых штанах, што на ім, а ў старой ватоўцы, што на печы ляжыць.

Абодва міліцыянеры порсценька ўзляцелі на печ і адшукалі там старую, брудную ватоўку, кінулі яе на стол. Пасля нядоўгіх пошукаў у кішэні ватоўкі быў знойдзены перавязаны шпагатам даволі важкі пачак амаль новых трохрублёвак.

— Я ж, Слава, для цябе тое хаваў, каб жыць табе потым было лепш, а ты вось... Бы той Паўлік Марозаў. Эх ты, Слава, дачушка! Не чакаў ад цябе такога! Прапаў цяпер увесь мой спосаб да жыцця! Так ты ўсё і вывіжоўвала! От даў мне Бог кару! Я стараўся, каб гэтае дзіця не вырасла на пустым месцы, каб у яго за душой было што-небудзь! І яно, гэтае дзіця, будзе такое, як мы, нават будзе горшае.

— А няўжо ж! Я ў мамкі вывучылася. Гэта яна мне расказвала, як у пана Скуратовіча ты збожжа пад вазоўняй прыгледзеў, а пасля ёй сам расказаў.

— Калі якое няшчасце на народ, — Міхал Тварыцкі павярнуўся да жонкі, — то ты і дзіця гэтае малое будзеце заходзіцца, а ён, Назарэўскі, камандаваць будзе. — Ясна! — коратка адзначыў Кандрат Назарэўскі і кіўнуў міліцыянерам. — Забярыце яго!

Міліцыянеры ўхапілі Міхала Тварыцкага пад рукі і павалаклі з хаты да машыны. Па твары Міхала Тварыцкага цяклі слёзы. Мужчыны сядзелі ў хаце моўчкі, і толькі кравец бясконца мармытаў сабе пад нос:

— І што гэта, браточкі, робіцца? Хто ж мог падумаць, што з-за тых грошай так чалавека скруціць можа? Каб на іх памора! Я столькі дзе хадзіў, кажухі шыў розным людзям, але нешта нідзе не чуў, каб раней з-за тых грошай чалавек мог сабе гэтак лёс зламаць.

— То давайце, калі такія справы! — крыху павесялела Зося Тварыцкая і разліла мутнаватае пітво па шклянках. — Колькі разоў казала яму: аддай усё, што знайшоў. Дык не: стаіў, прыхаваў! І праз гэта пакінуў і мяне, і дачку адных. Як цяпер жыць, калі ў хаце нічога не засталося?!

— Твая праўда, Зося! — згадзіўся Кандрат Назарэўскі. — Хіба ж маглі мы падумаць, калі пачыналі тую велічэзную працу па сацыялістычным пераўтварэнні грамадства, што сярод прыгнечаных слаёў ягоных будуць сустракацца і тыя зломленыя лёсы, якія прагнуць жыць за кошт іншых?.. Няхай жа лёс Міхала Тварыцкага зробіцца прыкладам для іншых і ніколі не паўторыцца. За тое і прапаную выпіць!

Некаторы час з-за стала далятала толькі апетытнае хрумсценне агуркамі. Слава Тварыцкая сядзела на лаве насупраць маці і не зводзіла з яе вачэй.

— Я і сама ў тым вінавата, што не здолела яго пераканаць, — перарвала маўчанне Зося Тварыцкая. — Але, відаць, не хапіла ў мяне патрэбных слоў, каб пераканаць. Бо калі б хапіла — усё склалася б па-іншаму. І пагнала яго тады ліха ў лес!

— Але ж тут, на стале, усяго толькі, можа, тысячная частка таго, што бандыты зрабавалі ў банку, — адзначыў Антон Несцяровіч. — Дзе ж нам шукаць астатняе?

— Нават не ведаю, — адказала Зося Тварыцкая. — Як на маю думку, гэтым разам знайшлі ўсё, што ён прынёс з лесу. Больш у нашай хаце ані трохрублёўкі няма. Ужо няма больш дзе шукаць.

— Няма-а?! — здзівілася Слава Тварыцкая. — Як гэта — няма?

— Ты нешта яшчэ ведаеш? — зацікавіўся Кандрат Назарэўскі.

— Няўжо ж не ведаю? — адказала дзяўчынка. — Каб не ведала, нічога б не казала.

Яна зірнула праз шкельца на сваю маці і ўсміхнулася.

— Якая ж ты, мамачка, страшная! Як вайна!

— Ну-ну, кажы! — Кандрат Назарэўскі паклаў перад Славай пяцідоларавую паперку.

— А чаго тут казаць? — паціснула дзяўчынка плячыма. — Мамка заўсёды налягала на тым, каб казаць праўду. Яшчэ з таго самага часу, як паказвала бальшавікам, дзе было схавана збожжа Скуратовічава, як прыехалі развёрстку браць. Я па-іншаму, значыць, і не прывучана: гэтак з малалецтва на прыкладах выхоўвалася.

— Што ты кажаш такое, Славачка?! — усхвалявалася Зося Тварыцкая.

— Праўду кажу, мамачка. А вы, дзядзька, каб не думалі, што брашу, зірніце ў куфэрак. Там, пад ручнікамі, на самым донцы, нешта ў газеце маецца.

Міліцыянеры падскочылі да куфэрка і за якую хвіліну выкінулі з яго на падлогу ўсё, пасля чаго з галавою нырнулі пад вечка.

— Ёсць! — у адзін голас крыкнулі яны. — Тыя ж трохрублёкі, але таксама няшмат.

Міліцыянеры рассыпалі грошы па стале. Кандрат Назарэўскі і Антон Несцяровіч схіліліся над імі і пачалі нецярпліва лічыць паперкі.

— І гэта ўсё? Чыста праўду, Зося, кажаце?

— Каб вы задушыліся! — адказала Зося Тварыцкая. — От грошы, я іх не вымала, так і пакінула, як у Міхала знайшла. Больш няма дзе шукаць. Хіба дзе ў полі, за гэтыя пошукі я не вазьмуся.

Кандрат Назарэўскі ўзняў ад стала галаву і загадаў міліцыянерам:

— Забярыце грамадзянку!

Міліцыянеры падхапілі пад рукі Зосю Тварыцкую і пацягнулі да “газіка”. Па твары Зосі Тварыцкай ліліся бязгучныя слёзы.

— Гэта нас усё адно не ратуе, — адзначыў Антон Несцяровіч. — Тых грошай нам і блізка не хопіць. Няўжо сапраўды ўсё?! Ці ўсяго трыста рублёў ён знайшоў? Ці больш?..

— Калі так, дык навошта ж было ўсю тую справу з банкам пачынаць? — рыкнуў Кандрат Назарэўскі. — А ўсё твае задумы: маю надзейных людзей, яны, маўляў, зробяць усё як належыць... Цьфу! Вы і з банкам так спрацавалі, як у сваім райкаме прывыклі працаваць: абы пыл пусціць у вочы! І скрозь — чыстыя правалы! А каб не я? Тады паскакаў бы! От бы пагнуўся б, пабожкаў бы, калі б за цябе дэмакраты ўзяліся ды з газетамі! Каб гэта не ты быў — то я не паехаў бы сюды, я зрабіў бы ўсё іншым спосабам. І такі ж выпадак быў: сваё ўхапіць у мутнай вадзе! І на табе: усё як скрозь пальцы!

— Кандрат! — спыніў яго Антон Несцяровіч. — Давай не будзем траціць час на пустыя разборкі. Але, мы залішне даверыліся Толіку Скуратовічу і ягоным людзям. Але... А зараз мы мусім ехаць з Тварыцкімі, каб выціснуць з іх усё, да апошняй капейчыны. А тут нам няма нічога больш шукаць.

— Перуны яго ведаюць! — рыкнуў Кандрат Назарэўскі і зірнуў на Славу Тварыцкую, якая ў гэты момант пазірала праз жоўты фарфурак на арабіну, што расла побач з хатаю. Слава Тварыцкая напявала сама сабе нейкую вясёлую песеньку.

— Час не церпіць, Кандраце... — падганяў яго Антон Несцяровіч. — Ты ж ведаеш, куды гэтыя грошы павінны пайсці. А без іх што мы зможам зрабіць? Тым дэмакратам голай рукой карак не скруціш!

— Дык што ты мне параіш?! — закрычаў Кандрат Назарэўскі. — Як мне з пустымі рукамі ў Маскву ехаць? Што мне казаць там? Да мяне ж адразу кілера прыставяць! А ты што, даведку мне якую ў райкаме выпішаш, як гэтаму няўклюду Наўмысніку, што нават грошы зрабаваныя да месца данесці не здолеў?!

У гэты момант рыпнулі дзверы, і ў хату ўбег плячысты, шыракатвары і чарнавусы мужчына. Ён падскочыў да стала, наліў сабе поўную шклянку мутнага пітва і за якія тры глыткі пракаўтнуў яго, пасля чаго цяжка абапёрся рукамі на стол, глыбока дыхаючы і гледзячы ў падлогу.

— Хто прасіў цябе прыходзіць сюды?! — закрычаў Антон Несцяровіч. — Закласці нас хочаш? Гэта ж ёсць прамое парушэнне канспірацыі!

— Здарылася, таварышы, надзвычайнае, — прашаптаў чарнавусы і адарваў позірк ад падлогі. — У Маскве... нашы ўтварылі часовы камітэт па ратаванню. Але народ выйшаў на вуліцы і плошчы, войска нас не падтрымала. Здаецца, гэта канец. І я тут таму, што мушу вас папярэдзіць.

— Канца нам не будзе ніколі! Ясна?! — Кандрат Назарэўскі сеў за стол і разгарнуў блакнот. — Мы мусім выбіраць запасны варыянт. Так... Сёння ж здаяце, у ліку першых, у райкам партбілеты. Ты, Антон, перабіраешся з райкама ў райсавет. Сваіх людзей неўзабаве перацягнеш услед. А табе, Наўмыснік, я зараз напішу даведку. Паедзеш у Мінск, зоймешся бізнесам. Грошы мы дамо. Хопіць рабаваць банкі, трэба працаваць па-буйному. Тыя ж грошы можна атрымаць цяпер з куды меншай рызыкай.

І тут раптам адазваўся кравец.

— То гэта Наўмыснік? — зацягнуў ён, праціраючы вочы і сам сабе не верачы. — То гэта Наўмыснік гэтакі? Ого, добры Наўмыснік! А Божачка мой, што гэта робіцца! Здароў, Сцепуржынскі!

Наўмыснік раз’юшана сплюнуў:

— А гэты кажух што тут робіць?!

— Папёрся з намі, — растлумачыў Антон Несцяровіч. — Маўляў, добра ведаю Тварыцкіх, яны мне не зманяць...

— А што ж зараз з ім рабіць?! — Наўмыснік забегаў па хаце. — Хіба што ў “чортава вока” апусціць — і справе канец?

Назарэўскі, згадзіўшыся, кіўнуў:

— І Тварыцкіх, бадай што, туды ж... Не да іх цяпер.

Міліцыянеры падхапілі краўца пад рукі і спраўна выцягнулі з хаты.

— Ну а з гэтай што? — Наўмыснік паказаў на Славу Тварыцкую. — Ох, і не люблю я па сабе пакідаць сведкаў!

— Ды што з яе ўзяць? — скрывіўся Кандрат Назарэўскі. — Чэрці яе ведаюць, гэтае малое! Ці яна вельмі хітрая, ці я здурнеў перад гэтым дзіцем. Павяла мяне нячыстая сіла адразу бо!

— Ты так думаеш? — засумняваўся Антон Несцяровіч.

— Такія нам яшчэ спатрэбяцца! — адрэзаў Кандрат Назарэўскі. — Ды й часу няма. Тваё шчасце, малое. Жыві!

Ён пагладзіў Славу па галаве і першы выскачыў з Тварыцкіх хаты да машын...

Калі легкавікі зніклі з вачэй, Слава Тварыцкая ўголас прамовіла:

— Цяпер усё гэта — маё!

Яна адкінула далёка ад сябе жоўтае шкельца і, шчаслівая, засмяялася. Слава ўзяла рыдлёўку і пайшла да старой рагатай дзічкі на Скуратовічавым полі, што расла паміж лесам і хутарам. Там яна нядоўга корпалася ў зямлі і неўзабаве дастала аплецены дротам гаршчок. Слава Тварыцкая моцна прыціснула гаршчок да грудзей і заспяшалася на хутар. У хаце яна вываліла на стол мноства важкіх залатых манет і схілілася над сваім багаццем, якое цяпер належала толькі ёй адной, роўна як і хата, і зямля вакол яе. “Зямля ў вас тут — як здор, хоць ты ёю скавараду падмазвай”, — згадала яна словы краўца.

Слава Тварыцкая не вытрымала: яна схапіла пальцамі некалькі большых манет і выбегла з імі на ганак. Дзяўчынка падкінула манеты ўгару, і калі яны, бы тыя пераспелыя дзічкі, з грукатам ударыліся аб стаптаную ботамі зямлю, Слава Тварыцкая заспявала толькі ёй адной зразумелую песню.

Так Слава — дзіця-дзяўчынка — Слава Тварыцкая ўваходзіла ў свет чалавечага быцця...

25.12.1992 г.