Саксафон Чынгісхана

Падбярэзскі Зміцер


Мая жонка — melopsittacus undulatus

Клетка стаяла на самым ускрайку стала, адным сваім бокам прыціснуўшыся да сценкі. Над клеткай была ўмацавана лямпа, што нагадвала паскуднай формы струхнелы грыб. Яшчэ вышэй да сценкі прыляпілася невялічкая вузенькая палічка, на якой грувасцілася шкляная пасудзіна з нейкай д’ябальскай сумессю. Гэта была ежа для найбольш злавеснага стварэння на свеце — жоўтай масці папугаіхі Канчыты, што раз-пораз пранізліва верашчала, седзячы на жэрдцы ў той самай клетцы.

Штодзень, павячэраўшы амаль нязменнай кашай з цвёрдымі, як арэхі, шкваркамі, я запальваў смярдзючую цыгарэту, сядаў бліжэй да клеткі, упіўшыся вачыма ў Канчыту. Гэтак мне было лягчэй зносіць віск пяцёх малых, якія, брыкаючыся, каталіся пад нагамі, бесперапыннае буркатанне маёй найдаражэйшай, якая, змалоўшы сваімі вострымі капыльскімі зубамі тыя рудыя шкваркі, амаль імгненна пачынала скардзіцца на лёс, на мужа (гэта значыць — на мяне), на звыклую адсутнасць грошай, на дзяцей, чые апранахі гараць на іх хутчэй за порах, на Канчыту, якая ўпарта раскідвае пер’е па ўсёй кухні.

Карацей кажучы, звычайны штовячэрні рэпертуар...

А мне што? Яна пазудзіць ды ў ложак пацягнецца. Для яе спаць — другі па чарзе любімы занятак пасля чытання мараляў. А як ужо дапаўзе да ложка, зарыецца ў коўдру, сціхне, дык абавязкова гэтак лагодненька празвініць са спальні:

— Даражэнькі! Ты хутка?

Ага, ясна! Ёй блізкасці хочацца. Блізкасць у яе — на трэцім месцы. У мяне — не. Мусіць, на апошнім. Прынамсі, з гэтым вось стварэннем.

— Але, хутка, — адказваю я, нават не варухнуўшыся. Зараз яна засне, папіскваючы, быццам спушчанае кола. І ў кватэры нарэшце ўсталюецца святая цішыня.

Вось тады я наліваю сабе шкляначку таго, чаго не здолела адшукаць мая найдаражэйшая, бяру другую, не менш мярзотную за першую, цыгарэціну, сядаю бліжэй да клеткі і пачынаю душэўныя гутаркі з Канчытай.

Колькі ёй гадоў — не ведаю. Ды, мяркуючы па ўсім, яна не старэйшая за мяне, яшчэ жвавая ды спрытная. Гаворыць няшмат, але мне таго, каб паразумецца, хапае. Як завядзецца, бывае, увесь свой публіцыстычны запас слоў без перапынку і выпусціць. “Канчыта — душачка!”, “Слава КПСС!”, “Жыве Беларусь!”, “Сціхні, тачыла!” І гэтак далей. Апошні выраз яна падслухала ў мяне неяк увечары, калі я ніяк не мог дачакацца канца лекцыі маёй найразумнейшай. Пры гэтым Канчыта — дзевушка з характарам. Не магі яе падражніць, паспрабаваць палец сунуць праз пруты — да крыві можа дзюбай садануць. А ў тым, што яна дзевушка, я не сумняваўся: мая найдаражэйшая, калі прыпёрла Канчыту ў хату, клялася, што ёй усяго тры тыдні. Ды хто ж іх ведае, melopsittacus undulatus? Можа, яны, вылупіўшыся, ужо на другі дзень на секс свой птушыны здатныя?

— Канчыта... — сказаў я і пыхнуў у клетку дымам.

— Чаго табе? — азірнулася Канчыта і з асалодай павяла крыламі. — Маўчы ўжо! Спаць ідзі!

Я глынуў са шклянкі і пакруціў перад клеткаю пальцам.

— Не-е, жоўтае тваё пер’е!.. Маю законны час на роздум у блаславёнай адзіноце. Скажы лепш: “Няхай жыве адраджэнне!”

— Ідзі ты!.. — пакрыўджана адвярнулася Канчыта.

Відаць, тое быў неспрыяльны для арганізму маёй непараўнальнай дзень. Мусіць, нейкі ніпель скочыў не ў тую дзірачку. Ускудлачаная, у халаце паверх гідаснага колеру панталонаў яна выплыла на кухню, набрала ў рот вады, доўга перакотвала яе паміж сваіх чорных зубоў, з асалодай выплюхнула ваду на высахлыя нямытыя талеркі і смачна смарканула на ўсё гэта зверху.

— П’еш? — спытала, насунуўшыся на мяне гарою неабмерных грудзей.

— Гарбата, — адказаў я.

— Дзеці “Снікерса” не бачаць, а табе на пойла заўсёды хапае.

Аргумент. “Снікерс” — гэта аргумент, таму я прамаўчаў. А сваё маўчанне замацаваў ладным глытком, прычым зрабіў так, каб з гэтае шклянкі нішто праліцца на маю галаву ўжо не магло.

— Так, значыць, — яшчэ больш насунулася на мяне мая найлюбшая. — Так ты дзякуеш мне за тое, што я прыбіраю кватэру, даглядаю тваіх дзяцей, гатую есці і мыю твае смярдзючыя...

— Шкарпэткі! — раптам закрычала Канчыта.

— Во! І птушку ўшчэнт разбэсціў! — ажывілася мая неабдымная.

— Ва ўсім я вінаваты! — не стрымаўся я.

— А хто? Я?! — зараўла мая недатыкальная. — Днямі гарбачуся на цябе, а ты мяне йшчэ і вінаваціш! А ці памятаеш, якія словы шаптаў мне тады, ля бэза, што абяцаў? Зраблю, маўляў, усё, маё сонейка! А цяпер што?!

Сонейка, як я зразумеў, зайшло. Трэба думаць, назаўсёды...

Я адмахнуўся ад яе, як ад навознай мухі.

— Ты што, Піначэта сасніла? Дык сплюнь тры разы і на другі бок перакруціся.

— Вось што ты мне зараз гаворыш! А хіба я заслужыла тыя словы?

— Табе што ні скажы — усё ўпоперак, — сарваўся я.

— Бо па-людску даўно развучыўся гаварыць, — Мая найсправядлівейшая сціснула пальцамі свае пераспелыя грудзі. — Ішоў бы ты лепш адсюль. Я, можа, яшчэ здолею з кім сваё шчасце збудаваць.

Старая песня. Я яе добра ведаў і мог сам праспяваць ад пачатку да канца. Але абрыдла. Працяг мусіў быць крыху іншы.

— Ну і пайду! — упершыню пагадзіўся я.

— Ой-ой-ой! Ды куды ты пойдзеш?! — закалыхалася мая наймілейшая. — Хто цябе падбярэ такога, апрача мяне, дуры!

— Дуры, дуры! — паўтарыла Канчыта.

— А вось яна і прытуліць, — паказаў я на клетку. — А, Канчыта? Ты як?

Канчыта пачухала кіпцем патыліцу:

— Цікавая прапанова...

— Цьфу на вас! — не стрымалася мая найвыхаванейшая. — Двох збаёдкаў! Слухаць брыдка!

— Ну дык я пайшоў, — сказаў я.

— Дык ідзі. Ідзі-ідзі...

Я падняўся, сунуў у кішэню цыгарэты, адчыніў у клетцы дзверку і пралез унутр.

— Мужчына прыйшоў, — адзначыла Канчыта. — Будзе дзела...

— Каб ты чарвякоў аб’елася, — раўніва выпаліла мая асірацелая і вылецела з кухні.

Клетка была як клетка. Не горшая за папярэднюю. Ці не ўсё адно, у якой жыць, — трохпакаёўцы ці ў такой — з дроту ды жэрдак?

Канчыта, скруціўшы шыю, пазірала на мяне з качалкі пад столлю і яўна не ведала, што сказаць і як сябе паводзіць. Што з яе ўзяць: маладое, нявопытнае!

— Ну што, спацьма будзем? — чырыкнуў я.

Канчыта нічога не адказала. Тады я сам ускараскаўся ў гняздо, поўнае анучак і старой ваты. Смярдзела там не больш,чым у кухні. Я заваліўся на спіну, пацягнуўся і загадаў:

— Давай, малое, гасі святло і хадзі сюды.

— Ага, шчас! — са злосцю кінула Канчыта. — А далей што?

— Як — што? — аж прыўзняўся я. — Я тут цяпер жыву. Так сказаць, муж твой на пэўны перыяд. Таму ты мусіш дзяліць са мной ложак.

— Секс? — здагадалася Канчыта. — А калі панясу?

— Засцерагацца трэба, — параіў я.

Жоўтая Канчыта счырванела.

— Не навучаная я...

Пладова-ягаднае развяло ў душы такі агонь, што ліквідаваць яго быў здольны хіба што секс.

— Давай, давай, — падагнаў я Канчыту. — Некалі ж трэба!

— Я баюся, — прызналася Канчыта.

— Не хвалюйся, ты нават нічога не адчуеш.

Канчыта нясмела саскочыла з жэрдкі, наблізілася да гнязда і спытала:

— Зубы пачысціў?

— Чаго?! — прастагнаў я, але нічога станоўчага адказаць не змог. Таму моўчкі пасунуўся да кармушак, у адной з якіх была вада — смярдзючая, старая, сама меней — трохдзённая.

— Жаба з пер’ямі! — сказаў я, нават не спадзеючыся, што мая найгігіенічнейшая пачуе ў спальні крытыку.

Я вярнуўся да гнязда і ўбачыў, што Канчыта ўладкавалася ў анучах, але яе поза збіла мяне з панталыку. Яна ляжала на жываце з напаўзаплюшчанымі вачыма.

— Канчыта, — дэлікатна заўважыў я, — ці не збіраешся ты ў такім становішчы правесці ўсю ноч?

— А я па-іншаму не ўмею, — растлумачыла яна. — Інстынкт, нічога не зробіш.

— Сапраўды, — згадзіўся я і пачаў збоку падлазіць пад Канчыту.

Найперш мне здалося, што цёплае жоўтае пер’е, нібы вада, цалкам і назаўсёды паглыне мяне. Я зарыўся тварам у гэтую духмяную з незнаёмым п’янючым водарам пярыну, і мае рукі падсвядома пачалі шукаць тое, што і належала ім шукаць у адпаведных сітуацыях. Зрабіць з сабой я нічога не мог: мой чалавечы, мужчынскі інстынкт таксама прагнуў атрымаць сваё.

— Як ты думаеш, колькі ў нас атрымаецца бэбікаў? — прашаптала Канчыта.

— Ды зарана пра тое! — рэзка кінуў я, паколькі інстынкт ўжо даволі настойліва патрабаваў рашучых дзеянняў.

Між тым мае рукі, заблытаўшыся ў пульхным пер’і, шукалі і не маглі знайсці тое, што належала быць на тым самым месцы ў сапраўднай жанчыны. От жа Бог дзеліць: каму, як маёй найгрудасцейшай, два поўныя пярлоўкі мяхі павесіць, а каму — як донца патэльні тэфлонавай справіць. Яечка год будзе катацца — ні за што не зачэпіцца!

— Хлопчыкаў я назаву Чырык ды Чэрокі, — яшчэ больш узбуджана прашаптала Канчыта, — а дзяўчынак — Жанна, Жызель і Зося.

— Зося?! — уразіўся я. — Што за імя для папугаіхі?

— У яе бацька — беларус, — горда сказала Канчыта.

І мой інстынкт не вытрымаў поклічу патрыятызму. Я жвава падсунуўся проста пад Канчыту, лёг на спіну, яна крыху раскінула лапкі і здранцявела ў чаканні. Доўга чакаць яе я не прымусіў.

— Ой! — запішчала Канчыта.

— Што — ой? — спалохаўся я. — Баліць?

— Не, мілы, — Канчыта ткнулася дзюбай у мой рот. — Мне вельмі хораша. Я кончыла.

— Гэтак хутка?! — аслупянеў я. — А...

— Каб мы не рабілі гэта хутка, мы б наогул не пладзіліся.

— А вось я яшчэ не распладзіўся! — раз’юшыўся я і пачаў рабіць тое, што звычайна робіць здаровы мужчына, апынуўшыся ў пазіцыі знізу на спіне.

Усё прайшло добра. Не горш, прынамсі, чым з маёй найсексуальнейшай, хоць адсутнасць грудзей, якія штораз пудовымі гірамі пагрозліва гойдаліся проста над носам, мяне выразна засмучала.

— Жанна... Жызель... Зося... — шаптала, засынаючы, Канчыта.

“Зося... У жоўтым пер’і... З хвастом... Фантастыка!” — думаў я, ладкуючыся на баку. З маёй найпладавіцейшай мы першай марылі зрабіць Зосю. Атрымаліся па чарзе чамусьці Анжэліна, Віялета, Элеанора, Адэльфіна ды малодшанькі Адасік. Гэта для мяне ён быў Адасік, бо сапраўднае імя, якое дала яму мая найадукаванейшая, я за сем гадоў вымаўляць так і не навучыўся.

Раніцай, калі ў кухні запалілася святло і мая найклапатлівейшая выгнала дзяцей на сняданак, адзін толькі Адасік адзначыў прысутнасць у клетцы новага экспаната.

— Глядзі, мамка, куды татка сп’яну забраўся! — закрычаў ён. — Во ўліў учора, мусіць... Цып-цып-цып, татачка!

— Але ж, пакармі папугаяў, — сказала мая найгаспадарлівейшая.

Адасік насыпаў, не шкадуючы, у кармушку крупы.

— І ваду змяні, падлі свежай, — падказаў я сыну.

— Смага пячэ? — зарагатаў адукаваны Адасік. — Маці казала, што ты і з лужы пасёрбаеш, каб полымя збіць.

— Каб яна вуголле сёрбала, — сплюнуў я і пасунуўся да крупаў, але Канчыта шуганула мяне ад кармушкі.

— Прэч, самец! Я рыхтуюся быць маці, мне корм найперш патрэбны!

На сняданак мне дасталіся напоўпустыя, цвілыя, з гадкім пахам крупіны. Дый то — няшмат.

Паеўшы, я адчуў натуральную патрэбу аблегчыць вантробы. Азірнуўшыся па баках, пераканаўся, што ў клетцы прысесці няма дзе. Ды мудрая Канчыта зразумела мае праблемы.

— Будзь прасцей! Як я вось. І няма чаго саромецца!

Што мне заставалася? Я ўскараскаўся на жардзіну, спусціў штаны, прысеў і праз нейкую хвіліну глыбока, на поўныя грудзі выдыхнуў. Якая ж гэта асалода — рабіць такое зверху ды ўніз!

— Мамка! Глядзі, колькі татка наплюхаў! — ажывіўся Адасік.

— Табе дзела? — абарвала яго мая найсарамлівейшая. — Пі сабе гарбату ды шыбуй у школу.

Але калі малы выляцеў з кухні, яна наблізілася да клеткі і прадэманстравала мне свой вялізны кулак.

— Яшчэ так зробіш — з галавой у тое апушчу!

— А як мне быць? — развёў я крыламі.

— Трэба было ўсё абдумаць, перш чым у клетку лезці.

І на вачах маёй найчуллівейшай з’явіліся слёзы.

Яе праўда! Цяпер я і сам пачаў адчуваць нейкі дыскамфорт у маім новым увасабленні. Але пакінуць клетку мне не дазваляў мой мужчынскі гонар.

Гэтак мінула дні з чатыры. Я старанна рыхтаваў нашае жытло да з’яўлення на свет новых божых стварэнняў: прыбіраў аб’едкі, чысціў падлогу, уладкоўваў гняздо і нават налаўчыўся спраўляць свае патрэбы так, каб не заўважала мая найпільнейшая. Адыходы фізіялагічнага цыклу я навучыўся даволі трапна выкідаць з клеткі ў гаршчок з кактусам, які стаяў непадалёк. Магчыма, кактусу новыя ўгнаенні не падабаліся: ён падазрона хутка зморшчыўся і ўдвая гусцей пакрыўся шчаціннем.

На пяты дзень мая найцярплівейшая не вытрымала: у кватэры з’явіўся госць.

— Вось, дажылася, — сказала мая наймаркотнейшая і паказала на клетку. — Бачыце, што робіцца? А гэта, між іншым, таварыш Чыкін з аддзела партыйнага жыцця нашага райкама.

— Здравствуйця... — сказаў таварыш Чыкін і, падумаўшы, дадаў: — Таварышчы...

— Прэч, камуна! — зараўла над вухам Канчыта так, што мяне, як таго вераб’я, здула з жэрдкі. — Не пушчу сыноў у Афган!

— О-о! — задумаўся таварыш Чыкін. — Тут, чувствуецца, пахне ідзеалагічаскай дзіверсіяй. Яўны падрыў аўтарытэту ячэйкі савецкага обшчаства.

— Ты маеш сваю ячэйку, таварыш Чыкін? — налягала Канчыта.

— А як жа! Як і каждый дабрапарадачны член нашага...

— Ну дык вось, член, каціся ў сваю ячэйку! — асадзіла таварыша Чыкіна Канчыта. — Размовы ў нас не атрымаецца. А на цябе глядзець не магу: баюся — скіну заўчасна. А як скіну — такое на цябе ў абкам накатаю!

— М-да, цяжолый случай, — сказаў таварыш Чыкін, павярнуўшыся да маёй найсумленнейшай. — Але нічаго, і не такое мы відзелі. Парція направіць усе сілы на барбу з чужымі нам яўленнямі і адступленнямі ад нормаў савецкай маралі.

— Сціхні, тачыла! — крычала Канчыта, робячы выгляд, што вось-вось выскачыць з клеткі. Таварыш Чыкін хутчэй, чым тое было трэба, выслізнуў з кухні.

— ... сапраўдная, а не мужчына! — цвікнула Канчыта. — Баюся, малако з-за яго прападзе...

Неўзабаве каля клеткі нясмела ўзнік Адасік. Ён нешта трымаў за спінай і раз-пораз пазіраў у акно. За шыбай тырчалі тры галавы ягоных тупых аднакласнікаў.

— Татка, значыць так... — прапанаваў Адасік. — Калі з’ясі дажджавога чарвяка, я выйграю тысячу. Трэць твая.

— Тысячу? — здзівіўся я. — Няблага. Але ж — чарвяк...

— Ты не бойся. Я неяк усяго за сотню двух з’еў — і нічога, — сказаў ён. — На, еш, ён з мылам мыты. Ды хутчэй.

Ад самага пачатку я сядзеў у клетцы без капейкі, цішком выцягваў з гнязда старую вату і гэтак жа цішком курыў яе, калі жоўтая спала.

Чарвяк, зрэшты, смакам нічым не адрозніваўся ад варанай каўбасы “Маскоўская”. Мяне нават не званітавала.

— Ёсць! — узрадаваўся Адасік. — А калі прусака?

— Тры тысячы! — адказаў я.

Адасік паказаў сваім дэбільным сябрам тры пальцы. Дзеці згодна кіўнулі. Але тут я зрабіў памылку: не перакусіў прусака адразу, а паспрабаваў праглынуць яго цалкам. У дадатак чарвяк з апошніх сіл гукнуў прусаку з бездані вантробаў: “Увага!” Прусачышча ўпёрся ножкамі ў горла і драпежным голасам завыў: “Ратуйце, забіваюць!” Зразумела, ён адразу ж вываліўся з майго рота разам з агонікам-чарвяком.

— Эх ты, татка! — расчараваўся Адасік. — Прайграў я з-за цябе тры касыя.

— Прабач, сынку, — вінавата сказаў я, але ў гэтае імгненне пачуўся крык Канчыты:

— Воды пайшлі!

І я кінуўся прымаць яйкі.

Іх сапраўды аказалася пяць — маленькія, слізкія, смярдзючыя. Перш чым Канчыта ўселася на іх, Адасік радасна пацёр далоні:

— Во, яечня на вячэру падваліла!

— Нашыя дзеці вырастуць не такія, — ціха адзначыла стомленая Канчыта. — Чырык, Чэрокі, Жанна, Жызель, Дон-Жуана...

— Хто-хто? — усхадзіўся я. — Ты ж казала — Зося будзе!

— Перадумала... Звычайная жаночая слабасць.

Я доўга і старанна, імкнучыся не ўзбіць пыл, падмятаў у клетцы, але абурэнне, выкліканае паводзінамі Канчыты, не пакідала мяне. “Як жа так?! — не разумеў я. — Здаецца, усё вырашылі: адна з дачок будзе Зося, адзіная ў свеце папугаіха-беларуска. А яна і тут па-свойму вырашыла. Што ж тады далей будзе?”

А далей было вось што. Праз які час шкарлупа трэснула, і на бел свет па чарзе выскачылі пяць істотаў — мокрых і агідных на выгляд. Дзеці мае. Чырык адразу дзеўбануў мяне ў нагу, Чэрокі з Жаннай адагналі ад кармушкі, Жызель прыліпла да люстэрка, а Зося... Не Зося, Дон-Жуана! Дон-Жуана прыціснулася да Канчыты і нешта залепетала па-гішпанску.

— Пра што гэта вы? — спытаў я.

— Табе дзела? — з пяшчотай у голасе адказала Канчыта.

Не! Усялякая цікавасць да народжанага з маёй дапамогай новага пакалення пярнатых ў мяне знікла. У рэшце рэшт інстынкт працягу роду, і так не вельмі трывалы, саступіў месца звычайнаму інстынкту мужчынскага эгаізму: зрабіў дзела — і ходу! Іначай кажучы, гэта калі праблемы сям’і адступаюць у значэнні перад важнымі чыста мужчынскімі клопатамі.

Я паціху прыадчыніў дзверку і выслізнуў з клеткі. Я быў цалкам пэўны, куды кіруюць мяне ногі: на палічцы, застаўленай нестандартным посудам, ля самай сценкі, стаілася мая даўняя заначка з цудоўным інтэлігентным напоем. “Абрыкосавы водар”! І калі я прыціснуў да сябе жаданую бутэлечку, ззаду падаў голас Адасік:

— Што, татачка, і тамака жыцця няма?

Я прытуліў сыночка да сябе і, расчуліўшыся, заплакаў. Не, прашу прабачэння: спачатку прагна высмактаў пітво з рыльца, потым прыцягнуў Адасіка да сябе, потым расчуліўся і толькі тады зайшоўся слязьмі.

Так мы стаялі пэўны час, не гаворачы адзін аднаму ні слова і ўсё разумеючы, пакуль у замку не заскрыгатаў ключ. Я ўсхапіўся і паляцеў у клетку.

— Канчытка! — сказаў я і пакрочыў да яе, раскінуўшы крылы.

Гадзёныш Чырык лоўка падставіў мне лапу, і я грымнуўся на падлогу. На мяне гарой насунулася Канчыта.

— Што, паспеў ужо набрацца? — пагрозліва зашчоўкала яна дзюбай.

— Ды я... толькі ўсяго нічога... во столечкі! Так вось, атрымалася...

— Да дзяцей цяперака ні на крок! — Канчыта рубанула паветра крылом.

— Як жа мне быць? — закрычаў я. — Як мне без дзяцей?

— Рабі што хочаш, — адказала Канчыта і адвярнулася.

— Павешуся! — вырашыў я.

— На здароўе! — хорам праспявалі паскудныя нашчадкі.

Знайсці вяроўку не было праблемай. Я пераскочыў на жэрдку, што была ўмацавана па цэнтры клеткі і круцілася на круку ва ўсе бакі. Прывязаў вяроўку, зрабіў пятлю, сунуў у яе галаву і кінуўся з жэрдкі ўніз. “Ці не ўсё адно, хто цела абмые — мая найгаспадарлівейшая ці жоўтая падушка?” Падумаць пра тое, ці хто наогул пажадае абмываць маё цела, неяк не паспеў.

Жоўта-зялёныя гарпіі абляпілі мяне. Чырык па звычцы балюча дзяўбаў у нагу, Чэрокі з Жаннай шчыпалі за грудзі, Жызель з дапамогай люстэрка пускала мне ў вочы “зайчыкаў”, а Дон-Жуана ўзбілася на самую макаўку, моцна ўчапілася кіпцюрамі ў валасы і паскудным голасам зацягнула нейкую песню. Не беларускую, гадаўка, а яўна гішпанскую.

Вяроўка аказалася гэткай жа якасці, як і маё жыццё. Калі я рэзка замахнуўся і збіў Дон-Жуану з галавы, вяроўка лопнула, і я грымнуўся ўніз, пад самыя лапы Канчыты, якая, гледзячы ўверх, з задавальненнем перажывала спробу майго самагубства.

— Нават павесіцца няздольны! — скрозь дзюбу працадзіла Канчыта і пагардліва адвярнулася.

На душы ў мяне ўсё кіпела. Да таго ж, і пазіцыя была надта ўжо прыцягальная. Вось таму я і зрабіў толькі адзін, але вельмі рашучы і энергічны жэст нагой, пасля якога Канчыта куляй паляцела наперад галавой і ўбілася паміж прутоў клеткі.

— Ну негуманна я зрабіў, разумею, — развёў я крылы, а потым узяўся за мярзотных нашчадкаў, якія зверху палівалі мяне жыдкімі адыходамі фізіялагічнага цыклу.

Чырыку я пракусіў лапку, прыціснуўшы яго ў куце, Чэрокі і Жанну звязаў хвастамі, Жызелі засунуў у адно месца доўгую саломіну і загадаў выканаць па-дэ-дэ, пасля чаго павярнуўся да Дон-Жуаны.

— Не губі, татачка родненькі! — залемантавала мая жоўта-зялёная крывінка, бухнулася на калені і заламала крылы.

“Хлусіць малое, — падумаў я. — Каб табе кот мужам зрабіўся!”

А ўслых дадаў:

— Ты, Зосенька, адзіная мая надзея, пупавінка, што разнясе ідэі адраджэння бацькаўшчыны па ўсім птушыным свеце. Разумееш?

— Уі, — адказала Зоська на невядомай мне мове, але я адчуў: яна зразумела.

Ударам нагі я вышыб дзверку клеткі і стаў на парозе пакоя, дзе чатыры мае чалавечыя дачушкі, вылупіўшы свае пустыя вочы, глядзелі па відзіку нейкую брыдоту.

— Фу, папа, в каком вы виде! — сказала адна з дачок. — Шли бы вы в свою клетку взад.

Тут я таксама парадак навёў хутка: адну з дачок загнаў пад ложак — пыл галавой збіраць, другую закінуў на чэшскую люстру, трэцюю пральнай дошкай прыпёр да сценкі, а чацвёртую, тую, адукаваную, стужкай з відэакасеты прыматаў да руска-беларускага слоўніка. Зноў скажаце — негуманна? Але, згодны. Затое — ад душы!

— Што тут праісходзіць? — стаў на парозе слізняк з парткама. — Вы мяшаяце канспякціраваць перваісточнікі класікаў.

Моўчкі я вытлумачыў яму сваё стаўленне да спадчыны вучэння марксізму-ленінізму. Здаецца, трапіў дакладна ў першакрыніцу. Але ён — малайчына! Сагнуўся ўтрая, папоўз у бок райкама ды ўвесь збор твораў Ільіча з сабой здолеў уцягнуць.

— Так! — сказаў я і ўпершыню не спалохаўся ўласнага голасу. Я стаў на парозе пакоя, радуючыся, што колер партыйнага білета паціху спаўзае з твару маёй найідэйнейшай. — Канспектуем, значыць?! Тады пішы далей!

І я працытаваў ёй нешта такое, ад чаго мая найуражлівейшая выпрасталася, глыбока ўздыхнула і скамянела так, з грудзямі, якія высока ўзнесліся да столі.

І гэта было наогул звышнегуманна. Таму што мой кароткі спіч, заснаваны на выказваннях Маркса аб ролі сям’і і прыватнай уласнасці, змяшчаў у сабе палажэнні, якія не пакідалі месцаў сумненню, хто цяпер мусіць у гэтым доме правіць баль.

Я пачынаў новае жыццё. Я буду разводзіць папугаяў і вучыць іх мове Скарыны і Купалы. Буду мець з гэтага добрыя грошы і неўзабаве адкрыю сетку заалагічных крамаў. Пасаджу крылатых сваякоў у міністэрствах і ведамствах, каб яны, калі што, агучвалі пустыя дзяржаўныя галовы. Зоську прызначу паслом у Гвадэлупу. Канчыту накірую да пінгвінаў з гуманітарнай місіяй. Карацей, планаў у мяне — процьма. Часу дарма губляць не збіраюся...

Сонца то хавалася за хмары, то дзёрзка зіркала на забруджаны мокрай паперай двор. Злы вецер накідваўся на хмызы бэзу, зрываючы з іх апошнія зморшчаныя лісты. Было такое адчуванне, што зіма вось-вось заявіцца ў гэтыя мясціны і будзе тут гаспадарыць аж да таго часу, як на зямлі не застанецца наогул нічога жывога.

Жвавая кульгавая сініца ўчапілася за галінку, тоненька ціўкнула і гулліва падміргнула мне. Не-е, даражэнькая! Хопіць! Двойчы ўступаць у адну й тую ж кучу гною — шукай дурняў дзе ў іншым месцы!

Ага, успомніў! Сынулю майго, Адасіка, пакуль што клічуць Адальберт. Перайначым, не пытанне! Працы ў нас, беларусаў, наперадзе — край непачаты! Смерць прэзерватывам! Мы з ранку да ночы будзем рабіць дзяцей і называць іх скрозь па-людску. Мы навучым іх пладзіцца гэтак жа хутка, як і папугаі, з тым, каб праз тры-чатыры пакаленні, куды ні ткніся, цябе сустракаў бы свядомы беларус, каб у нас нават жабы разумелі па-нашаму! Мы... Мы ўсё можам зрабіць дзеля Адраджэння! Я гатовы пачаць хоць зараз!

Мне б толькі падказалі, дзе тая клетка адчыняецца...

1994 г.