Саксафон Чынгісхана

Падбярэзскі Зміцер


Прагулка па дачнай мясцовасці

Да невялікага будынка лабараторыі, які схаваўся ў зеляніне дрэў, пад’ехала белага колеру машына. З яе выйшлі тры сталага ўзросту чалавекі.

— У нас яшчэ хвілін з восем, — сказаў Віктар Эдуардавіч Скоркін, дырэктар акадэмічнага інстытута электроннай тэхнікі.

Ён безнадзейна зірнуў на неба. Сонца бязлітасна паласкала промнямі зямлю, і нішто не прадказвала хуткай змены надвор’я. Скоркін цяжка ўздыхнуў і насоўкай выцер спацелую патыліцу, на якой з-пад рэдкіх валасоў выглядваў грубы шрам.

— Раней за прызначаны час усё роўна не пачнуць. — Дэкан гістарычнага факультэта універсітэта Рыгор Антонавіч Мазурчык кіўнуў у бок вялікіх ваенных машын, вакол якіх завіхаліся людзі ў вайсковым. — Электрастанцыі яшчэ не гатовыя.

— Але ж... — Аляксандр Пятровіч Паўлаў трымаўся спакойна і ўпэўнена, як і належала чалавеку, які займаў вельмі адказную пасаду. Ён разумеў, што кіраўнікі такога ўзроўню, напэўна, упершыню наведалі гэтую непрыкметную лабараторыю. Да таго ж была пятніца. А Паўлаў вельмі не любіў, калі нешта замінала яму ў канцы напружанага працоўнага тыдня своечасова ад’ехаць на дачу, дзе на выхадныя збіралася звычайная мітуслівая і неспакойная кампанія: дзеці з унукамі і сябрамі, ягоныя даўнія дружбакі з мэтай, нікуды не спяшаючыся, парыбачыць на дагледжаных ставах, добра і смачна паесці, а ўвечары за вялікім зялёным сталом на верандзе распісаць абавязковую “пульку” пад каньяк і смачныя закускі.

Пярэчачы ўласным звычкам, Паўлаў крыху аслабіў гальштук.

— Цяпер бы на рэчку, таварышы, у цянёк... — сказаў ён, звярнуўшыся да Скоркіна і Мазурчыка. — Там бы вашыя маладыя геніі і растлумачылі, што ў іх за навуковае адкрыццё атрымалася.

— Рэчка — рэч неблагая, — крыху ажывіўся Мазурчык, нібы пачуўшы думкі Паўлава. — Дык, можа, не будзем дарма траціць час? Пакуль падключаць электрастанцыі, нашы супрацоўнікі паспеюць растлумачыць сутнасць эксперыменту.

— Прашу вас, Аляксандр Пятровіч! — Скоркін паспяшаўся адчыніць перад Паўлавым дзверы. — Асцярожна, столь у калідоры нізкая.

За дзвярыма маўклівы міліцыянер з кабурай на рэмені ўважліва праверыў дакументы.

— Ого! — засмяяўся Паўлаў. — У вас амаль такія ж строгасці, як і ў нас...

У памяшканні лабараторыі было прахладна. Ціха спявалі кандыцыянеры, паценьквалі рэле шматлікіх прыбораў, міргалі розных памераў лямпачкі. Насупраць вялікага тэлеманітора каля часопіснага століка з мінеральнай вадой стаяла некалькі мяккіх крэслаў.

Гасцей сустрэлі два маладыя чалавекі.

— Знаёмцеся, — сказаў Скоркін. — Гэта — нашы героі, Міраслаў Кульчыцкі і Мірон Станкевіч, абодва — кандыдаты навук. Так сказаць, саюз камп’ютэрнага праграмавання і гісторыі.

— Гэта я Міраслаў Кульчыцкі, — адкрыта ўсміхнуўся гарбаваты бландзін. — Тэхнічны дырэктар усяго гэтага...

Ён паказаў рукой на горы апаратуры.

— А Мірон, калі так можна сказаць, — наш ідэйны цэнтр. Прашу вас, — Міраслаў запрасіў гасцей сесці.

— Сядайце, Аляксандр Пятровіч, — Скоркін падсунуў Паўлаву крэсла. — Мінералкі не жадаеце? “Баржомі”!

— Дзякуй, не, — адказаў Паўлаў. — Мы можам пачаць?

— Мы амаль гатовыя, — сказаў Міраслаў.

— Мірон, калі ласка, — папрасіў Мазурчык. — Раскажыце Аляксандру Пятровічу сутнасць вашай распрацоўкі. Сцісла і, калі магчыма, зразумела.

— Не саромцеся, — лагодна ўсміхнуўся Паўлаў. — За гады сваёй працы ў апараце я таксама паднабраўся ведаў і трошкі пачаў сёе-тое разумець у самых розных навуках. Так што давайце смела!

Станкевіч развёў шырокія плечы, пацерабіў доўгія вусы і рашуча сказаў:

— Калі вельмі коратка, дык мы з Міраславам зрабілі распрацоўку своеасаблівага гістарычнага зонда, які дазваляе вывучаць падзеі мінулага прынцыпова новым спосабам. Гэта, — Мірон злёгку пачырванеў, — прашу зразумець мяне правільна — сапраўднае адкрыццё, вынікі прымянення якога, праўда, сёння можна ацаніць вельмі неадназначна.

— Я не з палахлівых, — адчаканіў Паўлаў і даволі жорстка дадаў: — Давайце без лішніх эмоцый. Няма такой сітуацыі, якой мы не здолелі б авалодаць.

— Значыць, так... — сумеўся Мірон. — У наш час веданне праўдзівай гісторыі свайго народа, краіны набывае надзвычайнае значэнне. Але вывучаць гісторыю дагэтуль мы маглі выключна традыцыйнымі спосабамі, праз аналіз дакументаў — сведчанняў часу, літаратурных помнікаў, вынікаў археалагічных работ. Так рабілася на працягу многіх гадоў. І вось я аднойчы задумаўся над тым, як гэтыя традыцыйныя метады гістарычных даследаванняў сумясціць з сучаснымі дасягненнямі камп’ютэрнай навукі.

— Прабачце, гэта — элементарнае патрабаванне часу, — заўважыў Паўлаў. — Цяпер і ў нас камп’ютэры — рэч звычайная. Зразумела, што без ЭВМ і гісторыкам цяпер нельга.

— Але мне камп’ютэр бачыўся не інструментам, не дапаможнікам у даследаваннях, — працягваў Станкевіч, — а незалежным аналізатарам падзей, іх непасрэдным сведкам і тым сродкам, які самастойна супастаўляе даныя, стварае на іх аснове пэўны інфармацыйны пакет і з дапамогай відэатэхнікі знаёміць нас з вынікамі праведзенай работы. Такім чынам, прынцып нашай распрацоўкі заснаваны на наступным ланцужку аперацый: звесткі гісторыі, у тым ліку і традыцыйная (гэта першапачатковая інфармацыя, альбо першая ступень апасродкаваных ведаў) апрацоўка іх у камп’ютэры (ступень пераасэнсавання інфармацыі) — узнаўленне гістарычных фактаў і падзей праз відэаканалы (выніковая інфармацыя, альбо трэцяя ступень непасрэдных ведаў, атрыманых з першакрыніцы).

Паўлаў маўчаў. Заўважыўшы гэта, Скоркін растлумачыў:

— Аляксандр Пятровіч! Вынік эксперыменту залежыць тут ад таго, наколькі поўнай будзе першапачатковая інфармацыя. Чым яе больш, чым больш яна рознабаковая, тым большая і верагоднасць атрымання ідэнтычнай і поўнай выніковай відэаінфармацыі.

— Ясна! — нарэшце кіўнуў галавой Паўлаў. — Можна далей. І больш канкрэтна.

— Больш канкрэтна... — задумаўся Мірон. — Можа, я тады растлумачу прынцыпы работы нашай апаратуры на выніках першага эксперыменту?

— Не хвалюйся, — сказаў Мазурчык. — Калі што, ты, Міраслаў, дапамагай.

— Ды ў нас усё проста! — засмяяўся Кульчыцкі. — Давай, Мірон, выкладвай сакрэты.

— Мы вырашылі даведацца больш падрабязна пра падзеі, звязаныя з Грунвальдам, — сказаў Станкевіч. — З гэтай мэтай заклалі ў камп’ютэр усю вядомую нам сёння інфармацыю, што датычыць таго часу. На гэта нам спатрэбілася амаль паўгода.

— Вельмі дапамагла група праграмістаў з акадэмічнага інстытута, — дадаў Скоркін. — Працавалі па ўласнай ініцыятыве. Без іх наўрад ці што атрымалася б.

— Дык што ж, што атрымалася? — нецярпліва спытаў Паўлаў. — Дайце памацаць, як кажуць, рукамі, паспрабаваць на зуб.

— Аляксандр Пятровіч! — смела перапыніў яго Кульчыцкі. — Тут вось што трэба ўлічыць. Па-першае, у залежнасці ад складанасці пастаўленай задачы, а практычна — дык заўсёды камп’ютэр вымагае значнага энергетычнага забеспячэння. Вельмі значнага. Сёння, напрыклад, акрамя асобнай падстанцыі, апаратура сілкуецца ад шасці вайсковых станцый. Па-другое, наш камп’ютэр шматфункцыянальны. У залежнасці ад задачы ён здольны аналізаваць і даследаваць мінулае па-рознаму. Так, у час першага вопыту мы абмежавалі камп’ютэр функцыямі старонняга назіральніка за тым, што адбывалася на полі каля Грунвальда.

— Як — назіральніка? — не зразумеў Паўлаў. — Вы хочаце сказаць, што...

— Але! — весела пацвердзіў Міраслаў. — Мы здолелі ўласнымі вачыма, дакладней, вачыма нашага камп’ютэра на некалькі хвілін зазірнуць у мінулае.

— Дык гэта што, машына часу? — Паўлаў нецярпліва зацерабіў гальштук. — Што ж вы раней не сказалі?

— Не хвалюйцеся, Аляксандр Пятровіч! — Скоркін правёў далонню па патыліцы. — Гэта зусім не машына часу, хоць камп’ютэр і здольны расказаць нам шмат пра мінулае.

— Не проста расказаць, але і паказаць! — дадаў Кульчыцкі.

— Не можа быць! — усклікнуў Паўлаў. — Цяжка паверыць.

Мазурчык наліў сабе мінеральнай вады.

— Я таксама спачатку не верыў, — сказаў ён, зрабіўшы вялікі глыток. — Але першы ж эксперымент пераканаў мяне ў адваротным. Давай, Мірон, далей!

Станкевіч кашлянуў у кулак.

— Значыць, так... Мы запраграмавалі камп’ютэр такім чынам, каб вывесці яго на патрэбны нам час. Дакладна год у год, дзень у дзень на 15 ліпеня 1410 года. Першыя чатыры спробы не далі вынікаў. Мы ніяк не маглі дакладна выйсці на зададзены аб’ект. Экран заставаўся цёмны. Сядзелі тут разам з праграмістамі звыш двух сутак. Але ў рэшце рэшт атрымалася. І зараз пакажам вам відэазапіс эксперыменту.

Кульчыцкі ўключыў відэамагнітафон.

Па экране пабеглі палосы, ён пашарэў, раз-пораз на ім з’яўляліся цьмяныя, размытыя контуры нейкіх прадметаў, чалавечых постацей.

— Спачатку выява была няпэўная, — растлумачыў Міраслаў. — Мы тады ўзмацнілі падачу энергіі, зрабілі пэўную карэкцыю праграмы... Вось, глядзіце!

На экране раптам з’явілася вялікая група коннікаў са шчытамі і мячамі ў руках. На чале групы ехаў вой са светлым штандарам, перасечаным уздоўж цёмнай палосай. Пасля гэтую групу коннікаў перакрыла іншая: нізкарослыя коні, шапкі са звярынымі хвастамі, шырокія раскосыя твары...

— Татары ці хто? — спытаў Паўлаў.

— Яны! На баку харугваў Вялікага княства Літоўскага былі і татарскія атрады, — растлумачыў Мазурчык.

— А я і не ведаў, што татары былі за нас...

Экран зноў зрабіўся шэры.

— Мы зазірнулі ў мінулае вельмі далёка, — паспяшыў сказаць Кульчыцкі. — Цяжка было атрымаць дакладную наводку, таму і выява часам абрывалася, і каляровага адлюстравання не было.

На экране ўзнік пешы вой, які стаяў на пагорку, аберуч трымаючы высокае дрэўка штандара. Адлюстраванне папаўзло ўверх, і тут усе ўбачылі на палотнішчы малюнак конніка з мячом у адной руцэ над галавой і шчытом, упрыгожаным крыжам, — у другой.

— Міраслаў, стоп-кадр, — папрасіў Станкевіч і растлумачыў, звяртаючыся галоўным чынам да Паўлава: — Гэта так званая Пагоня, пра час паходжання якой цяпер вядзецца столькі зацятых спрэчак.

— Пагоня? — страпянуўся Паўлаў. — Той самы нацыяналістычны сімвал?

— Ну, чаму ж нацыяналістычны... — пачаў быў Мазурчык. — Пад ім выступалі і беларусы, і літоўцы, і...

— Мы цяпер не пра гэта! — рашуча перапыніў яго Станкевіч. — Прабачце... Галоўным вынікам для нас было тое, што пацвердзіўся безумоўны факт наяўнасці Пагоні на сцягах нашых войскаў. На жаль, гэта практычна ўсё, што мы здолелі ў той раз запісаць.

— Добра... А цяпер паспрабуйце даказаць мне, што ўсё гэта — не фальсіфікацыя! — захваляваўся Паўлаў. — А можа, вы гэты відэазапіс у тэлестудыі зманціравалі? І ўвогуле, Пагоня... Слізкае, ведаеце, пытанне. Мы займаем адназначную пазіцыю ў гэтым напрамку: Пагоня — варожы нам сімвал. І ваш запіс — не той доказ, які мог бы мяне пераканаць.

Кульчыцкі выключыў відэамагнітафон.

— Нас, Аляксандр Пятровіч, гэты эксперымент таксама не вельмі задаволіў, — растлумачыў ён. — Першы блін, самі разумееце, не хапіла магутнасці апаратуры, вопыту праграмавання. Таму для наступнага эксперыменту мы змянілі ўмовы і выбралі крыху больш блізкі да нас час. А менавіта: самы пачатак шаснаццатага стагоддзя. Перад камп’ютэрам, забяспечаным на гэты раз куды больш важкім пакетам інфармацыі, была пастаўлена задача іншага кшталту: пошук ажыццявіць самастойна, без нашых падказак.

— І што ж вы, цікава, шукалі? — спытаў Паўлаў.

— Мы далі камп’ютэру адносную свабоду для выканання задання адшукаць асобу, якая ў шаснаццатым стагоддзі адыграла найбольш значную ролю ў станаўленні беларускай культуры, — распавядаў далей Міраслаў. — Шчыра кажучы, у поспех не надта верылі. Але другі блін аказаўся больш якасны.

Кульчыцкі націснуў кнопку відэамагнітафона.

Прысутныя ўтаропіліся ў экран. Некаторы час на ім нічога не з’яўлялася, і толькі недзе праз хвіліну адчуўся нейкі рух. Потым на экране паўстаў надпіс: “Прашу пачакаць. Ідзе настройка контураў пошуку”. І толькі пасля гэтага на экране нібы праз смугу праступілі абрысы вялікага белага будынка са стромымі вежамі.

— Сафійскі сабор, — нібы сам сабе адзначыў Мазурчык. — Полацак.

Скоркін нецярпліва махнуў рукой і скасіў вока на суседняе крэсла. Паўлаў сядзеў нерухома, адно толькі недаверліва ўсміхаўся.

... Сафійскі сабор, асветлены промнямі вячэрняга сонца. Панарама ўздоўж хат, што стаяць на гразкай вуліцы, дзве чародкі дзяцей, якія зацята гуляюць у апуку. Недалёка ад іх на калодзе сядзіць бялявы хлопчык і нешта выразае сцізорыкам, раз-пораз кідаючы позіркі на аднагодкаў. Хлопчыку на выгляд крыху больш за дзесяць гадоў...

Унізе па экране прабеглі словы: “Скарына Францыск, сын Лукаша Скарыны. Месца дзеяння: Полацак, 28 траўня 1501 года. Заданне выканана”.

Экран пагас, і Кульчыцкі выключыў апарат.

Некаторы час усе маўчалі. Скоркін зноў наліў сабе мінеральнай вады і запытальна зірнуў на Паўлава. Той павярнуўся да Мазурчыка.

— І што, вы сур’ёзна будзеце сцвярджаць, што гэта быў Францыск Скарына? Той самы Скарына, які пісаў Бібліі?

Мазурчык моўчкі развёў рукамі.

— Таварыш Паўлаў! — паспяшаўся на дапамогу Мірон Станкевіч. — Тут, разумееце, камп’ютэр толькі выканаў наша заданне. І ніхто не можа гарантаваць, што гэта быў менавіта Скарына, менавіта такі, як ён выглядаў у 1501 годзе. Мы яшчэ дрэнна ведаем магчымасці гэтай апаратуры, але ж, разам з тым, нам не вядома і сапраўднае аблічча Скарыны.

— Хіба ж ад яго не засталося ніякіх патрэтаў? — спытаў Паўлаў.

— Адно толькі графічны аўтапартрэт, зыходзячы з якога — мы толькі здагадваемся — камп’ютэр і змадэляваў аблічча Скарыны-падлетка.

— Не веру! — як адсек Паўлаў. Ён падняўся з крэсла. — Я — не веру! Гэтыя электронныя штучкі-дручкі... Мы ведаем, што цяпер здольнае вырабляць тэлебачанне, якія фокусы! Таму не магу ўзяць на сябе перад партыяй адказнасць гарантаваць, што тут усё сапраўднае, што спецыялісты, эксперты не сцвердзяць фальсіфікацыю.

Мірон цяжка ўздыхнуў і зірнуў на Мазурчыка. Рыгор Антонавіч крыху павагаўся і звярнуўся да Паўлава:

— Аляксандр Пятровіч! Мы не запрасілі б вас сюды, калі б не былі ўпэўненыя ў тым, што праект апраўдае сябе. Калі я сам упершыню ўбачыў гэта, таксама не паверыў. Натуральна! Але падумайце: усе дакументы гісторыі маюць уласных аўтараў, і ўжо хоць бы таму яны з’яўляюцца сведчаннямі суб’ектыўнымі. Нават абыякавая хроніка пісалася рукой чалавека, якую падштурхвалі эмоцыі, пачуцці. Той вынік, які дае нам камп’ютэр, — таксама гістарычны дакумент. І не дзіва, што ён можа адрознівацца ад ужо вядомага нам ці дапаўняць яго. Дык чаму ж не паверыць машыне, калі яна ў сотні разоў менш за кожнага з нас падуладная пачуццям?!

— Але ж падуладная! — узвіўся Паўлаў. — Машыну можна навучыць, які вынік патрабуецца, даць патрэбную колькасць уводнай інфармацыі альбо не даць яе!

— Мы прадбачылі, што вы будзеце сумнявацца, — як не пачуў яго Мазурчык. — Такое і сапраўды ўявіць цяжка. Таму мы падрыхтавалі для вас відэазапіс яшчэ аднаго эксперыменту. Калі ласка, Міраслаў.

Міраслаў, абапёршыся спінай на сценку пакоя, круціў у пальцах напаўраструшчаную цыгарэту.

— У трэцім эксперыменце, звязаным ужо з дваццатым стагоддзем, мы зноў змянілі зыходныя ўмовы. Загадзя выбралі героя, месца дзеяння, людзей і ўвялі ў машыну пакет інфармацыі, які ўлічваў бы максімальна ўсе магчымыя абставіны і вядомыя нам факты. Такім чынам, мы звузілі паказ да некалькіх хвілін. Згодна з умовай, камп’ютэр прайграў нам сітуацыю як бы вачыма абранай намі асобы. Дарэчы, на гэты раз мы здолелі атрымаць хоць і не вельмі якаснае, але ўсё ж каляровае адлюстраванне, хоць сінтэзатар гуку так і не спрацаваў. Адным словам, глядзіце...

На экране манітора прабеглі цітры: “Янка Купала, ён жа Іван Дамінікавіч Луцэвіч. Месца дзеяння: Масква, 28 чэрвеня 1942 года”. Мірон раптам заўважыў, што Паўлаў пачаў выразна хвалявацца.

... Шырокія мармуровыя сходы сталічнай гасцініцы, засланыя чырвоным дываном, важкія вазы з кветкамі. Сходы павольна ідуць уніз, але хутка гэты рух спыняецца. Рэзкая панарама ўверх, потым зноў уніз, праз парэнчы ў лесвічны праём. Вельмі далёка, на асветленым квадраце, — постаць чалавека з чамаданам. Наступная панарама ўверх, маладая жанчына, якая набліжаецца да “аб’ектыва”. Жанчына прыязна ўсміхаецца, нешта гаворыць і рукой паказвае некуды ўверх. Панарама ўслед жанчыне, якая спускаецца па сходах, і нечаканы рух назад, да пляцоўкі паміж паверхамі. Паўза, паварот налева і направа, зноў паўза.

Раптоўны рэзкі паварот убок, буйны план мужчыны сярэдняга веку. Мужчына пра нешта пытаецца, потым адводзіць позірк некуды ўверх, у глыбіню цёмнага калідора. Панарама ўслед за позіркам мужчыны, але ў гэтае ж імгненне экран перакрывае ненатуральна вялікая далонь. Адлюстраванне затрэслася. На экране прамільгнула белая столь, хутка праскочылі парэнчы, нага ў наваксаваным боце, лесвічны пралёт і асляпляльна белы квадрат падлогі, які набліжаўся з неверагоднай хуткасцю...

На экране паўстаў цітр “Страта суб’екта”, пасля чаго ён зрабіўся чорны.

— Што... што гэта было?.. — ледзь вымавіў Паўлаў.

— Мы паспрабавалі аднавіць апошнія імгненні жыцця Янкі Купалы, — ціха растлумачыў Кульчыцкі. — Камп’ютэр улічыў усё вядомае пра смерць паэта, усе прычыны, якія маглі прывесці да яе, і выдаў нам вось такую версію. Сітуацыю, якую мог бачыць Купала ўласнымі вачыма. Зразумела, пры той умове, што камп’ютэр атрымаў усю даступную на сёння інфармацыю пра ўсё гэта. Калі ж з’явяцца новыя даныя, як хоць бы з КДБ, сітуацыя на экране можа быць цалкам іншая.

— Гэта немагчыма... — сказаў Паўлаў і глынуў ваду проста з бутэлькі. — Я ўсё не мог здагадацца: чаму ніяк не ўспрымаю вашыя... фокусы? А цяпер вось ведаю: вы сваімі камп’ютэрнымі трукамі імкнецеся перапісаць гісторыю на ўласную карысць, унесці ў душы людзей тым самым поўны хаос, бязладдзе і бязвер’е! Папярэджваю: вашыя гульні небяспечныя ў ідэалагічным сэнсе, маладыя вы геніі!

— Але, Аляксандр Пятровіч... — спрабаваў быў запярэчыць Скоркін.

— Маўчыце! Вось куды, значыць, ідуць народныя грошы... Я ўсё зразумеў: спачатку вы тут, зашыўшыся ад грамадства, выдумляеце патрэбны вам вынік, потым падганяеце пад яго сцэнарый, здымаеце свае паклёпы, якія потым выкарыстоўваюць дэструктыўныя элементы!

— Вы што ж, не верыце нам?! — жахнуўся Скоркін. — Аляксандр Пятровіч! З чаго б гэта нам маніць?!

— Лічу, што вашая работа непатрэбная і нават шкодная. Таму ў адпаведныя структуры я выйду з прапановай спыніць усе вашыя распрацоўкі, закрыць лабараторыю, відэадакументы знішчыць.

— Таварыш Паўлаў! — узвіўся Станкевіч.

— Маўчыце, малады чалавек!..

Паўлаў пакруціў шыяй, нібы хацеў вырвацца з цеснага каўняра. Ён цяжка дыхаў, ягоныя рукі бегалі па целе і ніяк не маглі спыніцца.

— Вам, маладыя людзі, трэба задумацца. Вы толькі пачынаеце шлях у навуцы, мусіце шмат карыснага зрабіць для радзімы, якая вас выхавала. Але ж я дзіўлюся вам, таварыш Мазурчык, і вам, таварыш Скоркін, дзіўлюся вашай непрадбачлівасці і сапраўднай ідэалагічнай блізарукасці. Дарэчы, Скоркін... Вы ваявалі?..

— Быў камісаваны ваенкаматам. У час вайны працаваў у тыле, — раптам усхваляваўшыся, адказаў Соркін.

— Нешта мне ваш твар прыгадвае. У вочы кінуўся шрам на вашай галаве. Вельмі падобна на кулявое раненне...

Бутэлька мінеральнай вады трэслася ў руцэ Скоркіна.

— Не, не!.. Гэта... вытворчая траўма.

— Дык вось... Вы — сталыя людзі, — працягваў Паўлаў, — і я ніяк не магу зразумець, чаму вы падтрымалі гэты ілюзіён.

— Аляксандр Пятровіч! — пачуў Паўлаў голас Мірона. — І ўсё ж мы прадбачылі, што вы адразу не паверыце нам, таму...

— Хопіць! — Паўлаў зірнуў на гадзіннік. — Лічу нашую сустрэчу скончанай.

— Мы падрыхтавалі новыя распрацоўкі, — упарта працягваў Станкевіч. — І каб пераканаць вас, прапануем асабіста паўдзельнічаць у чарговым эксперыменце.

— Мне?! — разгубіўся Паўлаў. — Прабачце... Дзе-дзе, а ў цырку працаваць не даводзілася.

— Але ж вы, напэўна, добра памятаеце многія эпізоды ўласнага жыцця. Дык давайце ж праверым, аднавіўшы адзін з іх, пасля чаго вы і скажаце, наколькі дакладная работа камп’ютэра, і вырашыце лёс праекта.

— Калі будзе машына? — Паўлаў павярнуўся да Скоркіна.

— Праз паўгадзіны, — адказаў той.

— Мы паспеем?

— У нас усё гатова, — сказаў Міраслаў. — Электрастанцыі падключаны.

— Ну што ж... — Паўлаў некаторы час вагаўся. — Толькі папярэджваю: гэта — ваш апошні эксперымент. Вы павінны будзеце чакаць рашэнне ўрада. Само сабой разумеецца, вынікі эксперыменту з’яўляюцца дзяржаўным сакрэтам.

Кульчыцкі паставіў вольнае крэсла насупраць манітора.

— Сядайце сюды. Вазьміце ў рукі дыстанцыйны перадатчык. Так, добра... Цяпер расслабцеся, адкіньцеся на спінку крэсла. Дзве хвіліны патрэбныя на тое, каб інфармацыя ад вас пачала паступаць у блокі памяці камп’ютэра.

— Што вы задумалі? — ціха звярнуўся Мазурчык да Мірона.

— Машына павінна адрэагаваць на ягоны эмацыянальны стан, — шэптам растлумачыў той. — Рыгор Антонавіч, мы, зразумела, рызыкуем. Камп’ютэр можа выдаць самую нечаканую выяву, абапіраючыся на найбольш моцныя імпульсы ягонай памяці. Паспрабуй здагадацца, што чалавеку праз гады не дае спакою. Але калі атрымаецца, у яго не будзе ўжо ніякіх аргументаў супраць... Вось вы пра што думаеце?

— Пра добры дождж, — напружана ўсміхнуўся Мазурчык.

— Аляксандр Пятровіч! — падаў голас Скоркін. — Можа, вадзічкі?..

— Цішыня! — абарваў яго Міраслаў. — Мы пачынаем...

Па экране прабеглі цітры: “Паўлаў Аляксандр Пятровіч. Год нараджэння: 1913. Месца дзеяння: Менск, 14 верасня 1937 года”.

... Брукаваная гарадская вуліца, аднапавярховыя дамкі ўздоўж яе, пагойдваючыся, наплываюць на экран. Твары людзей, якія, спыніўшыся, употай азіраюцца ўслед. Панарама налева: профіль вайскоўца, які круціць руль грузавіка...

Міраслаў, які стаяў каля экрана бліжэй за ўсіх, убачыў, як у Паўлава выцягнуўся твар. Паўлаў страпянуўся, імкнучыся ўскочыць з крэсла, але так і застаўся сядзець, нібыта моцна да яго прыкручаны дротам.

... Прыгарад скончыўся, дамы засталіся ззаду, дарога перайшла ў разбітую грунтоўку і неўзабаве збочыла налева, і на экране, паступова набліжаючыся, узнік лес, над якім, нібыта чарадзейная нябесная брама, расхінулася сакавітая вясёлка. Рэзкі паварот направа і назад, удалечыні ўбачылася гарадская ўскраіна, пасля чаго ў кадры зноў папаўзла дарога і недалёкі ўжо лес...

Усе, акрамя Паўлава, здрыгануліся, пачуўшы ззаду, каля часопіснага століка, звон разбітай шклянкі.

— Гэта... гэта... — шаптаў Скоркін, тычучы пальцам у экран. — Я... быў тут!

Паўлаў, не зважаючы ні на што, сядзеў у крэсле, вытрашчыўшы вочы. Па экране прабеглі словы: “Ідэнтыфікацыя аб’екта: урочышча Курапаты”.

... Рух на экране запаволіўся і нарэшце зусім спыніўся. Адчыніліся дзверцы кабіны, вайскоўцы з вінтоўкамі саскочылі з кузава і адкінулі задні борт. З машыны, як гарох, пасыпаліся людзі ў цывільным, пераважна мужчыны. Падлетак з недаўменным тварам, стары ў ватоўцы з крывёю на шчацэ, чалавек у фрэнчы, які бездапаможна азіраецца па баках. Вайскоўцы акружылі людзей і пагналі іх углыб лесу, за высокі плот з дошак. На экране ўзнікла вялікая свежавыкапаная канава, потым буйным планам адзін з вайскоўцаў, які нешта сказаў проста у экран. Адлюстраванне гайданулася, панарама ўніз. Рукі з папяросай і пачкам запалак. Пыхнуў агеньчык, на імгненне экран засціла дымам. Вайскоўцы паставілі тварам да канавы пяцёх чалавек. Адзін з людзей у форме нешта зачытаў з паперкі. Зноў панарама ўніз на рукі чалавека, якія ўзводзяць курок нагана, пасля чаго патыліцы людзей каля канавы пачалі павольна набліжацца. Знізу на экран выпаўзла выцягнутая рука з наганам, яна здрыганулася, і першы чалавек у цывільным нібы праваліўся ўніз. Два крокі ўбок, і зноў паўтарылася тое ж самае, затым яшчэ раз, яшчэ і яшчэ. Рэзкі паварот за спіну, натоўп людзей пад разгалістай елкай, акружаны вайскоўцамі з вінтоўкамі наперавес. Наступная пяцёрка, якую падштурхваюць прыкладамі, набліжаецца да канавы. У кадры рукі чалавека, якія набіваюць барабан нагана патронамі, воблачка папяроснага дыму, якое адносіць ветрам...

— Чорт! — вылаяўся Міраслаў і ўдарыў кулаком па панелі кіравання. — Сінтэзатар гуку не спрацоўвае!

І ў той жа момант у лабараторыі пачуўся дрыготкі юнацкі голас:

— За што?!

— А табе не ўсё адно цяпер? — адказаў іншы, больш нізкі і ўладарны голас, які ўжо амаль гадзіну гучаў у лабараторыі.

Штуршок рукой, і юнак адляцеў да канавы, упаўшы на калені.

— Я ні ў чым не вінаваты! — закрычаў ён. — Мама!..

— Заткніце яму пашчу! — разлёгся ўсё той жа голас. На экране прыклад вінтоўкі з сілай апусціўся на плячо юнака...

— Вось... Вось зараз ён мяне... — Скоркін працягнуў да экрана рукі і не мог больш вымавіць ні слова.

Рука з наганам узнялася, і ў лабараторыі рэзка прагучаў стрэл...

Захрыпеўшы, Паўлаў ніцма рухнуў на падлогу. У той жа самы момант экран манітора пагас.

Дзверы ў лабараторыю расчыніліся. Малады вайсковы лейтэнант, атрасаючы з сябе ваду, весела запытаў ад парога:

— Можна, я ў вас тут перачакаю? Там, на вуліцы, такая залева!

1989 г.