Саксафон Чынгісхана

Падбярэзскі Зміцер


Саксафон Чынгісхана, альбо „хворыя” грошы - Сола ад Браніслава Зубчонка

а/ Tea For Two (“Гарбата для дваіх”). Вінцэнт Юманс

Я, прызнацца, вельмі спадзяваўся на тое, што Жужа ўсё ж дагоніць Вінцэнта, спыніць яго. Я нават быў упэўнены, што так яно і будзе, таму не надта хваляваўся за яго, згадваючы, дзе неўзабаве змагу іх дваіх адшукаць.

Ды найперш неабходна было перавесці дыханне, ачаломкацца, бо тое, што вырабляў Вінцэнт у студыі, не ўкладвалася ні ў якія рамкі. Не думаю, што ягоную музыку належным чынам ацанілі мае шаноўныя калегі-лабухі: іх перш-наперш уразіў знешні бок таго, што здарылася, — і тое, што Вінцэнт здолеў саліраваць на працягу ці не гадзіны без перапынку, і тое, як ён паступова завёўся і потым шалеў, нічога не бачачы, і нават тое, што ўся ягоная музыка, напэўна, так і засталася для іх незразумелай. Чырык моўчкі сядзеў на падаконніку, апусціўшы галаву на калені, Валяй узняўся на ногі і на ўсе грудзі зацягваўся цыгарэтным дымам, не стрымліваючы дрыжанне ва ўсім целе, а Цэцэ, сціснуўшы кулакі, біў імі ў сценку і як заведзены паўтараў: “Жывёла, бляха, здзічэлая жывёліна!”

І ніводзін з іх, даю слова, нават не задумваўся ні на хвіліну, што Вінцэнт сказаў такі вельмі істотную рэч: ён і сапраўды іграў тое, што паўсюдна будуць іграць многія музыканты няхай сабе і не праз сто гадоў, але, безумоўна, і не заўтра. А што ягоная музыка была сапраўдным мастацтвам з будучыні, якое цяжка было зразумець сёння нават дасведчаным музыкантам, я не сумняваўся, таму што вельмі выразна адчуваў у ёй і жалезную ўнутраную логіку, і паслядоўнасць выкладання музычнага матэрыялу, дакладную ягоную распрацоўку, развіццё тэмы і абумоўленасць тых альбо іншых прыёмаў гуказдабывання, тэмбраў, рытмічнай структуры, гарманічных пераходаў. Але найбольш мяне пераконвала тое, што Вінцэнт час ад часу прыкметна памыляўся, ягоныя імправізацыі, бывала, заходзілі ў тупік, у сляпы завулак, і тады, каб выбіцца зноў на шырокі шлях вольнага музыкавання, ён быў вымушаны літаральна крышыць муры, рушыць усё тое, што ён так ашчадна будаваў і што яму цяпер замінала. Менавіта такія эпізоды больш за ўсё і ўздзейнічалі на маіх калегаў. Ды я сам успрымаў бы ўсе выкрунтасы Вінцэнта як чыстай вады выбрыкі недалёкага чалавека, калі б не ведаў ягоную нештодзённую логіку музыканта, неверагодна моцны характар, для якога не існавалі нейкія невырашальныя праблемы ў імправізаванні. Я шмат дзён быў побач з ім, каб сцвярджаць: ён сёння ўсё рабіў звышасэнсавана і свядома. Я даўно ўжо зразумеў, што ва ўсіх ягоных учынках маецца свой сэнс, зразумелы хутчэй за ўсё аднаму яму, і ён часам настолькі перакананы ў сабе, што і думаць не думае пра тое, каб не падацца каму-небудзь смешным ці хоць бы недарэчным. Ён проста жыве, а не прыстасоўваецца да рэчаіснасці, як тое робяць іншыя. І ў тым ягоны галоўны плюс. І калі б мае калегі пазбыліся сваёй спрадвечнай звычкі на кожным кроку азірацца назад ды раўняць сябе па іншых, іх магчымасцях і здабытках, калі б яны хоць час ад часу нават спрабавалі зазірнуць у заўтра, яны б тады зайгралі так, што ўвесь свет стоячы вітаў бы кожную п’есу ў іх выкананні...

Добра яшчэ тое, што сёння ў “Зорцы” быў для нас запланаваны выхадны. Я пайшоў дадому пешшу, на поўныя грудзі дыхаў густым гарадскім паветрам, поўным цяжкіх, пераспелых пахаў. Цямнела неяк вельмі ж спакваля, асцярожна, і я, ачмурэлы ад працяглай работы ў студыі, не зважаў на пошум машын, вісклівыя галасы людзей. Я крочыў па вуліцы і зайздросціў Вінцэнту, таму што выдатна разумеў: сыграць так, як ён, я быў няздольны.

Дзверы ў маю кватэру былі незачыненыя. Цішыня ахутвала кватэру, і мне раптам зрабілася млосна: калі сюды наведаўся нехта чужы, дык многія дарагія мне хатнія рэчы, напэўна, зажывуць асобным ад мяне жыццём. Але з пакоя да мяне даляцеў магутны, сакавіты храп. Я адразу ж супакоіўся і за хатнія рэчы, і за сябе, і за Вінцэнта.

Карціна была годная пэндзля адмысловага мастака-баталіста. Вінцэнт ляжаў на спіне, шырока раскінуўшыся па ўсім ложку. Расшпіленая да пупа кашуля, ваенныя штаны маскіровачнай афарбоўкі ды грубыя чаравікі, якія ён нават і не падумаў скінуць, перш чым плюхнуцца на мой ложак. Галубіца Жужа сядзела ў ягоных нагах і, здавалася, не дыхала, ахоўвала заслужаны адпачынак свайго асілка. Вінцэнт і сапраўды выглядаў як стомлены зацятым паядынкам волат, асабліва калі ўлічыць напаўпустую пляшку “Сталічнай” ды талерку з салам, што стаялі на падлозе каля ложка. Але я быў упэўнены: гэтая бутэлька — не першая. На першай ён у такіх сітуацыях не спыняўся.

— Можна, я тут з ім застануся? — жаласна запытала мяне Жужа.

Якая выхаваная, глядзі ты на яе! Нібыта і не ведае, што яе адсюль цяпер хіба што на трактары выцягнеш. А дзе ж я вазьму яго позна ўвечары, той трактар?

Вінцэнт зноў гучна захроп, і Жужа ў той жа момант схапіла яго за нагу, злёгку тузанула яе. Храп адразу ж абарваўся. Сапега адкрыў рот, аблізаў вусны і так застаўся ляжаць, ашчэрыўшыся. Рэзкі пах гарэлкі ўдарыў мне ў нос.

— Ты б хоць ягоныя гаўнадавы зняла, — сказаў я Жужы. — Усё ж у ложку знаходзіцца, а не ў хляве...

— Я тут усё-ўсё прыбяру, Браніслаўчык, бялізну памыю, падлогу, зраблю ўсё чыста як у бальніцы, — хуценька затараторыла Жужа ў адказ. — Ты ж разумееш, Зуб, што яго нельга вось так пакідаць, аднаго, а сам ты не дасі рады з ім, тут жаночыя рукі патрэбныя, а хто лепш за мяне яго ведае, я ж Аленцы пра цябе толькі добрае заўсёды казала, вось і ты мне цяпер не адмаўляй...

— Ды рабіце вы што хочаце! — абарваў я Жужу і накіраваўся ў другі пакой.

Бач ты яе! Жужа мне быццам умовы паставіла. Аднак жа я вельмі не люблю, калі гарэлку праглынаюць такімі, як Вінцэнт, порцыямі. Тым больш — маю. У халадзільніку, напэўна, пуста ўжо. Таму я вярнуўся ў той пакой, моўчкі забраў бутэльку і на кухні зліў сабе ў чарку ўсё, што ў ёй заставалася. Мне крыху гарэлкі цяпер таксама не пашкодзіць...

Ранкам мяне пабудзіў тэлефонны званок. У гэты момант насценны гадзіннік якраз адбіваў восьмую.

— Зуб, спадзяюся, Сапега адшукаўся? — замест прывітання сказаў Маркіз.

— Куды ён падзенецца? — буркнуў я, шкадуючы, што Маркіз не знаходзіцца побач. Таму што ў мяне было вялікае жаданне запусціць чым-небудзь яму проста ў макаўку.

— Дзякаваць Богу! — павесялеў Маркіз. — Значыць, каб вы разам з ім былі сёння роўна за гадзіну да пачатку праграмы.

— Ага! — згадзіўся я. — Толькі спярша разбяжымся!

— Што? А ну дай мне Сапегу! — запатрабаваў Маркіз.

Можа, калі Маркіз не зразумеў мяне, Вінцэнт яму ўсё растлумачыць належным чынам?.. Я нічога не сказаў Маркізу, пайшоў у пакой, дзе ўчора пакінуў парачку галубкоў. Гняздо было пустое: скамечаная бялізна на ложку, перакуленае крэсла, недакуркі ў папяльнічцы, што стаяла на падлозе. Карацей, у пакоі быў поўны і выключны парадак, такі, якім яго разумее Жужа.

— Маркіз, мы будзем роўна за гадзіну да пачатку, — паабяцаў я, калі вярнуўся да тэлефона, і адразу ж паклаў тэлефонную трубку.

У сваю родную “Зорку” я прыйшоў не за гадзіну да пачатку праграмы, а за дзве. У нашым пакойчыку нікога яшчэ не было. Я паклаў на столік футарал з гітарай і спусціўся ўніз, да ўваходных дзвярэй, дзе стаяў шаноўны дзяжурны — Андрэй Захаравіч.

— Што піша заходняя прэса адносна нашых эканамічных перспектыў? — спытаў я, кіўнуўшы на замежную газету, якую Андрэй Захаравіч, як звычайна, трымаў на дзяжурстве пры сабе.

— Табе адно жартачкі, — адказаў Андрэй Захаравіч. — Але сам бачыш: розніца паміж меню рэстарана “Інтурыст” і паліцамі звычайнага гастранома сёння, згадзіся, дастаткова істотная.

— Не думаю, што нашых гасцей будуць калі-небудзь карміць кількаю ў таматным соўсе, — заўважыў я. — Гэтак яны зусім перастануць сюды прыязджаць.

— Ты хочаш сказаць, што для айчыннай публікі іграць нашым лабухам вялікага інтарэсу няма? — спытаў Андрэй Захаравіч.

— І гэта таксама, — згадзіўся я. — Таму што той, каго толькі рублі цікавяць, можа хоць сёння пераключыцца выключна на жмуроў. Не думаю, што ў хуткім часе ў гэтай галіне сервісу пачнуць разлічвацца валютай. У жмуровым сервісе і на якасць не дужа зважаюць, і рэпертуар строгі і пастаянны, і грошай значна больш.

— Значыць, цябе тут, акрамя грошай, яшчэ нешта трымае?

— Але! — зноў пагадзіўся я. — Можаш гэта, Андрэй Захаравіч, назваць прагай да высокага мастацтва.

— Скажы тады, Браніслаў, чаго ж вы да сябе Вінцэнта тады прыцягнулі? — працягваў выпытваць Андрэй Захаравіч. — Таксама дзеля высокага мастацтва? Ці дзеля зялёных паперак?

— Ну, зялёныя якраз не так часта бываюць, як хацелася б... — паправіў я. — Ведаеш, Андрэй Захаравіч... Мастацтва і грошы тут узаемазвязаныя такім чынам, што адно без аднаго траціць усялякі сэнс. Грошы...

Тут Андрэй Захаравіч раптам шпурнуў газету на падлогу і наблізіўся да мяне, паклаў руку на маё плячо.

— Ну што твае дохлыя грошы? Што яны? Чаму вы ўсе, лабухі, толькі аднаму богу і моліцеся?

— Час такі, — паспрабаваў я абараніцца.

— Вы — такія, а не час! — злосна адказаў Андрэй Захаравіч. — Ох, як вы прывыклі на час усё валіць! Вы ж самі павызначалі ўласныя рамкі, уласныя законы і правілы з тым, каб вам было зручна, выгадна, утульна. Іншыя законы, правілы вас толькі раздражняюць, і калі да вас, у кола лабухаў, трапляе чалавек з адметнымі поглядамі на тое, чым вы займаецеся штодня, вашая бражка зробіць усё, каб выпхнуць гэтага чалавека з вашага кола назаўсёды. І з Вінцэнтам, баюся, здарыцца тое ж самае!

— Ты не суроч, Андрэй Захаравіч! — запярэчыў я, хоць і адчуў, што выслухваць праўду я не вельмі люблю.

— Ды не сурочу я! — крыкнуў Андрэй Захаравіч. Дзяжурныя міліцыянеры натрэніравана азірнуліся на крык. — Проста я ведаю людзей крыху лепш за цябе, жыццё вывучыў не па падручніках, а на ўласнай хрыбеціне.

— Ну вось, цяпер, здаецца, самы момант, калі бацькі пачнуць вучыць дзяцей, як ім жыць, — адмахнуўся я.

— Вось што... — сказаў Андрэй Захаравіч. — Зараз мне падмена будзе, а ты тым часам вазьмі ў кавярні гарбаты з якім бутэрбродам. Сёе-тое я павінен усё ж табе растлумачыць...

У такі час у кавярні было нешматлюдна. Я ўзяў сабе каву і сто грамаў “Чынзана”, Андрэю Захаравічу — шклянку моцнай цэйлонскай гарбаты і самы дарагі бутэрброд з каўбасой.

Ён прыйшоў хвілінаў праз пяць, моўчкі прысеў побач і пачаў круціць у руках гарачую шклянку.

— Ты, Браніслаў, напэўна чуў, дзе я быў пасля вайны і чым займаўся, — нарэшце сказаў ён.

— Так, нешта ў самых агульных рысах, — прызнаўся я. — Недзе на Поўначы ці дзе яшчэ ты нібыта сцярог зэкаў у лагеры...

— Зэкаў, так, але зэкаў няпростых. Палітычных, скрозь — пяцьдзесят восьмы артыкул. Людзі ў лагер траплялі самыя розныя. Найбольш разбэшчаны розум не здолеў бы сабраць на невялічкім кавалку зямлі, на Калыме, такую неверагодную мешаніну лёсаў і біяграфій.

— Газетны стыль, — адзначыў я. — Ты столькі газет начытаўся, што і сам цяпер як газета гаворыш. А я такое ўжо колькі разоў чытаў!

— Дапускаю, — неяк абыякава адказаў Андрэй Захаравіч. — Але калі б хоць адзін тыдзень ты сам пабываў у маёй скуры, дык, напэўна, цяпер казаў бы нешта зусім іншае.

Я хацеў яшчэ нешта запярэчыць, ды Андрэй Захаравіч упэўнена прыціснуў маю руку да стала.

— Ты лепш паслухай, што я табе раскажу...

ЛЕГЕНДА ПРА ДЖАЗМЕНА, ЯКІ АДТРУБІЎ УЛАСНЫ ЛЁС ДА КАНЦА

У нашым лагеры было каля тысячы чалавек, спачатку — выключна палітычныя. Сам разумееш, сярод зэкаў трапляліся самыя розныя людзі. І я выдатна разумеў, што так званых ворагаў народа сярод іх практычна не было. Разумеў я гэта, відаць, таму, што ў органы быў запрошаны не з сялянскага асяроддзя, як большасць маіх аднагодкаў, а ўжо пасля таго, як правучыўся ў інстытуце. Нешта, прынамсі, меў самастойнае ў галаве, хоць ваенная рамантыка пераважала ўсё. Мяне прызвалі ў армію пасля трэцяга курса і маіх настойлівых просьбаў, неўзабаве накіравалі на паскораныя спецыяльныя курсы НКУС. А потым ужо прызначылі ў службу аховы, і такім чынам праз некалькі гадоў па загадзе я і ўзначаліў адзін з лагераў пад Магаданам.

Аднойчы сярод навічкоў, што прыгналі з чарговым этапам, я заўважыў зэка, які сярод іншых вылучаўся сваім узростам. Было яму ўсяго семнаццаць гадочкаў, а праходзіў ён між тым па трох падпунктах пяцьдзесят восьмага артыкула. Сам сабе я адразу ж адзначыў: гэты — не жылец. Сёй-той вопыт у мяне ўжо быў, а тут — у суме трыццаць пяць гадоў агульнага тэрміну... Мне і сапраўды было добра вядома: у такіх лютых умовах многім хапала і трох гадоў, года нават, каб назаўсёды знікнуць з твару зямлі. Ды што гадоў!.. Месяцаў часам, тыдняў... Ды найбольш мяне зацікавіў не ўзрост зэка, не тэрмін ягонага зняволення: ён быў немец, такі пародзісты немец з гучным баронскім прозвішчам. Вілька — гэтак яго клікалі ў бараку, і ён заўсёды радасна адгукаўся: “Я, я!” Імя ягонае было Вільгельм, і быў ён сам нейкі безабаронны, адкрыты. Вось чаму я і падумаў: не, тут яму ніяк не выжыць.

Разам з тым неяк падсвядома мяне пацягнула да маладога немца. Чаму — не ведаю. Магчыма, таму, што быў ён не нашмат маладзейшы за мяне. Магчыма, і таму, што прыцягвала спецыяльная адзнака ў ягонай асабовай справе. Дванаццацігадовым хлопчыкам ён, сукін сын, уступіў у фольксштурм, за нейкія тры месяца здолеў падпаліць фаустпатронамі некалькі нашых танкаў і атрымаць пры гэтым дзве нашыўкі за раненні. Мне між тым вайна, дзеля якой я па ўласным жаданні кінуў інстытут, толькі ў снах і бачылася. А тут — нейкі смаркач, худасочны фрыц, але ж, як ні круці, — герой, ардэнаносец!

Карацей кажучы, я ўзяў над ім своеасаблівае апякунства. Спачатку выклікаў да сябе, пагутарыў, параспытаў пра сёе-тое, папрасіў расказаць, як жа ён здолеў у дванаццаць гадоў “Жалезны крыж” атрымаць. І хутка пераканаўся: ды не які ён не вораг, а проста звычайная дурніца, ахвяра абставін, гэтага прыдуркаватага фюрэра, які дзеля ўласных ідэй гатовы быў паслаць на бойню ўсю сваю краіну разам з дзецьмі. І вось тады, можа, упершыню я і сам задумаўся над тым, што ж адбываецца ва ўласнай краіне. На маё разуменне, гэтага Вільку трэба было добра адпрасаваць папругай і здаць у рукі бацькам, але трыццаць пяць гадоў... За што? Ты вось, Зуб, калі б апынуўся на ягоным месцы, хіба не страляў бы, не пуляў фаусты? А куды б ты падзеўся? Час быў такі, сам жа кажаш, а піянеры-героі, як пазней высветлілася, былі не толькі ў нас, але і ў немцаў таксама. Толькі нашых у нас лічылі героямі, а немцаў — сам ведаеш кім.

Вось чаму я, начальнік зоны, вырашыў зрабіць усё, каб дапамагчы гэтаму хлопцу. Я шмат чым рызыкаваў: можаш уявіць сабе, што такое — тайныя ўрокі нямецкай мовы ў лагеры з палітычнымі вязьнямі. Асабліва калі выкладчыкам выступаў зняволены. Ды я пайшоў на гэта. Вілька добрасумленна тлумачыў мне законы нямецкай мовы, але ў такія хвіліны я быў за яго спакойны: ён знаходзіўся асобна ад блатных, якіх неўзабаве падкінулі ў лагер, быў у цяпле, атрымліваючы пры гэтым дадатковую пайку. Я мог яе сабе дазволіць, таму што ў сваёй зоне быў усё ж маленькім царком. А настаўнік з Вількі атрымаўся добры: дзякуючы яму, я і цяпер досыць свабодна чытаю па-нямецку, ды і ў французскай мове нешта разумею, самастойна дайшоў. Урокі былі карысныя і для яго самога: здольны да моў Вілька, які няблага ўжо лапатаў па-руску, значна пашырыў свой слоўны запас.

Ды аднойчы мне паведамілі: некалькі палітычных зэкаў пажадалі арганізаваць у лагеры аркестр. Мне што: дастаткова было сказаць : “Не!” — і скончана песня! Але калі ў суседняй зоне дзейнічаў хор, дык хіба я быў горшым начальнікам? Я сказаў: “Так”. Дзве гадзіны штовечар пасля работы зэкі мелі час на ўласныя справы. Чаму б некаторым з іх, хто мае здольнасці, не пайграць для іншых? Да таго ж у лагеры знаходзілася шмат інтэлігентаў, для якіх музыка не была пустым гукам. Я падумаў так: аркестр у зоне — такая рэч, з дапамогай якой можна было даволі ўпэўнена трымаць у руках увесь кантынгент зняволеных. Вось чаму я і дазволіў збіраць аркестр. Да Масквы ж было далёка! Пакуль туды дойдзе ліст ад мяне з просьбай дазволіць, пакуль адтуль прыйдзе адказ на мой запыт... Ды яшчэ хто ведае, як адрэагуе вышэйшае начальства. Тут, у лагеры, многія за такі час змоўкнуць назаўсёды. А так — няхай іграюць сабе! Абы не рэзалі блатныя палітычных ні за што ні пра што...

Аркестр сабраўся неверагодны! У ім былі два кларнеты, адзін саксафон, флейта, дзве скрыпкі, гармонік і труба. Кіраваў аркестрам нейкі Вінаградаў, па дакументах — антысаветчык, арганізатар падпольнай шпіёнскай групы. А па жыцці — прафесар кансерваторыі, піяніст. Я ім даў месяц тэрміну, і праз месяц аркестр паказаў праграму на сорак хвілін, ды Вінаградаў паскардзіўся мне, што без фартэпіяна і кантрабаса аркестр прыстойна гучаць не можа.

Зуб, ты мне не паверыш, але праз нейкі месяц я меў і тое, і другое. Я ўсё зрабіў элементарна: выклікаў да сябе пару зэкаў з ліку тых, што кіравалі ў зоне, і папулярна растлумачыў сітуацыю. Тыя скалацілі брыгаду, якая хутка паставіла ў пасёлку два вялікія баракі. Старшыня пасялковага савета спісаў клубнае фартэпіяна і ў якасці аплаты набыў у Магадане кантрабас. Тады мой аркестр загучаў!..

Я хутка адчуў, што Вілька пачаў разрывацца паміж маімі ўрокамі нямецкай мовы і рэпетыцыямі аркестра. Ягоным суседам па нарах быў трубач з аркестра Берлінскай камендатуры. Ён да нас прыбыў менавіта адтуль, з Берліна: атрымаў дзесяць гадоў за тое, што даў у лыч нейкаму штабісту, які п’яны накінуўся на немку. Дык вось, той трубач пачаў амаль штовечар паказваць Вільку, як іграць. Я мог яшчэ цішком дапамагчы аднаму, двум зэкам, аркестру, але ж не ўсяму лагеру! Трубач з Берліна згараў літаральна на вачах: ён схуднеў, пачаў працягла кашляць, у яго павыпадалі амаль усе пярэднія зубы. А што такое трубач без зубоў?! Апошнія свае дні ён хіба што на пальцах паказваў Вільку, як трэба іграць на трубе. Пахавалі яго як усіх: у вялікай яме, куды дзень па дні скочвалі задубянелыя трупы, толькі збольшага прысыпаючы іх мерзлым грунтам ды снегам. А па вясне яны і самі правальваліся некуды ўніз, у глыб зямлі-матухны. Асабовыя справы, згодна з загадам, мы палілі ў печы. Вось чаму ніхто і ніколі не даведаецца, колькі ж тысяч людзей праваліліся пад зямлю толькі пад адным Магаданам...

У зоне ўсталяваліся свае няпісаныя парадкі. Згодна з адным правілам інструмент таго памерлага трубача перайшоў да Вількі. Не ведаю, можа, немцы, як і яўрэі, усе прыроджаныя музыканты, але за нейкія два гады Вілька, пачаўшы з нуля, вырас у дастаткова спраўнага музыканта. Яму не трэба было двойчы паўтараць мелодыю: ён запамінаў яе адразу і гэтак жа хутка вызначаў партыі ўсіх інструментаў. Нават той прафесар кансерваторыі быў ад яго ў захапленні і толькі час ад часу падказваў Вільку тое, чаго ён проста не мог ведаць. І неўзабаве саматужны лагерны аркестрык зайграў як належыць. Блатныя і тыя пачалі шанаваць музыкантаў, часам падкормлівалі іх далікатэсамі, якія вычышчалі з пасылак, што неяк дабіраліся да зоны.

Кожную суботу ўвечары проста ў бараку адбываўся вялікі канцэрт, на якім выконвалася самая розная музыка. Па некалькі разоў гучалі “Ванінскі порт”, “Мурка”, у якой саліраваў адзін з блатных з прыгожым барытонам. Пра яго прафесар кансерваторыі з павагай казаў: “Гэты вакаліст — самародак!” Вакаліст... У яго быў чацвёрты ўжо заход у зону. А вось пасля абавязковай часткі спецыяльна для ўркаганаў пачыналіся танцы, і першай п’есай заўсёды гучала “Пырскі шампанскага”. Вось калі на першы план выходзіў Вілька-трубач. Іграў ён адмыслова, лёгка і без напружання, нібыта нарадзіўся з той трубой. Ягоны рэпертуар быў надзвычай разнастайны: гучалі і мелодыі савецкіх песень, і нейкія народныя нямецкія мелодыі, і нават джаз. Што да джаза, дык гэтыя п’есы развучваліся дзякуючы саксафаністу з Ленінграда, якога, як ён мне сам сказаў, забралі непасрэдна пасля канцэрта разам з фракам і саксафонам. У тым фраку ён і выходзіў кожную суботу перад натоўпам у шэрых ватоўках так, нібыта перад ім была зала, поўная інтэлігенцыі ў вячэрніх строях.

Я не ведаю ўсіх тых п’ес, у якіх саліраваў Вілька. Разам з ім ігралі кларнетыст, саксафаніст, піяніст-прафесар і кантрабасіст, зрэдку — цыган-скрыпач. Замест барабанаў ужываліся дзве рознай велічыні металічныя бочачкі ды — замест талерак — раскляпаная кувалдай медзяная пласціна, умураваная на арматуры ў кавалак бетону. Але тое, што з усяго гэтага атрымлівалася, было сапраўдным джазам. Я гэта разумеў выдатна, таму што меў дома прыёмнік, якім лёгка “лавіліся” розныя замежныя станцыі, больш за ўсё — японскія. Менавіта тады, калі ў бараку гучаў джаз, там можна было назіраць неверагодную карціну: танцы зэкаў. Паміж нарамі тупалі шэрыя пары ў ватоўках і вушанках, і рэдка ў каго можна было заўважыць на твары ўсмешку. Такіх сур’ёзных, засяроджаных твараў мужчын мне, бадай, ніколі больш не даводзілася бачыць.

Нягледзячы на маладосць, Вілька выдатна вырашаў усе пытанні, звязаныя з дзейнасцю аркестра, вядомасць якога хутка выйшла па-за калючы дрот зоны. Мусіць, дзякуючы толькі сваім маладым гадам ён паспяваў зрабіць усё, і неўзабаве, сустракаючы маіх калегаў, якія кіравалі іншымі зонамі, я пачаў чуць ад іх самыя нечаканыя пытанні і нават просьбы адносна выступленняў майго аркестра ў іншых лагерах.

Сітуацыя была фантастычная! Людзі, асуджаныя літаральна на смерць, трымаліся за свой аркестрык, як за апошнюю саломінку. У мясцінах з лютымі маразамі, шалёнымі вятрамі яны былі гатовыя аддаць усё, каб толькі іх не разлучылі з музыкай. І музыка лунала над гэтай белай пустыняй з рэдкімі аазісамі, забранымі ў калючы дрот, гучала ў выкананні музыкантаў, многіх з якіх марылі ўбачыць лепшыя канцэртныя залы свету! І калі мой розум нейкім чынам яшчэ ўсведамляе рэальнасць бачаных некалі баракаў, змерзлых людзей, завеяў на тыдзень і завыванне ветру, дык музыканты ў брызентавых рукавіцах, абрэзаных напалову, каб можна было іграць, “Пырскі шампанскага” паміж нараў, фрак і гальштук-матылёк і сёння здаюцца мне недарэчным злосным жартам...

Яшчэ больш уразіла ўсіх з’яўленне ў маім лагеры сапраўднага аркестра з Магадана. У ім ігралі самі тузы, віртуозы, многім з якіх яшчэ нядаўна апладзіравалі ў шыкоўных залах і рэстаранах Еўропы. Кіраваў аркестрам сам Эдзі Рознер — трубач, адно імя якога ў саракавыя гады гарантавала арганізатарам канцэртаў нябачныя аншлагі і ўстойлівы галаўны боль. Усе музыканты з аркестра Рознера таксама былі зэкі, адно толькі што працавалі ў Магаданскім тэатры ў якасці своеасаблівых прыгонных, затое мелі магчымасць з ласкі начальніка акругі ездзіць па лагерах з канцэртамі.

Рэдка хто мог быць сведкам такіх канцэртаў! Трубачы з аркестра Рознера паселі на другім ярусе нараў, знізу, проста пад імі, уладкаваліся трамбаністы, а на лаўках наперадзе — саксафаністы. Барабаншчык і кантрабасіст падсунуліся да “буржуйкі”, што стаяла поруч з фартэпіяна. Ад перападаў тэмпературы яно адчувальна фальшывіла, ды такі нялад мала хваляваў слухачоў, якія былі ўражаныя бліскучымі інструментамі і белымі касцюмамі музыкантаў. Усе яны — выканаўцы і слухачы — былі зняволеныя, ды паміж белымі касцюмамі і шэрымі ватоўкамі пралягала нябачная, але затое вельмі адчувальная мяжа, перайсці якую мог дапамагчы толькі шчаслівы выпадак. На касцюмах музыкантаў не было і пяцізначных нумароў, Рознер і ягоныя людзі былі амаль свабодныя. Мусіць, нават больш свабодныя за свае інструменты, пазначаныя чырвонымі інвентарнымі лічбамі.

Канешне, у параўнанні з аркестрам Рознера наш аркестрык гучаў як дрымучая самадзейнасць. Перад намі выступілі вывучаныя віртуозы, многіх з якіх цяпер можна пачуць з архіўных пласцінак. Яны працавалі па-сапраўднаму, нягледзячы на холад і задубянелыя пальцы, ігралі зладжана, як адзін, падпарадкоўваючыся стрыманым жэстам Рознера, чые сола на трубе і цяпер гучаць у маіх вушах. А калі наперамену перад аркестрам выходзілі салісты, музыканты ігралі напаўсілы, далікатна даючы магчымасць паказацца цудоўным галасам спевакоў. І пасля кожнага нумара праграмы вязні ад шчасця раўлі так, нібыта ім зачыталі ўказ аб амністыі. Не шкадавалі далоняў ні палітычныя, ні вольныя ад дзяжурства вартавыя.

Эдзі Рознер скончыў канцэрт выкананнем “Каравана”, апошнія гукі якога патанулі ва ўзбуджаных галасах зняволеных, якія настойліва дамагаліся працягу канцэрта. Узмакрэлы барабаншчык выцер чыстай — белай! — насоўкай твар, а Эдзі Рознер між тым пацікавіўся, ці ёсць сярод прысутных музыканты. Адзін з блатных ускочыў з лаўкі і выцягнуў з натоўпу маленькага Вільку, сказаўшы: “Ану, пакажы гэтым, як у нас могуць!” Вілька тады пашаптаўся з музыкантамі аркестра, піяніст зайграў тэму (я зараз памятаю — “Сядай у поезд “А”), барабаншчык акрэсліў рытм, і тады Вілька пачаў саліраваць. Іграў ён добра нават па самых строгіх мерках. Рознер не вытрымаў: ён дастаў з чамаданчыка ўжо схаваную трубу, і яны, змяняючы адзін аднаго, пачалі абыгрываць тэму ўдвух, і скончылі гэты, бадай, адзіны ў гісторыі джаза паўночны сэйшан працяглай віртуознай кадэнцыяй для двух інструментаў.

Ведаеш, Браніслаў, ты зноў можаш згадаць нейкія газетныя штампы, але і мне зрабілася ніякавата, калі зняволены яўрэй Адольф Рознер схапіў у абдымкі і расцалаваў зняволенага немца Вільгельма Франца фон Драймлера. Менавіта тады я адчуў, што такое ёсць братэрства музыкантаў вышэйшага класа. І яшчэ я тады зразумеў, што неўзабаве мушу развітацца з Вількам.

Музыканты Эдзі Рознера склалі свае інструменты, лейтэнант з аддзялення суправаджэння ляніва зрабіў пераклічку, белыя касцюмы аднеслі ў пакой аховы, а самі аркестранты ў звыклых ватоўках без нумароў строем пакрочылі ў лазню. У лазні стаяла пячурка, на падлозе былі пасцеленыя старыя матрацы. Усё, што я мог зрабіць для музыкантаў Рознера, — па талерачцы абедзеннай зацірушкі з вялікім кавалкам хлеба ды салому, якую раскідалі паверх матрацаў. У сваёй зоне я на самой справе быў маленькім царком, але зусім не чарадзеем...

Праз два тыдні я атрымаў загад перавесці майго Вільку ў Магадан. Развіталіся мы стрымана, хоць кожнаму з нас было што сказаць у хвіліны развітання. Адно, бадай, падумалі мы адначасова, што больш ніколі не ўбачымся.

Мы абодва памыліліся.

Два гады назад сярод арбацкай таўкатні ў нервовым пошуме гэтай пацёмкінскай вольнай вуліцы я раптам пачуў голас трубы. Нездарма ж кажуць, што інструмент кожнага выдатнага музыканта мае ўласнае, адметнае і непаўторнае гучанне. Гучанне гэтай трубы я мог бы вылучыць сярод соцень іншых труб. Таму што так мог іграць толькі адзін чалавек — Вілька.

Сапраўды, гэта быў ён. Вілька змяніўся непазнавальна, і калі б мы сутыкнуліся з ім у натоўпе нос да носа, я яго ніколі б не пазнаў. Ды амаль праз сорак гадоў я затое пазнаў ягоную трубу.

Мы доўга сядзелі ў нейкай ціхай і дарагой кавярні там жа, на Арбаце, нячутны афіцыянт час ад часу падносіў нам чарговыя пяцьдзесят грамаў гарэлкі, і былы палітычны вязень, былы нямецкі барон Вілька расказваў мне гісторыю свайго жыцця за апошнія дзесяцігоддзі.

У аркестры Эдзі Рознера ён выступаў амаль паўтара года. Аж да таго часу, пакуль у жніўні 1953 года Рознер і большасць ягоных музыкантаў не атрымалі па амністыі вольную. Эдзі Рознер паехаў з Магадана і пакінуў Вільку на памяць муштук ад сваёй паднябёснай трубы. Музыканты выдатна разумеюць, чаго варты такі жэст...

Пасля таго як знакаміты аркестр перастаў існаваць, Вільку вярнулі ў зону, дзе, праўда, яму зноў дазволілі ў вольны ад работы час займацца музыкай. Ды Вільку перастала шанцаваць. Неяк уначы пасля таго, як лагерная ахова добра адзначыла Дзень Савецкай Арміі, у адным з баракаў пачалася бойка: нешта не падзялілі паміж сабой блатныя. Праз колькі хвілін акрываўлены натоўп вываліўся на вуліцу, бойка ахапіла і іншыя баракі, і неўзабаве ўжо немагчыма было зразумець, хто б’ецца з кім і з якой прычыны. У нейкім ачмурэнні вязні разнеслі будынак сталоўкі, потым падпалілі лазарэт і павыдзіранымі дошкамі пачалі нішчыць калючы дрот. І ахове нічога не засталося, як пусціць у справу зброю. Супраць натоўпу кулямёты Дзегцярова — важкі аргумент. А калі ён падмацаваны яшчэ спіртам? Азвярэласць вязняў лёгка перакінулася на ахову, і тады ў зоне пачалося пабоішча, калі ўжо ніхто нікога ні пра што не пытаў...

Я прачуў тады пра гэтае здарэнне і ведаў, што ўсяго было забіта больш за семсот зняволеных ды каля дзесяці салдат аховы. Але за лёс свайго калегі — начальніка лагера я не вельмі хваляваўся. Тады на Магаданшчыне жыццё чалавека, асабліва — асуджанага, нічога не каштавала. Семсот жыццяў разам начальніку лагера каштавалі адно паніжэння ў званні на зорачку — і ўсё!

Куля адшукала і Вільку, якога з прабітай рукой цудам заўважылі жывога ранкам сярод трупаў. Ён выжыў і гэтым разам, адбыўшы пазней у лагерах амаль усе прысуджаныя яму трыццаць пять гадоў! Ды пасля яшчэ сем на пасяленні, як талісман, збярогшы той муштук ад трубы, на якой іграў сам Эдзі Рознер. Трубу ж разам з даведкай аб вызваленні ў Вількі ўкралі ў агульным вагоне, калі ён праз усю краіну дабіраўся ў некалі родны яму Кёнігсберг.

Ніхто, зразумела, барона там не чакаў. Дакументаў у Вількі — ніякіх, жылля няма, сваякоў ды знаёмцаў павыбіваў час. Ну хто мог памятаць цяпер у савецкім горадзе Калінінградзе пра героя фольксштурму, маленькага барончыка, які згінуў без слядоў у самым канцы вайны?

Падаўся тады Вілька ў Маскву, начаваў на вакзалах, зарабляў дзе мог грошы, аж пакуль з нейкай паянай-перапаянай трубой не ўціснуўся ў сур’ёзную каманду лабухаў, што дапамагала ўрачыста выпраўляць у апошні шлях нябожчыкаў. Працуючы са жмуровым рэпертуарам, ён праз пэўны час зарабіў і на касцюм, і на прыстойны інструмент. Муштук Эдзі Рознера вельмі дапамагаў яму, чалавеку без пашпарта і грамадзянства, без жылля і пастаяннага занятку.

Праз некаторы час Вільку выдатна ведалі ўжо не толькі на Арбаце, дзе ён выступаў з гэткімі ж самымі небаракамі, “завязаўшы” са жмурамі, але і ва ўсёй Маскве. Ён нават запісаўся на радыё, і час ад часу ў сваім адзіным прыстойным касцюме Вілька выходзіў з трубою ў руцэ на залітыя святлом сцэны, удзельнічаў у канцэртах, джаз-фестывалях, сэйшанах. Яму падносілі кветкі, яму прастаўлялі каньяк, а мой Вілька тым часам не ведаў, на які вакзал падацца начаваць...

Памятаеш, Браніслаў, нядаўна ў Маскву прыязджаў сам Дызі Гілеспі? Дык вось, першым ягоным жаданнем на рускай зямлі было пабачыць Вілі “Фурлята” — менавіта пад гэткім імем ведалі майго Вільку за мяжой. З дапамогай міліцыі і Міністэрства культуры Вільку шукалі некалькі дзён, аж пакуль не знайшлі яго на бальнічным ложку. Гілеспі ўварваўся ў бальніцу апоўначы, пасля свайго апошняга канцэрта і за дзве гадзіны да самалёта. Ён усяго і паспеў зрабіць: расцалаваў Вільку, які нічога не разумеў, убачыўшы шалёнага тоўстага негра, выставіў на тумбачку перад ложкам з паўтузіна шампанскага, падарыў Вільку муштук ад уласнай трубы і пабег у бок сваёй Амерыкі, сунуўшы ў рукі збялелага дзяжурнага ўрача соценную доларавую паперку на лекі для Вількі.

Вільку выкінулі з бальніцы праз дзень...

Ён і цяпер, здаецца, жывы. Яго часта можна пачуць на Арбаце. Зразумела, і ўзрост ужо не той, і з дыханнем пэўныя праблемы, таму ягоная труба спявае ўжо зусім не так ярка і выразна, як раней. Але ж спявае, халера яе бяры! І не патрабуе гэтая труба ні грошай вялікіх, ні рэстараннага чаду, ні вашага заўсёднага імкнення быць наперадзе ўсіх, абставіць любым способам і пакінуць ззаду, няхай дзеля гэтага трэба будзе масціць шлях па касцях іншых людзей, уласных сяброў.

Такія, як Вілька ды Сапега, здольныя заўсёды выбраць уласны шлях... І спыніць іх бывае вельмі няпроста.

б/ But Not For Me (“Не для мяне”). Джордж Гершвін

— Андрэй Захаравіч! — сказаў я і адсунуў ад сябе пустую шклянку, якая яшчэ зберагала пах цудоўнага італьянскага віна. — Такі быў час, у якім вы жылі. А цяпер — час іншы, людзі іншыя, музыка зусім не такая, якая была раней. І вымяраць усё ў свеце, зачыніўшыся ва ўласнай званарні, наўрад ці разумна.

— Не зразумеў ты мяне, Браніслаў, — адказаў Андрэй Захаравіч, і я адчуў у ягоным голасе нейкі сум. — Я ж казаў табе пра тое, на што час няздольны паўплываць. Таму што толькі ад самога чалавека залежыць, кім ён будзе, як жыць стане, як адрэагуе на абставіны жыцця.

— Ну не! — запярэчыў я. — Калі б ваш Вілька, напрыклад, трапіў не да вас, а ў якую іншую зону, дык сёння б мы наўрад ці што пра яго ведалі. Каб не вы, ён хутка б пад зямлю пайшоў — і канец усім песням!

— Зусім ты мяне не зразумеў! — стаяў на сваім Андрэй Захаравіч. — Я казаў пра тое, што калі ваш Сапега захоча мець шмат грошай і жыць на шырокую нагу, ён усё гэта неўзабаве атрымае. Але — я ўпэўнены — яму на такое жыццё начхаць з высокай вежы. Для яго найбольш істотнае — музыка, нават ён сам, і такі здаровы эгаізм я асабіста гатовы толькі вітаць. А вось Маркіз — той сілком запіхвае яго ва ўласную зону, якую ён сам стварыў, сам акруціў калючым дротам ім жа напісаных правілаў і сам ахоўвае яе ад усіх непажаданых асоб. Ён хоча, каб усе жылі паводле створаных ім законаў. Але, Браніслаў, ты ж сам разумееш, што доўга так жыць немагчыма.

— Дысцыпліна павінна быць заўсёды і ва ўсім! — адбіваўся я.

— Не дысцыпліна, а разуменне неабходнасці таго, што трэба зрабіць! Дысцыпліна існуе як абавязковы элемент, але не ў музыцы, а ў войску, калі хочаш — у лагеры, зоне. У музыцы ты адно можаш пераканаць выканаўцу ў тым, што ягоная дапамога табе неабходная. А калі пачнеш загадваць яму — шукай тады больш паслухмяных!

— І менш здольных! — тут я пагадзіўся з Андрэем Захаравічам.

— Ну, нарэшце! — узрадаваўся ён. — Што, Цэцэ хіба класны барабаншчык? Ды кожны другі негр з нашага універсітэта праз дзень-другі замалоціць у барабаны лепш за яго. Але ён — чалавек паслухмяны, звяглівы, ды спраўны. Пачуўшы пах грошай, ён наогул шоўкавы робіцца. Вось якія музыкі Маркізу даспадобы. А з Вінцэнта ён нічога зручнага для сябе не злепіць. Не той матэрыял!

— Але Маркіз ведае, як зрабіць інтарэс, каб ні сябе, ні сваіх музыкантаў не пакрыўдзіць.

— Маркіз выйграе там, дзе ён сустракае чалавека, слабейшага за сябе. — Андрэй Захаравіч падняўся з-за стала. — А тады, калі ўсе на роўных, ён валодае здольнасцямі дамовіцца, не страціўшы, прынамсі, нічога свайго. Але вось тады, калі на ягоным шляху паўстае чалавек, мацнейшы за яго, ад Маркіза можна чакаць усяго. Запомні мае словы.

— Вінцэнт надзвычай патрэбны Маркізу, каб ён яго так проста кінуў, — запярэчыў я. — Вінцэнт — гэта жывыя грошы.

— А!.. — махнуў Андрэй Захаравіч. — Я табе пра адно, а вы ўсё на грошы пераводзіце. Няўжо, Браніслаў, і ты такі ж самы, як уся гэтая рэстаранная шушара?

Ён панура пасунуўся з кавярні, а я некаторы час яшчэ пасядзеў за столікам, і чым больш я думаў, тым больш схіляўся да таго, што далей працаваць з Вінцэнтам нам і сапраўды будзе вельмі складана. Канешне, джаз — гэта выключная справа. Ды ўвесь час іграць толькі джаз у вялікім кабаку немагчыма: публіка з такім рэпертуарам ніколі не пагодзіцца. Для ўласнага прэстыжу джаз — выдатная рэч, і тут на самай справе за Вінцэнта можна выкласці вялікія грошы. Ды для публікі, якая прыйшла выпіць, з шыкам гульнуць, прасадзіць вялікія грошы, патрэбная іншая музыка — простая, няхітрая, музыка, якая на слыху ва ўсіх і штодня. І калі тут Сапега будзе “прастойваць”, шанцаў утрымацца ў “Зорцы” ў нас значна паменее. Бо пастаянныя наведвальнікі пажадаюць чуць “раскручанага” Сапегу заўсёды, не зважаючы на характар музыкі. А Вінцэнт наўрад ці будзе шмат і ў ахвотку іграць папсу. Для яго такая музыка занадта простая. Папса — не ягоная стыхія перш за ўсё таму, што не ставіць перад ім як музыкантам складаных задач. І нават калі Маркіз захоча прымусіць Вінцэнта іграць папулярны рэпертуар, той сам пачне задаваць пытанні. І нічога добрага ў такой сітуацыі не будзе. Нікому!

Я пакрочыў у наш пакойчык і па дарозе ламаў галаву, як жа давесці Маркізу, каб ён пакуль не чапляўся да Вінцэнта, не прымушаў яго іграць чужую яму музыку. Зрабіць гэта было няпроста, бо там, дзе ўзнікае ўстойлівы пах грошай, стрымаць Маркіза амаль немагчыма. У гэтым сэнсе яму можна было толькі пазайздросціць.

У пакойчыку былі ўжо Валяй і Чырык.

— Што Сапега? — замест прывітання спытаў Валяй.

— А што Сапега? — Я зрабіў выгляд, нібыта не зразумеў, пра што ён гаворыць.

— Зуб, ён хоць жывы? — не спыняўся Валяй.

— У поўным парадку, — супакоіў я яго. — Але, мне думаецца, з пару дзён ён мусіць адпачнуць.

— З Жужай, га? — ажывіўся Чырык. — Дык такія адпачынкі варта было б наладзіць кожнаму з нас. З Жужай адпачываць і я згодны.

— Ты лепш звярніся ў прафсаюз, — параіў я. — Асабіста да ягонага старшыні, да Маркіза... Ён табе і пуцёўку выпіша, і працэдуры параіць адпаведныя, і лячэбную дапамогу аформіць...

— Гэты аформіць... — сур’ёзна сказаў Валяй. — Сюды ўжо залятаў Цэцэ, звягаў адносна таго, што, маўляў, некаторыя лабаюць мала, а атрымліваюць больш за ўсіх. Казаў нешта накшталт таго, што складзе Маркізу ультыматум.

— Як складзе, так і назад возьме, — супакоіў я Валяя. — Ты ж яго ведаеш! А вось адносна Вінцэнта... Тут, хлопцы, сітуацыя і сапраўды няпростая...

Не паспеў я выказаць і адзін з пунктаў майго плана працы ва ўмовах, якія склаліся пасля фантастычнага сола Вінцэнта Сапегі ў студыі радыё, як дзверы ў пакойчык адчыніліся і ў яго ўбег Маркіз. За ім праслізнуў Цэцэ з вінаватым выразам твару. “Гэты ўжо сваё атрымаў”, — падумаў я і зірнуў на Валяя. Той згодна кіўнуў, ледзь усміхнуўшыся.

— Зуб, я не разумею, дзе Сапега? Чаму яго няма на рабочым месцы?

Такую цікавую пастаноўку пытання адносна працоўнай дысцыпліны я ад Маркіза пачуў упершыню. Тым не менш крыху сумеўся.

— Ну, што тут сказаць... — пацягнуў я час, хоць і сапраўды не ведаў, як адказаць на такое ідыётскае пытанне аб прычынах адсутнасці лабуха на працоўным месцы.

— Ты сёння ранкам запэўніў мяне, што Сапега будзе тут своечасова, — не мог супакоіцца Маркіз. — А яго тым не менш няма! Дзе Сапега, кажы!

— Наогул, справа кіраўніка ансамбля ведаць, чаму ягоныя падначаленыя адсутнічаюць, — меланхалічна адзначыў Чырык. — Я, прынамсі, так думаю... Пры чым тут Зуб?

— Ды пры тым! — акрысіўся раптам Цэцэ. — Пры тым, што ён звёў Сапегу з гэтай шлюхай Жужай, якая прастаўляе гарэлку, абы толькі Сапега ўсё рабіў насуперак Маркізу. А Сапега тым часам штовечар заняты найбольш у пяці-шасці нумарах. Ха!.. Хацеў бы я так працаваць за ягоныя грошы!

— Цябе тут ніхто сілком не трымае, — адрэзаў Валяй. — Па мне, дык без цябе тут было б куды больш спакойна.

— Ціха ўсе! Пакуль што я вамі кірую!.. — узвіўся Маркіз.

— Тады заткні яму пашчу, а дай сказаць мне, шэф! — спыніў яго Валяй. Маркіз, на агульнае здзіўленне, замоўк.

— Я так разумею, Вінцэнт сёння іграць не будзе, — працягваў Валяй спакойным голасам, зірнуўшы на мяне. Я згодна кіўнуў. — Цяжка наогул казаць, калі ён будзе здольны выйсці да мікрафона. У сувязі з чым мы мусім паразважаць над тым, што будзем выконваць у бліжэйшы час у першай частцы праграмы. Таму і прапаную без крыкаў, віскаў годна выйсці з сітуацыі, якая склалася незалежна ад нас.

— Як спакойна?! — зароў Маркіз. — Сапега мусіць працаваць так, як яму загадаю я. Ён абавязаны іграць тое, што скажу я. Інакш быць не можа! І калі ён сёння сапраўды не з’явіцца, лічыце, што за гэты месяц ён атрымае мінус сто пяцьдзесят. Зуб, нагадай яму пра такі рахунак.

— Я б яшчэ нагадаў, колькі ты яму вінен за сэйшан, — як не пачуў я Маркіза. — Ды тыя грошы на тваім, Маркіз, сумленні. Таму я думаю, што ты выплаціш яму столькі, сколькі належыць. І вось чаму: Вінцэнт як ніхто сярод нас мае права вырашаць, колькі яму лабаць, што лабаць і колькі патрабаваць за сваю музыку. Па адной толькі прычыне: такі музыкант кожнага з нас лёгка заткне за пояс. Вы самі мелі магчымасць на днях у тым пераканацца. Да таго ж, Маркіз, згадай, які працэнт прыбыткаў перападае ўласна табе з той музыкі, якую выконвае Вінцэнт.

— Мне вельмі не падабаецца, як ты гаворыш, Зуб, — працадзіў скрозь зубы Маркіз.

— Ну ясна! — выслізнуў з-за ягонай спіны Цэцэ. — Усё ж ясна! Зуб выпіхвае Сапегу наперад сябе і элементарна набівае яму кошт. Гэта Сапега кожнага з нас за пояс заткне? Ага!.. Знайшоў генія на сметніку! Наконт таго, што ён прыстукнуты з дзяцінства, — спрачацца не буду. А што ён класны музыкант, — прабачце. Можа, ён у ложку з Жужай і вытварае цуды, паказвае вышэйшы клас. Дык ці не таму, што сам Зуб яму ліхтар трымае?..

Я думаю, што нахабнікаў час ад часу варта ставіць на месца, нагадваючы ім пра іх заганную рысу характару. Што я імгненна і з задавальненнем здзейсніў злева. Цэцэ грукнуўся патыліцай аб шафу і задуменна споўз на падлогу. Ды што такое для барабаншчыка пабітая сківіца? Для мяне, прынамсі, збітыя пальцы — рэч куды больш прыкрая. Мне на гітары іграць, а ўдарыў я хоць і моцна, ды не вельмі ўдала: абадраў скуру да крыві. Але Цэцэ, здаецца, зразумеў, што калі-нікалі карысна трымаць язык там, дзе яму самае лепшае месца, — за зубамі.

— Так, скончылі гамонку, — выблытаўся са складанага становішча Маркіз. — Сёння іграем без Сапегі. Як будзе заўтра — паглядзім. Але праз тыдзень Вінцэнт будзе мне неабходны: прыязджае салідная публіка. Мы павінны ёй паказаць, чаго вартыя. Раскрыю карты: нам свеціць праца за мяжой. Самі разумееце, што гэта такое, што мы можам узяць ад паездкі... Так што, Зуб, Сапега абавязаны быць гатовы на ўсе сто. Ёсць пытанні?

Якія тут могуць быць пытанні? Усе акцэнты на дзень сённяшні, здаецца, былі расстаўленыя.

Таму я ўзяў сваю гітару і пайшоў на сцэну настроіць інструмент. Мне трэба было пачынаць іграць не ў найлепшым гуморы. Да таго ж вельмі балелі пальцы левай рукі...

в/ That’s A Plenty (“Больш чым дастаткова”). Ліл Полак

У той вечар мы і сапраўды ігралі праз пень-калоду. Ды найбольш нервавала не музыка, а розныя знаёмыя і зусім не знаёмыя мне людзі, якія амаль пасля кожнай п’есы пыталі, калі выйдзе іграць Сапега. Мне прыносіла невыказнае задавальненне адсылаць іх да Маркіза. Той аддуваўся за нас усіх і тлумачыў адсутнасць Вінцэнта ягонай хваробай. У выніку атрымаўся адзін з тых рэдкіх дзён нашай працы ў “Зорцы”, калі мы не атрымалі ні капейчыны “хворых”. Мне здавалася, што па ўсёй зале было чуваць, як скрыгоча зубамі Цэцэ. Дзякаваць Богу, што ў яго засталося яшчэ чым скрыгатаць...

Хворага Вінцэнта я знайшоў там, дзе і разлічваў знайсці: у ложку. Зразумела, у маім ложку, у якім ён, зразумела, знаходзіўся не адзін. Жужа, мусіць, усё выразна прачытала на маім твары і — малайчына — адрэагавала адразу:

— Ну добра, Вінцэнцік, я хіба пайду. Зазірну заўтра.

— А лепш будзе праз тыдзень, — удакладніў я.

— Адвярніся, дай апрануцца, — ужо зусім суха сказала мне Жужа.

М-да, дажыўся... Упершыню, апранаючыся, яна загадала мне стаць да яе спінай...

Я прайшоў у другі пакой і ўзбіўся на канапу. Менш за ўсё мне цяпер хацелася весці нейкія размовы, нешта высвятляць, задаваць пытанні, выслухваць адказы, спрачацца. Ды я адчуваў, што без высвятлення некаторых нюансаў, складанасцей узаемаадносін не абысціся. Таму, як толькі за Жужай бразнулі ўваходныя дзверы, я закурыў і ўлез на канапу з нагамі, чакаючы з’яўлення майго субкватаранта.

Вялікі Сапега бачком праціснуўся ў пакой і асцярожна прысеў на край канапы. Ён выглядаў бадай на хлопчыка-пераростка, які з’явіўся да бацькі з дзённікам на сур’ёзны разбор “ранішніх палётаў”.

Я маўчаў.

— Ну, як яно? — нарэшце спытаў Сапега.

— Калі ты пра тое, дык яно так сабе ўсё неяк... — у тон яму адказаў я.

— Са мной часам здараецца такое, — вінавата сказаў ён. — Прабач.

— Часам — як часта, га? — зацікавіўся я. — Ты хоць бы папярэдзіў, што табе, каб правесці адзін вечар з дамай, патрабуецца не менш за літр гары. А то ў наступны раз не будзе яе, і ў вінаватых апынуся я.

— Не будзем пра Жужу. Яна — добрая.

— Згода, не будзем! — Я загасіў у папяльнічцы цыгарэту. — Давай тады пагаворым пра работу, калі такая тэма для цябе больш прыемная.

Сапега скрывіўся. Ды падзецца яму не было куды.

— Маркіз за сённяшні твой прагул вылічыў з цябе сто пяцьдзесят, — паведаміў я. Мне было вельмі цікава пабачыць ягоную рэакцыю.

— Ён стаў не вельмі добрым чалавекам, — абыякава адказаў Вінцэнт.

— Ты гэта даўно зразумеў?

— Мне здаецца, што ён бачыць мяне як рэч. А я — не такі, — цвёрда сказаў Вінцэнт. — Ён мяне гэтым крыўдзіць.

— А чаму тады ты не патрабуеш сваё, калі ўпэўнены, што ты не ануча пад ягоныя ногі, а сапраўдны музыкант?! — раззлаваўся я. — Урэшце, грукні кулаком па стале, а калі і кулак пра сваё не скажа, дык тады бі проста па кавуне! Маркіз вельмі шануе дыялогі на такім дыпламатычным узроўні.

— Па кавуне нельга, — сумеўся Вінцэнт і сціснуў пальцы ў кулакі. — Магу не разлічыць. Яшчэ прыб’ю раптам...

— Табе за Маркіза многія былі б вельмі ўдзячныя, магу запэўніць.

— Ды мне лепш з венікам на вуліцу, чым такое гаўно іграць, як ён прымушае! — ускінуўся Вінцэнт.

— Але ж! — згадзіўся я. — Годнай музыкі ва ўсёй паўсядзённай папсе і сапраўды няшмат. Ды ты, Вінцэнт, павінен засвоіць для сябе два моманты. Па-першае, ты працуеш не адзін, а ў калектыве. А калі больш дакладна, дык калектыў працуе на цябе з тым, каб мы ўсе атрымалі за зробленае добрыя грошы. Калі ж пастаянна ідуць добрыя грошы, неабходна на пэўны час забыць, каго ты любіш, а каго — не. Любоў у нашай прафесіі аплачваецца ў самую апошнюю чаргу. Па-другое, мы ўсе трапілі ў надзвычай цікавую сітуацыю, калі ў наш кабак пачалі прыходзіць некаторыя людзі, якія не імкнуцца шыкоўна пагуляць, напіцца ды ў інтымным святле памацаць калені чужых жанчын. Да нас пачалі прыходзіць людзі, якім важна паслухаць цябе, паслухаць, як ты іграеш, і ад таго яны атрымліваюць асалоду. Філя, праўда, не ўхваляе такіх кліентаў: прыбытак ад іх мізэрны. Але для гэтых людзей, павер, не так ужо істотна, што ты іграеш, — джаз там ці папулярную бязглуздзіцу. Яны гатовыя цябе проста слухаць пры ўмове, што ты іграеш чэсна. Ужо хоць бы дзеля тых людзей ты абавязаны працаваць без пропускаў.

— Маркіз на мне зарабляе, — сказаў Вінцэнт.

— Але, зарабляе, — згадзіўся я. — І не толькі ўласны аўтарытэт, які, дарэчы, набываеш штовечар і ты сам, працуючы ў такім прэстыжным кабаку. А Маркіз сапраўды робіць грошы на ўсім. Таксама, дарэчы, неблагая рыса характару, таму што нас неяк адвучылі змагацца за сябе і за ўласнае. Ды пры гэтым Маркіз дбае і пра сваіх людзей, пра тых, хто працуе разам з ім і на яго. Так што ён, зарабляючы на ўсіх нас, а не толькі на табе адным, адначасова вяртае нам тую частку грошай, якую нам дзяржава яўна недадае. Тых менавіта грошай, якіх мы без яго напэўна ніколі б не ўбачылі.

— Ён прымушае мяне іграць тое, ад чаго мяне ванітуе, — упарціўся Вінцэнт, але я яго тут жа асадзіў.

— А ты хочаш каралём стаяць па-над намі? Глядзі ты! Мы, маўляў, павінны выконваць абы-што, як тыя негры, а пасля гэтага ўсяго ў белым касцюме выходзіць шаноўны спадар Сапега і кладзе сваім саксам усіх на лапаткі. Выгадная ў цябе пазіцыя, што і казаць! Канешне, пасля такога з’яўлення можна патрабаваць сабе выключныя правы, але ўлічы: ты для нас — усяго толькі калега. Для публікі ты — няхай і суперзорка. Для нас жа — роўны сярод роўных. Таму кожны твой выбрык — не на тваю карысць. І мы нарэшце можам ад тых выбрыкаў стаміцца. Далей думай сам, што можа здарыцца.

— Дай гарэлкі! — раптам сказаў Вінцэнт.

— Ды рабі ты што хочаш! — ледзь стрымаўшыся, адказаў я і развёў рукамі. — Тут усё — тваё, усё для цябе створана. Хочаш піць — пі, я яшчэ прынясу, абы толькі табе было добра.

Мусіць, ён чакаў, што я зноў пушчуся на ўгаворы: не пі, хлопчык, не куры, слухайся маці... Хопіць!

— Я не магу працаваць, як вы. У мяне адзін дзень усё як па маслу коціць, а пяць другіх — няма музыкі, адны гукі.

Сапега так і не скрануўся з месца, застаўся сядзець на краі канапы, і я раптам зразумеў, што адна з найбольш выразных рысаў ягонага характару — лянота. Ён быў няздольны штовечар цалкам аддавацца музыцы таму толькі, што ленаваўся гэта рабіць, не мог нават цяпер падняцца з канапы і пайсці да халадзільніка, дзе стаяла жаданая гарэлка, таму што ён чакаў, што яму нехта прынясе поўную шклянку і бутэрбродзік з ікрой у дадатак. Дудкі, браце! Разварушыць цябе — мая задача, і я паспрабую зрабіць так, каб ты закруціўся ваўчком, хоць гэта і будзе мне каштаваць многага.

— Вінцэнт, адзін мой знаёмец, кіраўнік вялікага аркестра, неяк раскрыўся мне і прызнаўся, што ніколі не імкнецца да таго, каб у яго ігралі выключныя суперсалісты. І не таму, што яны патрабуюць для сябе нейкіх спецыяльных умоў і спецыяльных да сябе адносінаў, хоць усё гэта, безумоўна, мае істотнае значэнне. Проста ад неардынарных музыкантаў заўсёды можна чакаць і непрадказальных учынкаў. Гэта роўна, як сесці на міну з іржавым запалам. Вось чаму аркестр — мноства людзей — часам вельмі залежыць ад настрою аднаго толькі музыканта. Скажам, трэба іграць канцэрт, а ў саліста-піяніста ўзнікла вострае жаданне папіць піва. Кранты! Таму мой знаёмец лічыў за лепшае працаваць з сярэдняга ўзроўню, надзейнымі і, галоўнае, прадказальнымі ва ўчынках музыкантамі. Іх прафесійны ўзровень, як правіла, таго дырыжора нават не хваляваў...

— Не разумею, пра што ты, — сказаў Вінцэнт.

Прызнаюся: у гэты момант я быццам бы рагамі ўбіўся ў капітальна ўзведзены плот — настолькі нечаканая была ягоная рэакцыя на маю палымяную прамову.

— Ну я... — замармытаў я. — Ды ўсё пра тое ж... пра тое, што музыканты — людзі няпростыя.

— Усе людзі няпростыя, не адны музыканты, — адрэзаў Вінцэнт. — І я вось таксама — не падарунак.

“Дзякаваць Богу, нешта зразумеў!” — сказаў я сам сабе, ды Вінцэнт вымавіў хіба найбольш працяглы за ўвесь гэты час маналог.

— Але я, як і ўсе, маю права на некаторыя слабасці, таму што так, як я, у вашым горадзе не іграе ніхто, а калі так, дык вам усім належыць навучыцца мне многае дараваць. Зоркам заўсёды многае даруецца.

Такія заявы, лічу, без адказу пакідаць ніколі нельга.

— Навучыцца дараваць можна лёгка і хутка, — сказаў я. — Але калі твае слабасці чамусьці не дазваляюць табе выйсці разам з іншымі працаваць, гэта ўжо недапушчальна. Іншыя тады вымушаны працаваць за цябе і на цябе ў той самы час, калі табе маладая ды прыгожая ў ложку казыча жывоцік кончыкам языка.

— Мы квіты! Маркіз з мяне вылічыў заробак, — адказаў Вінцэнт.

— Такое ўражанне, што паўтары сотні для цябе як шэры рубель, што табе нават грошы непатрэбныя, — усур’ёз абурыўся я.

— Непатрэбныя, — проста адказаў ён. — Я купіў сабе адпачынак.

— Дурань! — не вытрымаў я. — А калі нават не дурань, дык вельмі таленавіта прыкідваешся.

У адказ Вінцэнт ласкава паглядзеў на мяне і шырока, прыязна ўсміхнуўся. І гэтая паблажлівая ўсмешка імгненна зрабіла з мяне самога хлопчыка, які яшчэ не навучыўся асэнсоўваць некаторыя элементарныя рэчы і з’явы рэчаіснасці, а таму вымушаны на кожным кроку задаваць недарэчныя пытанні. Вось і ўся мая гаворка з Вінцэнтам была такая ж недарэчная, таму што адной сваёй усмешкай ён пераконваў мяне: грошы для яго і сапраўды не з’яўляюцца прадметам першай неабходнасці. Ды лёгка, адразу ж пагадзіцца з ім мне было не так і проста.

— Дзівак! Якой жа халеры ты кінуў усё і паехаў за Маркізам? Тут што, мёдам скрозь намазана? Ці ў горадзе, як ты думаеш, можна пражыць дзякуючы святому духу?

— Мне дапаможа Бог, — сур’ёзна адказаў Сапега.

Не, з ім гутарыць немагчыма! Сапега быў з тых людзей, якія сваё трымалі заўсёды пры сабе і рэдка каму расхіналі душу. Але тут ён сам нечакана перахапіў у мяне ініцыятыву.

— Браніслаў, а навошта табе грошы?

— Як — навошта? — уразіўся я. — Навошта грошы? Дзіцячае пытанне... Усе ж адказ ведаюць.

— Я ва ўсіх не пытаюся, — удакладніў Вінцэнт. — Пытаю цябе. Нашто табе грошы?

— Бачыш, жыццё ўсё ж нечага каштуе, — пачаў я даводзіць Вінцэнту, хутка пераканаўшыся, што ён зусім не жартуе. — Асабліва жыццё музыканта. Харчаванне, кватэра там, шмаццё — за ўсё трэба плаціць. Куды ж мне без грошай?

— На ўсё табой пералічанае патрэбна не так і шмат, — сказаў Вінцэнт. — Ты ж зарабляеш значна больш.

— Кажу табе яшчэ раз: я — музыкант. А ў музыкантаў шмат залежыць ад добрага інструмента. Ты ж, мусіць, уяўляеш, колькі каштуе такая, як у мяне, гітара. Вось я і вымушаны падзарабляць дзе толькі магчыма. Калі б мне цяпер за неблагія грошы прапанавалі адлабаць халтуру на вяселлі — ніколі б не адмовіўся, нягледзячы нават на тое, што працую ў самой “Зорцы”. Дзе канцэрт левы адпрацаваць — таксама не горшы за іншых буду.

— Паскудства гэта! — махнуў Вінцэнт. — Трэба заўсёды іграць музыку, а не прадавацца. Навошта табе грошы?

— Я ж сказаў табе: на інструмент, які шмат каштуе.

— Ну, купіў ты новую гітару, — не здаваўся Вінцэнт. — Далей што?

— Пройдзе два-тры гады — інструмент трэба будзе мяняць. Ты ж сам, думаю, адчуў розніцу паміж сваёй старой дудкай і “Сэлмерам”.

— Параўнаў х... з моркаўкай! — выдаў Вінцэнт. — “Сэлмер” — высокі клас! Але я і на старой дудцы вас усіх размазваў па сценках!

— Дык вось... “Сэлмер”, між іншым, табе ўручылі авансам, і ты яшчэ мусіш яго адпрацаваць. І чым больш ты будзеш аддаваць часу сваім “маленькім слабасцям”, тым далей будзеш залежаць ад пазыкі Маркіза.

— Я ведаю: мой стары саксафон схаваны ў Маркіза, — неспадзявана заявіў Вінцэнт.

Уражаны, я толькі развёў рукамі.

— Ты ў той вечар паехаў да “Сівога”, — растлумачыў Вінцэнт. — Саксафон я забыўся там, але Маркіз трымае ў сваіх руках і Аляксея. Таму той і не аддаў табе саксафон.

— Навошта ж Маркізу хаваць тваю дудку? — не разумеў я.

— Яна непрыгожая. Яна гучыць так, як я хачу. Маркіза ж злуе, калі нешта не падпарадкоўваецца яму. Той саксафон — не для “Зоркі”. Непрэстыжны інструмент. Вось ён і зрабіў так, каб мой сакс згубіўся.

— Твая версія падобная на казку, — толькі і здолеў сказаць я. У казкі я сапраўды развучыўся верыць.

— Ды халера з ім, Маркізам. Калі трэба будзе, я забяру ў яго свой саксафон, — заявіў Вінцэнт. — Таму што, колькі б я ні працаваў, “Сэлмер” усё роўна маім не будзе.

— Але з цягам часу ты здолееш зарабіць на ўласную фірмовую дудку, — спрабаваў я давесці яму элементарныя рэчы. — Гэтую вернеш Маркізу і будзеш кум каралю, сам сабе гаспадар. Усе лабухі праз такое праходзяць. Ты — не выключэнне.

Такое ўражанне, што пераканаць у нечым Вінцэнта было амаль немагчыма. Ды ён сам, бадай, нікога не жадаў слухаць, а заўсёды рабіў так, як падказваў яму ягоны розум, зразумець логіку якога іншым было няпроста.

— Між іншым, я на сваёй старой дудцы зраблю ўсё не горш, чым на “Сэлмеры”, — даводзіў сваё Вінцэнт. — І нават лепш, бо ў “Сэлмера” няма душы. Халодны інструмент, абыякавы, з ім неабходна ўвесь час змагацца.

— Калі б “Сэлмер” быў халодным інструментам, ён не каштаваў бы такія вялікія грошы! — заўважыў я.

І тут Вінцэнт Сапега выбухнуў. Ён ускочыў з канапы і навіс надо мной — вялікі, касматы, страшэнны. Мне здалося: яшчэ імгненне — і ён паваліцца на мяне ўсімі сваімі дзесяткамі кілаграмаў, і замест мяне на канапе застанецца адно мокрае месца.

— Зноў ты пра грошы! — закрычаў Вінцэнт. — Куды тут толькі не сунься — скрозь чуваць: грошы, бабкі, “зялёныя”! Каб вы ўсе падушыліся вашымі грашыма! Каб яны вам павылазілі дзе толькі можна і няможна! Дарослыя, здаецца, мужыкі, а калоцяцца няспынна над імі, думаюць толькі пра тое, дзе адарваць, каб жыць прыгожа! Павар’яцелі ад тых грошай, нібы дзеці дурныя, з смаркачоў не вылазіце, забіць адзін аднаго гатовыя, абы толькі ў кішэнях нешта шамацела. Вы, здаровыя мужыкі, з-за рознакаляровых паперак забыліся на ўсё сваё мужчынскае, баб толькі па відзіках распранаеце, кожны з вас гатовы прадаць уласны хрэн, абы толькі прыбытак мець! Чаму, думаеш, кабеты цяперака такія абыякавыя да вас зрабіліся, што гатовыя ісці ў ложак нават з неграм чорным, з сабакам якім шалудзівым? Ці проста гатовыя замест вас, мужыкоў, сябе задавольваць? Ды таму, што вы з-за грошай забыліся нават і на жанчын — што яны ёсць, што ім патрэбная вашая мужчынская сіла, а не тое, што бездапаможна боўтаецца ў портках. Ды што наогул у вашых портках засталося? Быў некалі корань, ды высах цяпер, адны паперкі ў кішэнях, якія гуляюць па вашых руках не горш за тых дзевак-посцілак. Між тым вы кожнай паперцы радыя, кожную аблізаць гатовыя! Мужыкі-і... Адно слова — цьфу!

Я анямеў і ў час маналога Вінцэнта толькі лыпаў вачыма, здзіўляючыся таму, колькі ж здолела матухна-прырода ўкласці ў аднаго такога — на першы погляд — дзікуна...

— Дый музыканты цяперака... — працягваў Вінцэнт. — Вы што, хіба пра музыку думаеце? Не, зноў у вас перад вачыма адны грошы: дзе б патанней узяць ды даражэй загнаць, дзе б адшукаць такое месца, каб працаваць паменей, а час дазваляў бы паболей халтурыць. А вось пра душу вы забыліся. Яна, душа, халтурыць не ўмее, не навучана працаваць “налева”, не можа штодзень быць аднолькава шчырай і шчодрай. Душу не заплануеш і не купіш хоць бы за чыстае золата. Няма такіх грошай ва ўсім свеце, каб прыбраць да рук душу! І тройчы ўшчэнт разляцяцца вашыя жылы, але калі не нарадзіўся з душой — яна сама да вас не прыйдзе. Таму і музыка вашая будзе паскудная, брудная ды ліпучая, бо іншай дзеля грошай вам не выдумаць. А калі з’явіцца побач з вамі нехта яўна лепшы за вас, сапраўдны музыкант з незамутнёнай душой — з’есці яго гатовыя, толькі б ён замоўк, найлепш — назаўсёды! Таму што зайздрасць даўно пасялілася ўнутры кожнага з вас, зайздрасць чорная ды злосць жоўтая. І будзеце вы зады чужыя лізаць — абы толькі вам у кішэню нешта сыпалася. Душу вам нідзе не набыць, а вось сваю прадаць вам — раз плюнуць! Што вы ўсе ўжо і зрабілі... Ды толькі з брудных грошай дрэва не вырасце, шчасця, значыць, вам не пабольшае...

Вінцэнт вісеў нада мной, упёршыся валасатымі рукамі ў сценку і выкрыкваў словы проста мне ў твар, пырскаючы слінай. Перад маімі вачыма былі толькі ягоны грубай вязкі сіні швэдар ды чорная барада.

— Вас нават жанчыны не цікавяць, паколькі вы ўсе страцілі сваю мужчынскую годнасць. І калі час ад часу вас працінае адвечнае жаданне, вам дастаткова сціснуць свой корань у кулак і патузаць яго ўзад-уперад. І калі выкінецца з кораня жывая вада, расцячэцца па пальцах, разам з ёю ў вас адразу ж высыхае жаданне цалаваць жаночыя грудзі, лашчыць белае цела, таму што вам адразу ж хочацца як мага хутчэй памыць пальцы і зноў кінуцца на пошукі грошай, каб вам жоўці напіцца!..

Сапега споўз на падлогу і сеў да мяне спінай, абапёршыся на канапу. Я асцярожна ўстаў і, пахістваючыся, пайшоў на кухню. Дастаў з халадзільніка пляшку “Сталічнай”, узяў дзве шклянкі і вярнуўся ў пакой.

— Вып’ем! — сказаў я і разліў гарэлку па шклянках.

— Ты, Браніслаў, не такі, як іншыя, — сказаў Вінцэнт і адхіліў маю руку са шклянкай. — Нешта сапраўднае, нешта ад музыканта ў табе яшчэ засталося. Ды вось піць з табой сёння не буду: на шклянкі не разменьваюся. А піць на роўных са мной ты ўсё адно не здолееш.

Сапега падняўся з падлогі, абцягнуў швэдар і скіраваўся да дзвярэй.

— Вінцэнт! — спыніў я яго. — Праз тры дні ты павінен іграць. Цябе прыйдуць слухаць. Абяцай мне, што праз тры дні ты будзеш у “Зорцы” разам з уласнай дудкай.

— Халера з табой, Бронюсь, — адказаў Вінцэнт. — Я буду іграць. Я прынясу сваю душу і не згублю саксафон. Толькі ўлічы: нікому нічога я не павінен! І гэтыя дні да мяне не чапляйцеся. Я такі: магу і пакрыўдзіцца...

г/ “Калі не стае тэхнікі”. Канстанцін Бахолдзін

Маркіз быў выскаліўся, калі я перадаў яму апошнія словы Вінцэнта, але што ён мог зрабіць? Зноў павысіць памер кары? Не, шмат у чым ён залежаў ад Сапегі. Маркіз зрабіў ужо свае стаўкі і цяпер вымушаны быў рабіць усё, каб ягоны “нумар” прыйшоў на фініш першы. Ён, безумоўна, вымушаны будзе і надалей рабіць усё, каб задаволіць магчымыя капрызы свайго фаварыта, але ж дзеля гэтага гатовы выцягнуць з Вінцэнта ўсё да апошняе жылы. Вось чаму я не зайздросціў ні таму, ні другому.

Тры вечары мы ігралі без Вінцэнта, згадаўшы ўсе модныя мелодыі, папулярныя песенькі, якія сваім вісклівым галасочкам няўпэўнена выводзіла Моніка. На душы ў мяне было дастаткова мярзотна: вельмі ўжо гэтая музыка адрознівалася ад таго, што мы выконвалі разам з Вінцэнтам. Такія песенькі можна было іграць амаль аўтаматычна, не задумваючыся ні над іх зместам, ні над тым, якую ноту трэба браць наступнай. Адно вынікала з другога, і гэтая музычная цвіль выклікала адно боль у галаве. “Хворых” было няшмат: у нашай праграме адсутнічаў той самы “цвік”, які завёў бы публіку, разварушыў яе і перадаў ёй спароджаны музыкай імпэт, пасля чаго пачыналі скідацца з плеч на спінкі крэслаў пінжакі і разявалі пашчы тоўстыя кашалькі.

За тры вечары мы сказалі адзін аднаму хіба з дзесятак неабавязковых слоў. Усе разумелі: цяпер ніхто не ў сілах быў нешта зрабіць, каб выправіць сітуацыю. Усё сыходзілася на адным чалавеку: Вінцэнце, які знік без слядоў, хоць я і здагадваўся, дзе адпачывала ягоная няўрымслівая душа. Таму што і Жужа вось ужо тры дні не паказвала ў “Зорцы” носа.

Пасля таго як мы дайгралі праграму да канца, Маркіз сабраў нас у пакойчыку на вытворчую нараду.

—Значыць, заўтра можа шмат што вырашыцца ў вашых лёсах, — сказаў ён і ўважліва паглядзеў на кожнага з нас. — Будуць сапраўды высокія госці. Рэдкія госці прыйдуць спецыяльна слухаць вас. Вось чаму Філя накрые стол на чатыры персоны з агульнай касы.

— І што мы пакажам гасцям? — спытаў Валяй. — Сённяшні смурод?

— Сапега павінен быць — кроў з носа, — заявіў Маркіз. — Без яго ўся мая аперацыя траціць сэнс. Ён мусіць іграць! Толькі вось не ведаю, у якой ён цяпер форме. Ці наогул будзе здольны правільна ўзяць хоць бы адну ноту? Га, Зуб, што ты скажаш?

А што я мог сказаць? Лягчэй было дакладна прадказаць у Беларусі дзень агульнага землятрусу, чым гарантаваць паводзіны Вінцэнта на бліжэйшую гадзіну. Пра што я і заявіў, згадаўшы і тое, што ён сам паабяцаў мне быць.

— Я веру ягонаму слову, — дадаў у канцы. — А вось як ён будзе іграць — вам ніхто не скажа. Апрача ягонай душы.

— Апрача чаго? — насцярожыўся Маркіз.

— Ну... Ёсць у нас адна такая штука, якой не загадаеш...

— Я ведаю, што трэба будзе зрабіць, — сказаў раптам Цэцэ. — У яго трэба заліць пляшку гарэлкі. Тады ўсё будзе ў парадку.

Наогул, Маркіз лаяўся рэдка і даволі стрымана. Тут жа ён выпусціў уласны язык са двара, добра такі паддаўшы яму ззаду. Моніка спачатку слухала ўсё з шырока адкрытым ротам, але праз хвіліну пачырванела і выскачыла з пакойчыка. Сутнасць жа маналога Маркіза зводзілася да таго, што ён чорнай фарбай пазначыць ва ўласным жыццёвым календары той дзень, калі прапанаваў Цэцэ працаваць у сваім калектыве, што ён ніколі не забудзе Цэцэ ні Олека, ні шпрыц, пакінуты ім у мужчынскім туалеце, ні здарэнне ў студыі. Мне нават зрабілася шкада нашага барабаншчыка, нягледзячы на ягоны гідкі характар. Здаецца, цяпер, пасля сваёй неабдуманай заявы, яму давядзецца да канца жыцця батрачыць на Маркіза, каб сплаціць усе даўгі. Да таго ж працяглыя і красамоўныя прамовы свайго шэфа ён павінен быў выслухваць моўчкі. Хто казаў, што прыгоннае права ў нас даўно ліквідавалі? Спытайцеся пра яго ў рэстаранных лабухаў, у любога з тых, хто зарабляе на жыццё музыкай! І ўсе яны растлумачаць, на каго мусяць ішачыць, каб потым, некалі, людзьмі звацца. Эх, Купалавы мары! Жыць вам у вяках, не памерці ніколі...

Пасля Маркіза, зразумела, ніхто ўжо не сказаў ні слова. Моўчкі і разышліся. Я крочыў дадому з адной думкай: што здарыцца, калі Вінцэнт сапраўды плюне на ўсё, калі прыгожыя белыя грудзі Жужы — увасабленне спакою ягонай мяцежнай душы — пераважаць такі дадзенае ім слова?

Вінцэнт з’явіўся ў “Зорным дажджу” за паўтары гадзіны да пачатку праграмы. Выглядаў ён няблага. Было такое ўражанне, што душэўны адпачынак, безумоўна, пайшоў яму на карысць. Ён узяў з паліцы футарал з “Сэлмерам”, сабраў інструмент і пачаў разыгрывацца. Спачатку ганяў уверх-уніз гамы, а пасля ўзяўся імправізаваць на нейкі пошленькі матыўчык, вытвараючы такія вар’яцкія меладычныя лініі, што мышы, калі б яны толькі выжылі дагэтуль у нашым пакойчыку, напэўна збеглі б туды, дзе больш спакойна.

Загартаваны Чырык — і той не вытрымаў.

— Вінцэнт, дай спакою! — узмаліўся ён. — Прыйдзе кліент з “капустай”, на ім і праводзь свае гукавыя доследы.

— Я па вас засумаваў, — адказаў Вінцэнт і тым самым спыніў усе магчымыя спрэчкі.

Таму я са спакойным сумленнем выйшаў з пакойчыка ў залу, якую паступова запаўнялі наведвальнікі. Нос у нос сутыкнуўся з Джонам, які імгненна пачаў высвятляць дыспазіцыю:

— Вінцэнт будзе сёння іграць?

— Усё ў парадку, — запэўніў я.

— Паркер будзе? — удакладніў Джон.

— За ім ужо выслалі машыну, — у тон яму адказаў я і зірнуў на гадзіннік. — Ён будзе з хвіліны на хвіліну.

— О’кей! — зразумеў мой жарт здагадлівы Джон, і чародка амерыканцаў пырснула за свой імянны столік.

Тут жа да мяне падляцеў Філя.

— Ты не ведаеш, што за кліентуру падсеяў мне сёння Маркіз?

— Кліентура самая сур’ёзная, — адказаў я. — Генеральны менеджэр фірмы грамзапісу Сі-Бі-Эс і ягоныя эксперты.

— Няўжо? — адразу паверыў Філя. —А з якой нагоды яны да нас прыпёрліся?

— Яны хочуць праслухаць Вінцэнта. Магчымы наш выезд у Штаты, гастролі па краіне і запіс дыска, — працягваў я хлусіць.

— Слухай, Зуб... — У афіцыянтавай галаве ўключыўся персанальны камп’ютэр. — А як бы гэта... Ну... Як бы мне з вамі паехаць, га? Харчаванне цалкам бяру на сябе. Арганізую кухню проста ў гатэлі. Вы там на харчы ні цэнта не патраціце! Слухай, я ўмею класны біфштэкс смажыць паміж двума прасамі — пальчыкі абліжаш! А?..

— Толькі пры адной умове. — Я нахіліўся да Філі і пачаў казаць шэптам: — Калі ты сёння з амерыканцаў не возьмеш ніводнай лішняй капейчыны.

Я ведаў, што казаў: у рэшце рэшт стол накрываўся за наш кошт. А вось для Філі такая ўмова была няпростым выпрабаваннем. Ён не мог не ведаць, што стол аплачаны ўжо Маркізам, але аўтаматычна кіўнуў. Яму напэўна было крыўдна, таму што як-ніяк жывы заробак плыў паміж пальцаў і назаўсёды знікаў з вачэй.

Я пайшоў у фае. Там круціліся скрозь знаёмыя мне людзі: колькі гарадскіх лабухаў другога эшалона, якім карцела яшчэ раз паслухаць Вінцэнта, рэштка недабіткаў з кампаніі Олека. Яго самога, роўна як і Ваўчыцы, выразна не ставала: без іх нашая “Зорка”, што там ні кажы, а нешта страціла...

Затое прысутнічаў Віцёк, які курыў з сяброўкай Ваўчыцы. Той самай, якая не ўмела нічога рабіць, акрамя як імгненна распранацца і не да месца рагатаць. З такімі толькі талентамі тут галоўнай ёй не зрабіцца... Убачыўшы мяне, Віцёк імкліва скінуў маску галантнага кавалера і па-дзелавому падкаціў да мяне.

— Што за амерыканцы будуць за вашым столікам? — з ходу пацікавіўся ён.

— Так, унукі старога Эдварда Гувера, — парыраваў я. — А з імі іхні дзядзька — ветэран “зялёных берэтаў”.

— Рэмба таксама прыехаў? — спытаў Віцёк і працягнуў мне пачак “Мальбара”. — А калі сур’ёзна?

— Пагрозы інтарэсам дзяржавы няма, — сказаў я і прыкурыў ад ягонай запальнічкі. — А вось калі сур’ёзна, дык пра ўсё пытайся ў Маркіза. Ён нам хіба ўсё скажа калі?

— Але! — згадзіўся Віцёк і вярнуўся да мадэмуазель Кабылы. Што і казаць — кемлівы хлопец!

Я зноў пайшоў у пакойчык. Вінцэнт ужо скончыў музыцыраваць і сядзеў, заплюшчыўшы вочы, у крэсле. Я не паверыў вачам: на ягоных каленях ляжаў стары, перавязаны сіняй ізаляцыйнай стужкай саксафон. Ай да Маркіз! Як жа дакладна ён усё разлічыў! Цяпер не трэба ніякай гарэлкі — Вінцэнт будзе іграць як належыць!

— Не чапай яго! — паспеў шапнуць мне Валяй.

Амаль адразу ўслед за мной у пакой уварваўся Маркіз. Убачыўшы Вінцэнта, ён ажыў, ягоны твар паружавеў і пачаў нагадваць старанна наваксаваны светлага колеру чаравік.

— Усё ў парадку, — канстатаваў ён. — Амерыканцы ўжо тут. Сярод іх — не апошні чалавек з фірмы Сі-Бі-Эс.

Я нервова зарагатаў, але ніхто нічога, натуральна, не зразумеў і таму не звярнуў увагі на мой вясёлы настрой.

— Яны будуць запісваць праграму на відэа, — працягваў Маркіз. — У маёй кішэні ляжыць запоўненае пагадненне на нашую паездку ў Штаты: нас чакаюць месяц работы ў адным з рэстаранаў на 52-й вуліцы Нью-Йорка і тры прэзентацыйныя канцэрты. Такім чынам, каб атрымаць сёння іхні подпіс, вы, мае хлопчыкі, павінны вылузацца з уласнай скуры і паказаць усё, на што толькі здольныя.

— Дзярмо тваё пагадненне, — раптам сказаў Вінцэнт, не змяніўшы сваёй позы. — І смурод на ўвесь свет аж да 52-й вуліцы.

— У такі момант і такое казаць, — выткнулася з-за спіны мужа Моніка. — Скаціна!

— Знікні! — рыкнуў Маркіз. — Ты сёння наогул маўчыш! І каб да канца праграмы я цябе не бачыў!

Што-што, а ўнутрысямейная дысцыпліна ў Маркіза была на вышыні. Моніку з пакоя быццам венікам змяло.

— Сёння іграем усё тое, што пісалі на радыё, — загадаў Маркіз. — Усе працуеце на Сапегу. Прашу слухаць толькі яго і не вылазіць наперад, што б ні здарылася, пакуль ён сам вам не пакажа. Улічыце, у вас наперадзе Нью-Йорк.

— Дзярмо твой Нью-Йорк, — гэтак жа сама абыякава прамармытаў Вінцэнт. — Міжнародны клапоўнік — і больш нічога.

Маркіз прысеў на карачкі перад крэслам, у якім сядзеў Сапега.

— Вінцэнт, прашу цябе: зрабі сёння, што толькі можна. Я табе абяцаю: выканаю ўсё, што толькі ад мяне залежыць. Я шмат магу. Бачыш: я адшукаў твой саксафон, іграй на здароўе! А нам абы толькі да Нью-Йорка дабрацца ўсёй нашай камандай, паказацца там патрэбным людзям, а пасля я раскручу цябе па ўсёй Еўропе. “Сэлмер” зробіцца твой назаўсёды, грошай будуць поўныя кішэні. І не нашых грошай — “зялёных”!

“Ну, пра грошы — гэта ён яўна не ў час”, — падумаў я.

— Падатрыся тымі паперкамі! — рэзка адказаў Вінцэнт, падняўся з крэсла і нешта прахрыпеў на сваёй антыкварнай дудцы. — Галоўнае, каб ты сёння не наклаў у свае фірмовыя порткі.

— Але ж ты, Вінцэнт, добра запомніў, пра што я цябе прасіў? — як не пачуў яго Маркіз.

— Я ж сказаў табе: порткі не адмыюцца! — секануў Вінцэнт і абвёў усіх нас пранізлівым, цяжкім позіркам. — Ну што, хлопцы? Выратуем начальніка? Пакажам яму Нью-Йорк, га?

Шчыра кажучы, пасля такога прыязнага дыялогу мне было страшна выходзіць на сцэну, таму што ад Вінцэнта сапраўды можна было чакаць усё, што хочаш. Ды праграма ад самага пачатку пакацілася неспадзявана гладка, і з першых жа тактаў я адчуў, што наш саксафаніст настроены рашуча як ніколі. Да таго ж ён ніколькі не страціў формы.

Вінцэнт іграў дакладна і строга, прадумваў наперад кожную ноту, кожную фразу, якія ён, як цукеркі, проста выкладваў публіцы нібы на сподачку. Ён свядома абыходзіў складаныя пабудовы, аднак толькі прафану ягоныя сола здаваліся простымі; яны былі напоўнены да берагоў сапраўднай музыкай, стрыманай энергіяй і непадробнасцю выканання. Упэўненасць, якая зыходзіла ад Вінцэнта, імгненна перадалася і нам, і мы хутка пачалі з усяе сілы працаваць на нашага лідэра, як футбольная каманда іграе на прызнанага бамбардзіра ва ўпэўненасці, што свой гол той усё адно заб’е, рана ці позна.

Усё гэта, безумоўна, паўплывала і на публіку, якая пасля першай жа п’есы нібы зарадзілася ад Вінцэнта нябачнай энергіяй і на кожнае сола адклікалася свістам і апладысментамі. Высокія госці за нашым столікам слухалі Вінцэнта вельмі ўважліва і да ежы і напіткаў амаль не дакраналіся. Адзін з іх, стоячы, здымаў нашае выступленне на відэастужку. Побач са столікам застыў Маркіз. Ён кідаў позіркі то на нас, то на амерыканцаў. Было відаць, што выходзіць на сцэну са сваім тэнарам ён сёння не збіраўся. Поруч з Маркізам натрэніравана знерухомеў Філя. Нашая музыка яго зусім не цікавіла: ён глядзеў амерыканцам проста ў рот і думаць не думаў пра наведвальнікаў, што сядзелі за іншымі замацаванымі за ім столікамі. Каля дзвярэй я выхапіў позіркам Жужу. Яна адзначыла гэта і радасна паказала мне ўзняты ўгару вялікі палец.

Радасць Жужы можна было зразумець: тры дні сам-насам з такім адметным мужчынам, як Вінцэнт, напэўна прынеслі ёй шмат прыемных хвілін.

Карацей кажучы, першае аддзяленне праграмы мы адыгралі проста на пяць з плюсам. Калі б можна было яго якасна запісаць, дык фанаграма, напэўна, была б нічым не горшая за тую, што мы запісалі на студыі радыё.

У перапынку Маркіз шчыльна прычыніў дзверы пакойчыка.

— Усё пакаціла выдатна. Амерыканцы задаволеныя. Хлопчыкі, мы маем вельмі рэальныя шанцы яшчэ ў канцы года ўласнымі нагамі стаць на амерыканскі кантынент. Я вас віншую.

— Не кажы гоп, — адзначыў Валяй, а Цэцэ пастукаў пальцам па старой шафе.

— Думаю, яны яшчэ сёння падпішуць з намі дамову, — працягваў Маркіз. — У крайнім выпадку — заўтра. А цяпер слухайце дыспазіцыю на другое аддзяленне. Сёння вы мусіце папрацаваць усур’ёз. Таму будзем лабаць больш амерыканскай музыкі, усё — у інструментальным варыянце. Вось спіс кампазіцый. У кожным нумары — абавязковае сола Сапегі. Амерыканцам трэба паказаць тавар з усіх бакоў.

— Маркіз, на тры-пятнаццаць такое іграць небяспечна, — заўважыў я. — Асабліва для хлопчыкаў з Сі-Бі-Эс: вушы ў іх заўсёды на месцы.

— А я што, дарма ім на стол на кожнага па пляшцы армянскага праставіў? — усміхнуўся Маркіз. — Філя атрымаў дакладнае заданне, каб увесь каньяк заняў належнае яму месца. А пасля армянскага ім любая музыка будзе ў кайф.

— А калі амерыканцы не п’юць? — выказаўся Чырык.

— Ты не хвалюйся! — адрэзаў Маркіз. — Па-першае, халяву і амерыканцы не прапусцяць. Па-другое, іх я бяру на сябе. Так што галоўнае ў тым, каб вы адлабалі як мае быць. Чуеш, Вінцэнт, свежы вецер з Гудзона?

— Не паеду я ў тваю Амерыку! — адказаў Вінцэнт.

— Не выглупляйся! — закрычаў Маркіз. — Я ўжо ўгрохаў у гэты праект вялікія грошы, і цяпер ніяк нельга спыняцца.

— Мне і тут нармальна, — стаяў на сваім Вінцэнт.

Я адчуў, што самы час умяшацца, таму што сітуацыя зрабілася празмерна напружанай. Таму я наблізіўся да Вінцэнта, асцярожна паклаў яму руку на плячо і сказаў:

— Вінцэнт, я таксама ў Амерыку не паеду. І пакуль яны тут усё абмяркуюць, пойдзем ды пайграем удвух. У нас нібыта некалі нядрэнна атрымлівалася. А пазней да нас далучацца ўсе іншыя.

Мне думалася, што Вінцэнт пачне супраціўляцца, будзе казаць новыя глупствы, але ён без слова пасунуўся за мной, трымаючы ў адной руцэ “Сэлмер”, а ў другой — свой выкапнёвы альт. Я адчуў, што сёння гледачы атрымаюць нештодзённае задавальненне, пабачыўшы нешта дужа спецыяльнае...

З’яўленне Вінцэнта на сцэне з двума саксафонамі рэстаранная публіка сустрэла шквалам энтузіязму. Як ні ў чым ні бывала Вінцэнт паклаў стары саксафон на крэсла, скінуў з сябе белы пінжак і павесіў яго на спінку, потым павярнуўся да мяне, падумаў і напаўголаса сказаў:

— Давай спачатку “Місці”...

Мне што — “Місці” дык “Місці”. Тэма агульнавядомая. Да таго ж, сапраўды прыгожая музыка, іграць яе — адно задавальненне, тым больш для рэстараннага кантынгенту. Таму мне засталося пачакаць, пакуль пачне Вінцэнт. Але ён стаяў на сцэне ў промнях святла ледзь сагнуўшыся, нерухома глядзеў некуды перад сабой. Мне ўжо быў знаёмы такі ягоны стан: ён напружана разважаў. Ён абдумваў, як пачаць, вышукваў тыя першыя, вызначальныя фразы, праз якія ён выйдзе на чарадзейную тэму Эрала Гарнера.

З цемры, што атачала сцэну, нячутна вынырнуў аператар-амерыканец, на хаду запіхваючы ў рот кавалак бутэрброда з чырвонай ікрой. Такія бутэрброды ды пад армянскі каньячок — смакацішча! Мусіць, Маркіз пачаў ужо падрыхтоўку да падпісання пагаднення.

Аператар між тым усеўся на падлогу перад рампай і прыладзіў да пляча камеру.

— “Місці”, значыць... — Вінцэнт зноў павярнуўся да мяне і ў той жа момант пачаў іграць.

Ён без усялякіх выкрунтасаў уступіў непасрэдна ў тэму і пачаў нетаропка, спакваля выпісваць яе шырокімі мазкамі, лашчачы кожны гук з тых, што вырываліся з саксафона. Гукі былі цёплыя, нібыта жывыя. Вінцэнт наогул выдатна адчуваў настрой кожнай мелодыі, якую выконваў, і часам ягонае адчуванне музыкі здавалася мне вяршыняй дасканаласці. Зразумела, ніводную інтэрпрэтацыю немагчыма раўняць з арыгіналам, ды Вінцэнт валодаў здольнасцю, зберагаючы напісанае іншымі, ствараць уласныя музычныя тэмы — свежыя і дзёрзкія па сваёй навізне.

Тое ж самае і ягонае выкананне “Місці”. Пругкае, духмянае гучанне фірменнага сакса я зрэдку падтрымліваў ашчаднымі акордамі, а часцей наогул асобнымі нотамі, узятымі на басовых струнах. Праз некаторы час да нас асцярожна падключыўся Валяй на бас-гітары і Чырык на фартэпіяна. Апошні ўціснуўся за барабаны Цэцэ, але Валяй двойчы вымушаны быў нагадаць яму, каб той іграў як мага ціха.

Мы скончылі тэму таксама дуэтам, пасля чаго Вінцэнт зноў знерухомеў, не зважаючы на свіст, гучныя воклічы ўсхваляваных людзей, аб’ектыў відэакамеры, якім амерыканец літаральна прыклеіўся да ягонага твару.

У залу дадалі святла, і я адразу ж кінуў позірк туды, дзе ішло абмеркаванне нашага пагаднення. Тое, што я ўбачыў, мяне вельмі засмуціла і занепакоіла. Адной рукой Маркіз перадаваў сталых гадоў амерыканцу з сівізной у валасах каробку з магнітафоннай стужкай, а другой — прымаў ад яго грошы. Так, я мог і памыліцца, але чамусьці быў упэўнены ў тым, што ў каробцы той знаходзілася нашая студыйная фанаграма, за якую амерыканец расплачваўся ў канверце “зялёнымі”. Мне цяжка было вызначыць суму, бо столік знаходзіўся ўсё ж задалёка, але па нашых мерках такі пачак паперак у тоўстым канверце складаў немалое багацце. Мяне засмуціла, аднак, што пра гэтую аперацыю Маркіз нікога з нас не папярэдзіў, а, значыць, працаваў цяпер выключна на ўласны рахунак, прадаючы тое, што зрабілі мы. А ўзрадавала мяне тое, што не адзін я заўважыў пераход сумы “зялёных” з рук у рукі: Віцёк, адкінуўшыся на спінку крэсла, адным вокам касіў у бок Маркіза і пры гэтым актыўна падтрымліваў гутарку са сваімі суседзямі. Гэта значыць, Маркіз мог не толькі нічога не выйграць, але й шмат страціць. Мы з ім, дарэчы, — таксама...

Між тым я выразна адчуў, што Вінцэнт завёўся ўсур’ёз. Ён пераступаў з нагі на нагу, нешта мычаў сабе пад нос, паплёўваў на пальцы правай рукі, але пачынаць наступную п’есу не адважваўся. Мы на сцэне ўважліва сачылі за кожным ягоным рухам, гатовыя адразу ж падтрымаць яго. У зале ўсталявалася напружаная цішыня. Было чуваць адно галасы з кухні: яны, нягледзячы ні на што, працягваюць быць абавязковай прыкметай сервісу ў пунктах нашага айчыннага грамадскага харчавання.

— Вінцэнт, ол райт! — пачуў я вясёлы голас Джона. — Мы з табой, не хвалюйся!

Сапега ніяк не адрэагаваў на вокліч, працягваў свой шаманскі танец. І ў гэты самы момант да сцэны на дыбачках наблізіўся Маркіз.

— Вінцэнт! — са свістам прашаптаў ён. — Я ж сказаў табе: іграць тое, што ў спісе. Прадстаўнікі фірмы жадаюць пачуць цябе ў розным рэпертуары. З джазам сёння ўсё, краны закрытыя, цяпер іграй толькі папуляр!

Сапега быццам бы і не пачуў яго, толькі ў чарговы раз сплюнуў на пальцы, аблізаў муштук і нарэшце ўскінуў галаву.

— Чуеш, Вінцэнт, больш ніякага джаза! — шыпеў яму Маркіз, ды той на голас знізу звяртаў увагі не больш, чым на гудзенне мухі. Сапега выцер далонню спацелы твар і толькі пасля гэтага кінуў нам праз плячо:

— “Арніталогію”!

Маё прадчуванне, такім чынам, збылося: гэтай звышскладанай п’есай Паркера Вінцэнт знарок шпурнуў выклік проста ў твар Маркізу, які, пачуўшы назву п’есы, схапіўся за галаву і знік паміж столікаў.

д/ When The Saints Go Marching In (“Калі святыя маршыруюць”). Традыцыйная п’еса

Пасля “Арніталогіі”, у якой Вінцэнт разыграўся і саліраваў не менш за пятнаццаць хвілін, ён аб’явіў наступную тэму Паркера — “Час настаў”. За маёй спінай калегі абмяняліся кароткімі і выразнымі рэплікамі.

— Высокі клас! — сказаў Валяй. — Даўно не меў такога кайфу!

— Не люблю непадрыхтаваныя сэйшаны, — адгукнуўся Чырык. — А тым больш — на рабоце.

— Заганяў, як каня, падла! — паскардзіўся Цэцэ. — Маркіз жа даў спіс, што выконваць, а куды дзікуна панесла?

— Кач! — абарваў я змястоўны абмен думкамі, таму што Вінцэнт пачаў шчоўкаць пальцамі, даючы нам адлік.

І мы ўрэзалі!

Спачатку Вінцэнт саліраваў на “Сэлмеры”, доўга і даволі аднастайна, паступова, на вачах слухачоў, разгортваючы асноўную тэму. Не ведаю, як каму, але мне вось такая “кухня” была найцікавейшая, таму што яшчэ ў часы ўзлёту Чарлі Паркера многія музыканты дзесяткі разоў праслухвалі запісы саксафаніста, аналізавалі меладычныя хады ягоных сола, чаргаванне акордаў, рытмічную арганізацыю імправізацый, кожная з якіх магла сказаць пра музыканта значна больш, чым ён сам. Цяпер жа, слухаючы Вінцэнта, я не мог не здзівіцца вытанчанай фантазіі і вынаходлівасці яго як імправізатара, лагічнасці пабудовы асобных фрагментаў і цэлага, адточанасці фразіроўкі і інтанавання. Вось цяпер я мог з чыстым сумленнем гарантаваць, што пагадненне з прадстаўнікамі СІ-Бі-Эс будзе падпісана паспяхова. Інакш іхні прафесіяналізм выклікаў бы ў мяне вялікія сумненні... Калі амерыканцы наогул што-небудзь разумеюць у джазе, яны мусяць паставіць свае подпісы!

Вінцэнт дазволіў сябе толькі невялічкі перапынак і кіўнуў Чырыку. Пакуль той, задаўлены навалай саксафонных гукаў, спуджана выбіваў на фартэпіяна сваю імправізацыю, Вінцэнт накінуў на шыю раменьчык для другога саксафона.

Сапега даўно ўжо быў мокры наскрозь. Пот сцякаў па ягоным твары, капаў на падлогу з носа, вушэй, а на ягонай кашулі амаль не засталося сухіх месцаў. Я разумеў, што пот зацякае яму нават у рот, але ў час працяглых сола Вінцэнт проста не меў ні часу, ні магчымасці змагацца з такой паводкай. Ён толькі зрэдку фыркаў, бы вожык, трос галавой ды праціраў пальцамі вочы. Яму было вельмі няпроста, але і я адчуваў, што па маёй спіне таксама пабеглі гарачыя кропелькі. Не лягчэй было і іншым хлопцам, ды ніхто з іх не збіраўся скласці рукі першым.

У рэшце рэшт Вінцэнт даў нам магчымасць крыху перавесці дыханне. І амаль імгненна да мікрафона праціснуўся Маркіз. Я адзначыў, што ён ужо на добрым падпітку, і мне зрабілася лёгка на душы: Маркіз, узяўшы хоць бы пяцьдзесят грамаў, ніколі не дазваляў сабе браць у рукі свой тэнар. Значыць, ён і сёння іграць не будзе.

— Шаноўная публіка! — сказаў Маркіз у мікрафон. — Сёння сярод нас прысутнічаюць вядомыя эксперты сусветнага шоу-бізнесу...

Што-што, а вешаць локшыну на чужыя вушы Маркіз умеў адмыслова!

— Гэта — вядучыя спецыялісты фірмы грамзапісу Сі-Бі-Эс, з якімі мы цяпер вядзем перамовы адносна нашага... гэта значыць, разам... Карацей кажучы! Мы ім спадабаліся, яны нам таксама, і яны цяпер хочуць бачыць нас у Амерыцы. Маэстра, туш!

Маркіз узмахнуў рукой і павярнуўся да нас. Але ніхто з музыкантаў не паварушыў нават пальцам, толькі Цэцэ заёрзаў у крэсле:

— Што ён такое пляце, а, хлопцы? Лабаць, ці што?

— Я хачу пазнаёміць вас з вядучым менеджэрам фірмы панам Сірылам Джорданам... — працягваў Маркіз, так і не дачакаўшыся ўзнёслага музычнага віншавання. — Дакладней, Джорданам Сірылам... У амерыканцаў жа цяжка зразумець часам, дзе бывае прозвішча, а дзе — імя. Да таго ж ён негр. У іх негр амаль тое ж самае, што ў нас — яўрэй, так сказаць... Карацей кажучы, Сірыл Джордан... альбо наадварот... ён хоча палабаць разам з вядучым альтыстам Краіны Саветаў Сапегам Вінцэнтам! Дакладней, Вінцэнтам Сапегам. Прашу вас, сэр!

Нахіліўшыся да мяне, Маркіз прашаптаў на вуха:

— Зуб, ратуй!.. Гэтыя амерыканцы, як аказалася, зусім не п’юць армянскі каньяк. Ім толькі віскі давай з валютнага бара! Гады, яны яго жлукцяць, як коні! А мне ж, рускаму, нельга адставаць ад нейкіх штатнікаў! Што мне рабіць?

— Дагнаць і перагнаць Амерыку! — Я сказаў усё, што мог параіць Маркізу ў такой сітуацыі.

У гэты момант побач з намі з’явіўся малады яшчэ, прыгожы негр. Ён шырока ўсміхаўся нам, ківаючы галавой, а ў руках трымаў тэнар-саксафон. Тэнар напэўна быў інструментам Маркіза, бо дзе ж вы бачылі амерыканскага негра, які ў савецкі кабак пойдзе з уласнай дудкай? Негры ведаюць, што ў нашых кабаках іх будуць паіць-карміць, як найдаражэйшых братоў, ім дадуць лепшых дзяўчат і самы лепшы інструмент і палічаць за шчасце, калі яны дазволяць сабе сэйшан з такімі гасціннымі бледнатварымі.

Вінцэнт ніяк не адрэагаваў на з’яўленне негра. Здавалася, ён яго нават не заўважыў. Тады госць працягнуў Вінцэнту сваю халёную чорную руку, якая ніколі ў жыцці не ведала баваўняных плантыцый Поўдня. Дарма ён гэтак зрабіў... Лепш бы ён сунуў руку ў пашчу якому ротвэйлеру. Вінцэнт імкліва паціснуў негру руку, і ў наступнае імгненне той прарычаў нешта накшталт “Ой-ё-ё!” і пачаў трэсці далонню. Ды пры такім болю — малайчына — усмешкі з твару не зняў. А яму ж і сапраўды балюча было. Я ведаю...

Бедны амерыканскі негр не паспеў нічога прапанаваць, як Вінцэнт пагрукаў падэшвай па сцэне і з месца ў кар’ер кінуўся іграць.

Загучала даволі простая мелодыя, заснаваная на класічным дванаццацітактавым блюзе, толькі што Вінцэнт з самага пачатку ўзяў неверагодна шалёны тэмп. Такі, што я пашкадаваў Цэцэ: яму, гароце, варта было б за сённяшні вечар заплаціць двайную стаўку.

Між тым Вінцэнт па-ранейшаму не звяртаў на госця ніякай увагі. Ён саліраваў сабе, не зніжаючы хуткасці, праходзіў, не паўтараючыся, адзін квадрат за другім, а прыгожы негр стаяў на вачах усіх прысутных з саксафонам напагатове і, здаецца, ужо страціў надзею нешта зразумець ва ўсім тым, што адбывалася вакол. Ён толькі ўсміхаўся, але ўжо неяк штучна: яго запрасілі паіграць, выцягнулі на сцэну, аднак вось ужо добрыя пяць хвілін не дазваляюць уставіць ніводнай ноты!

Нечакана Вінцэнт абарваў сола і стаў спінай да залы, ва ўпор гледзячы на амерыканца. Той, схамянуўшыся, кінуўся іграць, косячы вокам на Вінцэнта. Склалася такое ўражанне, што негр чакаў, нібыта рука саксафаніста-здаравяка ляжа яму на плячо. А радаснага ў гэтым, як ён ужо паспеў зразумець, сапраўды было няшмат...

Але Вінцэнт упарта не заўважаў прысутнасці чужога музыканта. Негр пакрысе асвоіўся і пачаў паказваць усё, на што быў здольны. Іграў ён выдатна: дакладна і прыгожа, як могуць іграць толькі прыроджаныя джазмены. Ёсць такое паняцце: фірмовае выкананне. Дык вось той Сірыл Джордан іграў настолькі фірмова, што ў мяне ўзнікла адчуванне, быццам бы я чую запіс пласцінкі аднаго з найбольш вядомых амерыканскіх тэнарыстаў. Да таго ж белыя, калі іграюць нават класічны негрыцянскі джаз, як ні рупяцца, але не могуць дасягнуць неабходнага, уласцівага толькі чорным музыкантам, філінгу.

Менавіта настрою, пачуцця ў амерыканца хапала на дзесяцёх белых музыкантаў. Я літаральна купаўся ў гучанні саксафона, кайфаваў, слухаючы ягоныя пераходы ад адной фразы да другой, адчуваў цёплае, глыбокае, мясістае дыханне інструмента, якім негр валодаў надзвычай упэўнена і дасканала. Іграў ён, зразумела, зусім па-іншаму, так, як Вінцэнт напэўна ніколі б не здолеў іграць. Вобразна кажучы, Вінцэнт у час выканання нібыта крышыў пяшнёй лёд, у той час як амерыканец быццам бы плавіў яго сваім вогненным інструментам. Я ўпершыню іграў з фірмовым музыкантам і адчуваў гэтую розніцу вельмі выразна.

Сірыл Джордан элегантна закругліў апошнюю фразу ўласнага сола, і ў той самы момант на край сцэны зрабіў імклівы крок Вінцэнт, трымаючы ў кожнай руцэ па саксафону. Не чакаючы, пакуль скончацца адрасаваныя амерыканцу апладысменты, ён захапіў ротам абодва муштукі і...

Для мяне такі фокус — адначасовае выкананне на двух саксафонах — не быў нечаканы. Даводзілася бачыць такое і па відзіку, і на канцэртах, але на шараговую публіку нештодзённае выкананне заўсёды рабіла надзвычайнае ўражанне.

Вось і цяпер рэстаранная зала раўла, калі Вінцэнт абрынуў у цемру вадаспад гукаў. Некаторы час ён іграў на абодвух саксафонах акордамі то ва унісон, то праз розныя інтэрвалы, утвараючы самыя неверагодныя сугуччы, якія момантамі проста наводмаш лупцавалі па вушах. Потым, калі ён зноў паглыбіўся ў звычайную для сябе атмасферу раз’юшанага выканаўства, ён рэзка адкінуў “Сэлмер” за спіну і пачаў саліраваць на сваім старэнькім інструменце. Іграў ён не вельмі доўга, і мне здалося, што пасля сола амерыканца Вінцэнт адчуў некаторую разгубленасць і на пэўны час страціў арыентацыю ў прасторы, мэту, якую ён паставіў перад сабой.

Таму ён па-звыкламу рэзка абарваў сола проста пасярэдзіне квадрата і развярнуўся да амерыканца.

— Ты! — крыкнуў ён. — Ану давай па чарзе!

Валяй з-за кантрабаса па-англійску растлумачыў Сірылу, чаго хоча ад яго Вінцэнт. Амерыканец кіўнуў у адказ і зноў шырока ўсміхнуўся.

Вінцэнт першы правёў кароткае сола і запытальна зірнуў на Сірыла Джордана. Той прыгожым рухам паднёс да вуснаў муштук і не менш прыгожа адыграў свой урывак. Потым зноў саліраваў Вінцэнт, а пасля яго — амерыканец, і такое паўтаралася шмат разоў. Я сам быў гатовы заспяваць, таму што адчуваў сапраўднае шчасце музыканта, які атрымліваў неймаверную асалоду ад стварэння музыкі ў добрай кампаніі сяброў і зусім не хацеў пачуць апошні акорд.

І ўсё ж у адным я не памыляўся: Вінцэнт прыкметна нерваваўся. Зразумела, што негр з тэнар-саксафонам быў для яго магутным раздражняльнікам, і ён зусім не хацеў бледна выглядаць на чорным фоне. Мусіць, Вінцэнт усвядоміў, што з тэхнічнага боку пабіць амерыканца ён няздольны: правільная, рафінаваная, добрасумленная манера чорнага музыканта была значна больш джазавая па сутнасці, чым ягонае нервовае, нейкае непрычасанае гранне. Менавіта таму ён імкнуўся пабіць Джордана іншым — надзвычайным эмацыянальным напружаннем, нечаканасцю і нелагічнасцю вырашэнняў, нязвыклых для прадстаўніка джазавай краіны, радзімы джаза, асэнсаваннем таго, што было некалі створана далёка за акіянам і прыжылося ў краіне, дзе імправізацыі заўсёды было зашмат, хоць афіцыйна яна ніколі не ўхвалялася.

Дуэль двух саксафаністаў магла працягвацца яшчэ вельмі доўга. Вінцэнт працаваў на мяжы ўласных магчымасцяў і не збіраўся саступаць амерыканцу ані дзюйма. Той жа быў проста ўпэўнены ў тым, што, апрача чорных, сапраўдны джаз годна выканаць ніхто не ў стане. Таму, што б там ні выдумляў, ні круціў гэты касматы, вялікі рускі мядзведзь, апошні стрэл у паядынку павінен быў застацца за ім, Сірылам Джорданам. Ці, калі хочаце, — Джорданам Сірылам. Ліха іх, сапраўды, зразумее, гэтых чорных!

І стрэл на самой справе неўзабаве прагучаў, толькі што зусім не адтуль, адкуль я яго чакаў. З цемры няўпэўнена выплыла хударлявая постаць афіцыянта. Аберуч Філя трымаў невялікі паднос, на якім стаяла паўнюсенькая бутэлька “Доўгага Джона” і дзве шклянкі з лёдам.

— Слыш ты, сэр! — крыкнуў праз музыку Філя амерыканцу. — Гэта вам двум з таго вунь стала. Падсілкавацца крыху. Што-што?.. Ён не разумее хіба па-нашаму?

Амерыканец у той момант натхнёна саліраваў, таму Філя пераключыў сваю ўвагу на Вінцэнта.

— Эй, доўга я тут тырчаць буду?! — зноў закрычаў ён. — Давай на халяву, не затрымлівай!

Я кіўнуў Чырыку, і той зарыентаваўся імгненна. Ён хутка перахапіў фразу амерыканца і пачаў саліраваць на сінтэзатары. Ды паміж акордамі паспеў гукнуць Вінцэнту:

— Давай, Вінцік, сёння можна, калі сама Амерыка прастаўляе!

Амерыканец і Вінцэнт выпрасталіся і наблізіліся адзін да аднаго. Сірыл Джордан са сваёй назаўсёды прылепленай усмешкай працягнуў Вінцэнту руку. Той пачакаў колькі імгненняў і з каменным выразам на твары паляпаў амерыканца па плячы. У зале нястройна заапладзіравалі, а негр пачаў усміхацца ўжо ва ўвесь рот. Я нават перапалохаўся: мне здалося, што ягоныя сківіцы вось-вось не вытрымаюць і больш ніколі не вернуцца на свае месцы. А што Джордану яшчэ заставалася рабіць? Жэст Вінцэнта быў усё ж даволі абразлівы. Дзе-небудзь на ўзбярэжжы Гудзона за такое можна было і па кавуне атрымаць. Ды негры, відаць, папрывыкалі да такога абыходжання з імі, і міжнародны скандал у “Зорцы” так і не выбухнуў.

У той час Філя наліў віскі ў адну з высокіх шклянак і пацэліў рыльцам бутэлькі ў бок другой. Але Вінцэнт спрытна перахапіў руку афіцыянта і вырваў з яе бутэльку цудоўнага шатландскага напітку.

— Дай сюды, анучка! — прахрыпеў ён. — Маё!

Гэтага Вінцэнт не павінен быў рабіць ні ў якім разе! Ніхто, апрача мяне і Жужы, хіба не здагадваўся пра надзвычайныя здольнасці нашага саксафаніста спажываць моцныя напіткі такімі незвычайнымі порцыямі. Ды яшчэ імгненна і да сухога донца.

Так яно амаль і адбылося. Вінцэнт закінуў галаву і непасрэдна з рыльца пачаў прагна паглынаць віскі. Кадык на ягонай тоўстай шыі лётаў, як поршань, уверх-уніз, пітво вылівалася з рота і сцякала па шчаках, перамешвалася з кроплямі поту. І нарэшце настаў той самы момант, калі задаволены сабой амерыканскі негр наогул перастаў усміхацца. І чым менш віскі заставалася ў бутэльцы, тым больш выцягваўся твар канчаткова збітага з панталыку Сірыла Джордана.

— Вышэйшы пілатаж! — пачуў я за сабой голас Цэцэ, у той час як мае пальцы аўтаматычна працягвалі слізгаць па грыфу гітары.

Не, сухога донца прыгожай замежнай пляшкі Вінцэнт Сапега гэтым разам не ўбачыў. Сціскаючы бутэльку ў сваёй агромністай руцэ, ён спачатку, аблізваючыся, павольна апусціўся на карачкі, а потым проста плюхнуўся на падлогу, мокрую ад ягонага поту і пралітага віскі. Філя схіліў галаву набок і яўна не ведаў, што рабіць. У зале між тым настала такая цішыня, нібыта ўсе чакалі, што Вінцэнт вось-вось зноў пачне іграць. Прыгожы Сірыл Джордан асцярожна зняў саксафон з раменьчыка і бачком, на дыбачках, пакінуў сцэну. А герой вечара застаўся сядзець на ёй, выпрастаўшы ногі. Ён надзімаў шчокі, пыхцеў і трос галавой, поўнай нерэалізаваных геніяльных задум.

— Апладысменты, таварышы, бурныя апладысменты! — разарваў цішыню гучны голас Маркіза, які аднекуль ускочыў на сцэну, збіўшы па дарозе стойку з вялікай талеркай. Цэцэ не паспеў падхапіць яе, медзь грымнулася на падлогу, у рэстараннай зале нібыта падала голас магутная жнівеньская навальніца.

— Падыміся, Сапега, чуеш? — гучна камандаваў Маркіз. — Чуеш, ты? Я табе загадваю: падыміся! Амерыканец хоча з табой гаварыць!..

Вінцэнт з вялікім намаганнем азірнуўся на Маркіза, падняўся з падлогі і стаў, шырока расставіўшы ногі. Яго злёгку пагойдвала, але глядзеў ён на Маркіза спадылба цвёрда, не міргаючы.

— Ну... — паманіў ён Маркіза пальцам. — Дзе твой амерыканец? Давай яго сюды!

Маркіз замахаў рукамі, і да сцэны наблізіўся высокі, сталага ўзросту белы мужчына ў цёмных акулярах і дарагім касцюме. Ён спыніўся насупраць Маркіза, усміхнуўся і пачаў нешта гаварыць. Я запытальна азірнуўся на Валяя.

— Значыць, так... Ён выказвае сваё захапленне тым, што сёння пачуў, — пачаў перакладаць Валяй. — Ягоная фірма будзе рада... тут ён нешта занадта спецыфічнае загнуў... адным словам, ён абяцае прыняць яго ў Штатах і... паказаць у лепшых джаз-клубах. Абяцае таксама запіс дыска... удзел у нейкай тэлепраграме... пазнаёміць з Уілісам Конаверам... Канец свету, адным словам!

Амерыканец скончыў сваю прамову і палез у кішэню пінжака. Ён дастаў адтуль бялюткі канверт і працягнуў яго Вінцэнту.

— Бяры хуценька! — падштурхнуў Вінцэнта Маркіз. — Бяры, то ж аванс табе, у доларах!

Вінцэнт узяў незаклеены канцерт, зазірнуў у яго і дастаў даволі тоўсты пачак грошай. Я столькі “зялёных” адным разам ніколі бадай і не бачыў.

— Ух ты!.. — прысвіснуў за маёй спінай Цэцэ. — Цяпер дзесяць гадоў можна не лабаць!

Сапега круціў у руках пачак “зялёных” і яўна не ведаў, што з ім рабіць. Ён недаўменна азірнуўся на Маркіза, потым паглядзеў на прадстаўніка амерыканскай фірмы, зноў упяліўся ў долары.

— Давай, давай іх сюды, — працягнуў руку Маркіз. — Мы грошы сумленна зарабілі.

— А шыш табе! — нечакана гаркнуў Вінцэнт.

Ён аберуч сціснуў пачак “зялёных” і рэзка пераламіў яго напалам. Жылы ўздуліся на ягоных руках, твар яшчэ больш пачырванеў ад напружання, пот пырснуў з яго, як сок з выціснутага лімона.

— Што ты робіш?! — закрычаў Маркіз і кінуўся да Вінцэнта. — Ты што?! Аддай!

Але не было на свеце сілы, здольнай у гэты момант вырваць “зялёныя” з рук раз’юшанага музыканта. Вінцэнт нема рычаў, перамолваў сваімі тоўстымі пальцамі валюту, а вакол яго скакаў Маркіз, хапаючы Вінцэнта то за рукі, то за мокрую кашулю.

— Дай яму па галаве, дурному! — ускочыў з-за барабанаў Цэцэ. — Ён жа зараз... Што ён вытварае?!

Цвёрдая амерыканская валюта не вытрымала націску. Пачак разарваўся пасярэдзіне, Вінцэнт пераможна замычаў і ўскінуў уверх абедзве рукі. Палавінкі таго, што хвілінай раней было доларамі, узляцелі пад самую столь і павольна пачалі асыпацца на сцэну. Маркіз абхапіў рукамі галаву і зрабіўся быццам бы меншы ростам. Цэцэ кінуўся збіраць паперкі з падлогі. Ён прагавіта хапаў іх і запіхваў у кішэні свайго канцэртнага пінжака. На карачках Цэцэ падпоўз да мяне і на імгненне прыўзняў галаву.

— Зуб, калі іх паклеіць, колькі, ты думаеш, фарца можа даць за адзін “зялёны”?

Мне карцела гваздануць яго сваёй гітарай проста па чэрапе, але я не паспеў. Ды і гітары было шкада, не галавы ж той...

А Вінцэнт — гучна смяяўся!

Яго ўсяго трэсла ад рогату. Толькі твар заставаўся надзіва абыякавы, як нежывы, нібыта Вінцэнт нічога не заўважаў, нічога не хацеў чуць, нікога мець побач з сабой...

Высокі амерыканец ссунуў акуляры на кончык носа і не мог нарадавацца, спазнаючы на ўласным вопыце складаную душу загадкавых для яго “рускіх”...

І тады раптам Вінцэнт схапіў свой стары, пабіты гадамі саксафон.

Мне здалося, што жыццё наўкола спынілася.

Разам з першай узятай нотай Вінцэнт грымнуўся на калені. Я чакаў, што на прысутных абрынецца вадаспад гукаў, у якім саксафаніст выплесне ўсё, што ў гэтыя імгненні напоўніла да краёў ягоную душу. Але першы гук інструмента быў мяккі, цёплы, вытанчаны, ён зрабіў бы гонар кожнаму саксафаністу-акадэмісту. Гучанне інструмента зусім не адпавядала ні знешняму абліччу Вінцэнта, ні ўсяму таму, што адбывалася наўкола. Гучаў пачатак нейкай балады, і хоць уступ да тэмы быў мне да болю знаёмы, я мог прысягнуць, што гэтая музыка нараджалася менавіта цяпер, на вачах усіх, каб прагучаць і адысці назаўсёды, знікнуць з памяці ўсіх прысутных. Вінцэнт іграў прыгожымі, шырокімі фразамі, з шумам набіраў у грудзі паветра, каб праз імгненне ўвасобіць яго ў чарадзейныя гукі. Часам ён схіляўся лбом амаль да самай падлогі, і тады саксафон знікаў паміж ягоных ног, не спыняючы, аднак, сваю самотную, адчайную песню.

У мяне на душа зрабілася ніякавата, я надзвычай выразна адчуў: калі на свеце існуе нешта такое, што называецца лебядзінай песняй, дык менавіта яе я чуў упершыню ўласнымі вушамі ад Сапегі. Некуды праваліўся з поля зроку Цэцэ з ягонымі дрыжачымі, ліпкімі пальцамі, прапаў у цемры залы наліты армянскім каньяком Маркіз, адступіў ад сцэны ўражаны фірмовы амерыканец, і толькі аператар насупраць Вінцэнта па-ранейшаму падміргваў аб’ектывам відэакамеры.

Вінцэнт ні на што больш не звяртаў увагі. Ён нібыта працягваў маліцца свайму богу, здольнаму знішчыць усё наўкола сябе і зруйнаваць, спаліць непераможнай моцай, вогненнай віхурай пранесціся па-над зямлёй, пакідаючы пасля сябе людзей у роспачы і слязах, павыбітыя шыбы ў дамах і з коранем вывернутыя дрэвы. Ягоная духоўная песня была гімнам, пасланым усяму свету чалавекам, які быў здольны зазірнуць у будучыню і ўбачыць там тое, пра што цяпер ніхто не здагадваўся, над чым ніхто пакуль нават не задумваўся. Гіпнатычная музыка Вінцэнта ўладарна падпарадкоўвала сабе, рабіла кожнага з нас бязвольнай пясчынкай у бясконцай прасторы сусвету.

Мае пальцы міжволі дакрануліся струн гітары. Я, стаіўшы дыханне, пайшоў услед за Вінцэнтам: асцярожна, ашчадна кранаючыся струн, толькі час ад часу акцэнтуючы ўвагу на асобных нотах. Вінцэнт тым часам спакваля насычаў гучанне, паскараў тэмп, але па-ранейшаму іграў поўным, мясістым гукам, падымаючыся па дыяпазону ўсё вышэй і вышэй. Краем вуха я пачуў, як Валяй пяшчотна прымусіў свой кантрабас далучыцца да нашага дуэта, як Чырык вельмі далікатна ўзяў на раялі ледзь чутны акорд.

Не спыняючы музыку, Вінцэнт падняўся на ногі, шырока расставіў іх, але ягонае цела працягвала выконваць ранейшыя рухі: ён то схіляўся амаль да падлогі, то выпростваўся і адкідваўся назад. Сутаргі калацілі ягоныя ногі, але саксафон гучаў надзіва роўна, упэўнена. Я чуў усё больш і больш высокіх, рэзкіх нот, Вінцэнт ляпіў фразы з такіх гукаў, якія іншыя саксафаністы здольныя ўзяць за ўвесь вечар хіба што аднойчы.

Я зафіксаваў белую пляму дзявочага твару: Жужа з шырока расплюшчанымі вачыма нягучна ўступіла ў промень пражэктара. Яна нешта шаптала мне, пра нешта, здаецца, прасіла, і я здагадваўся, што мушу сам спыніць Вінцэнта, таму што ён няўхільна набліжаўся да той музыкі, якая неспадзявана загучала ў студыі радыё. У такім выпадку заканчэнне сэйшана было прадказаць няцяжка ўжо цяпер. Вось чаму я і сам хацеў неяк прымусіць Вінцэнта змоўкнуць, аднак не знаходзіў у сабе сілы прыўзняцца з крэсла. Мае пальцы ўсё хутчэй лёталі па струнах; падпарадкоўваючыся Вінцэнту, я таксама паступова фарсіраваў гучанне, спяшаўся і ніяк не мог паспець за саксафонам, прадказаць сканчэнне адной фразы і пачатак, далейшае развіццё наступнай, іх лагічную сувязь.

І тады, калі ўжо здавалася, што хутчэй іграць зусім немагчыма, Вінцэнт выпрастаў сваё вялікае цела, упіўся зубамі ў муштук і праз кароценькую паўзу вярнуўся да тэмы, з якой пачаў сваё сола. Цяпер тэма гучала рамантычна, узнёсла, нагадваючы нечым касцельны харал, які здольны ўзрушыць людзей і прасвятліць іх душы. Я зарыентаваўся амаль імгненна: пстрыкнуў пальцамі, і хлопцы за маёй спінай адарвалі рукі ад сваіх інструментаў. Урачыстая кадэнцыя саксафона нібыта пашырыла прастору рэстараннай залы і аднекуль зверху нябеснай залевай абрынулася на галовы людзей.

Апошнюю ноту Вінцэнт трымаў доўга-доўга, як умеў рабіць хіба ён адзін, і пасля таго, як яна змоўкла, ён усё не мог адарваць рот ад інструмента, нібы застыўшы з ім у маўклівым пацалунку. У зале не пачулася ані гуку. Вінцэнт зняў саксафон з раменьчыка, схіліў галаву і ўважліва прайшоўся позіркам ад муштука да раструба. Потым ён пяшчотна дакрануўся вуснамі да саксафона, нешта прашаптаў і паклаў свой стары альт на падлогу. Знерухомеў, не ўздымаючы галавы...

Толькі цяпер да маіх вушэй даляцеў нейкі няўцямны гук — музыка працягвала жыць.

— Бадай, трэба мяняць прафесію, хлопцы, — пачуў я Валяя.

— Проста фантастычна, неверагодна! — штурхаў мяне ў плячо Джон. — Ён саліраваў шаснаццаць хвілін без перапынку!

— Вінцусь, родненькі, што табе баліць? — пыталася Жужа, цягнулася і не магла дацягнуцца да рукі Вінцэнта.

Ён маўчаў, гледзячы перад сабой, але нічога не бачыў, нікога не чуў. Яго ўжо не было сярод нас. Ён знаходзіўся недзе там, у сваёй будучыні...

Вінцэнт пераступіў праз свой саксафон, прайшоў праз залу да дзвярэй, ледзь перастаўляючы ногі. Ніхто не спрабаваў яго спыніць, ніхто не памкнуўся сказаць яму хоць слова. Я глядзеў Вінцэнту ў спіну і адчуваў, што не магу паварушыць і пальцам. Перад маімі вачыма прамільгнуў разгублены твар Віцька, які сваім выразам зусім не адпаведаў ягонай суровай прафесіі. Жужа, якая была скранулася ўслед Вінцэнту, так і стала, склаўшы рукі на галаве. Філя крочыў наперадзе Вінцэнта і сур’ёзна, моўчкі рассоўваў людзей, якія паўздымаліся са сваіх месцаў. Андрэй Захаравіч рыўком расчыніў дзверы з залы і прапусціў Вінцэнта, які, пагойдваючыся, спыніўся і вельмі павольна азірнуўся.

Звярыны, драпежны рык вырваўся з ягонага нутра. Я быў упэўнены: ён нешта хацеў сказаць нам усім — мне, Жужы, Маркізу, амерыканцам, слухачам... Хацеў — ды не мог. Ён проста не здолеў расціснуць зубы, не змог паварушыць задубянелым ад напружання языком. Яму толькі і засталося што прастагнаць, прарычаць свае развітальныя словы. А можа, яму і сапраўды нешта балела...

Невядома адкуль на сцэну выпаўз Маркіз. Ён ужо ледзь трымаўся на нагах.

— Хлопчыкі мае... — Маркіз паляпаў сябе па грудзях. — Вось тут, усё тут!.. Сваю ролю ён выканаў на пяць! Хлопчыкі!.. Хутка мы паедзем у Штаты. Я падпісаў усе паперы... Філя, мы сёння п’ем шампанскае!

Я рэдка бачыў яго п’яным. Стан Маркіза на мяне падзейнічаў надзвычай адмоўна. Я ўзяў гітару, падняў пакінуты на падлозе саксафон і сказаў Жужы: “Пайшлі! Канец сеанса!”

Жужа ўмазала мне па шчацэ мокрай ад слёз далонню. Ну не мог я сказаць нічога іншага, не ўмею наогул дарэчы казаць у падобных сітуацыях! Ды тут кожнае слова аказалася б фальшывае, таму я ніяк не адрэагаваў на жэст Жужы, а проста падпіхнуў яе ў бок нашага пакойчыка.

За спінай нешта стрэліла. Я азірнуўся: Маркіз стаяў на сцэне адзін і спрабаваў піць з рыльца бутэлькі шампанскае. У яго нічога не атрымлівалася. І ніхто, апрача мяне, не звяртаў на яго ўвагі.

У пакойчыку я паклаў гітару ў футарал, загарнуў саксафон у старую коўдру, зняў з паліцы чамадан і разам з саксафонам аддаў яго Жужы.

— Я ўсё думаю: мне трэба было абавязкова яго спыніць, — сказала яна. — Вырваць саксафон з рук, як толькі ён пачаў іграць сваю няшчасную музыку.

— Безнадзейна, — махнуў я. — Калі і трэба было так рабіць, дык не нам і не сёння, а значна раней.

— Калі? — спытала Жужа.

— А вось пра гэта табе ніхто не скажа... Пайшлі!

Мы выйшлі з рэстарана і на ганку пачакалі Валяя ды Чырыка.

Учатырох мы крочылі па начным горадзе, усё неба над якім зацягнулі хмары. Мы ішлі ўсе разам і кожны паасобна. Не ведаю, як хто, але я адчуваў на душы нейкую невытлумачальную палёгку. У кожным разе яшчэ адзін значны эпізод жыцця можна было з гонарам занатаваць у дзённіку.

— Ён, напэўна, да мяне паехаў, — каторы раз з нясмелай надзеяй у голасе паўтарыла Жужа, але ў мяне не было ніякага жадання яе расчароўваць.

Урэшце, набліжалася восень. А ў такі час мне зусім не хочацца спрачацца. Ні з кім, нават з самім сабой...

е/ September In The Rain (“Верасень у дажджы”). Гэры Уорэн

У мяне дома нячаста збіраецца такая прыемная кампанія. І калі б на тое была якая іншая прычына, я, напэўна, не мог бы нарадавацца. Але цяпер для радасці ніякай нагоды не было.

Мінула амаль гадзіна, як мы прыйшлі сюды, селі, не распранаючыся, у вялікім пакоі вакол стала. Жужа па дарозе забегла дамоў, але выйшла з пад’езда хутка і моўчкі пасунулася наперадзе нас. Я не памыліўся: Вінцэнт да яе нават не зазірнуў.

Цяпер яна забралася з нагамі на канапу і села, прыціснуўшы да сябе стары саксафон, які па-ранейшаму быў загорнуты ў выцвілую коўдру. Я апусціўся на край канапы, але перад гэтым паставіў на стол шклянкі, бутэльку гарэлкі і сподачак з нарэзанай каўбасой. Валяй уладкаваўся проста на падлозе, закурыў і тупа ўпяліўся ў столь. Чырык сядзеў у крэсле каля стала, круціў у пальцах пустую шклянку. Піць нікому не хацелася.

— Валяй, можа, ты да Аляксея злётаеш? — спытала Жужа. — Вінцэнт мог і туды пайсці.

Валяй адмоўна пакруціў галавой. Мусіць, адна толькі Жужа ніяк не хацела зразумець, што нам лепш за ўсё не кранацца з месца. Мы занадта шмат нядаўна пачулі і цяпер даволі няблага сядзім, не маючы права сваім нездаровым імпэтам псаваць людзям кроў у такую паганую, мокрую ноч...

— Я грошы дам вам на таксі, — працягвала канючыць Жужа, а я зноў пачаў чуць у яе словах сваю любімую музыку. Таму што калі ў маёй галаве пачынае гучаць блюз, наўрад ці знойдуцца сілы, здольныя скрануць мяне з наседжанага месца.

За вокнамі і сапраўды разгулялася непагадзь. Вецер то наскокваў на шыбы сваёй халоднай, абыякавай сілай, то сціхаў, стаіўшыся, за вялікімі, амаль голымі таполямі, то лашчыўся да няяркага святла майго пакоя, шкробся ў падаконнік жалезнымі кіпцюрамі дробнага, дакучлівага дажджу. Адпаведна ветру ягоныя кроплі то перасыпалі шротам па шыбе, то казыталі яе, нібыта вялікімі металічнымі шчоткамі, раскалыхваючы ноч у напоўненым энергіяй безупынным рытме. І на фоне такога зададзенага таямнічага руху чулася нейкая няўцямная таямнічая мелодыя, адарвацца ад якой не было ніякіх сіл.

— Можна падумаць, што вы ўсе не мужчыны, — па інерцыі сказала Жужа, якая сама, відаць, пераканалася ўжо ў тым, што ніхто з нас не кінецца ў такую непагадзь шукаць сапраўды дарагога нам чалавека. Блюз — надзвычай небяспечная музыка. Кожны ўспрымае яе па-свойму, але блюз — гэта яшчэ і прымусовы камфорт, з якім развітацца вельмі няпроста. Тады б яны ўсе засталіся тут назаўсёды...

— Хто са мной? — спытаў коратка я і ўзяў са стала запацелую пасля халадзільніка бутэльку.

Мне ніхто не адказаў. Зразумела, калі б тут быў распалены камін, рэакцыя прысутных была б зусім іншая: каму ахвота піць халодную гарэлку, калі горад палівае пранізлівы восеньскі дождж? Я наліў крыху сабе, столькі ж Валяю і Чырыку. Жужа піць не будзе. Не трэба ёй піць...

Здараюцца сітуацыі, калі гарэлка ніяк не сагравае. Ды і выпіў я гэтым разам зусім не дзеля таго, каб сагрэцца. Блюз нельга слухаць цвярозаю галавой. Гэта хіба тое ж самае, як купацца ў моры з думкаю пра тое, каб толькі не намачыць валасы. Усяго толькі і трэба, каб злёгку прасвятлела ў галаве, каб розныя думкі не чапляліся за твае нешматлікія, а таму — залішне ганарлівыя звіліны, а маглі свабодна блукаць, заклікаючы ў поўнае нечаканасцей падарожжа, імя якому — блюз.

А можа, я проста чокнуты на гэтым блюзе?

— Не ведаю, — сказаў Валяй і запаліў чарговую цыгарэту. — У нечым яго і можна зразумець... Але тое, што ён сёння паказаў, паўтарыць немагчыма.

— Ён і сам пазней не будзе здольны паўтарыць тое, — дадаў Чырык.

— Ды я не пра тое нават... — Валяй паднёс да рота шклянку і зрабіў невялічкі глыток. — Я пра тое, што, паслухаўшы такую музыку, цяжка потым прымусіць сябе самога ўзяць у рукі ўласны інструмент.

— А я сёння адчуваў сябе хлопчыкам-недавучкам, — нечакана прызнаўся Чырык. — Гэта пры тым, што добра ўсведамляю, чаго я варты як музыкант.

Я ўзяў плед у шафе і кінуў яго Жужы. Блюз — музыка дабрыні, а што яшчэ я мог цяпер зрабіць для Жужы?

— Мне зусім не холадна, — сказала Жужа, забралася пад плед і прыціснула да сябе саксафон. Чырык ледзь прыкметна ўсміхнуўся.

— Нешта новенькае ў галіне сексу, — заўважыў ён.

Сексу, саксу... Дождж адбівае свой рытм на шыбе, і ніхто не жадае падтрымаць ягоны жарт. Які сэнс? Блюз не вымагае, каб кожную рэч табе тлумачылі да дробязяў. Блюз — музыка намёкаў, музыка сцвярджэння, з якім можна і не пагадзіцца, аднак ніхто не будзе патрабаваць ад цябе адказу. Гэта працяглая, нетаропкая гутарка некалькіх асоб. Нехта нешта сказаў, нехта падтрымаў сказанае, дадаў сваё, няхай яно і не цалкам адпавядае таму, пра што ідзе гаворка. І ніхто не палохаецца вялікіх паўз. Ударнік жа працуе бесперапынна, трымаючы на кончыках сваіх палачак з аголенымі нервамі незаўважныя няважкія ніці размовы. І цішыня спрыяе развіццю заяўленай тэмы.

— Дзе б мне пазычыць тысяч з пяць? — падаў голас Чырык.

Зразумела, тут ніякіх пытанняў да яго быць не магло. Чалавек шукае грошай. Тут і так ясна нашто, асабліва калі гэты чалавек — музыкант.

— Мне вельмі хацелася б як мага хутчэй вярнуць Маркізу ўсё, — сам растлумачыў Чырык. — Усё да апошняй капейчыны, а пасля сказаць яму: “Бывай! Далей — без мяне!”

— Ён думае, што адзін такі разумны, — зазначыў Валяй.

— І ты таксама? Значыць, Маркіз хіба мяне аднаго даўгамі не аблытаў, — пахваліўся я.

— Не паспеў яшчэ, — усміхнуўся Чырык.

— Не паспее ўжо, — адказаў я і азірнуўся на канапу.

Прытуліўшыся шчакой да стомленага саксафона, Жужа спала. І яе сон таксама быў блюзам. Яна акупавала маю канапу, мусіць, у апошні раз. Хутка прыедзе Алена, і калі Жужа і асмеліцца вось так расцягнуцца на маёй канапе, дык толькі хіба што ў прысутнасці маёй будучай жонкі. Ды толькі Жужа не асмеліцца. Таму што гэтая канапа да канца жыцця будзе ёй назаўсёды заказаным успамінам...

— Уся справа ў тым, што ніхто з нас напэўна не ведае, куды трэба ехаць, дзе яго шукаць, — нібыта прачытаў мае думкі Чырык, які запытальна зірнуў на мяне.

— Вінцэнт мне так і не сказаў, дзе яго зачапіў Маркіз, — растлумачыў я. — Таму — прабачце...

— Пэўна ж, недзе ў Заходняй Беларусі. — Валяй падняў шклянку, але праз хвіліну паставіў яе на месца.

— Падарожжы па раённых кабаках з выпытваннямі мясцовых лабухаў і частаваннямі іх гарэлкай будуць табе занадта шмат каштаваць, — адзначыў Чырык. — Я — пас. Проста не ў стане. Дык дзе пазычыць грошы, хто падкажа?

Мне зусім не хацелася думаць, што мы ўтрох сядзім вось так ціха і прыязна вакол стала апошні раз, што, можа, ужо раніцай жыццё параскідае нас, развядзе ў розныя бакі, пакінуўшы дазвол на выпадковыя кароткія спатканні сярод вулічнай штурханіны ці ў рэстаранным чадзе, дзе ўжо не будзе ніякай магчымасці зірнуць адзін аднаму ў вочы, паслухаць, што думае чалавек, які некалі, няхай сабе і на працягу аднаго толькі вечара, быў табе блізкім сябрам. Ох, блюз, ты — рэч вельмі здрадлівая!

— Мужчыны! — рашуча сказаў Валяй і падняўся з падлогі. — Паслухайце-ка вы мяне, мужчыны!

Мы з Чырыкам былі гатовыя слухаць нашага разумнага Валяя бясконца.

— Не ведаю, як вы адносна гэтага...

— Думаю, ты не памыляешся, — адказаў за сябе і за мяне Чырык.

— Ну і добра тады! — усміхнуўся Валяй. — Я так і думаў. Перамоўлюся з Аляксеем. Думаю, здолею яго пераканаць, што разам трох такіх спраўных лабухаў ён так проста на вуліцы не адшукае.

— Мне б толькі... — занепакоіўся Чырык.

— Не бядуй! — спыніў яго Валяй. — Хіба цяпер вялікая праблема — нейкія пяць тысяч? Думаю, ужо заўтра ўвечары ты зможаш лёгка расплаціцца з Маркізам і развітацца з ім. Ці не так, Зуб?

Перспектыва атрымаць неўзабаве новы інструмент для мяне, такім чынам, істотна адсоўвалася ў далёкую будучыню аж да межаў поўнай няпэўнасці. Але гэта таксама — блюз. Таму што толькі ён здольны падштурхнуць цябе да нелагічных, але вельмі рашучых учынкаў. Да таго ж, развітаўшыся з Вінцэнтам, мне зусім не хацелася губляць яшчэ і гэтых двух не абы-якіх лабухаў. Гітара — рэч патрэбная. Ды яшчэ невядома, дзе, у якой кампаніі я буду іграць на тым новым інструменце. А тут — усе свае. Для іх усё ж галоўнае — не шыкоўная гітара, а што ты здольны на ёй паказаць.

Таму я моўчкі напоўніў шклянкі.

— На памінках тосты нібыта не гавораць, — сумна пажартаваў Чырык.

— А мы вып’ем зараз за нараджэнне, — адказаў я.

— Я хачу выпіць за Вінцэнта. — Валяй падняў шклянку і на імгненне задумаўся. — Хачу выпіць за чалавека, які кожнага з нас прымусіў прачнуцца. Не ведаю, адшукаем мы яго ці не. Думаю, ён пайшоў ад нас назаўсёды. Але пры гэтым ён застаўся тут, ён пачаў жыць у кожным з нас. Ён абудзіў нас у тым сэнсе, што прымусіў зрабіць учынак. Не думаю, што ты, Зуб, ці ты, Чырык, здолелі б самастойна развітацца з Маркізам. Наўрад! Ды прыйшоў Вінцэнт і рашуча парваў гэтае павуцінне. Магчыма, не да канца і не для ўсіх адшукалася выйсце. Магчыма, я памыляюся, і мы ніколі больш не будзем лабаць разам, хіба што зрэдку — на сэйшанах. Мне цяпер здаецца, што Вінцэнта наогул не было. Кажу гэтак таму, што я раптам адчуў у сабе нешта такое, чаго раней не ведаў. Я прачнуўся. Так, сапраўды, я на самога сябе зірнуў нібыта збоку і ўразіўся: я, аказваецца, магу быць іншы! Магу не хлусіць сабе і сваім сябрам, быць заўсёды сабой і верыць, што табе заўсёды жадаюць шчыра дапамагчы. Я паверыў, што магу іграць сваю музыку і быць упэўненым: у мяне будуць слухачы, здольныя адрозніць сапраўднае ад падробкі. І ўсё гэта адбылося дзякуючы таму, што побач са мной колькі часу быў музыкант, які лічыў музыку сваім галоўным клопатам. Думаю, што Вінцэнт нарадзіўся ў кожным з нас трох.

— Чатырох, — пачуўся голас з канапы. — Зуб, на стале ж нібыта чатыры шклянкі...

Слова дамы для мяне — закон. Тым больш што ў дамы ўласная галава на плячах.

— Вось таму я і прапаную выпіць за нараджэнне! — скончыў прамову Валяй.

І нашыя шклянкі дружна грукнуліся адна аб адну.

Мы сталі вакол стала, думаючы кожны пра сваё. Дождж на вуліцы сціх, нібыта ён не хацеў замінаць хадзе вечара, калі мы здолелі сказаць столькі, сколькі не сказалі адзін аднаму за шмат тыдняў.

Якраз у гэты самы момант ад дзвярэй даляцеў працяглы, нахабны званок, і ў мяне адразу ж сапсаваўся настрой.

Бо калі б гэта быў Вінцэнт, ён званіць бы не стаў.

Ён проста высадзіў бы нагой дзверы, і мы паўтарылі б тост за нашае нараджэнне.

І я пайшоў адчыняць дзверы. Зрэшты, кожны блюз калі-небудзь мусіць скончыцца...

люты 1991 г.