Саксафон Чынгісхана

Падбярэзскі Зміцер


Саксафон Чынгісхана, альбо „хворыя” грошы - Сола ад Жужы

а/ Sophisticated Lady (“Вытанчаная лэдзі”). Дзюк Элінгтан

Я ішла па сходах уніз амаль услед за Вінцэнтам і зверху бачыла ўсё, што здарылася ў фае гатэля. Спачатку нейкі маленькі азіят умомант паклаў на падлогу двух фарцоўшчыкаў, а калі да яго кінуліся людзі ў цывільным, ён таксама не даўся ім у рукі. Тыя, у цывільным, напэўна ж нешта ўмелі, нечаму вучыліся, ды мне здалося, што лысы азіят проста заманьваў іх далей ад святла. Я не памылілася: спачатку адзін з іх вылецеў у фае спінай наперад, потым адтуль жа, з-за кіёска, хістаючыся, выпаўз на нягнуткіх нагах другі з адарваным рукавом марынаркі, прысеў каля сценкі і сціх. Затое ў цемру адважна кінуўся нарад юнай міліцыі. Гэтых спыніць хіба што танк, дый то — вельмі вялікі. Захапіўшыся гэтай бойкай, я не заўважыла, з кім знік Вінцэнт, але азіят яўна прыкрываў ягоны адыход. Вось чаму я кінулася ўслед за міліцыяй.

Каля дзвярэй, што выходзілі на гаспадарчы двор, было навалена шмат пластыкавых скрыняў, сярод якіх, гаворачы розныя брыдкія словы, кешкаліся тры юныя асілкі з аховы правапарадку. Яны, было відаць, нават утрох не здолелі схапіць за хвост пранырлівага азіята, і цяпер ім нічога не заставалася, як звярнуцца па дапамогу да тэхнічных сродкаў.

— Сярога, блін, чуеш? — крычаў адзін з міліцыянераў у рацыю. — Чуеш, ён уцёк на невядомым матацыкле!

— Ты рацыю ўключыў? — спытаў другі юны міліцыянер.

— Шыпіць — значыць, працуе, — адказаў першы. — Толькі Сярога нешта не адказвае. Але яго я чую, здаецца...

— Бетонны будынак замінае праходзіць хвалям, — выдаў трэці.

— Ідзі ты ў ...! Хвалі яму, бач ты, не праходзяць... Восьмы, Сярога, ці чуеш, блін?

— Ты, мусіць, усё ж не ўключыў рацыю, — далбіў сваё другі міліцыянер.

— Давайце выйдзем на вуліцу, — лез са сваёй прапановай трэці. — Там не будзе перашкод для хваляў.

— Зараз во трэсну рацыяй па галаве, і дым пойдзе са с... ! Сярога, я васемнаццаты, прыём!

— Ты ж на перадачу ўключыў, а на прыём трэба вось гэтую кнопку націснуць...

— Будзе ён мне ўказваць! Хто тут галоўны, га?..

Шмат слухаць інтэлектуальны абмен думкамі ў мяне сіл не было. Ясна, што і Вінцэнт знік адсюль гэткім жа шляхам. Толькі вось з кім і як надоўга? Няўжо Маркіз нешта ведаў, калі прасіў музыкантаў ніколі не пакідаць Вінцэнта аднаго? Ну пэўна ж нешта ведаў! Ды што зараз з таго?

Фае было ўжо амаль у поўным парадку. Адзін з цывільных сядзеў у крэсле, каля яго стаяла кабета ў белым халаце і пра нешта распытвала. А я толькі на імгненне ўявіла сабе ўдар, ад якога, як ад удару сякерай, адвальваецца рукаў пінжака. Б-р-р! Руцэ не зайздрошчу. Гэтыя вузкавокія — наогул ці то чарадзеі, ці то жыхары з таго свету. З імі ўвогуле лепш за ўсё ніколі не звязвацца. Нашто сабе лішнія прыгоды шукаць?!

Каля ігральных аўтаматаў наверсе стаяў Маркіз і выразна намагаўся зразумець, што тут за вэрхал утварыўся. Я яму толькі і сказала: “Вінцэнт знік”.

— Ведаю, — адказаў Маркіз. — Нават ведаю з кім. Яго Ваўчыца заманіла і звезла.

— Хто?! — Я літаральна аслупянела.

— Яна. Ну што ж... Палова справы, такім чынам, зроблена!

Я магла чакаць любы ягоны адказ, але толькі не такі. Ваўчыца і Сапега? Я асабіста была ўпэўнена, што калі на свеце існуюць два дыяметральна процілеглыя характары, дык гэта Ваўчыца і Вінцэнт. А тут такое... Чым усё гэта можна было растлумачыць?

— Ты Віцька часам не бачыла? — спытаў Маркіз.

Ну, зразумела, ён нервуецца, інакш не пытаўся б, таму што Віцёк, калі толькі ён дзяжурыць, абавязкова зазірне да музыкантаў і павітаецца. Як я зразумела, знікненне Вінцэнта ў кампаніі з Ваўчыцай уразіла Маркіза не менш, чым мяне. Толькі вось... Што ён там наконт паловы зробленага сказаў?

— Публіка музыку патрабуе, — паведаміў Валяй, калі прыйшоў да нас. — Мінула ўжо паўгадзіны.

— Я ж вам загадаў: з Вінцэнта вачэй не спускаць! — накінуўся раптам Маркіз на Валяя. — Вось цяпер і іграйце самі і што вам захочацца!

— Што значыць: самі і што захочам? — не зразумеў Валяй.

— А тое, што вам належыць далей іграць адным, без Вінцэнта, — паўтарыў Маркіз. — А паколькі ён знік, я яшчэ буду гутарыць з кожным з вас асобна.

— Мы тут пры чым? Мы ж іграем, між іншым... А калі Сапегу некуды вельмі захацелася, дык гэта ягоная асабістая справа. Чалавек ён дарослы, каб за ім сачыць.

— Ідзі ты... Валяй, і пачынайце! Разгаварыўся, глядзі ты на яго!.. У яго ёсць толькі праца, і нічога асабістага, запомні!

Услед за Валяем Маркіз прайшоў да дзвярэй у рэстаранную залу і спыніўся. Азірнуўся, кінуў позірк на гадзіннік і... Я не паверыла: ён усміхнуўся! Прычым неяк так вельмі жорстка: ён не тое каб усміхнуўся, а проста задаволена ашчэрыўся. Звыш маіх сіл было растлумачыць такі рэзкі пераход ад амаль істэрычнага крыку да поўнага спакою. Тым не менш у адлегласці некалькіх крокаў я, як сабачка, моўчкі суправаджала Маркіза, адчуваючы і ўласную віну за тое, што здарылася. Хоць бы таму, што ў апошні час ён не адганяў, як раней, мяне ад Вінцэнта.

Загучала музыка, ды без сакса Вінцэнта ансамбль выдаваў нейкі бляклы, невыразны саўнд. Не было ў ім дзёрзкасці, агню, дражлівай напружанасці. А тут яшчэ і Моніка голас падала. Я ж вось не спяваю, хоць нахабства ў мяне столькі, што Моніцы і не снілася, ды на сцэну не лезу, разумею: каб насмяшыць людзей, можна прыдумаць нешта больш прыстойнае. Ды я толькі цяпер выразна ўсвядоміла: пойдзе Моніка — ансамбль ад гэтага толькі набудзе. Пойдзе Вінцэнт — на ансамблі можна будзе паставіць крыж. Для такіх музыкантаў сумесная з Сапегам праца — ці не вяршыня іх творчай біяграфіі, хоць гэта яны, магчыма, яшчэ не заўсёды разумеюць. Можа, ім дапаможа сённяшні вечар?

Маркіз цяпер грыз пазногці. Я ведала: гэта паказальная прыкмета неспакойнага стану ягонай душы. Ад Ваўчыцы ж можна было чакаць усяго, ды яна магла проста вывесці Вінцэнта туды, дзе яго не выратуюць нават ягоныя надзвычайныя фізічныя кандыцыі. Што ён зробіць сваімі рукамі супраць нажа ці якога кастэта? Вінцэнт жа пару разоў прылюдна торкнуў фарцу пысай у дзярмо. Вось яны цяпер, мусіць, і скарысталі выпадак, каб разлічыцца з ім...

Ад такіх здагадак мне і самой нешта млосна зрабілася, таму я закурыла. Другую цыгарэту прапанавала Маркізу: на маю думку, цыгарэта — рэч усё ж менш шкодная, чым абгрызеныя да мяса пальцы. Маркіз жа толькі паслаў мяне падалей...

Але чаму Вінцэнт пайшоў за Ваўчыцай? Напэўна, ён мусіў так зрабіць, таму што меў на тое інтарэс. Вось толькі які? Чым яна яго прывабіла? Ложкам, гадаўка? Ну, не ведаю... Для Ваўчыцы Сапега не той кліент, і сам Вінцэнт, думаю, не ў такіх з ёй адносінах, каб спакусіцца на раскошу ложка.

Грошы? Гэта ўжо куды больш верагодная версія. Калі не прайшоў фінт купіць Сапегу на людзях, фарца можа абставіць усё цішком, прапанаваўшы яму столькі, колькі Вінцэнт, мусіць, і ў сне не бачыў. Ён жа ніколі не вытрымае, абавязкова возьме грошы! А купіўшы Вінцэнта, Ваўчыца са сваім Олекам заткнуць яму рот назаўсёды.

Што яшчэ? Асабісты інтарэс Ваўчыцы, калі толькі на імгненне паверыць у тое, што ўсё гэта арганізавала яна адна? Не, такі варыянт выглядаў бы проста фантастычна. Яшчэ падлянку якую наладзіць Ваўчыца магла б запраста, ёй толькі намякні. А вось што да нейкіх яе сімпатый да Вінцэнта... Прашу прабачэння: у яе адно месца даўно працуе выключна за валюту і на айчынныя залёты яна, мусіць, забылася колькі гадоў назад. Ну што можа быць агульнага ў валютнай “зондаршы” з не абы-якім айчынным лабухам? Каханне? Ой, спыніце мяне, таму што я зараз памру з рогату!

— Ты што, на цвік уселася, што табе смешна? — працадзіў Маркіз, нават не азірнуўшыся ў мой бок.

Я нічога не адказала: ён напэўна выбухнуў бы ад кожнага майго слова.

Такім чынам, матыў кахання адпадае. Разам з тым фарца не асмеліцца і намыліць бакі Вінцэнту, таму што, згодна Маркізу, ёсць сведкі, якія бачылі адыход Вінцэнта разам з Ваўчыцай. Значыцца, з усіх магчымых застаецца адзіны матыў: грошы. Божа, як яны тут усе абрыдлі са сваімі грашыма! Пра іх тут толькі і чуеш размовы, як сярод лабухаў, так і ў асяроддзі фарцы і “зондаршаў”. Усе як павар’яцелі на гэтых грошах. Ім не проста грошы давай — абавязкова “зялёныя” ці што іншае з цвёрдай валюты. За яе яны гатовыя маці родную закласці. Цікава, дарэчы, колькі ж фарца прапануе Вінцэнту? Ён жа такі наіўны, што можа пагадзіцца і на зусім малую суму. Эх, мяне пры ім няма!

Быў бы тут сёння Віцёк, ён бы ўмомант вылічыў, куды Ваўчыца павалакла Вінцэнта. Таму што Віцёк напэўна ведае ўсе іхнія норы, ведае ўсе адрасы. Нават калі не ўсе, дык добрую палову напэўна! Іх бы там на цёпленькім і накрылі б! Тады ў каталажку адначасова загрымелі б і Ваўчыца прадажная, і Олек з ягонымі вечна ліпкімі рукамі.

Гэта ж трэба! Дзесяткай мяне прываджваў, спакушаў, абяцаў плаціць штомесяц, калі я пагаджуся даносіць яму пра розныя цікавыя падрабязнасці ўнутранага жыцця “Зоркі”. Не, я так мелка не плаваю. Ён, між іншым, так і адваліў ад мяне, не павысіўшы стаўку. Дурань! Я ўсюды лётаю, усюды паспяваю, шмат што бачу і чую. Вось Віцёк — той чалавек дзелавы, шчыры, прафесіянал. Падсеў неяк да мяне, каву прапанаваў, і не каб там пра сёе-тое, пра жыццё ды быццё... Не, ён адразу ж нават не папрасіў, а загадаў: паведамляць яму пра ўсіх тых новенькіх, што трапляюць у поле прыцягнення “Зоркі”. Грошы ён мне наогул не прапаноўваў, сказаў толькі, што мая дапамога залічыцца мне пасля канчатковай перамогі камунізму. Жартаўнік!..

Цікава, а што было б, калі б фарца адшукала агульную мову з кадэбэ? Не думаю, што камунізм ад гэтага значна наблізіўся б. Можа, адно парадку зрабілася б крыху больш? Усё ж такі гэта была б хоць нейкая сістэма: самі парушаем парадак, самі ж і спаганяем за парушэнні. Універсальнае было б ведамства! І хабар калі б давалі, дык толькі сваім, а такім, як я, напэўна б прапанавалі не дзесятку якую штомесяц, а значна больш, магчыма, нават у валюце, хоць бы ў юанях. Яны, юані, спадзяюся, не дакоцяцца да такога стану, калі счырванеюць з сораму, як нашая дзесятка, якая прадавалася налева і направа ўсе мінулыя гады, а цяперака і рублёўкі шэрай, лічы, нявартая...

Я першая заўважыла, як у наш бок ад уваходных дзвярэй спяшаецца Андрэй Захаравіч.

— Чуеш, Маркіз, я, значыць, толькі што Вінцэнта бачыў, — сказаў ён.

— Прыехаў?! Чаму так рана? — вырвалася ў Маркіза.

— Ну, прыехаў... — пацвердзіў Андрэй Захаравіч. — Ды толькі адразу ж і паехаў. Як быў — у белым касцюме вашым, з саксафонам — ускочыў у таксі і газануў з месца.

— Чакай, ён сам прыехаў? — дапытваўся Маркіз.

— А хто яго ведае? На “Волзе” нейкай прыкаціў...

— Якога колеру? “Волга” чорная была? Нумар?

— Але... Нумар — дзяржаўны, тут вось у мяне запісаны. “Волга” адразу ж пайшла сабе далей, а Вінцэнт нават у бок дзвярэй не азірнуўся.

Я рэдка калі чула, каб Маркіз лаяўся. А тут ён закаціў такое сола з такімі каленцамі, што мне не па сабе зрабілася: ай да Маркіз, ай да салавейка! Такі талент прападае! Праўда, зразумець яго можна было: без Вінцэнта на сцэне ўсё рассыпалася., і на тое, што ён раптам знікне, Маркіз ніяк не разлічваў. І толькі я так падумала, як з-за дзвярэй вытыркнуў нос Чырык і паклікаў Маркіза:

— Таварыш мастацкі кіраўнік! Тут адзін таварыш да вас...

Ну ясна! “Хворыя” паплылі... Цяпер Маркіз мусіць увесь час круціцца каля сцэны, інакш не будзе каму з кліентавых кішэняў лішні груз выцягваць. А такая работа — надзвычай адказная, да яе Маркіз і блізка нікога не падпускае. Таму я засталася каля сходаў адна.

Ды неўзабаве Андрэй Захаравіч вярнуўся і радасна паведаміў:

— Адшукаўся ваш Сапега. Пазванілі мне ад “Сівога”, ён зараз там іграе. Андрэй, бармэн, сказаў, што Вінцэнт адным залпам праглынуў шклянку гарэлкі, схапіў саксафон і адразу ж палез на сцэну. Ты перадай Маркізу, дзе ён, каб той не хваляваўся, а я на сваё месца пабягу.

— Чакай, Андрэй Захаравіч! — Я спыніла яго. — Я сама паеду да “Сівога” і забяру адтуль Вінцэнта. Вы нічога Маркізу не кажыце, адно шапніце Зубу, што Сапегу я завязу да яго. Згода?

— Як скажаш, Жужа, так і зробім. Мо так і сапраўды лепш будзе, калі ты, а то Маркіз цяпер дужа злуецца. Вінцэнту сёння не варта было б з ім сустракацца...

Узрадаваная, я выскачыла на вуліцу. Там я адразу ж нарвалася на трох знаёмых суперменаў у форме. Яны былі занятыя ўсё тым жа: высвятлялі, наколькі спраўныя іх сродкі сувязі.

— Алё, Сярога, не паняў... Прыём!

З рацыі нарэшце разлёгся гучны голас, але словы былі нейкія зусім не зразумелыя.

— Што?.. — крычаў у мікрафон першы юны міліцыянер. — Паўтары, казёл! Што?! Якая “калябарадрака”? Паўтары па літарах!

— Хвалі, мусіць, і тут дрэнна праходзяць, — заўважыў больш дасведчаны міліцыянер.

— Ты, відаць, рацыю ўсё ж не ўключыў, — сказаў трэці. — Вось і не можаш зразумець, што табе кажуць...

— Ідзіце вы! — агрызнуўся “радыст”. — Алё, слухаю! Ну што гэта такое — “калябарадрака”? Кажы па-чалавечы!

— Б’юцца каля бара, вось што, — не вытрымала я. — Таму давайце хуценька ў машыну і паімчалі!

Міліцыянеры нічога не сказалі, але вывучана кінуліся да машыны. І толькі калі “казёл” з запаленымі каляровымі міргалкамі і ўключанай сірэнай панёсся па вуліцы, той, з рацыяй, нарэшце нешта ўцяміў.

— Дзевушка, а вы, уласна кажучы, хто будзеце? — спытаў ён. — Чаго гэта вы намі камандуеце, куды нам ехаць, калі старшы патруля я?

— Вам жа перадалі: каля бара — бойка, — растлумачыла я. — Мне таксама тэрмінова трэба ў бар. Я вам дапамагла, а вы — мне. Народ і міліцыя адзіныя, мо чулі? Вось і спыніцеся каля “Сівога”.

— А нам куды? — спытаў сяржант з рацыяй, калі я выскачыла з машыны.

— Запытайцеся па рацыі ў начальства, каля якога бара людзі лупцуюць адзін аднаго, — параіла я. — Толькі рацыю ўключыце...

Не, сур’ёзна, ён такі зноў уключыў свой дабіты “уокі-токі” і пачаў выпытваць:

— Шаснаццаты, каля якога бара драка? Прыём!

Я з вялікім задавальненнем паслухала б пераклічку ў эфіры, ды часу ў мяне было няшмат. Мяне панесла ў бар. Там я ўбачыла карціну, якая надоўга застанецца ў маёй памяці.

Сапега, зразумела, даўно ўжо скінуў пінжак і сек паветра сваім саксафонам, нібыта крывой бліскучай шабляй. Тое, што ён іграе сур’ёзна, можна было заўважыць адразу: чырвоны, наліты крывёю твар, буйныя кроплі поту на ім, мокрая на грудзях кашуля, расшпіленыя рукавы якой развяваліся, нібыта крылы. Сапега смаліў джаз па-сапраўднаму, і я не пазайздросціла тром мясцовым музыкантам, якія адважыліся іграць разам з ім. Басіст нервова скруціўся над сваёй гітарай, барабаншчыка наогул не было відаць за інструментамі, і толькі маладзенькі піяніст з шырока расплюшчанымі вачамі не вельмі ўпэўнена, ды гожа падтрымліваў сола Вінцэнта, каля ног якога стаяла амаль пустая бутэлька з-пад гарэлкі.

— П’е і не закусвае, — меланхалічна растлумачыў мне Аляксей. — Як уварваўся сюды, з ходу запатрабаваў пляшку. Ну, я яму ціха так і наліў, а ён — не, у адкрытую, адкруціў корак ды з рыльца, а потым скочыў на сцэну, маіх музыкантаў усіх паразганяў, а цяпер во рэжа без продыху хутка гадзіну.

— Колькі? — перапытала я.

— Ужо амаль гадзіну. Я ў той жа момант сцяміў, што ў вас у “Зорцы” нешта здарылася. Іначай нашто вашаму дзікуну жлукціць гар тут, а не там? Забірай ты, Жужа, яго адсюль, бо я адчуваю: ён мне тут усё разнясе сёння.

Я рассунула рукамі людзей, якія стаялі каля сцэны, і ўшчыльную наблізілася да мікрафоннай стойкі. Наўрад ці Вінцэнт быў у стане пазнаць мяне, ды я гучна, перакрываючы музыку, загадала яму:

— Хадзем са мной!

На дзіва, Вінцэнт перарваў сола, і тады я паўтарыла свае словы, убачыўшы, што ў ягоных замутнёных вачах усё ж праблісквае нейкая думка.

Сапега адкінуўся назад, плюнуў на пальцы і рэзка, адчайна ўзяў высокую, вісклівую ноту. Ён доўга трымаў яе, паступова выпростваючыся. Хутка ягонае цела пачало нахіляцца ўперад, аж пакуль ён амаль не дакрануўся галавой да падлогі. Ні на імгненне ягоны саксафон не змаўкаў. Вінцэнт шырока раздзімаў ноздры, ягоная шыя раздулася, і ў мяне раптам узнікла адчуванне, што сам ён вось-вось адарвецца ад падлогі і павісне пад столлю кавярні, як валасаты надзіманы шар. Таму я з усяе сілы ўчапілася за рукаў ягонай кашулі і яшчэ раз паўтарыла:

— Вінцук, міленькі, ну пайшлі са мной, прашу цябе...

Не ведаю як, але Вінцэнт усё ж пачуў мяне. Спатыкаючыся, ён сышоў са сцэны, пальцам паказаў, каб я пачакала яго, і накіраваўся да стойкі. Я між тым скочыла на вуліцу перахапіць якую-небудзь машыну.

Не, міліцыя вырашыла сёння суправаджаць мяне паўсюль. А калі так, дык яна мусіла на мяне папрацаваць.

— Вы затрымаліся на цэлыя тры хвіліны! — заявіла я сяржанту.

— Дык гэта... Рацыя во нешта няспраўная, — апраўдваўся ён. — Хвалі і сапраўды нешта не даходзяць.

— З хвалямі потым вырашым! — Я не выпускала ініцыятыву са сваіх рук ні на імгненне. — Зараз з кавярні выйдзе адзін артыст, якога трэба неадкладна завезці дадому. У яго заўтра адказнае выступленне, а сёння ён шмат рэпеціраваў, вельмі стаміўся, таму прашу без лішніх пытанняў зрабіць усё як мага хутчэй.

Я не звярнула ўвагі на тое, што Вінцэнт выйшаў з кавярні без пінжака і саксафона. У вочы мне кінулася бутэлька гарэлкі, якую ён трымаў за рыльца так, як у фільмах савецкія салдаты трымаюць за ручку супрацьтанкавую гранату. Я заплюшчыла вочы, таму што ўявіла, як гэтая пляшка “Сталічнай”, рассякаючы паветра, паляціць у бок міліцэйскай машыны... Аж не. Вінцэнт, пахістваючыся, наблізіўся да мяне і амаль цвяроза прамовіў:

— Я тут. Можна ехаць.

— Сядай. — Я адчыніла дзверцы машыны, і Вінцэнт праціснуўся ўнутр.

— А... — сяржант пальцам паказаў на бутэльку. Ён яўна не мог уголас назваць тое, што ўбачыў у руцэ музыканта.

— Мінеральная вада “Мінская чатыры”, — не міргнуўшы вокам, растлумачыла я.

— Чаму “чатыры”? — не зразумеў сяржант.

— Таму што “трэцяй” не было... Паехалі!

Я зачыніла дзверцы, і машына рванулася ў бок дома, дзе жыў Зубчонак. Асноўная частка аперацыі па затрымцы парушальніка працоўнай джазавай дысцыпліны прайшла ў цэлым даволі паспяхова.

б/ Cheek To Cheek (“Шчака да шчакі”). Ірвінг Берлін

Тое, што Вінцэнт быў без пінжака, я заўважыла адразу, як толькі ўвяла яго пад руку ў кватэру Зуба, адчыніўшы дзверы ключом, які мне пакінула Алена. Яна ж тады сама сказала: на крайні выпадак. А гэта што — не крайні выпадак?! Не везці ж мне Вінцэнта ў “Зорку”! І да мяне нельга было: бацькі напэўна не зразумелі б мяне, нягледзячы на тое, што пабачылі ўжо ўсякае...

А вось тое, што Вінцэнт быў без саксафона, нагадаў мне ён сам.

— Стоп! — няўпэўнена сказаў ён, спыніўшыся на парозе. — А мая дудка дзе?

Божа! Ён напэўна пакінуў сакс каля стойкі ў “Сівога”! Як туды званіць? Я пабегла да тэлефона, пакінуўшы Вінцэнта стаяць аднаго, спадзеючыся, што ў яго хопіць розуму не адарвацца ад выратавальнай для яго сценкі ў калідоры.

Даведка — о, дзіва! — адказала адразу, ды тэлефон кавярні быў упарта заняты. У мяне занямеў палец, але я ўсё круціла і круціла дыск, разумеючы, што саксафон — гэта табе не клюшка, не абы-што. Музыканту можна забыць, як яго завуць, забыць уласны год нараджэння і зусім не абавязкова памятаць дзень, калі стрэл з “Аўроры” перакруціў усё ў гэтай краіне дагары нагамі, але не дай Божа музыканту страціць уласны інструмент!

Тэлефон, як пракляты, не адгукаўся на усе мае заклінанні, і таму я кінулася ў пакой праверыць, як там пачувае сябе герой джазавай сцэны. Вінцэнт пачуваў сябе цалкам няблага: седзячы на падлозе каля ложка, ён ледзь варушыў вуснамі, разглядаючы на святло таршэра бутэльку гарэлкі. Яна была пачатая ўжо.

— Ну, хопіць! — загадала я.

Вінцэнт моўчкі пагадзіўся і коратка сказаў:

— Спаць хачу!..

Ну што мне было рабіць? Званіць да “Сівога” і расшукваць ягоную дудку? Ці паклапаціцца пра дарослае дзіцятка, якое цяпер без мяне было няздольнае нават порткі скінуць. Я паставіла пляшку на стол і пачала расшпільваць на Вінцэнце кашулю.

— Шапэна... пастаў, — раптам папрасіў ён.

— А Кабзона не хочаш? — знянацку зарагатала я. — Глядзі ты, нешта яшчэ кеміць, Кабзона слухаць не хоча!

Ну і клопату з гэтымі мужчынамі! Можа, ён яшчэ ванную запатрабуе і каб я станцавала яму на стале? Не, міленькі, вось табе музыка, не Шапэн, а Мусаргскі, “Карцінкі з выставы”, слухай сабе, распранайся, а мне трэба твой саксафон шукаць. Таму што калі не знайду яго, што ты мне заўтра скажаш, а? Я і думаць пра такое не жадаю.

Цяпер тэлефон у “Сівога” наогул не адказваў, таму я хутчэй вярнулася ў пакой, дзе Вінцэнт намагаўся, седзячы на падлозе, сцягнуць з сябе пакамечаныя белыя штаны. Я нахілілася яму дапамагчы. Ад Вінцэнта так моцна несла мужчынам, што я падумала: ванны яму і сапраўды не пазбегнуць. Зразумела, пасля ванны для поўнага шчасця я мушу прывесці ў парадак і ягоныя духмяныя шкарпэткі. Карацей кажучы, запрэгчыся на ўсе сто працэнтаў, адчуць сябе нарэшце той самай кабетай, якая шчаслівая тым больш, чым больш на яе вытанчаныя плечыкі навальваюць розных клопатаў і абавязкаў. Калі так, дык шчасця мне сёння падваліла — на трох кабет адразу, не менш!

— У туалет хачу! — заявіў Вінцэнт, калі я здолела сцягнуць з яго ніжнюю частку касцюма. Ах жа ты мой саколік! І што б ты сёння без мяне рабіў?

І я павяла Вінцэнта ў туалет, таму што без маёй дапамогі ён бы там нічога не зрабіў. Мушу прызнацца: у сваіх доўгіх сацінавых трусах у гарошак ён выглядаў проста фантастычна! Такая валасатая туша — і ў такіх інтэлігентных строях... Бездань густу! Ваўчыца, мусіць, сканала б на месцы, калі б раптам убачыла такі тэкстыльны шэдэўр на адным са сваіх замежных кліентаў.

Пакуль Вінцэнт пад маім агульным кіраўніцтвам рабіў сваю справу, я пусціла ў ванну вады і пазбавілася роўна паловы ўласнай вопраткі: скінула спадніцу і куртачку і засталася ў трусіках і маечцы, прыкрыўшыся крыху фартухам, які ўзяла на кухні. Калі Вінцэнт выпаўз з туалета, я завяла яго ў ванны пакой і з вялікімі намаганнямі проста ў тых трусах пасадзіла ў ваду, а потым навобмацак адшукала пад пенай гэтую выключную па важнасці дэталь мужчынскага туалета і сцягнула з Вінцэнта ягоныя “сямейныя” каштоўнасці. Ён ніяк не адрэагаваў на мае падводныя манеўры, а толькі задаволена пакрэхтваў, з заплюшчанымі вачыма адваліўшыся галавой на край ванны. Мне здалося, ён спрабаваў нават спяваць...

Не буду казаць, колькі мне каштавала паставіць яго на ногі, прайсціся па ўсім целе жорсткай мачалкай, потым расчасаць ягоныя віхры і, абкруціўшы Вінцэнта ручніком (Божа, ну хіба я ўсё гэтае дабро ніколі не бачыла?!), давесці яго да ложка і пяшчотна накрыць коўдрай. Рамантыка! Я пра такое, можа, усё жыццё толькі і марыла...

Вінцэнт ляжаў на спіне, раскінуўшы паверх коўдры рукі, і, здавалася, спаў, але калі я нахілілася да яго паправіць валасы, што лезлі ў ягоныя вочы, ён раптам даволі выразна заявіў:

— Ты добрая, Жужа.. А вось Ваўчыца...

Глядзі ты, ён нарэшце ацаніў мае высілкі!

— А што Ваўчыца? — спытала я.

— Ваўчыца... — паварушыў Вінцэнт вуснамі. — Бедная яна. Ёй трэба дапамагаць...

Нейкі дом для вар’ятаў, сапраўдны прыёмны пакой псіхушкі! Чым жа яна яго так прывабіла, што Вінцэнт нават засынае з імем Ваўчыцы на вуснах? Мне гэта зусім не падабаецца. Што яна ўвесь час пішчом лезе туды, дзе яе не просяць? Няхай займаецца сваім рамяством і пакіне нарэшце Вінцэнта ў спакоі! Ну хіба Ваўчыца здольная спачуваць, клапаціцца пра іншых? Яна сама — вось галоўны яе клопат, і Сапега патрэбны ёй хіба толькі для таго, каб з дапамогай музыканта зарабіць лішняе. А пры мне Вінцэнт будзе адчуваць сябе надзейна. Ён жа сапраўднае дзіця! Хто яму тут дапаможа? Хіба Зубчонак, ды ці здольны ён мыць, гатаваць абеды, калі я сама яму часта дапамагаю? Без мяне мужыкі наогул — як без рук!

А ўласна, так яно заўсёды і павінна быць. Мы ж менавіта для іх і створаныя. Мы для іх і жыць павінны, карміць іх, мыць адзежу, даглядаць, часам нават песціць — не без гэтага. Тым часам і на ланцугу далёка ад сябе не адпускаць. Мужыку ж толькі дай волю — імгненна праз плот скочыць, у чужы двор плітане! Таму прабач, Ваўчыца, пасунься, але табе тут рабіць няма чаго. Няхай Вінцэнт сабе іграе, а ўсё іншае для яго зраблю я сама. Пляменніцу вунь дапамагала на ногі паставіць, цяперака і дарослага мужчыну як-небудзь на нагах утрымаю.

Не ведаю, што падумалі Маркіз з Зубам, калі з калідора найперш убачылі маю зграбную попку ў бялюткіх трусіках, а потым ужо і ложак з Вінцэнтам, да якога я схілілася, разважаючы над яго і ўласным лёсамі.

— Тут ён, халера! — з палёгкай прамовіў Маркіз. — Каб цябе чэрці казыталі, колькі ты мне сёння крыві сапсаваў!

Зуб з вялікай цікавасцю разглядаў мяне ўсю. Я выйшла з пакоя на калідор і прычыніла за сабой дзверы.

— Ён прыняў ванную, — растлумачыла я. — Таму прашу цішыні. Вінцэнт толькі што заснуў.

Браніслаў скептычна яшчэ раз агледзеў мяне з галавы да пят, але і цяпер прамаўчаў.

— Зараз апрануся, — запэўніла іх я. — Мы сапраўды ванную наладзілі, ён моцна спацеў, як у “Сівога” іграў. А, вось што! Вінцэнт там недзе пакінуў свой саксафон і пінжак, але я не здолела дазваніцца да Аляксея.

— Халера! — вылаяўся Маркіз, а Зуб крута развярнуўся і выскачыў з кватэры. Я зірнула на гадзіннік: было ўжо запаўнач, ды ў “Сівога” часта працавалі і значна пазней.

— Ён шмат піў? — спытаў Маркіз.

— Я б памерла, калі б столькі выпіла, — прызналася я. Я і сапраўды адкінула б лапкі пасля адной шклянкі гарэлкі, выпітай за пару глыткоў ды без закускі.

— Ён нічога не казаў, дзе быў, што за інтарэс рабіў з Ваўчыцай?

— Я ледзь зацягнула яго сюды. Раніцай ачаломкаецца і ўсё сам раскажа.

— Нічога ён не скажа, сабака! — уздыхнуў Маркіз. — А мне трэба ведаць, ведаць усё! Не выключаю, што Ваўчыца пачала была капаць мне чарговую яму, ды толькі яна не ўсё разлічыла да канца і сама ў тую яму ўбілася. Цяпер, мусіць, надоўга, спадзяюся, на некалькі гадкоў...

— Ваўчыца? Нешта мне не верыцца.

— І самых разумных заўсёды ёсць шанц абкруціць. Трэба толькі пастарацца. Я вось пастараўся, і Віцёк на пэўнай хаце накрыў Вінцэнта з Ваўчыцай, а ў той зусім выпадкова аказаліся пры сабе шпрыцы і ампулы.

— Вінцэнт — калоўся?!

— Зірні на ягоную руку. Можа, ён і не сам гэта рабіў, а яго змушалі, ды толькі я сумняваюся, што Ваўчыца так проста рызыкавала. Скажу табе нават больш: яна і не падазравала, што ляжыць у яе сумачцы. А я вось — ведаў!

Я пайшла ў пакой і ў святле настольнай лямпы агледзела левую руку Вінцэнта. Сапраўды, на лакцявым згібе рукі з унутранага боку можна было заўважыць цёмную кропачку. Што ж ты, Вінцусь?.. Не ўтрымаўся. А гэткі ж вялікі, дужы... Дзіця малое!

— Мне зусім не хацелася, каб усё гэтак паскудна скончылася, — сказаў мне Маркіз, калі я вярнулася з пакоя. — Але ў мяне было адзіна магчымае рашэнне: нейтралізаваць Ваўчыцу і адначасова падставіць Олека. А цяпер я даведаюся, хто яго заахвоціў калоцца, і няхай той чалавек тэрмінова збірае паперы на інваліднасць.

— Ты ўпэўнены, што Вінцэнта змусілі да іголкі?

— Ён некалі прайшоў праз наркотыкі і даўно пра тое забыў. Але цяпер немагчыма прадказаць, які можа быць рэцыдыў. Тады ён проста цікавіўся нечым зусім для сябе новым, а цяпер, магчыма, іголка можа зрабіцца для яго неабходнай. А я не жадаю ў адзін дзень страціць усё, што ўкладзена ў мой праект! Вось чаму я і пракруціў усю гэтую аперацыю, заўваж, прадуманую да дробязяў!

Нешта я не вельмі разумела, пра што гаворыць Маркіз. Не, яму, безумоўна, крыўдна, што чалавек, якога ён выцягнуў з глухмені і забяспечыў прэстыжнай працай з неблагім нават для музыканта заробкам, пачынае вылятаць з каляіны. Я таксама пакрыўдзілася б. Ды з іншага боку, калі маеш справу з дзіцем, шмат што мусіш яму дараваць. Вінцэнт жа — вялікае дзіцё! А вось Маркіз не даруе. Ён з кожнай сітуацыі выціскае ўсё магчымае і пры гэтым сродкі не выбірае.

— Мне адна ягоная прапіска ў горадзе колькі каштавала! — працягваў Маркіз. — Адшукаў тут адну старую дзеву, дык тая за рызыку аж тры тысячы запатрабавала. Гэтак я хутка і на вяселле сведкам буду запрошаны! Каб яго ў інтэрнаце пасялілі — дай у лапу, касцюм яму пашыць — падмаж, гэтая электронная дудка столькі жылаў у мяне выцягнула... Цяпер шукай ёй пакупніка па ўсёй краіне! А яму што — укалоўся і забыўся! Нічога, ён яшчэ будзе мець час падумаць, колькі яму заважыць кожны ўкольчык! А міліцыю за сённяшнюю бойку ў фае паспрабуй не задобрыць! Не знойдзеш потым паратунку да канца жыцця! Вось пакуль Сапега не адпрацуе ўсё тое, што я ў яго ўклаў, нікуды ён ад мяне не збяжыць, нават у свае наркатычныя мроі.

— Маркіз, але ж ён часам проста не разумее, што ад яго патрабуецца. Ці ж добра гэта — карыстацца ягонымі слабасцямі?

— А я даў яму час падумаць! — гучна сказаў Маркіз. — І таму мне цяпер напляваць, што ён зараз сабе думае. Я ж таксама не такі дурны, каб раскідвацца грашыма проста так. Перш чым напісаць заяву на работу, Сапега падпісаў мне вельмі дзелавы дагаворчык, у якім натарыусам завераны ягоныя правы і абавязкі. Таму не думаю, што ён рашыцца качаць правы праз суд. Дагавор ён падпісаў сам, без націску, і, згодна з дагаворам, нават такі прагул, як сённяшні, выйдзе яму бокам.

— Мне неяк не па сабе робіцца. Ты мне, Маркіз, прабач, нагадаў цяпер павука, з абдымкаў якога не вырвацца нікому.

— Час добранькіх дзядзечкаў назаўсёды мінуў! — адрэзаў Маркіз. — Лабухі — народ разбэшчаны, і калі іх не трымаць цвёрдай рукой, яны ўмомант распусцяцца. А калі нават і застануцца пры табе, дык будуць рабіць не тое, што мне трэба, а тое, што ім захочацца.

— А ты працуй з нармальнымі! — наіўна параіла я.

— Дзе ж ты нармальных лабухаў бачыла, каза? — скрывіўся Маркіз. — Яны ўсе скрозь прыпыленыя, ва ўсіх дах скасабочаны. Нічога, хутка ўсе мае птушаняты такі дагавор падпішуць. Толькі тады можна будзе працаваць больш спакойна, не думаючы пра тое, хто з іх заўтра падложыць пад мяне бомбу.

— А калі нехта з іх не паслухаецца, не стане падпісваць?

— Тады я проста замяню іх на паслухмяных. Мне не патрэбныя такія, хто ўяўляе, быццам дасягнуў узроўню суперзоркі. Мне патрэбныя надзейныя лабухі, каб з іх дапамогай мэтанакіравана вяртаць усе тыя грошы, што ўкладваюцца ў мой праект. Інакш наогул працаваць не мае сэнсу!

— Нешта ты за сваімі праектамі не людзей бачыш, Маркіз, а нейкія рэчы, кожная з якіх мусіць займаць адведзенае ёй раз і назаўсёды месца. Я асабіста з табой працаваць ніколі не пагадзілася б...

— А ты са мной і так даўно ўжо працуеш, — цвёрда сказаў Маркіз.

Не, ад яго сапраўды можна штохвілінна чакаць розныя сюрпрызы!

— Ты, здаецца, яшчэ не наймаў мяне і не купляў, — сказала я і паднялася з табурэта. — Да таго ж, я танна не прадаюся...

— Ты, маленькая, каштуеш мне не даражэй за Ваўчыцу, — рыкнуў Маркіз. — Але і яна разумела, калі аддацца бясплатна, а калі запрасіць з кліента ўтрая. А ты, Жужа, падумай, чаму так проста ўвайшла ў кантакт з Сапегам, чаму табе адной дазволена пастаянна ацірацца ў нашым пакойчыку.

— А то я цябе была павінна спытацца!

— А то не павінна?! Гэтак сталася, дарагая мая! — Маркіз наблізіўся да мяне і схапіў за плечы. — Сталася таму, што не ты дазволу пыталася, а таму, што я табе той дазвол даў. Я дазволіў табе гутарыць з Вінцэнтам, сустракацца з ім, я дазволю табе з ім нават у ложку пагойдацца. Абы не з Ваўчыцай ён тым займаўся! Мне ж свой чалавек пры Сапегу патрэбны пастаянна.

Тут я не вытрымала.

— Дурань ты, Маркіз, і ўсе разлікі твае — глупства, таму што няма ў іх праўды, а ўсяго толькі голыя развагі. І да Вінцэнта я падышла не пад прымусам, і калі нават у ложак з ім лягу, дык не згодна твайму загаду. Але, разам з тым, не дазволю табе сапсаваць Вінцэнта, які, на ягоную бяду, яшчэ не развучыўся шчыра верыць людзям!

Маркіз глядзеў мне проста ў вочы, моўчкі ківаў, ды твар ягоны выказваў адно: глыбокае спачуванне. Ён выразна шкадаваў мяне, Сапегу, магчыма, кусаў і самога сябе, што раскрыў перада мной усе свае карты, ды ўсё адно не ўспрымаў мяне ўсур’ёз. Я для яго па-ранейшаму быццам бы і не існавала...

— Нягледзячы на тваю палымяную прамову, я нічога мяняць не збіраюся, — нарэшце сказаў ён. — Але калі сітуацыя запатрабуе гэтага, здолею бязлітасна адшыць цябе, Жужа, і ад Вінцэнта, і ад “Зоркі”, ды так, што дарогу назад ты ўжо ніколі не адшукаеш. Павер мне... Шкада, што Ваўчыца гэтак упарта верыла ва ўласную непераможнасць. Ды яна не ўлічыла, што Олеку таксама патрэбныя надзейныя кампаньёны. Ваўчыца між тым захапілася асабістымі пачуццямі і на тым згарэла. Олек жа захапіўся сумеснымі са мной перспектывамі і таксама сеў на загадзя падрыхтаваны кручок.

— Як? Дык гэта ты разам з Олекам усё пракруціў?! — ашалела я. Не, Маркіз яўна не жадаў бачыць ува мне чалавека. Ён выкладаў мне ўсё так, быццам бы гутарыў з уласным адлюстраваннем у люстэрку.

— Сумесная аперацыя мела грандыёзны поспех! — усміхнуўся Маркіз. — Адначасова і ў Віцька на Олека кампрамату значна пабольшала. Адбітачкі пальцаў, якія заўтра знойдуць на тых ампулах, належаць Олеку. Як мне ўдалося гэта падстроіць — не скажу. Прафесійны сакрэт, але дзякуючы яму Олек цяпер зробіцца ціхім і паслухмяным!

Ад здзіўлення я толькі ківала галавой. А Маркіз... Ён задаволена ўсміхаўся, нібыта не было сённяшняга вечара, поўнага прыгод, нібыта ўсё ішло як па маслу. А хіба ж не так? Пасля ўсяго расказанага Маркізам ці можна было яшчэ сумнявацца, што яму нешта можа перашкодзіць?

— Вось як яно, Жужа, — сказаў ён. — Як у нас усё няпроста. А ты кажаш — музыка. Што яна? Яна ў самую апошнюю чаргу. У нашай жа рабоце галоўнае — умець круціцца і ўмець пракручваць. А гэтаму ў нас нідзе не навучаць, акрамя як у мяне. Жужа, ты пойдзеш да мяне вучыцца жыць? Курсы — бясплатныя, паскораныя, з гарантыяй. Потым адпрацуеш.

Я нічога не паспела яму адказаць. Адчыніліся дзверы, і ў кватэру ўвайшоў Зуб.

— Ну што? — коратка спытаў Маркіз.

— У “Сівога” сакс не знайшлі, — злосна паведаміў той. — Аляксей сцвярджае, што Вінцэнт нібыта ўзяў інструмент з сабой.

Маркіз павярнуўся да мяне.

— Аляксей, мусіць, сакс з пляшкай “Сталічнай” пераблытаў, — удакладніла я. — Як жа ён мог трымаць у руках сакс, калі браў гарэлку? Дудка засталася недзе там, каля стойкі.

— А цяпер яе там няма! — Зуб бразнуў дзвярыма туалета.

— Так... — Маркіз пачухаў патыліцу. — Да ўсяго іншага дадаўся клопат адносна новага інструмента. Але не буду я Маркізам, каб не прадбачыць такое развіццё падзей і своечасова не падстрахавацца. Ёсць у мяне “Сэлмер” у загашніку, дудка, з якой не сорам на людзі паказацца.

— Пакуль яна прыедзе, тая дудка... — сказаў з-за дзвярэй Зуб.

— Яна хутка будзе, толькі што запіс на радыё давядзецца адкласці на тыдзень, — сказаў Маркіз і шырока ўсміхнуўся. — Насоў не вешаць! Жыццё працягваецца, яно працуе на нас, і вы ў тым жыцці не самыя апошнія дзейныя асобы. Зуб, заўтра рэпетыцыя. Спадзяюся цябе бачыць. А вось гэты... — Маркіз кіўнуў на дзверы пакоя, за якімі спаў Вінцэнт. — Халера з ім! Я сёння добры. Сапега мае тры дні адпачынку. Потым адпрацуе! Але ён мусіць парупіцца!.. Ён у мяне пайграе яшчэ так, што чэрці ў пекле застогнуць! А ты, Жужа, прасачы, каб Сапега правёў гэтыя дні як у райскіх гародах.

Калі Маркіз пайшоў, Зуб некаторы час бяссэнсава бадзяўся па кватэры, ціха ўключыў музыку, праз шчыліну ў дзвярах кінуў позірк на Вінцэнта, пасля чаго ўзяў мяне за руку і павёў у свой пакой. На парозе я прытрымала яго.

— Ты чаго? — не зразумеў Зуб.

— Я сёння не з табой, — адказала я.

— Шкада, — адзначыў Зуб. — У такім выпадку добрай ночы.

Я развіталася з ім, зайшла ў пакой да Сапегі, распранулася і асцярожна прылегла побач з вялікім мужчынам. Вінцэнт нешта прамармытаў праз сон, ды адно толькі цмокнуў вуснамі, нібы дзіця, якое шукае соску.

Я прытулілася да ягонага пляча і сціснулася ў камочак. Ну каму яшчэ трэба тлумачыць, як хораша, як утульна было мне ў гэтыя імгненні?..

в/ “Саксафон Чынгісхана”. Вінцэнт Сапега

Маркіз і сапраўды нічым у гэтыя тры дні мне не замінаў. Увесь тэрмін адпушчанага нам адпачынку Вінцэнт і я правялі на кватэры Зуба. На дзве-тры гадзіны я адыходзіла на працу, каб усім сваім у бібліятэцы запудрыць мазгі сваёй чарговай небыліцай і адпрасіцца на рэшту дня.

Я гатавала Вінцэнту ежу, даведалася, што найбольш ён любіць дранікі з мясам, я карміла яго супам з лыжкі, і тады ён задаволена вурчаў, а потым браў мяне на рукі і адносіў у пакой, дзе я неаднойчы зазірала на сёмае неба. Гэта была, напэўна, адзіна магчымая сітуацыя, калі я магла, ледзь варухнуўшы пальцам, уплываць на вялізнага, дужага мужчыну, вучыць яго некаторым рэчам, пра якія ён, безумоўна, ніколі ў сваім жыцці не задумваўся...

Вінцэнт паступова вяртаўся да сябе. Я не перашкодзіла яму дапіць узятую ў “Сівога” гарэлку, балазе, яе хапіла Вінцэнту літаральна на адзін глыток. Цэлымі днямі, як толькі Браніслаў сыходзіў з дому на рэпетыцыю, Вінцэнт слухаў музыку, і тады я адзначала дзіўную акалічнасць: ён не мог слухаць яе проста так, як слухаюць музыку звычайныя людзі. Спачатку ён пачынаў нешта мычаць сабе пад нос, потым ягоны голас паступова мацнеў, і неўзабаве Вінцэнт спяваў ужо даволі гучна. Гэта не былі звычайныя спевы; хутчэй за ўсё менавіта такім чынам ён імкнуўся замяніць адсутнасць свайго любімага інструмента. Так, ён сумаваў па сваім саксафоне, які, здаецца, прапаў з канцамі, сумаваў так, як можа сумаваць толькі шчыры чалавек па сваім надзейным сябры, страчаным назаўсёды.

Сваім голасам Вінцэнт імкнуўся аднавіць гучанне альта, паказаць, што вырабляў бы ягоны сакс, калі б ён быў тут і раптам узнікла неабходнасць імправізаваць на тую альбо іншую мелодыю з неабдымнай фанатэкі гаспадара кватэры.

Увесь наш “мядовы месяц” раптоўна абарваўся менавіта ранкам чацвёртага дня, калі заспаны Зуб адчыніў дзверы і проста ў пакой, дзе ў ложку спалі мы з Вінцэнтам, уваліўся Маркіз з нябачным мною раней футаралам з пластмасы, які па форме цалкам паўтараў саксафон.

— Ну! — з месца закрычаў Маркіз. — Хто мне не верыў?! Трымай, Вінцэнт, сваю новую дудку, і калі яна будзе табе не даспадобы, я выкіну сакс праз фортку, а сам назаўсёды з’еду на вёску вырошчваць велікодных гусей.

Вінцэнт, як быў у сваіх знакамітых трусах у гарошак, насцярожана прыўзняўся з ложка, шчоўкнуў замочкамі футарала, сабраў саксафон, які нястрымна блішчаў у промнях ранішняга сонца. Вінцэнт нецярпліва прабегся пальцамі па клапанах, уважліва агледзеў муштук з трысцінай, пасля чаго нечакана зняў інструмент з нашыйнага кручка і асцярожна паклаў яго ў ложак побач са мной.

— Ты чаго? — захваляваўся Маркіз.

— Я баюся, — адказаў Вінцэнт.

— Чаго? — не зразумеў Маркіз. — Гэта ж сапраўдны “Сэлмер”, апошняя мадэль, наўё! З ім і на людзях паказацца не сорамна, не тое што з тваёй былой клюшкай. Давай, спрабуй!

Не, я не адважылася б назваць Маркіза тонкім дыпламатам, таму што тут зусім недарэчы было згадваць згублены Вінцэнтам стары саксафон. Інструмент — усё ж тая рэч, якую проста неабходна цяпер абмінаць ва ўсіх гутарках. А ён, дурань, нібыта праміж вачэй урэзаў Вінцэнту, каб яму ... дзвярыма прыціснула!

— Іграй, Сапега, давай жа! — крычаў Маркіз, з-за пляча якога з насцярогай глядзеў Зуб. Браніслаў, прынамсі, так ніколі б не крыкнуў.

Тады Вінцэнт павольна ўзяў інструмент у рукі, начапіў яго на рэмень, сплюнуў на пальцы і сунуў муштук у рот. І я пачула адчайны, рэзкі, высокі крык! Вінцэнт прыслухаўся да здабытага гуку, потым паўтарыў тую ж самую ноту, але гэтым разам пратрымаў яе з паўхвіліны, скрывіўся, прабегся пальцамі па клапанах, выканаўшы дзве-тры няхітрыя гамы. Пасля чаго рашуча паклаў саксафон на ложак.

— Не мой, — сказаў ён. — Чужы сакс, мёртвы, халодны.

— Ты здурнеў?! — выбухнуў Маркіз. — Фірма “Сэлмер”, а не тое што твая бязродная дудка! Такі сакс у нас на ўсе сем тысяч цягне, а ён мне гаворыць — мёртвы! Дзе ж ты бачыў трупы па такім кошце?

— Я яго не адчуваю, — налягаў на сваё Вінцэнт.

— Ну во... А я табе што далдоню?! — не здаваўся Маркіз. — Я ж не патрабую, каб ты ўжо сёння з новай дудкай выходзіў на сцэну, не! Але на рэпетыцыі мусіш быць з ім. І як толькі цалкам абмацаеш інструмент, адразу ж пачнеш працаваць праграму.

Вінцэнт круціў саксафон у руках з такім выглядам, быццам бы такі інструмент бачыў упершыню.

— Я з такой трысцінай іграць не стану, — нарэшце сказаў ён.

— Ты мяне сёння дастанеш, — цяжка ўздыхнуў Маркіз, а Зуб з-за ягоных плячэй толькі зарагатаў.

— Ага, не мела баба клопатаў, набыла саксафон!

— Ну чаго табе яшчэ не хапае? — Маркіз і сам пачаў усведамляць, што вялікае свята з нагоды ўручэння новага інструмента ўжо не атрымаецца.

— Мне трысціна патрэбная сваімі рукамі зробленая, — бубніў Вінцэнт.

— Добра, — пагадзіўся Маркіз, — заўтра разам сядзем у маю тачку і паедзем у знаёмыя лясы шукаць належнае дрэва. Згодны?

— Я пакажу, якое дрэва патрэбнае. — Вінцэнт нарэшце прасвятлеў.

— Вялікі табе дзякуй, ляснік! — сказаў Маркіз і пайшоў з кватэры.

Я апраналася, употай кідаючы позіркі на Вінцэнта. Ён паводзіў сябе чыста як дзіця. Ягоны твар зіхацеў ад задавальнення не горш за сам саксафон. Вінцэнт лашчыў яго, здзімаў нябачныя мне пылінкі, асцярожна кранаў розныя часткі інструмента, пяшчотна сціскаў вуснамі муштук, дзьмуў у яго, і тады саксафон адгукаўся, шыпеў сабе, скуголіў, а твар Вінцэнта пакрывала радасная ўсмешка.

— Мой саксафончык дарагі, — раптам пачула я за ўласнай спінай, рэзка азірнулася і ўбачыла, як гэты вялікі, лахматы мужчына прыціснуў саксафон да грудзей і дакрануўся да яго сваімі тоўстымі вуснамі. Божачкі, ён жа мяне ў гэтыя тры дні не цалаваў з такой пяшчотай!..

Назаўтра Вінцэнт і Маркіз сапраўды селі ў машыну і гадзін праз пяць вярнуліся мокрыя і брудныя, ды затое з кавалкам сухога дрэва. Ледзь скінуўшы з сябе вопратку, Вінцэнт імкліва кінуўся на кухню і варажыў каля духоўкі да самае ночы. Ён нешта рэзаў нажом і лаяўся на Зуба, які з цікавасцю падглядваў за працэсам вырабу самапальных трысцін. Мяне ж Вінцэнт нават на кухню не пусціў, пакінуў без вячэры. Мусіць, баяўся жаночага вока. Мне гэта пазней растлумачыў Зуб, якога Вінцэнт далёка запаўнач таксама выставіў з кухні. Доўгі час Вінцэнт сядзеў каля пліты і даводзіў трысціны да аднаму яму вядомых кандыцый.

— Не ведаю, не магу зразумець, чаму самапальная трысціна ў яго наогул спявае, — сказаў мне Зуб, пазяхаючы. Было дзве гадзіны ночы. — Цяжка паверыць, але я ўпэўнены, што яна будзе гучаць не горш за фірмовую!

— Вінцэнт, відаць, нейкае патаемнае слова ведае, — выказала я здагадку.

— Слова не слова, а нешта ў ім ёсць такое, чаго ў звычайнага чалавека не адшукаць на прыпечку са свечкай...

Зуб, не вытрымаўшы працяглага эксперыменту, пайшоў спаць, я таксама прылегла не распранаючыся, і толькі недзе пад ранак, калі за шыбамі завіднела ўжо, я раптам ускочыла ад магутных гукаў, якія разлягаліся па кватэры. Яны мне чамусьці нагадалі роў смяротна параненага бізона. Я, праўда, ніколі ў жыцці не была на паляванні ў прэрыях, але мне здалося, што прашыты кулямі бізон павінен раўці менавіта так.

— Ты чуеш?! — тут і сам Вінцэнт ускочыў у пакой. — Чуеш, Жужа, які гук? О-о-о! Ён дзесяць такіх муроў, як Берлінскі, знясе. Ды слухай ты! Што з ім у параўнанні тыя фірмовыя трысціны?!

У тое ж імгненне Вінцэнт прасаксафоніў мне нешта такое проста ў вуха. Я зляцела з ложка, прыціснулася да сценкі і закрыла далонямі вушы.

— Вар’ят! — крыкнула я. — Людзі спяць яшчэ, а ты са сваёй дудкай, як...

— Сама ты... Жанчына, адным словам! Баба! — пакрыўдзіўся Вінцэнт і пабег у другі пакой будзіць Браніслава.

І што вы сабе думаеце? Яны, мусіць, канчаткова страцілі адчуванне часу, таму што неўзабаве пачалі іграць дуэтам. Вінцэнт хуценька прымусіў Зуба ўключыць гітару, і распачаўся ранішні джэм. З-за сцяны да мяне даносіліся вуркатанне Вінцэнта, спеў ягонага саксафона, паценькванне гітары. Я не пярэчу: пагарачылася, таму што зразумець у такі час дзіцячую радасць Вінцэнта было дадзена не кожнаму. А!.. Быў бы ў музыцы сэнс, а там будзем глядзець... Абы толькі не плакала гэтае малое!..

А суседзі Браніслава — людзі з сапраўды жалезнымі нервамі. Альбо яны ўсе — вялікія прыхільнікі джазавай музыкі...

Карацей кажучы, мінула якіх пяць-шэсць дзён, а Вінцэнт падрыхтаваў ужо праграму з новым інструментам. Ягоны чамадан заняў ганаровае месца ў пакойчыку музыкантаў, і Маркіз вырашыў, што будзе ў яго збіраць штрафы за курэнне, мацюкі і спазненні на працу. Чамадан пачаў пакрысе запаўняцца, таму што ў асяроддзі музыкантаў згаданыя вышэй грашкі не пераводзіліся. Чамадан, праўда, быў такі вялікі, што мне падумалася: не, не дажыць мне да таго шчаслівага імгнення, калі ў фібравы цуд немагчыма будзе ўціснуць нават яшчэ адзін пашкаматаны жыццём шэры, як верабей, савецкі рубель.

Там жа, у пакойчыку, дзе мяне ўспрымалі ўжо як свайго чалавека, Маркіз паведаміў пра запіс на студыі радыё.

— Будзем пісаць усе тыя п’есы, што добра абкаталі тут, — растлумачыў ён. — Запіс пойдзе ў фонды радыё, п’есы будуць рэгулярна даваць у эфір, мне паабяцалі, што прапануюць іх і для Масквы. Як вам такія перспектывы?

— Мяне, выходзіць... у Маскве пачуюць? — ажывіўся Чырык.

— Пустое... — махнуў Валяй.

— А на радыё нармальна плацяць? — пацікавіўся Цэцэ.

— Усе пытанні потым! — адрэзаў Маркіз. — Скажу больш: калі ўсё пройдзе добра, у тым ліку і з тэхнічнага боку, я дамоўлюся пра выданне запісаў асобнай пласцінкай. Пласцінка, самі разумееце, такая рэч, дзеля якой варта паварушыцца.

— Пласцінка... — раптам пачулі мы ўсе голас Сапегі. — Я магу запісацца на пласцінку? Гэта праўда, Маркіз?

— Я сказаў! — спыніў гаворку Маркіз. — Заўтра а дзесятай раніцы ўсім быць на радыё з інструментамі. А цяпер гайда на сцэну, “хворыя” чакаць не будуць!

Зразумела, што і я апынулася сярод музыкантаў, што вясёлай чародкай пад пільным вокам міліцыянера прайшлі на радыё...

Мне ў студыі вельмі спадабалася, і я адчувала б сябе наогул на ўсе сто працэнтаў, калі б у галаве пастаянна не ўсплывалі словы Маркіза, якія ён мне сказаў напярэдадні вечарам: “Жужа, вачэй не спускай з Сапегі. Ён на тваім сумленні”.

Божачкі, ну што можа здарыцца з ім тут, калі ўнізе такія сур’ёзныя міліцыянеры са зброяй? Каму яшчэ мог стаць упоперак дарогі мой Вінцэнт?

Тым не менш я навастрыла вушы як ніколі. Не ведаю, можа, нехта нешта і хаваў тут ад мяне, ды толькі не музыканты. Зуб, Валяй і Чырык непасрэдна на сходах, што вялі на вышкі, сервіравалі сабе стол па-шведску і запрасілі да яго мяне. Мне што, я ж толькі на адну хвілінку! І ўвогуле, калі па дзесятай гадзіне раніцы глынеш крышачку дарагога каньяку, дык увесь дзень потым пройдзе на пяць з плюсам. Я ведала гэта, таму і не адмовілася ад “Арарата”. Мы яшчэ, як заведзена, пабалбаталі пра сёе-тое, музыканты паўтарылі і тым самым замацавалі славуты выраз: “Без газу няма джазу”. Я ад паўтору адмовілася, хоць мне і вельмі хацелася.

— Дзе Вінцэнт? — спытала я.

— Папісаць пабег, — весела сказаў Чырык і ўсміхнуўся. — Дарэчы, я ўпершыню адзначыў у Сапегі мандраж.

— Эх, а вось са мной аднойчы здарылася... — пачаў новую прыпавесць Зуб, ды я не стала яго слухаць, а скіравалася на пошукі Вінцэнта.

Спынілася каля мужчынскага туалета, прыслухалася і пайшла было далей, як раптам пачула з-за дзвярэй голас Цэцэ: “Ну, як яно? Нармальна пайшло, у кайф?”

Мяне нібыта аса джыганула. Я адскочыла за вугал, прыціснулася да сценкі і нервова закурыла. Нешта вельмі благое пачулася мне ў словах Цэцэ, і я была ўпэўнена, што ён мог іх казаць толькі Вінцэнту. Але ж з якой нагоды?

Я пачула, як два чалавекі выйшлі з туалета і пакрочылі ў бок студыі. Мой недакурак выпісаў акуратную траекторыю і дакладна апусціўся ў кошык каля супрацьлеглай сцяны, а сама я, быццам мыш, праслізнула ў калідор. Ніколі я так не хвалявалася, як у гэтыя імгненні. Здавалася б, што тут такога: такі ж самы туалет, толькі дзверы крыху іншыя — з малюнкам малайца з вусамі, а вось зайсці ў мужчынскі туалет жанчыне — проста страшна! Я агледзелася і праскочыла ўнутр, нават не падумаўшы, якую рэакцыю можа выклікаць там маё з’яўленне ў каго-небудзь з прадстаўнікоў моцнай паловы чалавецтва.

У туалеце было, на шчасце, пуста, ды нейкі паляўнічы сверб цалкам захапіў мяне. Я зазірнула ў кожную з трох кабінак, шукаючы нейкіх доказаў — пустую бутэльку, можа, які іншы посуд з-пад спіртнога. Дарма. Тады я перамагла сорам і запусціла руку ў кучу папер, якімі быў перапоўнены кошык пад умывальнікам. Мой улоў быў такі ж плённы, як і нечаканы. Уражаная, я трымала ў руках шпрыц аднаразавага выкарыстання з рэшткамі нейкай вадкасці ўнутры.

Няўжо ён мог мець нейкае дачыненне да Вінцэнта? Няўжо з нагоды менавіта гэтай порцыі наркаты выказваўся Цэцэ? Значыць, і тады, напярэдадні джэма ў “Зорцы”, дзякуючы “дапамозе” Цэцэ Вінцэнт і паклаў усіх на лапаткі? Што рабіць? Пабегчы ў студыю і паведаміць Маркізу? Ды ён столькі часу прабіваў гэты запіс, столькі паклаў на яго ўласных грошай... А тут я, шпрыц гэты... Запіс, зразумела, Маркіз адразу ж адменіць, і многае што аўтаматычна паляціць кату пад хвост. Казаць нешта Вінцэнту тым больш не мела сэнсу. Яму што? Ён ужо ўкалоўся, гадзіна! Мне ж абяцаў больш не піць, не браць розную атруту! Тут сапраўды вінаваты Цэцэ, але як я магу даказаць ягоную віну? Ён жа мяне пры ўсіх на смех падыме, калі спытае, дзе я знайшла шпрыц. А ён абавязкова спытае!..

Няма чаго, значыць, тут тырчма тырчаць. Яшчэ прынясе каго ў туалет...

Я асцярожна выбралася на калідор, дзе, дзякаваць Богу, нікога не было, і пайшла ў студыю, паклаўшы загорнуты ў туалетную паперу шпрыц у бакавую кішэню курткі. У студыі ўсё ішло сваім парадкам. Па той бок вялікай шыбы з трыма радамі шкла завіхаліся музыканты і тэхнікі, рыхтуючы інструменты і мікрафоны. Тут жа, у пакоі гукарэжысёра, некалькі жвавых і прыстойных хлопчыкаў рупліва выстаўлялі гучанне на вялікім, з більярдны стол, пульце з мноствам самых розных ручак і кнопак. Каля пульта павай праходжваўся Маркіз.

— Значыць, мы дамовіліся, Сяргей: запіс не спыняць, што б там у студыі ні здарылася, — сказаў ён мужчыну з бародкай, які адзін сярод тэхнікаў выглядаў крыху старэйшым. — Мне спатрэбяцца ўсе трэкі, нават тыя, якія яны не дайграюць да канца. А Сапега будзе саліраваць столькі, сколькі ён сам вырашыць. Потым ужо мы з табой будзем адбіраць запісаны матэрыял.

— У мяне студыя заказана роўна на восем гадзін, — супакоіў Маркіза Сяргей. — Не хвалюйся за нас. Мы сваё зробім, а ўсё іншае залежыць толькі ад іх.

Сяргей кіўнуў у бок музыкантаў.

Я думала, што будзе так: музыканты зайшлі ў студыю, падключылі інструменты і пачалі запісвацца. Дзе там! Адны толькі барабаны гукарэжысёр выпрабоўваў хвілін з сорак! Мне ўжо абрыдла слухаць аднастайныя ўдары Цэцэ, і калі б настройка яшчэ крыху зацягнулася, я, далібог, уляцела б у студыю і ўсадзіла яму той шпрыц у тое самае месца, адкуль ногі растуць.

— Сядзь, не круціся пад нагамі! — гаркнуў на мяне Маркіз, і я адразу зашылася ў куточак, адкуль, аднак, бачыла практычна ўсю студыю.

Нарэшце Сяргей звярнуўся да Маркіза:

— Ну што? Нібыта ўсё гучыць няблага. Будзем спрабаваць?

Маркіз націснуў нейкую кнопачку на пульце і сказаў у мікрафон:

— Увага, пачынаем! Першай будзем пісаць п’есу... “Чатыры браты”! З богам, мае хлопчыкі!

Я заўважыла, як Валяй сплюнуў на падлогу, а Вінцэнт, не тоячыся, перахрысціўся. Цэцэ адбіў адлік, шчоўкнуў магнітафон, і запіс пачаўся.

З самага пачатку пакаціла не так і добра: Маркіз разоў з пяць спыняў запіс першай п’есы. Яму ўвесь час нешта не падабалася, ды я хутка зразумела ягоныя хітрыкі: гэткім чынам ён як бы імкнуўся раззлаваць музыкантаў, настроіць іх адпаведным чынам на сур’ёзную працу, даваў ім неабходную танальнасць, здаровую агрэсіўнасць, без чаго немагчыма было чакаць плённых вынікаў.

Вінцэнт, здавалася, нічым не вылучаўся сярод іншых музыкантаў. Ён уважліва слухаў Маркіза, часам нават згаджаўся з ім, караціў уласныя сольныя эпізоды, аднак быў, як заўсёды, нешматслоўны. І па ягоных паводзінах немагчыма было здагадацца, што ён нядаўна ўліў у сябе нейкую атруту. Ягоны “Сэлмер” спяваў, вуркатаў, папіскваў у час запісу наступных некалькіх тэм, калі Маркіз перастаў ужо ўмешвацца ў творчы працэс, а проста стаяў і слухаў, часам прыплюснуўшы вочы. Ды я адзначыла, што літаральна з кожнай хвілінай Вінцэнт усё больш заводзіўся, а гучанне ягонага саксафона рабілася ўсё больш драпежным, рэзкім, нават вісклівым. Мусіць, усё і скончылася б на той самай ноце, калі Маркіз спыніў запіс.

— Хлопчыкі, усё, што мы мелі сёння зрабіць, зроблена на “выдатна”! — сказаў ён. — Сяргей не дасць схлусіць. Але ў мяне ёсць яшчэ... амаль паўтары гадзіны студыі. Дык што, паімправізуем хіба на ўласную ўцеху? Як ты, Вінцэнт, у норме?

Стоячы пасярэдзіне студыі, Вінцэнт павольна агледзеўся. Чырык нешта сказаў яму і гучна зарагатаў. Вінцэнт адступіў у глыб памяшкання і на некаторы час знерухомеў, стоячы спінай да нас. Я быццам бы на ўласнай скуры адчувала, як ён напружана разважае. Потым ён рэзка павярнуўся да музыкантаў, нешта найграў ім на саксафоне, нешта паказаў на пальцах, музыканты перакінуліся паміж сабой некалькімі словамі, пасля чаго Вінцэнт кіўнуў нам: можна запускаць магнітафон!

Сяргей паварушыў на пульце ручкамі.

— Тэма Сапегі! — пачулі мы вясёлы голас Чырыка. — Выконваецца ўпершыню!

Але перад тым, як яны пачалі іграць, Вінцэнт пахіснуўся, схапіўся рукой за пюпітр, хоць ужо праз якое імгненне стаў цвёрда, рашуча схапіў ротам муштук і даў знак калегам.

Спачатку мне здалося, што на прысутных абрынуўся гук рэактыўнага самалёта, які непасрэдна над нашымі галовамі рваўся ў неба. Валяй наваліўся на кантрабас, Зуб зацята церабіў адну струну, Чырык малаціў па клавішах раяля, а Цэцэ наводмаш лупцаваў па талерках, барабанах, па ўсім, што толькі траплялася пад руку. На фоне гэтага гукавога вэрхалу Вінцэнт разрываў паветра студыі кароткімі, пранізлівымі нотамі, якія рэзалі слых і прымушалі шчыльна заціснуць вушы. Такі пачатак п’есы, прызнацца, зрабіў уражанне і адначасова азадачыў.

— Во дык увінцілі! — крыкнуў Сяргей. — Высокі клас!

Раптам па знаку Вінцэнта бязладная вакханалія гукаў у адзін момант абарвалася, і Вінцэнт павёў прыгожую меладычную лінію — спачатку ціха, напаўдыхання, а потым усё гучней і гучней. Паступовае нарастанне дынамікі было ледзь прыкметнае, толькі мне зноў падалося, што на нагах Вінцэнт стаіць усё больш няўпэўнена. Як заўсёды, ягоны твар пакрыўся потам і счырванеў, але ён працаваў бесперапынна, не дазваляючы ні на імгненне адпачнуць ні сабе, ні партнёрам. Мінула яшчэ пара хвілін, і я канчаткова страціла ўсякае адчуванне часу, таму што Вінцэнт ні разу не дазволіў саліраваць іншым; наадварот — ён усё больш і больш падганяў музыкантаў, змушаў іх павялічваць тэмп, аж нарэшце давёў яго, здавалася б, да мяжы магчымага. Ягоныя пальцы з неверагоднай хуткасцю лёталі па целе саксафона, гучалі такія рваныя, кароткія ноты, што ўсе яны зліваліся ў адзіную магутную, чарадзейную плынь, якая, быццам бы вадаварот, уцягвала ў сябе, выкручвала да болю ў касцях, несла стогны і крыкі.

Хлопцы каля пульта знерухомелі, сталі як загіпнатызаваныя, і ніхто з іх нават не зрэагаваў, калі Вінцэнт адступіў ад мікрафона, павярнуўся спінай да шыбы і цалкам паглыбіўся ў сябе і ўласную музыку, якую цяпер чуў, здаецца, толькі ён адзін.

Першы не вытрымаў Браніслаў. Ён адхінуўся ад гітары, сцяўся ў глыбіні крэсла ў камочак і спадылба моўчкі ўтаропіўся ў Вінцэнта, які хадзіў па студыі, размахваў саксафонам, быццам бы вострай касой.

— Мікрафон на жураўля! — апамятаваўся Сяргей.

Пару хлопцаў кінуліся ў студыю, і неўзабаве побач з Вінцэнтам стаў адзін з іх, трымаючы на доўгай стойцы вялікі мікрафон. Хлопец ценем хадзіў за саксафаністам па студыі.

А Вінцэнт, здавалася, ужо не звяртаў ні на што ўвагі. Ён круціўся па студыі, глытаў, як рыба, паветра, каб прапусціць яго праз свой інструмент, і тэмп выканання, які ён трымаў, быў ужо проста неверагодны.

— Не магу! — крыкнуў Чырык і гучна зачыніў вечка раяля.

— Працягваць! — замычаў Вінцэнт і абрынуў на нас новую порцыю гукаў — дзікіх, вар’яцкіх, ад якіх разрывалася галава.

Валяй з вытрашчанымі вачыма выпаўз са студыі і сеў проста на падлогу, схапіўшыся за сэрца. Апошні здаўся Цэцэ: ён шпурнуў палачкі праз усю студыю і злосна пнуў нагой вялікі барабан.

— Я ж вам ад самага пачатку казаў — вар’ят! — закрычаў ён. — Спыніце вы яго, а то я ні за што не адказваю!

А Вінцэнт між тым і не думаў спыняцца. Збялелы Маркіз сціснуў плячо Сяргея, які скамянеў над пультам. Стужка на магнітафоне па-ранейшаму круцілася сабе, спраўна запісвала неверагоднае сола музыканта. Здавалася, яшчэ імгненне — і шкло ў студыі разляціцца ўшчэнт, і гукі саксафона вырвуцца на свабоду, панясуцца віхурай па вуліцы, змятаючы на сваім шляху ўсё, што трапіцца ім насустрач.

Сапега шырокімі крокамі хадзіў па студыі, пінаючы нагамі крэслы, пюпітры, якія ад ягоных удараў з грукатам разляталіся ў розныя бакі. Хлопец з мікрафонам нейкім цудам паспяваў за саксафаністам, мабыць, назаўсёды страціўшы надзею на тое, што гэты запіс калі-небудзь скончыцца...

—Толькі не выключай мікрафон, прашу цябе! — маліў Маркіз гукарэжысёра, ды той проста не ў стане быў нешта адказаць.

Вінцэнт наблізіўся да шыбы, прыціснуўся да яе тварам. Над ягонай галавой у той жа момант завіс мікрафон, але Вінцэнт толькі адмахнуўся ад яго, як ад дакучлівай мухі, ні на імгненне не спыняючы сваё раз’юшанае сола. Перакошаны твар музыканта, здавалася, яшчэ праз якую хвіліну выдавіць шкло і ўлезе сюды, у пакой гукарэжысёра, несучы з сабой ураган, глабальную катастрофу, бедствы, якія дагэтуль і не мроіліся людзям. Вінцэнт хіба што ўжо і не думаў, што і як яму іграць: ён проста крычаў праз свой саксафон, не ў сілах стрымаць свае эмоцыі, думкі, пачуцці...

Ды нечакана гукавая навала абарвалася. Цяжка дыхаючы, Вінцэнт спадылба зірнуў праз шкло на нас так, нібыта глядзеў з-за кратаў, павольна памацаў позіркам кожнага ў студыі. І тут мы пачулі ягоны здаўлены, глухі голас:

— Ну што, сукі?! Цяпер вы разумееце, як трэба іграць джаз? Вы ж нічога не разумееце! Таму што гэта не я іграў сёння. Гэта я іграў праз сто гадоў! *

Вінцэнт адшпіліў ад нашыйнага рэменя саксафон і з сілай шпурнуў яго на падлогу. Мікрафон спраўна занатаваў і гэты гук. Насупіўшыся, Вінцэнт з-за шкла зноў зірнуў на нас, гучна вылаяўся і выскачыў са студыі.

— Спыніце яго! — прахрыпеў Маркіз.

— Пакажыце мне таго дурня, які голымі рукамі спыніць цягнік, — сказаў Сяргей і толькі цяпер выключыў магнітафон.

Такім дурнем аказалася я. Вечаровае сонца праз вокны разанула мне па вачах, я птушкай паляцела ўніз па сходах, прапускаючы прыступкі, аж пакуль на апошняй з іх не грымнулася на калені проста перад паставым міліцыянерам. Накульгваючы, панеслася па вуліцы ўслед за Вінцэнтам, які шырока крочыў, размахваў рукамі і нешта гучна мармытаў.

Людзі на вуліцы расступаліся перад ім, азіраліся ўслед. А я думала пра адно: мушу яго затрымаць, супакоіць, вярнуць на гэты свет з тае будучыні, ад якой нас усіх знянацку адрэзалі доўгія сто гадоў. Не патрэбная мне праз тыя гады нават найбольш чарадзейная музыка! Мне патрэбны яе выканаўца, але — сёння.

Я мушу вярнуць яго з будучыні!

* Паводле звестак, прыкладна гэтак жа: “Я іграю ўжо заўтра!” — выказаўся ў час запісу ў Нью-Йорку Чарлі Паркер — чалавек, дзякуючы якому нарадзіўся сучасны джаз. (Заўвага аўтара).