Гісторык з Віцебска

жыццяпіс Аляксея Сапунова

Хмяльніцкая Людміла


Віцебскае старажытнасховішча

Вернемся ў Віцебск 1893 г. — час, калі ў культурным жыцці тутэйшага грамадства наспявала значная падзея. Ёю было адкрыццё новага музея — мясцовага царкоўна–археалагічнага старажытнасховішча.

Царкоўна–археалагічныя музеі пачалі з’яўляцца на Беларусі ў 1890—1910–х г. Утвараліся яны як епархіяльныя музеі духоўнага ведамства праваслаўнага веравызнання з мэтаю збірання і захавання прадметаў мясцовай рэлігійнай даўніны. Такія музеі раней ці пазней былі створаны ва ўсіх епархіяльных гарадах тагачаснага Паўночна–Заходняга краю: Віцебску, Магілёве, Гародні, Мінску і Вільні. Першае старажытнасховішча было адчынена ў Віцебску.

Першымі сховішчамі царкоўных старажытнасцяў варта, відаць, лічыць касцельныя і царкоўныя рызніцы, што існавалі практычна пры кожным храме і ўтрымлівалі рэчы, узрост якіх вызначаўся часам не адной сотняй гадоў. Пры кляштарах і парафіяльных цэрквах, як правіла, існавалі архівы, дзе захоўваліся старадаўнія метрычныя кнігі і рознага кшталту юрыдычныя дакументы. Асобныя царкоўныя музеі пачалі стварацца толькі ў другой палове XIX ст., з канца 1870–х г. Геаграфія іх з’яўлення ахапіла значную тэрыторыю Расійскай імперыі — ад Каўказа (Тыфліс, Сухумі) да Ўкраіны (Жытомір, Уладзімір–Валынскі, Чарнігаў). Аднак пераважная большасць музеяў была створана ў цэнтральных раёнах Расіі — Уладзіміры, Яраслаўлі, Растове, Прылуках, Падольску, Туле, Арле і іншых гарадах. Адчыніліся старажытнасховішчы і пры духоўных акадэміях у Маскве, Пецярбургу і Кіеве[1]. Гэтыя музеі былі творам панавальнай у дзяржаве праваслаўнай царквы і звычайна адчыняліся пры духоўных семінарыях, царкоўных брацтвах або архірэйскіх дамах.

У Беларусі пасля далучэння да Расійскай імперыі праблема захавання прадметаў старасветчыны стаяла вельмі востра. Дзяржава не выконвала ахоўнай функцыі ў дачыненні да помнікаў даўніны, асабліва тых, што належалі раней уніяцкай канфесіі. Становішча ўскладнялася і гістарычным невуцтвам грамадства, зарыентаванага перш за ўсё на ўсведамленне культурных набыткаў суседняй Расіі, а не сваіх уласных. Неразуменне гістарычнай і мастацкай каштоўнасці мясцовых старажытных актавых матэрыялаў, кніг, абразоў, роспісаў і г.д. часта можна было сустрэць і з боку святароў, у рукі якіх гэтыя рэчы траплялі. У нататках Аляксея Сапунова знаходзім апісанне наступнага акта вандалізму, учыненага настаяцелем аднаго з беларускіх манастыроў у 1850–я г. Пасля выхаду загада Сінода наконт дастаўкі звестак пра манастырскія архівы з падрабязным апісаннем усіх дакументаў, што захоўваліся ў іх, згаданы настаяцель, які з цяжкасцю разбіраў друкаваныя тэксты, быў вельмі засмучаны, бо ў архіве манастыра з даўніх часоў захоўвалася вялізная скрыня, напакаваная старажытнымі рукапісамі. Святар абвясціў сябе хворым, зачыніўся ў келлі і за два тыдні папаліў там увесь манастырскі архіў, пасля чаго з чыстым сумленнем паведаміў у Сінод, што ў давераным яму манастыры ніякіх старажытных актаў не захоўваецца[2]. Гэтае здарэнне, на жаль, не было адзінкавым і выпадковым.

З ініцыятывай стварэння царкоўна–археалагічнага музея ў Віцебску выступіў інспектар народных вучылішчаў Еўдакім Раманаў. У чэрвені 1892 г. ён накіраваў архіепіскапу Полацкаму і Віцебскаму Антаніну спецыяльную запіску, у якой выказаў думку наконт неабходнасці збірання па цэрквах епархіі помнікаў царкоўнай даўніны, якія ўжо не ўжываліся пад час набажэнстваў, аднак уяўлялі «не толькі мясцовы, але і агульны царкоўна–археалагічны інтарэс». На ўвазе мелася старажытнае царкоўнае адзенне, начынне, абразы, старадрукі і рукапісныя кнігі, званы, старадаўнія планы ўжо не існуючых храмаў — усё тое, што, на думку Раманава, заслугоўвала «руплівага захавання ад знішчэння часам і нявопытнасцю асобаў, бліжэйшаму назіранню якіх яны былі давераны»[3].

Запіска Раманава была ўхвалена архіепіскапам, які на чарговым сходзе Віцебскага Свята–Ўладзімірскага брацтва прапанаваў размясціць новы музей у адным з пустых пакояў архірэйскага дома пры Мікалаеўскім кафедральным саборы (колішнім езуіцкім касцёле ў гонар Св.Юзэфа). Арганізацыяй старажытнасховішча апроч Раманава было даручана заняцца выкладчыку мужчынскай гімназіі Аляксею Сапунову і святару Мікалаеўскага кафедральнага сабора Васілю Гаворскаму. Трыма азначанымі асобамі былі складзены «Прыкладныя падставы заснавання царкоўна–археалагічнага музея ў Віцебску», якія ў траўні 1893 г. былі надрукаваны ў «Полацкіх Епархіяльных Ведамасцях». Згодна з гэтым дакументам, асноўная функцыя, якую павінен быў выконваць музей, заключалася толькі ў збіранні, апісанні і захаванні прадметаў. Ніякіх задач навукова–даследчага характару перад ягонымі супрацоўнікамі не ставілася. Адзінае выключэнне складала заўвага №1 да § 4, у якой гаварылася, што «музей павінен імкнуцца да складання поўнага альбома храмаў епархіі»[4]. У якасці галоўнай крыніцы папаўнення фондаў музея ягоныя арганізатары разглядалі дзейнасць дабрадзеяў епархіі, якія пры садзейнічанні кансісторыі займаліся б зборам старажытнасцяў па асобных цэрквах і манастырах.

Пэўную цікавасць уяўляе заўвага №2 да § 4, у якой вызначаўся вельмі абмежаваны доступ да часткі «рэлігійнага характару прадметаў, у розныя часы канфіскаваных, што захоўваюцца цяпер у кансісторыі або ў кладоўках кафедральнага сабора»[5]. Хутчэй за ўсё, да гэтай катэгорыі экспанатаў адносіліся рэчы кшталту часцінак мошчаў Св.Пакутніка Язафата Кунцэвіча, якія на той час захоўваліся ў рызніцы Віцебскага Мікалаеўскага кафедральнага сабора[6], і, выстаўленыя для ўсеагульнага агляду, маглі выклікаць непажаданую для афіцыйных уладаў рэакцыю пэўнай часткі мясцовага насельніцтва (як гэта было, напрыклад, у створаным бальшавікамі ў 1920–я г. у Віцебску музеі атэізму, дзе вернікі маліліся каля мошчаў Св.Ефрасінні Полацкай).

Так званае прыватнае адкрыццё Віцебскага старажытнасховішча адбылося 2 верасня 1893 г. Да гэтага часу быў скончаны рамонт аднаго з пакояў архірэйскага дома. У верасні таго ж года праект статута старажытнасховішча быў накіраваны архіепіскапам Антанінам на зацвярджэнне ў Сінод. Службовае перамяшчэнне правялебнага Антаніна ў Пскоў у чэрвені 1894 г. на пэўны час затрымала зацвярджэнне палажэння аб музеі. Загад Сінода з дазволам на адкрыццё Віцебскага царкоўна–археалагічнага музея і зацвярджэнне ягонага статута выйшаў толькі 27 кастрычніка 1895 г.[7].

Першыя экспанаты для старажытнасховішча Раманаў і Сапуноў сабралі пад час наведвання віцебскіх гарадскіх цэркваў: Благавешчанскай, Іллінскай, Петрапаўлаўскай і цэркваў Маркава манастыра. У студзені 1895 г. Раманаў быў вымушаны ад’ехаць з Віцебска на новае месца службы ў Гродзенскую губерню. Клопаты па збіранні экспанатаў для музея цалкам ляглі на плечы Аляксея Сапунова. У хуткім часе яму на дапамогу па загадванні старажытнасховішчам былі абраны выкладчык духоўнай семінарыі Дзмітры Даўгяла і настаўнік мужчынскай гімназіі знаны этнограф Мікалай Нікіфароўскі. Яны заняліся апісаннем ужо сабраных экспанатаў і складаннем каталога. У жніўні 1897 г. Сапуноў адмовіўся ад загадвання старажытна–сховішчам, бо з 1 верасня быў прызначаны на іншую пасаду, у сувязі з чым пераехаў жыць у Маскву. Аднак нам, відаць, варта прасачыць далейшы лёс і перыпетыі існавання гэтага дзецішча Аляксея Парфенавіча.

Пасля ад’езда Сапунова на ягонае месца сябрам камісіі па загадванні музеем быў абраны настаўнік мужчынскай гімназіі Іван Сабін–Гус[8]. З 1903 г. у склад камісіі ўваходзіў выкладчык духоўнай семінарыі Дзмітры Нікіфароўскі, а пасля яго з лістапада 1904 г. — выкладчык той самай семінарыі Мікалай Багародзкі[9]. Свае абавязкі па загадванні музеем сябры камісіі выконвалі бясплатна.

Старажытнасховішча мела трох ганаровых сяброў, што атрымалі гэтае званне «за асаблівую любоў да мясцовых старажытнасцяў». Імі былі Аляксей Сапуноў, Еўдакім Раманаў і Мікалай Нікіфароўскі.

Росквіт Віцебскага царкоўна–археалагічнага музея прыпаў на першае дзесяцігоддзе ягонага існавання. У гэты час ён асабліва актыўна папаўняўся новымі матэрыяламі, што паступалі ад дабрадзеяў з розных акругаў епархіі. У кастрычніку 1893 г. епіскап Полацкі і Віцебскі звярнуўся да настаяцеляў усіх цэркваў Віцебска з прадпісаннем «Аб перадачы прадметаў, што не ўжываюцца пад час набажэнстваў і маюць царкоўна–археалагічную каштоўнасць, у Віцебскі царкоўна–археалагічны музей»[10]. Сябры камісіі па загадванні музеем самі актыўна праводзілі агляд маёмасці цэркваў і адбор экспанатаў як у самім Віцебску, так і за ягонымі межамі. Напрыклад, у 1898 г. Дзмітры Даўгяла агледзеў 17 цэркваў Лепельскага павета, а Мікалай Нікіфароўскі — чатыры царквы і тры капліцы ў Гарадоцкім павеце Віцебскай губерні. Сумесна гэтыя краязнаўцы даследавалі тры храмы ў Віцебску, а таксама зрабілі апісанне Св.–Мікалаеўскай царквы ў мястэчку Бешанковічы. Вынікі апошняй працы былі надрукаваны спачатку ў «Полацкіх Епархіяльных Ведамасцях», а пазней — у выглядзе асобнай брашуры[11].

З самага пачатку свайго існавання музей знаходзіўся ў падпарадкаванні Віцебскага епархіяльнага Свята–Ўладзімірскага брацтва, са скарбонкі якога пакрываліся ўсе ягоныя фінансавыя выдаткі. У кастрычніку 1897 г. пры брацтве быў створаны асобны камітэт для царкоўна–археалагічнага і статыстычнага апісання цэркваў і прыходаў Полацкай епархіі. У склад камітэта ўвайшлі таксама сябры камісіі па загадванні старажытнасховішчам Дз.Даўгяла і М.Нікіфароўскі. Згодна з загадам кансісторыі, камітэт разаслаў ва ўсе цэрквы спецыяльныя анкеты, пытанні якіх тычыліся не толькі сучаснага стану храмаў, але і іх гісторыі, засяроджвалі ўвагу святароў на помніках мясцовай даўніны. Да канца 1899 г. камітэт меў ужо 178 апісанняў цэркваў, рэдагаваў іх і рыхтаваў да друку[12]. На жаль, выдадзены яны так і не былі.

Віцебскі царкоўна–археалагічны музей размяшчаўся ў адной з залаў другога паверха ўсходняй часткі архірэйскага дома. У прадмове да «Апісання прадметаў старажытнасці, якія паступілі ў Віцебскае епархіяльнае царкоўна–археалагічнае старажытнасховішча», што было зроблена Дз.Даўгялам і М.Нікіфароўскім, сустракаем наступнае апісанне музейнага памяшкання: «Зала старажытнасховішча мае ў даўжыню 5 сажняў, у шырыню 4 саж., у вышыню 1 саж. 2 аршыны і 8 вяршкоў. У ёй 5 вокнаў: два на паўднёвым, два на ўсходнім і адно на паўночным баку <…> У двух кутах залы старажытнасховішча, якія ўтвараюцца злучэннем паўднёвай і паўночнай сцен з заходняй, размешчаны дзве кутнія галандскія, са свежай кафлі печы, са звычайнай топкай <…> Падлога залы пафарбавана карычневай алейнай фарбай, столь — белай вапнавай, сцены — светла–блакітнай вапнавай фарбай, з каляровымі кантамі ніжэй гзымсаў.

У амбразурах трох закладзеных цэглаю вокнаў (адно акно закладзена ў паўднёвай сцяне, а два ў паўночнай, — і яны з’яўляюцца першымі ад увахода) уладкаваны тры цалкам аднолькавыя сцянныя шафы, у два ярусы кожная, з асобнымі зашчапкамі ў кожным ярусе (двухстворкавыя ў філёнгах дзверы) і ўнутранымі замкамі. Вышыня і шырыня сцянных шафаў роўныя вышыні і шырыні аконных амбразураў. Звонку шафы паліраваныя, прычым рамы дзвярэй пад воск, абкладзены чорнымі сталярнымі кантамі ў бакі філёнгаў: гэткім жа чорным гзымсам увенчваецца і кожная шафа <…> Мэбля старажытнасховішча ў наяўнасці складаецца з наступнага: а) тры драўляныя шчыты; б) 14 вітрынаў; в) куфар; г) тры вялікія сталы; д) тузін гнутых крэслаў; е) дзве перасоўныя стаячыя лесвіцы; ж) стаячая вешалка і з) жалезны рукамыйнік з прыладамі да яго»[13].

Збор Віцебскага старажытнасховішча ў 1905 г. налічваў 1247 экспанатаў[14], пасля чаго папаўненне музея новымі прадметамі істотна замарудзілася.

У 1913 г. у Віцебску было створана царкоўна–археалагічнае таварыства, якое мела на мэце вывучэнне гістарычнага мінулага праваслаўнай царквы на Віцебшчыне і занялося ўпарадкаваннем царкоўнага музея. Аднак таварыства мела толькі некалькі пасяджэнняў, пасля чаго перапыніла сваё існаванне і канкрэтных вынікаў працы пасля сябе не пакінула[15].

За час дзейнасці Віцебскага старажытна–сховішча быў выдадзены ягоны каталог, які ахопліваў паступленні, зробленыя да лістапада 1897 г.[16]. Спіс новых паступленняў рэгулярна друкаваўся на старонках «Полацкіх Епархіяльных Ведамасцяў». На падставе гэтых крыніц, а таксама «Кнігі для запісу прадметаў, што паступілі ў царкоўна–археалагічны музей Віцебска», якая сёння захоўваецца ў фондах Віцебскага абласнога краязнаўчага музея[17], мы можам прасачыць, з якіх канкрэтна прадметаў фармаваўся музейны збор.

Адразу варта заўважыць, што ў музеі, у адпаведнасці з ягонымі мэтамі і задачамі, канцэнтраваліся рэчы пераважна рэлігійнага ўжытку (сярод нецаркоўных прадметаў можна адзначыць невялікую калекцыю манет, медалёў, фотаздымкаў, некалькі дзесяткаў драўляных формаў для вырабу крашаніны). У сувязі з тым, што гістарычна–рэлігійнае жыццё краю не было аднародным (як, напрыклад, у цэнтральных губернях Расіі), тут збіраліся прадметы, якія належалі прадстаўнікам розных хрысціянскіх канфесій. Так, у музеі апроч праваслаўных захоўваілся стараверскія рэчы, такія, як складні, 8–канцовыя крыжы, «абразы стараверскія, апакрыфічнага пісьма», святцы, «рукапісны зборнік твораў хадзячай стараверскай літаратуры» і г.д. Былі тут і «абразы каталіцкага тыпу», антымінсы, манстранцыі, крыжы з распяццямі, больш за чатыры дзесяткі драўляных разьбяных выяваў — статуй Хрыста, Божай Маці, анёлаў, святых і г.д. Аднак найбольшую колькасць складалі культавыя прадметы уніяцкага веравызнання. І ў гэтым не было нічога дзіўнага. Асноўнае папаўненне музея ішло праз ахвяраванне святарамі культавых рэчаў, якія ўжо не ўжываліся пад час набажэнстваў і вялі сваё паходжанне з XVII або XVIII ст. (больш раннія рэчы ў цэрквах захоўваліся вельмі рэдка з прычыны частага разрабавання краю). Як вядома, пераважная большасць насельніцтва Беларусі ў XVII—XVIII ст. спавядала уніяцтва. У Віцебску, напрыклад, на момант уваходжання ў склад Расійскай імперыі было 6 каталіцкіх касцёлаў, каля двух дзесяткаў уніяцкіх храмаў і ніводнай праваслаўнай царквы. Амаль усе уніяцкія храмы ў першай палове XIX ст. былі пераасвечаны на праваслаўныя цэрквы, а старое уніяцкае царкоўнае начынне схавана ў рызніцы або выкінута на гарышчы, адкуль яго і даставалі святары храмаў на загад дабрадзеяў для перадачы ў царкоўна–археалагічны музей. Менавіта такім чынам у збор старажытнасховішча трапіла шмат уніяцкіх абразоў, святарскага адзення (рызы, фелоні, мітры уніяцкага архіепіскапа Антонія Сялявы), уніяцкага царкоўнага начыння (чашы, мірніцы, паціры, келіхі, падсвечнікі, харугвы, антымінсы), уніяцкіх богаслужбовых кніг, партрэтаў ерархаў уніяцкай царквы. У музей быў поўнасцю перавезены іканастас з уніяцкай Св.–Мікалаеўскай царквы ў мястэчку Бешанковічы, драўляныя царскія вароты з царквы Св.Юр’я ў Віцебску, 18 абразоў з царквы ў вёсцы Латыгава, напісаныя ў XVIII ст. мясцовым майстрам, частка з якіх захавалася да нашага часу[18].

У старажытнасховішчы меўся і цэлы комплекс прадметаў, звязаных з асобай Св.Пакутніка Язафата Кунцэвіча. Тут захоўваліся «абраз Язафата Кунцэвіча, маляваны алейнымі фарбамі на палатне», драўляная скульптура святога, пацір з рэльефнай выявай Кунцэвіча ў архірэйскім адзенні, друкаваная кірыліцай у Супраслі ў XVIII ст. «Месяца септембрия в 16 день служба Святому Священномученику Иосафату»[19].

Па тых недасканалых па сучасных меркаваннях апісаннях, што былі зроблены для рэчаў царкоўна–археалагічнага музея, сёння бывае цяжка вызначыць іх канфесійную прыналежнасць і, адпаведна, дакладныя працэнтныя суадносіны калекцый па розных веравызнаннях. Аднак у кароткім апісанні збору старажытнасховішча за 1896 г. сустракаем наступную досыць выразную заўвагу: «Святых абразоў на сценах — 5, складаных абразоў і абразоў на метале — 2, драўляных статуй і маляваных выяваў, чужых праваслаўнай царкве — 14»[20].

Такім чынам, можна меркаваць, што выстаўлены для агляду ў Віцебскім старажытнасховішчы збор прадметаў мясцовай царкоўнай даўніны далёка не пацвярджаў абвешчанай афіцыйнымі ўладамі тэзы аб «истинной русскости» зямель Паўночна–Заходняга краю. Прычым, такі стан рэчаў утварыўся насуперак першапачатковым памкненням і задумам ягоных арганізатараў як з боку епархіяльнага кіраўніцтва, так і з боку мясцовых краязнаўцаў. Ні першыя, ні другія ў роўнай ступені не адносіліся да ліку прыхільнікаў уніі як з’явы палітычнага і рэлігійнага жыцця, аднак мясцовая інтэлігенцыя была схільная бачыць у царкоўных уніяцкіх рэчах перш за ўсё помнікі гісторыі і мастацтва. Так, і Аляксей Сапуноў, які заўсёды з пазіцый артадаксальнага праваслаўя выказваўся наконт уніі, быў, па сутнасці, адзіным уратавальнікам 10 алейных партрэтаў уніяцкіх архіепіскапаў і мітрапалітаў, якія былі выкінуты на сметнік кіраўніцтвам Полацкай духоўнай семінарыі, што размяшчалася ў базыльянскіх мурах[21].

Непажаданая для епархіяльнага кіраўніцтва метамарфоза, што адбылася з Віцебскім старажытна–сховішчам на працягу ўжо першага дзесяцігоддзя ягонага існавання, стала прычынай хуткага заняпаду музея на пачатку ХХ ст. Па трапнай заўвазе віцебскага краязнаўцы доктара Пётры Красавіцкага, царкоўна–археалагічны музей стаў для афіцыйных царкоўных уладаў «толькі цярпімым з–за аднойчы дапушчанай і ўжо непапраўнай памылкі, злом, <…> якое адымала лішняе памяшканне ў недастаткова прасторнага і без таго архірэйскага дома»[22]. У гэты час збор надзвычай мала папаўняўся новымі прадметамі. Як адзначалася ў справаздачы за 1910 г., музей меў «патрэбу ў папаўненні начыннем: многія прадметы псуюцца таму, што няма належных вітрын»[23]. Памяшканні музея ўзімку не ацяпляліся, для наведвальнікаў ягоныя дзверы адчыняліся толькі на адну гадзіну раз на тыдзень. За год музей наведвала каля 300 чалавек[24].

Царкоўна–археалагічны музей у Віцебску існаваў да 1919 г., пасля чаго ягоныя зборы былі перададзены Віцебскаму губернскаму музею. За чвэрць стагоддзя свайго існавання ён адыграў значную ролю ў справе захавання помнікаў мясцовай даўніны. Сярод ягоных экспанатаў у свой час можна было знайсці сапраўдныя рарытэты беларускай культуры: напрастольнае Евангелле, выдадзенае ў Вільні ў 1575 г.; Евангеллі, выдадзеныя ў Куцейне ў 1651 і 1654 г.; кнігу «Апостал», надрукаваную Спірыдонам Собалем у 1638 г. у Магілёве; рукапісны «зборнік прыпеваў і кантаў у гонар Хрыста, Богамацеры, некаторых святых і анёлаў на беларускай і польскай мовах (усяго 40 п’ес)»; батлейку (або жлоб) з ваколіц Веліжа; рукапісную «Кнігу прывілеяў горада Віцебска»; рукапіснае Евангелле Віцебскай Петрапаўлаўскай царквы 1671 г. і шмат іншых рэчаў[25].

Супрацоўнікі музея шмат зрабілі для захавання помнікаў культавага дойлідства. Так, напрыклад, у канцы 1890–х г. Аляксей Сапуноў і Еўдакім Раманаў былі вымушаны ўмяшацца ў ход перабудовы драўлянай царквы ў гонар Св.Тройцы, якую распачаў настаяцель Віцебскага Маркава манастыра архімандрыт Іларыён. У сваёй стараннасці ў Троіцкай царкве, пабудаванай яшчэ ў XVII ст., святар загадаў змяніць форму галовак купалоў, знішчыў шатровыя ганкі і частку старажытнага ўнутранага роспісу. Ігумен меў намер зафарбаваць увесь роспіс на біблейскія сюжэты, што пакрываў сцены храма ад самай падлогі да верхніх кропак купала, ды яго ў час устрымалі ад гэтага кроку сябры–краязнаўцы[26].

Ператварыўшыся ў сховішча твораў сакральнага мастацтва пераважна уніяцкага веравызнання, віцебскае старажытнасховішча на пачатку ХХ ст. страціла магчымасці для свайго пашырэння і развіцця за кошт праваслаўнага духоўнага ведамства.

[1] Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. Т.ХХ. С.–Петербург, 1897. С.120.

[2] ВАКМ, КП 7295/14, арк.13—14.

[3] Записки Северо–Западного отдела Императорского Русского географического общества. Кн.1. Вильно, 1910. С.222.

[4] Сапунов А.П., Романов Е.Р., Говорский В. Примерные основания учреждения церковно–археологического музея в Витебске // Полоцкие Епархиальные Ведомости. 1893. №9. С.380.

[5] Сапунов А.П., Романов Е.Р., Говорский В. Примерные основания учреждения… C. 380.

[6] Сапунов А.П. Витебский Успенский собор в связи с событиями из религиозной жизни витеблян. Витебск, 1894. С.10—11.

[7] Записки Северо–Западного отдела… С.222—224.

[8] Полоцкие Епархиальные Ведомости. 1897. №24. С.14.

[9] Записки Северо–Западного отдела… С.222—224.

[10] НГАБ, ф.2502, воп.1, спр.797, арк.7.

[11] Никифоровский Н.Я. Никольская церковь в Задвинской слободе м.Бешенковичи Лепельского уезда. Витебск, 1899. Отд. отт. Из «Полоцких Епархиальных Ведомостей». 1899. №3—5.

[12] Полоцкие Епархиальные Ведомости. 1900. №1. С.3.

[13] Довгялло Д.И., Никифоровский Н.Я. Описание предметов древности, поступивших в Витебское епархиальное церковно–археологическое древлехранилище по ноябрь 1897 года. Вып.1. Витебск, 1899. С.16—17.

[14] Записки Северо–Западного отдела… С.222—224.

[15] Касьпяровіч М.І. Краязнаўства. Менск, 1929. С.32.

[16] Гл. заўвагу 118.

[17] ВАКМ, н/а, ф.7, спр.1.

[18] Тамсама. Арк.64—75. Пра латыгаўскія абразы гл.: Пуцко В. Абразы з вёскі Латыгава: архаічныя тэндэнцыі ў беларускім іканапісе XVIII ст. // Віцебскі сшытак. 1996. №2. С.72—75; Вакар Л. Барочная экспрэсія народнага абраза (стылістычны аналіз абразоў з вёскі Латыгава) // Віцебскі сшытак. 1996. №2. С.83—86.

[19] ВАКМ, н/а, ф.7, спр.1, арк.42—75.

[20] Полоцкие Епархиальные Ведомости.1896. №14. С.657.

[21] ВАКМ, КП 7295/14, арк.15—16.

[22] Красавицкий П.М. Памятники церковной старины Полоцко–Витебского края и их охранение. У кн.: Полоцко–Витебская старина. Вып.1. Витебск, 1911. С.55.

[23] Полоцкие Епархиальные Ведомости. 1912. №6. С.83.

[24] Полоцкие Епархиальные Ведомости. 1980. №40—41. С.397—398.

[25] ВАКМ, н/а, ф.7, спр. 1, арк.39—78.

[26] Красавицкий П.М. Памятники церковной старины… С.35—38.