Гісторык з Віцебска

жыццяпіс Аляксея Сапунова

Хмяльніцкая Людміла


На точышчы археалогіі

У 1883 г. споўнілася 75 гадоў Віцебскай мужчынскай Аляксандраўскай гімназіі. Вядома, што новы віцебскі летапісец, да таго ж, настаўнік і колішні выпускнік гэтай гімназіі, не мог нейкім чынам не адрэагаваць на такую падзею. Сапраўды, Аляксей Сапуноў зрабіў гімназіі шыкоўны падарунак — напісаў кнігу «Гістарычная запіска 75–годдзя Віцебскай гімназіі», якую смела можна лічыць непераўзыдзеным да нашага часу энцыклапедычным даведнікам.

Да Сапунова гісторыяй гімназіі ніхто не займаўся. Адзінае, што ў 1857 г. інспектар гімназіі Л.Лебедзеў падрыхтаваў для папячыцеля Санкт–Пецярбургскай навучальнай акругі князя Г.Шчарбатава «Гістарычна–статыстычныя звесткі пра Віцебскую губернскую гімназію», якія надрукаваны не былі, і ўвогуле большая частка рукапісу пазней была прададзена спадчыннікамі Лебедзева на вагу. Таму Аляксею Сапунову давялося пачынаць сваю працу практычна з нуля: пераглядаць паперы гімназічнага архіва, архіваў Віленскай навучальнай акругі і Дэпартамента народнай асветы, кнігі візітацый гімназіі за 1808—1826 г., зборнікі пастаноў і распараджэнняў па Міністэрству народнай асветы і іншыя дакументы. Затое выніковая праца атрымалася надзвычай грунтоўнай і складалася з чатырох раздзелаў: 1) «Гістарычны нарыс», які ахопліваў не толькі гісторыю самой гімназіі, але і ўвогуле гісторыю асветы Беларусі з аглядам навучальных устаноў, якія ўтрымлівалі духоўныя ордэны; 2) «Статыстычны нарыс», у якім можна знайсці звесткі не толькі пра выкладчыкаў і выпускнікоў гімназіі, але нават і тых, хто інспектаваў гімназію ў 1803—1884 г., а таксама спісы міністраў народнай асветы і папячыцеляў навучальнай акругі; 3) «Заўвагі»; 4) «Дадаткі». Апошні раздзел можна лічыць найбольш каштоўным, бо ў ім былі змешчаны тэксты дакументаў з тых крыніц, якімі карыстаўся Сапуноў пры падрыхтоўцы выдання.

12 сакавіка 1882 г. па прапанове віцебскага губернатара настаўнік мужчынскай гімназіі Аляксей Сапуноў быў абраны правадзейным сябрам Віцебскага губернскага статыстычнага камітэта. І хоць установа гэтая была афіцыйная, займалася зборам статыстычных звестак пра губерню, яе паветы, гарады, насельніцтва, прамысловасць і іншыя вельмі канкрэтныя рэчы, яна адыгрывала належную ролю ў культурным жыцці рэгіёна. Яшчэ ў 1868 г. пры статкамітэце быў створаны музей старажытнасцяў; вакол установы ўвесь час гуртаваліся даследчыкі і аматары мясцовай даўніны, якія друкавалі свае матэрыялы на старонках яе перыядычных выданняў. Паводле «Палажэння пра губернскія статыстычныя камітэты», у правадзейныя сябры абіраліся асобы, «якія могуць сваімі ведамі і вопытнасцю прынесці карысць камітэту»[1], за што яны атрымлівалі дыплом вызначанага ўзору, а таксама права голасу на ўсіх пасяджэннях.

Адным з кірункаў дзейнасці статкамітэта на той час быў збор звестак для складання археалагічнай карты Віцебскай губерні. Сябры камітэта распаўсюджвалі апытальныя лісты і збіралі паведамленні пра гарадзішчы, курганы ды могільнікі. Цесныя сувязі падтрымліваліся з Пецярбургскай археалагічнай камісіяй (якая кіравала раскопкамі на ўсіх казённых землях), а таксама Маскоўскім археалагічным таварыствам, якія неаднойчы дапамагалі сябрам Віцебскага статкамітэта кансультацыямі, перш за ўсё ў дачыненні да атрыбуцыі прадметаў старажытнасці, што траплялі ў ягоны музей.

У 1886 г. у Віцебск пераехаў Еўдакім Раманаў і пачаў працаваць інспектарам народных вучылішчаў Віцебскай, Гродзенскай і Магілёўскай губерняў. Трэба думаць, што амаль аднолькавы ўзрост ды сур’ёзнасць зацікаўлення старажытнасцямі сталі падставай для збліжэння двух маладых людзей. Не пакідаючы працы над сваім асноўным фальклорна–этнаграфічным дзевяцітомавым «Беларускім зборнікам», Еўдакім Раманаў паралельна праводзіў археалагічныя раскопкі ды разведкі, і ў год пераезду ў Віцебск быў абраны сябрам–карэспандэнтам Маскоўскага археалагічнага таварыства. У гэты ж час да заняткаў археалогіяй далучаецца і Аляксей Сапуноў.

На пачатку 1890 г. Раманаў разам з Сапуновым на старонках мясцовых перыёдыкаў «Віцебскія Губернскія Ведамасці» (1890, №5) і «Полацкія Епархіяльныя Ведамасці» (1890, №3—4) друкуюць «Спіс пытанняў для складання археалагічнай карты Віцебскай губерні».

У большай ступені маючы схільнасць не да практычнай археалогіі, а да апісання помнікаў старажытнасці, Аляксей Сапуноў у 1890 г. выпусціў у свет сваю першую «археалагічную» кніжку пад назвай «Дзвінскія або Барысавы камяні». Барысавы камяні, гэтыя надзвычай цікавыя манументальныя помнікі эпіграфікі XII ст., здаўна прыцягвалі да сябе ўвагу шматлікіх навукоўцаў і аматараў. Сапуноў у сваёй працы апісаў усе вядомыя на той час камяні і іх гістарычныя лёсы. Гісторык узгадаў тры Барысавы камяні, якія знаходзіліся ў рэчышчы Заходняй Дзвіны недалёка ад вёскі Зяленшчына каля Полацка, а таксама ля вёсак Балоткі і Накоўнікі непадалёк ад Дзісны. Яшчэ адзін камень з вёскі Балоткі ў 1879 г. быў выцягнуты з ракі М.Ф.Кусцінскім па даручэнні кіраўніка Маскоўскага археалагічнага таварыства графа А.С.Уварава і перавезены ў Маскву (цяпер ён захоўваецца ў музеі–запаведніку «Каломенскае»). Праз некалькі гадоў Аляксею Сапунову самому ўдалося адшукаць яшчэ два невядомыя раней Барысавы камяні, пра што ён змясціў невялікую нататку ў «Віцебскіх Губернскіх Ведамасцях» (1894, №81).

Апроч Барысавых у сваёй кнізе Сапуноў апісаў яшчэ некалькі культавых камянёў, шанаваных у народзе. Адным з самых цікавых з іх уяўляецца камень з Віцебска, што некалі ляжаў ля падножжа Лысай (або Прачысценскай) гары, дзе, як вядома, у 1623 г. быў забіты Полацкі уніяцкі архіепіскап Язафат Кунцэвіч. Пра яго ў кнізе чытаем наступнае: «Яшчэ адзін камень (цяпер яго няма) знаходзіўся насупраць Успенскага сабора, кроках у 25 ад падэшвы стромага берага Заходняй Дзвіны; на камені гэтым змешчана выява глыбока высечанага шасціканцовага крыжа. Камень гэты называлі Язафатавым»[2].

Да зацікаўлення Аляксея Сапунова археалогіяй прыхільна ставілася кіраўніцтва губернскага статыстычнага камітэта. Сведчаннем было хоць бы выдаткаванне 20 казённых рублёў са сродкаў камітэта на брашуроўку кнігі пра Дзвінскія камяні, якія былі выплачаны, як гэта ні дзіўна, віцебскай турме (дзе, відаць, сярод зняволеных знаходзіліся адмыслоўцы ў пераплётнай справе)[3].

Правёўшы дзяцінства ў напаўсялянскім асяроддзі, Аляксей Сапуноў меў да працы на зямлі асаблівае замілаванне і, як адзначаў ягоны сучаснік Мікалай Багародзкі, некалькі разоў «на мізэрныя зберажэнні прыдабываў кавалачкі зямлі, цікавіўся ёю пакуль не адбудоўваў на ёй дом і ня выросліваў сад; а потым прадаваў іншы раз з убыткам і купляў другі, але заўсёды каля возера і ва ўзгорыстай мясцовасці»[4]. Так, недзе ў канцы 1880–х г. ён набыў і маёнтак Кахоўку ў Вярхоўскай воласці Віцебскага павета на адлегласці 11 вёрст ад горада. Маёнтак памерам у 40 дзесяцінаў зямлі, частка з якіх была занятая лесам, знаходзіўся на беразе ракі Лужаснянкі[5]. Аднак найбольшай адметнасцю ўладання было тое, што на ягонай тэрыторыі на вялікім узгорку, парослым бярозавым гаем, размяшчаўся курганны могільнік крывічоў, які захаваўся да нашага часу. Яшчэ і сёння могільнік ва ўрочышчы Кахоўка каля вёскі Сакольнікі Віцебскага раёна налічвае 57 насыпаў вышынёй 1—1,5 метра і дыяметрам 5—7 метраў і ахоўваецца дзяржавай як археалагічны помнік рэспубліканскага значэння.

На пачатак 1891 г. прыпадае пачатак дзейнасці Папярэдняга камітэта па падрыхтоўцы IX археалагічнага з’езда, месцам правядзення якога была прызначана Вільня, і тэматыка, адпаведна, звязвалася з вывучэннем беларуска–літоўскіх старажытнасцяў. Камітэтам быў выпрацаваны план дзеянняў, які прадугледжваў неабходнасць за бліжэйшыя два гады праверыць звесткі пра археалагічныя помнікі ў рэгіёне, правесці шэраг праверачных раскопак, выявіць падрабязныя звесткі пра прыватныя калекцыі і інш.

5 студзеня 1891 г. у Маскве на Берсянёўскай набярэжнай у сядзібе Маскоўскага археалагічнага таварыства — толькі што адрэстаўраваных палатах XVII ст. думнага дзяка Аверкія Кірылава, уратаваных дзякуючы намаганням сяброў таварыства ад знішчэння — сабраўся на сваё першае пасяджэнне Папярэдні камітэт IX археалагічнага з’езда. На ім прысутнічаў і Еўдакім Раманаў, які ў сваім выступленні, у прыватнасці, казаў пра неабходнасць інтэнсіфікаваць археалагічныя доследы на Беларусі. Сам Раманаў у археалагічны сезон 1891 г., як, прынамсі, і папярэднім летам, займаўся раскопкамі выяўленага на ўскраіне Люцына знакамітага латгальскага могільніка. Тым не менш, у жніўні таго ж года ён знайшоў час яшчэ і на вывучэнне курганоў у маёнтку Сапунова, які, не маючы вопыту палявых даследаванняў, лічыў сябе дылетантам у гэтай справе, але меў да яе вялікую цікавасць. З дапамогай рабочых, выкарыстоўваючы ўласны метад раскопвання курганоў, Раманаў раскрыў у Кахоўцы тры з іх, а таксама даследаваў дзве каменныя магілы, што знаходзіліся паміж насыпамі. Паслойна здымаючы грунт, выкарыстоўваючы метад «саскрабання» (калі зямля бралася рыдлёўкай не ў вертыкальным, а ў гарызантальным напрамку таўшчынёй каля 1 вяршка) і прасейвання выпрацаванай зямлі, у адным кургане Раманавым былі выяўлены рэшткі трупаспалення, а ў двух іншых — некалькі шкілетаў з прадметамі побыту пры іх. Знойдзеныя рэчы яшчэ і сёння захоўваюцца ў Дзяржаўным Гістарычным музеі ў Маскве[6]. Самога ж Еўдакіма Раманава найбольш зацікавілі знаходкі з каменных магіл, якія ён даследаваў упершыню, і пахаванні ў якіх лічыў прыналежнымі да фінскіх плямёнаў. У сваёй справаздачы, пададзенай Маскоўскаму археалагічнаму таварыству, даследчык пісаў, што кахоўскі могільнік «патрабуе самага руплівага вывучэння. На шчасце, уладальнік яго, наш сябра А.П.Сапуноў, цалкам перакананы ў неабходнасці руплівага яго захавання ад дылетанцкіх і да т.п. раскопак, і навука, такім чынам, не будзе пазбаўлена магчымасці далейшага ягонага вывучэння»[7].

У апошняй занатоўцы Раманаў, безумоўна, меў рацыю. Думаецца, што калі б Кахоўка ў свой час трапіла ў рукі да каго іншага, ад некалькіх дзесяткаў яе курганаў застаўся б, хутчэй за ўсё, толькі ўспамін. І тады б ужо не мелі ніякай магчымасці прыступіцца да іх вывучэння даследчыкі нашых дзён (у 1972 г. курганы даследваў Г.Штыхаў, у 1981 г. — Л.Калядзінскі).

Хоць раскопкі кахоўскага могільніка ў 1891 г. рабіў Раманаў, у ваколіцах маёнтка аўтарства іх першаадкрывальніка замацавалася за Сапуновым. У справах Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці аднойчы мне сустрэўся дакумент, датаваны 1927 г., што быў складзены загадчыкам суседняй з Кахоўкай Хмарскай школы Мітрафанам Цітовым, які разам з вучнямі–краязнаўцамі аглядаў курганы. У пісьмовай справаздачы настаўніка пасля кароткага апісання могільніка было напісана наступнае: «Сялянамі расказаны паданьні, што калісьці пры раскопках знаходзілі цесакі, гаршкі і косьці людзей. У 1901 гаду яшчэ курганы раскопваў А.П.Сапуноў, а што ён знайшоў — невядома. Пры аглядзе відаць, што 2 кургана троху падкопваны, а другія цэлы»[8]. Ад сябе дададзім, што дата 1901 г., хутчэй за ўсё, указана памылкова, бо ў гэты час Сапуноў яшчэ жыў у Маскве і вярнуўся ў Віцебск толькі восенню, у кастрычніку.

Пра лад жыцця віцебскага краязнаўцы ў Кахоўцы сёе–тое можна знайсці ў розных крыніцах. Так, паводле ўспамінаў мясцовага жыхара Фёдара Голідава, якія ў 1970–я г. запісаў маскоўскі даследчык Л.В.Аляксееў, Аляксей Сапуноў быў чалавекам руплівым і гаспадарлівым, меў вялікую ахвоту да палявання. У маёнтку многае рабіў уласнымі рукамі, працаваў разам з садоўнікам у садзе, трымаў трох коней[9].

Звесткі пра забудову сядзібы знаходзім у віцебскага краязнаўцы Дзмітрыя Газіна, дзяцінства якога прыпала на 1930–я г. і прайшло ў Кахоўцы ў адной з сялянскіх хат, што знаходзіліся побач з фальваркам. «Драўляны, прасторны, аднапавярховы дом з мезанінам сядзібы „Кахоўка“ знаходзіўся ў атачэнні садоў і гаёў на ўзгорку, — піша Дз.Газін. — Ад яго добра былі бачны курганы з „валатоўкамі“, рэчка, суседнія за рэчкай палі, лугі, лясы. Адна з алеяў адыходзіла на поўнач ад фасаду дома і праз Сакольніцка–Мазалаўскую дарогу пераходзіла ў вясковую вуліцу з тых трох сялянскіх сядзібаў (у адной з якіх нарадзіўся Газін — Л.Х.). З аднаго боку — вялізныя, старыя дрэвы, з другога — тыя, якія ў свой час пасадзіў А.П.Сапуноў»[10].

Недалёкім суседам Сапунова па маёнтку быў расійская славутасць мастак Ілля Рэпін, лецішча якога пад назовам Здраўнёва знаходзілася на беразе Дзвіны. Звесткі пра тое, што пад час свайго знаходжання на Віцебшчыне мастак наведваў Кахоўку, сустракаем у досыць шырока вядомым лісце Рэпіна да Сапунова: «7 снежня 97 г. СПб., Акадэмія мастацтваў.

Глыбокапаважаны Аляксей Парфенавіч,

Дзякую Вам за Вашы цудоўныя кнігі „Віцебскай даўніны“. Гэта вельмі добрае і цікавае выданне. Якая сур’ёзная праца, колькі сабрана матэрыялаў. Я пакрысе знаёмлюся з імі. Вельмі, вельмі ўдзячны Вам.

Буду вельмі шчаслівы чым–небудзь аддзячыць Вам <…> Шкадую, што мне не ўдалося бачыць Вас перад ад’ездам. На Вашым лецішчы я ўжо Вас не заспеў і ў Віцебску не паспеў засведчыць Вам сваё шанаванне.

Са шчырай павагай да Вас І.Рэпін»[11].

Кахоўкай Аляксей Сапуноў валодаў недзе да пачатку 1900–х г. Хутчэй за ўсё, давёўшы маёнтак да ладу, ён прадаў яго нейкай пані Аляевай. У даведніку «Землеўладанне і землеўладальнікі Віцебскай губерні ў 1905 г» знаходзім звесткі, што за Сапуновым значыцца ўжо новае ўладанне — маёнтак Аляксееўка ў Каралёўскай воласці Віцебскага павета, які налічваў толькі тры дзесяціны зямлі і адну лесу[12].

1 жніўня 1893 г. у Вільні распачаў сваю працу IX археалагічны з’езд, арганізаваны Маскоўскім археалагічным таварыствам. Трэба адзначыць, што Маскоўскае археалагічнае таварыства было створана ў 1864 г. па ініцыятыве графа Аляксея Сяргеевіча Уварава (1825—1884). У адрозненне ад Рускага археалагічнага таварыства, якое дзейнічала ў Пецярбургу яшчэ з 1846 г. і найбольшую цікавасць выяўляла пераважна да скіфскіх і антычных старажытнасцяў, сябры маскоўскага згуртавання займаліся галоўным чынам пытаннямі айчыннай гісторыі. Археалогія ў тыя часы паўсюдна трактавалася вельмі шырока і ўключала ў сябе таксама нумізматыку, гісторыю архітэктуры, гісторыю жывапісу, археаграфію і нават чыста гістарычныя тэмы, калі яны не тычыліся палітычных падзеяў, а толькі побыту людзей. Па ініцыятыве Маскоўскага таварыства ў Маскве быў створаны Расійскі Гістарычны музей, а з 1869 г. у розных гарадах імперыі пачалі праводзіцца археалагічныя з’езды, якія спрыялі актывізацыі навуковага вывучэння той тэрыторыі, дзе адбываўся чарговы з’езд, выяўляючы разам з тым новыя імёны даследчыкаў сярод мясцовай інтэлігенцыі.

На пачатку 1890–х г. Аляксей Сапуноў падтрымліваў цесныя кантакты з Маскоўскім археалагічным таварыствам, якое на той час узначальвала ўжо ўдава заснавальніка графіня Праскоўя Сяргееўна Уварава. Гісторык з Віцебска 26 лютага 1891 г. быў абраны сябрам–карэспандэнтам Маскоўскага археалагічнага таварыства, перапісваўся з дырэктарам Гістарычнага музея Іванам Забеліным, прымаў удзел у працы VIII археалагічнага з’езда, на што са скарбніцы Віцебскага губернскага статкамітэта атрымаў у 1890 г. 50 рублёў на паездку ў Маскву[13].

На IX археалагічным з’ездзе Аляксей Сапуноў сярод 505 удзельнікаў меў паўнамоцтвы афіцыйнага дэпутата ад Віцебскага статыстычнага камітэта. У Вільню ён прыехаў разам з Еўдакімам Раманавым і Уладзімірам Стукалічам. Пасяджэнні праходзілі ў залах 1–й Віленскай мужчынскай гімназіі, а ў некалькіх залах 2–й мужчынскай гімназіі горада была разгорнута археалагічная выстава, цалкам прысвечаная могільнікам Заходняга краю. Віцебская губерня была паказана на ёй знаходкамі з Люцынскага могільніка з калекцый Раманава і Фохта (жыхара г.Люцына, які да пачатку сістэматычнага вывучэння помніка скупляў рэчы, знойдзеныя пад час земляных прац), знаходкамі Раманава ў Дрысенскім, Себежскім, Дзвінскім і Рэжыцкім паветах, а таксама зборам М.Кусцінскага[14].

Распачаўся з’езд 1 жніўня ўрачыстым малебнам у царкве 1–й гімназіі ў прысутнасці ўсіх удзельнікаў, ганаровых гасцей і «звычайнай публікі». З’езд праводзіў свае пасяджэнні на працягу двух тыдняў (да 14 жніўня), як бы мы сёння сказалі, па секцыях — загадзя вызначаных па тэматыцы дзевяці «аддзяленнях»: 1) першабытныя старажытнасці; 2) гісторыя, геаграфія і этнаграфія; 3) помнікі мастацтва; 4) помнікі побыту; 5) царкоўныя старажытнасці; 6) помнікі мовы і пісьма; 7) старажытнасці класічныя і візантыйскія; 8) старажытнасці літоўскія, славянскія і ўсходнія; 9) помнікі археаграфічныя. За час працы з’езда адбылося 25 пасяджэнняў, на якіх былі прачытаны 83 рэфераты[15].

Вядома, што для прадстаўнікоў віцебскай дэлегацыі найбольшую цікавасць уяўлялі даклады, якія тычыліся гісторыі так званага Паўночна–Заходняга краю. А іх у Вільні было прачытана нямала — 37. Сярод іх, у прыватнасці, былі рэфераты па археалогіі (У.Антановіча «Пахавальны тып магіл радзімічаў і пра бронзавы век у басейне р.Днепр», М.Авенарыуса «Пра драгічынскія пломбы», Г.Татура «Пра курганы Мінскай губерні», А.Спіцына «Агульны агляд славянскіх курганных старажытнасцяў»), мовазнаўстве (Я.Карскага «Што такое заходне–руская гаворка»), народным побыце (М.Фурсава «Пра беларускае свята „Свяча“»), гісторыі (М.Беражкова «Алена Іванаўна, вялікая княгіня літоўская і каралева польская»), археаграфіі (Д.Самаквасава «Аб арганізацыі і дзейнасці цэнтральных архіваў старажытных актаў у заходніх губернях») і шмат іншых. Вядомы гісторык рускай архітэктуры і культуры А.Паўлінаў прапанаваў у якасці выступлення сваё даследаванне «Пра віцебскія цэрквы», аднак не змог асабіста прыехаць на з’езд, у сувязі з чым ягоны даклад з–за недахопу часу не быў прачытаны і пабачыў свет толькі ў друкаваным выглядзе пасля выхаду першага тома «Прац IX Археалагічнага з’езда ў Вільні»[16].

IX археалагічны з’езд быў значнай з’явай у культурным і навуковым жыцці Беларусі. Ніколі да гэтага ўвесь Паўночна–Заходні край не ведаў такой увагі да сваёй гісторыі з боку самых сур’ёзных прадстаўнікоў тагачаснай навукі і ніколі яшчэ не надта шырока знаныя мясцовыя даследчыкі не мелі такой высокай трыбуны для паказу вынікаў сваёй дзейнасці.

Думаецца, што пад час правядзення з’езда ў віцяблянаў, якія прыехалі ў Вільню, завязаліся новыя цікавыя і карысныя кантакты, бо магчымасці для іх усталявання былі досыць шырокія. Прыезджыя дэлегаты з’езда жылі ў Віленскім настаўніцкім інстытуце, а таксама ў 30 нумарах трох лепшых гатэляў горада. Кіраўніцтва 1–й гімназіі дазволіла па вечарах выкарыстоўваць некалькі класаў для «вечаровага чаю», пад час якога, па словах графіні Уваравай, «працягваліся знаёмствы, размовы, абмеркаванні, якія нямала садзейнічалі збліжэнню паміж удзельнікамі і сямейнаму характару, нададзенаму ўсяму з’езду»[17]. Апроч таго, для дэлегатаў з’езда горад наладзіў свята ў бернардзінскім садзе, а віленскі генерал–губернатар — раут пад час наведвання Вільні і археалагічнага з’езда вялікім князем Сяргеем Аляксандравічам і вялікай княгіняй Лізаветай Фёдараўнай. Да таго ж, удзельнікі з’езда мелі магчымасць наведаць Трокі, Коўна і Пачаеўскі манастыр, куды была арганізавана параходная экскурсія па Нёману. Не засталіся ў баку і гасцінныя «віленскія абывацелі»: княгіня Гагенлоэ наладзіла ў сваім прыгарадным маёнтку Верках свята для ўдзельнікаў з’езда, а пан Чаркасаў прымаў усіх у загарадным доме[18].

Вяртанне Сапунова і Раманава з Вільні ў Віцебск па часе амаль што супала з яшчэ адной важнай падзеяй у археалагічным (як тады лічылася) жыцці горада — адкрыццём 2 верасня 1893 г. Віцебскага старажытнасховішча. Аднак пра гэта — размова асобная. Пакуль жа хоць пункцірна адзначым далейшыя сувязі Аляксея Сапунова з археалагічнай навукай. Вядома, што ў 1894 г. ён ездзіў у Маскву на пасяджэнні Папярэдняга камітэта па падрыхтоўцы Х археалагічнага з’езда, які павінен быў адбыцца ў Рызе ў 1896 г.[19]. 30 сакавіка таго ж 1894 г. віцебскі гісторык быў абраны сябрам–супрацоўнікам Рускага археалагічнага таварыства. У 1895 г. з ініцыятывай стварэння мясцовага археалагічнага таварыства выступіў віцебскі губернатар. Ягонай мэтай ён ставіў упарадкаванне «рукапісных, друкаваных, архітэктурных і іншых помнікаў Паўночна–Заходняга краю і захаванне іх ад знішчэння»[20]. Стварыць археалагічнае таварыства ў Віцебску тады не ўдалося, аднак да думкі гэтай на пачатку ХХ ст. зноў вярнуўся Аляксей Сапуноў, выказаўшы жаданне адчыніць у Віцебску беларускае таварыства, падобнае на тое, што праектавалася Раманавым для Магілёва[21].

Аднак была ў біяграфіі Сапунова адна справа, якая, думаецца, плямай лягла на ягонае сумленне навукоўцы. І тычылася яна гісторыі знішчэння Замкавай гары ў Віцебску.

[1] НГАБ, ф.2502. воп.1, спр.797, арк.1адв.

[2] Сапунов А.П. Двинские или Борисовы камни. Витебск, 1890. С.26.

[3] Отчет о действиях Витебского губернского статистического комитета за 1891 год. Витебск, 1892. С.6.

[4] Багародзкі М. Аляксей Парфенавіч Сапуноў і значэньне яго прац па дасьледаваньню Віцебшчыны // Віцебшчына. Т.1. С.76.

[5] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.782, арк.77адв.

[6] Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць. Мінск, 1985. С.196.

[7] Романов Е.Р. Раскопка в имении Каховка, Витебскаго уезда. Древности. Труды Императорскаго Московскаго археологическаго общества. Т.16. Москва, 1900. С.80. Гл. таксама: Витебские Губернские Ведомости. 1891. №70; Изследование курганного кладбища в Каховке, Витебского уезда. Московские Ведомости. 1891. №268; Романов Е.Р. Раскопки в Каховке. Этнографическое обозрение. 1891. №70.

[8] ДАВВ, ф.1947, воп.1, спр.14, арк.746.

[9] Аляксееў Л. Віцебская даўніна // Маладосць. 1972. №12. С.146—147.

[10] Газін Дз. Кахоўка, Кахоўка… // Жыццё Прыдзвіння. 1994. 20 красавіка.

[11] Факсіміле ліста гл.: Кичина Е.М. И.Е.Репин и Здравнево: В обретении и разлуке. Витебск, 1994. С.68—69.

[12] Землевладение и землевладельцы Витебской губернии в 1905 г. / Под ред А.П.Сапунова. Витебск, 1907. С.11.

[13] Отчет о действиях Витебского губернского статистического комитета за 1890 г. Витебск, 1891. С.7.

[14] Каталог предметов, доставленных на археологическую выставку при 9–м Археологическом съезде в Вильне в 1893 г. Вильна, 1893.

[15] Отчет по IX Археологическому Съезду в г.Вильне. Графини П.С.Уваровой // Древности. Труды Императорского Московского Археологического общества. Т.17. Москва, 1900. С.89—90.

[16] Павлинов А.М. Древние храмы Витебска и Полоцка // Труды IX Археологического съезда в Вильне. Т.1. Москва, 1895. С.19—26; Павлинов А.М. Деревянные церкви г.Витебска // Тамсама. С.27—36.

[17] Отчет по IX Археологическому Съезду в г.Вильне. Графини П.С.Уваровой. С.96.

[18] Тамсама. С.96—97.

[19] Отчет о действиях Витебского губернского статистического комитета за 1894 год. Витебск, 1895. С.8.

[20] Алексеев Л.В. Археология и краеведение Беларуси. XVI в. — 30–е годы ХХ в. Минск, 1996. С.167. Гл. таксама: Витебские Губернские Ведомости. 1895. №18; Новое время. 1895; Виленский Вестник. 1895. №43.

[21] Полоцко–Витебская старина. Витебск, 1911. Т.1. Ч.3. С.2,3.