Гісторык з Віцебска

жыццяпіс Аляксея Сапунова

Хмяльніцкая Людміла


У губернскай гімназіі

Віцебская мужчынская Аляксандраўская гімназія размяшчалася на той час у двухпавярховым мураваным будынку на рагу Саборнай вуліцы і Гімназічнага завулка (сучасныя вуліцы Крылова і Політэхнічная), побач з праваслаўным Успенскім саборам. На час заканчэння Лёшам Сапуновым першага класа гімназіі прыпалі рэвалюцыйныя падзеі, звязаныя з паўстаннем 1863 г. Па ўспамінах сучаснікаў, яшчэ на пачатку года польскае насельніцтва Віцебска пачало насіць жалобную вопратку, выкарыстоўваць у сваім убранні рэвалюцыйную сімволіку, спяваць у касцёлах і дамах гімны аб вызваленні Польшчы. 17 красавіка 1863 г. некалькі чалавек, у асноўным маладыя канцылярскія чыноўнікі і гімназісты, пакінулі горад і паспрабавалі далучыцца да паўстанцкіх фармаванняў у губерні[1]. Іх, праўда, хутка злавілі, аднак гэтая падзея паспрыяла ўвядзенню ў Віцебску ваеннага становішча. Пасля навядзення ўладамі адпаведнага парадку 17 гімназістаў і 4 вучні каморніцка–таксатарскіх класаў пры гімназіі за ўдзел у рэвалюцыйных падзеях былі выключаны з ліку навучэнцаў. Дзеля таго, каб перасцерагчы ад «злачынных захапленняў» маладое пакаленне і спрасціць нагляд за ім, загадам галоўнага начальніка Паўночна–Заходняга краю, сумна вядомага М.М.Мураўёва–вешальніка, у гімназіі былі ўведзены падпіскі і паручыцельствы для вучняў рыма–каталіцкага веравызнання. Той з гімназістаў, хто не мог падаць такой падпіскі, падлягаў выключэнню[2].

У рэвалюцыйных падзеях 1863 г. Лёша Сапуноў не ўдзельнічаў. Прычынай таму было перш за ўсё ягонае малалецтва і строгае выхаванне ў набожнай праваслаўнай сям’і. Пазней ён успамінаў: «У гімназіі мы толькі вучыліся, аб палітычных і грамадскіх пытаннях мы ніякага ўяўлення не мелі; ні газет, ні часопісаў не чыталі, мы амаль што і не бачылі іх»[3].

Пры Віцебскай гімназіі існавалі спецыяльныя вучнёўскія кватэры, а таксама канвікт (інтэрнат) Гільзена–Шадурскіх. Аднак бацька палічыў за лепшае ўладкаваць Лёшу на прыватнай кватэры ў сваіх знаёмых. Пад час вучобы ў другім класе гімназіі хлопчык жыў у наглядчыка Струшы ў доме Ліксо на Заручаўскай вуліцы, у трэцім і чацвёртым класах — на кватэры ў бухгалтара Платона Іванавіча Лявіцкага[4].

Захаваўся наступны славесны партрэт Лёшы Сапунова, унесены ў пасведчанне вучня трэцяга класа гімназіі: «Гадоў 13, рост 2 аршыны, твар белы, валасы светла–русыя, бровы русыя, вочы блакітныя, нос і рот памяркоўныя, падбароддзе круглае»[5]. Яскрава вызначаны этнічны тып беларуса — дададзім мы ад сябе.

«Мілы Лёша! <…> Старайся вучыцца і паводзь сябе як мага больш сціпла»,— наказваў бацька сыну ў сваім лісце з мястэчка Ўсвяты ад 12 верасня 1865 г.[6]. І хлопчык, асабліва ў першыя гады вучобы, вельмі стараўся апраўдаць бацькаў давер. Дзякуючы выказаным поспехам у навуках па выніках заканчэння другога класа гімназіі ён быў вызвалены ад іспытаў па ўсіх прадметах, апроч рускай і славянскай моваў[7]. Толькі адну адзнаку «здавальняюча» — па алгебры, якая, відаць, пачала давацца з цяжкасцю — побач з паўсюднымі «добра» і «выдатна» меў хлопчык у пасведчанні за трэці клас[8]. Аднак у чацвёртым класе поспехі Лёшы ў навуках значна пагоршыліся. Здавальняючыя адзнакі па выніках года ён атрымаў ужо не толькі па цыклу матэматычных навук (арыфметыка, алгебра, геаметрыя і трыганаметрыя), але і па французскай, нямецкай ды лацінскай мовах. Рашэннем педагагічнага савета гімназіі Аляксея Сапунова вырашана было перавесці ў наступны клас толькі «по снисхождению»[9].

Пра некаторыя свае хлапечыя забавы і гімназічныя свавольствы А.Сапуноў узгадваў у больш позні час, калі чытаў лекцыі студэнтам Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута і згадваў свае паводзіны ў якасці адмоўнага прыкладу. Так, ён прызнаваўся, што ў малодшых класах гімназіі неаднойчы разам з малалетнімі архірэйскімі пеўчымі лазіў у архіў Полацкай духоўнай кансісторыі, што знаходзіўся ў адным з пакояў архірэйскага дома, дзверы якога не зачыняліся на замок. Мэтаю гэтых набегаў было здабыццё паперы, з якой потым майстраваліся паветраныя змеі. «Папера з пячаткамі цанілася намі вышэй: мы таксама займаліся свайго роду сфрагістыкай. І колькі ж мы знішчылі гэтай паперы!» — са скрухай адзначаў навуковец[10]. Сапуноў таксама ўзгадваў пра тое, што аналагічны лёс напаткаў і калекцыю мінералаў з 1500 прадметаў, якую ў 1814 г. Віцебскай гімназіі падараваў мясцовы купец Якаў Сімановіч. Экспанаты калекцыі, у ліку якіх былі і прылады працы каменнага веку, сабраныя галоўным чынам у Віцебскай губерні, былі размешчаны ў вітрынах, што стаялі ў калідорах гімназіі. Аднак вітрыны мелі дрэнныя зашчэпкі, і гімназісты, асабліва малодшыя, бесперашкодна бралі з іх усё, што падабалася. Гімназічнае начальства на разрабаванне калекцыі асаблівай увагі не звяртала. У выніку ад яе, як пісаў Сапуноў, «застаўся, здаецца, адзін успамін»[11].

Навучанне ў гімназіі доўжылася сем гадоў. Пад час вучобы Аляксея ў шостым класе ў яго, відаць, памёр бацька, у выніку чаго сям’ю Сапуновых напаткалі цяжкасці матэрыяльнага характару. Пастановай педагагічнага савета ад 11 верасня 1867 г. Аляксею ў ліку іншых «малазабяспечаных вучняў гімназіі» было вырашана аказаць дапамогу ў памеры 15 рублёў[12]. Аднак матэрыяльнае становішча сям’і працягвала быць такім цяжкім, што ў належны тэрмін не былі ўнесены грошы за навучанне Аляксея. Таму педсавет на сваім пасяджэнні 25 лістапада 1867 г. пастанавіў выключыць з гімназіі «вучня VI класа Сапунова Аляксея»[13]. Відаць, грошы на аплату за навучанне пазней усё ж знайшліся, бо Аляксей працягваў займацца ў губернскай гімназіі. Праўда, пастановамі педсавета на працягу канца 1867 — вясны 1869 г. яму як «малазабяспечанаму вучню» яшчэ не аднойчы выдаткоўваліся стыпендыі і грашовыя дапамогі ў памеры 15, 20 або 50 рублёў[14]. З кастрычніка 1868 г. «вучню сёмага класа А.Сапунову» было дазволена займацца выкладаннем у прыватных дамах, што таксама давала магчымасць нейкім чынам вырашыць матэрыяльныя праблемы[15].

Хто ж выкладаў у Віцебскай гімназіі пад час навучання ў ёй Аляксея Сапунова? Варта адзначыць, што ў гэты час тут працавалі вядомыя для сваёй эпохі асобы. З 1866 да 1867 г. выкладчыкам малявання, чарчэння і чыстапісання ў гімназіі быў жывапісец Іван Трутнеў, які, з’ехаўшы з Віцебска, заснаваў у Вільні вядомую малявальную школу[16]. На працягу 1865—1873 г. тут працаваў Павел Шэйн, знаны беларускі і рускі фалькларыст. Ён выкладаў гімназістам нямецкую мову, аднак ніякіх звестак пра ўзаемаадносіны Сапунова з вядомым этнографам мы не маем.

Што ж тычыцца гісторыі, то за гады навучання ў Віцебскай губернскай гімназіі Аляксей Сапуноў не набыў ні пэўных ведаў па гісторыі роднага краю, ні цікавасці да пытанняў мясцовай даўніны. Як ён прызнаваўся пазней, «ні ў гімназіі, ні ва універсітэце не чуў я пра Беларусь, быццам яе і на свеце не было. У гімназіі я вучыўся па геаграфіі Абадоўскага, дзе замест Чарнагорыі значылася Мантэнегра, замест старажытнарускага Халма — польскі Хелм і г.д., і г.д. Па гісторыі мы добра ведалі ўсіх Людвікаў, усіх Генрыхаў, усіх Карлаў, аднак зусім нічога не ведалі не толькі пра Беларусь, аднак і ўвогуле пра славян, а калі <…> у падручніку і траплялася нешта пра гэта, то заўсёды бязлітасна выкрэслівалася выкладчыкам як неістотнае»[17].

Віцебскую гімназію Аляксей Сапуноў скончыў у 1869 г. Нягледзячы на не надта добрыя адзнакі ў атэстаце абітурыента, педагагічны савет на сваім пасяджэнні 23 чэрвеня 1869 г. вырашыў «мець на ўвазе» Сапунова «пры вызваленні скончыўшых курс вучняў за слуханне лекцый ва універсітэце», а таксама хадайнічаць перад папячыцелем акругі аб наданні яму пасля паступлення ва універсітэт «стыпендыі Віленскай навучальнай акругі, якая прызначаецца для выхаванцаў гімназій Паўночна–Заходняга краю»[18]. Гэта азначала, што ў выпадку паспяховай здачы экзаменаў Аляксей Сапуноў мог стаць казённакоштным студэнтам.

[1] Сярод іх быў і беларускі паэт Элегі Францішак Карафа–Корбут (псеўданім Вуль), што пакінуў горад разам з жонкай, бацькам, маці і малодшым братам Вільгельмам, вучнем пятага класа Віцебскай гімназіі. Пра гэта гл. у кн.: Пачынальнікі. Укладальнік Г.Кісялёў. Мінск, 1977. С.262—264; 368—376.

[2] Сапунов А.П. Историческая записка 75–летия Витебской гимназии. Витебск, 1884. С.72—73; 161—162.

[3] ВАКМ, КП 7285 (1).

[4] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.186, арк. 4; 24 адв.; 46 адв.

[5] ВАКМ, КП 7285 (3).

[6] Тамсама.

[7] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.208, арк. 71—72; 91.

[8] ВАКМ, КП 7285 (3).

[9] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.194, арк. 65.

[10] ВАКМ, КП 7295/14, арк.9.

[11] Тамсама, арк.10.

[12] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.207, арк.52.

[13] Тамсама, арк.66.

[14] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.207, арк.72 адв.; спр.210, арк.32, 38 адв.; спр.216, арк.8 адв.

[15] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.210, арк.36—36 адв.

[16] Сапунов А.П. Историческая записка 75–летия Витебской гимназии. С.120.

[17] ВАКМ, КП 7295/14, арк.23.

[18] НГАБ, ф.2554, воп.1, спр.212, арк.82 адв.; спр.216, арк.22—22 адв.