Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Розныя тэмы - „Вы — соль зямлі і сьвятло сьвету”

(Мацьв. 5, 13-16)

„ Вы — соль зямлі... вы сьвятло сьвету”,— з гэтымі словамі Хрыстос зьвярнуўся да сваіх вучняў і гэтак-жа зьвяртаецца да нас.

Нават пры мінімуме сьціпласьці мы мусім прызнаць, што гэта ня наша заслуга. Ад нас зыходзіць толькі цемра, сольлю і сьвятлом зьяўляецца толькі Хрыстос. „Я — сьвятло сьвету. Хто ідзе за Мною, ня будзе хадзіць у цемры, але будзе мець сьвятло жыцьця” (Яан. 8, 12), — сказаў Ён пра Сябе. Бог зьяўляецца сьвятлом: яно сымбаль Божай прысутнасьці. На пачатку сьвету творчае Слова было сьвятлом у цемры. Сьвятло ў воблачным стаўпе ўдзень і вогненным стаўпе ўначы былі для Ізраіля паказальнікам дарог. Невыносна моцнае сьвятло асьвятляла Госпада на гары Сынаі і сьвяціла ў Сьвятым Каўчэгу. Сьвятло зазьзяла таксама над віфлеемскімі ўзвышшамі, калі анёлы абвясьцілі пастырам вестку аб адкупленьні. Бог абдароўвае бляскам сонца, месяц і зоры: Ён расьцягнуў над Ізраілем яснасьць, якая сымбалічна расьсьвятліла Яго дух і прароцтвы. Аднак сьвятло не было дадзена толькі ізраільцянам. Бы сонечныя праменьні, што пранікаюць ва ўсе куткі зямлі, сьвятло справядлівасьці прасьвятляе кожную душу.

Калі прыгледзецца вялікім настаўнікам чалавецтва, трэба прызнаць, што іхныя крокі і думкі заўсёды апаярэджвала сьвятло. Усе яны адбіваюць толькі сьвятло, што паходзіць ад Найсправядліўшага, калі толькі рупяцца аб праўдзе свайго навучаньня. Кожная жамчужына думкі, кожны пробліск інтэлекту чэрпаецца з крыніцы сьвятла сьвету. Зараз высока цэніцца „вышэйшая асьвета”, але на самай справе яна высокая, калі дае яе нам Хрыстос, у якім „утоены ўсе скарбы розуму і ўменьня” (Кал. 2, 3).

Ісус зьяўляецца таксама сольлю зямлі. Безь Яго сьвет быў-бы ніякі, пазбаўлены смаку вечнасьці. Безь Яго сьвет загінуў-бы ў маральным сэнсе гэтак, як псуецца ежа бяз солі. Соль — гэта Яго Боская натура, Ягоны Дух, які быў дадзены сьвету ў акце Уцялесьненьня і затым Уваскрэсеньня.

У якім-жа тады сэнсе вучні Хрыстовы названы сольлю і сьвятлом? Яны, асьвечаны Ягоным словам, могуць і павінны адбіваць гэтае сьвятло для іншых, як месяц адбівае сонечнае сьвятло. Устанаўленьне нас сьвятлом і сольлю адбылося ў Сьвятым Хрышчэньні. У гэты момант мы запальваем нашу малую лямпу ад Ягонага вялікага сьвятла. Таму і апостал заявіў: „Некалі вы былі цемрай, але зараз вы — сьвятло ў Госпадзе”. Менавіта „ў Госпадзе”, а не ў сабе самім. Сам Хрыстос прыходзіць да нас і робіць з нас Свой храм. Нашае заданьне — дазволіць зазьзяць сьвятлу Хрыстоваму з нутра Ягонага храму. Галоўнае, каб дазволіць Хрысту быць далей сьвятлом і сольлю зямлі праз нас. Інакш кажучы, мы павінны быць Ягонымі сьведкамі перад людзьмі (Дзеі. 1, 8).

Гэта дазваляе ўсьведаміць нам, якім чынам для сьвету можам быць сольлю і сьвятлом. Жывучы ў адпаведнасьці з нашым хрысьціянскім пакліканьнем мы перадаём іншым сьвятло, радасьць і любоў атрыманыя ад Хрыста, робячы ўсё, каб тыя, што дагэтуль не знайшлі Яго, пераканаліся, што толькі Ён можа даць жыцьцю сэнс, сьмеласьць і сілу для пераадоленьня слабасьцяў. Гэтак як соль кансэрвуе прадукты, так і мы павінны стаяць на варце правераных, слушных каштоўнасьцяў. Некаторыя рысы характару найлепш выказваюць сутнасьць солі і сьвятла. Гэта ветлівасьць, міласэрнасьць і шчодрасьць. Бываюць сытуацыі, калі сьведчаньне дабрыні больш патрэбнае і больш красамоўнае за праўду. Ісус гаворыць аб нечым вельмі канкрэтным. Людзі бачачы нашы добрыя ўчынкі ўслаўляюць Айца Нябеснага. Словы, праўду кажучы, асьвячаюць розум, але прыклад запальвае сэрцы. Прок Ісаія гаварыў таксама пра канкрэтныя дзеяньні: „Дзяліся сваім хлебам з галодным, дай прытулак бедным вандроўнікам... калі сам пазбудзешся ярма, перастанеш пагражаць іншаму, тваё сьвятло зазьзяе ў цемры” (Іс. 58, 7-10). Ад гэтых патрабаваньняў нельга ўцячы, хіба што адмаўляючыся ад самой веры. Зараз галодных і бяздомных ня менш чымсьці ў старажытнасьці. Калі нехта іх не прыкмячае, дык нагадвае левіта на дарозе зь Ерусаліму ў Ерыхон, які абмінуў параненага разбойнікамі чалавека. Сьвет або зямля, пра якія гаворыцца ў Евангельлі, гэта неабавязкова ўся плянэта. Для нас сьветам зьяўляецца ў першую чаргу найбліжэйшае атачэньне: сям’я, працоўнае месца, наш дом, вуліца або горад. Ісус нездарма гаворыць пра сьвятло, якое ставіцца на падсьвечнік, каб сьвяціла „тым, што дома”. Быць сьведкамі Хрыста мы павінны пачаць перад нашымі блізкімі. Перш чым пачаць папраўляць увесь сьвет, аздараўляць міжчалавечыя адносіны ў грамадзтве або працоўным калектыве трэба засяродзіць сваю ўвагу на сабе самім і на сваёй сям’і, элімінаваць нахабства, імкненьне да здамінаваньня адных аднымі.

Заданьне нясеньня сьвятла нялёгкае і патрабуе ад нас зрабіць Хрысту месца ў сэрцы, пазбыцца эгаізму. Таму Хрыстос і сказаў, што ня ўсім гэта ўдасца, таму і бывае соль, якая выветрылася і сьвятло, якое ня сьвеціць. Хрысьціянін, які страціў смак, гэта той, хто перастаў жыць паводле Евангельля. Ён тады найбольш жаласны зь людзей: сьвет не патрабуе пагашанага сьвятла і выветранай солі!

Аб тым, каб запаленае ў нас у час Сьвятога Хрышчэньня сьвятло не патухла, трэба рупіцца нам кожны дзень і калі яно гасьне — аднаўляць яго ад вялікага полымя, якім зьяўляецца Хрыстос.