Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Розныя тэмы - „Апошняму гэтулькі, што і першаму”

(Мацьв. 20,1-16)

Прытча пра вінаградара і нанятых рабочых — адна з найбольш спрэчных у Евангельлі і вакол яе нарасло шмат супярэчлівых тлумачэньняў. Уласьнік вялікага вінаградніка наймае на работу беспрацоўных. Першых наняў з раніцы, апошніх ужо пад вечар. З першымі дамовіўся, што за дзень працы заплаціць ім, згодна з прынятай тады практыкай, па адным дынары, з астатнімі — „колькі будзе належацца”, г.зн. (як думалі самі работнікі) менш як дынар. І вось здарылася неспадзеўка: вечарам апошнія атрымоўваюць па дынары, гэтак як і першыя. Тыя, што працавалі ўвесь дзень запратэствалі супраць яўнай, на іх думку, несправядлівасьці. Тады ўласьнік спакойна патлумачыў таму, хто найбольш скардзіўся: „Ці не за дынар ты дамовіўся са мною? Вазьмі сваё ды ідзі. Я-ж хачу даць гэтаму апошняму, што і табе. ... Ці вока тваё завіднае, што я добры?”

Ісус узяў элемэнт штодзённага жыцьця і ператварыў яго ў павучальны ўрок. „Думкі Божыя — ня нашы думкі” і гэта выразна выявілася на прыкладзе гаспадара ў момант выдачы заробку.

Абурэньне, што апошнія атрымалі гэтулькі, што і першыя — няслушнае, бо Хрыстос хацеў зьвярнуць увагу на тое, якая вялікая ўзнагарода чакае апошніх.

Справядлівасьць заключаецца на аддачы кожнаму паводле заслугаў, а дабрыня — паводле патрэбаў. Апошніх можна папракнуць за тое, што ня надта ірваліся да працы і чакалі пакуль сам гаспадар іх знойдзе. Аднак гаспадар больш зьвяртае ўвагу на іхную матэрыяльную сытуацыю, чымсьці на іхнае стаўленьне да працы. Заплата толькі за гадзіну была-б можа справядлівая, але не хапіла-б яе, каб пракарміць сям’ю. Іхныя дзеці былі-б галодныя, калі-б бацька прыйшоў дахаты з пустымі рукамі. Уласьнік вінаградніка зьлітаваўся над іхнай беднасьцяй і толькі таму ён заплаціў усім па дынары. Такім чынам у прытчы не гаворыцца пра прынцыповага чалавека, які трымаецца правілаў, але пра жэст чалавека добрага, шчодрага, чульлівага на чалавечае гора. „Гэтак паступае Бог”, — напэўна хацеў сказаць Ісус. Бог нагэтулькі добры, што ў Сваё Царства запрашае мытнікаў і грэшнікаў.

З другога боку чалавек думае інакш. Гэта пацьвердзіла тое нараканьне першых работнікаў, якія ня мелі падставаў наракаць, бо атрымалі гэтулькі, колькі ім належалася. Ісус зрабіў гэтым самым намёк на фарызэяў, якія абураліся, што Хрыстос зьвяртаецца да маларэлігійных людзей або тых, якія наагул ня выконваюць Закону: да мытнікаў і грэшнікаў. Я паступаю гэтак як і Бог. Ён добры і Я добры. „Шчасьлівы той, хто ня ўсумніцца ў Мяне” (Мацьв. 11, 6). Гэтыя незадаволеныя людзі адчувалі сябе абражанымі дабрынёй Божай, што Бог і Хрыстос шчодра абдароўваюць ёю тых, хто гэтага не заслугоўвае, лічачы пры гэтым, што добрае належыцца толькі ім. Ісус расказаў гэту прытчу, каб бараніць Дабравесьце аб Царстве Божым перад безупыннымі атакамі.

Застановімся цяпер над пытаньнем, якое з часоў Хрыстовых пераносіць нас у нашы дні. Аднойчы апосталы спыталіся: „Госпадзе, да каго гаворыш гэту прытчу?” (Лук. 12, 42); і пра гэтае самае пытаемся зараз: для каго сказана гэта прытча?

Ускосна адказвае на гэтае пытаньне евангеліст Мацьвей і старажытная хрысьціянская Царква. Тагачасныя вернікі аднесьлі да сябе тое, што было сказана ў адрас фарызэяў. Гора вам, калі абураецеся Божымі паводзінамі! Гэта небясьпека пагражала маладой Царкве, толькі ў іншым сэнсе. Ісус Хрыстос, які пры жыцьці ахвоча наведваў мытнікаў і грэшнікаў, зараз загадвае сваім вучням ісьці да неабразаных і паганцаў. Тыя з апошняй гадзіны раптам ставаліся спадкаемцамі Царства нароўні з выбраным народам (Эфэс. 3, 6). У Дзеях Апостальскіх паказана намаганьне юдэа-хрысьціянскай Царквы, каб за прыкладам апостала Паўла пераадолець усякія прадузятасьці.

Калі маладая хрысьціянская Царква гэтак сьмела аднесла да сябе прытчу сказаную Хрыстом супраць фарызэяў, дык і мы павінны яе аднесьці да сучаснай Царквы. Хрыстос, а значыць і Бог, былі прычынай абурэньня з?за стаўленьня да „іншых”, да г.зв. „ворагаў рэлігіі”. Тут выразна бачна, як думкі Божыя адрозьніваюцца ад чалавечых меркаваньняў. Ісус нікога не называе ворагам, не дапускае, каб нехта лімітаваў яго дабрыню і вырашаў, хто належыць да Бога, а хто Яго вораг. Абаронцы рэлігіі ня могуць лічыць сябе абаронцамі Бога на падабенства некаторых сакратароў, якія самі вырашаюць, каго дапусьціць да шэфа.

Мы, людзі, якія больш-менш рэгулярна ўдзельнічаем у жыцьці сваёй парафіі і Царквы, таксама паддаемся спакусам, каб зьняважліва паставіцца да тых іншых, якіх лічым менш годнымі за нас, горшымі. Невядома чаму тых, хто паводзіць сябе нешаблонна, хто на нашу думку „мала рэлігійны”, хто рэдка бывае ў Царкве мы пачынаем лічыць „бязбожнікамі”, „камуністамі”, „ворагамі рэлігіі”.

У часе, калі мы вельмі пасьпешліва пачынаем дзяліць людзей на сваіх і чужых, як некалі ў Хрыстовых часах людзі дзяліліся на сыноў сьвятла і сыноў цемры, Хрыстос ясна гаворыць, на чыім баку Ён. Не на баку тэолягаў, людзей паказной набожнасьці і самаупэўненых, але на баку тых, хто ў духоўным сэнсе ўвасабляе сьляпых, кульгавых і пракажоных. Будзем пільныя, бо і нас (ня толькі фарызэяў) мытнікі і распусьніцы апярэдзяць на шляху да Царства Божага.

Такія вось Божыя шляхі. Нідзе ня сказана, што мы павінны іх разумець. Мы павінны іх толькі прызнаць і ўлічыць, дзякуючы Богу за тое, што мерыць іншай меркай чымсьці мы, бо добра ведаем, якая наша мерка.