Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Прытча пра міласэрнага самараніна

(Лук. 10, 25-37)

Аднойчы знаўца Пісаньня і Закону зьвярнуўся да Хрыста з пытаньнем: „Хто мой бліжні?” Сярод тагачасных яўрэяў гэтае пытаньне было прадметам працяглых спрэчак. Рэлігійныя лідэры і старэйшыны добра ведалі Пісаньне, дзе сказана: „Калі ўбачыш вала або асла непрыяцеля твайго, вярні іх уласьніку. Калі ўбачыш асла ворага свайго, які ўпаў пад цяжарам сваім, няўжо абмінеш яго?”, „Любіце і вы прышэльцаў... не дазваляйце, каб госьць начаваў на двары”, „Не адмаўляй у дабрадзейнасьці таму, хто яе патрабуе, калі рука твая здольная яму дапамагчы”.

Не кажы сябру „пайдзі і прыйдзі зноў і заўтра я дам табе”, калі ты маеш пры сабе” (Прыт. 3 разьдз.). „Далонь сваю адкрывай бедным і руку тваю падавай таму, хто ў патрэбе”, — гаварылася ў Пісаньні. Насуперак гэтым ясным запаветам знаўца Закону, духоўныя лідэры і старэйшыны не сумняваліся, што самаране і ўсе паганцы — гэта нячыстыя, чужыя і ворагі. У адказ ён і ўсе там прыстутныя пачулі прытчу пра міласэрнага самараніна. Па дарозе ў Ерыхон разбойнікі абрабавалі і зьбілі да паўсьмерці аднаго чалавека. Яго ледзь жывога, пакалечанага абыякава абмінулі яўрэйскія сьвятары і левіт. Іншы-ж праезджы зьлітаваўся над няшчасным, абвязаў яму раны і заапекаваўся ім. Гэта быў якраз самаранін, прадстаўнік суседняга пагарджанага яўрэямі народу. „Хто-ж тады з гэтых трох зьяўляецца бліжнім для ахвяры разбойнікаў?” — спытаўся Хрыстос у прысутных. Законьніку нават цяпер слова самаранін не праходзіла праз вусны і ён адказаў: „Той, хто зьлітаваўся над няшчасным”. „Ідзі і ты паступай гэтак-жа”, — адказаў яму Ісус.

Такім чынам назаўсёды было вырашана пытаньне бліжняга, якое дарэчы ніколі не павінна было ўзьнікнуць. Нашым бліжнім зьяўляецца ня толькі той, хто належыць да таго самага народу або Царквы, але чалавек любой нацыі, рэлігіі і расы. У вачах Божых „няма грэка ні яўрэя, мужчыны ні жанчыны, вольнага і нявольніка”, але ўсе людзі роўныя і заслугоўваюць на аднолькавае стаўленьне да іх. Міласэрнасьць і спагада пакладзены ў аснову Боскага правасудзьдзя. Гэтая навука ня менш патрэбная сёньня, чымсьці дзьве тысячы гадоў таму. Людзі ведаюць зьмест Пісаньня, але згубілі яго дух. Падзел на сваіх і чужых узмацняецца шырока распаўсюджанымі стэрэатыпамі і прадузятасьцямі і стварае дадатковыя бар’еры паміж людзьмі, якіх нельга разумна вытлумачыць. Гэты падзел дайшоў да абсурду, да варварства і самавынішчэньня. Ён праводзіцца паводле незьлічоных дробязных прыкметаў, ня толькі паводле расы, нацыянальнасьці або рэлігіі, але нават паводле вопраткі, звычаяў або партыйнай прыналежнасьці, хаця „іншы” ня значыць „чужы” або тым болей „горшы”. Бог ня дзеліць чалавецтва паводле такіх прыкметаў. На Страшным Судзе ўсе будуць падзелены толькі на дзьве групы: на справядлівых і на злых, на тых, хто зьлітаваўся над бліжнім і дапамог яму і на тых, хто іх праігнарваў. Прысуд будзе вынесены не за зробленае людзьмі дрэннае, але за дабро, якога яны не зрабілі.

Прытча пра міласэрнага самараніна паказвае актуальную, вечнатрывалую зьяву ў міжчалавечых адносінах. Самаранін стаўся сымбалем і сынонімам бескарыснай дапамогі і ўсякай дабрадзейнасьці ў карысьць пакрыўджаных і бедных. Патрэба міласэрнасьці і дабрадзейнасьці назіраецца ў нас ня ў меншай ступені як калісьці. Абавязак самаранскай дапамогі нельга ўскласьці толькі на плечы спэцыялізаваных арганізацыяў, такіх як Чырвоны Крыж. Драматычныя сцэны з Заіру ўскалыхнулі сумленьнем сьвету, але пакуль урады дыскутавалі, тысячы людзей ужо памерлі ад голаду і будуць далей паміраць. Мікалай Гогаль слушна заўважыў, што „вельмі часта бывае так, што дапамога нагадвае вадкасьць несеную ў руцэ: уся вадкасьць распырскаецца па дарозе, пакуль трапіць да тых, хто яе патрабуе”. Пакуль, у пераносным сэнсе, „дарога ў Ерыхон” будзе небясьпечнай, пакуль будуць зьбітыя, бедныя і пакрыўджаныя людзі, датуль заўсёды і на кожным кроку будзе існаваць патрэба і нагода выявіць любоў і рэальную, самаранскую міласэрнасьць.