Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Прытча пра таленты

(Мацьв. 25, 14-30)

Таленты атрымалі мы ўсе. Яны самыя розныя, прыродныя і атрыманыя ў спадчыну. Кожны атрымаў іх незаслужана, аднак заўсёды па меры магчымасьці іх скарыстаньня. Бог выразна дамагаецца, каб чалавек зрабіў зь іх ужытак, пусьціў у абарачэньне.

Евангельскі гаспадар, выязджаючы, даручыў слугам розныя сумы грошай. Той, што атрымаў пяць талентаў, дзякуючы свайму прадпрымальніцтву прыдбаў наступных пяць. Гэтак-жа паступіў слуга, які атрымаў два таленты. Толькі трэці слуга, атрымаўшы адзін талент, закапаў яго ў зямлю і аддаў яго назад гаспадару, калі той вярнуўся. Гаспадар пахваліў руплівых слугаў, якія зрабілі добры ўжытак з даручаных ім грошай, трэцяга-ж слугу зганіў за ляноту і нядбайнасьць. Ён загадаў аддаць той адзіны талент таму, хто меў іх дзесяць. „Бо ўсякаму, хто мае, будзе дададзена, а хто ня мае, у таго будзе аднята”, — сказаў евангельскі гаспадар.

У старажытнасьці талент, прыблізна трыццаць кілаграмаў золата, гэта сума вялізная, таксама як і цяпер. У пераносным сэнсе прытча гаворыць аднак не пра грошы, але пра духоўныя дараваньні і творчае скарыстаньне іх. Евангельскі талент паслужыў у гутарковым ужытку стварэньню паняцьця закапанай здольнасьці — змарнаванага шанцу зрабіць у жыцьці нешта карыснае.

Кожны чалавек нечым вылучаецца. Адзін мае, як кажуць, залатыя рукі, іншы вылучаецца інтэлектам, нехта іншы дасягае посьпехі ў спорце, гандлі, навуцы, мастацтве або ў іншай галіне. Звычайна ў такіх выпадках гаворым, што чалавек мае талент, паколькі ўмее зрабіць тое, чаго іншаму пры ўсім жаданьні і натузе цяжка навучыцца.

Да атрыманага дару можна паставіцца дваяка: або адкінуць дар або дарастаць да яго. Гэта азначае супрацоўніцтва з ласкай, каб яна прыносіла плён для нас саміх і для атачэньня. Каб перш за ўсё прыносілі плён дабрадзействы веры, надзеі і любові, але таксама каб праз нашы асабістыя намаганьні прынесьлі плён такія цноты як цярплівась, памяркоўнасьць, лагоднасьць, вернасьць ды іншыя. Ня быць годным атрыманага таленту роўназначнае з адмаўленьнем ад яго. У такім выпадку „будзе нам адабрана тое, што маем”.

Чалавеку акрамя даручэньня нейкага заданьня даюцца дзеля гэтага і неабходныя сродкі. Аб гэтым быў перакананы апостал Павал, калі гаварыў, што мы створаны „на добрыя ўчынкі, якія Бог загадзя прызначыў нам выканаць” (Эфэс. 2, 10). Калі Мікэлянджэля прыступаў да працы над вялізнымі фрэскамі, сябры папярэджвалі яго, што на гэтае ён можа страціць усё жыцьцё. „А на што-ж іншае дадзена мне жыцьцё”, — адказаў вялікі мастак.

Чалавек адказны не за тое, што атрымаў менш або больш здольнасьцяў, але за тое, як скарыстаў дадзеную яму магчымасьць, колькі дзеля гэтага прылажыў асабістага намаганьня. Альбэрт Эйнштэйн паўтараў, што за ўсе свае навуковыя дасягненьні ён толькі ў пяці працэнтах удзячны таленту. Усе астатнія 95 працэнтаў — гэта вынік інтэнсыўнай працы. У школе ён быў вельмі пасрэдным вучнем і нішто не прадказвала будучых посьпехаў, аднак пасьля вучобы ён да самай сьмерці не спыняў напружанай працы.

Марыя Складоўская і Пётр Кюры да мінімуму абмежавалі свае жыцьцёвыя патрэбы, каб працягваць працу над радыеактыўнымі рэчывамі. Працуючы ў цяжкіх умовах і зь неверагоднай натугай, у атмасфэры іроніі і кпінаў, яны не апусьцілі рук і канчаткова адкрылі і апісалі радый і палоній.

Агульна вядома, што Моцарт пачаў пісаць свае кампазыцыі ўжо ў пяць гадоў і што меў надзвычайны талент, якога яму зайздросьціў Сальеры. Аднак ягоны канкурэнт кампэнсаваў недахоп таленту карпатлівай працай і таксама меў немалыя посьпехі. Максім Горкі і Фёдар Шаляпін былі аднавяскоўцамі. У царкоўны хор прынялі Горкага, а Шаляпіна палічылі няздольным да сьпеву. У сапраўднасьці музыкальны талент драмаў у Шаляпіне і ён гэты талент разьвіў, дасягаючы вяршыняў майстэрства ў сьпеве. Несумнена талент меў і Эрнст Хэмінгуэй, аднак ня ўсе ведаюць, што гэты выдатны пісьменьнік неаднойчы ўвесь дзень пакутаваў над адным сказам тэксту. Ён не пазьбягаў працы і хаця нехта магчыма напісаў-бы шмат болей за яго, невядома, ці напісаў-бы лепш.

Евангельская прытча пра таленты экспануе неабходнасьць працы не як пракляцьця і пакараньня, але як фундаментальнага пакліканьня чалавека. „Усё, што-б вы не рабілі, рабеце ад душы, як для Госпада... хто не працуе, хай ня есьць”, — заклікаў апостал Павал, які сам зарабляў на сваё ўтрыманьне пляценьнем палатак.

Сьвятое Пісаньне прызнае годнасьць кожнай сумленнай працы. „Любі працу, — гаварыў сьв. Ісаак Сірын, — нават, калі яна непатрэбная для твайго ўтрыманьня. Яна можа быць патрэбная як лякарства. Праца — гэта здароўе для цела і карысьць для душы”. Калі-б адносіны паміж работадаўцамі і рабочымі асноўваліся на прынцыпах Евангельля, адны справядліва аплачвалі-б працу, а другія сумленна працавалі-б. Сацыяльная свабода для рабочага клясу зьявілася тады, калі хрысьціяньскі і дзяржаўны дзеяч з Англіі лёрд Шэфтэсбэры дасягнуў скарачэньня працоўнага дня, павышэньня заробкаў і лепшага стаўленьня да рабочых.

Нельга забывацца таксама пра час, пра належнае карыстаньне ім. Ёсьць пагаворка „час — гэта грошы”. Напэўна нельга часу ні назьбіраць, ні зэканоміць, ні вярнуць, але напэўна час — гэта магчымасьць. Некаторыя людзі могуць мець больш здольнасьцяў, уплываў або грошай, але суткі для ўсіх маюць роўна 24 гадзіны. Мы ня можам скараціць гадзін працы або вучобы, сну і харчаваньня, аднак палічыўшы працягласьць усіх неабходных заняткаў, у кожнага застанецца як мінімум 30 гадзін на тыдзень. Гэта і ёсьць вырашальныя гадзіны, якія нясуць у сабе цудоўныя магчымасьці або каварную небясьпеку. Уся праблема ня ў тым, каб мець болей часу, але ў тым, каб разумна і творча скарыстаць той час, які маем. Прымаючы ад гаспадара таленты, аб усім гэтым павінны былі памятаць евангельскія слугі.