Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Нядзеля міраносіц

(Марк. 15, 43 — 16, 8)

Не перакананьні і нават не глыбокая ўпэўненасьць могуць пераадолець боязь сьмерці і ганьбы, а толькі любоў можа зрабіць чалавека верным да канца, бязьмежна і без аглядкі. У трэцюю нядзелю пасьля Вялікадня Царква адзначае памяць Нікадзіма, Язэпа Арымафейскага і жанок-міраносіц.

Пра ўсіх іх у Евангельлі гаворыцца няшмат. Нікадзім і Язэп былі тайнымі вучнямі Хрыста. Пакуль Настаўнік прапаведаваў у натоўпах людзей і быў аб’ектам ненавісьці і мсьцівасьці з боку праціўнікаў, яны сустракаліся зь Ім употай. Калі аднак Хрыстос быў зьняволены, асуджаны на сьмерць і ўкрыжаваны, гэтыя два чалавекі, якія ў свой час баяліся далучыцца да грамады вучняў, зараз у сваёй любові і адданасьці выявіліся мацнейшымі за вучняў. Язэп Арымафейскі сьмела пайшоў выпрасіць цела Ісуса і разам зь Нікадзімам пахавалі Яго.

Назоў „міраносіца” паходзіць ад слова „міра”, якое азначае каштоўную аліву, зрыхтаваную з многіх духмяных рэчываў. У знак вялікай пашаны мірам мазалі галаву дарагога госьця. Марыя — сястра Лазара зь Віфаніі памазала мірам ногі Ісуса (Яан. 12, 1). Гэтак-жа зрабіла апраўданая Хрыстом грэшніца ў хаце фарызэя (Лук. 7, 36). Вядомы толькі некаторыя імёны міраносіц. Гэта: Марыя Магдаліна, Марыя Кляопава, Саламія, Сусанна і Яанна ды іншыя, зь якіх некаторыя дапамагалі Хрыстовай грамадзе нават матэрыяльна.

Яны таксама не пабаяліся стаяць побач, калі на крыжы паміраў Хрыстос і не пабаяліся прыйсьці памазаць Ягонае цела, калі разьбегліся найбліжэйшыя вучні. Яны таксама былі першымі сьведкамі Хрыстовага ўваскрэсеньня. Любоў аказалася мацнейшай за страх, небясьпекі і пагрозы. Гэта тая любоў, якая, паводле слоў апостала Паўла, „цярплівая, міласэрная, якая не зайздросьціць, не шукае свайго, не раздражняецца, ня думае ліха, ня цешыцца зь няпраўды, усё пакрывае, усяму верыць, якая ніколі не перастае” (1 Кар. 13, 4-8).

Прычыны самаахвярнай любові жанчын да Хрыста ня толькі ў прыродных якасьцях жаночай душы, чульлівасьці і лагоднасьці.

Праз стагодзьдзі, асабліва на Ўсходзе, жанчына ня мела амаль ніякіх правоў. Гэта былі маўклівыя, прыгнечаныя нявольніцы, на долю якіх выпала цяжкая праца і поўнае падпарадкаваньне мужчыну. У ізраільцян пазыцыя жанчын у грамадзтве была адносна высокая, але ўсё роўна не паводле сучасных стандартаў.

У Бібліі гаворыцца аб прарочыцах: Марыям, Алдаме, Наадзіі і судзьдзі Дэворы. Яўрэі першыя параўноўвалі мацярынскае сэрца з Божым сэрцам (Выхад. 49, 15) . Майсееў Закон і затым Хрыстос вярнулі жанчыне першабытную годнасьць маці і спадарожніцы мужа. Хрыстос не ўхваляў несправядлівай практыкі тагачасных разводаў. Ён паводзіў сябе насуперак звычаяў сваёй эпохі і гутарыў як з раўнапраўнымі суразмоўцамі з самаранкай, з Марфай і Марыяй. Ён зьлітаваўся над лёсам наінскай удавы, са спагадай аднёсься да распусьніцы, дараваў грахі Марыі Магдаліне і шчыра плакаў над будучым лёсам ерусалімскіх жанчын.

Царква заўсёды імкнулася пашырыць прынцыпы раўнапраўя жанчын у духу Евангельля, хаця дух эпохі і сьвецкія звычаі не заўсёды гэтаму спрыялі, а тэорыя не заўсёды супадала з практыкай. Прызнаючы роўнасьць мужчыны і жанчыны адначасова Царква моцна падкрэсьлівае адметнасьць іхных індывідуальных пакліканьняў. У сьвеце існуе адвечны Божы парадак, у якім кожнаму вызначана ягонае месца і заданьні. Жанчына можа пасьпяхова выконваць працу, якую дагэтуль выконвалі мужчыны, але-ж яны ня могуць замяніцца ролямі ва ўсім. Ніхто ня здыме з жанчыны абавязкаў жонкі і маці, ніхто не заступіць іх у дбайнасьці пра хату і выхаваньне дзяцей... Аб гэтым 500 гадоў да Хрыста ведаў кітайскі мысьліцель Канфуцый: „Факт, што мужчына і жанчына займаюць уласьцівае ім месца ў жыцьці зьяўляецца найбольшай каштоўнасьцяй і дасягненьнем натуры. Калі муж бывае добрым мужам і бацькам, а жонка — сапраўднай жонкай і маці, калі сын і дачка зьяўляюцца праўдзівымі сынам і дачкою, дык уся сям’я на добрым шляху і дзякуючы гэтаму ўвесь сьвет крочыць слушнай і адпаведнай дарогай”. Вось таму і апостал кажа: „Усё мне можна, але ня ўсё карыснае”.

Памяць жанок-міраносіц — выява нашай глыбокай пашаны ня толькі для самаахвярнай любові гэтых сьвятых жанчын, але таксама для ўсіх хрысьціянскіх жанчын і маці. Калі сьвет яшчэ існуе і крочыць ня цалкам памылковай дарогай, дык у значнай ступені гэта іхная заслуга.