Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Пасха Хрыстова — Вялікдзень

У нядзельны сьвітанак царкоўныя званы абвяшчаюць сьвету цуд непараўнальны зь ніякім іншым: „Хрыстос уваскрэс”. Навіна, што Хрыстос „сапраўды ўваскрэс” напаўняе сэрцы вернікаў сілай і бадзёрасьцяй. Упэўненасьць у гэтым факце зьяўляецца асноўным цэнтрам хрысьціянства, залогам збаўленьня і вечнага жыцьця. Шчасьлівы той, хто пакарыстаўся дабрадзействамі Вялікага Посту, хто ў думках спадарожнічаў Хрысту ў Ягоных пакутах, Крыжы і ў пахаваньні, бо тады глыбей і паўней успрымецца надышоўшае Хрыстовае Ўваскрэсеньне. Разам з прыродай, якая пасьля зімовага сну прабуджаецца да новага жыцьця, адраджаецца і чалавек, перажываючы сваю духоўную вясну. Першая вясеньняя зелень прыносіць рэфлекс праўды аб адвечным аднаўленьні жыцьця і выходзіць насупраць прадаўнім журбам чалавецтва. Туга за несьмяротнасьцяй гучэла ўжо ў малітвах, гімнах і пахавальных абрадах старажытных народаў. Людзі ўсіх расаў марылі пра вечнае жыцьцё. „Бог Ра ўзяў чалавека на неба, каб чалавек мог там жыць, як Ён жыве”, — напісана ў старажытным рукапісе, знойдзеным у егіпецкай пірамідзе. Некаторыя народы лічылі сьмерць сном, пасьля якога наступае прабуджэньне на векі. Мэксыканцы зьбіралі косьці памерлых у кошыкі і вешалі на дрэвах, каб у дзень уваскрэсеньня не трэба было іх доўга шукаць. Дзеля гэтага пэруанцы дбайна складалі ў адным месцы ногці і валасы. Дасьледнікі старажытнасьці ведаюць мноства міфаў пра багоў, якія паміралі і ўваскрасалі. У першых хрысьціянаў вера ў будучае уваскрэсеньне была асабліва моцнай. Сьмерці яны не лічылі жахлівай, годнай жалобы і аплакваньня зьявай. У катакомбах Калікста захаваўся надмагільны надпіс: „Каханаму Кірыку, найдаражэйшаму сыну — жыві ў Духу Сьвятым”.

Для ўсіх хрысьціян, прынамсі для чвэрці ўсяго насельніцтва зямлі, велікодны цуд зьяўляецца галоўнай падзеяй у гісторыі. „Калі Хрыстос не ўваскрэс, — гаварыў апостал Павал, — дык і навука ваша дарэмная, дарэмная і вера ваша”(1 Кар. 15, 14). „Але Хрыстос уваскрэс, —сьцьвярджае апостал, — дзеля апраўданьня нашага” (Рым. 4, 25). Калі-б Сымбаль Веры канчаўся словамі: „І быў укрыжаваны за нас пры Понцкім Пілаце і перанёс пакуты і быў пахаваны”, калі-б гэтым сумным акордам закончыўся Яго зямны шлях, хрысьціянства было-б пабудовай без фундаманту. Якое значэньне меў-бы для сучаснага чалавека факт, што дзьве тысячы гадоў таму жыў чалавек, які навучаў, аздараўляў і адпускаў грахі. Гісторыя ведае шмат выдатных людзей, аднак пра ніводнага зь іх нельга сказаць як пра Хрыста: „Яго няма тут — Ён уваскрэс”. Гэта перш за усё азначае, што Хрыстос быў Богам. Ён быў тым, кім Сам Сябе назваў. Ён быў Богам у целе. Уваскрэсеньне азначае, што Бог прыняў крыжовую ахвяру выкупленьня. Яно — залог будучага ўваскрэсеньня нашых целаў. Сьвятое Пісаньне вучыць, што хаця нашы целы пахаваюць, яны ўстануць у вялікі дзень уваскрэсеньня памерлых і сьмерць будзе паглынута перамогай. Хрыстовым уваскрэсеньнем у сьмерці аднята джала сьмерці і ў Хрыстовых руках апынуліся ключы сьмерці. Ён сказаў: „Я ёсьць першы і апошні і жывы; і быў мёртвы, і вось, жывы на векі вечныя, і маю ключы пекла і сьмерці” (Адкрыцьцё. 1, 17?18). Цяпер і мы можам паўтарыць за Псальмапеўцам Давідам: „Калі нават я пайду далінаю сьмерці, не пабаюся зла, таму, што Ты са мною. Тваё жазло і Твой посах, яны супакойваюць мяне” (Пс. 22, 4).

Чалавек, які здольны пранікнуць у гэтую вялікую тайну, чэрпае зь яе сілы для ўнутранага адраджэньня. „Хай ніхто, — пісаў сьв. Яан Залатавусны, — ня плача над сваім убоствам, бо аб’явілася супольнае царства. Хай ніхто не смуткуе над грахамі, бо дараваньне ад магілы зазьзяла. Хай ніхто не баіцца сьмерці, бо вызваліла нас Хрыстова сьмерць”. Апостал Павал заклікаў: „Ды калі вы ўваскрэсьлі з Хрыстом, шукайце-ж вышыняў, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога... Умярцьцвеце члены вашы, што на зямлі: распусту, нячыстасьць, юр, дрэнныя пажаданьні і хцівасьць, якая ёсьць балвахвальства” (Кал. 3, 1-5). Мы пакліканы зрабіць больш высакародным наша асабістае сямейнае і гарамадзкае жыцьцё. Хаця Хрыстос зьяўляецца „дарогай, праўдай і жыцьцём”, нам здараецца хадзіць сваімі шляхамі, шукаць іншых праўдаў і жыць паводле сваіх запаветаў.

Наша перашыя сьмерць і ўваскрэсеньне з Хрыстом адбыліся ў сьвятым хрышчэньні. На жаль, хрышчэнская вада вельмі хутка высыхае. Мы ізноў вяртаемся да старых звычак, апранаемся ў старую вопратку, азмрочваем сябе новымі заганамі. Дзеля гэтага ўстаноўлена таінства Споведзі. У ім чалавек нанава ўваскрасае, адыходзіць вызвалены ад цяжару, з новай бадзёрасьцяй і радасьцяй.

На працягу жыцьця шмат разоў здараецца падаць і падымацца. Чалавек ня родзіцца дасьпелым. У ім заўсёды застаюцца нейкія неасьветленыя месцы. Галоўнае, каб усьведаміць сабе сваё пакліканьне, абавязак пераадольваць свае слабасьці згодна з апостальскім заклікам „лічыць сябе памерлым для грэху, жывым-жа для Бога ў Хрысьце Ісусе, Госпадзе нашым”.

Хай Бог дапаможа духоўна ўваскрэснуць нашаму народу і ўваскрэсіць у ім пачуцьцё сваёй годнасьці. Хай для ўсіх сьвята Пасхі Хрыстовай будзе сьвятам сапраўднай, нічым не азмрочанай радасьці і духоўнай вясны, аптымізму і надзеі на лепшую будучыню для кожнага з нас.