Праўда вас вызваліць

Пропаведзі

Бандарук Канстанцін


Вялікая пятніца

Вялікая пятніца! Для ўсіх хрысьціян — гэта выключны дзень. Яшчэ напярэдадні, у Вялікі чацьвер, мы прасачылі ў часе чытаньня дванаццаці Евангельляў пакуты і сьмерць Хрыстову, а ў пятніцу зьбіраемся ля Ягонай сымбалічнай труны, ля Плашчаніцы. Неба і зямля прыпадаюць да памерлага Збавіцеля. У гэтай урачыстай цішыні, задуменным маўчаньні, сьветлай журботнасьці сузірае, плача ды моліцца і наша бедная душа. Людзі аднойчы забілі Бога, што прыйшоў да іх, але-ж і надалей Яго забіваюць. Чульлівую, неакамянелую душу пранікнуць павінна ў Вялікую пятніцу пачуцьцё віны за нявер’е, за пастаянныя падзеньні, за богаадрачэньні...

„Хай маўчыць усякае цела чалавечае і хай стаіць з боязьзяй і дрыжаньнем”, — заклікае Царква ў гэты незвычайны дзень. Няўяўляльная ступень любові дасягнула сваю мяжу: Хрыстос супачыў нежывы. Ён прыйшоў збавіць сваё тварэньне, вярнуць да жыцьця ўпаўшае, паміраючае зерне. Людзі страцілі лучнасьць з Богам, блукалі ў духоўнай цемры і памножвалі Адамаў грэх. Бог бачыў чалавечую бездапаможнасьць. Праз стагодзьдзі Старога Запавету струменьнямі лілася кроў ахвярнай жывёлы, правобразна прадказваючы Хрыстову Кроў. Аднойчы Ён прызямліўся, каб абвясьціць, што Бог любіць нас і рупіцца пра нас. Ён абвясьціў Божую ласку, міласэрнасьць і спагаду. Прыйшоў да сваіх, аднак свае не прынялі Яго. Сваімі ўласнымі рукамі нарыхтавалі Яму сьмерць тыя, якіх узьлюбіў. Цень сьмерці спадарожнічаў Яму праз усе гады зямнога жыцьця. Ад народзінаў па ўкрыжаваньне Яго акружала ненавісьць, незразуменьне і варожасьць маладушных і жорсткіх людзей, якія „ня ведалі, што робяць”. Ісус набліжаўся да Крыжа з годнасьцяй і няўхільнай вернасьцю Айцу. Легіёны анёлаў у любы момант маглі абараніць Яго, але Ён застаўся безабаронным, не супрацівіўся сьмерці. Як было прадказана ў прароцтве, „бы авечка быў паведзены на зарэз і бы нявіннае ягня маўклівае перад стрыгушчымі яго, так і Ён не адчыніў вуснаў Сваіх” (Іс. 53, 7). Айцец паслаў і Сын пайшоў! Перад гэтай тайнай бясьсільнее розум, яна даступная толькі веры!

Хрыстос дасягнуў мэту Свайго пасланьніцтва. Ягоны скон і кроў замацавалі і пацьвердзілі словы: „Я праславіў Цябе, Ойча, на зямлі... справу, якую Ты Мне даручыў, выканаў... Явіў Імя Тваё людзям. Цяпер Ты, Ойча, праслаў Мяне славаю, якую Я меў у Цябе да стварэньня сьвету”.

Вось перад гэтай тайнай мы стаім у Вялікую пятніцу. У гэты дзень маўчаньня і роздуму ўсьведамім сабе свой доўг перад Богам: за ахвяру выкупленьня, за цялеснае і духоўнае жыцьцё, за ўсё ўчыненае намі зло і занядбанае дабро. Хрыстос у труне — дакор нашаму сумленьню. Хай замоўкнуць ля Плашчаніцы нашы штодзённыя клопаты, нараканьне нашых мітусьлівых сэрцаў. Неймаверна вялікай цаною, побач якой мы часта праходзім абыякава, нам ахвяроўваецца сёньня галоўнае ў жыцьці...