Міхась Южык
Мёртвае дрэва
апавяданні, аповесць
Ступень свабоды
1
Вы пытаеце, дзе мяжа паміж чорным і белым? Дзе тая мяжа?! Не, вы мяне ні пра што не пытаеце. Гэта я, звар’яцелы пісака, няўмела намагаюся скласці будыніну з фанабэрыстых постацяў і цьмяных меркаванняў. Падмурак будынку — вера адных і нявер’е іншых, а камянямі, так, акурат крывымі, вуглаватымі каменьчыкамі з’яўляюцца ўсё тыя ж супрацьлегласці. Яны не існуюць адзін без аднаго, складваюцца парамі і падпіраюцца трэцім, чацвёртым, пятым. Што значыць дабрабыт без ліха альбо баязлівасць без смеласці, нянавісць без любасці і іншае, і іншае?.. І ладзіцца будынак, імя якому — рэчаіснасць, і разбураецца ён кожны раз, бо адзін з ніжніх камянёў быў падабраны няўдала ці няправільна састыкаваны з паплечнікам... Як развальваўся ён безліч разоў за гісторыю чалавецтва. Але ўсё ж — вось вам аповед, у якім, па меншай меры, палова праўды, калі ўжо надумаліся мне давярацца.
Справа была на пачатку 70-х. Я, малады і, як кажуць, “перспектыўны” пісьменнік, нядаўна ажаніўся. Мы бавілі мядовы месяц у Крыме, у пісьменніцкім санаторыі. Да таго часу я ўжо заявіў пра сябе пэўнымі мастацкімі творамі, удала ўвайшоў у кола так званай літаратурнай эліты. У адным з “тоўстых” часопісаў пабачыла свет мая аповесць, рыхтавалася да друку другая. Літаратурныя поспехі, а таксама знаёмствы і апекаванні ў памянёных колах дазволілі мне маляваць будучыню даволі вясёлымі фарбамі. Міжвольна ўяўляўся сабе гэткім лагодным мэтрам, што самавіта ўзвышаецца за пісьмовым сталом шыкоўна абсталяванага кабінета. Жнівеньская раскоша крымскага ўзбярэжжа адпавядала майму ўнутранаму стану.
Кампанія надарылася самавітая: паэты і празаікі, знакамітыя і не вельмі, маладыя і старыя, з сем’ямі і без — асяроддзе, аб якім захоплены трыццацігадовы літаратар мог толькі марыць. А яшчэ — прыгажуня-жонка, а яшчэ — утульны пакой на другім паверсе, што глядзеў напрасцяк у персікавы сад, а яшчэ — галечны пляж за фарбаванай агароджай, дзе грэліся і раскашаваліся тыя абраныя асобы... У галаве грувасціліся і спелі будучыя высокамастацкія творы, а плоць насычвалася энергіяй паўднёвага мора.
Мы гутарылі пра ўзнёслае: пра творчасць Чэхава і Дзікенса, Гейне і Пастарнака, пра любасць, годнасць і чалавечнасць. Што, аднак, не перашкаджала мне літрамі хлябтаць белае віно, уначы па-жывёльнаму валтузіцца з жонкай у ложку, а назаўтра, седзячы поруч з ёй у рэстаране, крадком і не без цікавасці пазіраць на вабных дзяўчат за суседнім столікам. Ды яшчэ і абмяркоўваць потым іхнія “вартасці” з прыяцелямі. Але цела, маладое цела патрабавала жыцця. Не папікаць жа яго хаця б у тым, што яно хоча есці! Нам было лёгка і радасна, і хто скажа, што не жадаў бы таго ж?
Белыя кучары на сіне-зялёным абшары, катамараны і лодкі, напаленая сонцам галька, маляўнічасць садоў і вінаграднікаў, густыя духмяныя вечары... Усё праімчалася, прамільгнула, збілася ў адзіны павеў — лёгкую, рухавую белую птушку.
...Наша шчасце доўжылася тры гады. А затым адно маленькае слова, адна вялізная і значная акалічнасць пачала ўпарта і няўмольна падточваць яшчэ не пабудаванае жытло. Дзіцё! Маленькі камячок, першынец, капрызны карапуз, румяны крыкун... Яго не было ў нас, яго ж, якраз, і не было. Пачаліся недамоўкі, спрэчкі, сваркі — звычайныя, звыклыя сямейныя варункі. Іх я апісваў мноства разоў у сваіх творах, перайначваў на ўсялякі лад, аналізаваў. Але так, як і героі мае, апынуўся перад імі бяссільным і нехлямяжым. Прырода, закон захавання матэрыі і эмоцый... І усё! І нікуды тут не падзецца. Наш човен даў нахіл, і нахіл сур’ёзны.
Нежаданне, а мабыць, і страх выявіць прычыну непаўнацэннасці сям’і яшчэ горш абвастрылі становішча. Мае продкі таілі крыўду на жонку, продкі яе — коса і кпліва паглядвалі ў мой бок. Дробязі стасункаў сямейнага побыту не давалі плённа працаваць, а гэта — мой хлеб. У кабінет пастаянна ўрываліся груба і недарэчна, адкрыта дакаралі за бяздзейнасць, пусты халадзільнік, нягожыя кілімы і голыя сцены, прымушалі кудысьці бегчы, штосьці шукаць — назапашвацца. Да таго ж трэба было нязменна прымаць (і грунтоўна!) шматлікую радню жонкі, выслухваць за сталом іх дзікія жарты і блазенскае рагатанне. А ў кабінеце чакалі творы, дзе апошнім часам панавала бязладдзе, дзе нічога не спалучалася і не клеілася. Героі мае зрабіліся млявымі, кволымі, бляклымі і на дзіва неаформленымі. Сюжэты — надуманымі і непрывабнымі. Я пачаў пісаць штампамі. Штохвілінна раздражняўся, узрушваўся, раз’юшана касаваў і камячыў паспісваныя аркушы і бег курыць на лесвічную пляцоўку (у пакоях курыць не дазвалялася). Амаль з год мяне адпрэчвалі нават самыя заняпалыя выдавецтвы. І мелі рацыю — прымаць не было чаго насамрэч!..
Лаяў увесь свет і сябе ў ім. Я стаў бурклівым і прычэпістым не па ўзросце. Пакінуты не на тым месцы кубак, перасоленая страва, рэзкі гук тэлевізара маглі прывесці мяне ў шаленства, даць падставу для працяглай сямейнай сваркі, а іншы раз і бойкі з жонкай. Нас мірыла толькі пасцель. Але і яна праз пэўны час не здолела ўтрымаць тую хісткую, падманную раўнавагу. Гэта было жахліва!
Нервы гаротнай жонкі не вытрымалі. Ці вінаватыя ў тым прыродная схільнасць або наша нявартае жыццё, — а толькі яна цяжка захварэла і неўзабаве была накіравана ў клініку для вар’ятаў. Дакоры сумлення, а яшчэ і несупынныя званкі і праклёны жончынай радні, якія доўжыліся некалькі месяцаў пасля гэтага, падвялі мяне самога да стромы псіхічнага зрыву. Хто захаваў са мной ранейшыя добразычлівыя адносіны, то гэта бульдог Чорны — маўклівы вартаўнік заняпалага дома. З бацькамі я практычна не меў зносін і ў панылай самоце сядзеў у сваім кабінеце. Зусім не пісалася. Сердаваў, высільваўся, але не мог выціснуць з сябе сюжэта для самага сціплага апавядання. Перагортваў купы часопісаў, старых кніг, спадзеючыся адшукаць штосьці слушнае. Марна: уяўленне маё, нядаўна такое гнуткае і нястрымнае, цалкам адмаўлялася ад работы. Гэта быў крызіс, амаль скон!
Балазе нешматлікія колішнія сябры, як маглі, давалі магчымасць падзарабляць на жыццё планавымі перакладамі. Дапамагалі неблагія веды англійскай. Каб не яны, ды не бацькі, харчам і дахам якіх я карыстаўся без найменшага намёку на ўдзячнасць, мне б давялося падмятаць вуліцу ці жабраваць. Аднойчы, седзячы за сталом і млява разблытваючы мудрагелістыя фразы чужога тэксту, я раптам зразумеў, што выконваю гэта акурат механічна, што брыдкія мне і аўтар сам і пабудаваныя ім думкі і вобразы. Нават пасля дзесяціразовага пільнага разбору абзаца сэнс выказанага быў мне няўцям, не пранікаў у сэрца. Галава нібыта запоўнілася густой і ліпкай смугой. Раптам падалося, што я з’язджаю з глузду. Аблічча нябогі-жонкі жвава паўстала перад унутраным вокам. Уціснуўшы ў зубы папяросу і ашчаперыўшы аберуч галаву, я выскачыў на вуліцу. У хуткім часе ногі неяк самі дакрочылі да найбліжэйшай крамы. Купіў бутэльку партвейну, распачаў і спустошыў яе на лаўцы сквера ў адзіноце, як зацяты алкаш.
З таго дня я пачаў апускацца ўсё ніжэй і ніжэй. Благі настрой выпраўляў алкаголем, які на некаторы час адганяў кепскія думкі і супакойваў нервовую сістэму. А думаць я ні аб чым не мог, праўдзівей, ні аб чым добрым. Было куды лепш піць з кончанымі забулдыгамі барматуху перад крамай, слухаць пахабныя жарты і анекдоты, па-звярынаму забаўляцца з бруднымі дзеўкамі, чым знаходзіцца аднаму ў сваім абрыдлым пакоі, у кабінеце, дзе, як я меркаваў, вырасце вялікі пісьменнік. Я зарос шчэццю, зрабіўся неахайным і, мусіць, прыкрым нават для маці. Адчуваючы гэта, прабіраўся ў свой пакой крадком, несучы ў кішэні чарговую бутэльку, а ў роце вінны смурод. Але, як бы не пацяшаўся я, не забаўляў думкі і цела, далей сябе ўцячы ўсё адно не мог. У жахлівыя гадзіны ранішняга пахмелу душыў адчай. Я даваў сабе страшэнныя клятвы і зарокі, сядаў за стол і рабіў вартыя жалю высілкі да творчасці. Але нават пераклады мае сталі нікуды не прыдатнымі. Таварышы-супрацоўнікі забыліся на мяне, акрамя аднаго, ад якога менш за ўсё можна было чакаць сяброўскай вернасці. Дый ці мог патрабаваць спагады ад кагосьці няўдалы пэцкаль паперы, што страціў чалавечае аблічча?
Менавіта прыяцель той і запрасіў мяне з надыходам лета ў пісьменніцкі санаторый, на які я ўжо, бадай, не меў аніякіх правоў. Сумная перспектыва марнаваць цэлае лета ў панурай самоце ці сноўданні паміж пакоем і віннай крамай вымушала мяне згадзіцца нават на месца, дзе кожны выгін сцяжынак будзе балюча нагадваць пра згубленае сямейнае шчасце, пра няздзейсненыя мары. Вось маё месца ў жыцці: ці тут, ці там — выбірай! Але разладжанае фізічнае здароўе, а тым больш кепскі душэўны стан, патрабавалі адпачынку і мора. Таму я з удзячнасцю адгукнуўся на прапанову таварыша. У санаторыі меркаваў аднавіць страчаныя сувязі, набыць новых знаёмых. Спадзяваўся і на прыдбанне творчых сіл.
Гэта былі толькі надзеі. Я стаў ужо іншым чалавекам. І, што самае жахлівае, згубіў запал да барацьбы і павагу да ўласнай асобы. Я забыў, як жывуць нармальныя людзі, страціў усе жыццёвыя вартасці і накірункі. Заставалася альбо пачынаць усё з нуля, альбо бязвольна каціцца па адхоне. Алкагольная загана ўгодліва прапаноўвала запоўніць пустэчу нікчэмнай істоты. Мне дапамог выпадак.
2
Аднойчы ўвечары, знаходзячыся ў звыклым пахмурным настроі і змагаючыся са спакусай “адпачнуць” з пляшкай на адзіноце, я прагульваўся па санаторным садзе. Пустэча прыгнятала. Але за доўгія месяцы адасобленасці і злосці на ўвесь свет, я проста развучыўся мець зносіны з людзьмі, я баяўся іх. У кожным чужым поглядзе хваравіта ўяўляў папіканні і кпіны. Гэта было накшталт маніі праследавання. “Няўжо я хворы?!” — усё часцей свідравала праклятая думка. Змардаваная ёй душа прагнула аддухі, і Наканаванне мне яе прапанавала.
— Спатыкнешся, хлопец! — аклікнуў мяне роўны ветлівы голас.
Гэта быў садоўнік. Так, звычайны садоўнік — загарэлы стары гадоў шасцідзесяці. Ён і раней поркаўся тут: падстрыгаў хмызняк, прарэджваў кветнікі, падмятаў дарожкі. Мы з жонкай звярнулі на яго ўвагу яшчэ ў мінулы прыезд. Ягонае рудое жылістае цела з ранку да прыцемкаў мільгала ў зеляніве гэтага садка. “Дзівак! — думаў я тады. — Усе адпачываюць, а ён рупіцца і яшчэ рады”.
Вось і цяпер у адной руцэ стары трымаў вядро, у другой — шуфлік і ўсміхаўся, дэманструючы не па гадах гожы набор зубоў. Мяне ўразілі вочы. Як бы тое не было, аналізаваць — мая прафесія. Вочы ў старога добрыя і светлыя, дзіцячыя. Такія бываюць, бадай, у святых альбо ў тых, хто зашмат пакутаваў (што, верагодна, тоесна).
— Прабачце! — я па звычцы буркнуў сабе пад нос і хацеў ужо рухацца далей.
— Чалавеку не варта быць аднаму... — ад гэтай простай фразы мяне перасмыкнула.
— Які чалавек? — я няўцямна ўтаропіўся на садоўніка.
— А ці вы не адзін?
Я не ведаў, што адказаць. Падалося толькі, што ў ясных вачах старога я бачу мора. Што за насланнё!
— Вось я не адзін, — працягваў ён ціха, прыязна разглядаючы маю асобу, — я з морам і садам, з сабачкамі маімі і птушкамі, з маёй працай. А вы адзін, малады чалавек. Вы гледзіце долу, а на зямлі ж вас амаль ужо няма...
Гэта было занадта! Тут магчыма наступнае — вар’ят ці я, ці ён. Добра, па меншай меры, я маю рацыю патрабаваць тлумачэнняў.
— Прашу вас не здзіўляцца, — апярэдзіў стары, — але калі чалавек раніцой, удзень і ўвечары шыбуе па сцяжынах пустэльнага саду, штохвілінна натыркаецца на хмызы і кветнікі, да таго ж яшчэ мармыча пад нос і жэстыкулюе, пагадзіцеся, — тут штосьці не тое... Гэткага шпацыру пэўна не існуе ў санаторным распарадку. Вы нервуецеся, а мерныя крокі вас супакойваюць.
— Але, чакайце, чаму мяне няма?!
Садоўнік схіліўся да несамавітага сабачкі, што ўвіхаўся ля ягоных ног.
— Зараз, Булька, зараз, красуня, я ўжо ўправіўся, — ён апусціў шуфлік у вядро і, пагладзіўшы кудлатую натапыраную Бульку па загрыўку, неспадзявана прапанаваў: — Калі вы згодны падзяліць са мной сціплую вячэру, я змагу вам даць некалькі парадаў, а магчыма, і дапамогу.
“Ён відавочна дзівак. Зрэшты, тым цікавей...” — падумаў я і паплёўся за садоўнікам, які на шляху да сваёй халупкі ані разу не зважыў на мяне позіркам. Стары кульгаў, і сур’ёзна. Падцягваў правую нагу, якая была прыкметна карацейшая за левую і быццам скрыўленая. Я не заўважыў гэтага раней толькі таму, што заўжды заставаў старога за працай, а не ў руху.
Каля флігеля, невядома адкуль, насустрач нам выбеглі тры сабачкі, адзін за аднаго ўродлівей, і весела завіхлялі хвастамі... Я ступіў у паўзмрок цеснага памяшкання. Стары запаліў святло. Некалькі папугайчыкаў, што дагэтуль хаваліся па кутах, прыязна заварушыліся, а адзін узляцеў і сеў на плячо садоўніку.
Не скажу, што быў надта збянтэжаны пры хуткім аглядзе гэтага жытла, але, ва ўсякім выпадку, некаторыя рэчы аніяк тут не меркаваў убачыць. Як тое: на ўсю сцяну самаробную кніжную паліцу, якая была застаўлена знаёмымі тамамі класікаў; стосікі старых літаратурных часопісаў — проста на падлозе; некалькі рэпрадукцыяў вядомых палотнаў; пераносны тэлевізар. З мэблі было: невялічкі стол, крэсла, шыфаньер, тумбачка, драўляны тапчан — усё, відаць, выраблена самім гаспадаром, і даволі ўмела. Адну сцяну амаль цалкам займаў камін. Вось, бадай, і ўсё. Птушкі, сабакі, а яшчэ агромністы шэры кот, што неўзабаве вылез з-пад тапчана, спакойна ўладкоўваліся па любімых сваіх кутах і схованках. Не было ні подсцілаў, ні клетак, ні нават чагосьці накшталт замка ці засаўкі. Адзінае на ўсю хацінку акенца над ложкам скупа глядзела з даволі крутога берага на пляж. Халупка стаяла акурат на самай строме.
Садоўнік прапанаваў мне прысесці на крэсла, а сам узяўся карміць шматлікую жыўнасць. Я маўчаў, блытаючыся ў здагадках. Пытанні кшталту: “Дык вы адзін жывяце?” — былі недарэчнымі, бо стары не прасцяк — гэта безумоўна. Класікай нездарма ж назапасіўся, дый гаворка...
Гаспадар дастаў з тумбачкі літровы слоік з кіслым малаком, палову бохана шэрага духмянага хлеба, талерку з мытымі памідорамі і персікамі. Моўчкі пачалі вячэру.
— Я на харчаванні тут, але на кухні бяру толькі малако ды хлеб, — нетаропка пражаваўшы першы кавалак, пачаў садоўнік, — і сябрам маім — рэшткі са стала.
— І даўно вы тут? — не надта ўдала ўплёўся я ў гутарку.
Стары сербануў з кубка і на хвіліну задумаўся. Глядзеў скрозь мяне. Ізноў тое ж мора ў вачах!
— Паслухай. Я буду на “ты” з табой. А мяне заві Пятровічам.
— Згода.
— Я не буду накіроўваць, настаўляць ці прапаведаваць, — гэтага не люблю. Не стану пытаць, хто ты, і што з табой здарылася, — мне гэта нецікава. Проста раскажу адну гісторыю. Распавяду яе таму, што бачу пустэчу ўнутры цябе, а ты бачыш яе звонку. Гэта гісторыя майго жыцця, або, калі хочаш, жыцця кагосьці іншага, — і гэта не важна. Ад калыскі немаўляці да гэтай халупы я досыць хадзіў па зямлі, і, павер, пераважна спатыкаўся.
3. (Расповед садоўніка)
Я нарадзіўся на Паўднёвай Украіне. Маленькі пасёлак паміж Пятроўкай і Адэсай, шматнацыянальны, жывы, сонечны, атулены стэпам і працяты ўсімі магчымымі вятрамі. Бахчы, сады, сланечнікі — бясконцае паўднёвае лета; гаманлівы рынак, яўрэйскія крамкі на плошчы — рахманае, няспешнае жыццё. Нас было трое братоў, маці і бацька. Я — малодшы. Гойсаў з хлапчукамі па вуліцах і гародах штодзённа, працаваў з-пад дубца. Да дзевяці гадоў. А затым... Затым зваліўся з дрэва. Зваліўся з дзесяціметровай вышыні. Зваліўся — і карцела ж мне туды! Зваліўся... І ўвесь мой далейшы шлях, а праўдзівей, кульганне па жыцці, хачу я таго ці не, можа быць разгледжаны ў люстэрку акурат гэтай падзеі.
Мыліцы, кіёк і ўсялякія нягоды заўжды суправаджалі мяне з таго помнага дня. Цяльпук, няўклюда, рахманы недарэка — акурат так вызначыў бы я сябе ў варунках далейшага лёсу. Жыццё прапаноўвала мне выпрабаванні адно за аднаго вытанчаней, штурхала, біла, давала выспятка, а я не супрацьстаяў яму ні воляй, ні злосцю, ні хітрасцю. Больш таго — я любіў яго, я ў яго верыў. Не ў агульначалавечую дабрыню і шчырасць, бо неўзабаве скеміў, што ў той сумятні і калатнечы, у дзяльбе багаццяў-уладаў няма для мяне нават найменшага, самага сціплага і крайняга месца. Я верыў у рудыя палеткі, бахчы і сланечнікі, цішу гаёў, духмянасць сунічных палянак. Верыў у працу рукамі — звычайнае штодзённае шчыраванне па гаспадарцы. Верыў у час. Але, у час, хай гэта цябе не здзіўляе. У таго вялікага настаўніка, лекара, удзячнага майго слухача. Ён, толькі ён прапаноўваў найлепшыя, самыя бяспечныя і ўдалыя для мяне, калекі, пралазы і накірункі, адводзіў ад найболей подлых здрадаў і бязлітасных боек, спраўджваў запаветныя мары.
А, зрэшты, мне і не трэба было нічога, апроч цішыні пад дахам роднай хаты, зычлівасці бацькі, сяброўства братоў, ціхай любові маці. І кніг. Я шанаваў кнігі, бо жыў, сапраўды жыў у гэтых светапабудовах, захапляючыся думкамі, высновамі аўтараў, спачуваючы іх героям. Менавіта яны, кнігі, дапамагалі мне адрозніваць існае ад шалупіння, па магчымасці ўнікаць агідных, жывёльных стасункаў рэчаіснасці, спакойна прымаць выпрабаванні лёсу. Перажыць і вайну, у якой я з-за калецтва не браў удзелу, і смерць на ёй родных братоў і бацькі, і здзекі фашысцкіх катаў ля роднага ганка. Пакорліва прыняць затым арышт ад савецкіх уладаў за працу на “трафейнай” тэрыторыі. Трываць пасля голад, уральскія маразы на лагерным лесапавале, дзённыя кухталі ад вартаўнікоў, начныя знявагі ад вынаходлівых у гэтай галіне злодзеяў, гвалтаўнікоў і забойцаў. Прымаць як належнае, без нараканняў, хаця за жыццё сваё не пакрыўдзіў, бадай, і казюлі.
“Усё будзе добра, — суцяшаў я сябе, — усё яшчэ будзе...” І верыў, далібог, шчыра верыў, што час разбярэцца, выправіць, злітуецца. Верыў, гарбеючы, стогнучы, енчачы ад болю і крыўды. Бо наперадзе, хлопча, было, заўжды было ў мяне добрае, светлае, чулае — мама, сунічныя паляны, жоўты, у пшанічных хвалях, стэп.
Як хораша, салодка прадчуваць недзе далёка-далёка, за стужкай далягляду, гэтыя цеплыню, спакой, клопат. Цешыць сябе імі... А калі няма нічога, калі ты кволы, безгалосы і бездапаможны? Калі наступны дзень, як і ўсе дні да скону, не абяцае табе ні святла, ні ўсмешкі? А ты спавіты ліпучай, цьмянай смугой — уласнымі думкамі. Чакаць смерці як збавення? А мо яна не сад у травеньскай квецені, а ўсяго толькі лёха, нежыццё, нерухомасць? Што калі час табе ўжо не сябра?
...Я трапіў пад амністыю за год да заканчэння “законнага” тэрміну. Маці да таго часу памерла. Хата стаяла пазабіваная дошкамі і напалову спарахнелая. Сваякі не надта ўзрадаваліся, але ўсё ж спярша дапамаглі. Пачаў працаваць: проста як спосаб і сэнс выжывання, як запаўненне добрых сонечных дзён, як радасць, як уцёкі ад адзіноты. Амаль у самотнасці за некалькі гадоў аднавіў гаспадарку, перабудаваў хату, нарасціў на сабе мяса і сала. Выпадак злучыў з добрай жанчынай. Нарадзіўся сынок. Я цэлыя ночы ўзіраўся і ўслухоўваўся ў варушэнні з калыскі немаўляці — не верыў у натуральнае сваё шчасце.
Я меркаваў тады, што нарэшце адшукаў спакой і прытулак сэрцу. Але да спакою — да цяперашняй маёй халупы, хлопец, мяне чакала яшчэ нешта горшае і за вайну, і за краты.
...Наша маленькая, наша мілая сям’я ўчадзела. Зранку было два нябожчыкі — жонка і сыночак. Мяне выратавалі кропельніцамі. Я абрынаў купы праклёнаў на лёс, на ўрачоў, на боскі свет і імкнуўся да цемрадзі, да змроку, да смерці. Што мне было тут рабіць? Куды я пайду і каму патрэбны? Цярпець гады, дзесяцігоддзі начныя жахі і не менш жудасныя дзённыя думкі, — дзеля таго мяне выхадзілі?! Чырвоная атрутная смуга запоўніла ўсю маю існасць; чырвоным, крывавым полымем згарэла бацькоўская хата, якую я падпаліў пасля вяртання з бальніцы. А з ёй, здавалася, згарае і мінулае. Я прысеў да стала перад акном, узіраючыся ў стэпавае сутонне, куды глядзеў з маленства, куды з надзеяй глядзеў і дзевяць гадоў няволі. Я хацеў згарэць зажыва. Але той жа пракляты інстынкт самазахавання выпіхнуў мяне вонкі ў апошні момант у рукі падаспелым людзям.
Трываласць, воля, вера, розум зламаліся, пасціраліся, сканалі. Яны засталіся ў пажарышчы, у руінах хаты, у турме — дзе заўгодна. Іх са мной не было. Па зямлі пайшло адно ўбогае зачэзлае цела. І месца для яго было ў доме вар’ятаў. Я змоўк. Замаўчаў на доўгія, гаротныя гады. Блукаў упоцемку па руінах сваёй душы. А як там было нудна, як самотна і вусцішна! Пакутлівыя думкі віравалі ў маім няшчасным мозгу, шкуматалі, пяклі, раз’ядалі яго нетрывалую тканіну. Крывавая імжа-фіранка загарнула ад мяне ўсё жывое. Ужо хай бы мяне лупцавалі бізуном усе гэтыя гады. Але мяне змясцілі ў палату да такіх жа небарак, дзе кожны самотны ў сваіх пакутах і не здатны дапамагчы таварышу. Таму, бачачы тваю ўтрапёную паныласць, браце, я бачу твой страх, а яшчэ і жах, аб якім ты нават не здагадваешся. Чалавеку не варта глядзець у сябе, калі там пустэча. Ідзі ў зграю. І, як бы яна цябе ні біла і ні прыніжала, змагайся, любі і ненавідзь. Але не маўчы — дзейнічай.
Бяздзейнасць — скон марудны і жудасны, глеба для пакутаў самых подлых і разнастайных. Гэта цяпер вар’ятам даюць пэндзлі, фарбы, алоўкі, паперу. Тады яны лічыліся дадатковымі раздражняльнікамі і ўзбуджальнікамі. Нябогам быў прапанаваны спакой. Але спакой дзеля чаго? Дзеля глядзення на столь і сцяну, якая была нібы знарок пафарбавана ў жоўты колер, у гэтае падабенства святла, у мёртвае сонца? Дзеля лямантавання, вар’явання ў пустату? Дзеля назаляння адзін аднаму душэўным бязладдзем? Гэтае гвалтоўнае запіхванне прыкрага бальнічнага харчу, лекаў, якія атручвалі і без таго амаль мёртвае цела... Пільнаванне, нагляд, сістэма пакаранняў... Прыгоннае жыццё! І яны лічылі гэта за рацыю, гуманнасць! Я дыхаў свежым паветрам дзве гадзіны ў дзень, а астатні час павінен быў выслухваць трызненне суседзяў па палаце. Сябе ж я вар’ятам не лічыў.
Адзіная пагроза насамрэч ссунуцца з глузду паходзіла ад несупыннай гутаркі з самім сабой, замыкання ў ссохлай цялеснай абалонцы, адсутнасці вонкавай інфармацыі, бяздзейнасці. У мяне з’явіўся страх і гідлівасць да ўсяго жывога. Яны маглі апаноўваць прыпадкамі, і тады я кідаўся на мулкі ложак, зашываўся пад коўдру з галавой і гадзінамі ляжаў нерухома, атручваючыся вуглекіслатой уласных лёгкіх. Нават сонечнае святло, якое коса пранікала ў палату, падчас наганяла на мяне жах і здавалася крывавай мешанінай. Пасля такіх прыступаў я па некалькі дзён жыў, нібы выціснутая анучка, і ніводнае нармальнае чалавечае жаданне не нараджалася ў маёй хворай існасці. Стравы здаваліся брыдкімі, медперсанал грубым, апека гвалтоўнай... У мяне, яшчэ не старога тады мужчыны, не ўзнікала прыроднага жадання альбо нават адчування пры поглядзе на прыгожанькую сястру ці санітарку. А яшчэ мучыла язва, заробленая ў лагерах. У кожную вясну і восень яна курчыла мяне ўначы, прымушала скусваць да крыві вусны і рваць прасціну зубамі. Маё прыроднае сялянскае здароўе пакрысе прыйшло ў заняпад. Засталася толькі зжаўцелая здань з бляклымі, звераватымі вачамі, пазападалымі ў чорныя плямы вачніц.
Праз чатыры гады душа мая, як ні дзіўна, узнялася на барацьбу. Я проста аднойчы скеміў увесь жах будучыні. Розум я канчаткова не згубіў, калі ўжо ўсведамляў сябе бедаком. Пры моцным сэрцы перспектыва для мяне была — марнаваць будучыя дзесяцігоддзі, слухаючы трызненне і ўдыхаючы смурод мачы і поту суседзяў. Гэта адзін расклад. Другі — абрынуць злосць, якой, дарэчы, набыў удосталь, на людзей: рэзаць, гвалтаваць, забіваць. Трэці — забіваць і калечыць сябе. Ні адзін мяне не задавальняў. Таму што ўсё ж недзе ў нетрах сваіх люляў, таіў мізэрнае спадзяванне на справядлівасць.
Неяк на прагулцы я звярнуў увагу на купку вераб’ёў, што весела і бестурботна важдаліся ля прыхопленай кастрычніцкім прымаразкам лужыны. Як бы сябе пачуваў адзін маленькі верабейка, калі б бязлітасная рука схапіла яго і кінула ў нашу задушную пахавальню-палату? І чаму бярозы ўнутры бальнічнай агароджы стаяць ужо амаль голыя, калі іхнія сястрыцы на волі яшчэ ў жоўта-ружовых адзежах? Выхад як напрамак дзеяння пэўна высветліўся для мяне ў той восеньскі золак. Затым я ўявіў не верабейку, а чалавека, жыхара вялікага горада — Адэсы, агні якой надвячоркам пачыналі весела пераміргвацца на даляглядзе... Чалавека, што шыбуе кожную раніцу на работу, штохвілінна чуе чалавечую гаману, абедае ў сям’і... Чалавека, які хвалюецца, лаецца, смяецца. Што калі пазбавіць яго звыклага асяроддзя і змясціць у лес, у стэп, за краты, у бальніцу?.. Маімі лекамі павінны стаць прастора і барацьба за існаванне! На волі я буду адчуваць голад і імкнуцца яго наталіць, ад холаду шукаць адзенне і дах. Як пашкадаваў я тады, што надыходзіла зіма!
Што неабходна мне для ўцёкаў? Простая чалавечая вопратка, невялікі запас харчу і час дакульгаць да Адэсы або яе абагнуць. Выкараскацца адсюль не дужа складана. Праблема ў тым, што ісці, звычайна, няма куды і няма да каго. Няхай так! Я палічыў за лепшае жабраваць альбо сканаць з голаду на чыстым паветры, чым марудна паміраць у жоўтым доме, дзе ежа і ложак мне абрыдлі.
Узімку рыхтаваўся да ўцёку. Я мусіў вырашыць некалькі пытанняў, асноўнае з якіх — акрыяць фізічна. Ці мог я ў такім стане сысці далёка і, наогул, выжыць? Неабходна было здабыць вопратку і назапасіцца харчам на першы час.
Я праявіў жвавасць і рупнасць пры ўборцы бальнічнага падворка. Падмятаў дарожкі, адскрабаў ад снегу і наледзі, пасыпаў іх жвірам не толькі, калі гэта прапаноўвалася выканаць, але і па ўласнай ініцыятыве. Гэта давала магчымасць знаходзіцца на свежым паветры, разважаць, планаваць і ачуньваць адначасова. Урачы і медперсанал спачатку былі надзвычай здзіўлены бескарыслівымі намаганнямі хворага, а яшчэ і не задаволены парушэннем бальнічнага ўкладу. У мяне нават адбіралі шуфлі і забаранялі выходзіць на двор без дазволу. Але ў рэшце рэшт махнулі на фанатычную ўпартасць прыдурка — маўляў, хай пацяшаецца, калі такі апантаны.
А працаваў я даволі порстка, не зважаючы на сваю кволасць, на слоту, завірухі і маразы, на пацвельванні вар’ятаў і кпіны цывільных. Балела горла, дранцвелі пальцы, ныла ў хворых суставах. Але паветра, ядранае марознае паветра, снег, які шчодра церушыў у тую зіму, супакойвалі, прасвятлялі думкі, а цела насычвалі даўно забытай лёгкасцю і моцай.
За дзень я ўпраўляўся з усёй бальнічнай тэрыторыяй. Калі снег не абнаўляў зямлю, то браў у рукі жалязняк ці лом і драбніў лёд на дарожках, збіваў ледзяшы з карнізаў і парэнчаў. Ніколі я не працаваў так ахвотна. Я змагаўся за будучую свабоду. Кожная хвіліна на паветры, кожны ўзмах шуфлем набліжаў мяне да яе і аддаляў ад вар’яцтва. У палаце я толькі бавіў ночы. Калі не працаваў, то проста крочыў па сцяжынах сярод хмызоў і маленькіх елачак. Я прасіў здароўя ў шэрага неба і нізкіх хмар, у сціплага зімовага сонца, у зорак, у ветру і снегу. І яны чулі мяне, клянуся, хлопец, чулі! Я ніколі не стаяў пад харугвамі аніводнага веравызнання, але ўжо каму варта маліцца, то, напэўна, адзінаму богу — Прыродзе. Яна на ўсё здольная. Трэба толькі папрасіць — з чыстым сэрцам і светлымі намерамі.
Язва, відавочна, загаілася і болей не турбавала. Не нагадвала яна пра сябе і ўвесну, не дапякала і пасля. Я знарок выпрабоўваў трываласць свайго страўніка, разумеючы, што неўзабаве давядзецца галадаць, харчавацца не ў час ці есці абы што. Апетыт быў драпежніцкі. Я збіраў у сталовай счарсцвелы чорны хлеб, адмаўляўся ад ежы, а на падворку з’ядаў толькі яго. Спачатку жаваў з асцярогай, а затым хапаў кавалкамі. Усё праходзіла, нібы ў паравозную печ.
Я ўжо амаль не пакутаваў ад адзіноты, бо бачыў з яе выйсце. Бачыў у далёкіх агеньчыках вячэрняй Адэсы, бачыў у стужках дарог, што межавалі снежны абшар, у моры, аб якім па-блазенску марыў. Я аналізаваў свае дзеянні, ставіў пэўную задачу на дзень і няўхільна яе выконваў. Аднойчы я прапанаваў дапамогу качагару ў луджэнні праржавелых катлоў і быў яму карысным. Мы разгаварыліся. Стары паскардзіўся на п’янюгу-напарніка, на непрагляднасць дзяжурстваў. Я ўзяўся выконваць частку абавязкаў, запэўніваючы, што мне даспадобы такая праца, што маю пэўны вопыт. Качагар упрасіў галоўурача бальніцы даручыць мне дзённыя дзяжурствы. Гэта была небывалая ўдача. Зносіны з нармальнымі людзьмі, падчас чытанне прынесеных імі газет, цяпло і дах, куды я мог бесперашкодна завітаць у любы час без нагляду санітараў і косых позіркаў хворых — амаль свабода. З дошак я змайстраваў скрыню-куфэрак, куды пачаў назапашваць сухары і шакаладныя цукеркі, якія выменьваў пакрысе ў хворых. Прызнаюся, украў з ардынатарскай цывільную вопратку і схаваў яе ў качагарцы. Але ж я здымаў не апошнія порткі, праўда? І рабіў гэта дзеля свабоды, насуперак пакутам.
Паводле просьбаў зменшчыкаў мне часцяком даводзілася дзяжурыць і ўночы. Я заўсёды ахвотна згаджаўся на гэта. А неяк вечарам, на пачатку красавіка, урачыста спаліў у топцы сваю бальнічную адзежу, пералез цераз агароджу і, абапіраючыся на кіёк, пакульгаў насустрач лёсу. І ён, гэты даўжэзны ланцуг выпадковых нечаканасцяў, надзвычай жорсткі раней, злітаваўся з небаракі. Ва ўсякім выпадку, хтосьці рагаты не ладзіў больш пастак, не рыў ваўчыных ямаў. Мяне, як бачыш, не злавілі.
Я пакрочыў у бок Дняпроўскага лімана, абмінаючы Адэсу. Выгадаў дзень законнага дзяжурства ў кацельні. Праз тыдзень быў у Нікалаеве. Спачатку ішоў па начах, а ўдзень хаваўся, дзе давядзецца — у леташніх стагах, у дзюнах, у калгасных адрынах. Праз колькі дзён праставаў ужо не тоячыся — па ўзбярэжжы. Бадзяг і жабракоў у тых мясцінах тады была процьма. Ад голаду не дала памерці шчодрая паўднёвая зямля, добрыя людзі і рукі. Так, я прасіў хлеб, і не саромеюся гэтага. Бо я ж прасіў жыцця. Я прасіў работу, і мне яе давалі: на палях, вінаградніках, у хлявах і павецях, самую чорную, самую ўлюбёную маю работу. А ведаеш, як пахне хлеб, паліты потам і марскімі пырскамі? А якая смачная вада са студні ў ліпкі поўдзень? А якое светлае і велічэзнае мора, гэтая жывая душа?! Я ступіў на жоўты бераг у пяцьдзесят гадоў, амаль усё жыццё пражыўшы ад яго ў дваццаці кіламетрах.
Падпрацоўваючы, сяк-так харчуючыся, я патроху набліжаўся да Крыма. Ён быў як вырай, як ветразь за грудамі хваляў, як паратунак ад смутку і памяці апошняга майго зняволення. У пачатку ліпеня прыйшоў у Джанкой, да жніўня быў у Феадосіі. У хуткім часе знайшоў і работу, і цяперашні мой прытулак. У свеце ёсць цудоўныя людзі, і сустракаюцца яны часцей, як мы іншы раз мяркуем. Я тут ужо дзевяць гадоў, дружа. Мне няма і шасцідзесяці.
І яшчэ што хачу дадаць — я адшукаў шчасце... Верыш, цяпер адчуваю яго больш, чым калісьці раней. Яна дужа дорага дасталася, мая хацінка. А свабода... што значыць свабода? Свабодным я стаў яшчэ ў “жоўтым доме”, усвядоміўшы, што здатны кіраваць сабой. Свабода — у галаве. А вонкавае можа толькі перашкаджаць ці спрыяць руху наперад. Я люблю вас усіх, люблю мора ва ўсялякі час, ліпеньскую спёку і рэдкія снягі, люблю суладдзе ў садзе і ва ўсім, да чаго дакранаюся. Радасна вам, весела — радуюся і я, назіраючы вашы постаці ўнізе, вашы здаровыя целы, атуленыя бліскаўкамі і белымі пасмамі хваляў. Радуюся нячастым гасцям...
4
Я слухаў суха і моўчкі. А толькі змрочная сетка, што аблытала мяне з галавы да пятак, распускалася пакрысе, шарэла, адцянялася расповедам садоўніка, як паперка, знарок пакладзеная на чорную тканіну, і нарэшце зрабілася амаль светлай, хіба крышачку запыленай.
Не гадзіну, не дзве сядзеў я потым у важкай цішы персікавага саду. Ноч шчодра палівала зоркамі. Паўднёвая ноч — гусцейшая, чарнейшая, чым на маёй радзіме. Дзіўная палёгка, нязвыклая крылатасць думак нібы выносілі мяне па-за межы садка, нават па-за межы ўласнага цела. Назіраў сябе быццам здаля, паўз водары, лагодныя павевы крымскай ночы, ледзь чутны пляск хваляў. І ў гэтай ціхмянай, амаль бязгучнай сусветнай велічы мізэрным, бязглуздым і вартым жалю ўявіўся мне раптам уласны жыццёвы шлях, падаўся проста прусачынай валтузнёй — пачварнай і сквапнай. Гэтая гонка за грашыма, гэтая славалюбская фанабэрыя маіх учынкаў, меркаванняў, літаратурных твораў. Цвёрдыя і рашучыя крокі мае па жыцці ва ўмовах спрыяльных і лагодных, ухвала яму, апяванне яго... І бездапаможная злосць, агіда да ўсяго свету пры сутыкненні з найменшымі ягонымі хібамі... Марная спроба ўцёкаў ад сябе, ад бацькоў і радзімы... Быццам сцябаў мяне хто, лупцаваў, тузаў...
А неба ўсё такое ж — ласкавае, бяздоннае. І вайны няма, і голаду, і хваробаў у мяне невылечных... І хацелася гукнуць туды, у сваё мінулае: “Выпрастайся, хлопча, азірні наваколле. Усміхніся, балесны, аблокам і пашам, гмахам, нарэшце, галубам на асфальце...”
Не іх, не жыццё існае любіў я, калі складаў мудрагелістыя аповеды і вынаходзіў адмысловыя, хвацкія рыфмы і рытмы для вершаў. Не жыццё, а сябе ў ім! Як ігрок прагавіты і апантаны. І амаль прайграў.
Але тут, у хацінцы гэтай, зазірнуўшы за край стромы, дзе тоіцца, нязводна падпільноўвае нас сапраўдная бездань-пашча выпрабаванняў, я маю свабоду крочыць назад... Які ж я свабодны!
Баця
Дзіўна, самымі тлумнымі снамі, што прыходзяць да мяне поначы да апошняга часу, з’яўляюцца сны вайскоўскія. Здавалася б — чаму? Колькі гадоў прамінула! Колькі падзей больш значных, яскравых, якія іншым разам і сасніць бы не грэх… Колькі брыдоты і болю “назбіраў” я ўжо пасля арміі… І гэта не сню.
Дні службы цяпер амаль не згадваюцца ўдзень і, можна сказаць, аніяк не ўплываюць на мае жыццёвыя паводзіны… А толькі ці не праз ноч выцягвае неспазнаная сутнасць мая з неймаверных таямніц постаці і ўчынкі адно за аднаго пачварней, водзіць па даўно пераадоленых пуцявінах. Тады прачынаешся яшчэ давідна ў ліпкім поце, не забыўшыся падзякаваць Богу за незваротныя законы рэчаіснасці. А потым ляжыш млосны, з гадзіну зацята адбіваешся ад назойлівых успамінаў… Пакуль не зацягне зноў у сваё ненаеднае чэрава мясарубка штодзёншчыны.
У такія праклятыя хвіліны завітвае да мяне часцяком і Баця — бывалы салдат. Прыгадваецца ягоны “дэмбель”.
...Той чэрвень распачаўся на рэдкасць пагодліва. Ён проста ахінуў сваім хараством, патапіў у зеляніне вайсковы гарнізон, што стаяў у адным з заходніх райцэнтраў тадышняй савецкай прасторы. На палкавых тэрыторыях буялі травы, пляц і асфальтаваныя дарожкі плавіліся пад пякучымі промнямі. Яшчэ да сярэдзіны мая скончыліся вайсковыя праверкі і справаздачы. Пацягнуліся дамоў “дэмбелі”. Салдаты маладзейшых прызываў праводзілі іх з паважлівым захапленнем і мужна стоенымі ў вачах зайздрасцю і смуткам. Здзіўлялі ачалавечаныя і прасветленыя твары дэмабілізаваных, паблажлівасць і нязвычная абыякавасць малодшых афіцэраў да бязладдзя, якое панавала ў тыя дні на тэрыторыі палкоў. То быў час аддухі, калі ў кожнага, ад палкоўніка да апошняга салдата-свінара, прачынаецца нешта чулае, спагадлівае, высакароднае…
Я тады адолеў першы год службы з усімі яе нягодамі і меў настрой даволі някепскі. Тым болей што апошнія два месяцы працаваў на вузле сувязі тэлеграфістам і ў казарме мог амаль не паказвацца. Тэлеграф знаходзіўся ў будынку гарнізоннага штаба, пад дахам якога туліліся агулам штабы некалькіх палкоў. У адным з гэтых міні-штабоў пісарам і нязменным дзяжурным працаваў мой зямляк-аднагодак. Мы моцна здружыліся і часта вечарамі наведваліся адзін да аднаго — проста паразмаўляць, адчуць роднасную душу, за ўспамінамі пра радзіму забыцца на тое жахлівае падабенства чалавечых адносінаў, якое пераважала тады, не сакрэт, амаль у кожнай вайсковай часці.
Мой сябар з-за асаблівасцяў службы таксама рэдка завітваў у сваю казарму. Ён абсталяваў у штабе, на лесвічным пралёце занядбанага чорнага ходу, даволі ўтульную каморку, дзе дняваў і начаваў, калі не дапякала пільная праца. Былі там і магнітола, і прылады для чаявання. Вечарамі мы праслухвалі касеты, абмяркоўвалі пачутыя па радыё апошнія звесткі з абсягаў краіны, распавядалі пра сваё колішняе цывільнае жыццё, марылі і па-свойму верылі ў будучыню… А ўначы, бывала, і адпраўляліся за тэрыторыю гарнізона ў пошуках маладых прыгод… Словам, служылася няблага, каб не маркота, каб не туга па доме, што апаноўвалі неадчэпна салдацкія душы пры поглядах на малайцаватых “дэмбеляў”, якія штодзень рушылі паўз вокны штаба.
Пасля абеду мы зазвычай з паўгадзіны ляжалі ў высокіх травах наводдаль штабнога будынка. Займаліся страваваннем, а заадно пільнавалі афіцэраў з КПП, заўважыўшы якіх, трэба было шыбаваць у душныя памяшканні і цямніць — нібыта нешта робіш.
Ужо каторы дзень я прыкмячаў, як па асфальтаванай дарожцы наўсцяж аляпаватых камяніц казармаў цераз усю гарнізонную тэрыторыю клыпае да сталовай дзіўная постаць. Акурат клыпае, а не ідзе. То быў не салдат, а як бы з яго карыкатура: без пілоткі, згорблены, рукі вісяць вяроўкамі, затравелы твар унураны ў дол, замест ботаў — тэпці на босую нагу. Ён, нібы адшчапенец, выпаўзаў з казармы толькі пасля таго, як усе палкі больш-менш роўным строем разыходзіліся са сталовай. І тады ён, гэты архаізм, недарэка, цёгся па напаленым спёкай асфальце. Не вітаўся з салдатамі, не наструньваўся перад рэдкімі стрэчнымі афіцэрамі, і — дзіўна — яны і заўваг яму не спрабавалі рабіць. Прыводжу гэтулькі падрабязнасцяў таму, што тая панурая, кантрастная са святочным летнім наваколлем асобіна моцна прыцягвала тады маю ўвагу. Пачынаючы свой Сізіфаў шлях непадалёк ад нашага пасляабедзеннага “лежбішча”, бедачына на канцы кіламетровай дарогі нібыта раставаў у чэрвеньскім марыве.
Толькі пасля шматдзённага цікавання за памянёнай постаццю мяне раптам асяніла, што гэты так званы салдат выходзіць з казармы палка, у якім служыць мой сябар. Я запытаўся:
— Не ведаеш, што гэта за дзіва ў пер’і?
— То ж Баця — гарапашны наш “дэмбель”, — прыўзняўшы галаву над дзьмухаўцамі, адказаў друг.
— Баця… чакай, чакай… Баця! — апечаны неспадзяванай здагадкай, я ўскочыў на ногі і пашыбаваў напярэймы невясёлай істоце, што якраз пачынала свой заўсёдны шпацыр.
Я запыніўся на бардзюры, доўга і даволі непрыстойна ўзіраўся ў аблічча салдата. Але той аніяк на мяне не зважаў, адно ўсміхаўся нечаму свайму і па-вар’яцку варушыў губамі. Шкляныя вочы, апушчаныя ў асфальт, уражвалі пустэчай. Салдат быў, відаць, п’яны.
Баця, зухаваты Баця. Баця — “дзед”, Баця — граза ўсяго гарнізона… Канешне, гэта быў ён. Праўдзівей, ягоны прывід…
Трэба зазначыць, што нашы вайсковыя часці былі “згорнутымі” і ўсе разам налічвалі не болей як трыста салдат і ўдвая менш афіцэраў і прапаршчыкаў. Зразумела, што такая адметная асоба, якой з’яўляўся Баця да свайго “грэхападзення”, унутры гарнізоннай агароджы проста не магла мільгаць незаўважанай. Карацей, убачыць яго ў такім выглядзе я ніяк не чакаў, і таму ў наступныя дні мы часта ўзгадвалі гэтага “дэмбеля” за прыяцельскімі размовамі. Сябар мой успамінаў выпадкі з ранейшага казарменнага жыцця, я прыгадваў нешта з мелькам калісьці пабачанага і пачутага. Тым больш што Бацева недарэчная постаць, якая затым увесь чэрвень мазоліла нам вочы, прымаючы выгляд усё больш неахайны і трагікамічны, давала пажытак для роздумаў.
І склалася прыкладна наступная карціна.
Салдат з даволі ёмістай мянушкай Баця той вясною заканчваў сваю тэрміновую службу. А родам ён быў, казалі, аднекуль з прыдонскіх стэпаў, гэтакі хвацкі казак — акурат шолахаўскі Грышка Мелехаў. Цёмнавалосы, смуглявы, высокі і шыракаплечы. Крыху сухарлявы — адны жылы. Рухі размашыстыя і ўпэўненыя… А ў дадатак да ўсяго — вусы, кучаравая чупрына, што пілоткай не прыхаваеш, і надзіва моцны і пявучы голас. Выглядаў ён гадоў на пяць старэй за большасць салдат. Мо так і было напраўду, але хутчэй — проста з’яўляўся бездакорным узорам Маці-прыроды, у сэнсе жывёльнай дужасці і спрыту.
Нехлямяжая салдацкая форма на ім сядзела ладна, нейк зухавата-фанабэрыста блішчалі боты і спражка рэменя, а пілотка неймаверным чынам трымалася на патыліцы. Баця быў не з тых, хто згаджаўся марна губляць дарагія дні маладога жыцця, кідаць яго пад ногі армейскай бязглуздай муштры і тузаніне. З яго так і перла энергія. Што б ні рабіў — у страі, у парку баявой тэхнікі, у казарме, на спортпляцоўцы, падчас самаволак і законных звальненняў у горад — рабіў зацята, з яўным жаданнем першынстваваць.
Характару быў неўтаймоўнага. Напрыклад, славіўся на ўвесь гарнізон тым, што ніколі не аддаваў воінскай чэсці малодшым афіцэрам, акрамя “афганцаў”. І прымусіць яго гэта выконваць было немагчыма. Лейтэнанты палка былі з Бацем амаль запанібрата, афіцэры ж суседніх, каб прылюдна не абняславіцца, лічылі за лепшае да яго не чапляцца.
Можа, дзякуючы Бацю ды яшчэ некаторым такім жа славянам-асілкам, не было ў іхнім палку ўсім вядомага тады засілля каўказцаў, іх паскуднага “зямляцтва”. Маладыя салдаты працавалі ўсе, незалежна ад нацыі. І гэта было справядліва.
Наогул, пачуццё справядлівасці было нейк арганічна ўласціва гэтай моцнай натуры. Ён проста не мог прайсці міма, убачыўшы знявагу, гвалт ці няпраўду. У сталовай Баця харчаваўся звычайна ў кампаніі стараслужачых: з пакепліваннямі, з гучнымі жартамі. Каля іх століка ніхто з маладых не выдыгаў, не прыслужваў. Больш таго, заўважыўшы якісьці пачварны здзек з першагодка ў іншых палках, альбо, крый Божа, “дзядоў” суседніх палкоў са свайго салагі, Баця ўступаўся адразу і на расправу быў жорсткі. Хаця звычайна дастаткова было яго грамавога вокрыку і вырачаных у шаленстве бялкоў на смуглым твары, каб суняць якога заўзятага мучыцеля. Бо Баці баяліся ўсе. Нават чачэнскія групоўкі салдат з танкавага, самага буйнога палка, паважалі Бацю і пазбягалі з ім спрэчак. Я ўвачавідкі пабачыў аднойчы, як ён абламаў бравага лейтэнанта, які, раззлаваўшыся на сумятню ў чарзе пры раздачы абеду, пачаў за валасы цераз нізкую загарадку выцягваць адтуль маладых салдат. Баця разлютавана падскочыў, і афіцэр спасаваў. Саступіў ганебна. То быў “пінжак”, лейтэнант тэрміновай службы, пасля інстытута. Салдаты іх асабліва ненавідзелі.
Баці хапала на ўсё. Ён заляцаўся да маладых кухарак і тэлефаністак і, па чутках, даволі паспяхова. Наладжваў гульні ў мяч на стадыёне, быў аматарам пакурыць ды пабалакаць. У вольны ад афіцэрскага нагляду час, заправіўшыся з прыяцелямі мутнай, дастаўленай з прыватнага сектара самагонкай, меў ахвоту спяваць і рабіў гэта досыць удала. Яго зычнаму, мілагучнаму голасу не патрэбны быў акампанемент.
Дык вось, аднойчы, падчас зімовых палявых лагераў, калі іхні полк стаяў у палатках на ўскраіне горада, падсілкаваўся гэтаксама Баця і напракудзіў. Прыцемкам, пасля эннай пляшкі “гаручага”, амаль непрытомны, асядлаў ён БТР і пачаў гойсаць спярша па ваколіцах, а затым і па вулках прыгараднай вёскі. Струшчыў некалькі платоў, зруйнаваў зруб калодзежа. Балазе нікога не раздушыў — усе месцічы, найхутчэй, былі ў хатах. Зрэшты, хіба хата для такой махіны — перашкода?
Скандал пагражаў усчацца на ўсю дывізію. Камандзір палка, суровы і цёрты маладжавы дзядзька, папраўдзе, і сам употай не грэбаваў шматстайнымі армейскімі пацехамі. Цяжкі грук ягоных ботаў і дробны цокат жаночых абцасікаў, дарэчы, нярэдка былі чутны поначы ў цёмным калідоры штаба. А па суботах мой сябар, бывала, валок на сабе прыцемкамі да афіцэрскага гарадка ачумелых ад бясплатнага спірту штабных служак. Але — парушаць мірны сон цывільных!..
Баця быў пакараны. Не ўшчуваннямі, не гаўптвахтай — познім “дэмбелем”. Камандзір, як чэсны чалавек, адразу ж паабяцаў яму гэта — сам-насам. Пасля паўгода аб тым і не ўспамінаў, не азмрочваў Бацеву службу дробнымі прыдзіркамі ды знявагамі. Але прысуд спраўдзіў… Апошні “дэмбель” у тым палку звольніўся да канца мая. Баця застаўся адзін, нікому не патрэбны, нібы месца пустое. Яго проста пакінулі гібець яшчэ на паўтара месяца.
Трываў гэтую злыбеду Баця ціхмяна: без абурэнняў і праклёнаў. Але... Неўзабаве ён перастаў хадзіць на пастраенні, галіцца і цэлымі днямі валяўся на тапчане ў пыльнай рэчавай каморцы. Ляжаў у глыбокай тузе, упершы хмурны пагляд у столь. Баця неяк патух і змрочна жыў нязвыклым для яго ўнутраным жыццём. Вечарамі моцна напіваўся, прачынаўся ледзь не ўдзень у яшчэ большай паныласці. Як гад з нары, крадком выпаўзаў адзін раз у суткі з казармы і цёгся ў сталовую. І так штодзень…
Бацева форма ад пастаяннага качання і спання ў ёй зацухмолілася і нагадвала адзежу валацугі. Яму не давалі ніякіх даручэнняў, не прыцягвалі на дзяжурствы, работы, не рабілі прачуханцаў за неахайны, не варты савецкага салдата выгляд.
Так увесь чэрвень марнеў і нэндзіўся гэты бравы колісь салдат у атачэнні думак сваіх, мабыць — успамінаў аб прыдонскіх абшарах, аб родным сяле ў святлаценях пагодлівага дня, аб пакінутай там маладой казачцы...
Знік Баця непрыкметна, калі на тэрміновай службе яго, па законе, ужо няможна было трымаць: без напышлівых праводзінаў, без бляску значкоў і кукардаў; недзе палкавымі задворкамі, цераз агароджу, як злодзей.
У тыя дні згадкі пра Бацю набылі ў нас характар показкі, з’яўляліся прычынай незласлівых жартаў і анекдотаў. Было няўцям, як можа пакутаваць чалавек, якога не прымушаюць працаваць ды ўдзельнічаць ва ўсеагульнай важданіне… Зрэшты, хутка мы на яго і забыліся.
Праз год атрымалася так, што ўсе мае найбліжэйшыя таварышы звольніліся ў запас яшчэ ў траўні. Пайшоў дамоў і друг-пісар. Я ўжо тады не працаваў на вузле сувязі і тужыўся ў скрушнай вупражы армейскай штодзёншчыны. Па іроніі лёсу я адпрацоўваў свой “дэмбельскі акорд” на аддзелачных работах у будыніне паблізу штаба. Дзіўным сном усплывалі падзеі гадавой даўнасці. Аднойчы злавіў сябе на тым, што хаджу на абед акурат Бацевым маршрутам: адзінокі, задуменны, маркотны. Праўда, надвор’е ў той чэрвень стаяла кепскае — аблажныя дажджы; я быў заняты справамі і, напэўна, таму не апусціўся; і наогул, большасць “дэмбеляў” нашага палка той вясною звальнялася запозна — ніяк не прыходзіла змена… Але я крыху адчуваў сябе Бацем, прынамсі, добра тады яго разумеў. Пасля, да апошняга дня службы, каб не наганяць тужлівых успамінаў, па дарозе ў сталовую я нязменна збочваў з асфальтаванай дарожкі і крочыў па сцяжынах паркавай зоны.
І ўсё ж я іду па ёй, клыпаю ў хваравітых, ліпучых снах пад агністым свяцілам паўз грувасткія старыя казармы. Гарачынёй патыхае асфальт, порсткі ветрык казыча мне грудзі, паабапал — сакавіты травяны дыван у дзьмухаўцовых крапінках, а наперадзе, у блакітным мроіве лета, вярзецца нязграбная светла-рудая постаць. То Баця — гарапашны наш “дэмбель”.
Мёртвае дрэва
1
Падзеі, які я збіраюся апісваць, адбыліся даўно. Нейкія падрабязнасці пасціраліся з часам. Але менавіта час, гэты суддзя строгі і няўмольны, гэты фільтр і люстэрка нашага існавання, дазволіў пераасэнсаваць дзеянні герояў гэтага аповеду, адным з удзельнікаў якога, дарэчы, з’яўляюся я сам. Бяруся за пяро толькі таму, што не магу болей трымаць унутры сябе груз мулкай, неадчэпнай тугі. Не маючы ўпэўненасці, што нехта, апрача самых блізкіх мне людзей, прачытае гэтыя нататкі (якія інакш і назваць немагчыма), жадаю толькі аднаго: прывесці цяжар думак у больш-менш зграбную форму, магчыма, разабрацца ў сабе самім. Спадзяюся, гэта палегчыць мой стан. Адразу папярэджу, што нататкі гэтыя не будуць мець прывычнай пабудовы літаратурнага твора — са сваёй фабулай, завязкай, развязкай, абавязковымі любоўнымі пакутамі і іншым. Распачынаючы іх, я нават не ведаю, чаго збіраюся дамагчыся. Тым болей што не маю дастатковага вопыту. Моцнае толькі жаданне — жаданне падзяліцца пачуццямі, якія апаноўваюць мяне не першы год, на якія паклалі адбітак падзеі нашай маладосці — бясцэннага і незваротнага скарбу жыцця.
Нас было трое — тры здаровыя, дужыя хлопцы. Была гумавая лодка, палатка, гітара. Была ціхая рэчка, якая заблыталася ў палескай багне, гушчарах і тарфяніках. Быў ліпень са сваімі залевамі, дзівосным водарам траў, паўдзённай спёкай, густымі і цёплымі начамі. Было жыццё. Мы выдраліся з цісканіны і гарачыні велічэзнага бетоннага горада, а таму асабліва ярка і радасна адчувалі навакольнае хараство. Так ужо надарылася: і водпускі ў адзін час, і агульныя інтарэсы, бесклапотнасць... Мы былі шчаслівыя. Ідэя вандроўкі паходзіла ад Ігара. Я быў гультаяваты, цяжкі на пад’ём, тым больш што нядаўна ажаніўся. А Пашка наогул — гарадскі, кватэрны, нетаропкі чалавек. Яму б утульнасць ды піва з добрай музыкай... Але гэта так, да слова.
Якімі цудоўнымі, яскравымі і нават неабходнымі падаюцца сучаснаму, абцяжаранаму цывілізацыяй чалавеку жыццёвыя кантрасты, узрушэнні, уражанні, што з цягам часу дазваляюць у поўнай меры ацаніць прыгажосць жыцця! Вецер вандраванняў нібыта выдзьмухвае з нас усё бязглуздае і непатрэбнае, прымушае, жадаем мы таго ці не, жыць у згодзе з прыродай, а, такім чынам, з сабой і тым, што нас атачае. Бо мы ж і ёсць — прырода. О, паверце, я гэта адчуў у той ліпень напоўніцу: да болю, да мукі, да надрыву душэўнага. А быў дагэтуль зусім не рамантыкам. Пуцявіны майго жыцця пралягалі па маршруце дом—работа—дом, галава была затлумлена дакладнымі ведамі і ўсялякай лухтой.
У тым паходзе мы жылі проста па гадзінах прыроднага рытму. Мы не рабілі якіх-небудзь фізічных практыкаванняў, харчаваліся абы як, спалі мала, але адчувалі невыказную лёгкасць, моц, радасць, эмацыянальны ўздым. Нас лячылі паветра, лес, рака, іхняя магутная энергетыка, праўдзівей — не лячылі (мы былі здаровыя), а прыводзілі да нармальнага, прыроднага стану. Я добра памятаю тыя чароўныя хвіліны, калі пасля шматгадзіннага веславання прыляжаш на прагрэтую сонцам мураву і нібы адчуваеш, як па лапатках, пазваночніку, рэбрах голай тваёй спіны бяжыць, напаўняе і супакойвае добрая і вячыстая сіла... Тады не хочацца ні варушыцца, ні размаўляць, а толькі — раскінуўшы рукі, ляжаць і глядзець на гэтую бездань сінечы, на лёгкія і пухкія воблачкі, сачыць за палётам птушак, слухаць стракатанне конікаў, удыхаць дзівосныя і кожны раз новыя пахі лета.
І зноў рака, пляск вёслаў, кіламетры рудой вады, якая то весела бяжыць па мялізнах і перакатах, то замірае ў ямах нерухомым, задумлівым люстрам. Зрэдку глядзяць на яе з узгоркаў змучаныя спёкай вёсачкі. Аднойчы каровы, што дурэлі і таўкліся амаль па ўсёй шырыні ракі, перагарадзілі нам шлях. Мы чамусьці не збочылі, а плылі напрасткі скрозь статак. Я глядзеў на добрыя пысы бурых і ўсё ж непакоіўся, што нязграбны рух якой з іх праб’е наш ненадзейны гумавы борт.
Аб набліжэнні да вёскі звычайна сігналізавалі пакінутыя ўздоўж берагоў рыбацкія прылады (жарліцы, донкі), альбо сеткі — на ўсю шырыню ракі. Мы заўсёды змагаліся з міжвольным жаданнем праверыць безгаспадарную снасць, тым болей што поспехі нашы ў рыбнай лоўлі былі сціплыя, а рыба тут, безумоўна, вадзілася, і нават буйная. Аднойчы з-за рачной лукавіны, як з мінулага стагоддзя, насустрач нам вынырнуў рыбацкі човен з дзедам-палешуком на карме. Мы счапіліся вёсламі і доўга гутарылі. Ігар, заўзяты рыбак, распытваў яго — што ды як, спрабаваў уведаць запаветныя сакрэты. Рыбак гаварыў смешна і напаўзразумела, на мясцовай гаворцы, бесперастанку дыміў пакамечанай папяросай ды чамусьці сплёўваў не ў ваду, а на днішча ўласнага чоўна. Часам здавалася, быццам ён пацяшаецца з нас. Атрымлівалася, што мы рабілі ўсё не тое, ды не так, і наогул нічога ў рыбалцы не цямім (што, зрэшты, было праўдай). Сам стары ніякіх пэўных парад не даваў, а толькі, калі ўжо мы пачалі губляць цярпенне, дастаў з-пад сядзення вядро, амаль поўнае рыбы, і вывернуў нам на днішча добрую палову. Затым хутка развітаўся і жвава адплыў, зухавата накіроўваючы паваротлівы човен адным вяслом.
Я не раз заўважаў, з якой ахвотай Ігар гутарыў з простымі людзьмі: рыбакамі, паляўнічымі, лодачнікамі, касцамі, палясоўшчыкамі, пастухамі... Ён амаль адразу знаходзіў з суразмоўнікамі агульны інтарэс, зацікаўліваўся шчыра, гаманіў няшмат — у асноўным слухаў, зрэдку пытаўся аб нечым, здавалася б, нязначным, пра сябе звычайна не расказваў анічога. Ёсць людзі, якім неабходна выгаварыцца. Яны распавядаюць пра мінулае сваё, пра радню і сваякоў падчас непатрэбныя нікому падрабязнасці. А пры гэтым як быццам насычаюцца энергіяй, якая неабходна ім для падтрымання жыццёвай сілы. Робяць гэта, канешне ж, несвядома. Ігар быў маўчун, замкнёны ў сабе чалавек, але валодаў супрацьлеглым і, як мне здаецца, вельмі каштоўным дарам — здольнасцю слухаць, што вабіла да яго сэрцы. Ён ахвотна гутарыў з тымі, у каго розум, мова і дзеянні не супярэчаць адно аднаму, — натурамі цэласнымі і шчырымі. Мусіць, як чалавек складаны Ігар ачышчаўся духоўна ў зносінах з людзьмі, якія мелі багаты жыццёвы вопыт. У тлумным жа хаўрусе, сярод усеагульнай весялосці ці бурнай папойкі, настрой яго часцяком псаваўся. Ігар змаўкаў, маркоціўся, а іншы раз на панібрацкае паляпванне па плячы мог адказаць рэзкім словам або дзеяннем.
...Заканчваўся другі тыдзень нашае лодачнае вандроўкі. Рака спакойна, па-добраму несла наперад, плаўна гушкала барты лодкі-катамарана. Мы веславалі ўвесь дзень, па чарзе, каб асабліва не стамляцца. Першародныя карціны ціхай і лагоднай беларускай прыроды мяняліся перад вачыма. Шмат кіламетраў — ні жытла, ні шляхоў, ні мастоў, а толькі — дубровы ды старыкі, вербы ды пясчаныя мялізны... За два тыдні ні прытока, ні нават ручаіны не прыняла сяброўка-рака ва ўлонне сваё, нібыта ахоўваючы інтымную з намі блізкасць. Кажуць, што ў кожнай ракі ёсць свая душа, адметны характар. Калі гэта так, то душа ў нашай рэчкі была рахманая і замкнёная, паважная, як белы лебедзь, што плыве па нерухомай вадзе паркавага стаўка пад шатамі навіслага вецця. Яна прыязна прымала пляск вёслаў, кроплі дажджу, птушыныя спевы, грымоты навальніцы, валтузню кароў на берагах і не цярпела ракатання маторак, смуроду бензіна, масленых плямаў на сваёй паверхні, хцівага і бязлітаснага чалавека. Таму і праклала ручво сярод палескай багны, дзікай самотнай глушы.
Як я ўжо зазначаў, ініцыятыва паходзіла ад Ігара, які адразу ж напусціў на сябе таямнічы выгляд і не меў жадання дзяліцца з намі мэтай і маршрутам вандроўкі. Ды ці была мэта? Нам проста было лёгка, хацелася жыць, рухацца, любіць і радавацца кожнаму дню. Меркавалі даплыць да вусця ракі — да самай Прыпяці, прыстаць да якога-небудзь гарадка, а потым ужо шукаць спосаб вяртання дамоў. Наогул, у першы тыдзень паходу ў нашых дзеяннях пераважалі неспакой і празмерная сур’ёзнасць. Мы быццам бы кудысьці спяшаліся: кароткі адпачынак удзень і зноў — наперад: мерныя ўзмахі вёслаў, віры, перакаты, лукавіны да самага вечара. Амаль і не размаўлялі паміж сабой, акунутыя ў сузіранні і думкі аб запаветным. І толькі ўвечары, пасля ўсталявання палаткі, знішчалі са звярыным апетытам спехам прыгатаваную вячэру, садзіліся каля вогнішча і вылівалі ў песнях і аповедах набытыя за дзень уражанні. Калі існуюць лясныя і балотныя жыхары — лесуны, русалкі, вадзянікі і іншыя казачныя персанажы, то яны нябачна прысутнічалі сярод нас у тыя незабыўныя вечары, калі гітара разносіла ўздоўж берагоў свае цудоўныя гукі, а нямоцны голас ці то пяяў, ці то апавядаў дзівосныя гісторыі. Іграў звычайна Паша. Гітара ў ягоных руках была надзіва паслухмянай і здавалася прыродным дадаткам да чалавека. Пашка выдатна валодаў голасам сваім, песняў ведаў шмат, іграў на гітары ці не з сямігадовага ўзросту. Часам гітару браў у рукі Ігар. Рэдка, але такое надаралася. У параўнанні з Пашам, гэта была ігра дылетанта. Але дзіўна было тое, што, іншым разам не трапляючы ў акорды і рытм, ён мог данесці да слухачоў душу песні, прымусіць паверыць у казачныя краіны з бурштынавымі морамі і дзікімі гарамі, піратамі, жар-птушкамі і іншым.
Раніца падкідвала нас з жорсткіх пасцеляў першымі сонечнымі промнямі, што прадзіраліся скрозь гушчар панурага лесу, залівістым пошчакам птушак, сырасцю і нясцерпным пачуццём голаду. Менавіта голаду здаровага, насычанага кіслародам цела, а не звычкай чагосьці пажаваць, таму што так трэба. Не ставала ні часу, ні цярплівасці гатаваць ежу. Мы ўспорвалі бляшанкі кансерваў, размочвалі сухары ў халоднай, з вечара накіпячонай вадзе і з задавальненнем знішчалі гэтае няхітрае снеданне. Затым акуналіся ў трохі астылую за ноч рэчку. Вада бадзёрыла, цела станавілася пругкім і гатовым да бою. Тады згортвалі часовы лагер, ускаквалі ў лодку і адчальвалі.
Лета, нібыта па маўклівай дамове, упарта трымала ўстойлівае і спрыяльнае нам надвор’е. Раніцы заўсёды былі ясныя. Апоўдні набягалі аблокі — не цёмныя і вуглаватыя, што навяваюць неспакой і журбу, а белыя і пухкія. Яны ляніва пасвіліся на блакітным полі нябёсаў, то адкрывалі, то хавалі пастуха свайго — Сонца, стваралі вычварныя карункі на вадзе, на траве, на дрэвах, супакойвалі і абяцалі шчаслівы нам шлях. Бывала, Ігар сядаў на карму, закідваў у ваду, што пенілася і бліскала пад намі, лёску з блешняй. Лёска нацягвалася і трымцела ў ягоных руках. Мне трызніўся пругкі штуршок, барацьба, тоўсты, што палена, шчупак вагой у некалькі кілаграмаў. Але рыба чамусьці не бралася на нашу снасць. Чапляліся ў асноўным затопленыя галіны і жмуты багавіння. На зайздрасць нам нехта лупцаваў ваду ля супрацьлеглага берага, сярод карчоў і завалаў.
Ліпеньскае сонца безупынна працавала над целамі і тварамі, наносіла на іх бронзавую фарбу, рабіла больш грубымі і непадатлівымі, набліжала да прыроды. Вечары былі чыстымі, як вымытае да свята люстра. Сонца павольна і як бы неахвотна спускалася за небакрай, з жалем даручала нас пустэчы і бяздонню ліпеньскае ночы, зоркам і маўчуну-месяцу. Месцы для начлегу выбіраліся высокія і як мага аддаленыя ад лесу і шматлікіх старыкоў-балот з іх жамярой і сырасцю. Толькі аднойчы вечар не здолеў разагнаць спякотную напругу адыходзячага дня, сабраў усё ж няветлівую нізкую хмару і выліў на зямлю светлыя свае слёзы. Мы сядзелі ў палатцы, прыемная стома ад цяжкога дня хіліла на сон. Дробат дажджу, ліхтар, што разам з палаткай матляўся ад імпэтаў ветру, выклікалі ўражанне цяпла хатняга агменю, гэткага схову ад віхур і нягод вонкавага свету.
Пасля двухтыднёвага веславання мы ўсё-такі стаміліся. Рупела атабарыцца недзе ў зацішным кутку, зрабіць доўгі прыпынак, паблукаць па лясах, парыбачыць, увогуле адпачыць. Ігар запэўніваў нас, што мясціны пакуль яшчэ не дастаткова гожыя, прасіў крыху пацярпець, спасылаючыся на тапаграфічныя карты, якімі назапасіўся, трэба сказаць, вельмі дарэчы. Без іх мы б даўно заблыталіся ў развілках і петлях ракі, паплылі б не па тым рэчышчы і зусім бы разгубіліся. На звычайнай карце рака падаецца ледзьве не прамой лініяй, а насамрэч даводзілася праплываць адлегласць у некалькі разоў большую. Часта мы абыходзілі якую-небудзь вёску з розных бакоў, пакуль наблізімся і аддалімся ад яе. Было крыўдна падчас глядзець на карту і супастаўляць сантыметры на ёй і патрачаныя за дзень намаганні.
Але вось рака стала шырэйшай, далучыўшы да сябе адзін з нешматлікіх прытокаў, а дакладней, першы за ўвесь двухтыднёвы шлях. Лес адступіў ад берагоў, усё часцей трапляліся ўзгорыстыя паплавы, палянкі, зыбучыя пяскі на берагах. Мы павесялелі. Хутка знайшлося і месца для прыпынку: паўвыспа, што стварылася двума неглыбокімі затокамі, з пясчаным адхонам і водмеллю. Чатыры наступныя дні, якія мы бавілі ў тым месцы, з’явіліся, мусіць, самымі яскравымі і запамінальнымі ў маім жыцці. Ні грашыма, ні бяздумным каханнем зямным, ні пашанай, ні ажыццяўленнем надзей і жаданняў сваіх не дасягнуць чалавеку таго шчаслівага стану, які дае яму поўнае і безумоўнае ўваходжанне ў прыроду, падпарадкаванне яе простым і старажытным, як свет, законам. Здавалася, не існуе ў цэлым свеце ні гарадоў, ні палітыкі, ні матораў, ні кніг, а толькі яна — гэтая спаконвечная сутнасць: і любоў, і маці, і настаўнік. Ты не просіш у яе нічога, а атрымліваеш усё, што неабходна. Аддаеш і ёй без высілкаў, без натугі ўсяго сябе і пры гэтым застаешся цэласным і нерастрачаным, як сонечнае святло, як сціжмы зорак, як неспасціжная бясконцасць Сусвету...
Мы сталі нібыта дабрэйшымі і чысцейшымі духам. Ігар цэлымі днямі бавіўся ля супрацьлеглага берага, дзе расколаты перуном дуб амаль упаў у раку: рыпеў карэннем, але ўсё ж трымаў старое знябытае цела ці не паралельна вадзе, зацята чапляўся за жыццё, апошнімі намаганнямі адстойваў свае на яе правы. Бераг быў стромкі. Ігар падплываў пад яго на аднамеснай надзіманай лодцы, прывязваўся да ссохлых галін старога дуба і гадзінамі сачыў за чырвоным пяром паплаўка, які павольна калыхаўся на ціхай вадзе. Цярплівасць узнагароджвалася: на змярканні, радасны і бадзёры, ён вывальваў на прымятую ля палаткі траву пузатых краснапёрак, лабастых язёў, а іншы раз і амаль круглага ляшча, што блішчэў, як начышчаны грош.
Нарэшце мы наядаліся ўдосталь. З‘явілася магчымасць выпрабоўваць свае кулінарныя здольнасці, эксперыментаваць у гатаванні ежы. Рыба запякалася ў фользе на жары, смажылася на ражнах, варылася юшка і нават грыбная поліўка з рыбай. Недахоп умельства цалкам капменсаваўся звярынай патрэбай нашых страўнікаў. Памятаю прыемныя хвіліны насычэння, калі прыляжаш ля мігатлівага вогнішча ў салодкай стоме, без думак і жаданняў сочыш за павольнай плынню ракі, слухаеш пераборы струн... Бесклапотная, дужая і шчырая маладосць, дзе ўсмешка твая і голас, што дрыжыць надзеяй нязбытнай, — пакінутая на волі ўсцеха нашая і журба?..
Гаспадарку, дакладней, дзённыя работы па лагеры, вёў пераважна Паша. Дый спраў было няшмат: насячы дроў і ежу прыгатаваць. Астатні час — купайся сабе колькі пажадаеш, грэй пуза ці брынкай на гітары. Для Пашкі гэта амаль што рай быў. Падчас ён пераплываў на процілеглы бераг і забаўляў гутаркай Ігара, а заадно замінаў рыбалцы.
Мяне ж вабіў лес. Я гадзінамі блукаў па дубровах і гаях, светлым хваёвым бары, акунаўся ў сырасць яроў і яловых гушчароў. Грыбоў было небагата з-за недахопу вільгаці. Толькі дзе-нідзе, ля старыкоў і па ўзбалотках, удавалася знайсці няшмат пашэрхлых лісічак і сыраежак. Але мы радаваліся і гэтаму. Затое паспявалі ўжо чарніцы, на палянах трапляліся сунічныя напасці, а маліннік адорваў невялікімі, але салодкімі і духмянымі ягадамі. Я накручваў кіламетры без сцяжынак і арыенціраў і знаходзіў дзіўны інтарэс у рызыцы заблудзіць у лясных нетрах, у гэтай вячыстай глушы. Падчас адпачынку на паляне, размораны гарачынёй ліпеньскага поўдня, я летуценна назіраў, як павольна плывуць аблокі ў блакітных прагалах між ізумрудных вершалін дрэў, што сонна разгойдваліся пад лёгкім ветрыкам. Здавалася немагчымым, штучным і варожым чалавечай сутнасці жыццё іншае — бурлівае, поўнае вэрхалу і ляманту, жыццё пачуццяў слёзных і радасных, несупыннай барацьбы за карысць хвілінную і падманную. Будзе дзень, будзе і хлеб, будзе праца ад досвітку да змяркання, будзе любоў, без якой губляе сэнс усё астатняе... Адна яна не дазваляе нам у сумятні турбот штодзённых драпежна накінуцца на сабрата ў дзяльбе скарбаў ды месц пад сонцам...
Раніцай чацвёртага дня нашай стаянкі Ігар застаўся гатаваць абед, а мы з Пашкам адправіліся ў найбліжэйшую (па карце) вёску — запасціся харчамі. Хацелася купіць трохі хлеба, бульбы, а тое супы, макароны і ўсялякія канцэнтраты ўжо надта надакучылі. Прыхапілі з сабой карту і компас. Па нашых разліках, у некалькіх кіламетрах на ўсход пралягала прасёлачная дарога, якая павінна была прывесці да пазначанага на карце населенага пункта. Накрапваў дробны дождж. Было прыемна адчуваць яго лагоднае казытанне, ступаць хутка намоклымі кедамі па мяккім імху, збіваць кроплі з галін дрэў і кустоў вялізнай папараці, уцягваць носам свежае і вільготнае паветра. Дарогі ўсё не было, але мы лёгка і радасна шыбавалі па абраным накірунку. Вецер неўзабаве разагнаў хмары, сонца кінула долу жыватворныя свае промні. Яны блыталіся ў кронах дрэў, адбіваліся ад мокрага лісця, дасягалі палян і пранікалі ў глыбіні яроў. А лес спяшаўся ўвабраць у сябе блаславёную, дасланую з нябёсаў вільгаць раней, чым сонца ўсталюе канчатковую над ім уладу.
Дарога аказалася зусім не такой, як я яе сябе ўяўляў, — не вузкай, затравелай, парослай хмызамі, заваленай ламаччам, а даволі ўезджанай гравійкай. Яна цягнулася па жвірыстым насыпе, а паабапал яе былі зроблены неглыбокія раўкі для сцёку вады. Па такіх дарогах звычайна ходзіць рэйсавы аўтобус пару разоў на дзень з заездам у параскіданыя па лесе хутары і вёсачкі. Было хораша крочыць па ёй, яшчэ сырой ад нядаўняга дажджу. Лес бліскаў і прамяніўся па баках, то набліжаўся, то адыходзіў на значную адлегласць. Наперадзе дарога натыкалася на магутны строй хваёвага бору, збочвала направа, рабіла плаўную дугу. Жаўтлявая таямнічая стужка прасёлка, дзікі лес ды сонца над галовамі... Мроілася: вось-вось са змроку ялін і хвояў выйдзе насустрач нам валадарка звяроў і птушак Алеся, сімвал чысціні і жаноцкасці, пакліча ў незваротную далячынь.
...Нарэшце мы наблізіліся да вёскі. Аб гэтым сведчылі гвалт пеўняў, брэх сабак, рып і ляскат калодзежных ланцугоў, пахі жытла чалавечага. Прысадзістыя хаціны, лядачыя брудна-шэрыя стрэхі, пахілыя, счарнелыя ад дажджоў частаколы, нягожыя весніцы, смешныя лаўкі ля іх... Спелі, радавалі вока яблыневыя садкі. Ціхі, млявы, небагаты рухамі поўдзень... Дзеці гулялі проста на дарозе — без асаблівага нагляду, валтузіліся ў жвіры нароўні з гусямі і індыкамі. Моладзі наогул не было відаць. Старыя, што сустракаліся нам, віталіся, загаворвалі. Высветлілася, што тут няма ўласнага магазіна. Прыязджае з райцэнтра аўтафургон-крама два разы на тыдзень, дастаўляе хлеб і іншыя прадукты. Нам далі трохлітровы слоік малака, накідалі ў мяшок бульбы, ды яшчэ і палясоўшчык, што вяртаўся на калёсах у вартоўню, “палегчыў” наш шлях на некалькі кіламетраў.
Вярнуліся ў лагер без здарэнняў, нягледзячы на адсутнасць сцежак і пэўных арыенціраў. Аб адным толькі варта сказаць: мы натрапілі ў лесе на дрэва — старое, абгарэлае дрэва. Нічога незвычайнага. Ды толькі нядобры, прыкры асадак, нейкія цьмяныя асацыяцыі вялі мае думкі ў непатрэбным напрамку, мімаволі прымушалі нешта згадваць і аналізаваць. Дужа ўжо недарэчна выглядаў гэты агарак некалі магутнага волата сярод прыроднай злагады, кветак, зеляніны і сонечнага святла. Памяць назойліва падсоўвала спляжаны дуб на супрацьлеглым беразе нашае стаянкі, які марудна, сантыметр за сантыметрам, вярнуўся ў ваду. А можа, штосьці яшчэ...
Лагер сустрэў нас гарэзным дымком вогнішча і прыемнымі пахамі свежапрыгатаванага абеду. Ігар ганарыўся сваім поспехам — шчупачком, якога злавіў на жарліцу. Ён наогул быў на рэдкасць вясёлы, узрушаны і відавочна радаваўся нашаму вяртанню. Бо няцяжка ж было заблудзіць у навакольнай бездаражы, дзе любое адхіленне ад патрэбнага накірунку пагражае прывесці чортведама куды...
Пасля абеду многа гаманілі. Абмяркоўвалі далейшы маршрут вандроўкі, планавалі. Паціху падкраўся вечар. Ігар падладзіў снасці і пайшоў адпачываць, каб выспацца да ранішняга лову. У нас жа з Пашкам назаўтра пэўных заняткаў не прадбачылася. Таму мы і не спяшаліся ў палатку, а сядзелі ля прыціхлага вогнішча, размочвалі рэшткі сухароў у малацэ. Затым Паша ўзяў гітару і доўга зачароўваў мяне, маладзік і зоркі сумнымі і цёплымі, як ліпеньская ноч, песнямі.
...Вам не даводзілася бачыць, як вольная і дужая птушка, што кружляе ў вышыні, нібыта ля самага Сонца, раптоўна скаланецца, узмахне ў апошні раз крыламі ды каменем упадзе ля вашых ног. Калі не, то добра. Я, папраўдзе, таксама не бачыў. Але падзеі наступнае раніцы ўяўляюцца мне цяпер акурат так...
Загінуў Ігар, утапіўся: відаць, вываліўся з праколатай чымсьці лодкі. І да сягоння не ўцямлю, як тое здарылася. Бязглузды, крыўдны, жахлівы скон. Урачы, праўда, гаварылі, што спярша спынілася сэрца, а ўжо затым ён захлынуўся. Але гэта было пасля. Тады ж мы проста разгубіліся, калі раніцой не ўбачылі Ігара на звычным месцы з вудай, а толькі гуму спушчанай лодкі, якую млява гайдала плынь ля каранёў старога дуба. Я чамусьці адразу і, як аказалася, беспамылкова ўбачыў усю страшэнную непапраўнасць здарэння, хоць не было відно ні чалавека, ні прычын, ні канчатковых вынікаў. Але гэты стары дуб, гэтае напаўспрахлае дрэва ў лесе... Мы перабраліся на супрацьлеглы бераг, доўга шукалі, клікалі сябра, спрабавалі ўчапіцца хоць за найменшую надзею. А навокал — толькі дрэвы ды балаціны, хмызы ды старыцы — маўклівыя, бязмоўныя сведкі нашага гора. Трэба было дзейнічаць, і дзейнічаць шпарка. Дрэнна памятаю дый не хачу корпацца ў падрабязнасцях таго жудаснага дня. Я бег у вёску, бег да людзей, якія толькі і маглі дапамагчы. Галіны сцябалі па грудзях, па руках, па твары. Спатыкаўся, падаў і не адчуваў болю. Нібы хацеў загнаць сябе, знепрытомнець, абы толькі не думаць, не думаць зусім. Зрэшты, невядома каму было тады лягчэй: мне ці Пашку, што застаўся ў пустым лагеры. Прынамсі, я дзейнічаў. Памятаю хату, памятаю дзверы, у якія грукаў, памятаю абліччы простыя і добрыя, спагадлівыя да чужога гора.
…Ігара знайшлі хутка, пасля некалькіх прачэсванняў бусаком, зусім непадалёк ад берага. Пашанцавала яшчэ, што плынь не здолела адцягнуць цела, калі наогул можна гаварыць аб шанцаванні ў такім выпадку. Быў следчы з раёна, былі фармальнасці і пытанні, якія не варта ўспамінаць. Дзякуй людзям — яны зрабілі для нас усё магчымае… Дамоў вярталіся на грузавіку, паклаўшы ў яго спехам згорнуты лагер і апавітае брызентам, абкладзенае яловым голлем цела нашага сябра. Я сеў у кабіну поруч са следчым і вадзіцелем. Паша павінен быў вяртацца праз райцэнтр на любым магчымым транспарце. Дамовіліся, што ён паспрабуе паведаміць Ігаравай маці аб трагедыі па тэлефоне, падрыхтаваць яе да прыёму жахлівага грузу.
Я занурыўся ў акно грузавіка, што грукацеў па ўхабах і калдобінах, марна спрабуючы пазбавіцца ад назойлівых, вярэдлівых думак. Ныла пад лыжачкай. Я раз-пораз перакідваўся словамі са спадарожнікамі, але знаходзіўся быццам і не з імі, а ў хаосе перажытага — паўсне-паўсапраўднасці. Дзіўным, недарэчным фільмам уяўляліся мне тады сакавітыя сенажаці, жоўта-рудыя жытнія палеткі, рэкі і гаі, вёскі і пашы. Мроілася толькі, што Ігар (ці хаця б частка яго) застаўся там, на волі, дыхае празрыстым і свежым паветрам, якое любіў беззапаветна… Што добра сябру майму...
Пустата, пустата, пустэча… Чым набіць тваё ненаеднае чэрава, калі дзейнічаць няма мажлівасці, а размовы здаюцца марнымі і беспрадметнымі? Мінулым, пэўна, толькі мінулым…
2
Сутыкаючыся ў віры штодзённых турбот, не ведаем мы, дакладней, не можам спазнаць усю глыбіню характараў нават самых блізкіх людзей, з кім дзелім, так бы мовіць, і гора, і радасці. Што ўжо гаварыць, калі бачыш чалавека не кожны тыдзень, гутарыш з ім спешна па тэлефоне, адмежаваны кіламетрамі гмахаў, дарог, тралейбусных і трамвайных ліній, жыццёвымі абставінамі?.. Натужліва, але няўмольна і паслядоўна выцягвала з мінулага памяць мая цьмяныя, нібыта паразмываныя па краях карціны. Я спрабаваў ухіліцца ад іх, пазбегнуць таго скрупулёзнага аналізу, які праводзіў без маёй на тое згоды напалены і ашаломлены апісаным здарэннем мозг. Дарэмна… Толькі грубы падскок грузавіка або рэзкі гук на дарозе вярталі мяне да рэчаіснасці на некаторы час. Цяпер, разважаючы з вышыні перажытых гадоў, калі на ўласнай шкуры паспытаў жорсткія, а падчас і бязлітасныя законы быцця, разумею сваю тадышнюю разгубленасць. Не скажу, што жыццё песціла мяне, але да таго выпадку неяк літасціва адводзіла ад стром і ўсялякіх пастак. Я не зазнаў нягод, родзічы і сваякі былі жывыя-здаровыя, меў дах, сям‘ю, словам, быў акружаны цеплынёй і клопатамі. Калі і даводзілася раз-пораз атрымліваць па-за домам кухталі і аплявухі, то яны былі такія нязначныя, што не пакідалі асаблівых адбіткаў на маім лёсе, не шкодзілі гонару і сумленню. Карацей, я не быў падрыхтаваны да бур і калатнеч. Смерць Ігара, боль і непапраўнасць страты абрынуліся на мяне тады, як вядро сцюдзёнай вады на галаву млявага летуценніка. Аналіз мінулага, няўмольнае корпанне ў нетрах сумлення, блуканне ў смузе фраз і абліччаў былі тады жыццёва неабходныя мне для таго, каб вытрываць, не ссунуцца з глузду, не акунуцца ў дэпрэсіўны змрок… Як неабходныя мне і цяпер гэтыя нататкі аб сябры маім, светлай яго памяці.
Тры гады Ігар жыў у аднапакаёвай кватэры ў самым цэнтры горада, кватарантам. Я добра, дэталёва памятаю і стары пяціпавярховы дом, і ціхі, цяністы панадворак, і два акны на другім паверсе, хаця даўно, дужа даўно не наведваюся туды. Захоўваю іх у тым выглядзе, якімі жадаю ўяўляць: у святле і аўры толькі добрага. Яму патрэбны быў і дворык той, і бабулькі на лавачках… Ігар быў мастаком. Не па прафесіі, не рамеснікам, а па стане душы сваёй. І гэта не гучныя словы. Можна не ведаць і не ўмець усяго астатняга, самага простага і звычайнага, але табе даруецца ўсё, калі сядаеш на свайго любімага канька, калі расквечваеш і аздабляеш панылую будзёншчыну… Такі быў Ігар. У яго і адукацыі не было адпаведнай, і настаўніка, і падтрымкі. Мастацкае вучылішча пакінуў, не скончыўшы, або “папрасілі” пакінуць. Чаго дасягнуў — сам, упартай штодзённай працай, адзінотай, адрачэннем або ўхіленнем ад рэальнага свету. Таму і пакінуў дом: маці і цётку, утульнасць трохпакаёўкі, дамашні агмень. Без адукацыі, без заробку сталага і гарантаванага ў той час кожнаму законапаслухмянаму чалавеку зарабляў хлеб, аплачваў жыллё.
Памятаю маленькі пакойчык, дзе ў страшэнным бязладдзі стаялі, ляжалі і віселі мальберт, замалёўкі, планшэты, пэндзлі і фарбы. Ад чаго гэты катушок здаваўся яшчэ меншым. Недапрацаваныя палотны, параскіданыя па ложку фотаздымкі, слайды, неахайная, поўная недакуркаў, попельніца; пустыя бутэлькі з-пад піва і ліманаду… Улетку таполевы пух праз расчыненае насцеж акно ацярушваў начынне і падлогу… Здавалася, усё прасякнута непаўторным духам творчасці, чаканнем нечага новага, народжанага з нябыту.
Як усякі сапраўдны майстра Ігар не выносіў мітусні, працаваў выключна на адзіноце. Я шмат разоў бываў у гэтай кватэры-студыі, але ніколі не даводзілася бачыць самога працэсу стварэння карціны ці хаця б некалькіх мазкоў па палатне. Мабыць, менавіта таму Ігар і пакінуў радню, добраахвотна зняволены ў чатырох сценах, трываў невыгоды і нуду адзіноты. Ён любіў маці, гэта я ведаю дакладна. Любіў не напаказ, а глыбока і шчыра. Абстаноўка іхняе кватэры, рэдкая ў той час электронная апаратура, каштоўныя святочныя падарункі — усё гэта куплялася на грошы, заробленыя пэндзлем і толькі ім. І грошы, паверце, немалыя. Сабе Ігар пакідаў хіба што на пражытак: няхітры харч, папяросы і нячастыя ўцехі.
Паважаю, схіляю галаву перад людзьмі апантанымі, якія вераць у сваю справу, якіх не трэба пастаянна забаўляць, накіроўваць, якім добра з сабой, з любімым заняткам. Гаворка не ідзе аб эгаізме. Не! Але, як здаецца мне (і гэта толькі маё меркаванне), без адзіноты творчасці не было б на Зямлі нічога, ва ўсякім выпадку — нічога неардынарнага. І хай не гавораць пра калектыўную працу, яе бясспрэчныя перавагі-выгоды. Мы гэтага наеліся ўдосталь. Чалавек не пражыве адзін — гэта безумоўна; рэалізоўваецца толькі ў грамадстве — так. Але вынік і пуцявіны — нябачныя, напаўасэнсаваныя сцежкі і пралазы — гэта розныя рэчы. Дайце чалавеку хаця б пару гадзін у дзень пабыць аднаму, канешне, калі ён таго жадае… Ігар знаў за сабой гэтае права. І тады змаўкаў тэлефон, замыкаліся дзверы для любога: маці тое ці блізкі сябар. Падчас, калі шчыраваў над якой-небудзь складанай кампазіцыяй, ён не выходзіў з кватэры ці не цэлы тыдзень, харчаваўся нішчымніцай, а тое і зусім галадаў. У апошнюю зіму быў асабліва раздражнёны, узрушаны, багата працаваў. Быў незадаволены сабой. Перажываў, што прыходзіцца спяшацца, маляваць кепска, псаваць, халтурыць, абы толькі хутчэй прадаць пейзажы, вытрымаць канкурэнцыю, якая была не на жарт. Не маючы магчымасці штодзень таўчыся ў мастацкім радзе, дзе дэманстраваліся і прадаваліся палотны, Ігар збываў іх перакупшчыкам за бесцань. З прычыны нязводнай нервовай напругі былі і зрывы: запоі і іншае. Распавядаю пра гэта толькі дзеля таго, каб не склалася ўражанне аб сябры маім, як аб нейкім ідэальным героі нашага часу. Героі, якога не зразумела грамадства. Па прыродзе рамантык, Ігар быў па волі лёсу куды болей прыземлены і разважлівы, чым многія з нас, яго равеснікаў. Бо рушыў ужо тады па даволі няходжаных пуцявінах.
Але не працай адной жыве чалавек. Добра бавіць час мы ўмелі, і Ігар — не выключэнне. Апошнім часам не было шумлівых застолляў, зухаватасці нястрымнай, калі складаецца ўражанне, што табе падуладна ўсё на свеце. Напіткі выбіраліся больш якасныя, іх колькасць была меншай. Не надаралася палкіх спрэчак, дый тэмы для гутарак выбіраліся збольшага сур’ёзныя. Ігар з задавальненнем запрашаў у наша кола “свежых” людзей, асабліва схільных да творчасці. Калі ўдавалася выгадна прадаць карціну, ён рабіў сапраўднае свята. Зазвычай збіраліся на яго старой кватэры. Гатаваліся разнастайныя стравы з самых адборных і каштоўных прадуктаў, якія толькі можна было знайсці. Іспанскія віны, дасціпныя тосты, размовы да глыбокай ночы, гітара… Штосьці чароўнае было ў гэтых сустрэчах. Можна было гутарыць аб чым пажадаеш: аб зямным ці ўзнёслым — усё прымалася і разумелася… Салодкае пачуццё свабоды — хаця б на вечар, хаця б за сценамі кватэры.
Памятаю Ігара вясёлага і гаманкога, калі ён сыпаў жартамі ў застольным цыгарэтным куродыме, пад чаркай, у разняволеных спрэчках. Часам пытаў сябе: ці той гэта пануры мастак, які з захапленнем, амаль фанатычна гарбее над палатном у самоце і паўзмроку? Адкуль бравада, адкуль знарочысты аптымізм? Але шчыры пагляд, але вокамгненны цень на твары друга нібыта адказвалі: “Гэта не маё, гэта я так… Проста мне зараз хораша і весела”. Так, хораша менавіта зараз, але далёка не заўжды — гэта я ведаў дакладна. Частыя змены настрою, замкнёнасць. Ігар не быў чалавекам адкрытым ва ўсіх адносінах. З узнятымі вачыма і ссунутым дагары забралам ён выходзіў толькі на барацьбу, на выпрабаванні. Ва ўсім астатнім — глухія нетры, таямніца, схаваная за вонкавым спакоем і абачлівасцю: без душэўных распрананняў, нараканняў і тым больш слёз. У гэтым былі і сіла яго, і слабасць.
У большасці з нас паводзіны, настрой, нават вонкавы выгляд залежаць ад душэўнага стану. Напрыклад, не ладзіцца нешта ў каханні — чалавек маркотны, няветлівы, негаваркі — што натуральна. Я неаднойчы прыкмячаў гэта за сабой, дакараў, лаяў сябе, але пераадолець не мог. У Ігара ж прамой сувязі з яго любоўнымі захапленнямі і настроем не было відаць. Валодаў сабой ён выдатна. Хандра і нечаканыя эмацыянальныя ўсплёскі былі, найхутчэй, вынікам глыбокай унутранай работы, заўсёднай творчай засяроджанасці. Хаця адзінота, уласная неўладкаванасць яго прыгняталі. Як і любому нармальнаму чалавеку, Ігару, напэўна, хацелася запасу трываласці, стабільнасці дый проста кахання, да якога цягнемся мы ўсе. Але нешта не атрымлівалася. Было нямала кароткіх раманаў, выпадковых сустрэч, некаторыя жанчыны нават жылі ў кватэры-студыі па некалькі тыдняў… Прычына, канешне, была ў самім Ігары: неўраўнаважанасць, складанасць характару, непадатлівасць; гордасць, калі найменшы замах на свабоду ўспрымаецца вельмі балюча; празмерна вялікія патрабаванні да сябе і акаляючых.
…У марозны, завірушны студзеньскі вечар завітаў да мяне Ігар. З‘явіўся неспадзявана, без папярэдняга званка, нібыта са знадворнай замеці, свежы і радасны. Прыйшоў папросту: без дай прычыны. Прынёс бутэльку армянскага каньяку. Было ўжо даволі позна, але была пятніца — пярэдадне выхадных. Мы доўга сядзелі на кухні — цадзілі з маленькіх кілішкаў духмяны напой, сцішана гутарылі. Жонка і бацькі мае пазасыналі ў суседніх пакоях. Мы прыгадвалі мінулае, крыху марылі, крыху жартавалі. Ігар дзяліўся творчымі планамі, паказваў слайды, прывезеныя знаёмымі турыстамі з Алтайскага краю. Другу хацелася маляваць горы, шкадаваў, што ўвачавідкі не бачыў гэтую прыгажосць. Сумняваўся — ці атрымаецца? Яму лёгка давалася наша, роднае — пейзажы знітаванай з плоццю і крывёй зямлі беларускай. І з натугай, нервова — тое, што не бачыла вока. Ігар сам гэта прызнаваў. Але рынак, рынак карцін патрабаваў разнастайнасці. Тут ужо даводзілася націскаць на горла ўласнай песні, маляваць амаль усляпую, угадваць і аб‘ём і форму. За размовай Ігар знячэўку адкрыўся: сказаў, што працуе нарэшце для сябе, над сапраўдным палатном, што абрыдла гэтая мазня нахапкам, пагоня за грашыма. Адчувалася: ён рады, што намацаў вартае, адшукаў ці пераадолеў нешта. На мае пытанні наконт палатна сумеўся і хітравата адказаў, што пакажа яго толькі пасля канчатковай даводкі, што праца зацягнулася, што вынік мае вялікае для яго значэнне… Ігар пайшоў толькі на досвітку, пакінуўшы ўтульнасць нашага жытла: нягеглы, скурчаны ад ветру чалавек сярод гмахаў мікрараёна. Я цікаваў за ім да аўтобуснага прыпынку і думаў, што наўрад ці жадаў бы памяняцца з ім месцамі. Ці вартыя ўсе самотныя пакуты творчасці цяпла хатняга ачага, сямейнай утульнасці ціхага, размеранага існавання? Куды ён шыбуе — да сырасці палотнаў, да нездаровага паху фарбаў, да замкнёнага чатырма сценамі бязгучнага і цямравага памяшкання? Цяпер разумею, што кожны жыве ў сваім вузкім свеце, бачыць толькі тое, што жадае ўбачыць, і не мае магчымасці ацэньваць чужое светаўспрыманне. Ігар тады быў шчаслівы па-свойму, па-свойму шчаслівы быў і я.
…Канец сакавіка. Вечар. Зацяжная вясна. Слота. Мы стаім ля аўтобуснага прыпынку, пацепваемся ад золкасці. Унізе нясе сваю нежывую, нібыта чыгунную ваду рака, закутая ў бетон. Горад люструецца ў ёй сваімі мігатлівымі агеньчыкамі. Накрапвае дожджык — яшчэ не веснавы, але цеплаваты, лагодны... Ён нясе адметны пах будучыні, агаляе, размякчае дол. Мелкія ніткі раўчукоў цягнуцца да ракі з адхону. “Як я чакаю лета!..” — сказаў тады Ігар. Так, мы чакалі яго: прамоклыя пасажыры, змучаныя надворнымі калатнечамі зямля, трава, рака, хмызы і дрэвы; самотныя кіёскі і ліхтары. Чакалі цяпла і сонца, чакалі любові…
* * *
Я пабачыў карціну, над якой доўга і ўпарта працаваў Ігар, працаваў самазабыўна, шмат месяцаў, раўніва ахоўваючы яе ад старонняга вока. Убачыў ужо пасля ягонай смерці, калі дапамагаў перавозіць рэчы на старую кватэру. Адшмаргнуў фіранку, што хавала выяву, агаліў, нібы чужую душу, і скалануўся: асенні краявід — пагоркі, пералессі, ужо кранутыя прымаразкамі; імглістая раніца; а наперадзе — дрэва, забітае перуном… Стары апалены дуб тужліва хіліўся ў цемрадзь яра.
Неспадзяванка
Алесь, бялявы падлетак гадоў чатырнаццаці, адваліўшыся на локці, глядзеў на ваду з рыбацкага мосціка. Сонца гуляла на рабізне, сляпіла вочы. Яно ляжала на хвалістай паверхні возера зіхоткай меднай плямай, пасміхалася і дражніла. І хацелася кінуцца ўніз, плысці да гэтага чароўнага круга.
— Як думаеш, тут глыбока? — запытаўся Алесь у таварыша-аднагодка, што сядзеў за яго спінай.
— Метры два будзе... — не дужа ўпэўнена адказаў той. — Хаця...
— Вось тое і “хаця”, што палі на такой глыбіні не ўваб’еш. Кумекаць трэба.
— Дык яны і стаяць на водмелі — па грудзі. А за мостам адразу ж — яма.
— Адкуль табе знаць, цяльпук гарадскі?!
— Такі ж, як і ты — ні болей, ні меней... А толькі рыбу з глыбіні ловяць, — абурыўся Кастусь. Так звалі другога аматара пагрэць бакі пад ужо нават і не лагодным, а проста пякучым чэрвеньскім сонцам: было гадзін адзінаццаць дня.
— А што калі акунуцца?
— Няма дурняў...
— Што так?
— Дык кажу ж, глыбока. І дошкі затанулыя, мажліва, з цвікамі.
— Ну і смажся сабе, лежань вялы, — Алесь устаў і, прыскакваючы для раўнавагі, пачаў сцягваць з сябе порткі. А больш на ім не было анічога.
Старое збудаванне загойдалася, зарыпела.
Ці то з-за спякоты, ці то з-за стомы ад не вельмі ўдалага ранішняга паходу па ягады Алесь быў крыху раздражнёны і ўзрушаны. Падмывала спагнаць кепскі настрой на прыяцелю. Таму яго рашэнне астудзіцца ў возеры можна лічыць удалым.
Ужо да паловы асеўшы ў ваду, трымаючыся рукой за слізкую жардзіну, усё ж падкалупнуў:
— Што, мама не дазваляе?..
— А як табе заўгодна... — з пагардай буркнуў Кастусь і насунуў брыль на самыя вочы.
...Алесь купаўся доўга. Спачатку роў ад асалоды, па-блазенску плюхаўся, фыркаў і адплёўваўся. Пырскаўся ў таварыша. Потым уціхамірыўся, адплыў далей і лёг на ваду. Было хораша калыхацца на невялічкіх хвалях, глядзець на сінізну нябёс, адчуваць сябе лёгкім і вольным. Вольным ад нядаўніх спраў, нагляду настаўнікаў, экзаменаў, уласных хваляванняў. Недзе далёка застаўся нудотны летні Мінск, наперадзе цэлае лета ў глухім палескім гарадку. І не бяды, што сёння яны амаль нічога не назбіралі ў лесе. Па-першае, яшчэ не сезон чарніц, а па-другое, яны ўсё ж адшукалі шлях да гэтага цудоўнага, ціхага ляснога возера. Тут амаль нікога няма. Вунь толькі дзед рыбачыць непадалёку з такога ж мастка. Вунь — човен затаіўся ў чаратах на процілеглым беразе. Ды кружляюць над хвалямі чайкі...
— Слухай, гайда на стадыён увечары? — прапанаваў Алесь таварышу пасля купання. — Сёння на футбол дамаўляліся. Шустры з хаўруснікамі падысці абяцаў.
— Я наўрад ці, — жвава трушчачы доўгі парніковы гурок, адказаў Кастусь. — Змарыўся, спаць дома буду.
— “Змарыўся”... Ды што ты, як старычына! Колькі гадоў табе? Змарыўся...
— Дый дзед не дазволіць. Сухмень — градкі паліваць трэба.
— Дык усё лета на дзеда ішачыць будзеш? Тады ўжо адразу ў Мінск уцякай, — гарачыўся Алесь. Яго гэты заморак раздражняў усё болей і болей.
— А хіба ты не працуеш? Цётка загадае — подскакам ляціш, — укалоў прыяцель.
— А мне дармаедам на шыі сядзець не хочацца... Але дамовіліся ў футбол — значыць, у футбол.
— Я ні з кім не дамаўляўся.
— Ну, як сабе хочаш, — Алесь з прыкрасцю плюнуў у ваду. Але праз хвіліну ўжо казаў: — Давай тады на зваротным шляху да старога млына пракоцімся. Га?
— А ты ведаеш, дзе ён? — Кастусь сунуў у рот прыгаршчу суніц.
Алесь дакладна не ведаў. Ды і хацелася яму туды не дужа. Аднак купанне ў возеры надало яму сіл, напоўніла цела неўтаймоўнай, гуллівай энергіяй. Карцела жартаваць, дражніцца, затым ускочыць на веласіпед, што стаяў у прыбярэжным ракітніку, і гнаць, гнаць яго па гонях, пералессях, адкуль вее чаборам, грэчкай і медуніцай...
— З таго берага, — Алесь паказаў рукой на процілеглы бок возера, — рачулка выцякае. Па ёй, кажуць, і кіламетра не будзе да разбуранага млына...
— Ды навошта табе млын? Адкасніся, — Кастусь увязваў рэчмяшок. — Тым болей развалены. У цябе што, фотаапарат ёсць, каб тыя руіны занатаваць?
Алесь недаўменна паглядзеў на таварыша, абурыўся:
— А ці не ты два дні енчыў, угаворваў мяне па ягады? Ці не ты возера шукаць пацягнуў? А цяперака: ягад мала, берагі яму не даспадобы, з моста купацца небяспечна. Годзе нэндзаць! Надта ты правільны, станоўчы вельмі...
— Паехалі лепш дамоў, — прыяцель ужо збіраўся рушыць да веласіпедаў.
— А мне і тут няблага, — дашчэнту ўзлаваўся Алесь. — Хочаш — круці педалі. Прывітанне дзеду перадаць не забудзься. А я буду плаваць і загараць. Да вечара.
Алесь скоса пазіраў, як затым таварыш на высокім беразе важдаўся каля веласіпедаў. “Не паедзе, заблудзіць пабаіцца”, — падумаў Алесь. І праўда: праз некаторы час Кастусь вярнуўся на масток і моўчкі лёг побач.
Пад’ём на досвітку і шматкіламетровая язда па бездаражы нагадвалі пра сябе: неўзабаве пакрыўджаных адзін на аднаго падлеткаў апанавала цяжкая, нездаровая дрымота пад неміласэрнымі промнямі высокага сонца.
…Алесь прачнуўся ад чагосьці незразумелага. Зірнуў на неба. Агледзеўся вакол. Сонца пякло не меней. Праўда, яно пераваліла на другі бок нябеснага купала і ўжо не сляпіла вочы, як да поўдня. Кастусь спаў на баку, спінай да таварыша. Альбо проста глядзеў на воднае люстра. Але штосьці было не так, быццам не ставала нейкай дробязі. Няма дзеда, што рыбачыў непадалёк?.. Не тое. Ад чаго ж Алесь мусіў прачнуцца? Хацелася есці?.. Ды не вельмі.
Хлопец яшчэ раз азірнуў наваколле. Прыслухаўся. Усюды лагода і згода. Гарачы вецер варушыць хвалі, яны злёгку пагойдваюць масток, ствараюць ля берага, пад ніцымі ракітамі, лёгкую какафонію…
Дзіўна, Алеся турбавала адчуванне невыказнай пустэчы, якую абавязкова (ён знаў гэта) павінна было нешта запоўніць. Ці добрае? Надта мірна цвыркаюць птушкі, надта, не па-зямному, тут хораша.
У прыбярэжным хмызняку штосьці хруснула, заварушылася, і праз колькі часу нехта важкі ўжо прадзіраўся ўніз па стромкім беразе скрозь пераплеценае голле. Вось чалавек узышоў на драхлы насціл і з рыпам набліжаецца да іх. Алесю зрабілася ніякавата. Не хацелася паварочваць туды галавы, глядзець у твар незнаёмцу. Чаму? Ды таму, што з маленства па адной толькі хадзе, па далёкіх, няпэўных пошумах і шорхатах распазнаваў Алесь добрае ці благое.
Але паглядзець прыйшлося. Вось ягоны абрыс засланіў сонца, навіс над імі, ляжачымі. Кастусь прачнуўся, прыўзняўся на локцях і ўжо глядзіць на незнаёмца. Той не вітаецца. Алесь рэзка крутнуўся, сеў бокам да прышэльца. Зірнуў на яго і тут жа вызначыў: хлопец прыкладна іхняга ўзросту, буйны, добра ўкормлены. Гэтакі пераростак, здаравіла. Ён маўчыць, стаіць разняволена і па-гаспадарску. Курыць і пазірае — ацэньвае…
Калі сустракаюцца каты, самцы сабак або іншых дзікіх і напаўдзікіх жывёл, яны пужаюць адзін аднаго ваяўнічымі паставамі. Затым пачынаюць шалёна крычаць, раўці, гыркаць. І часцяком гасяць гэтым свой палавы запал агрэсіўнасці, разыходзяцца з мірам. І не першае значэнне тут мае, хто з іх дужэйшы. Такія ўжо правілы гульні, дзе суддзя — прырода...
Пасля аднаго толькі непрывітання з боку незнаёмца Алесю належала ўстаць і ўпэўненым, грубаватым голасам запытацца: што таму трэба? Бо хлопец завітаў сюды, пэўна, збіраючыся гуляць не па чалавечых — па звярыных правілах. Яго нахабны цыганаваты твар тоіць пад вузкімі, рэдкімі вусікамі паскудную ўсмешачку. Толькі праз хвілін пяць хлапчына пытаецца, цэдзячы з пагардай скрозь зубы:
— Адкуль?
Алесь адказвае. Зноў жа памылка! Зноўку не трэба нічога гаварыць, вытлумачвацца. Трэба ўскочыць і стаць твар у твар з гэтым бамбізам. Але Алесь сядзіць у нейкім дзіўным, прыкрым самому сабе здранцвенні. Ён называе незнаёмцу райцэнтр, удакладняе нават, што не адтуль яны, а са сталіцы.
— Каго ведаеш? — пытаецца гэтае адутлаватае рыла ў Алеся. Кастуся ён як бы не прыкмячае. Гэтага відавочна спалоханага хлюпіка, мабыць, лічыць не вартым сваёй увагі. Ён і Алеся распытвае адно, каб упэўніцца: ці можна здзекавацца беспакарана, ці не паб’юць потым дужэйшыя?
Што на гэта адкажаш? Алесь разумее ўсю недарэчнасць, нязручнасць свайго становішча. Хлапчына можа ў любы момант нагой спіхнуць яго, сядзячага, у ваду, а тады малаціць амаль бездапаможнага зверху. Хіба можна размаўляць з такой пачварынай іначай, чым кулакамі? Словы здатныя ўлагодзіць нават гарылу і тыгра, але не гэтага п’янага ці абкуранага каноплямі правінцыяла. Так, гэта не тутэйшы, не вясковец. Тыя не апранаюцца так страката і безгустоўна, з прэтэнзіямі на цывілізаванасць: гэтая блішчастая спражка рэменя на дрэнна адпрасаваных касцюмных штанах, гэтыя запыленыя вастраносыя туфлі… Бамбіза, відаць, з таго ж гарадка. Алесь ужо ненавідзеў яго. Ненавідзеў гэты смуглы твар з адбіткамі рана паспытаных заганаў. Свярбела ўскочыць і заехаць па ім як след.
Але з вуснаў замест належных слоў гатовы ўжо быў вылецець пералік сваіх правінцыйных знаёмцаў. Алесева цела нібы скамянела. Пагана, баязліва ныла пад лыжачкай…
Становішча выправіў сам граміла. Валадарным, нядбайным голасам ён кінуў Алесю:
— Хадзем са мной! — і, не азіраючыся, упэўнена накіраваўся да берага.
Кастусь, як бы не чуў, нешта засяроджана разглядаў у вадзе. Яго ж гэта не тычылася!
Алесь падняўся і пацёгся басанож за хлапчынам. Ён нават узрадаваўся, што не давядзецца біцца на мастку. Здрада прыяцеля яго не бянтэжыла — той таго варты. Цяпер усё ясна і проста. Біцца — гэта яму знаёма. Сам-насам, па-чэснаму. Алесь даўно і сур’ёзна займаўся вольнай барацьбой і, незважаючы на значную перавагу нягодніка ў вазе і росце, у перамозе сваёй не сумняваўся. Зараз пачуцці яго супадалі з хваляваннямі перад выклікам на барцоўскі дыван. Там гэтае агіднае смактанне ўверсе жывата знікала нязменна.
Хлапчына дужымі размашыстымі рухамі, хапаючыся за галлё, лез на строму. Алесь паспяваў за ім. Ён не адчуваў голымі ступнямі каляных сцёблаў і дробнага камення, не бачыў вакол нічога, апроч гэтай ненавіснай, узмакрэлай пад майкай спіны наперадзе. Чаго ён да іх прычапіўся? Няма куды сытую энергію падзець? Дык заняткаў целу можна безліч знайсці. Ненавідзіць жыхароў сталіцы? Дык не да такой жа ступені, каб шукаць іх за сем кіламетраў ад гарадка на бязлюдным возеры. Кепскі настрой з пахмелу, хоча грошы на пляшку адабраць? Дык па вопратцы — дагледжаны і забяспечаны, мусіць. Наўрад ці. І хто ж грошы ў лес буйныя бярэ? Паказаць сваю дужасць? Дык навошта абраў у ахвяры заведама (на яго погляд) слабейшых?.. Драпежны звер небяспечны толькі падчас моцнага голаду, гэтая ж чалавечая пачварына, мабыць, проста прагнула яго, Алесевых, пакут, ягонай крыві і ўніжэння. На гора азёрнай і нябесная чысціні, на гора жаўтлявым палям, што нібы спускаюцца сюды ад самага небакраю… На радасць зялёнаму азызламу страшыдлу ў пекле, што песціць зло на зямлі, сілкуецца яго вычварэннямі.
…На беразе хлапчына запатрабаваў цыгарэт, хаця з яго кішэні вытыркаўся паўпусты пачак “Гродна”. Затым грошай. Алесь трымаўся ад яго на адлегласці выцягнутай рукі, гатовы ў любую секунду спружыніць. Ён глядзеў на гэты самаўпэўнены бязлітасны твар, на слінявы рот, з якога папераменна вырывалася на брыдкім спалучэнні дзвюх моў:
— Цыгарэты!
— Пачаму няма?!
— Дзеньгі!
— А еслі знайду?!
Раззлаваны адмоўнымі адказамі дзяцюк раптам ухапіў Алеся за майку і скамандаваў:
— Рукі ўніз! Рукі ўніз — я сказаў!
— Што табе трэба, — ужо раздражнёна, але даволі прыстойна вымавіў той і падаўся торсам назад, каб вызваліць майку ад пальцаў праціўніка. Яна затрашчала і надарвалася.
— Рукі ўніз! — вырачыўшы бялкі вачэй, дыхаў бамбіза вінна-тытунёвым перагарам Алесю ў нос. Ліхадзей быў вышэйшы за яго ці не на галаву.
Алесь, нібы загіпнатызаваны, апусціў рукі. Тады хлапчына няспешна, з веданнем справы, з нейкай д’ябальскай асалодай, размахнуўся і жахнуў косткамі вялізнага кулака яму ў грудзіну. Алесь няўлоўна пахіснуўся назад і змякчыў удар. Ад адсутнасці супраціўлення граміла паступова шалеў. Аднак з апаскаю, як на гарадскім пляцы, азірнуўся па баках (ці не ідзе хто паблізу?) і толькі тады па-садысцку нанёс паўторны ўдар у тое ж месца.
Было балюча. Але, не адказаўшы адразу як след, Алесь трывала знаходзіўся ў ролі хлопчыка для біцця. Ён разумеў свой нядошлы выгляд у параўнанні з грамілам і, напэўна, таму ніяк не мог наважыцца распачаць бойку.
А праціўнік, чырвоны ад шалу, адступіў на пару крокаў, нахіліўся набок і, рэзка выкінуўшы нагу наперад, узмацняючы ўдар разгібаннем калена, зноў трапіў Алесю ў грудную косць. Самым наском вострых важкіх туфляў. Ён рабіў гэта насамрэч нязграбна, насуперак усім канонам тэхнікі падобных удараў. Туфель ляцеў да грудзей задоўга, і Алесь быццам бы гэты палёт кантраляваў. Але, слізгануўшы між рук, грувасткі абутак усё ж трапіў у цэль…
Ад рэзкага болю, а больш ад крыўды на самога сябе, хлопец нарэшце выйшаў са здранцвення. Ён адскочыў убок, сцяўся ў баявую стойку і стаў ніжэй ледзьве не ўдвая. Жылы напяліся па ўсім целе, сківіцы дрыжалі ад злосці. З рота з сіпеннем вылецела:
— Табе хана, гад! — Алесь ужо нічым не нагадваў таго пакорлівага, нягеглага з выгляду гараджаніна. Ён адразу не рынуўся на праціўніка, а прыгнуўся спружынай і, абараняючы твар кулакамі, па дузе перасоўваўся каля грамілы.
Той увачавідкі сумеўся. Алесь адзначыў на яго абліччы па чарзе: здзіўленне, гатоўнасць спасаваць, баязлівасць, абурэнне, ізноў лютасць і агрэсію. З ровам: “Што-о-о!” — бамбіза кінуўся на паўстаўшага.
Кулакі-кувалды няўдала прасвісталі міма Алесева твару. Выкарыстоўваючы інерцыю праціўніка, страту ім раўнавагі, хлопец сустрэў яго двума хвосткімі ўдарамі па сківіцах. Не даючы ачухацца, дадаў пару разоў нагамі ў друзлы жывот. Дзяцюк вохкнуў, скурчыўся і замёр на некалькі секунд. Відаць, аднаўляў дыханне і набіраўся злосці. Затым, падбадзёрваючы сябе крыкам: “Ды я табе за гэта-а-а!” — няўклюдна абрынуўся на Алеся. Першы ўрок не пайшоў, відаць, на карысць нягодніку: ён атрымаў належную сустрэчу. З носа і брыва паліліся чырвоныя цуркі. Пасля гэтага гвалтаўнік вырашыў дзейнічаць выключна доўгімі нагамі, але і тут пацярпеў паразу: схоплены ўмелай рукой пад калена, быў зрынуты на дол…
Калі ў кулачным баі граміла меў сякія-такія шанцы, то ў дужанні на зямлі з вопытным барцом, хаця і лёгкавагавіком, ён быў проста асуджаны на ганебны пройгрыш. Алесь імгненна апынуўся на ім, цупкай, мускулістай рукой сціснуў вялую шыю, крутануў на сябе. Адну руку праціўніка ўладкаваў паміж сваіх ног: на злом. Той спярша колькі часу няўмела торгаўся, лаяўся і пагражаў расправай. Пасля кожнага такога імпэту ён мерна атрымліваў кулаком у лоб і сківіцы. Хаця Алесю ў запале нянавісці хацелася проста шкуматаць гэтае выкармленае цела, соўгаць паскудны твар па прыбярэжнай гліне. Але ён баяўся чужых пакут, як сваіх. Яшчэ гады чатыры таму, у піянерлагеры, адзін нахабны таўстун кінуўся на яго з кулакамі ў праходзе паміж ложкамі, і Алесь, спужаўшыся, нечакана для сябе заехаў яму нагой у самы ніз жывата. Таўстун роў нечалавечым голасам хвілін дзесяць. Хлопчык чуў гэта ажно знадворку, дзе хаваўся ад выхавацелькі. Ён думаў тады, што размажджэрыў небараку мужчынскія прычындалы, што яго за гэта на ўсё жыццё запратораць у турму… Усё абышлося тады, але Алесь, задзірысты з маленства жэўжык, пазбягаў, па магчымасці, боек з таго часу.
…Знясілены дзяцюк нарэшце прахрыпеў:
— Усё… Пусці.
Ён выглядаў змізарнелым і скораным, калі ўстаў з долу. Нават ніжэйшым і значна слабейшым за сябе ранейшага. За сябе ўладарнага і ўсёмагутнага. Дзіўна, у яго абліччы свіцілася нешта чалавечае. Мо гэта падалося Алесю? А можа, і сапраўды дух зла пакінуў гэтую чалавечую асобіну.
Ва ўсякім разе, хлопец ужо не чакаў ніякага вераломства, ідучы перад бамбізам да ягонага веласіпеда. Калі Алесь выкручваў ніпелі і прыспускаў колы, той толькі прасіў жаласна:
— Не трэба, я ж абады пагну…
Быццам такія карныя захады можна было параўнаць з яго нядаўняй пачварнай задумай!
— Не хапала мне, каб ты за сваёй шушамеццю памчаўся, — буркнуў Алесь.
Хлапчына больш не пярэчыў. Толькі вэдзгаў патухлы твар, далонню сціраючы з яго крывавыя соплі. Затым нейк вінавата ўзлез на веласіпед і выправіўся на паўздзьмутых колах у родныя пенаты. Неўзабаве ён скрыўся за зарослымі вясковымі могілкамі, і сонца, так прынамсі здалося Алесю, зноў заззяла напоўніцу. Загаласілі нячутныя да гэтага птушкі, затрапяталі там-сям белыя матылі. Сонна матляўся на ветрыку адзінокі рамонак ля ног. Гэтая паўсюдная сціплая кветка нагадвала пра мір, любасць, пра нешта дарагое і вячыстае. Нават далёкія лядачыя крыжы ў зацені дрэў падаваліся мілымі і блізкімі.
Зла не было. Але яно не знікла за паваротам разам з хлапчынам. Яго, відаць, не прагналі б ні мальбы, ні заклікі да міласэрнасці і сумлення нягодніка. Яно выпарылася пад ударамі кулакоў, больш спрактыкаваных і спрытных. На жаль, спрадвеку так на Зямлі. А іначай зло само будзе драць і тузаць, дратаваць і пляжыць, ганіць і зневажаць, шалеючы, толькі больш шалеючы ад выгляду безабароннай ахвяры. На радасць д’яблу ці каму там яшчэ…
Родныя плыні
Л. Галубовіч
1. Рыжы плёс
Ёсць мясціны мае найдаражэйшыя, блізкія сэрцу мясціны. Жывуць яны паасобку, недзе ў патаемных глыбінях свядомасці. Цнатлівыя, бо пабачаны былі чыстым дзіцячым паглядам. Занатаваны шчыра і маляўніча, занатаваны назаўжды.
І даўно я ўжо не даверлівы хлапчук, а чалавек паважны і, бадай, абачлівы. І не па сцяжынках здзірванелых ужо шыбую, а чыкільгаю, баязліва аглядваючыся, па няўмольных пуцявінах жыцця. Але сэрцам там — сярод гайкоў маіх ненаглядных, светлых журлівых дуброў над Свіслаччу.
Там, на сутоцы Свіслачы і Сінькі, ціхмянай лугавой рачулкі, знаю, упершыню сузіраў я сапраўдны, непадроблены бок жыцця. Піў з крыніцы Паэзіі. Бо дзень у маленстве — не дзень, а неймаверная гульба святла і ценяў. Фарбы заўсёды падаюцца мігатлівымі і няпэўнымі, але яскравымі і, ужо дакладна, непаўторнымі.
Свіслач пасля Асіповіцкага вадасховішча цячэ ўпэўнена і нетаропка. Яна сцішаная, шырокая, але глыбокая не дужа. Цячэ сярод гушчароў, яловых бураломаў, думае важкую і цёмную, як свае воды, думу. Чуеш мяне, рака? Я ж твой, я адтуль — ад дзён у аблоках і пералессях, у жыце і верасе. Я дыбаю тут, поруч, і ніколі табе не здраджваў. Бо сумленне і зараз мусіць жывіцца ў засені вербаў ніцых, што сумуюць наўсцяж старога твайго рэчышча. У водах цьмяных, між таплякоў і водарасцяў. Там самая буйная, не злоўленая мной рыба. І добра, што не злоўленая…
А колькі акунькоў, яршоў, плотак і карасікаў было марна пазбаўлена жыцця маім хлапчуковым азартам! Але менавіта праз рыбалку, праз гэты паляўнічы і, мабыць, не надта высакародны занятак, уведваў я пакрысе навакольную прыгажосць. Не свядома, не аналізуючы і крэмзаючы на паперы, а натуральна і грунтоўна — крок у крок. І хадой, і дыханнем, і зрокам…
Да драбніц памятаю: ракоча і пыхкае “Верхавіна”, і нясёмся мы на ёй з бацькам над стромкім берагам; хвошчуць па плячах яліны і алешыны; сцежка змяіцца, і, здаецца, карціць ёй саскочыць у старык, у вусцішную яго зеўру; а бацька не збаўляе хуткасці, і застаецца толькі туліцца да яго спіны і жмурыць вочы… На шляху да сутокі сцяжынка некалькі разоў аддаляецца і набліжаецца зноў да жахлівага, у лілеях і гарлачыках, старога ручва. І сэрца тахкае, і сцінаецца маленькая істота…
Плёс на зліцці Сінькі і Свіслачы — напраўду адмысловае месца. Тут дужая рака колісь збочвала ў гушчар, рабіла неверагодную, даўжынёй у пару кіламетраў, дугу і вярталася амаль у тую ж кропку. Цераз некалькі метраў прымала Сіньку. Але тое памятае даўніна. Цяпер Свіслач прабіла нетрывалы перашыек і цячэ наўпрост: ціхая, глыбокая, мэтанакіраваная. Утварыўся шырокі, з рыжаватымі пясчанымі берагамі, плёс.
…Сыпле сонца на пясок свае бліскаўкі, коцяцца яны ў рудую, настояную ў гліністых берагах ваду. Гайдае ветрык галлё пахілых ракіт, шушукаюцца чараты ў затоцы. Тут лес саступіў паплаўцам і ўзгорыстым палянкам. Але затаіўся паблізу. Вартавымі стаяць наперадзе асобныя дубы, за імі — цямравае царства ельніку.
А маленства маё бавіцца тут. І слухае, і цікуе. “Тут-тук-тук”, — імпэтны пошчак-розгалас. “Дзяцел”, — кажа бацька. А вось плюхнула штосьці знянацку аб ваду ля процілеглага берага. “То — шчупак, драпежная рыбіна…” І шугае ўжо мой позірк цераз раку ў раскошную вячыстую дуброву. Якая прастора між камлямі — хоць у футбол гуляй. Хочацца, ах, як хочацца туды! Бо бераг супрацьлеглы заўжды здаецца больш уловістым, палянкі — лагаднейшымі, дубы — больш магутнымі і разложыстымі. А мо так і насамрэч? Таму што рэдка, вельмі рэдка там пабачыш чалавека — пастуха або рыбака-вяскоўца.
Зрэшты, рыбалка неблагая і тут, пад ракітамі: толькі б крыху ўмення.
Мы трапілі сюды ўпершыню неяк а дванаццатай гадзіне, улетку. Раса ўжо высахла. Крамяны дзень набіраў сваю моц. На беразе плёса сядзеў адзінокі стары рыбак. Мы падышлі прывітацца. Бацька разгаварыўся з ім. Гаворкі перадаць не змагу, але тое, што ўбачыў пасля, стаіць перад вачыма і па сённяшні дзень. Рыбак якраз засек і выцягнуў плотку — на мой тадышні погляд, зусім не малую рыбку. Затым, не паднімаючыся з металічнага рыбніка, які служыў заадно і сядзеннем, стары палез у кішэню і выцягнуў, здаецца, звычайную драўляную школьную лінейку. Прыклаў рыбку да яе, паблажліва пахітаў галавой і, нешта буркнуўшы, кінуў небараку ў ваду. Рыба здалася яму надта дробнай. Досыць уражаныя гэтым дзеяннем, мы праявілі законную цікаўнасць да змесціва дзедавага рыбніка: ёмішча, памерам з сямілітровае вядро, было запоўнена буйнымі плоткамі і падлешчыкамі на дзве трэці. Гэта было тое, што бывалыя рыбаловы называюць “белай” рыбай. У такое паняцце не ўваходзіць, дарэчы, нават карась.
Стары здзейсніў яшчэ пару падобных вымярэнняў, упэўніўся, што пайшла “малеча саплівая”, хутка сабраў свае няхітрыя прычындалы і развітаўся. Веласіпед, злёгку шорхаючы па мурагу, скрыўся ў ельніку — як і не было. Ціша. Стары вясковец не парушыў яе. Мусіць, таму і павёз з сабой багаты ўлоў. Мабыць, таму мы з бацькам, што прымчаліся сюды на прарэзлівай “Верхавіне”, колькі ні закідвалі потым свае вуды на плёсе, акрамя зачэпаў і блытаніны лёсак, нічога ад ракі не займелі.
Праз некалькі дзён прыбылі сюды зранку, мяркуючы, што ранейшы наш няпоспех вызначаны адно познім часам… Вынік быў не лепшы. Рыба торкала, але нейк зманліва і жартаўліва-асцярожна. Падсекчы яе не ўдавалася. Часцяком паплавок тапілі на плыні донныя водарасці. Памятаю, мяне апанаваў тады адчайны капрызны імпэт. Бацька ледзьве паспяваў разблытваць лёску і перавязваць адарваныя кручкі…
Неспадзявана нам дапамог рыбак, мясцовы жыхар, які завітаў сюды, паводле ягоных слоў, “падурэць з вудамі”. Вудзільны ў яго былі нязвыкла кароткія, пафарбаваныя чамусьці ў сіні колер. Іх дзядзька паўтыркаў завостранымі канцамі ў прыбярэжную гліну. Штук пяць-шэсць. Як высветлілася пазней, ён ішоў “на шчупака”, таму і прыладзіўся адразу ж лавіць жыўцоў пад ракітнікам. Паклікаў туды і нас.
Прылегшы на дзірван паплаўца, мы назіралі ў чыстай і празрыстай (тады яшчэ так) вадзе, як на пясчанай мелізне пасвіцца статак увішных рыбак з паласатымі спінкамі. Гэта былі акунькі. Яны зацята атакавалі дзядзькаву прынаду — вяртлявых чырвоных чарвякоў. Тут можна было не сачыць за паплаўком, а глядзець проста ў ваду, што хораша прасвечвалася ўжо даволі высокім сонейкам. Рыбак нацягаў з дзесятак акунькоў за якіх пятнаццаць хвілін і паклыпаў зараджаць свае снасці, пакінуўшы няўклюдных рыбаловаў на верным і ўдачлівым месцы…
Акурат з таго часу і доўжацца мае сапраўдныя рыбацкія вандроўкі па Свіслачы. Цяпер усё часцей і часцей думаю, што ўсе мае рыбалоўныя дзеянні былі проста патугамі дасягнуць той дасканаласці, грунтоўнага майстэрства, якімі ўразілі мяне ўпершыню сустрэтыя мясцовыя рыбакі — шчодрай і назіральнай душы людзі.
А рыбачыў я шмат: за чвэрць веку ад сутокі Свіслачы і Сінькі, вышэй па рацэ, аж да Асіповіцкага вадасховішча я даследаваў літаральна кожны метр берага. Лавіў у травеньскую паводку па вялікай вадзе, калі маленькая рака, Свіслач і старое яе ручво зліваюцца ў адно шырачэзнае люстра, а незатопленыя яшчэ паплавы жаўцеюць дзьмухаўцамі. Рыбачыў у ліпеньскую сухмень, калі ў які год рака ператвараецца ў рачулку, а стромкія берагі выскаляюцца аголеным карэннем прыбярэжных вярбін, калі рыба туляецца недзе па цэнтры рэчышча, а багавінне кісне пад неміласэрнымі промнямі. Таіўся з вудамі на старыку, пільнуючы тлустых заспаных карасёў у акенцах між лілей і гарлачыкаў. Сядзеў у надзіманай лодцы на якары ў світальным тумане, закінуўшы ў шпаркія воды зімовую вуду, чмыхаў і калаціўся ад пранізлівай золі. Лавіў важкіх гарбатых акунёў донкамі на тым жа плёсе… Я хадзіў на досвітку і адвячоркам, заставаўся на начлег ля зыркага вогнішча, адзін і з гурмой хлапчукоў, такіх жа апантаных гэтым заняткам. Хадзіў пехатой, ездзіў на машынах і веласіпедах. Падлеткам асядлаў і прыстасаваў да гэтай мэты ўсё тую ж старую “Верхавіну”, прадзіраўся з ёю праз гушчары і папараць, груз у дрыгве і гразі. Мапед глух і разладжваўся звычайна на рацэ. Я цягнуў гэткую бандуру на пясчаныя пагоркі, па разбітых каляінах і лужынах, якія пад лапамі змрочнага ельніку ніколі не высыхалі. Выкараскваўся з гразкай куламесы пад ліўнем і грымотамі. Дашчэнту прамоклы, без рыбы, злосны, праклінаў непагадзь і заракаўся не совацца туды ніколі…
Марна! Не далей як увечары, абсохнуўшы ў напаленай хаце, я ўжо ўслухоўваўся ў дробат дажджу па шыферным даху з надзеяй — ці хутка скончыцца? Не чыталася, не размаўлялася ні з кім, а толькі працінаў душу покліч далёкага лесу. Варыў прынаду, пры гэтым мудраваў кожны раз, спрабаваў вынайсці нешта непаўторнае і дзейснае. Пасля неспакойнага і перарывістага сну, з цягам якога чырвонае пяро паплаўка завабліва мігціць перад вачыма, калі раз-пораз выбягаеш на ганак, высоўваеш далоні ў паветра і ўглядаешся ў нябеснае прадонне, штодзень падскакваў я з гасціннага ложка і ў паўзмроку імчаўся туды, дзе нічога няма, акрамя волкай непагадзі, гразкіх сцяжын і ракі ў імжыстым покрыве.
Але акурат пасля такіх надворных калатнеч, калі па небасхіле адбягаюць на ўсход абрыўкі нізкіх няветлівых хмар, часцяком і надараецца на Свіслачы жор рыбы. Тады па ўскаламучанай хвалістай вадзе, калі з-за рабізны і пасрыванага ветрам лісця паплавок ледзьве распазнаеш, узнагароджваюцца асобныя рыбакі за сваю ўпартасць багатым уловам.
Вада ў Свіслачы разнастайная сваімі адценнямі, яна здольная выказваць імі ўсе пачуцці свае — ад поўнага спакою да буйнай радасці, ад гневу да абыякавасці. Мне трошкі знаёмая гэтая мова. Вось, напрыклад: ясны дзень, вада цячэ паважна і ўпэўнена; яна аднолькава блакітна-шэрая па ўсім рэчышчы, пухнатыя аблачынкі адлюстроўваюцца ў ёй паразмыванымі краямі, нібыта сонныя. Час ад часу дасягае слыху пляск рыбін. Наўкол адчуваецца гэткая ўсеагульная згода. Значыць, рака жыве. Не бурна, не вірліва — але нечым можа цябе сягоння парадаваць… Альбо яшчэ: такі ж сонечны дзень, але вада дзіўна блішчыць і вясёлкава пераліваецца на сонцы; выразна вылучаюцца абрысы ямаў і водмеляў, а таксама вуглаватых бела-ружовых аблокаў, што часта напаўзаюць на сонца. Наваколле так і пярэсціць, а ў нябачным нам свеце, пэўна, адбываецца нешта трывожнае. Ад таго і рыба не бярэцца, і на душы робіцца нейк нелагодна.
А бывае: навісне нерушна шэрае неба. Ані руху ў паветры, ані гуку ў травах і на свінцовай роўнядзі. Рака як бы здранцвела, хаця і цячэ і, мусіць, жыве ў сваіх нетрах. Не шорхае чарот у затоках, не шапочуць і нават не плачуць ніцыя вербы.
Позняй вясной, у адзін з такіх дзён, лавілі мы на старыку ў даволі вялікай і, трэба зазначыць, спрактыкаванай кампаніі. Рыба зусім не бралася. Хаця адзін дзядзька, мой далёкі сваяк, змог бы налавіць, здавалася, і ў лужыне. Упустую праваждаўшыся да адзінаццаці гадзін раніцы, я, каб разагнаць маркоту, пашыбаваў пералессем да Свіслачы — калі і не па рыбу, то хоць паглядзець на жывую ваду, размяцца з вудай на цячэнні. Пасля некалькіх закідаў са стромкага берага паплавок павольна, як бывае пры донных зачэпах, пачаў тануць. Я млява пацягнуў вудзільна. Яно выгнулася, але нешта важкае на тым канцы лёскі не паддавалася ні на пядзю. Пэўна, корч. Я роспачна стаў торгаць снасць, унутрана згаджаючыся адарваць кручок, бо сердаваў і, шчыра кажучы, шукаў нагоды выправіцца дадому. Корч, аднак, зрушыўся і, відаць, марудна поўз на лёсцы да берага. Але раптам рука адчула не трапятанне, а акурат важкія штуршкі нейкай магутнай істоты. Затым лёска пачала разразаць ваду супраць цячэння, і ў цьмяным рачным люстры паказаўся вялізны медны шар. Я знерухомеў ад нечаканасці, а ў руках і нагах паявілася прыкрая кволасць… Потым цягнуў здабычу тупа і няўмела. Кароткай, амаль дзіцячай вудай. Практычна без апоры нагам змагаўся з дужай рыбінай. Паблізу не было каго аклікнуць і папрасіць падбегчы з падхватнікам. Адно на процілеглым беразе два дзядзькі, мусіць, пацвельвалі з мяне. Ім, пэўна, здалося, што бедачына зачапіўся і проста злуецца… Барацьба доўжылася мо хвілін дзесяць. Я ўсё ж злаўчыўся і выцягнуў здабычу на вузкую палоску гліны, пад кручу, з якой мне собіла прыладзіцца рыбачыць. То быў лешч. Сапраўдны рачны волат кілаграмы на два. Ён выгнуўся дугой і “стаяў” на жываце, напалову ў вадзе, нерухомы. Баючыся дыхнуць, я ліхаманкава спускаўся па зыбкім пяску. Аступіўся, для раўнавагі ўзмахнуў рукамі. У адной была вуда… Ад гэтага недарэчнага штуршка кручок куляй вылецеў з рыбінага рота. Я нейк дэпрэсіўна ўтаропіўся на ляшча, які яшчэ колькі секунд, не расшалопаўшы пра сваю свабоду, варушачы шчэлепамі, ляжаў на грунце. Затым гэты прыгажун шабулдыхнуў шэрачэзным хвастом і марудна споўз у цёмную, таямнічую свіслацкую ваду…
Мне потым ніхто не паверыў. І гэта самае крыўднае. Прынамсі, таварышы, убачыўшы маю адчайную разгубленасць, пасмейваліся даволі з’едліва. Аднак пасля доўга і безвынікова кідалі свае вуды на месцы маёй рыбалоўнай паразы.
Той лешч сышоў у ваду… Як і шмат чаго туды пазбягала. Я і сам падчас думаю — а ці быў ён? А раптам усё — сон, няспраўджаная мая мара: дзяўчына ў блакітным вэлюме пад ліпеньскім сонцам, што дыбае між вёсак счарнелых у водарах лугавін, дзе лунаюць матылі і размаітыя птушыныя спевы, паўз зацень дубоў і таполяў… Недасяжная, неверагодная, любая… Мо там яна, за рачной лукавінай, за разбураным мостам цераз Сіньку, паўстане калісь пад заранічкай над світальнымі росамі?..
2. За разбураным мостам
На сутоцы Свіслачы і Сінькі, што зліваюцца непадалёк ад Асіповічаў, ёсць стары мост. І не мост ён ужо даўно, а адны разваліны: счарнелыя дубовыя палі, на якіх яшчэ трымаюцца асобныя збуцвелыя дошкі насцілу. Хісткае біла захавалася толькі з аднаго боку. Хапаючыся за яго, які рызыкант па слізкіх жэрдках усё ж можа пераправіцца з берага на бераг вузенькай рачулкі. Але на тое адважваюцца хіба што турысты. Месцічы абачліва абыходзяць гэтае, калісьці такое бойкае, месца. Аб тым сведчаць здзірванелыя каляіны лясной дарогі, якая праз мост здаўна злучала вёску Малая Гарожа з навакольным светам.
Прымаючы Сіньку, Свіслач робіць лукавіну і назаўжды, да самай Бярэзіны, сыходзіць у лясы. За магутным сасновым борам, што высіцца на стромкім правым беразе паўнаводнай ракі, туліцца вёска Малая Гарожа — зусім не малое сяло. Там мае карані па прадзеду. Моцныя, трывалыя, непарыўныя. Як у старых дубоў.
У малой лугавой рачулкі вельмі нізкія берагі, абалона надзвычай шырокая і багністая. Таму ад Гарожы да Асіповічаў і бліжэйшых вёсак дабірацца карацей і лацвей за ўсё было менавіта праз хваёвы бор, мост цераз Сіньку. Абгінаючы затым Свіслацкі старык, які тоіцца ў змрочных яловых бураломах. Так і рабілі мае продкі, так рабіў прадзед, калі, назаўжды асеўшы ў Асіповічах, наведваўся на радзіму.
Мост збудавалі самі вяскоўцы. Даўно, мажліва, у мінулым стагоддзі. Драўляны, вузкі, ён добра вытрымліваў калёсы, гружаныя збожжам і гароднінай, быў рады і паважнай хадзе мясцовых рыбаловаў, грыбнікоў, паляўнічых.
У Вялікую Айчынную мост быў зруйнаваны: ці то партызанамі, што непадзельна гаспадарылі ў лясах, ці то нямецкімі бомбамі. Пазней яго аднавілі зноў жа сяляне, саматугам, для паездак на прырэчныя палеткі, рынак, чыгунку.
Карысталіся мостам пасля вайны вяскоўцы яшчэ каля трыццаці гадоў, пакуль не старасць, не бомбы — цывілізацыя разваліла яго канчаткова. Непрыстасаваным аказалася гэтае збудаванне для магутных цягачоў, што з дазволу калгаснага лясніцтва жвава ўзяліся вывозіць спляжаныя дрэвы бору. Непрыдатны быў мост і для порсткіх легкавушак і матацыклаў, на якіх асіповіцкія рыбаловы-заўзятары не надта ашчадна асвойвалі свіслацкае прыбярэжжа…
Разваліўшы мост, гараджане нашкодзілі самі сабе, а жыхары Малой Гарожы атрымалі неспадзяваную палёгку. Вялікая лапіна сапраўднай беларускай прыроды адразу ж выбавілася з-пад улады агрэсіўна, паляўніча настроеных людзей, першабытныя жадункі якіх навукова-тэхнічны прагрэс распаліў неймаверна. Дабірацца туды цяперака стала дужа цяжка: праз гасцінец, шлях, цераз усю доўгую Малую Гарожу, зноў жвірысты шлях, потым — бор, яго пакручастыя шматкіламетровыя сцяжыны. Шараговы рыбак не адважыцца. Таму і ловіць звычайна на ўчастку ад Асіповіцкага вадасховішча да Сінькі — да разбуранага моста. Ловіць цяпер ужо драбязу, дый то — радзей і радзей
...Далёкай, таямнічай кінастужкай пракручваецца ўспамін аб адзіным пераадоленні мной гэтай славутай перашкоды... Бацька доўга вагаўся, затым высадзіў усіх з нашага новага “жыгулёнка” і па рыпучым, дзіравым насціле пераехаў на процілеглы бераг Сінькі. За ім пехатой рушылі астатнія. Мне было тады каля дзесяці гадоў… Мост выглядаў яшчэ даволі трывалым, хаця і перажываў, як аказалася, свае апошнія дзянькі…
Потым мы ехалі па светлым, ветлівым лесе. Потым сонца шчыравала ў прыроднай купальні, завіснуўшы над выносістымі хвоямі. Абрысы іхніх крон на сіняй тканіне летняга небасхілу згадваюцца цяпер чамусьці з “Цямнее край зубчаты бору…” вялікага паэта… Я глядзеў на пазалочаныя сонцам вершаліны дубоў і клёнаў і дыбаў па пакатым пясчаным дне наперад. А Свіслач вабіла мяне, неназойліва лашчыла і падштурхоўвала шпаркай плынню далей і далей па мелізне… На сярэдзіне ракі дно нечакана абарвалася, і я адной нагой нібы завіс над безданню. А рака зацягвае, усмоктвае ў сябе… І людзі далёка, і ад жаху нічога не магу выгукнуць… Я падскакваю, раблю некалькі панічных рухаў усімі членамі і, дзякаваць Богу, станаўлюся абедзвюма нагамі на грунт…
Тое, бадай, адзіная дзіцячая згадка пра цяжкадаступныя цяпер Свіслацкія берагі. Неўзабаве мост разваліўся. Я пазней часта натрапляў на ягоны касцяк, калі рыбачыў на сутоцы, абыходзіў старое рэчышча з вудамі. Доўгія гады супрацьлеглы бераг Сінькі быў для мяне нечым недасяжным, таямнічым, запаветным. Вёска Малая Гарожа ўяўлялася ледзьве не выраем, калыскай хлапечай душы, вытокам і вартавым маіх тадышніх памкненняў.
Зрэдчас з-за руінаў моста даходзілі звесткі: то прыцягнецца стары ў бахілах з таптухай і поўным шчупакоў мехам; то прыплыве з-за лукавіны на гумавай лодцы бывалы дзядзька і, прычаліўшы, вываліць на траву тлустых блішчастых краснапёрак; то які басаногі хлапчук распавядзе байку пра свой паход з вудай па заваблівых, уловістых берагах…
Толькі пасля службы ў войску, летуючы ў Асіповічах, я, амаль выпадкова, усё ж трапіў туды. Адрамантаваўшы старую бацькаву “Верхавіну”, я рыбачыў у той год пераважна на вадасховішчы. Аднойчы да мяне завітаў сусед-аднагодак з прапановай з’ездзіць палавіць на адно “талковае”, нядаўна ўведанае ім месца. Як высветлілася, гэта было акурат на Свіслачы за Малой Гарожай. Праўда, дабіраліся мы туды не праз стары мост, а па Бабруйскай шашы на мапедах. Затым збочылі да вёскі, доўга вязлі ў сухіх пясках, выкараскаліся на гравійку, заехалі ў бор і, разам са сцяжынай пакружляўшы па ім, нарэшце дасягнулі жаданай мэты.
Сцяжынка нырнула пад пахілую бярозу, раптоўна расступіўся гушчар, і я, што газаваў першы, ледзьве не ўляцеў з крутога берага ў Свіслач, якая ціхутка паўзла пад намі. Здавалася, з глыбіні, з-пад сваёй цёмна-люстраной паверхні ўзіралася рака ў неспадзяваных наведвальнікаў: недаверліва і загадкава. Стоеную векавечную жальбу адчуў я тады ў бурых водах Свіслачы. Па гэтых берагах, пэўна ж, хадзілі колісь і мае продкі. Не дзеля забавак і гвалту над навакольным хараством. Хадзілі па справах — сцішана і ашчадна. Магчыма, іх празрыстыя душы і тады луналі між намі, зычылі любасці і дабра…
Мы з прыяцелем упадабалі гэтае месца і пасля ці не праз дзень наведваліся туды. Рыбачылі паспяхова. Ды не гэта галоўнае. Больш значным здавалася спатканне з той бязважкай адвечнай лагодай, якую дарыла нам рака, чым быў спрэс насычаны навіслы над ёй лес, чым дыхала кожная цявінка і ягадка. У каронах дубоў на процілеглым беразе шасталі павевы, гулялі святлацені на прыбярэжных паплавах. Клёны над намі, пераплятаючыся разложыстым голлем, стваралі прыродныя альтанкі, адорвалі прахалодай у спёку. Паплаўкі вудаў час ад часу занырвалі ў цемру ямы, каб адразу ж вярнуцца з упэўнена падсечанай буйной плоткай ці гусцёркай.
Натаміўшыся ад нерухомага сядзення з вудамі, прыемна размораныя гарачынёй валавокага ліпеня, мы выбіраліся на лясныя палянкі. Там мільгалі суніцы. Іх дурманлівым водарам, змяшаным з п’янлівымі пахамі разнатраўя, патыхала гарачае паветра баравіны. Няўзнак распазнаваліся ў ім і чабор, і горыч яловай кары ці жывіцы. А больш хацелася спаць, дакладней — драмаць лежма пад цурчанне бойкай крынічкі, задумлівы шэпт асін. Пад воблачнай ватай…
Потым лавілі зноў, да глыбокіх прыцемкаў адцягвалі вяртанне дадому. Бывала, за цэлы дзень на рацэ так і не пабачыш, і не пачуеш чалавека. Занураныя ў ваду, мы амаль не размаўлялі паміж сабой і, дзіўна, нават не адчувалі ў гэтым патрэбы… Што наша бедная, змушаная гаворка ў параўнанні з мовай птушак і конікаў, ледзь чутным шорганнем ляснога звярка ці настойлівым дробатам дзятла? А як красамоўна выказваецца імпэт ветру ў чаратах, ці акунь, што ганяе драбязу на водмелі… Там жабкі, захапіўшыся, зазвычай ствараюць сырымі вечарамі гуллівую какафонію.
Людзі… людзі маёй радзімы — сапраўдныя, непадробныя, шчырыя… Мы зрэдку сустракалі іх там. Яны праходзілі паўз нас: маўклівыя рыбакі і палясоўшчыкі, грыбнікі і паляўнічыя. Шныпарылі вясковыя белабрысыя хлапчукі з нератамі і таптухамі. Усе яны былі вельмі дарэчнымі там — як страказа, як бацян ці таполя. Значна натуральней за нас, значна бліжэй да прыроды… Я дужа люблю іх: гаваркіх за чаркай ля вогнішча і маўкліва-засяроджаных за вудамі. Люблю іх рыбацкія расповеды-небыліцы. Хаця… надта ўжо часта было тым байкам і бясспрэчнае пацвярджэнне. Напрыклад: шыбуе рухавы дзядок з “павуком” уздоўж берага, запыніцца каля цябе, крыху пажаліцца на вялікую ваду, на карчы, што рвуць сетку, а тады скажа:
— Вунь у той затоцы судака падняў, халера яму!
— Як там? — здзіўляюся. — Ды ці ёсць судакі на Свіслачы?
І сапраўды, пра судакоў там чую ўпершыню.
— Эх, братка… — са шкадаваннем глядзіць на мяне стары, лезе ў зашмальцаваную торбу і высоўвае адтуль вялізную драпежную галаву рыбіны. Праз якую секунду ўжо пхне судака назад, узнімае шост “павука” на плячо і рушыць праз асаку на новае месца.
А неяк хаваўся ад дажджу ў нашым будане спіты дзядзька. Увесь час сіпеў, кашляў і забаўляў нас рыбалоўнымі показкамі. У гуморы прыгадаў, як некалі юнаком сядзеў рыхтык тут з вудай — на паваленым дрэве. Было горача. Ён акунуў тады ногі ў ваду і боўтаў імі. Раптам вада растулілася, і страшэнная разяўленая пашча рыбіны цапнула гора-рыбака за голую нагу. То быў агромністы сом. Паводле дзядзькавага расповеду, ён ухапіўся за сук і толькі таму не быў вокамгненна зацягнуты ў яміну. Але сом не расшчэпліваў сківіцы. Тады хлопец выхапіў з-за дзягі паляўнічы нож і паласнуў па вачах гэтаму рачному страхоццю. Рыбіна асела ў ваду, здзіраючы са шчыкалкі мяса…
Гэтаму можна было не верыць, можна было пераміргвацца ці пацвельвацца з гора-рыбака, каб той адразу ж не прадэманстраваў, закасаўшы калашыну, жахлівыя застарэлыя шрамы. З такой прычыны я затым досыць уважліва ўслухоўваўся ў расказы дзівака пра ляшчоў, якіх ён ловіць тут выключна на п’явак, пра тое, што дождж хутка скончыцца і распачнецца жор рыбы…
Развітваючыся з намі перад змярканнем, дзядзька казаў:
— Пайду за старык. Калі не сягоння, то заўтра на досвітку туды ляшчы падыдуць. Буду сцерагчы.
— Дык імжыць жа яшчэ. Счакаў бы…
— А што мне дождж! Завалюся пад яліну, ватоўкай накрыюся — і бывай здаровы.
Памаўчаўшы, дадаў сур’ёзна:
— Заўтра рыба будзе, хлопцы. Пагода — любата. Адно жонку не папярэдзіў, што застаюся. Праўда, звыклася яна — у мяне тутака справункаў процьма.
— А ты хто?
— Палясоўшчык…
Ён растаў у вечаровым марыве, а я пасля доўга ўзіраўся ў шэрае несімпатычнае неба. Аніводнай прагаліны! Нудота... Пацепваючыся ад золкасці, палез у будан, дзе ўжо хроп мой прыяцель.
Зранку было — ні воблачка…
С кожнай такой сустрэчы можна пісаць аповед. Дый не толькі з людзей, загартаваных жыццём пад адкрытым небам. Жыхары ракі і лесу ды так званая “нежывая прырода” раскажуць не менш.
Аднойчы ўвосень, прадзіраючыся скрозь падлесак з мапедам у руках і рукзаком за плячыма да адной затокі, я натрапіў на вялізны спрахлы пень. Па плошчы ён быў, як ложак. Магутны дуб, відаць, спілавалі даўно, калі месца хмызоў і маладога бярэзніку займала лугавіна. З яе гэты волат дзесяцігоддзямі задуменна ўзіраўся ў люстра ракі. Мінаючы пень, я заўважыў на ягонай замшэлай паверхні варушэнне. Прыгледзеўся і сцепануўся ад нечаканасці: мноства вужак, перавіўшыся паміж сабой у купку, бестурботна грэлася на скупым восеньскім сонцы. Мне зрабілася ніякавата, хаця тое былі, здаецца, бяскрыўдныя вужы. Лусканая скура іх вясёлкава пералівалася, і мне ўспомнілася зноў жа Багдановічава — пра Змяінага цара:
Зіхацяць маёй кароны
Залатыя рожкі,
Цёмным бляскам адлівае
Ўся луска мая.
Непадалёку ад сатлелага пня, па ўзбалотку, расце чарамша — вельмі каштоўная і смачная расліна. Яна любіць змрок і сырасць — нібыта хаваецца ад людзей, якія яе ўсё адно амаль вынішчылі. Прынамсі, у Беларусі прыродныя чарамшыныя дзялянкі можна ўжо пералічваць па пальцах рук.
У зімовыя завірушныя вечары часта прыгадваецца мне леснічоўка на водшыбе Малой Гарожы, рыпучая студня каля яе і адзінокая крывая сасна, занесеная некалі ветрам з блізкага лесу. Там рубяць на заказ хаты. Іх вянкі рознай вышыні шашкамі расстаўлены на ўзлеску… Успамінаецца прамы гравійны шлях цераз пушчу. Калі ясным летнім вечарам вяртаешся па ім са Свіслачы, сонца скатваецца па небе акурат на канцы гэтага прасёлка. Косыя барвовыя прамяні запаляюць тады ствалы гонкіх хвояў. Бурштынавым полымем гараць яны наўсцяж шматкіламетровай дарогі. І здаецца, што на ўсім свеце толькі і ёсць, што гэты агністы сасновы частакол. А ў прамежках ствалоў — непрагляднае цемрыва гушчы…
Змяркаецца, вычварныя цені лесу паўзуць на дахі Малой Гарожы. Цямнеюць сады, там-сям у акенцах успыхвае святло лямпачак. На вуліцы гаспадарыць цёплы пах толькі што прагнанай чарады. Нягеглыя хацінкі вабяць сваёй утульнасцю. Але мы прамінаем соннае сяло, уключаем ліхтары мапедаў і таропка кіруем далей — у бок шашы, да Асіповічаў…
3. Домік рыбака
Мы зранку глядзімся ў люстэрка, каб надаць сабе належны вонкавы выгляд, каб узняць уласны настрой. Яны розныя бываюць, гэтыя люстры… На зары жыцця мне давялося глядзецца ў паверхню Асіповіцкага вадасховішча. Не сябе бачыць у ім, а адбіткі бухматых хмарак і мігатлівых зарніц, водарасці і гульню сонечных плямаў. Я гляджуся туды і цяпер, бывае, і не пакідаючы бетоннай кватэры-схованкі, калі знадворку — маразы ці проста панылая непагадзь.
У люстэрку маім — не толькі абрысы ды ўяўныя вобразы. Там пах чабору і медуніцы, неўтаймоўныя летнія вятры, што ляцяць з воднага абшару. Там пранізлівы драч аклікае маё маленства, а бор шапоча і закалыхвае…
За сялом Вяззе, за вясковымі могілкамі, за невялікай сенажаццю пачынаюцца густыя нізкія лясы. Кажуць, чаргуючыся з балацявінамі ды ўзбалоткамі, цягнуцца яны да самай Градзянкі, а мо і далей — у бок Магілёва. У тым напрамку і разлілася колісь Свіслач, перагароджаная для стварэння ГЭС. Вадасховішча ўдаецца ў яловыя гушчары затокамі, амаль адразае некаторыя лапікі зямлі ад навакольнага свету і цывілізацыі, утвараючы гожыя месцы для адпачынку турыстам.
На адной з такіх паўвыспаў, колькі помню сябе, знаходзіцца Домік рыбака і паляўнічага. Даволі дыхтоўны дамок патанае ў навіслых над ім ялінах і хвоях. Самотны вартаўнік падтрымлівае ў ім іскрынкі жыцця. На веснічках зялёнага штыкетніка няма шыльды, і выпадковы вандроўнік, канешне ж, не здагадаецца аб прызначэнні гэтай двухпавярховай будыніны. Выхаднымі днямі, зрэдку — у будныя дні, таямнічы дамок ажывае: пачынаюць скрыгатаць ланцуг студні, бразгаць вядро, грукаць боты па ганку, рыпець масніцы веранды, па двары разносяцца бадзёрыя ўпэўненыя галасы. Гэта мясцовая “эліта” прыязджае весела бавіць час: гаспадарыць у гушчарах і затоках. Адплываюць ад маленькага прычалу чаўны, раз за разам раздаюцца ў лесе стрэлы дубальтовак.
Вечарамі ў вокнах дома запаляюцца газнічкі, неяк узрушана сноўдаюць цені, гучаць п’яныя галасы і бязладныя песні. Праз пару дзён усё аціхае. Дом акунаецца ў звыклую для сябе маркоту, слухае шапаткія мовы дрэў, сцішаны крутаватым берагам пляск хваляў…
Улетку, шмат гадоў запар, мы жылі наводдаль Доміка рыбака: у палаткавым гарадку, “дзікунамі”. Мае бацькі і сваякі разбівалі лагер звычайна на невялікім прыбярэжным поплаве. Людзі пад’язджалі туды, бавілі адпачынак, ад’язджалі. Іх месца займаў яшчэ нехта з радні. І так амаль усё лета. Можна было проста завітаць у лагер на выхадныя дні з Мінска. Дарослыя рыбачылі, збіралі грыбы і ягады. Дарэчы, Асіповіцкае вадасховішча і па сённяшні дзень славіцца сваёй уловістасцю. Цяпер у сезон яго берагі проста ўшпіляны рыбакамі. У час майго маленства напаткаць там чалавека было рэдкасцю. Затокі і завадзі кішэлі карасямі, лінямі, краснапёркамі. У “тэлевізары” — сеткі метр на метр, якія тады былі афіцыйна дазволены, трапляліся буйныя акуні і плоткі.
На супрацьлеглым беразе, каля тамтэйшага Дома адпачынку, знаходзілася лодачная станцыя. Дарослыя бралі там пару драўляных лодак на месяц. На іх мы штодзень аб’язджалі папярэдне расстаўленыя ў акенцах між водарасцяў “тэлевізары”. Рыбу кідалі проста на днішча лодкі. Памятаю, я заўсёды асцерагаўся пакалоць босыя ступні аб вострыя плаўнікі гарбаносых акунёў, якія шалёна дрыгаліся і падскаквалі пад намі.
Мне не дужа падабаўся гэты нячэсны, нецікавы спосаб лоўлі рыбы. Я моцна зайздросціў тады рыбакам з вудамі. Адно лета на бераг непадалёк ад нашага лагера кожную раніцу прыязджаў на чырвонай “Яве” дзядзька. Адзяваў бахілы, размотваў дзве-тры вуды і ўладкоўваўся ў невялічкім зарослым заліўчыку, заходзячы ў ваду па сцёгны. Вудзільны клаў на рагулі. Маўкліва дыміў папяросамі і раз-пораз выводзіў з каламутнай, глеістай вады ў падхватнік вялізных шарападобных рыбін. Лавіў нядоўга — гадзіны тры-чатыры, але заўжды вяртаўся з поўным рыбнікам. Мы, хлапчукі, потым з цікаўнасцю разглядалі на траве тлустых, што парасяты, карасёў і лінёў. Між іншым, праз якія пяць гадоў ад таго часу лежабокі-ліні амаль зніклі з вадасховішча.
Аднойчы і я паспытаў шчасця вудзільшчыка. Мне ўпершыню дазволілі лавіць з дарослымі на рыбацкіх мосціках, збудаваных пад Домікам рыбака і паляўнічага. Усю ноч і дзень імжэла і толькі адвячоркам неба крыху праяснілася. Знудзіўшыся ў палатцы, я быў невыказна рады такому неспадзяванаму, незвычайнаму для сябе мерапрыемству. Таму і сядзеў поруч з бацькам ціха-ціха, заварожана назіраў за двума чырвонымі пёрамі, якія ледзь прыкметна пагойдваліся на маленькіх блішчастых хвалях. Рыба доўга не бралася. Два нашы сваякі, бывалыя рыбаловы, на суседнім мастку яўна сумавалі… Як надараецца часцяком, пашчасціла найменш спрактыкаванаму: мой паплавок тры разы ўпэўнена ныраў у глыбіню, і я з дапамогай бацькі выцягнуў дзве немалыя плоткі. Пасля таго ўсе чацвёра сачылі толькі за маёй вудай. І не дарэмна: праз колькі часу чырвонае пяро пачало нетаропка акунацца і рушыць убок. “Падсякай!” — гукнуў бацька. Я нервова таргануў вудзільну і адчуў на тым канцы лёскі не трапятанне, не, а нейкае магутнае варушэнне. “Цягні!”, — закрычалі мне ўсе разам. Ад неспадзеўкі я разгубіўся, а рыбіна ўжо патапіла канец вудзільна. Бязлітасна таргаючы і тузаючы яго, імкнулася ўглыбіню. Тады бацька выхапіў у мяне вуду і, павадзіўшы пару хвілін, няўклюдна, бо не было падхватніка, выкінуў усё ж на мосцік кілаграмовага карася… У лагеры ўсім сказалі, што рыбу вылавіў я. Мяне апаноўвала гордасць, білі дрыжыкі і ляскалі зубы ад перажытага паляўнічага шчасця.
Хмурнымі вечарамі, калі па небе рушылі шэрыя калматыя хмары, калі пад ветрам калыхаліся і стагналі прыбярэжныя хвоі, мне станавілася страшна. Гушчар зеўраў паблізу, бушавалі гаманкія хвалі, на іх грэбнях адбіваліся сполахі далёкай навальніцы. Змаўкалі і хаваліся птушкі, і толькі ластаўкі лёталі над самым долам. Хацелася, дужа хацелася дамоў — у Асіповічы, да бабулі… Адным непагодлівым адвячоркам я моцна расплакаўся: румзаў і прасіўся ў горад. Мне было тады гадоў пяць. Бацькі ўспамінаюць, што аніякія ўгаворы-ўлагоджванні не дапамагалі: малы настойваў на сваім. Я равеў гадзіны дзве, і бацьку ў рэшце рэшт прыйшлося сесці на “Верхавіну” і павезці мяне нанач да бабулі… Праз гадзіну пасля нашага ад’езду надарылася страшэнная навальніца. Бура шкуматала палаткі і кроны дрэў, бліскавіцы рэзалі неба, дождж ліў няспынным патокам. Пасля кожнага выбуху перуна, які, казалі, хвастаў ледзь не ў самыя палаткі, людзі галёкалі паміж сабою, дапытваючыся — ці жывыя яшчэ суседзі. Поплаў ператварыўся ў азярко. У ельніку нешта вусцішна вухкала, і здавалася, што ён палае ўжо ад маланак. Гэткая калатнеча доўжылася да раніцы…
У тую ноч я бестурботна спаў у бабінай хаце. Жахлівая навальніца зачапіла гарадок толькі краем.
Паблізу Доміка рыбака няма населеных пунктаў. Вялікае сяло Вяззе знаходзіцца ад яго, па меншай меры, у трох кіламетрах. Вязчане рыбачаць ў асноўным на сваіх, прылеглых да вёскі, берагах вадасховішча. За Домікам жа пачынаюцца густыя лясы, балаціны, сенажаці. У міжлессях можна напаткаць невялікія жытнія або кукурузныя палеткі. Але вёсак не відно. Мабыць, таму мы і жылі месяцамі ў поўнай адасобленасці ад знешняга свету. Зрэдку сустрэтыя там людзі — пераважна такія ж турысты-гараджане.
Адным летам адпачывалі паблізу нашага лагера, на суседнім поплаве, тры хлопцы з Бабруйска. Замест даху над галавой у кожнага было па чоўну. Нанач яны перакульвалі іх дагары днішчам на падрыхтаванае загадзя яловае вецце. Днём вудзілі з лодак у завадзі ці шнырылі з кошыкамі па прыбярэжным бураломе. Харчаваліся юшкай ці грыбной поліўкай. Доўгія нізкі грыбоў і рыбы яны развешвалі на ўзлеску паміж асінамі. Жылі турысты надзвычай проста. Сякера, чыгунок, вуды — вось, бадай, і ўся маёмасць тых хлопцаў. І яшчэ запомніліся іх вечаровыя спевы ля мігатлівага вогнішча… Хто зможа пражыць так з месяц? Без забавак, найменшых выгод і прыстасаванняў цывілізацыі. Прыгадваючы часы маёй, ужо значна пазнейшай, маладосці, скажу, што ў падобныя вандроўкі мы выпраўляліся з непатрэбным, вульгарным друзам рэчаў. Нярэдка неслі з сабой і “гаручае”. Аб якіх зносінах з прыродай магла ісці ў нас гаворка? Ды яна, мусіць, проста пагарджала намі. Тыя ж хлопцы былі часткай навакольнага свету, і ён давяраўся ім. Аніяк не магу ўявіць такіх турыстаў у мітуслівых, пошла-меркантыльных, здрадлівых варунках гарадскога жыцця.
Успамінаю самотнага вартаўніка таямнічага доміка. Менавіта ён аднойчы распавёў камусьці з маёй радні аб прызначэнні гэтай будыніны. А яшчэ падзяліўся адным рыбацкім сакрэтам. Бо лавіў стары многа, без перабольшання — вёдрамі. Але рыбачыў раз на тыдзень, перад выхаднымі, каб прадаць рыбу будучым наведвальнікам доміка. Прычальваў стары зазвычай апоўдні, на вузкім чоўне, шпарка працуючы адным кароткім вяслом. Адкуль прыплываў — невядома. Але затым доўга цягаў кашом з днішча на бераг срэбраных, з чырвонымі плаўнікамі і рахманымі вачыма, плотак. Сартаваў на мураве і пераносіў у дом… Як аказалася, дзед напярэдадні збіраў вядро плоскіх ракавінак. Варыў, яны раскрываліся. Даставаў мяса малюскаў і сек паляўнічым нажом — у мешаніну, якая наступным ранкам служыла і падкормкай, і прынадай. Па яго словах, на адной водмелі ў цэнтры вадасховішча плоткі проста вар’яцелі ад такога пачастунку і літаральна лезлі на дзедаў кручок. А рыбачыў ён заўжды адной вудай.
Не радзей як людзі сустракаліся нам тады насельнікі лесу. Неяк, збіраючы грыбы на ўзлеску невялікай баравіны, мы натрапілі на лася. Расахаты волат здзіўлена і бязбоязна некаторы час пазіраў у наш бок, затым скрыўся ў хмызняку, важка ступаючы і ламаючы голле. Бачыў я пазней і ласіху з ласянём, што пераходзілі неглыбокую завадзь-балотца. Пра зайцоў, вавёрак і розных вужак няма і гаворкі! Лес жыў тады паўнакроўна. І гэта непадалёку ад Доміка рыбака і паляўнічага, дзе па выхадных шныпараць заўзятары з сіламі ды стрэльбамі!
Той дамок стаіць і цяпер. Але наведваемся мы туды рэдка. Шматлюдна сталася там, тлумна. Асвойталі запаветныя бураломы аўта- і мотааматары, не бянтэжаць іх гразкія дарогі-сцяжыны, лужыны пад яловым веццем, што не перасыхаюць ніколі. Нарабіў чалавек аб’ездаў: праз хмызняк, праз маладыя саснякі і алешнікі. Здратаваны грыбніцы і сунічныя палянкі, засмечана прыбярэжжа прыхільнікамі актыўнага адпачынку. Здрабнела і штогод драбнее ўсё больш рыба, адыходзіць вышэй — у бок Лапічаў. Не сунімаюцца рыбаловы: сноўдаюць на лёгкіх надзіманых лодках па завадзях, сякуць водную роўняць і чысцюткае паветра вінтамі маторак… Не так, усё не так цяпер.
Толькі люстэрка маё ці не штодня адбівае бялявага задумлівага хлопчыка, што сядзіць ля кастрышча, варушыць кіёчкам вуголле. Шызы дымок сцелецца па доле, ахутвае рудыя палаткі, здзімаецца азёрным ветрыкам у гушчар, пад кроны каржакаватых дрэў. Паважна дыбае чырванадзюбы бусел у затоцы. Курлыкаюць, пралятаючы, жоравы. Там сонца ярчэй і лагадней палівае залесныя гоні, а цені аблокаў паўзуць па жаўне баранамі. Там шлях у вярбовых прысадах вабіць у патаемную даль. Грузавікі, поўныя жытам, ныраюць і караскаюцца на пагоркі. Знікаюць спакваля, растаюць у журлівым жнівеньскім марыве. Там вёскі, мабыць, жыццё неспазнанае. Някідкая, сцішаная мая Беларусь.
Гайня
1
Гэтым будным ранкам Антось, хлапчына гадоў трыццаці, устаў з пасцелі ў нязвыклай для сябе ўзрушанасці. Можна было б сказаць — не з той нагі. Але што гэта за нага і тая яна ці не тая, мабыць, пакажуць падзеі, якім наканавана разгортвацца ў рамках гэтага апавядання.
Антось расчыніў насцеж акно і нядоўга, але апантана дрыгаўся перад ім у фізічных практыкаваннях. Хмурны кастрычніцкі золак не абяцаў наперадзе нічога прывабнага. Але гэта чамусьці задзірліва цвяліла хлопца і разам з адцісканнямі ад падлогі ды прысяданнямі-падскокамі надавала бадзёрай дужасці арганізму.
Моцна ляпнуўшы дзвярыма свайго несамавітага пакоя, хлопец пашыбаваў па цесным калідорчыку “хрушчоўкі” ў ванную. Пусціў сцюдзёную ваду, доўга і зацята — да сутаргаў у сківіцах, мыўся пад душам. Кватэра пакрысе прачыналася. Антось зларадна адзначыў, як некалькі разоў нехта таргаў і паварочваў дзвярную ручку. Напэўна, Маша, братава жонка. Заўжды ёй карціць лезці ўперад менавіта раніцой, калі ён у прадчуванні тлумнага рабочага дня, мякка кажучы, не ў гуморы. Сама ж не працуе, нягодніца! А лезе, блытаецца пад нагамі, нібыта наўмысна пырскаецца, нафарбоўваецца тут з паўгадзіны… Антось не любіў братавую.
Скончыўшы мыццё, хлопец злосна праслізнуў міма Машы, якая сапраўды абівалася каля дзвярэй ваннай, на кухню і грунтоўна заняўся гатаваннем снедання. Зазвычай ён качаўся ў ложку як мага даўжэй — ледзь паспець на работу. Уставаў кволым і есці амаль не хацеў. Піў на кухні спіты вячэрні чай, бо каву лічыў шкоднай для свайго страўніка. Але сёння Антось адчуваў радасную пругкасць ва ўсім целе, смактанне пад лыжачкай дый увогуле — жаданне жыць. Таму па-гаспадарску палез у халадзільнік і неўзабаве змайстраваў сабе яешню ажно з пяці яек. Пакрышыў туды і цыбулі.
Пах смажанай стравы ўзрушыў насельнікаў кватэры. Брат, праўда, спакойна спаў у сваім пакоі, але маці і дзед ужо неаднойчы зазіралі на кухню з прапановамі памагчы і падобнае. Антося заўсёды злаваў такі нагляд. Ад доўгага халастога жыцця ён звык і любіў есці на адзіноце. Каб схаваць раздражненне і зараз, хлопец запеў благім голасам нейкую забаўляльную песеньку. На пытанні адказваў коратка і няветліва, але еў з апетытам.
Напрыканцы сняданка дзед, яшчэ даволі дужы і жыццярадасны франтавік, усё ж прычапіўся да Антося з заўсёднымі сваімі даручэннямі: зайсці туды-сюды, чагосьці купіць-разведаць. Раней хлопец моўчкі выслухваў падобныя заданні ды па магчымасці на працягу дня іх выконваў. Хаця дзядуля, бадай, быў здатны ўсё зрабіць сам. З яго ўвішнасцю! Зараз жа Антось, шаруючы анучкай пад струменем цёплай вады талерку, працадзіў з непахіснай жорсткасцю:
— На жаль, не магу, дзядуля. Буду дужа заняты!
— Ды чым вы там, лайдакі, займаецеся! Вось мы колісь… — пачаў быў заўсёдную казань стары.
— Працай, любы мой дзеду, — перарваў яго раззлаваны ўнук, — Ра-бо-тай. Як заўсёды, як і надалей!
Антось шмыгнуў паўз агарошанага дзеда ў пярэднюю і ледзь не ўваткнуўся ў мажную постаць братавай, якая пры святле бра красавалася перад люстэркам.
— Ты ж праз пяць хвілін усю касметыку па падушцы развэдзгаеш, недарэка! — уеў яе Антось, бо напраўду ведаў: тая пасля выправіцца дасыпаць яшчэ, па меншай меры, гадзіны на дзве, а малых яе будзе карміць маці.
— У цябе не спыталася толькі, — Маша яшчэ больш густа пачала фарбаваць вейкі. На Антося, як на нікчэмнасць, не павярнула і галавы. Досыць і люстранога адбітка.
Тады хлапчына шуснуў у ванную, прычасаўся і, на злосць братавай, выліў на сваю галаву гожую порцыю ейнага дарагога лаку для валасоў. Ад гэтага свавольства на душы зрабілася чамусьці лёгка і весела. Антось усміхнуўся.
Затым страката, ледзь не па-спартыўнаму, апрануўся ў сваім пакоі і борздзенька рушыў на работу.
…На канцавым прыпынку натоўп жыхароў мікрараёна штурмаваў тралейбусы, што раз-пораз прычальвалі да высокага бардзюра. Антось счакаў чарговую “сямёрку”, вылічыў, дзе прыкладна спыняцца заднія дзверы, і, жвава арудуючы локцямі, рынуўся да сядзячых месцаў. Праз якую хвіліну тралейбус быў забіты дарэшты. Але хлопец ужо ўладкаваўся на парэпаным рудым сядзенні, побач з азызлым дзядзькам, які адразу схаваўся за газетай. Над Антосем навісалі дзядкі і бабулі, паўз яго лезлі дзецюкі і маладыя кабеты. Усе штурхаліся, лаяліся, гаманілі. Альбо проста нядобра маўчалі. Хлопец пазіраў на іх з выклікам. Маўляў, сяджу вось, і што вы са мной зробіце? Ён не адчуваў сёння звычайнай для сябе пры падобных абставінах няёмкасці і сарамлівасці. Антось адкрыта і дзёрзка глядзеў пасажырам у вочы. Іх абурэнне яго болей не турбавала.
Тралейбус марудна поўз у цэнтр вялізнага горада, пераадольваў шматлікія святлафоры, заторы і раз’езды. Вось мажны сусед палез цераз Антося, нават не папрасіўшы таго адсунуцца. Шырокі зад паўстаў перад ваччу нашага героя. Пах потнага тлустага цела патыхнуў у ноздры. “Спакойна. Я спакойны…” — улагоджваў сябе Антось.
Праз колькі хвілін і ён мусіў нырнуць у страшэнную куламесу целаў, праціскаючыся да выхаду. Антось пралез туды загадзя — за адзін прыпынак. Стаяў, ухапіўшыся за вертыкальную парэнчу аберуч. Людскі паток тузаў і трапаў бедачыну. Раптам адзін здаравіла, што магутна лез напралом, ледзь не абапіраючыся рукамі на галовы суседзяў, не вытрымаў.
— Ну, мо выйдзеш нарэшце?! — уладарна спытаў-загадаў ён, спыніўшыся перад хлопцам. Дзядзька цяжка, злосна дыхаў часночна-тытунёвым перагарам Антосю ў твар. Дзеля справядлівасці трэба зазначыць, што бамбізу і сапраўды нялёгка было пранесці сваё бруха міма хлопца. Дадалося сюды і законнае раздражненне працоўнага чалавека на пачатку рабочага тыдня.
Але Антось быў сёння нязломны:
— З якой радасці, спадару?
З-за нястачы часу той толькі пракаўтнуў лютыя словы і, наўмысна ўмінаючы парэнчу ў цела маладога задзіры, памкнуўся да выхаду. Ад болю ў Антося заняло дыханне, злосна заскрыгаталі зубы. Адной рукой трымаючыся за поручань, другой хлопец у рызыкоўным імпэце схапіў здаравілу, які ўжо спускаўся з перадапошняй прыступкі, за каўнер кашулі. Моцна таргануў на сябе. Пырснулі верхнія гузікі. Дзядзька рэзка павярнуўся. За яго спінай, за праёмам расчыненых дзвярэй, ужо віраваў натоўп пасажыраў.
— Ты забыўся папрасіць прабачэння, — задыхаючыся ад нянавісці, прасіпеў Антось. — Валі прэч! — з гэтымі словамі ён зверху піхнуў нахабніка нагой у шырокія грудзі. Пабалансаваўшы некалькі секунд на краі апошняй прыступкі, той жухнуў у людскую таўханіну і быў імгненна ёй усмактаны і праглунуты.
У дзверы ўціснулася два-тры новых пасажыры — не болей. Тралейбус рушыў далей. Увесь час да наступнага прыпынку Антось скурай адчуваў паважлівыя позіркі ў свой бок, чуў адабральнае шушуканне.
…Прахадную завода Антось мінаў зацята. Пластмасавы пропуск аніяк не хацеў лезці ў шчыліну турнікета. Хлопец вылаяўся. На гэта вахцёрка зрабіла яму заўвагу і ўпікнула, што няблага б было прыходзіць своечасова.
— Ды вам што за справа?! — агрызнуўся Антось.
— А я вось цябе зараз затрымаю, ды — да начальніка аховы… — абурылася старая кабета.
— Рукі кароткія! — хлопец праскочыў небяспечны калідорчык прахадной, таму свае законныя праклёны і знявагі вахцёрка сыпала ўжо яму ўслед…
Антось штуршком расчыніў дзверы тэхбюро і ўнутрана ўзрадаваўся: партфель начальніка ляжаў на стале, але сам ён кудысьці выйшаў. Не прыйдзецца апраўдвацца за спазненне. Супрацоўнікі сектара яшчэ толькі ўладкоўваліся на сваіх рабочых месцах. Жанчыны абмяркоўвалі апошнія тэлевізійныя падзеі і плёткі. Мужчыны сонна корпаліся ў рыштунках і паперах. Хлопец павітаўся з усімі, уключыў свой камп’ютэр і загрузіў праграму тэхналагічнага разліку.
Да абеду Антось апантана біўся з тэхпрацэсам, але пры гэтым праз кожную гадзіну загружаў кампутарную гульню і, не тоячыся, забаўляўся хвілін пятнаццаць. У аддзеле гэта было забаронена нават у абедзенны перапынак. На законную заўвагу начальніка на гэты конт хлопец адказаў, што гуляе ў прызначаны для перакуру час. Бо сам ён не курыць, а раскошы працаваць без аддухі дазволіць сабе не можа. Пачалася тыповая службовая звадка. Загадчык тэхбюро адстойваў свае правы. Антось натурыўся. Супрацоўнікі з цікаўнасцю слухалі. На заканчэнне гэтай перапалкі малады інжынер паабяцаў, што знарок будзе выходзіць з кабінета кожную гадзіну з курцамі. Так, між іншым, надалей і рабіў.
Карацей, як бачыць чытач, наш герой паводзіў сябе нядобра ў гэты дзень. Можна сказаць — агрэсіўна. На гэта можна было б, у прынцыпе, і не звяртаць асаблівай увагі, каб не ведаць Антося. А мы ж, пэўна, хочам яго ўведаць…
2
Гэтага небараку я мушу аднесці да той катэгорыі людзей, якія заўжды трапляюць у лік “адзін з дзесяці”. На іх галовы падае з дахаў цэгла, яны спатыкаюцца і падаюць на роўным месцы, блудзяць у трох соснах, невінаватыя, адказваюць за ўсіх дзевяцярых астатніх.
Ён з маленства не вызначаўся кемлівасцю і спрытам. У гульнях, вучобе ды іншых варунках жыцця не верхаводзіў ніколі. Наадварот, заўжды быў нібыта на ўзбочыне гэтай дарогі. Піянерскія злёты, песні ля вогнішча, хлапчуковыя бойкі і юначае каханне амаль абмінулі Антося. Ён не прыдбаў добрых сяброў, але не набыў і ворагаў. Адзінай здольнасцю, добра развітай хлопчыкам у школе, было — неўпрыкмет уцячы з урокаў. З-за някідкага выгляду і панура-сцішанага характару атрымлівалася гэта ў яго хораша. Калі нявывучаны ўрок прыпадаў на сярэдзіну заняткаў, Антось туляўся па закутках і смуродных туалетах школы, унікаючы завуча. З апошняга або перадапошняга ўрока неруплівы вучань проста збягаў дамоў. Ён мог бы, у прынцыпе, і зрабіць хатняе заданне, і падрыхтавацца да кантрольнай, каб не прыроджанае гультайства ды млявая абыякавасць да ўсяго вонкавага.
Вы законна спытаеце: дык, можа, хлапчук жыў багатым унутраным жыццём, мабыць, былі ў яго ўлюбёныя заняткі ці захапленні творчасцю? Наўрад ці. Ва ўсякім разе, бацькі не выявілі ў яго ніводнай пэўнай здольнасці. Спробы ўладкаваць дзіцё ў спартыўныя секцыі, музычныя і мастацкія гурткі былі марнай тратай грошай і нерваў. Бо і адтуль гэты дзікун збягаў альбо знаходзіў разнастайныя прычыны прапусціць занятак. Хлопчык цураўся людзей, цураўся бацькоў і нават малодшага брата.
Любімай яго манерай было глядзець спадылба і на заўвагі ці ўшчуванні старэйшых маркотна маўчаць або буркаць штосьці нядобрае. Антось хаваў свой дзённік ад настаўнікаў і бацькоў, таму амаль немагчыма было давесці аб часе бацькоўскіх сходаў, аб поспехах і хібах у вучобе гэтага ваўкаватага тыпуса. І гэта пры тым, што не быў Антось ад прыроды ні злым, ні хітрым. Хутчэй — раўнадушным. А яшчэ праўдзівей — любіў свабоду.
А свабоду ў гэтым жыцці абмяжоўвала ўсё: школа, грамадскі транспарт, ягоная нехлямяжая вучнёўская вопратка, спрытнейшыя за яго хлапчукі, што заўжды імкнуліся кіраваць у дваровых гульнях; дзяўчаткі, якія бянтэжылі яго сваімі какетлівымі позіркамі. Цэлы шэраг умоўнасцей і забабонаў! Яны з маленства заціскалі хлопца, спрабавалі загадваць і валадарыць. Так, прынамсі, здавалася Антосю. І ён змагаўся з імі ўсё жыццё. І не быў свабодны. Нават непраграмныя кнігі мастацкай літаратуры, не гаворачы ўжо пра падручнікі, змушалі будаваць унутраны свет паводле думак аўтараў і таму — абмяжоўвалі.
Змалку найцікавейшым і выгоднейшым для сябе бавеннем часу Антось абраў ляжанне на ложку ў адзіноце. Хай з-за дзвярэй і сцен кватэры далятаюць грукі і гамана. Хай шчыруе за акном завіруха, а вычварныя цені варушацца на столі. Ён сам сабе гаспадар, ён водзіць зрок свой і слых па неймаверных лабірынтах, таямніцах жыцця. Ён уладарыць жыццём, ён летуценіць…
Але праз колькі часу нехта стукае ў дзверы ці проста нахабна іх расчыняе. Нехта ўшчувае, назаляе, загадвае. І Антось адбіваецца ад іх, адкараскваецца. А калі няма моцы, то выслухоўвае, выконвае нейкую бязглуздую побытавую цяганіну, каб затым ізноў (ці надоўга?) ісці да сябе.
Падчас бяссоных начэй напрыканцы свайго трыццацігоддзя хлапчына ўсё часцей лавіў сябе на думцы, што ўсе вонкавыя дзеі яго — адно намаганні ўцячы ад рэчаіснасці ў аднаму яму толькі вядомую ўяўную схованку. Антось мусіў канстатаваць на адзіноце, што не любіць людзей.
За ўсё жыццё не знайшоў ён паразумення з родным братам, які, незважаючы на свой значна маладзейшы ўзрост, намнога перагнаў Антося. Крыкун і пракуда з дзяцінства, Сашка заўсёды ўмеў адстойваць свае правы. Ён хутка дапяў, што варта толькі раскрыць горла: зараўці, заскуголіць, зарумзаць, як атрымаеш усё пажаданае. Ён асабліва часта выкарыстоўваў падобны прыём у спрэчках са старэйшым брацельнікам, і тады бацькі ўрываліся ў іхні пакой і каралі Антося без разбору. Сашка зларадна ўхмыляўся, а шкадлівыя вочкі ўжо шнырылі па пакоі ў пошуках зачэпкі для новай гадасці. Ён быў надзвычай пражэрлівым і прагавітым. Мог крадком залезці ў халадзільнік і, проста каб насаліць Антосю, струшчыць ледзьве не палку сухой каўбасы ці ўмяць ладны брус сыру, што купляліся з разлікам на абодвух братоў. Мог проста пакусаць і абслініць, псуючы. Першае наогул ухвалялася бацькамі (малайчына — апетыт!), на другое закрываліся вочы (жылі яны ў дастатку). Калі ж старэйшы брат здзяйсняў самасуд над малодшым за падобныя штукарствы, яго ў адказ каралі бязлітасна.
А Сашка тым часам рос, буяў, наядаў карак. У школе заўжды аціраўся каля дужых і разбітных хлопцаў. Быў тугадумам, але своечасова ўхітраўся спісаць хатняе заданне або кантрольную. Ён не прапусціў аніводнай школьнай ці мікрараённай дыскатэкі, рана спазнаў разнастайныя заганы і амаральныя слодычы.
Напорыста, з хамаватым цынізмам рушыў Сашка па жыцці і пасля школы. Крочыў хітруючы, выдыгаў перад кім трэба, усім целам сваім укормленым усмоктваўся ў матэрыяльную глебу горада. Ён не прамінуў ніводнага выгаднага знаёмства, не грэбаваў нічым, калі паблізу толькі панадна пахла. Часцяком атрымліваў кухталі, быў нават моцна збіты за грошы. Але і сам расштурхоўваў і пляжыў слабейшых. Ён не падняўся высока, але меў ужо некалькі сваіх гандлёвых ларкоў, уласную машыну, будаваў кааператыўную трохпакаёўку. Сашка трывала стаяў на зямлі.
У дваццаць сваіх гадоў, ледзьве не адразу пасля смерці бацькі, прадаў Сашка штосьці з ягоных рэчаў. Без усякіх ваганняў, нават не спытаўшыся дазволу ў маці. Набыў сабе фарсістую скураную куртку, навамодную магнітолу і падобнае. Захапіў самы вялікі пакой і неўзабаве стаў вадзіць туды адну за адной расфуфыраных дзевак. Праз год ажаніўся з Машай.
Антось адразу ж узненавідзеў братавую. Вялікая зала, дзе ён прывык бавіць час з маленства, якая заўжды супакойвала і нібыта ўтрымлівала ў сабе мноства прыемных успамінаў, спакваля ператварылася ў склад разнастайных братавых рэчаў, нязбытых яшчэ дэфіцытных тавараў і іншага пажытку. Па крэслах, сакрэтніку, канапе гэтая неахайніца братавая раскідвала, навальвала, развешвала ўсялякае шмаццё, начынне, часопісы і кнігі ў стракатых вокладках. Гэтыя пашчы, мускулы, азадкі распусных дзевак аніяк не стасаваліся з цудоўна падабранай бацькавай бібліятэкай, якая тут жа пылілася на паліцах. Збіранне класікі было адным з захапленняў нябожчыка. Антось маўкліва перажываў гэты здзек. А аднойчы, калі ўвайшоў у залу па нейкай справе, заўважыў, што частка гэтых дарагіх кніг ужо валяецца ў куце, а іх месца фанабэрыста заняло памянёнае літаратурнае смецце. Спалатнелы, не вымавіўшы ні слова, груба выкінуў тады хлопец тую макулатуру на падлогу. Вярнуў кнігі на месца. Рукі дрыжалі. Потым падышоў да Машы, якая злосна і моўчкі назірала за яго дзеяннямі, і важка папярэдзіў:
— Гэта апошні раз… Зразумела?!
Упершы рукі ў бакі, нямой нянавісцю спапяляла тады Антося братавая. Але пярэчыць не адважылася.
— І брацельніку перадай, — пераможна дадаў хлопец.
Гэта адзінае, што адстаяў Антось у стасунках з братавым сямействам. Пляменнікі, хлапчукі-блізняты, што нарадзіліся хутка пасля вяселля, праз чатыры гады ўжо моцна нагадвалі сваіх вытворцаў. Румяныя, дужыя і жыццяздольныя, яны крыкамі, енкамі, гукамі гульняў і боек літаральна запаланілі ўсю не вельмі прасторную кватэру. Гэтая малеча пастаянна чагосьці патрабавала, верашчала, смяялася і румзала. Маці з дзедам, не кажучы ўжо пра бацькоў, не маглі нарадавацца на сваіх жэўжыкаў, патураючы ўсялякім жадункам і капрызам. Іх кармілі, як на зарэз. Дзіцячае харчаванне, прызначанае для варкі на вадзе, варылася на малацэ. Куды трэба было дадаваць малако, лілі вяршкі ці смятану. Культ яды панаваў у кватэры. Дзяцей перакормлівалі, іх ванітавала і паносіла. Але праз якія паўгадзіны новыя стравы пхаліся ў малечыя роцікі. Ды не трэба было і прымушаць: апетыт гарэзы мелі зайздросны.
Брату цяпер ужо не прыходзілася ўласнаруч займацца продажам тавараў: усё рабілі падначаленыя. Таму ён зазвычай спаў у будныя дні да гадзін дзевяці, затым сядаў у сваю машыну і знікаў да позняга вечара. Жонка ўвесь дзень марна валюхалася па кватэры, а з малымі ваявалі ў асноўным дзед і маці. Заўсёдны заспаны выгляд і бяздзейнасць Машы раздражнялі Антося. А тая, нібы скурай адчуваючы яго да яе непрыхільнасць, знарок пры кожным зручным выпадку лезла дзеверу ў вочы, засланяла сваім гожым задам вузенькі калідор, займала ванную і кухню ў самыя напружаныя моманты. Антось толькі сердаваў: затоена і зацята. Ён падазраваў у Машы распусніцу і меў для таго падставы.
Братавая яўна нудзілася без сталай работы і шукала прыгод на сваю галаву. Прыбіраючыся, паўголая, яна часцяком не зачыняла дзверы ў свой пакой. А аднойчы, калі ішла са стосам адпрасаванай бялізны, яна як бы выпадкова не змагла размінуцца з Антосем у цеснай змрочнай вітальні і, трымаючы ношку над галавой, навалілася на хлопца ўсім сваім багатым целам. Какетліва хіхікнула. У кватэры ў той момант не было нават і хлапчукоў. Будзь на месцы небаракі чалавек спрытнейшы ці проста нармальны здаровы мужчына, скончылася б усё даволі банальна і памысна. Але гэты цяльпук стаў мацаць пераключальнік святла і мармытаць нешта няўцямнае, пакуль Маша з пагардай не ляпнула дзвярыма свайго пакоя.
З Сашкавай жаніцьбай пакрысе пачалі псавацца адносіны з дзедам і нават маці. Антося злавала іхняе захапленне камерцыйнымі поспехамі брата, маўклівая ці голасная яму ўхвала. Дзядуля не прамінаў выпадку ўпікнуць старэйшага ўнука ў вахлакаватасці, адсутнасці жыццёвай пазіцыі дый элементарнага спрыту. Дзед па-блазенску радаваўся ўсялякім безгустоўным падарункам, што падносіў яму любімы ўнук Сашка з любой нагоды. Хваліўся гэтым Антосю з дробязным падтэкстам: калі ж, маўляў, і ад цябе дачакаюся? Апошні год дзядуля здзяцінеўся і гуляў з ранку да вечара на купленым Сашкам кампутары ў гульні. Прычым апантана спрачаўся з Машай за гэтае “месца пад сонцам”, не заняўшы першым, абражаўся і крыўдаваў па-старэчаму.
Па прыродзе самотнік, Антось мусіў бавіць пасляпрацоўны час у сваім маленькім пакоі. Але і туды даляталі гукі сапраўдных і кампутарных спрэчак, дзікія тэлевізійныя ляманты і спевы, пахі размаітых гатаванняў, цурчанне вады і вірлівае гудзенне пральнай машышы. Хлопец спакваля аддаляўся ад свайго сямейства. Ён урэзаў у дзверы замок і абабіў іх дэрмацінам. Але такія рашучыя захады ўсё ж не выратоўвалі ад тлуму. У дзверы грукалі па ўсялякіх недарэчнасцях і глупствах. І чым даўжэй Антось не адпіраў, тым мацней і настойлівей. Асабліва дапякаў дзядуля, які проста арганічна не выносіў цішыні, а таму заўсёды падазраваў за замкнутымі дзвярыма штосьці нядобрае. І тады знаходзіў любую нагоду, каб прычапіцца да ўнука: ён прыходзіў з шахматнай дошкай і картамі, кіпай газет і проста пачутымі навінамі. Антось рахмана трываў прысутнасць старога, нават іншым разам і зацікаўлена ўдзельнічаў у спрэчках… Каб не адна акалічнасць: дзядуля ўсякі раз пераводзіў размову з любой тэмы на сябе, на ўласны светапогляд. Як абрыдлі за дваццаць гадоў свядомага жыцця Антосю гэтыя згадкі-самавытырканні, павучанні-ўшчуванні старога маралізатара! Гэтае нязменнае:
— Каб не нашае пакаленне, дык вы б і сонца не бачылі, баламуты…
Альбо:
— Вас бы так працаваць прымусіць…
“Ды паважаны дзеду, ды ні ты, ні правадыры-палітыкі не дадуць мне жыцця, калі за грудзінай маёй пустэльна і моташна! Адарвіся, любасны, ад зямлі хаця б на імгненне!..” — неаднойчы нешта падобнае хацелася выкрыкнуць хлопцу. Але ён маўчаў і слухаў. Або, сярдуючы, бег з дому на свежае паветра… Так доўжылася з дня на дзень.
Маці проста шкадавала Антося. Яна лічыла яго няшчасным і адзінокім. Але гэты буркун не прымаў матуліных ласак. Пакой—работа, работа—пакой — вось знешнія праявы яго аднастайнага існавання.
Але назваць багатым і змястоўным унутраны свет таго трыццацігадовага пераростка, што замыкаецца ад радні, што непрыветна маўчыць на рабоце, што пазбягае звычайных чалавечых пацех і стасункаў у вольную часіну, мы гэтаксама не можам. Чытаў Антось шмат, але бессістэмна і не дужа настойліва. Не ўпадабаўшы сюжэт адной кнігі, адкідваў яе і браўся за другую, каб, мабыць, праз колькі старонак расчаравацца і ў ёй. Толькі ў карункавых мроях адольваў гэты дзівак усю бацькаву бібліятэку, спазнаваў запаветныя таямніцы быцця. Ён цьмяна адчуваў, баючыся нават прызнацца ў думках, свае мастацкія таленты, здатнасць ствараць і верхаводзіць літаратурнымі героямі, падзеямі, вобразамі. Хваравіта ўяўляў сябе мысляром, геніяльным кампазітарам, падзвіжнікам-прарокам. Але пальцам не паварухнуў дзеля здзяйснення найменшага. Стосы неацэнных кніг марнаваліся закладзенымі на ягоным пісьмовым стале, а ўласныя задумы былі ціхамірна пахаваны гэтым абібокам яшчэ на сваім зачатку. Антось быў вольным філосафам без сродкаў выяўлення сваіх талентаў і перакананняў. Гэткі бяскрыўдны канапны дзеяч. Пустышка.
Апошнія пару гадоў Антось проста гібеў у поўнай адасобленасці. Ён не меў ніводнага сапраўднага сябра, а з нешматлікімі таварышамі-прыяцелямі без пляшкі не было аб чым размаўляць. Цікавасць да супрацьлеглага полу гэты цюхцяй праявіў запозна, недзе на апошнім курсе інстытута, калі ці не ўсе яго равеснікі перажаніліся. З-за сваёй неспрактыкаванасці ў любоўных варунках ён часта даваў маху ў зносінах з рэдкімі дзяўчатамі, якія цярпелі яго нехлямяжыя заляцанні. З тымі, якіх можна было праз колькі спатканняў цягнуць у пасцель, хлапчына валаводзіўся і распавядаў аб высокіх матэрыях. З цнатлівымі сумленнымі дзяўчатамі, надаралася, спяшаўся і бываў грубы. І тыя і другія хутка яго адпрэчвалі. Прыроджаная меланхалічнасць, схільнасць да шматразовага перамолвання ды перажоўвання страчанага, прычыняла Антосю невыносныя пакуты і яшчэ болей аддаляла ад людзей. Слабы пол ён амаль ненавідзеў. Ён стаў надзвычай надумлівым і падазроным. Асабліва ў адносінах да ўласнага здароўя. У свае трыццаць гадоў бядак страшэнна баяўся невылечна захварэць, аслепнуць, трапіць у аварыю і быць паралізаваным. Па медыцынскім даведніку знаходзіў у сябе сімптомы жудасных хвароб, мацаў і тэсціраваў цела, шукаў спосабы збавення ў нетрадыцыйных метадах. З недарэчнай іпахондрыяй вынаходзіў усялякія дурныя дыеты накшталт сыраядзення, малочнай ці з садавіны-агародніны. Мачыўся ў слоічак і разглядаў яго на святло: ці няма каламуці? Але, як і ва ўсіх сваіх задумах, не быў паслядоўным. Падчас зрываўся, парушаў рэжым, а пасля, вядома, знаходзіў пагаршэнне самаадчування і з бязлітаснасцю меланхоліка дакараў за гэта сябе і прызначаў яшчэ больш суровыя выпрабаванні няшчаснаму арганізму.
Але ўсё адно блажэў і марнеў у самоце і недамаганнях, у той час, як братава сямейства ела ўсё: мясное, шакаладнае, крэмавае; у печаным, смажаным, вараным і параным выглядзе. Дый з апетытам някепскім. Буялі і раскашаваліся. Ледзь не штодзённыя вечаровыя застоллі з нагоды чарговага камерцыйнага поспеху Сашкі даводзілі Антося да шаленства. Ён зачыняў шчыльней дзверы, а гукі гульбы ляцелі па паветры ў адчыненую фортку пакоя. Як, дарэчы, і варушэнні-стогны начных забаў у братавым ложку. Гэта было невыносна! Антось адчуваў сябе злодзеем, здраднікам, маўклівым удзельнікам гэтай вакханаліі цел. Ён з горыччу прызнаваўся сабе, што ў душы чакае не дачакаецца, калі брат з’едзе нарэшце ў свой кааператыў.
Жыццё неўпрыкмет загнала небараку ў катушок. Антось ужо быў перастаў з ім змагацца. На работу прыходзіў неахайным і дрэнна паголеным. А аднойчы адзеў ваўняную апранаху з глыбокім, да грудзей, разрэзам задам-наперад. Адзін малады супрацоўнік адазваў недарэку ў бок і тактоўна паведаміў аб гэтым канфузе. Як потым Антось ненавідзеў сябе за гэта! Пасля цэлы дзень яму падаваліся ў паглядах саслужыўцаў яхідныя ўхмылачкі ды пакепліванні. Праклятая надумлівасць!
І так бы доўжылася вялае Антосева існаванне немаведама колькі, каб не адзін-адзіны, начыста да таго забыты, эпізод з яго дзяцінства. Згадка пра гэты эпізод завітала да Антося акурат хмурным восеньскім ранкам, з якога і пачаўся наш аповед.
Качаючыся ў пасцелі падчас звыклага перадсвітальнага бяссоння, Антось безвынікова спрабаваў адшукаць у жмуце сваіх жыццёвых падзей штосьці вартае, нейкі там годны ўчынак. Як і зазвычай, у галаву лезлі ўсялякія ганебнасці і няўдачы, абцяжарваючы і без таго нядобры душэўны стан. Яны разам з днём, што прачынаўся і абяцаў у хуткім часе напаткаць бедачыну, душылі яго і страшылі. І раптам выратавальным агеньчыкам мільгануў, зазырчэў, запалаў далёкі, з глыбінь свядомасці, успамін. Ён паўстаў са смугі дзяцінства безнадзейна, здавалася б, страчанай ісцінай. Кароткі і просты па змесце, успамін гэты адразу ўзяўся памагчы разблытваць некаторыя краевугольныя, вузлавыя пытанні рэчаіснасці.
…Неяк цямравым лістападаўскім вечарам гулялі яны з хлапчукамі ў індзейцаў. Апантана гойсалі па пустэльных вулках мікрараёна. Антосю было тады сем-восем гадкоў. Шукаючы з самаробным лукам і стрэламі прыяцеляў, што затаіліся недзе паблізу, пералез Антось цераз драцяную загараду свайго панадворка. Двор, густа зарослы яблынямі колішняга прыватнага сектара, асвятляўся толькі вокнамі пяціпавярховага дома ды асобнымі ліхтарамі маленькай вулачкі. Хлопчык, нічога не падазраючы, у гарэзным азарце шнарыў вачыма па голым хмызняку і каржакаватых дрэвах. Рушыў па сцяжынцы наперад. Знянацку, немаведама адкуль, на яго з гаўканнем выскачыў вялізны сабака. З рыкамі і гырканнямі кінуліся другі, трэці, чацвёрты… Гэта была адна з бяздомных зграй, якія ў час Антосева маленства туляліся па вуліцах і дварах мікрараёна. Вінаватыя ў тым былі самі людзі, што знеслі вялізны прыватны сектар і пабудавалі на яго месцы аляпаватыя каробкі “хрушчовак”.
У маленькай галаве вокамгненна пракруціліся ўсе магчымыя варыянты паратунку, а праўдзівей — поўная іх адсутнасць. Да сабак заставалася метраў пяць, а да найбліжэйшай танюткай вярбіны — прыкладна столькі ж. І тады, падпарадкоўваючыся спаконвечнаму інстынкту самазахавання, махаючы лукам над галавой, скрыгочучы зубамі і равучы дзікім голасам, кінуўся васьмігадовы хлопчык наперад — проста на гайню… І яна расступілася: баязліва падцяўшы хвасты, адно агрызаючыся рыкам, уцякалі ад гэтай малечы зубастыя галодныя сабакі.
Той успамін быў пахаваны пад коўдрай часу. Але праз дваццаць два гады нечакана паўстаў з усёй выразнасцю і падтэкстам. Раптам уявілася Антосю наступнае: гайня — гэта матэрыяльнае жыццё, рэчаіснасць з найгоршага свайго боку, што прыгнятае, пляжыць, забівае слабейшага. Не змагаешся ты з ёю з-за кволасці альбо пэўных унутраных перакананняў — і дзярэ цябе, і бэсціць зграя. Заганяе ў катух, у побытавую памыйніцу. Але варта паўстаць, адважна глянуць важаку ў вочы, пачаць гуляць па іхніх ваўчыных правілах — і бянтэжыцца лютая гайня, і саступае. І жывеш ты пасля няблага… Праўда — толькі са звярынай маскай.
Антось вырашыў з гэтага дня напяць падобную маску. Прынамсі, паспрабаваць. І, о дзіва, адчуў сябе проста здорава.
3
Антось моцна натаміўся за камп’ютэрам, і к абеду ягонае нутро проста выкручвала ад голаду. Не дачакаўшыся прызначанага часу, выскачыў хлопец за прахадную завода. Звычайна ён перакусваў проста на рабочым месцы прынесенай з дому ў зашмальцаваных пакунках дыетычнай бурдой. Есці такое можна было, толькі адвярнуўшыся ад супрацоўнікаў да сцяны, каб прылюдна не ганьбіць сваю годнасць. То былі, бадай, самыя непрыемныя хвіліны рабочага дня для Антося. Ён адчуваў тады сябе апошнім адшчапенцам. Але ён дбаў за ўласнае здароўе. І калі ўжо даводзілася харчавацца ў заводскай сталовай, то лічыў кожную калорыю, выбіраў стравы адна за адну неапетытней і хаваўся з імі па кутніх століках. Хлопец не любіў есці на людзях…
Але сёння неўтаймоўная задзірлівасць проста штурхала яго на пошукі новых прыгод і ўражанняў. Есці хацелася жудасна. Антось забег у бліжэйшую кавярню, сеў на самае віднае месца і, нядбайна прабегшы вачыма меню, заказаў самае дарагое і смачнае. Праз хвілін дзесяць каля яго грувасціўся і курэў ці не тузін размаітых духмяных страў…
Антось завяршаў гожы абед бутэлькай чорнага піва, калі ягоны пагляд натрапіў на сімпатычную маладзіцу, што ела непадалёк шакаладнае марожанае, запівала яго нейкім бурштынавым сокам. Прыемная сытасць, лёгкі хмель, мяккая музыка кавярні, а таксама пякучыя позіркі незнаёмкі ў яго бок прывялі хлопца ў адпаведны настрой. Хацелася таньчыць, жартаваць, бачыць вакол толькі добрае, пазнаёміцца з гэтай прыгажуняй, спазнаць яе, быць шчаслівым. Баючыся заўсёднага тормаза-одуму сваіх памкненняў, гэтай апрыкрай абачлівасці і адчування ўласнай непаўнавартасці, рушыў адразу ж Антось да суседняга століка.
Ён малоў усялякую лухту, вёрз глупствы, гаварыў банальныя кампліменты і прызнанні. Гаварыў, не прапускаючы вымаўленага праз сваю існасць, не асабліва зважаючы на рэакцыю суразмоўніцы, на магчымыя ўражанні і меркаванні на яго конт. То быў тыповы флірт, калі працуеш ужо не ты, а спрадвечныя, нябачныя, але ўчэпістыя, што рыбацкая сетка, палавыя флюіды. Яны спрацавалі хораша. Праз якія дзесяць хвілін дзяўчына і хлопец ведалі адно аднаго ледзьве не напоўніцу. Яны гарэлі, прамяніліся вачыма, яны ўсміхаліся і радаваліся. Нядаўна адзінокія, яны нібы лёталі, узяўшыся за рукі, па зале кавярні, над яе наведвальнікамі. Для гэтага трэба было не так ужо і многа: прайсці адлегласць у пяць крокаў паміж столікамі — вялізны шлях між самотнымі душамі. Хай зухавата і фанабэрыста, хай пад маскай, што хавае цнатлівую існасць. Антось зрабіў гэта. Перамог, адолеў, як шмат чаго адольваў у гэты дзень, няшчадна руйнуючы ўласныя забабоны…
З кавярні хлопец шыбаваў на работу ў гуморы. Было б непраўдзівым сказаць, што яго думкі пра новую знаёмую, чый тэлефон саграваў грудзі праз кішэню кашулі, мелі выключна ўзнёслы і цнатлівы характар. Падобныя мроі прыемна чаргаваліся з карцінамі малайцаватых заляцанняў, абдымкамі і пасцельнымі сцэнамі. Пахмурны кастрычніцкі дзень паўставаў у новым, маляўніча-радасным святле. Хлапчына запыніўся каля гандлёвага кіёска і купіў цыгарэт. Ён не браў курыва ў рот гадоў восем. Але гуллівая энергія, што літаральна распірала добра падсілкаванае толькі што цела, несціхана патрабавала зараз чагосьці незвычайнага, пазашараговага. Заняўшы руку і рот курывам, Антось адчуў яшчэ большую ўпэўненасць у сваіх рухах, спакой і раўнавагу ў тым, што называюць душою. Як няёмка пачуваў ён заўсёды сябе, калі гуляў у абедзенны перапынак па вуліцах мітуслівага горада! Бо ўсе кудысьці імкнуліся, заклапочана спяшаліся з усялякімі пакункамі, партфелямі і торбамі. Няспынна выскаквалі з машын і аўтобусаў, галёкалі адно аднаго, абдымаліся, запанібрата ляпалі па плячах сустрэтых знаёмцаў. Былі занятыя справамі. І толькі ён, гэты аболтус, пераростак у нехлямяжай вопратцы, вяла плёўся недзе па ўзбочынах і тратуарах. Яго пастаянна абганялі, адціралі, адпіхвалі мэтанакіраваныя, рашучыя, суровыя ў барацьбе за свой кавалак жыцця людзі. Людзі натоўпу.
Аказалася, варта толькі закурыць — і ты ўжо не вылучаешся сваёй недарэчнасцю ў вулічнай сумятні, адчуваеш сябе няблага. Ты больш не марны дзівак-летуценнік. Ты як усе. Ты ў зграі.
Антось нібыта стаў вышэй ростам, грудзі надзьмуліся, а твар набыў рашуча-дзелавіты выраз. Пыхкаючы тытунёвым дымам, сунуўшы адну руку ў кішэнь курткі, рушыў хлопец проста на людзей, піхаўся плячыма. І не саступіў анікому на вузкім тратуары. Саступалі яму: дужыя дзецюкі і бурклівыя дзяды, расфарбаваныя маладзіцы і сварлівыя, з непазбыўнымі торбамі, кабеты. Штуршкі і лаянку ў свой бок Антось успрымаў як неабходныя атрыбуты прынятай гульні і толькі паблажліва ўсміхаўся. Кожнае свавольства, кожная несаступка пакрысе прыбаўлялі яму адчування ўласнай годнасці, напаўнялі мускулы ўпартай моцай.
Ужо каля самай прахадной, у завулку, поўным прыпаркаванымі легкавікамі, на хлопца ледзь не наляцеў бэзавы “Audi”. Ён нахабна каціў на Антося, які знарок павольна крочыў па пешаходным пераходзе. Аўтамабіль віскнуў тармазамі ці не ля самых яго ног, а кіроўца раз’ятрана, з лаянкай, выскачыў вонкі:
— Табе што, казліна, вушы надзерці?! — грымеў над вухам тоўсты саракагадовы дзядзька. Гэткі гаспадар жыцця, з “новых”. Але праз колькі секунд утаймаваў свой імпэт, спужаўшыся збуракавелага, з ашчэраным ротам твару пешахода.
— А табе на волі раскашавацца абрыдла? Хочаш мяне пакалечыць ды ў турму сесці? — Антось дрыжэў у непадробным шале і набліжаўся да праціўніка. — Там табе паспускаюць тлушчу. У нару! У нару, я сказаў! — З гэтымі словамі ён вышмаргнуў дэкаратыўны сцізорык, які заўжды насіў у правай кішэні штаноў. Агаліў лязо.
З расчыненых дзвярэй “Audi” адразу ж высунулася зграбненькая жаночая рука, пачала таргаць за штаны і цягнуць нахабнага таўстуна ў машыну. Умольны жаночы голас прасіў, супакойваў і ўлагоджваў гэтага, ужо і без таго ўціхаміранага і спалатнелага, дзецюка. Той шуснуў унутр і, мацюкаючыся за замкнёнымі дзвярыма, ссунуў легкавік з месца — ад грэху далей.
Але, Антось удала замацоўваў свае пазіцыі ў гэтым неласкавым свеце.
…Пасляабедзенны час працоўнага дня прайшоў весела. Начальнік адышоўся па справах. Па завядзёнцы саслужыўцы ўжо не шчыравалі над праектамі і падлікамі, а гуртаваліся ў невялікія кампаніі: чаявалі, пляткарылі, смяяліся. Мужчыны раз-пораз шасталі ў курыльню. Антось далучаўся пачаргова да розных груп, дасціпна жартаваў, улязаў у любыя спрэчкі, з годнасцю верхагляда адстойваў свае пазіцыі. Сыпаў у бок дзяўчат пошлыя кампліменты. Хіхікаў і рагатаў разам з усімі. Яго нават не падмывала па нязменнай сваёй звычцы ўцячы раней за прызначаны час. Хацелася распавядаць пра сябе і слухаць.
4
Антось прыбыў дамоў а сёмай гадзіне. Адпершы ўваходныя дзверы ключамі, адразу ж адчуў адмысловыя пахі страў. З залы даносілася п’яная гамана, цягнула курывам. Пэўна, у брата ладзіўся чарговы прысвятак. Хлопец хацеў быў непрыкметна прашмыгнуць у свой пакойчык. Але маці, што ў тым гармідары неяк учула шоргат у пярэдняй, выйшла і настойліва запрасіла сына ў іх кампанію. Нагода для застолля была банальная: брат кагосьці ашукаў і заключыў досыць удалую здзелку.
У любы іншы дзень Антось бы груба адмовіўся. Але сёння ці не чорт падштурхоўваў яго на прыгоды, падбухторваў да ўсялякіх забаў і звадак. Хлопец памыўся, пераапрануўся і далучыўся да сямейнай бяседы.
— Давай сюды, браток! У нас тут па-простаму, па-сямейнаму, — дабрадушна галёкаў яму Сашка. Ён сядзеў на самым відным месцы застаўленага дарагімі стравамі стала і быў ужо на добрым падпітку.
“Чаго ж, калі па-сямейнаму, мяне не дачакаўся? Свярбела, нябось, вантробы свае запоўніць”, — міжвольна мільганула збродлівая думка. Але за стол Антось сеў з досыць ветлівай усмешкай. Маці адразу ж схапіла яго талерку і пачала навальваць на яе разнастайныя салаты.
— Ну, маладзёны, будзьма! — крактануў дзядуля, любоўна трымаючы чарку з нейкай замежнай дрэнню.
Антось паўнютка наліў сабе гарэлкі. Выпіў і закашляўся. Ён даўно не выпіваў “вогненнай”. У горле дзерла няшчадна. Па твары ганебна пацяклі слёзы, а па ўсім целе хваляй пабегла супакойлівая гарачыня. Хлопец глянуў на братавую. Яна, размясціўшы свае клубы ў мяккім крэсле, адвалілася на спінку і вытанчана цадзіла са зграбненькага келіха шампанскае. Нечаму яхідна ўсміхалася. А мо проста падалося?.. Антось быў дужа прыдзірлівы да Машы.
Яе жэўжыкі гойсалі па крэслах і канапе, валтузіліся на падлозе. Шпурляліся маслінамі, горка якіх грувасцілася ў цэнтры стала. Бабуля нястрога ўшчувала іх за гэта. А бацька з маці наогул не звярталі на свавольствы малых аніякай увагі. Толькі Сашка раз-пораз хапаў якога з гарэзаў, што чарговы раз праносіліся міма, усаджваў сабе на калені і горда казаў: “Мой нашчадак!” Абвяшчаў гэта з такім выглядам, быццам, па меншай меры, сам зрабіў для ўсяго чалавецтва штосьці фундаментальна-векапомнае, здзейсніў нейкі варты грамадскай пашаны ўчынак. А цяпер прадстаўляе свайго дастойнага паслядоўніка.
Еў Сашка, як заўжды, неахайна і многа. Гучна абсмоктваў тлустыя курыныя косткі, упісваў бутэрброды з чырвонай рыбай, хрумстаў салёнымі гуркамі, чвякаў марынаванымі памідорамі. Як з галоднага краю. Дзед яму саступаў не нашмат. Яны, п’яна перабіваючы адзін аднаго, распавядалі, кожны аб сваім набалелым. Сашка ганіў сябрукоў-бізнесменаў, кпіў з іх. Выхваляўся сваёй гандлёвай хітрасцю ды ўвішнасцю. За ядой, у добрым настроі, гэта было ў яго завядзёнкай. Дзед ўлазіў са сваімі заўсёднымі ўспамінамі:
— А вось, памятаю, я… А ў нас колісь… Ды, Сашок, паслухай…
Перабіты гаманкім унукам, па-дзіцячаму крыўдаваў. Але праз хвіліну ўжо напаўняў чаркі, выкрыкваў:
— Ну, каб так і надалей хораша!..
Разагрэты спіртным Антось нязмушана пацяшаўся разам з усімі. Далібог, было прыемна і лёгка. Між іншым, пілі за: “здорава жывём!”, за “сямейны лад і любоў”, за “каб грошы вадзіліся” і падобнае. А дзевятай гадзіне маці пацягнула малых спаць у свой з дзедам пакой — на ложак старога. Гэта, дарэчы, азначала, што сам дзядуля пасля застолля мусіць адправіцца спачываць да Антося і будзе цалюткую ноч мучыць таго сваім прарэзлівым храпам.
Маша сядзела насупраць дзевера. У агульных размовах-спрэчках удзелу не брала, а толькі з грэбліва-паблажлівай усмешачкай цадзіла размаітыя напоі і раз-пораз рабіла мужчынам з’едлівыя заўвагі. Капрызнічала:
— Саша, ты ж ведаеш, што не люблю я бананавага лікёру… Завошта не купіў сухога шампанскага?
Брат аджартоўваўся. Ён наогул пастаянна граў у адносінах да жонкі ролю гэткага памяркоўнага, велікадушнага пана і з любой нагоды паважна абвяшчаў: “Мая жонка ніколі працаваць не пойдзе!” А пасля проста рдзеўся ад гонару.
Перамыўшы косткі ўсім сваім знаёмцам, вычарпаўшы небагатыя тэмы гутарак, у сытым хмелі ўключыў Сашка тэлевізар. Яго ўлюбёным заняткам было: разваліўшыся на канапе, пераключаць адзін за адным шматлікія каналы і знаходзіць там штосьці пацешнае, пакепліваць з артыстаў і палітыкаў, лаяць рэчаіснасць увогуле.
— Во, глядзі — морда! — тыцкаў пальцам узмакрэлы ад “гаручага” брацельнік у выяву нейкай асобы на экране.
Альбо:
— Ды пляваць я хацеў на вашыя захады! — гэта наконт дзяржаўных рупліўцаў эканомікі.
І падобнае.
…Антось узарваўся знянацку. Усё застарэлае, змушана-стоенае, што свярбела і бурліла гадамі ў нетрах ягонай сутнасці, зараз памкнулася вонкі. Яму нельга было піць. Як любому недалужнаму чалавеку, любой асобе з няўстойлівай псіхікай. Ды, падобна, і не хацеў ісці на канфлікт хлопец. Спачатку толькі зрабіў заўвагу пасля чарговага братавага здзеку з тэлевізійнага выступоўца. Здаецца, тое быў эстрадны спявак.
— Ты б не крыўляў тых, хто цябе пацяшае, — упікнуў Антось. І, убачыўшы непрыязны позірк Машы ў свой бок, дадаў ужо больш сярдзіта: — То адзежа вам не даспадобы, то голас вам брыдкі. А самі чаго вартыя? Апроч махляваць-пляткарыць…
— Э, ды ты не грубі, браце... — Сашка не любіў сумненняў ва ўласнай годнасці.
— Канешне, не чапай нашых! Мы ж харошыя. Мы ж высокай крыві! Ды толькі не забывайцеся, гжэчныя вы мае, што ў гэты ж момант такія ж, як вы, мабыць, кпяць з вас і пацяшаюцца. І прыгадваюць яны, як абставілі вас, няўклюдных. І з абліччаў вашых пасміхаюцца, і з вопратак. Ды вы ж ненавідзіце адно аднаго і, аднак, жыць паасобку не можаце…
— Ну, хлопец, з табой я б у разведку не пайшоў! — адназначна, як аб цяжкім дыягназе, выказаўся дзядуля. — Мы тут мірком-ладком…
— А я не хачу ісці ні з кім у разведку. Я наогул ваяваць не жадаю! Не нарадзіўся я ў вайну. Прабач, родны! Я паважаю твае доблесці, але не магу захапляцца забойствамі людзей. Немец гэта ці славянін…
— Гэта я — забойца, шчанюк?! — дзед задыхаўся ад несправядлівай знявагі.
— Што ж ты кашчунствуеш, ірад! Саша, яму больш не наліваем, — з апаскай адсоўваючы далей ад Антося пляшку гарэлкі, сказала маці.
Чамусьці гэта асабліва ўзлавала хлапчыну. Калупаючы ў талерцы відэльцам, ён нядобра, спадылба, пазіраў на акаляючых. Унутры булькатала, віхурыла абурэнне. Злаваў уедліва-непрыязны выраз твару братавай, пагардлівая яе ўхмылка. Гэтая мярзотніца відавочна радавалася ўсчатаму скандалу. Антось ускочыў са свайго месца. Ён нервова камячыў у далоні сурвэтку.
— Дык не. Ужо майце цярплівасць слухаць, панове-шанове! Паважаныя, высокаганаровыя мае людцы. Вы, што маеце пра сябе такую высокую думку! Непагрэшныя, паважныя, самавітыя мае! Я тысячу, мільён разоў гатовы перад вамі ўкленчыць, калі за процьмай сваіх вартасцяў заўважыце вы хаця б адну-адзінюткую, маленечкую, мізэрную хібу. Пакайцеся, любасныя! На колькі часу, хай на секунду, адрачыцеся ад асобы сваёй, прызнайце яе недасканаласць!..
Вакол запанавала натужлівае маўчанне.
— Ды не, дзе там! Марныя спадзяванні! — крыху блазнаваў Антось. — Бо свет для вас — гэта “Я”. Максімум — сям’я ды нашчадкі. Усё астатняе — другаснае, другараднае. Чым, скажы вось мне ты, — хлапчына тыцнуў пальцам у бок брата, — твае хлапчукі лепшыя за галазадых цыганят ці падшыванцаў тваіх жа прыяцеляў?
— Дай, дзеду, пралезці! — Сашка прыўзняўся з канапы. — Я навучу яго прыстойнаму тону, — ён ужо пагрозліва імкнуўся абысці стол…
Маці залямантавала:
— Вой, што ж гэта робіцца! Вой, Саша, Богам прашу, трымайся!
— Ціха, ціха, Сашок, — супакойваў брацельніка дзед і цягнуў за штаны сесці. Пачырванелы ад злосці Сашка нарэшце сеў. Па тупым ягоным твары сцякалі цуркі поту.
— Ды трус ён! Нічога не зробіць, — здзекаваўся з брата Антось. — Яму свая скура даражэй за ўсё.
Затым пажартаваў нядобра:
— Што як вазьму гэты відэлец ды трыбух яму прадзіраўлю? Чым харчы ператраўліваць будзе?
— Што ты равеш, быдла?! Дзяцей пабудзіш. Філосаф недароблены! — знячэўку агідна віскнула Маша, што маўчала дагэтуль.
“А яна ж сапраўды мяне ненавідзіць!” — падумалася раптам Антосю. Уголас сказаў:
— А нічога. І не пашкодзіла б ім паслухаць. Каб не выраслі такімі ж вытворцамі бялку, як іх бацькі ненаглядныя. Каб не ашуквалі потым нікога, не лопалі ў тры глоткі…
— Задушу, гад! — у бяссільным шале Сашка цераз стол шпурнуў у брата апельсінам. Прамазаў. Зазвінела і абрушылася на паркет разбітая шыба кніжнай паліцы.
Дзед усёй вагой павіс на руках унука:
— Сашка, ды чорт з ім!
— Сынок, ты хоць будзь чалавекам! — роспачна рыдала маці.
— Чалавекам! Ды запозна для іх людзьмі звацца! — не сунімаўся Антось. — Вы ж паслухайце, што ён мне зараз сказаў: “Я, жывёла, за сваіх жывёльных нашчадкаў цябе па-жывёльнаму задушу”. Вось як гэта перакладаецца, любасныя.
Вочы яго бліскалі нездаровым агнём. У цыгарэтным куродыме Антось падаваўся страшным.
Сашка ўжо толькі сіпеў у нямой лютасці.
— А вы мяне ў вар’ятню запраторце, — красамоўнічаў ягоны брат. — Якраз ёсцека для таго нагода. Маці будзе да мяне з перадачамі цягацца, а брацельнік пакой мой здасць у наём або паўкватэры адцяпае. Да ягонага кааператыву, глядзіш, і дадатак грашовы... Не пашкодзіць! Зажыве прыпяваючы. Тады ўжо, пэўна, ніхто не будзе скоса пазіраць на яго штукарствы. Еш, браток, угнаяй глебу! Наперад, толькі наперад! Навошта ж думаць, хто вы ёсць на зямлі? Навошта ж замілоўвацца снегам, апалым лісцем? Ды чыстае паветра патрэбна вам адно для паляпшэння апетыту! “Памры ты сёння, а я — заўтра”, — вось ваш дэвіз і жыццёвая пазіцыя. “Памры, гаротнік! А мы будзем здабываць і абмацваць рэчы, будзем баляваць, распаляць пажадлівасць і юр, дагаджаць і аддавацца ім. Глуміць тваю памяць. Нам хораша так! Нам спрыяльна...”
Антось аблізнуў пасмяглыя губы. У вачах стаяла бурая павалока. Ён амаль нічога не бачыў.
— Дый ліха з вамі, жывіце, як хочаце! Я знаю, што марна распінаюся тут перад вамі. Вы зараз толькі чакаеце, каб я заткнуўся, схаваўся ў сваю нару ды не замінаў жыць па-ранейшаму. Я замаўчу, але прыйдзе час, калі адкрыеце раптам вы, што няма нічога вакол, што ўсё мана, пыл, акрамя нейкай там успомненай з маленства ніцай вярбовай галінкі ды кволага птушаняці ў гняздзечку. Я б і не раскрываў рота, каб не гэтая матэрыяльная пошасць, якую вы, самі таго не ўсведамляючы, носіце і распыляеце навокал. Ад яе няма паратунку і схованкі. Яна вужакай паўзе ў замочныя шчыліны, пад дзверы, у форткі. Непазбыўная, жыццяздольная хвароба!
— Што ты вярзеш, апамятайся, Антося! — стагнала бедная маці.
— А я не магу маўчаць, мама. Гэта подла, ганебна — маўчаць. І калі ўжо вы не хочаце, саромеецеся пакаяцца, я зраблю гэта за вас. Хаця, не — за сябе... Разам з вамі. Ды вы ўсе стакроць чысцейшыя за мяне, родныя! Бо не бачыце ўсяго жаху такога становішча, бо шчыра лічыце жыццём сваё існаванне... Я пакаюся ў нашым матэрыяльным брудзе, у сквапным рэчавізме, у абжорстве, славалюбстве і ханжастве. Даруй мне, Госпадзе, калі можаш, за слепату маю, за нежаданне жыць жыццём Тваім светлым, за тое, што не падымаў на Цябе вачэй, што поўзаю па зямлі і ем гэтую ж зямлю брудную. Даруй мне, Божа, за нясмеласць маю, за бяздзейнасць злачынную і маўклівую. Даруй у велікадушнасці Сваёй, што ў паняверцы ўступіў я сёння ў гэтую ганебную зграю!
У цяжкім, пракураным паветры пакоя не распазнаваў ужо больш Антось чалавечых абліччаў. У чумной смузе, у хваравітым хмелі паўставалі перад ім цьмяныя, расплыўчатыя морды сабак. Яны брахалі, выскаляліся, паходнямі палалі разяўленыя пашчы і жудасныя вочы. І здавалася, што сярод гэтых скажоных мордаў гайні брэша-лямантуе ў агульнай сумятні ён сам. Зацята і злосна.
Ашчаперыўшы галаву, затыкаючы рукамі вушы і вочы, памчаўся Антось да выхадных дзвярэй. Прэч з кватэры…
Петрусёва лета
Пятро ехаў на поўдзень. Ехаў па знаёмым накірунку, са звычайным, крыху забытым дзіцячым настроем. Дыміў папяросай у тамбуры амаль пустой электрычкі, вяртаўся на месца, уладкоўваўся на парэзанай і спісанай непрыстойнасцямі вагоннай лаўцы, лажыўся — скурчваўся па яе даўжыні, сядаў ізноў, ускакваў, прынікаў душой і вачыма да прачыненай форткі. Жвавы ветрык кудлаціў капу саламяных валасоў, цвяліў вочы, урываўся ў душу пылам навакольных шляхоў, водарам раслін, прэласцю сіласу, гарачынёй ад жвіру і гравію, чымсьці лясным, далёкім, сінім... Цягнуліся бары, мільгалі чыгуначныя слупы, віліся рачулкі і лугавыя сцежкі, грувасціліся на ўзгорках вёсачкі, танулі, хаваліся ў садах. Здзіўлялі аляпаватасцю будыніны дачнікаў. Усё, як у маленстве. Усё да болю знітавана з існасцю.
Пятро маўчаў. Маўчалі і спадарожнікі: стары ў пацёртай зялёнай вопратцы палясоўшчыка, у кірзавых ботах і са скураным палявым ранцам; бабулька на сядзенні цераз праход з поўнымі ягад вёдрамі; пара закаханых, што задрамалі ў абдымках; руды сабака і інтэлігентнага выгляду гаспадар. А па падлозе, лаўках, столі, спінах і тварах гуляе жнівеньская пройма. Пыліць, узрушвае, нагадвае нешта. Пятру неспакойна. Як перад спатканнем хвалюецца хлопец. Два гады ціхмяна прымалі маразы, завеі, спёку і слоту любыя сэрцу мясціны. Два гады хлопец не вяртаўся сюды нават улетку: мітусіўся, нерваваўся, дамагаўся чагосьці ў гарадскім мурашніку. Працаваў, складаў музыку, іграў, падыгрываў, падзарабляў піяністам у рэстаранах, кляў канцэртмайстра, кахаў дзяўчат, ненавідзеў пасля расставання.
А бярозкі перад агародчыкам на крывым вясковым завулку раслі сабе паціху, бурна і шчодра зелянелі вёснамі, сонна пагойдвалі ў ліпеньскую спёку сваімі кучарамі. Дзедава хатка даўно пустая. Па суседстве жыве бабка-сваячка Паўлаўна — прыглядвае за пустым падворкам, жаліцца, наракае на лёс. Раней, пасля смерці дзеда, бацькі хоць лета бавілі тут. Рыбалка, грыбы ў наваколлі адмысловыя... Два гады бацька хварэе, цягаецца па бальніцах, дома бурчыць і павучае. Маці пры ім.
Забалацце. Станцый, вёсак, пасёлкаў такіх па Беларусі — безліч. Нараджаліся яны калісьці сапраўды за балотам. А балота — ды дзе яго няма? А не відно — то было і высахла. Здавён будаваліся ў такіх мясцінах сялібы. Пасярод гушчароў, яроў, балацін і азёр з гразкімі берагамі. Будаваліся ўпарта і грунтоўна. З дубу, хвоі, таполі... Без напышлівасцяў і аздоб. Няма тут каму прыгажосць дэманстраваць. Хіба што туманам ды балотнай нечысці. І няма калі. Чарнела бярвенне ад сырасці, поўз падмурак па зыбкім грунце, парахнелі стрэхі... Змяняліся ўладары, грукацелі, каціліся па грэшнай зямлі паўстанні і войны... А чалавек жыў на злосць няўродам і пошасцям, капрызам надвор’я, лютасці драпежнікаў, сквапнай тупасці панства. Паднаўляліся, перасцілаліся дахі, рубіліся хаты для новых сем’яў, выпальваліся гушчары, узворвалася на іх месцы зямля, засявалася ралля, зелянелі нівы, асвойваліся пашы.
...Бразнулі дзверы, натужліва, амаль пакутліва зарыпелі рэсоры — павольна, крыху хутчэй, хутка. І не пачуць ужо асобных рытмаў колавай хады. Толькі сіпаты гул, толькі стогн вагонаў, што шпарка адбягаюць па дузе насыпу. Пятро агледзеўся: пануры яловы гушчар падступіў, амаль ахапіў вал. Як ствалы гонкіх хвояў, падаюць на дол слупы святла. Яшчэ жаўцейшым здаецца пясок, яшчэ цямнейшай, больш таямнічай — лясная глуш. Лунаюць матылі, вясёлкавыя стракозы, па-гаспадарску ўвіхаецца сарока на абшарпанай лаўцы ля сметніцы. Спадарожнік-палясоўшчык перасек чыгуначнае палатно і схаваўся ў хмызах. Ані душы.
Родны краявід. Нічога не змянілася. Так было заўсёды, мноства гадоў. І калі, ад’язджаючы апошні раз адсюль, азіраўся спешна цераз плячо, і ў маленстве далёкім... Гэтая цярплівая, шчодрая зямля, гэтая сусветная дабрыня, што льецца на яе несупынна з нябёсаў — спрадвечнае аднаўленне жыцця. Хлопец шыбаваў па затравелай лясной дарозе... Сухое, спякотнае лета. Толькі ў нізінах пад навіслым яловым веццем не высыхаюць ажно з вясны лужыны. Ці то раскай, ці то проста шызай плеўкай пакрыты яны — царства плавунцоў і слімакоў, нездаровае месца. Пятро заўсёды імкнуўся прамінуць гушчар як мага хутчэй. Бо здавалася, што з-за папараці і хмызоў, з глыбіннага ляснога змроку сочыць за табой нехта.
Скрыпічны футарал у руцэ, рукзак за плячыма — дзіўнае суседства. А хлопцу што — гэта ягоная работа, хлеб і ўсцеха. Пройдзе дзве-тры гадзіны — і цягнуцца, ліпнуць спрактыкаваныя пальцы да зграбнай постаці скрыпкі. Турботы, шчасце — усё праз яе праходзіць. З дзяцінства, з сямі гадоў, бадзяюцца па свеце неразлучныя двое. І любяць адно аднаго, і патураюць, і сварацца. Пятру ўжо амаль трыццаць гадоў, а ні сям’і сваёй, ні багацця, ні месца сталага пад сонцам, ні заняткаў і пацех звычайных чалавечых не мае. Толькі — руды кавалак дрэва, які ён вымушаны ажыўляць штогадзіну, каб не звар’яцець з нуды і непрагляднасці. Наглуха, трывала запоўнены ім дні, гады лепшыя. Ды яшчэ піяніна і ноты — бледныя, незлічоныя нотныя аркушы. Неспасціжнае таінства нараджэння гукаў.
Апошняя лагчына. Пясчаны пагорак. Пахілая бяроза, хмызняк шыпшыны, падлессе чэзлых асін. І цуд: стромыя, магутныя хвоі — бор, улюбёнае месца Пятра. Кантрастна, шчодра, жыццесцвярджальна раскрываецца, вабіць яно да сябе душу пасля гушчыні яловага палону. Цягнуцца ўздоўж ствалоў жоўтыя ніткі, весела бегаюць па некранутым імху сонечныя плямы. Далёка, глыбока пранікае позірк. Бяжаць туды хочацца, абдымаць ствалы, удыхаць чароўныя водары, проста дурыцца. Але прастуе хлопец, не збочвае. І мроіцца яму, і марыцца аб светлым. Віхураць у галаве гукі, складаюцца ўжо амаль у мелодыю, рассыпаюцца і ляцяць выраем кудысьці ўвышыню — за хваёвыя кроны.
Паўзе жук па дарозе. Сіне-зялёны, блішчасты. Мураш упарта цягне былінку. Птушка ўскрыкнула і насцярожылася — пачула незнаёмца. Спыніцца б, прысесці на пянёк ці на кукішкі, разгледзець, прасачыць... Але кліча шлях. І лесу ўжо няма. А палеткі — рыжыя, жытнія, хвалістыя ад ветру. Не велізарныя, не акіян цалінны. А возера, дзіўнае возера ў міжлессі. Цячэ па ім, гаспадарыць, бушуе сухавей. Палын у ім, мята і канюшына. І жывое, вясковае, цёплае. На ўзгорку нібы з аблокамі ўпоравень віднеюцца шэрыя дахі. Забалацце. Сонцам палітае маленькае сяло. Бяжыць, уецца да яго сцяжына.
Жылі тут і дзед, і прадзед, і прадзед прадзеда, мусіць. Слаўна жылі, цяжка і радасна. Без неўрозаў, псіхозаў. Працавалі бесперапынна, надрываліся, хварэлі немачамі праведнікаў, верылі. І дзяцей выхоўвалі ў веры і любові да працы, да белага свету. Да вербаў ніцых, да зямлі і ветру. І нараджаўся некалі Адам ці Янка, рос ціхім, задуменным дзіцём. Глядзеў ён на бег аблокаў і водную рабізну крыху ўважлівей за іншых і больш прагна ўдыхаў водары вёснаў. Крэмзаў штосьці ўпотай на шматках паперы, а затым ішоў у блуканне па свеце дапытлівы падлетак — будучы слынны паэт, і, магчыма, не вяртаўся назад. І ўчытваліся потым людзі на розных мовах у цудоўныя радкі, аналізавалі, зачароўваліся, дашукваліся прычын і вытокаў. А было там усяго: старая ліпа над бацькоўскім тынам, парог убогай хаты ды рудыя палеткі...
Лагодна атуліў Пятра жнівеньскі поўдзень. Трапеча, жыва адгукаецца новым уражанням чуйная душа. Ад гарачага, густога ветру млее маладое цела...
Мыкаюць бурыя, ляпаюць мяцёлкамі хвастоў па сваіх баках, жуюць задумліва, амаль летуценна. Вунь заварушыўся пастух пад дубам ля дарогі, млява хітнуў прывітанне падарожнаму, перавярнуўся на другі бок і сціх — заснуў, мусіць. У трыпутніку, у лопухах, у мяце... Вылез невядома адкуль, загыркаў шэры мацёры сабака. Гэтак жа раптоўна змоўк, ляніва пазяхнуў, тыцнуўся шырокай пысай у пастухоўскую кайстру, прылёг побач з гаспадаром. І жмурыцца сабака на сонечныя плямы, параскіданыя па дарожным палатне, на кеды хлопца, што ўзнімаюць пыльныя хмары. Спакойна навокал, ціха.
О, як зайздросціў падчас Пятро гэтай мернасці, гэтай мудрай нетаропкасці і падманнай абыякавасці! Што за гармонія! Якое адвечнае, сапраўднае жыццё! Сядзяць бабулькі на лавачках уздоўж крывых частаколаў, каля лядашчых, касабокіх веснічкаў. Грунтоўна сядзяць, упэўнена. Здаецца: і гадзіну, і дзве здолеюць так праседзець, гледзячы на аканіцы напроці, на шыфер і салому дахаў, на сады, на далёкую пушчу і чароды аблокаў. Альбо яшчэ далей — кудысьці ў сябе, у мінулае, у Бога. Можа прашоргаць, пракульгаць цераз вуліцу стары і сесці поруч. І нічога не сказаць адмысловага — прывітацца проста. І будуць яны сядзець разам, зрэдку перакідвацца словамі — пра гаспадарку збольшага, пра ўраджай. Або — проста маўчаць і радавацца сонцу, шчодраму жніўню. Марыць, спадзявацца, тужыць аб страчаным. Не надакучыць ім гэта ніколі — колькі б дзён не дарыла жыццё. Любяць яны яго. І жыць умеюць. У кожнага ёсць час для працы, для роздумаў і адпачынку, для малітваў шчырых, для шчасця. Не тое, што Пятро. Вось і ў водпуску ён. І з настроем, адпаведным чалавеку, што выдраўся з гарадской штурханіны: грыбы збіраць, купацца, рыбачыць, жыць, як расліны — не думаць, не меркаваць, не мудрагеліць. Але падсвядома прадчувае хлопец і тое, што не — не атрымаецца ў яго проста жыць, проста любіць і радавацца. Як у маленстве бестурботным колісь. Як тут усе людзі — не зважаючы ні на што. Бо ведае ён сябе, добра ведае.
Сярод гулу, весялосці, заняткаў разнастайных і пацех наляціць, бывала, нечакана, апануе, развярэдзіць душу туга невытлумачальная, сум аб хуткаплынным, зніклым, няспраўджаным. Нудна стане Пятру. Вычварнымі і бязглуздымі пададуцца забавы сяброў, чужымі — іх абліччы. І нават лясы і лугі — пустымі і жахлівымі. Пацягне дзіўная сіла ў самотнасць, у пакойчык свой — да піяніна і скрыпкі. Абмацаюць чуйныя, прагныя да ігры немужчынскія пальцы клавішы ці струны, прыпадуць да іх... Акіян гукаў спародзіць постаці, пачуцці, здані — цэлы ўяўны свет. Выкліча жывых, адаб’е ў зіхатлівым люстэрку свядомасці лёсы жыхароў Мінуўшчыны. Прэч, смутак! Як весела тут, як хораша, спагадліва, аб’ёмна, дзівосна! І зноў хочацца жыць — складаць, запісваць крывулькі нотаў. Бегчы да людзей — іграць, распавядаць, дзяліцца, удзельнічаць...
Эх, жыццё б Пятру прасторнае — яснавокае, на вятрах і сонейку, у поце і мазалях. Без думак натужлівых, надуманых пакут, блуканняў у пошуках цьмянага, магчыма, неіснуючага наогул. Упэўненасці б яму ў сабе, разважнасці, роўнага настрою. А тое ж за дзень, бывала, неаднойчы і адчай кіпцюрамі прыхопіць, і ўзляціш дагары, узрадуешся да экстазу. Вось і зараз корпаецца ён у старых лахманах: варушыць колішнія пачуцці, супрацьпастаўляе цяперашнім. І цямнее ўжо на душы, і свідруе яе нешта неадчэпнае...
Гойсаюць па вуліцы бялявыя хлапчукі, у ценях дрэў заліваюцца птушкі, валтузяцца куры ў купах гною, працуюць сяляне... Але даўно, ужо шмат гадоў, гэтыя цудоўныя, амаль запаведныя палескія мясціны атручаны, апаганены нахабна і бязлітасна. Немачы, гора, смерць схаваліся нябачным ядам у глебе, праніклі ў кару і лісце, паасядалі ў нячышчаных комінах, расцерушыліся па сталах, бялізне. Балазе прырода не ведае аб гэтым і жыве, як раней, паўнакроўна: каласуе жыта, грукацяць грамы, захоўвае вячыстую прахалоду пушча, Сож магутна паўзе, выгінаючыся, па пясках за вёскай. Ведае толькі чалавек — усяго ліха віноўнік. Ён жа больш за ўсіх і пакутуе. Пустэльнымі зрабіліся вуліцы роднага Гомеля, сумным — лебядзіны ставок у старадаўнім парку. Нават у самую моцную спёку не стракацяць так, як калісьці густа, гарадскія пляжы купальнікамі. Хто здолелі — даўно паз’язджалі адсюль. Змянілі кватэры, прапіскі. Чэзне раскошны край. Хварэюць людзі. Бацька Пятра, заўсёды такі бадзёры: рыбак, паляўнічы, плывец выдатны, да шасцідзесяці гадоў ператварыўся ў вартую жалю разваліну. Нічога не баліць як быццам, а сілы няма нават па кватэры прайсціся. Не можа працаваць, злуецца. Спаганяе раздражненне на сыне. Не прабяжыць ужо бацька запаветнай сцяжынкай да ракі на досвітку, не пажартуе, не вып’е чарку ў дзедавай хаце. Забылася на яго Забалацце.
Так, не ведаюць пра смерць, пра подлую атруту ні верас, ні аблачынкі пухкія, ні птушкі, ні жучкі-павучкі. Жывуць сабе проста: весяляцца, сустракаючы дзень; ад холаду пакутуюць... Хварэюць і паміраюць натуральна, не задумваючыся, не прадбачачы...
Зарыпелі, паддаліся веснічкі: стары мілы дворык, зарослы травой і бадзякамі; асунутая ў зямлю, нібы змарнелая хата. А колькі весялосці, смеху тут было колісь! Двор дзятва і жывёла вытоптвалі за лета. Зараз сцяжынка да ганка амаль не прыкметна. Не дыміць комін, не бразгаюць дзверы.
Пятро прысеў на прызбу, закурыў, агледзеўся ўважлівей: пабудовы колішняй гаспадаркі, агароджа, што адмяжоўвае двор ад саду. А сад! — скурчаны, пустазелле з ніжнімі галінамі ўпоравень. Схаваліся ў траве і агрэст, і парэчкі. Паўсюль царуе бур’ян. Маўклівым дакорам глядзяць на Пятра ўсыпаныя дробнымі пладамі здзічэлыя яблыні. І няма слоў для апраўдання. Хаця хочацца, дужа хочацца сказаць, што заняты быў, што грошы зарабляў, дапамагаў бацькам. Што рабіць ён у свае трыццаць гадоў нічога вартага не ўмее, апроч як музіцыраваць... Маўчаць касарукія яблыні, маўчаць каржакаватыя вішні і слівы. І толькі бяроза над галавой шэпчыцца з ветрам, і ледзь скаланецца галоўкай рамонак ля ног. Палявыя кветкі — рамонкі, валошкі ды казяльцы — падступілі да дому.
Але рохкне недзе свіння, замыкае карова з блізкай лугавіны, прагарлапаніць певень — весялей робіцца на сэрцы. Ёсць жыццё. Трымаецца яно тут, магчыма, на бабульках, на Паўлаўнах, якім і месца на Зямлі, бадай, больш няма. З’язджаюць у гарады ўнукі, запіваюць з тугі сыны, а яны працуюць аддана і ўпарта, як звыклі з дзяцінства, цягнуць убогую гаспадарку, любяць родную глухмень. Хоць і жаляцца заўсёды на лёс, і хварэюць. Дыхаюць водарамі палеткаў, смаляцца пад сонцам, не разважаючы, колькі рэнтгенаў атрымліваюць іх скура і кроў. Гэта занятак для гарадскіх — адукаваных, начытаных, якія са страху глытаюць таблеткі, едуць на курорты па ванны... Але і хварэюць, і паміраюць усё адно. Не Паўлаўны ж, не Фадзеічы жудасць чарнобыльскую ўчынілі, а ўсё тыя ж бледныя разумнікі — прафесары з кандыдатамі.
Змрокам і няўтульнасцю заняпаду сустрэлі Пятра памяшканні хаты. Скрыпяць масніцы ў сенцах. Затхлае, сырое паветра нібы захоўвае ў сабе ўспамін аб зімовых сцюжах, золкіх непраглядных начах. Пятро паспяшаўся расчыніць аканіцы, падпарадкоўваючыся спрадвечнаму чалавечаму жаху перад цемраддзю. Хай падыхае хатка, напоўніцца летам. І бегаюць, і слізгацяць ужо ніткі промняў па запыленай канапе, па стале, па шыфаньерцы; праз проймы акон пранікаюць унутр слабыя гукі здранцвелага, вялага ад спёкі дня; здзіўлена ўсміхаюцца са сцен партрэты продкаў — сонейку, прыгажосці і дабрыні.
Да прыцемкаў Пятро даводзіў пакоі да жылога выгляду. Мыў падлогу, здымаў пасмы пылу і павуціння са столі, з паліц і люстраў. Выбіваў на двары падушкі, коўдры, матрацы і сеннікі, сушыў іх на сонцы. Грэўся сам. Курыў бесперастанку. Уключыў стары халадзільнік, праверыў спраўнасць электрапліткі, кіпяцільніка. Памыў і пачысціў вёдры, прынёс са студні свежай вады. Дастаў з куфра і разаслаў на кухонным стале абрус. Павесіў на цвік прывезены з сабой чысты стракаты ручнік. Разабраўся з рэчамі і пасцельнай бялізнай. Наладзіў радыёпрыёмнік. Неўзабаве ў руках апынулася скрыпка — разануў смыком па струнах...
Зноў у пакоі спявалі птушкі, стракаталі конікі, гаманілі залевы, бруіліся плыні і набягалі хвалі прыбою. Заходзіў Моцарт, жартаваў і малоў блазенскія глупствы. У куце трызніўся бледны твар Шапэна. Кампазітар задуменна глядзеў у вясковае сутонне. Танцаваў Штраус, пацешна адстукваў рытмы вальса па дашчанай падлозе мудрагелістымі абцасамі. Завітвала Паўлаўна — ужо насамрэч. А Пятро амаль не адрозніваў рэчаіснае ад прывідаў. Ён не перапыняў ігру ў час размовы з бабулькай, якая, здаецца, распавядала пра розныя беды і няўроды. Але быў рады ёй, рады простаму абліччу, шчыраму позірку, гаматнай вопратцы. Паўлаўна запрашала ісці вячэраць, а Пятро толькі хітаў галавой і граў зноў і зноў.
— Табе, мусіць, самотна тут будзе, Пятрусь? То начаваў бы ў мяне, у святліцы...
— Я неспакойны сусед, бабуля, — хлопец мацней пацягнуў смычок. — Дый з дзівацтвамі. Вы ж памятаеце...
— Ну то — снедаеш у мяне?
— Згода...
Гукі, гукі — няма для іх канца і краю. І адзіноты няма, калі чалавек здатны гутарыць з Моцартам, што прыходзіць з глыбіні стагоддзяў, як з братам. А падчас здавалася Пятру, што і не нараджаўся ён аніколі, а спаконвеку калышыцца ў лагодных водах акіяна мелодый.
Голад нагадаў хлопцу аб зямным існаванні. Еў ён прагна: нават запіваў малаком, гарлач якога прынесла добрая бабулька, рыбныя кансервы; угрызаўся ў смажаную курыцу, зноў піў малако — ужо з пернікамі.
Выходзіў на падворак. Углядаўся, услухоўваўся ў чэрава ночы, што зіхацела блакітнымі кропкамі зорак. Ночы ўжо былі досыць цёмныя, хаця прайшло ледзь больш за месяц, як сонца “пераваліла” на зіму. Ціха... Зрэдку цвыркне нясмелая птушка, ды хрыпаты сабака ці то забрэша, ці то завые. Не чутно чалавечай гаманы — тут рана кладуцца, калі няма гулянкі якой альбо свята. Змрочны, значна чарнейшы за бязмесячнае неба стары сад. Нават глядзець туды не хочацца. А ўсё ж зірнеш скоса... Цяпло. Зранку раса будзе, сонца. Шмат чаго чакаў Пятро і ад раніцы наступнай, і ад будучых сонечных дзён. Толькі спякотнае... вельмі спякотнае лета. Больш за месяц — ні дажджынкі. Знемагаў, мучыўся ў гэтым пекле горад, кволіўся і Пятро. З тыдзень ужо вісіць паўсюдна шызая смуга — гар ад пажараў на тарфяніках. Не дае адпачываць уначы, трывожыць едкім пахам. Дый што за сон у той перагрэтай бетоннай скрыні? Тут ён і выспіцца, і папрацуе — абавязкова складзе штосьці адмысловае. Яшчэ мітуслівае, цалкам не аформленае, але блізкае, тое, што даўно хвалюе, узрушвае і імкнецца вонкі — у белы ласкавы свет.
Не спалася на новым месцы. А яшчэ поўня сярод ночы ўзышла і нібыта ўзіралася ў Пятра моўчкі праз шыбу. І фіранкі няма ад яе схавацца (заўтра трэба павесіць), і перамясціцца няма куды — толькі чакай, пакуль ссунецца, праклятая. Ускакваў хлопец, курыў нервова. Раптам схапіў скрыпку і пры няпэўным святле настольнай лямпы доўга мучыў бывалы інструмент. Іх слухаў сад, натапыраныя частаколы і жыўнасць, што не спіць уначы. Маглі пачуць і вяскоўцы, надзвычай здзівіўшыся пры гэтым жвавасці начнога музыкі.
Ранак праглыныў Пятра, уразіў змрокам гушчароў, порсткімі вятрамі прастораў, духмянымі, хаця і высушанымі спёкай лугамі. Гэты палескі жнівень! Усё падрыхтавана, насычана і настоена, усё прагне выліцца шчодрымі дарамі садоў і гародаў. У лесе няма прыкмет стомы і памірання, хаця зеляніна ўжо не дужа яркая і сакавітая... А зазірні ў бураломы векавой пушчы, у гушчу старых асін і клёнаў, у глыбіню яроў — і на паплавец захочаш, да аблачынак бела-ружовых, пад залатыя промні. Па-за лесам усё такое вялізнае і сіняе! Сіняе неба, сіняваты туман у лагчынах, сінявой мігаціць раса на досвітку, сіні Сож у жоўтых пясках.
Пятро снедаў у Паўлаўны і выпраўляўся за ваколіцы. Блукаў па лясах, перасякаў разлогі. Хутка і месца сабе знайшоў цудоўнае: дзе рака выгіналася, нібы падкова, на пясчаным адхоне стаяла старая занядбаная цэркаўка. Абшарпаныя муры, з’едзены ржой купал... Стаіць яна, самотная, глядзіць долу — на павольную плынь, на вёсачкі, што ўчапіліся за берагі. Гады плывуць праз яе, стагоддзі... Зарос бур’яном цвінтар, упалі дзверы, унутры — пустэча і крумкачыныя гнёзды, са званіцы скрадзены звон. І толькі счарнелы крыж ліпіць над наваколлем.
Палюбіў гэтае месца Пятро — кіламетрах у трох ад Забалацця. На адхон гадзін з адзінаццаці амаль перпендыкулярна падала сонечная лагода, награвала пясок... Унізе — сіне-зялёныя воды, па-над купалам званічкі — блакіт нябёс, па краях берагавой падковы — сёлы ў зеляніне садоў, на супрацьлеглым беразе — паша і лес удалечыні. Прыслухаешся: па воднай роўнядзі, як па тэлефонным дроце, выразна далятаюць гукі навакольнага жыцця. І мыканне кароў, і брэх пастухоўскіх сабак, і грукат вёслаў ва ўключынах нябачнай лодкі, і гамонка вяскоўцаў...
Пасля вячэры Пятро звычайна спрабаваў іграць, нават складаць мелодыі... Але бязладдзе ў думках, але мноства дзённых уражанняў не дазвалялі засяродзіцца, перавесці ўбачанае і пачутае ў строй нотаў, стварыць штосьці гарманічнае. Нават класічныя, заведама бездакорныя творы, гучалі блякла і невыразна. Пятро не пазнаваў сваёй ігры, не пазнаваў твораў любімых кампазітараў. Магчыма, стамляўся за дзень, а найхутчэй, у дні гэтым, у аблоках і калоссі было больш, непараўнальна больш музыкі і жыцця. Бадай, пры ўсёй чуйнасці, геніяльнай чэпкасці зроку і слыху творцы, адлюстроўвае ён толькі частку, невялічкія і не заўсёды лепшыя фрагменты прыроднага хараства. Перадае ўсё-такі суб’ектыўна, хаця і шчыра.
Праз некалькі дзён з-за сваёй няздатнасці, немагчымасці выказацца Пятро зажурыўся. Дні ўсыпілі яго, пазбавілі пільнасці, патрабавальнасці да сябе, творчага запалу, без якога мастак пачынае спакваля блажэць. У галаве кружляюць чароды думак, звонку — гульба гукаў, лунаюць размаітыя водары-пахі, завіхаюцца людзі, лётаюць птушкі. А Пятро не можа іх ахапіць. І маўчыць, і яго не чуюць...
А ці варта намагацца? Вунь дзятва дурэе на вуліцы, абсыпаецца жвірам, вадой абліваецца самазабыўна. Бабкі, дзяды справай занятыя — і тым шчаслівыя. Моладзь гамоніць вечарамі на лавачках, таньчыць пад магнітафонныя выгукі. Сусед Сяргеіч, колішні бацькаў таварыш па рыбалцы і шахматах, штодзень поркаецца ў сваім садку ці ляжыць пад ігрушай, газетамі шамаціць. На адпачынку з сям’ёй. Спакойны і задаволены сабой, напэўна. Неяк сказаў:
— Ты б, Пятро, па-людску, у грамадстве... Ці сад бы да ладу прывёў... А тое ўсё: “дрынь ды брынь”... Хіба гэта справа?
— А што тады — “справа”? — з’едліва спытаў Пятро.
— А вось рыбалка хаця б... Давай заўтра па старыку пройдземся. Карась сёлета гожы. Іншая рыба не бярэ, а ён — звер.
Пятро кінуў погляд на пукатае пуза Сяргеіча, якое той якраз няспешна чухаў, на лагодную яго ўсмешку і падумаў: “А чаму не? І наогул, колькі можна дрыгацца. Прыехаў адпачываць — адпачывай! Годзе з сябе генія строіць... Дый добра тварыць дзе-небудзь у панскай сядзібе, у святліцы прыбранай. Калі за сценамі жыццё варушыцца: слугі ў клопатах круцяцца, дзеткі твае ў садзе гуляюць-весяляцца пад доглядам гувернантак, жонка за гаспадарку дбае, увечары — сябры, музыка... А тут — хата гэтая напаўспрахлая, змрочная, адкуль штохвілінна збегчы карціць. Сад пануры. На вуліцу выйдзеш, то касавурыцца кожны, як на дурня: з ухмылкай. У пакоі граць нудна... Але не ісці ж са скрыпкай у лес ці, горш за тое — на лаўку ля весніцаў... Яшчэ ў шапку кідаць пачнуць...”
Дамовіліся з Сяргеічам назаўтра а палове пятай раніцы сустрэцца ля студні і развіталіся.
Пятро залез з ліхтарыкам у камору і адшукаў у купах запыленага хламу рыбацкія прычындалы, пару бацькавых тэлескапічных вудзільнаў. Цэлы вечар перабіраў на ганку кручкі, плаўкі і грузілы — наладжваў снасці.
Сустракалі світанне з вудамі на старым рэчышчы Сожа. Па здранцвелай навекі вадзе павольна поўз кудлаты туман, абяцаючы прывычную спякоту. Ён блытаўся ў голлі напаўзатанулых дрэў, кучарах ніцых ракіт, у асацэ і чароце. Ветру амаль не адчувалася, але Пятра калацілі дробныя дрыжыкі — ці то ад сырасці, ці то ад паляўнічага азарту.
Паплаўкі чатырох вудаў замерлі на шызай роўнядзі. Не чутно ўсплёскаў рыбы, увогуле — ані гука. Змрочна тут. Нават птушкі галасіць баяцца... Першыя нясмелыя прамяні ледзь кранаюцца дубовых макавак на супрацьлеглым беразе.
Сяргеіч сядзіць, што корч. Мерна выпускае кольцы цыгарэтнага дыму. Пятро таксама курыць — толькі нервова. Раз-пораз выцягвае снасць з вады, правярае прынаду, мяняе яе, перазакідвае... Маўчаць абодва. Чакаюць. Не бярэцца рыба...
Але вось Сяргеіч напружыўся, прыўзняўся крыху. Упэўненым рухам паклаў руку на вудзільна, не адрываючы яго ад рагулі. Праз хвіліну падсек спрытна і цягне ўжо з асалодай, умела выводзіць з цёмнай ямы залацісты шар на паверхню. Унутры Пятра нешта сцінаецца ад зайздрасці і хвалявання. Неўзабаве тлусты карась памерамі з патэльню заблытаўся ў сетцы Сяргеічавага падхватніка.
Бярэцца і ў Пятра. Хіснуўся пёравы паплавок, убок пайшоў плаўна... Ці падаецца толькі? Счакаць бы! Падсечка... Дарэмна! Хлопец са злосцю выплюнуў папяросу.
Рыба пачала хораша брацца гадзін з дзевяці, калі здавалася, што нічога вартага ўжо не будзе, і пара згортвацца. Да дванаццаці гадзін Сяргеіч нацягаў з паўвядра пульхных карасёў і гарбатых краснапёрак. Выводзіў да сачка маўкліва і спрактыкавана. Лавіў на груцу, як і Пятро. У таго ж поспехі былі больш сціплыя. Дый клявала непараўнальна радзей.
Пятро падазрона пазіраў на кручкі Сяргеіча, калі той насаджваў на іх прынаду; закідваў свае бліжэй да ўдачлівага месца. Марна. Напрыканцы рыбалкі ў яго садку трапяталася толькі некалькі карасёў ды худых плотак.
— Ты як кашу чапляеш? — спытаўся Сяргеіч, калі ўжо змотваў вуды.
— Звычайна: каб кручок закрыць, — недаўменна адказаў Пятро.
— А трэба браць зерне найбуйнейшае і расшчапляць яго напалам. Ды па палавінцы — на кручок, разрывам вонкі.
— А якая розніца?
— А такая, браце, розніца, што карась мякаць з-пад абалонкі высмоктвае, а на цэлае зерне не квапіцца.
Пятро прамаўчаў, але ўнутрана абурыўся: “Вось жмінда! Знайшоў, калі параіць. Рыбы ў Сожы яму мала...”
Вярталіся дубровамі, асінавым падлескам, пераспелымі палеткамі, якія яўна зачакаліся камбайнаў. Сяргеіч балабоніў пра палітыку, пра хлеб, пра сэнс і прыгажосць жыцця. Пятро маўчаў і пахмурна падтакваў. Дзень набіраў звычную моц, таміў, хіліў на дрымоту.
— Ты заходзь да мяне вячэраць. Жонка карасёў у смятане запячэ. Возьмем па чарцы. З дачкой пазнаёмлю, — пры развітанні сказаў Сяргеіч, пазяхаючы.
— Добра.
Сяргеіч, у прынцыпе, неблагі дзядзька. Раздражняюць толькі падчас самаўпэўненасць ягоная, азызлы твар ды тлусты карак... Пятро ўсміхнуўся, няўзнак згадаўшы выпадак з прынадай. І дачка ў яго ніштаватая: усё пазірае на Пятра з-за плота ды прыцемкамі на лаўцы з моладдзю забаўляецца пад магнітафонныя спевы. “Нічога, і мы пацешымся... Досыць мудраваць!” — падумаў хлопец. Яму раптам спадабалася пустэча, што пачала ўтварацца ў галаве — вакуум бесклапотнасці, жывёльнай ляноты. Хацелася спаць.
...Увечары ўмыты, паголены, ахайны Пятро сядзеў пад ігрушай Сяргеічавага саду за сталом — у кампаніі гаспадара, ягонай жонкі і дачкі, Нэлі.
Дачка, як і маці, паўнагрудая, пародзістая, з румянымі шчокамі і фарбаванымі валасамі. Гадоў дваццаці трох, прыкладна. Пятро не бачыў яе каля пяці гадоў. Чуў, што вучылася ў інстытуце. Улетку, мабыць, — будаўнічыя атрады, лагеры... Жыццё цікавае і вясёлае. Сюды даўно не наведвалася.
На абрус зрэдку зляталі першыя зачэзлыя ад засухі лісткі. У цэнтры стаяла бутэлька “Пшанічнай”, міска румяных, пасыпаных кропам карасёў. Па ўсім стале — разнастайныя салаты, проста гуркі і памідоры — чым багаты жнівень. Горка варанай бульбы на вялікай талерцы, хлеб, сала...
Жонка гаспадара з дачкой прыслужвалі хлопцу: прапаноўвалі паспытаць і тое, і гэта. Нэля чырванела пры сутыкненнях поглядамі, хітравата адводзіла свой убок.
Сяргеіч быў прастадушна замілаваны сабой, жартаваў, сам жа і рагатаў першы. Пакепліваў з акаляючых. Жонка, яшчэ не старая, прыгожая кабета, з глыбокай пашанай услухоўвалася ў кожнае яго слова. Дачка спрабавала ўступаць у гутарку, але, абарваная трапнай заўвагай бацькі, саромелася і збянтэжана замаўкала.
Гаспадар уражваў ведамі верхагляда ва ўсіх галінах рэчаіснасці (напэўна, набраўся з газет, лежачы ў засені дрэва): навуцы, палітыцы, сельскай гаспадарцы, кулінарыі і нават мастацтве. Ён распавядаў, як трэба гатаваць плоў, марынаваць шашлык, габляваць дошкі, гадаваць вінаград і ўдзельнічаць у рабоце амерыканскага парламента. А пасля чацвёртай чаркі палез у нетры мастацтва і літаратуры: лаяў, з’едліва насміхаўся з сучасных пісьменнікаў і мастакоў, абзываў (забыўшыся на прысутнасць Пятра) музыкантаў дармаедамі, меркаваў, як бы ён сам тварыў, калі б меў здольнасці...
Пятро нават не спрабаваў спрачацца — гасіў закіпаючае раздражненне гарэлкай, упісваў карасёў з памідорамі. Дагодліва хітаў галавой. Браў удзел у гульні вачыма з Нэляй. Адпачываў мозгам. Потым пад чаркай паабяцаў заўтра пайграць дзеля дзяўчыны на скрыпцы — экзотыка ўсё ж! Паразыходзіліся ў поўнай цемры. Пры гэтым кожны застаўся задаволены сабой і перажытым днём увогуле: Пятро мысленна кпіў з глупства Сяргеіча; Сяргеіч быў уражаны сваім красамоўствам; яго жонка радавалася, што весела мужу; Нэля была дужа ўсхвалявана новым знаёмствам з дзіваком-скрыпачом (дзіцячыя дачыненні не ў лік).
Акно было адчынена ўсю ноч, і здаровае паветра наваколля знішчыла да ранку ўсякія сляды алкаголю ў арганізме Пятра. Устаўшы, ён дастаў з халадзільніка гляк з сыраквашай, паснедаў з чорным хлебам.
Затым выправіўся па харчы ў суседнюю вёску — Хвойнікі. Яна была буйнейшай ад Забалацця і мела ўласную краму.
Зноў спякота. Ані дажджынкі за паўтара месяца. Нават Сож прыкметна абмялеў. Пачалася ўборка збажыны. І думалася па дарозе Пятру, што будуць яшчэ і раллі, і нівы, і пожні. Каласы неаднойчы пазгінаюцца ад ветру, памыюцца ў залевах і акрыяюць на сонейку... Але гэтых, менавіта гэтых каласоў і аблачынак над імі ніколі... ніколі ўжо не будзе...
У краме набіў торбу боханамі свежага хлеба (у асноўным — для Паўлаўны), кінуў наверх мяшэчак падазронага выгляду пячэння — да вячэрняй гарбаты. Спыніўся, здзіўлена разглядаючы шыльду над ганкам драўлянай хаты напроці крамы: “Бібліятэка”. “Асяродак культуры!” — зазначыў штампам і адразу ўзлаваўся на сябе за гэта.
На ганку, дзе скрозь лядачыя дошкі папрарастала траўка, чухаліся і кракалі дзве гусі. Хутка адна залямантавала, саскочыла на дол і з размаху плюхнулася ў прыдарожны равок з вадой да сябровак, што раскашаваліся ў ціне.
Пятро прысеў на пясчаны грудок. Сухавей разгойдваў былінкі. Зноў тыя ж васількі ды рамонкі. Трыпутнік нібы паўзе па прыступках. Густы, даўно адцвіўшы бэз торкаецца ў вокны... Смаліць шлях няўмольнае сонца. Здранцвела вёска. Заржавелы замок адпачывае на дзвярах бібліятэкі. На бляклай аляпаватай шыльдзе не разабраць гадзін працы. Усё зразумела: зараз адна праца — у полі. Пятро ўявіў сабе за сценамі тамы любімых пісьменнікаў — Караткевіча, Багдановіча, Лермантава, што, напэўна, гадамі пыляцца на паліцах некранутымі; складзеныя ў куце стосы часопісаў...
Дрэмле сяло ў сонечным вэлюме, у садах кучаравых, у смузе з тарфянога гару.
...А вечарам прыйшла Нэля. Яны пілі каву ля расчыненага ў пануры сад акна. Нізкае праменне блыталася ў галінах яблынь. Доўгія рукастыя цені змяіліся па бурштынавай траве, караскаліся на тын і гаспадарчыя будыніны, запаўнялі пакой.
Нэля распавядала пра сябе. Пятро слухаў рассеяна... а больш іграў. Граў без натхнення, без самааддачы — як рабіў, калі падпрацоўваў піяністам у начных клубах...
Гэтая засланка душы, закляты вораг Пятра — звычка на ўсё глядзець як бы зводдалеку, ставіцца з недаверам, аналізаваць... Якім нудным і брыдкім ён сам сабе падчас падаваўся! І цяпер ён загадзя пралічыў далейшыя падзеі: вось Нэля пасунулася бліжэй, хітра зазірае ў вочы; вось просіць паказаць ёй некалькі акордаў — села побач; вось трымаюцца яны за смык разам — пальцы датыкаюцца, пераплятаюцца, хвалююча падрыгваюць; какетлівы смех — і яна ўжо ў Пятра на каленях; гарачыня грудзей, клубоў — рухавых, пругкіх... І разгараецца, вар’юецца штосьці нястрымнае ў кісцях рук, пад лыжачкай, ніжэй... Прапаў!..
Назаўтра раніцой прачнуўся Пятро з пачуццём агідным, быццам здзейсніў нешта пачварнае, здрадлівае. Здрадлівае найхутчэй у дачыненні да старой скрыпкі, партрэтаў продкаў і сцен драхлага дома.
...Наступныя два дні Пятро бавіў у стагах за вёскай: асавела перагортваў дэтэктыў, загараў, драмаў гадзінамі. Харчаваўся яблыкамі з чорным хлебам. Зрэдку спускаўся да Сожа асвяжыцца. Думак не было — адна апатыя, пакорлівасць плыні часу. Не хацелася бачыць ні Нэлі, ні Сяргеіча. Баяўся не сустрэчы, а неабходнасці вытлумачвацца ці граць чарговую ролю. На абшарах кіпела жніво. Прырода нібыта спяшалася насыціцца энергіяй летніх дзён, якія пакрысе, але няўмольна скарачаліся... Сэрца стукала мерна, бойка гнала па жылах прамытую вятрамі кроў. Сумленне больш не мучылася ад бяздзейнасці розуму, які ўжо не імкнуўся ствараць і вышукваць надуманыя праблемы. Хлопец проста прымаў жыццё, і яно лашчыла яго і любіла...
На трэці дзень, выбіраючыся завулкамі з вёскі, Пятро натрапіў на Нэлю. Яна сядзела на лаўцы ў кампаніі дзвюх ладненькіх, фанабэрыстых (відаць, таксама гарадскіх) дзяўчат. Зачапілася за яго. Адышліся на колькі крокаў.
— Ты чаго хаваешся? — спытала яна досыць патрабавальна, прывабная ў лёгкай летняй сукенцы і панаме, знарок збітай набакір.
— А што ж мне — серэнады пад вокнамі спяваць? — грубавата пажартаваў Пятро.
— Ладна... Хадзем пакупаемся.
Спускаліся да ракі поруч, не тоячыся. Пятро не саромеўся — не злачынца ж. Але хмурыўся, глядзеў долу і моўчкі шураваў кедамі жвір. Жвір патыхаў пячным жарам. Што за жнівень!
...Уверх па рацэ цугам цягнуліся баржы, борздзенька абагнала іх ракета на падводных крылах — усхвалявала, ускаламуціла ваду. Пятро, акунуўшыся, крыжам ляжаў на прыбярэжным пяску. Нэля сядзела побач і скубла зубамі сцяблінку. Вада сцішылася. Знянацку па ёй, напэўна, з нябачных з-за выгіну ракі лугавін данесліся да чуйнага вуха Пятра чароўныя гукі — шматгалосы напеў сялянак. Не натужлівыя, не канцэртныя спевы, калі дзяруць горлы і трасуцца пад ліхаманкавыя рытмы. А акурат напеў — лагодны, ласкавы, няспешны, як дзень залацісты, як цячэнне Сожа. Слоў было не разабраць, а толькі адзін падгалосак-ручаінка лунаў над агульным хорам.
Пятро ўслухоўваўся прагна, амаль хваравіта. Ён меркаваў, што і Нэля таксама чуе гэтае дзіва. Але раптам увушшу:
— А ведаеш, у Турцыі адпачываць цяпер значна лепей, чым у Балгарыі. Цэны аднолькавыя, а сэрвіс...
Пятро скалануўся. Ускочыў, пашыбаваў прэч. У галаве віравала прыкладна наступнае: “Усё добра ў іх!.. Матэрыю, забавак падавай!.. Бацька сам нажарэцца ў тры глоткі, аблае ўвесь свет і спіць потым, як немаўлятка... Дачку выхаваў з аднымі Турцыямі-Грэцыямі ў галаве... Нічога, сёння ж прыцемкам дрыгацца будзе пад магнітафон ды рагатаць з патлатымі... Ненавіджу!”
...Яна, аднак, прыйшла да яго ўвечар. Прыходзіла і наступнымі вечарамі: тоячыся, пад аховай сутоння крадком рассоўваючы жэрдкі плота. Ён валодаў ёй шалёна, у палавым ачмурэнні тузаў спешчанае, прагнае да ласкі маладое цела. Рабіў справу неяк па-драпежніцку, але пры тым ясна, з дзіўнай цынічнай разважнасцю адрозніваў, размяжоўваў сэнс любові і кахання. Бо ў жыцці сваім гэты пераростак любіў па-сапраўднаму, бадай, толькі акіян гукаў ды лунаючыя ў ім цьмяныя постаці. І не мог паяднаць з рэчаіснасцю. Мо ў гэтым быў ягоны крыж?
Аднаго разу ўначы саснілася, быццам бы стаіць ён, Пятро, на адхоне, пад цэркаўкай. Рыжае ранішняе сонца слепіць вочы, Сож выгінаецца падковай. Зверху даносіцца мілагучны голас звона. Хлопец глядзіць туды: патынкаваныя муры, блішчасты бронзавы купал, залацісты крыж над званіцай зіхаціць, адбівае нізкае праменне. Пятро бяжыць угору, доўга бяжыць, грузне ў зыбкім пяску. Вось ён ужо на цвінтары — на самай вяршыні. А ўнізе, па шырокіх сцяжынах, з абодвух бакоў цягнуцца да цэркаўкі людзі — ад вёсак, што патанаюць у бела-ружовай квецені травеньскіх садоў... Блішчаць у руках крыжы і рамы абразоў; абліччаў не разгледзець, а вопраткі — белыя-белыя... Яснае неба. Намнога сіней, намнога прасторней, чым звычайна, навокал. Звініць-заліваецца наверсе звон, шчыруе спрытны званар... Пятро спрабуе ступіць на прыступку ганка і прачынаецца.
За акном шуміць, злуецца залева. Маланкі мяжуюць бездань ночы, асвятляюць каржакаватыя вішні ля частаколу, нягожыя дахі будынін.
Нарэшце прарвала! Пятро ўскочыў, прагна пацягнуў свежае, азонавае паветра. Уключыў святло. Спешна пачаў збіраць параскіданыя імпэтамі ветру нотныя аркушы. Сунуў іх у рукзак, хаця з аднолькавым поспехам мог бы закінуць у печку. Але, час ад’язджаць. “Адпачнуў, набраўся сілы, пацешыўся — малайчына!” — уядаў сам сябе. Склаў астатнія рэчы, накрэмзаў цыдулку для Паўлаўны і прыціснуў пакуль чарніліцай да стала. Паглядзеў на гадзіннік — пачатак чацвёртай: “Мо падрамаць яшчэ?” Апрануты прылёг Пятро на канапу. Знадворку ўсё капала і струменіла. Раптам стала няўтульна і самотна... І змрочна, кантрастна змрочна ў параўнанні з толькі што саснёным цудам!
Пятро курыў да світання. Вецер разагнаў навальніцу. У паветры вісела імжа — след начной калатнечы. Прышчаміў цыдулку дзвярыма, пачапіў замок і пайшоў, не азіраючыся. Адзін за адным віталі новы дзень пеўні, перабрэхваліся азяблыя сабакі. Птушкі пакуль маўчалі...
Але вось выплыў, цялёпкаючыся ў густой вадзяністай смузе, пунсовы, незвычайна вялізны сонечны шар, нібы прыўзняўся на локцях, абапіраючыся на кроны далёкага лесу. Перакінулася скрозь нябёсы задзірыстая вясёлка. Адбіваецца яна ў набраклых срэбрам мурагах, у Сожы, што павольна паўзе з-за пясчанага пагорка. І прымроілася Пятру, што там — далёка, за выгінам ракі — асвятліла сонца купал і крыж цэркаўкі, і ліецца вячыстая музыка па воднай роўнядзі, па вёсках і пашах, над лесам — працуе зухаваты званар... Зашчымела сэрца, заказытала ў носе, густа паліліся па шчоках шчырыя слёзы.
Вір спраў і турбот паўсядзёншчыны зацягнуў неўзабаве Пятра: падрыхтоўка да канцэртнага сезона, рэпетыцыі, сустрэчы з сябрамі, дапамога па доме. Верасень стаяў жахлівы: дажджыла, хлюпала, з поўначы дзьмуў брыдкі сцюдзёны вецер, несліся касматыя шызыя хмары... Прырода, па ўсім відаць, разлічвалася за лета, за няўменне цаніць цяпло і спакой. Хлопец амаль не зважаў на гэта — ускакваў раніцамі ў тралейбус, выдзіраўся з яго ўвечары. Дома зашываўся ў сваім пакоі: глядзеў тэлевізар, чытаў ці балакаў па тэлефоне. З бацькамі сустракаўся адно за кухонным сталом, але быў пры гэтым добразычлівы, вонкава раскуты, нават цярпліва выслухваў нязменныя бацькавы нараканні на здароўе.
А аднойчы прыбег дамоў задыханы, з хваравітым румянцам на шчоках і паспешліва зачыніўся ў сябе. Не вячэраў. Брынкаў па клавішах піяніна амаль усю ноч, напяваў, мармытаў і нібыта лаяўся з кімсьці. Растрывожыў суседзяў, атруціў кватэру тытунёвым дымам. Бегаў на кухню варыць каву…
Быў ён у такім узрушэнні каля двух тыдняў.
Ля ўвахода ў залу камернай музыкі на прэм’еру збіраліся людзі. Быў сакавік... Зямля ачуньвала пасля зімовых калатнеч. На тумбе вецер дзёр несамавітую афішу, дзе буйнымі літарамі абвяшчалася пра канцэрт слыннага тутэйшага піяніста ў партыі з не менш вядомым тэнарам. А ўнізе дробнымі літарамі прыпісвалася: “Паводле новых твораў П. Мялешчыка”.
Людзі прыйшлі на знаныя імёны, зачароўваліся іх выкананнем, пляскалі ў далоні, дарылі кветкі. У гэты вечар у зале шчабяталі птушкі, стракаталі конікі; чуліся шолах лісця, хада Лесуна па ламаччы гушчароў, грымоты далёкай навальніцы; падалі на траву крамяныя яблыкі, калыхаўся верас... Кожны чуў па-свойму, адзначаў штосьці асабіста блізкае, дарагое, дзівоснае. Некаторыя плакалі.
У антракце Сяргеіч за столікам буфета вяшчаў жонцы:
— Глядзі ты, як зграбна: “Ля...ляль...ля”. І здатныя ж складаць людзі! Вялікая душа. Не тое, што Пятрусь... Помніш, сусед наш дзівачлівы? Тут, мілка, — сіла.
Пятро ў гэты дзень прыхварнуў і не прыйшоў на прэм’еру. Дый наўрад ці быў бы ўшанаваны — не выбітная асоба. Але з абвязаным горлам, згорблены, нехлямяжы сядзеў за піяніна і ўпарта брынчаў у паўзмроку нешта новае. Злаваўся, касаваў і нанова запісваў ноты. У куце на крэсле сядзеў і хітравата ўсміхаўся Моцарт.
Чую цябе
Частка I. Лепшы на Зямлі
1
Лічбы і ўсялякія загагуліны складваліся ў мудрагелістыя формулы, упарціліся, аніяк не жадалі падпарадкоўвацца волі Віталя, які з адчайным узрушэннем спрабаваў неяк гарманізаваць гэты матэматычны кашмар. Насценны гадзіннік даўно ўжо распачаў новыя суткі, але бядак, студэнт першага курса політэхнічнага інстытута, не сунімаўся. Ён не раз ужо касаваў напісанае і адразу ж, з зайздросным юнацкім імпэтам, угрызаўся ў наравістыя формулапабудовы, сцябаў лічбы і літары, ганяў і перасоўваў па клетках паперы, злучаў паміж сабой і праз колькі часу расштурхваў адным узмахам самапіскі. Віталь даўно пераадолеў шкалярскі страх перад грувасткімі формуламі, адно любіў іх ці ненавідзеў у залежнасці ад атрыманага выніку, ад плёну сваіх намаганняў. Можна сказаць, хлопец упадабаў гэты занятак, як ігрок, апанаваны нястрымным азартам перамогі, і нават правільней – гульні дзеля гульні. Да таго ж на носе была зімовая экзаменацыйная сесія. І допуск да яе давалі толькі станоўчыя адзнакі на заліках па шматстайных прадметах, якія шчодра падсоўвала навучэнцам ВНУ дзяржаўная сістэма адукацыі.
А за акном весялілася мяцеліца, незвычайна густая і моцная для сярэдзіны снежня. Яна шчыравала між ліхтароў панадворка, раз-пораз узрываючыся парывамі ветру, гнала высвечаныя пухкія снежныя камякі ў розных напрамках: сцяліла пазёмкай, падхоплівала вірам дагары і кідала раптам у шыбу Віталевага акна бялютка-зіхоткія патокі.
Снег ішоў ужо каторы дзень, амаль без перапынку, грунтоўна апранаючы збалелы ад восеньскіх вятроў горад. Ён нібы хаваў недасканаласці і заганы рэчаіснасці, прасвятляў душы абывацеляў. Ён натхняў мастакоў і паэтаў на новыя творы, а дворнікам ствараў дадатковыя невыгоды і нязручнасці. Снег абрынуўся неяк раптоўна, адразу ж замацаваўся маразамі, і, па ўсім відаць, наканавана яму было праляжаць не адзін месяц.
Але хлопца амаль не хвалявалі зааконныя падзеі. У варунках перадэкзаменацыйнай мітусні начыста забыўся Віталь на свае колішнія дзіцячыя прадчуванні надыходу паўночнай прыгажуні, тамлівае чаканне лыжна-хакейных забавак і ўсялякіх святочных прыемнасцяў. Інтэгралы, дыферэнцыялы, масы мізэрных часцінак і моманты інерцыі фізічных цел спрэс запоўнілі амаль чыстую і неабцяжараную школьнымі ведамі Віталеву галаву. Зараз ён змагаўся з пятнаццатым нумарам дваццацінумарной “тэарэтычнай” (як яе чамусь называлі) працы па вышэйшай матэматыцы. Тужыўся, праўда, акурат практычна. Гэтае заданне было гразой усіх першакурснікаў, абмінуць яго не выпадала ніводнаму факультэту. “ТП” была страшнейшай за ўсе залікі, будучыя курсавыя працы і нават экзамен па той жа вышэйшай матэматыцы. Адметнасць задання была ў тым, што напаткала яно студэнцкую сябрыну, яшчэ зусім неабстраляную і кволую, знянацку, падціскаючы тэрмінам экзаменацыйнай сесіі. Прапаноўвала такія грувасткія формулы, біцца над кожнай з якіх чыста фізічна, пры добрай матэматычнай падрыхтоўцы і руплівасці, належала некалькі гадзін запар. Катастрафічна бракавала часу, бо на першым курсе, як можна лёгка здагадацца, вывучалася не адно вышэйшая матэматыка. Іншыя прадметы, акурат як першы сёлетні снег, гэтаксама густа абрынуліся сваімі залікамі, лабараторнымі “хвастамі” і рэфератамі на галовы яшчэ незагартаваных у студэнцкай калатнечы маладзёнаў.
Спісаць адно ў аднаго “ТП” было амаль немагчыма, бо ў кніжцы, старанна распрацаванай выкладчыкамі ВНУ, налічвалася каля 100 варыянтаў (кожны па дваццаць нумароў). Таму рэдкімі былі супадзенні нават сярод першакурснікаў адной спецыяльнасці. Пра аднагрупнікаў – няма і гаворкі. Дадамо сюды яшчэ такую акалічнасць: варыянты правільных адказаў у падручніку не друкаваліся і меліся толькі ў выкладчыкаў. У колькасці аднаго экземпляра. Яны ахоўваліся ад нядрэмнага студэнцкага вока так дбайна, што дагэтуль іх ніхто ўвачавідкі не бачыў. Гэта дадавала, вядома, Віталю лішні клопат. Бо прыходзілася пасля доўгачаканага рашэння задачы падстаўляць атрыманыя лічбы ў велічэзную формулу і рабіць марудную праверку. Найболей доўга груз ён сягоння ў трынаццатым нумары “ТП”: праверка тройчы не спраўджвала надзеі. Хлопец пацеў, пырхаў, але нарэшце дамогся свайго. Пасля справа пайшла не тое што па масле, але значна шпарчэй і з меншымі нервовымі затратамі.
А нервавацца, далібог, былі падставы. Разлік з “ТП” быў прызначаны праз тыдзень, і па інстытуце ўжо ўпарта лётала пагалоска аб правалах першых груп на гэтым “дваццацінумарным кашмары”, аб лютаванні на прыёме выкладчыкаў, аб практычна нулявым працэнце здачы. З гэтай прычыны ў Віталя загадзя ўсчыналася ныццё на стыку жывата і грудной клеткі, якое суправаджалася адсутнасцю апетыту дый наогул панурым настроем. Каторы ўжо вечар ён сёрбаў каву і гарбеў над гэтым агорклым заданнем, практычна не зважаючы на астатніх насельнікаў кватэры. Пад гуд завірухі, пад няўмольнае ціканне насценнага гадзінніка.
Трэба сказаць, што такая ўпартая засяроджанасць прыносіла свой плён. А другой гадзіне ночы Віталь “дабіў” сямнаццатую, асабліва магутную і наравістую, формулу і ўстаў з-за стала. Светла ўсміхнуўся. Тры астатнія нумары ён меркаваў нетаропка завяршыць за наступны тыдзень. З нязвычнай для сябе разважнасцю мысленна выдзеліў час і для іншых залікаў-рэфератаў-недаробак.
За акном вялізныя сняжынкі шугалі паўз шыбу кудысьці дагары, нібыта нябачны чарадзей усмоктваў іх недзе з паддашка. Вунь нейкая постаць, хістаючыся ад ветру, утуліўшы галаву ў высокі каўнер палітона, прашыбавала наўскос двара ў суседні пад’езд. Мяцеліца адразу ж кінулася латаць сляды на сваім бялюткім палатне. Умяціны практычна зніклі ўвачавідкі, хвілін за пяць… Віталь, нібы заварожаны, назіраў за гэтым дзействам. Раптам закарцела выскачыць на панадворак у чым ёсць, наладзіць гарэзную гульню з завеяй. Бегчы, падаць, уставаць, весяліцца… Але, уявіўшы казытлівае паколванне сняжынак за каўняром, пякучыя парывы ветру на сваіх шчоках, хлопец перадумаў.
Спаць не хацелася зусім. Прычынай таму, відаць, была празмерная доза кавы. А можа – юначы сверб, калі чалавек узрушана хоча немаведама чаго, калі тузаюць яго душу неўтаймоўныя памкненні?
Віталь расчыніў дзверы свайго пакоя. У памежнай з ім зале малодшая сястра Алена ўлягала ў “храпавіцкага”. Хлопец прадыбаў праз няпэўную пляму святла да супрацьлеглай сцяны, зняў з цвіка гітару. Замёр, з трымценнем чакаючы скандальнага вокрыку… Маўчанне. Як злодзей, рушыў назад. Шчыльна зачыніў за сабой дзверы.
Звады наконт гітары з Аленай даўно ўжо былі ў гэтым доме звыклай справай. І праўда была, канешне, на баку малодшай сястры. Бо інструмент быў дарагі, чэхаславацкі, куплены ёй для навучання ў музычнай школе. І не для грубых Віталевых рук. Але глыбокія, прачулыя гукі, што вынікалі з цёмна-рудога корпуса гітары пры любым, нават бязладным дакрананні да струн, літаральна заварожвалі хлопца. Яны нібы далучалі яго да таго свету, дзе не існуе прыцягнення Зямлі, куды не даходзяць прарэзлівыя выгукі рэчаіснасці. Любымі спосабамі: хітрасцю, улагоджваннямі, умольнымі просьбамі – дамагаўся ўжо другі год Віталь прыхільнасці сястры, каб трошкі, хоць колькі хвілінак у дзень, пакратаць, паторгаць струны гэтага дзівоснага інструмента.
Зносіны з гітарай, вылучэнне гукаў з яе корпуса, сталіся для хлопца нейкай хваравітай звычкай, завядзёнкай, на якую аніяк не ўплывалі ні заўсёдныя ўшчуванні бацькоў, ні насмешкі сястры з яго збольшага марных спроб скласці гукі ў знаёмую ўсім мелодыю. Але надараліся і шчаслівыя выпадкі, калі нібы з бязважкага эфіру выцягваў усё ж Віталь нешта гожае, штосьці падобнае на “вы шуміце, шуміце…” альбо “ўзняўся над лесам світанак крылаты”. Як усцешна затым было чуць адабрэнне і невялікую карэкціроўку Алены, якая мела адназначна прызнаны настаўнікамі абсалютны слых!..
Віталь іграў як мага ціха, уплятаў у пераборы нейлонавых струн танюткія дробаты. Багаты тэмбр дарагога інструмента хораша стасаваўся з зааконнай гульбой снежня, які вымаў з неймаверных сховаў новыя і новыя жмені намерзлага бісеру, сыпаў іх на зямлю.
2
Нарэшце, на пачатку трэцяй гадзіны ночы забыўся Віталь па-хлапечы глыбокім гаючым сном. З яго надыходам адляцелі часова і праблемы жыцця-быцця, каб разам са скрыгатам першых трамваяў пад акном, шорганнем шуфляў дворнікаў, гудзеннем легкавушак і тупатам першых пешаходаў ізноў уварвацца ў нетры Віталевай існасці… У інстытут заўтра трэба было шыбаваць к 8.00.
А пакуль наш герой бестурботна сапе ў лагоднай ваце начнога спачыну, пакуль лунае ён сярод прыемных (спадзяёмся) прывідных вобразаў, паспрабуем пашушукацца аб ім. Далібог, гэта неабходна зрабіць, бо іменна з гэтым хлопцам і маемся мы здзейсніць шматстаронкавую вандроўку, менавіта на пуцявінах Віталевага жыцця могуць чакаць нас усялякія прыгоды ці проста банальныя і не дужа цікавыя здарэнні… Хто знае?
…Завяршаўся 198... год, адзін з першых гадоў “перабудоўчага перыяду”, калі грамадства па інерцыі працягвала яшчэ жыць па-ранейшаму, а над небакраем маячыла ўжо зараніца свабоды. Не былі спляжаны старыя каштоўнасці і арыенціры, але гарэзныя подыхі новага часу ўжо ўрываліся ў жыццё паважных савецкіх грамадзян. Яны заляталі ў кватэры і інтэрнацкія пакойчыкі рытмічнымі мелодыямі замежнай эстрады, новымі вабнымі слоўцамі кшталту “Кола”, “Бой”, “Дыснэйленд” і падобнымі, відэакасетамі з эротыкай, баевікамі і жахамі, што ніяк не хацелі круціцца на няўклюдных айчынных відэамагнітафонах, ладам жыцця “ўсё да фені” і шмат чым яшчэ спакуслівым.
Так ужо надарылася, што гэтыя сімпатычныя часіны якраз супалі з далучэннем Віталя да студэнцкага асяроддзя, варункі ў якім, у параўнанні са школьнай муштрой, давалі волю неабмежаваную.
Лайдак і аболтус у школьныя гады, мусіў паступаць Віталь Чалей менавіта ў політэхнічны інстытут, дзе адно што вымагалася з абітурыентаў – не атрымаць па якой з дысцыплін “пары”. Інстытут у тыя гады не даваў пазбаўлення ад невыгод армейскай службы, таму сур’ёзнага конкурсу ў ВНУ (а ў тэхнічныя – пагатоў) не існавала. Можна было ціхамірна здаць усе іспыты на тройкі і атрымаць студэнцкі білет.
Бацька Віталя, чалавек немалога інтэлекту, філосаф, на сямейнай нарадзе з маці, настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, адназначна выявіў паталок свайго неруплівага сына і пераканаўча параіў таму “не совацца нікуды болей”. Сын з-за адсутнасці цара ў галаве зусім не натурыўся, а прыняў гэты вырак-пуцёўку як належнае. Ён нават перасягнуў сябе, калі здаў і фізіку, і матэматыку на чацвёркі, чым нямала здзівіў Валерыя Васільевіча і Святлану Рыгораўну. Па сачыненні было, праўда, знаёмае “здавальняюча”. Але ўсе невыказна ўзрадаваліся і гэтай нягеглай тройцы, бо стасункі з літаратурай хлопец заўжды меў складаныя.
Вераснёўскія бульбанарыхтоўчыя работы, якія, нібы баявое хрышчэнне, не абміналі тады ніводнага здаровага студэнта, практычна нічым не адрозніваліся ад паднявольнай працы ў школьных лагерах працы і адпачынку. У памяць хіба што запалі нудныя восеньскія дажджы, якія чаргаваліся з раннімі прымаразкамі пры начных праясненнях, гонкія хвоі па дарозе на палеткі і назад, кепскі харч у імправізаванай сталовай ды шустрыя “газікі” работнікаў райкама, што раз-пораз наведваліся ў іхнюю глухую вёсачку. Мажныя дзядзькі ў скураных куртках энергічна заклікалі старанна, да апошняй бульбіны, збіраць ураджай, спяшацца, бо “засекі Радзімы чакаюць…”, “партыя ганарыцца…” і падобнае…
У сценах інстытута Віталя неспадзявана напаткала свабода (якая, вядома, з’яўляецца адносным паняццем). Здаецца, і на лекцыі трэба было хадзіць, і на практычныя ды лабараторныя заняткі, але… Непараўнальна лягчэй дыхалася тут, чым у школе, дзе ці не кожны крок віжуецца, старанна заносіцца ў дзённікі і класныя журналы, дзе даюць прачуханца класныя кіраўнікі, дзе ладзяцца разборкі на бацькоўскіх сходах, дзе ў малодшых класах непаслухмяных дзяруць за валасню і лупцуюць па пальцах указкай, а ў старэйшых класах непакорлівых чакаюць агідныя падкопы і дробязная помста настаўнікаў… У інстытуце Віталем аніхто не цікавіўся. Цікавіцца павінен быў ён сам: як здабыць неабходныя падручнікі; як паспець за лектарам, што сыпаў скарагаворкай, не зважаючы на абурэнне стогаловай аўдыторыі; як здаць у належны тэрмін лабараторныя, практычныя, залікі, куды ніхто на вяроўцы не цягнуў; як, нарэшце, адужаць жахлівую зімовую сесію, калі за адну толькі тройку пазбаўляюць стыпендыі, а за двойку выганяюць з інстытута. Карацей, кумекайце, маладзёны. Змагайцеся і выжывайце!
Але свабоды ўсё адно было замнога, і Віталь не ведаў, як праглынуць гэткае шчасце. Так, не патрапіў ён у лік тых, хто якраз добра ведаў, як гэта робіцца. Тут жа зазначым, што студэнты іхняй вялікай, у дваццаць чатыры чалавекі, групы неяк неўпрыкмет падзяліліся на тры ўмоўныя катэгорыі. Першая, сапраўдныя студэнты, хораша ведала, якія выгоды і зручнасці можа займець малады чалавек у сценах інстытута, за што належыць змагацца. А разумелі яны жыццё акурат як барацьбу за шматстайныя маладыя ўцехі і слодычы, пра якія многа наслухаліся, па якіх нагаладаліся ў сценах школ. Асабліва шчыравалі на гэтай глебе іншагароднія, жыхары інтэрната. Вольныя ад бацькоўскага нагляду, яны ганарыста пачуваліся гаспадарамі сваіх катушкоў, наладжвалі там усялякія сходы і прысвяткі. Там жа абіваліся і тутэйшыя студэнты – хто пажадае. Вялізны горад вабіў сваімі агнямі, вечаровымі бліскаўкамі, тарахценнем, шоргатамі, шырынёй і бясконцай даўжынёй вуліц, пахамі жаночай парфумы і алкагольных напояў… Дый шмат чым яшчэ.
Другая катэгорыя студэнтаў – поўная процілегласць першай: няўклюды, маміны сынкі, няўдахі, проста ціхія і сумленныя юнакі, а таксама некаторыя са студэнтаў-вяскоўцаў, што прыехалі ў горад з адной-адзінай мэтай – па веды. Абедзве катэгорыі былі прыкладна аднолькавыя па колькасці, жылі паміж сабой даволі мірна. Спрытныя і разбітныя студэнты глядзелі на ціхамірных з незласлівым шкадаваннем і недаўменнем – бы на ёлупаў, што не перашкаджала ім карыстацца канспектамі і дапамогай рупліўцаў. Тыя, у сваю чаргу, шчыра не разумелі лайдакоў і гуляк.
У трэцюю, самую малаколькасную, катэгорыю трапілі ўсе астатнія: хлопцы з неакрэсленай жыццёвай пазіцыяй і ўсе чатыры дзяўчыны групы. Да іх, па ўсіх параметрах свайго характару, павінен быў бы далучыцца і Віталь. Каб не адна акалічнасць… Гультай і ціхі прагульшчык урокаў у школе, свабодалюбівае нутро якога не цярпела ніякага нагляду і прынукі, не адчуўшы ў інстытуце прыгнёту з боку выкладчыкаў, самохаць захапіўся вучобай. Яму падабалася старанна канспектаваць лекцыі і дбайна выконваць дамашнія і лабараторныя заданні менавіта для сябе, на сваю карысць, на свае сумленне і годнасць. Праз пару месяцаў з пачатку заняткаў неспадзявана для сябе высунуўся Віталь у лепшыя студэнты групы. Неяк усцешна было не адчуваць страху і сораму пры выкліках да дошкі на практычных занятках па вышэйшай матэматыцы, калі ўся група замірае цішынёй замагільнай. Як апошняя надзея і гонар выкладчыка браць у рукі крэйду і разблытваць пакручасты дыферэнцыял… Альбо вылучацца сваім красамоўствам на семінарах па гісторыі камуністычнай партыі. І гэта не з-за блазенскай фанабэрыі школьнага выскачкі, не па пошлым памкненні ў нечым вылузацца, адзначыцца, спадабацца… А, далібог, па чыстасардэчнай жывой цікавасці. Наогул, у студэнцкай сябрыне, у адрозненне ад школы, не заўважалася тады дробязных крыўд, зласлоўя, а тым болей чорнай зайздрасці і непрыязнасці да выдатнікаў. Але ж не было і пашаны, захаплення. Кожны з навучэнцаў быў, найхутчэй, заняты выключна сабой і сваім. А тое – адна з прыкмет свабоды. Гэтаму, напэўна, спрыялі вялікія аўдыторыі і калідоры інстытута, малая колькасць педагогаў, лабарантаў і лектараў, а правільней – малая шчыльнасць іх у студэнцкім натоўпе. Што, безумоўна, змяншала ўсялякія трэнні, прадузятасць ацэнак, давала вольна дыхаць і жыць… Прынамсі, да першай сесіі.
Каб з цягам часу, праз колькі гадоў, спытаў Віталь сам сябе, што рабіў, чым займаўся ён у першым семестры першага года навучання, то, пэўна, нічога б адметнага, вартага салодкіх успамінаў, вострага, пазашараговага згадаць бы не ўдалося. Адны лічбы, загагуліны, формулы, пісаніна, запамінанні, адказы… І гэта ў той час, калі здароваму целу рупіць спазнаць першыя радасці быцця, калі страсці павінны не марнавацца ўнутры, а віраваць на волі, па-за бацькоўскім наглядам: на дыскатэках, студэнцкіх вечарынах, у кафэ і тэатрах… Калі жыццё несціхана кліча і кліча… Калі даўно, дужа даўно ўся юначая сутнасць прагне жаночых ласак… І што ў параўнанні з імі тая сухая навука?! Але, але і але… Хто ведае, чаго дамагаемся мы на зямлі, хто расстаўляе вехі і акцэнты ў часе?
…Завіхаецца працавітая замець, шпурляе на панадворак новыя порцыі снегу, прасуе іх ветрам, а праз хвіліну, нібы не здаволіўшыся сабой, узрывае цалік, нясе вірлівыя слупы калючага бісеру ў розных напрамках, тузае акалелую вярбіну ля ганка, гайдае драты… Вые, сапе, стогне. І пад гэтае неспасціжнае дзейства, пад непраглядным пахмурным небам спіць бестурботна Віталь, спяць жыхары навакольных гмахаў, адпачывае горад. Хутка будзе дзень. І тады ўжо не прыродная стыхія, а чалавечыя страсці, дзеі, задумкі будуць уладарыць між муроў на вулках і плошчах. На абсягах жыцця.
3
На занятку па нямецкай мове Віталь сеў з Максімам Гарэвічам і зараз шкадаваў аб гэтым: той прыставаў да яго з прапановамі згуляць у папяровы футбол. Гэта была даволі цікавая двухбаковая гульня на паперы, мэта якой – ходзячы пачаргова ўсяго па тры клеткі ў любых напрамках ломанай лініяй, загнаць праціўніка ў ягоныя вароты. Гэтая няхітрая на першы погляд прыдумка, вынесеная хлопцамі яшчэ са школьнай парты, вымагала немалога ўяўлення, дакладнага разліку, уважлівасці і матэматычнага розуму. Максім амаль заўсёды прайграваў Віталю, хаця яшчэ падчас уборачных работ у калгасе праславіўся на ўсю групу як лепшы шахматыст і шашачнік. У вясковым клубе з ім лічылася пачэсным завяршыць партыю ўнічыю. Іграка па натуры, Максіма моцна абражала ўласная няздатнасць адолець саперніка ў любой гульні. Можа, гэтае апантанае жаданне адыграцца і сталася прычынай прыхільнасці яго да негаваркога Віталя, якая ў далейшым перарасла калі не ў дружбу, то ў добрае прыяцельства.
Найбольш плённа гулялі яны ў папяровы футбол на лекцыях па гісторыі КПСС, дзе працяглыя разважанні і неканспектныя адступленні выкладчыка давалі такую магчымасць. Там можна было тайком зрабіць чарговы ход, ціхутка перасунуць паперчыну суседу, каб ён, не зводзячы насцярожанага позірку з лектара, ламаў галаву над наравістымі загагулінамі.
Вось акурат на такой лекцыі і прайграўся толькі што Максім. Прайграў двойчы і амаль усухую. Яшчэ ў сярэдзіне першай лекцыйнай гадзіны кінуў ён да ліха запісваць мудрагелістыя “падкопы левага ўхілу ў радах ВКП(б)”, ашчаперыў галаву і сярдзіта паглыбіўся ў роздумы над перыпетыямі футбольнай баталіі, што відавочна разгортвалася не на яго карысць. Моцна распалены ганебнай паразай, Максім і на занятку па нямецкай мове падсеў да Віталя і назаляў яму неадчэпна:
– Ну не казліся, ну хіба цяжка табе… Адзін раз… некалькі хадоў толькі.
– Ды я з табой без заліку застануся. – Віталь добра ведаў азартны характар прыяцеля. Ён, у прынцыпе, быў не супраць забавіцца гульнёй, але немалую ўсцеху прыносіла і магчымасць паздзекавацца з гэтага наравістага тыпа.
– А мы ўпотай: чырк – і паперку локцем пасоўваеш, – не здаваўся сусед па парце. – То ж непрыкметна…
– Не магу…
– Ну, Віталя…
– Давай – да заўтрашняй лекцыі. А ўвечары сягоння раю папрактыкавацца… Замест “ТП”, – вытанчана ўядаў назолу Віталь.
Аднак Максім абраў тактыку нуднага і неадступнага напору. Таму падобны дыялог працягваўся ўжо другую гадзіну запар.
А тым часам “немка” Ядвіга Паўлаўна – паважная пажылая кабета – апытвала пакрысе навучэнцаў па размоўнай практыцы. Гэта выдавала больш на гутарку нямецкага місіянера з племем афрыканскіх дзікуноў. Ядвіга Паўлаўна добразычліва задавала пытанні па-нямецку, выклікала якога са студэнтаў. Той спярша натужліва моршчыўся, сілячыся хоць прыблізна даўмецца сэнсу пачутага, затым пачынаў няўцямна мыкаць, гугнявіць і запаўняць недахоп слоўнікавага запасу красамоўнымі жэстамі. Выкладчыца, радая і гэтаму, усяляк памагала небараку, угадваючы ледзьве не па міміцы, што ён такое хоча выказаць. Дабудоўвала бязладна пачатыя ім сказы. Праз колькі хвілін студэнт, засаромлены сваёй маўленчай нямогласцю, узмакрэлы ад напругі, сядаў на месца… Каб даць магчымасць гэтаксама “зухавата” выказацца наступнаму.
Можна сказаць, што “нямецкія” семінары былі не самым прыемным бавеннем часу для студэнтаў. Бо толькі там вялікую групу дзялілі на дзве часткі, па дванаццаць чалавек. Калі ўлічыць, што яўка на заняткі была далёка не заўсёды стопрацэнтная, то 8–10 студэнтаў праглядваліся выкладчыцай як на далоні ўсе дзве гадзіны. Недахопы і хібы ў ведах проста няможна было ўтаіць, і гора б тут невуку, каб літаральна ўсе навучэнцы Віталевай групы не былі ў нямецкай страшэннымі недарэкамі. Па гэтым прадмеце не было экзамена, і першакурснікі лічылі яго нечым другарадным і часовым. Залік жа, штосьці прапэкаўшы і прамэкаўшы, можна было атрымаць заўсёды.
У сярэдзіне другога часу заняткаў Максім усё ж даканаў Віталя сваімі дамаганнямі наконт футбола, і той даў згоду. Затуленыя ад “немкі” буйнымі прычоскамі Ірыны Варанец і Ларысы Яшчук прыяцелі распачалі гульню з перадапошняй парты. Віталь хутка авалодаў ініцыятывай, загнаў саперніка ў закутак ля ягоных варот, і той мусіў забіць гол сам сабе. Зацята кінуўся адыгрывацца. Але якраз апантанасць і паспешлівая прага рэваншу адыгралі не на карысць Максіму. Ён нерваваўся, хадзіў памылкова, тут жа ўмольна прасіў у Віталя дазволу перайначыць. Той з велікадушнасцю пераможцы даваў згоду. Тады Гарэвіч касаваў свае каракулі, выводзіў новыя і з апаскай соўгаў аркуш суседу. Чакаў напружана… Словам, так паглыбіўся ў гульню, што не расчуў свайго прозвішча, якое некалькі разоў запар выгукнула Ядвіга Паўлаўна. Не атрымаўшы адказу на свой зварот, яна пад прыцішэлае хіхіканне братоў па няшчасці ў некалькі крокаў перасекла маленькую аўдыторыю і, вынырнуўшы з-за нехудых постацяў Яшчук і Варанец, заспела Максіма за не вартым добрасумленнага студэнта заняткам.
– Дазвольце крышку вашай увагі… – “Немка” мусіла катурхнуць у плячо неруплівага вучня, каб выцягнуць яго з уяўных футбольных баталій. Убачыўшы бязладныя ламаныя лініі ды кропкі, выкладчыца дадала ўжо больш строга: – Чым вы тут займаецеся, Гарэвіч?
– А я думаю над тэкстамі, – хлусіў напрапалую Макс з ветлай усмешкай на твары. – Я за разважаннямі па паперы крэслю… Нервы, знаеце…
Ядвіга Паўлаўна ўзяла лісток і паднесла яго да акуляраў пад дружны рогат аўдыторыі. Яна, вядома, падазравала нячыстае, але сапраўды не заўважыла ў гэтых блазенскіх выкрутасах на паперчыне ніякай логікі… Вяртаючы аркуш Максіму, сказала:
– Ну што ж, падрыхтуеце для заліку вусны тэкст у тысячу знакаў. Дазваляю карыстацца вашым метадам.
Гэтая прапанова была Максіму зусім не на радасць, бо ён, маючы са школы параўнальна неблагую падрыхтоўку, ішоў да сённяшняга дня ў першых радах і меркаваў атрымаць залік аўтаматычна. Але характару Гарэвіч быў лёгкага, таму ўспрыняў такі прысуд з пэўнай доляй гумару, а са званком на заканчэнне заняткаў, мабыць, і зусім забыўся на гэтую няўдачу. Адыходлівасць была толькі адной з сімпатычных якасцяў гэтага няўрымслівага чалавека. Віталь, які часцяком сядзеў поруч з ім на занятках і ў сталовых, кантактаваў у размовах і на інстытуцкіх спортпляцоўках, так і не даўмеўся, што такое ёсць Максім Гарэвіч. Бо сутнасць яго была бязважкая, бы матылёк, і легкадумна пырхала як у размовах з адной тэмы на другую, так і ад чалавека да чалавека, ад месца да месца. Макс пастаянна нібыта кудысьці спяшаўся, быццам чакала яго наводдаль нешта неадкладнае і надзвычай цікавае і важнае. Віталя ў дачыненнях з ім не пакідала адчуванне ў гэтым шалапуту незавершанасці, недаробленасці, якія той неўзабаве памкнецца ліквідоўваць.
Гарэвіч не мог затрымліваць сваю ўвагу на нечым болей як пяць хвілін, мукай для яго былі двухгадзінныя лекцыі і семінары, не ставала яму цярпення неадступна запісваць прамовы выкладчыкаў ці грунтоўна даследаваць якую-небудзь праблему. Роўны і стройны на пачатку заняткаў, почырк у ягоным сшытку з цягам часу слабеў і кволіўся, кульгаў, гультаяваў і ў рэшце рэшт здаваўся на міласць млявай абыякавасці. На старонках яго канспектаў нязменна з’яўляліся пропускі, малюнкі, а то і нейкія аднаму яму зразумелыя інтымныя нататкі-шыфраграмы. Як мы ўжо адзначалі, Макс быў тыповы ігрок, і толькі ў гульні мог працаваць засяроджана і зацята: гадзінамі гарбець над шахматнай дошкай, дамагацца перамогі ў саматужных папяровых гульнях, картах. Ён першы ўнёс прэферанс у інтэрнат і літаральна заразіў гэтай азартнай і складанай гульнёй увесь свой паверх. У ягоным пакоі дапазна гарэла святло, куродымілі папяросы, чуліся картачныя плескачы ўперамешку са смачна-дасціпнымі выкрыкамі заўзятараў.
Дабрадушны і ветлівы з усімі ў групе, Макс Гарэвіч праяўляў даволі шырокі досвед у гутарках на разнастайныя тэмы жыцця-быцця, але ні з кім не размаўляў па шчырасці, што называецца – не раскрываўся. Хаця падобныя адносіны, бадай, былі правілам для тадышняга студэнцкага асяроддзя. Дружней трымаліся паміж сабой толькі нешматлікія на іхняй спецыяльнасці дзяўчаты ды заядлыя сябрукі-гулякі, мэтай і сэнсам існавання якіх было вясёлае, бестурботнае марнатраўства часу.
4
Якраз на трох такіх сяброў і натрапіў Віталь ля дзвярэй аўдыторыі, дзе меўся адбыцца перадапошні ў гэтым семестры семінар па вышэйшай матэматыцы. Памяшканне знаходзілася ў канцы даўжэзнага калідора, і ўваход у яго суседнічаў з дзвярыма смуроднага туалета напроці. Тут жа было і канцавое акно, запляванае курыльшчыкамі, з відам на шэрую сцяну будыніны бліжэйшага корпуса.
– Здарова жывеш, Віталік! – зухавата прывітаўся Сашка Дубель, першы завадатар у іхняй групе. – Як “ТП” рушыш?
– Прывітанне. – Чалей паціснуў руку Сашку, балабону і залётніку, а таксама і Пашку Краснюку, і Толіку Шумакову, што курылі разам з Дубелем. – Патроху прасоўваю. Да здачы падрыхтую, мабыць.
– Скромнічае ён, – жартаўліва-недаверліва падхапіў Шумакоў, па мянушцы – Бывалы, – ухадзіўся ўжо нябось.
Ён жулікавата пазіраў на Віталя, а заадно на ўсе бліжэйшыя дзверы аўдыторый – ці не выйдзе хто з выкладчыкаў. Студэнтаў законна ганялі за курэнне ў калідоры. Але маладыя рызыканты гэтаксама законна не хацелі дыхаць “водарамі” інстытуцкай прыбіральні (дзе курыць дазвалялася), якія не спрыялі змястоўным і працяглым гутаркам.
– А ў мяне – нуль без палачкі. – Пашка Краснюк смачна выплюнуў недапалак на цэментную падлогу. – Б’юся, б’юся… Хай ён спрахне, пракляты!
Пашка вылаяўся з такім непадробленым абурэннем, што Віталю стала смешна, калі ўявіў на міг гэтага праныру ў сумленнай барацьбе з непадатлівымі дыферэнцыяламі. Краснюк, канешне, маніў і так, як і яго прыяцелі, спадзяваўся ўсё ж ашукаць выкладчыка: цямніць да апошняга, а потым увобмірг спісаць у каго-небудзь з першакурснікаў, хто меў “ТП” з такім жа варыянтам. Пашка сам быў тутэйшы, але як лепшы сябрук Дубеля пастаянна аціраўся ў інтэрнаце, знаў процьму народу і знайсці “двайніка” мог без асаблівых цяжкасцяў.
Перад расчыненымі дзвярыма туалета ў кампаніі занадта разбітных маладзёнаў Чалей адчуў сябе няёмка, і зарупела яму шмыгнуць у аўдыторыю. Але, зазірнуўшы туды, убачыў за партамі Ірыну Варанец з Ларысай Яшчук, якія шушукаліся з астатнімі дзвюма дзяўчынамі групы. З хлопцаў – аднаго Кастуся Жаўновіча, што ў прадчуванні жорсткага апытання выкладчыкам ліхаманкава корпаўся ў канспекце. Ісці туды расхацелася, бо Віталь з прычыны свайго замкнёнага характару заўсёды няўтульна пачуваўся пад дзявочымі позіркамі. Ён хацеў быў прайсціся па калідоры туды-сюды, але ўвагу яго зноў прыцягнула гамонка паміж трыма памянёнымі аболтусамі, якая ад “ТП” скіравала ў даволі вясёлы бок.
Бывалы, аказваецца, на занятку іхняй палавіны групы па нямецкай мове дасціпна перахітрыў выкладчыка і першым у групе атрымаў залік. Ён прыдумаў напісаць тэкст вуснага маналога буйнымі літарамі на паперы і прыляпіць яе на спіну пярэдняга суседа. Чытаў артыстычна: збіваючыся, як напраўду па памяці. І падслепаваты “немец” паверыў. Бывалы неймаверна ганарыўся сваім вынаходствам і цяпер раіў усім яго пераняць.
Між іншым, клічка Шумакова цалкам адпавядала яго грунтоўна-паважнай натуры і выгляду. Быў ён старэйшы за ўсіх навучэнцаў групы на два гады, бо скончыў у адным з райцэнтраў тэхналагічны тэхнікум, дзе набраўся неацэннага вопыту. І цяпер глядзеў на аднагрупнікаў па-апякунску, нярэдка даваў стратэгічныя, тактычныя і злабадзённыя парады па спосабах пераадолення пакручастых пуцявін навучання, па ўніканні каварных церняў, падкопаў і замінак на гэтай дарозе. І парады вельмі і вельмі слушныя. Быў Толік Шумакоў адносна высокі, мажны, салідны. Характару надзвычай добрага і памяркоўнага, хаця не без схільнасці да незласлівых пакепліванняў з акаляючых і самахвальства. Ён рабіў усё (а гэта Віталь прыкмеціў яшчэ на бульбанарыхтоўчых работах) нетаропка і абачліва – не рваў пупа. Але, мусіць, менавіта таму і паспяваў хутчэй і абаротлівей за астатніх. Абыходлівасць Бывалага заўсёды рабіла добрае ўражанне на выкладчыкаў, абаяльны выгляд не даваў падстаў падазраваць у ім махляра і ашуканца. Таму ацэнкі ягоных ведаў зазвычай завышаліся прыкладна на адзін бал.
Вось і цяпер Віталь быў амаль перакананы ў хітрай, але грунтоўнай і бясхібнай падрыхтоўцы Шумакова да здачы “ТП”. Як, дарэчы, і ўсіх астатніх “хвастоў”. Аб гэтым сведчылі задзірысты румянец на яго шчоках, бадзёрая самаўпэўненасць, нейкія таямнічыя недагаворкі, ахвота жартаваць і многае іншае. Бо быў гэты круцель да штукарстваў здатны. Менавіта Бывалы выручыў яшчэ на пачатку семестра ўсю групу, калі параіў пасля здачы першай жа лабараторнай работы па фізіцы не здымаць больш практычных даных з кепскага абсталявання, а абменьвацца імі ўсе астатнія заняткі паміж брыгадамі. Брыгады складаліся з двух-трох чалавек, усіх лабараторных было каля дзесяці. Адпаведна столькі ж і варыянтаў. Таму, выканаўшы сумленна вымярэнні адзін раз, на наступных занятках можна было цямніць – рабіць выгляд працы, а ў канцы падсоўваць выкладчыку падрыхтаваныя (перапісаныя) загадзя даныя. Хіба з нязначнымі, да сотых долей адзінак вымярэння, штучнымі змяненнямі.
Што не кажы, вопыт – вялікая рэч. Таму Шумакова паважалі літаральна ўсе аднагрупнікі, а некаторыя проста на яго маліліся. У Віталя, напрыклад, перад адказнымі студэнцкімі выпрабаваннямі заўсёды ўзнімаўся настрой пры позірках на аптымістычную фізіяномію Бывалага. Як ад зносінаў з чалавекам вялікай станоўчай энергіі. Між іншым, не зломак быў Шумакоў і ў пазааўдыторскіх, інтэрнацкіх, побытава-практычных справах.
Што да Сашкі Дубеля, побач з якім собіла Віталю стаць у час перапынку, то яго жыццёвая філасофія была абсалютна непрымальная для нашага героя. Выкарыстоўваючы каляфізічныя тэрміны, можна сказаць так: у кампаніі з гэтым ветрагонам, дзе Сашка заўжды займаў цэнтрамасавае месца, Чалей адчуваў неадольную цэтрабежную сілу. І не значыць тое, што быў Дубель, у разуменні Віталя, дрэнным чалавекам. Проста неяк не знайшлося ў іх паміж сабой найменшых кропак судакранання, проста ўся сутнасць Чалея адпрэчвала жыццёвыя арыенціры студэнта Дубеля. А заключаліся яны ў наступным: усімі магчымымі спосабамі здабываць даброты для пуставатай душы і прагнага цела, якімі, агрубляючы, назавём – курыва, алкаголь, жанчыны. Усе тэмы Сашкавых гаворак круціліся акурат у межах названых краевугольных паняццяў рэчаіснасці. Менавіта ён негалосна ўзначальваў умоўна акрэсленую ў папярэдніх главах частку разбітных, ці “сапраўдных”, студэнтаў, менавіта ім употай захаплялася большасць хлопцаў іхняй групы, іменна яго колкага языка пабойваліся дзяўчаты. А гаварыць на любімыя тэмы (жанчыны, алкаголь, курыва) мог Сашка бясконца. У гэтай плоскасці вызначаўся ён красамоўствам непераймальным: сыпаў досціпамі, пошлымі анекдотамі і прымаўкамі, дастаючы іх з бяздоннай прорвы свайго дападкога, учэпістага розуму. Што розум гэты станавіўся крайне нягнуткім і няўклюдным на практычных і лабараторных занятках – гэта ўжо іншая справа. Падкрэслім: на сваім, раз і назаўжды абраным, шляху жыцця пачуваўся Сашок больш чым упэўнена.
Яшчэ ў час паездкі ў аўтобусе на бульбанарыхтоўчыя работы затлуміў Дубель галаву Віталю Чалею расповедамі пра свае подзвігі ў галіне кахання, пітва ды ўсялякай распусты да такой ступені, што незнарок выпрацаваў у небаракі комплекс непаўнавартасці. Тады ад Сашкавых баек дыбарам станавіліся валасы на галаве Чалея, выхаванага бацькамі ў межах кватэры і досыць прыстойна. З таго часу ўсяляк пазбягаў Віталь гэтага вяртлявага балаку, поруч з якім выглядаў адшчапенцам, недарэкам, няздатным на сапраўднае, мужчынскае, мямлем. З-за нястачы вопыту ў любоўных сферах жыцця даводзілася адно – маўчаць і слухаць пікантныя небыліцы. Пад рогат ці хіхіканне такіх жа аматараў варункаў падобнага кшталту. Неаднойчы ўжо завітвала да Віталя вярэдлівая думка, што мае рацыю Дубель, што адно вартае ў жыцці і ёсць гэтае салодкае, забароннае ды панаднае, што не каштуюць усе веды зямныя ды шкалярскія поспехі каліўца заваблівай, заганнай слодычы…
Дубель не быў пустазвонам – неадступна пацвярджаў свае байкі практыкай. І нярэдка даводзілася бачыць Чалею яго свойскія гутаркі з расфуфыранымі дзяўчатамі ў калідорах і закутках інстытута. Знаёміўся і кантактаваў Дубель з імі папросту: як ядуць, дыхаюць, ходзяць. І гэта пры тым, што не вылучаўся Сашка асаблівымі фізічнымі данымі. Росту быў крыху вышэйшага за сярэдні, цялеснага складу – траха што шчуплага. Жывы і рухавы яго твар назваць прыгожым таксама не выпадала. Перамагаў Дубель языкатасцю ды хамаватай адвагай. Да дзяўчат сваёй групы, праўда, нахабна не заляцаўся. Мусіць, карыстаўся прынцыпам – не гадзь там, дзе спіш ці ясі. Дый адпор на свае прыставанні атрымаў належны яшчэ ў верасні, у калгасе на бульбе. Цяпер ён абмяжоўваўся трапнымі прыдзіркамі ды пахабнымі кампліментамі. Асабліва ў дачыненні да Ірыны Варанец, самай прыгожай дзяўчыны групы.
А зрэшты, без такіх студэнтаў, як Сашка, нудна і посна вучылася б астатнім. Быў ён, па сутнасці, добрым чалавекам, які ні адзінай літарай не парушаў законаў грамадскага суіснавання. А прыняцце альбо непрыняцце ягонай маральнай пазіцыі – асабістая справа кожнага. Напрыклад, для Пашкі Краснюка стаў Дубель з першых жа дзён знаёмства кумірам, як кажуць, на ўсе часы. Сашкава спрытнасць і Пашкава веданне ўсіх прынадных мясцін вялізнага горада цудоўна дапаўнялі адно аднаго…
5
Са званком на заняткі па вышэйшай матэматыцы, богведама адкуль, сабралася амаль уся група. І не дзіўна – напруга па здачы “ТП” дасягала апошняй мяжы. Нават да прыходу выкладчыка ў аўдыторыі запанавала нядобрае маўчанне. Толькі трывожнае шушуканне ды гартанне канспектаў і падручнікаў напалялі і без таго неспакойную абстаноўку.
Дубель з Краснюком схаваліся на апошнюю парту, Чалей з Гарэвічам – за спіны Варанец і Яшчук. Бывалы паважна ўсеўся на першую парту, акурат перад сталом выкладчыка. Ён ніколі не пасаваў у адказныя хвіліны і, паводле свайго багатага вопыту, ведаў, што такое месца – ці не самае бяспечнае пры падобных абставінах.
Выкладчык Сямён Пятровіч, маладжавы, з пачуццём гумару дзядзька, паявіўся гразой, знарочыста надаючы свайму смугляваму вусатаму твару непрыхільны выгляд.
– Ну што, балесныя, зоймемся?! – са смакам паціраў ён рукі. Разгарнуў журнал, з хвіліну ўзіраўся ў ягоныя радкі, слаўна граючы на студэнтавых нервах. Тады запытаўся: – Дык як?.. Весялосці не чую!
Маўчанне – муха не праляціць.
– Як дамашняе заданне, як “ТП”, мае шаноўныя?! Што зажурыліся-замаркоціліся? Дзе гожы стос сшыткаў на стале маім? Га? Я ў вас пытаюся, любасныя! Вы, пэўна, спадзеяцеся, што разлічыцеся са мной за адзін занятак? Дык дарэмна! Паверце, даражэнькія! Такога яшчэ ў гісторыі інстытута не было.
Педагог распаляў сам сябе і спакваля ўсхадзіўся не на жарт. Кідаў гнеўныя позіркі паверх галавы Бывалага, які аддана пазіраў на яго.
– Вось вы, Дубель!
– А што я?..
– Падыміся!
Сашка ўстаў пад сцішаны смяшок аднагрупнікаў.
– На што вы разлічваеце: на амністыю, добрага чарадзея ці яшчэ на нешта? Га? Хто, пытаюся, за вас будзе рабіць ваша заданне? Га?!
– Ні на што я не разлічваю. Я рашаю… стараюся… але…
– Папярэджваю – не дарую ніводнага нумара. Анікому! – абарваў яго Сямён Пятровіч. – Сядайце!.. Краснюк!
– Я!..
– Устаньце!
Пашку відавочна не ўдалося скрыць боязь перад выкладчыкам. Ён трымаўся горш за Дубеля.
– Як вашыя справы?
Краснюк ганебна зніякавеў, уваткнуў пагляд у парту і мармытаў толькі няўцямнае:
– Гм, хм, ну я… мм…
Далей пачаліся нязменныя ўшчуванні, пагрозы, вытанчанае маралізатарства і пакепліванне выкладчыка з нядбайнага студэнта. Дзіўна, але падчас кепскага настрою Сямён Пятровіч заўсёды распякаў Краснюка ці Дубеля, але гэтым яны і адкараскваліся. Нацешыўшыся, Пятровіч выклікаў:
– Жаўновіч!
(Чамусьці амаль заўсёды – Жаўновіч!)
– Я…
– Да дошкі, калі ласка.
Затым ішоў працяглы разбор якога з нумароў дамашняга задання. Адказваў Кастусь Жаўновіч млява, быццам асуджаны. Больш пэцкаўся крэйдай, а рашэнне любога дыферэнцыяла зацягваў на цэлую гадзіну. Выкладчык загадзя ведаў, што будзе менавіта так, але падобная важданіна яўна прыносіла яму асалоду. Пятровіч нібы не заўважаў небараку, які, застопарыўшыся, кідаў умольныя позіркі на аўдыторыю, касаваў напісанае і боязна выводзіў новую несусвеціцу.
Быў Кастусь праставатым вясковым хлопцам, які за першы семестр так і не здолеў акліматызавацца ў інстытуцкім асяроддзі. Ён нібы атрымаў тут удар пыльным мехам па галаве і хадзіў з выглядам, быццам ніяк не можа ачомацца. Пастаянны страх і гнятлівая заклапочанасць на абліччы Жаўновіча змушалі выкладчыкаў бачыць у ім ёлупня, на якім можна палкі ламаць. Здзекаваліся і пацяшаліся з гэтага, дарэчы, даволі здольнага, харошага хлопца, неяк незнарок, бадай, толькі з-за яго цельпукаватага выгляду і відавочнай боязі не дагадзіць педагогам. Паводзінаў ён быў выключна прыстойных, стараўся і дбаў за вучэнне больш за астатніх. Але да смешнага губляўся перад дошкай і пароў такія глупствы, што студэнты проста каціліся з рогату. Да таго ж саромеўся Кастусь свайго непазбыўнага сялянскага вымаўлення, з якога насміхаліся некаторыя разбітныя студэнты.
Далей падзеі разгортваліся па звыклым сцэнарыі. Пятровіч, не вытрываўшы здзеку з матэматыкі, прагнаў Жаўновіча на месца і, коратка і раздражнёна тлумачачы, шпарка завяршыў непадатлівы прыклад. Затым даў заданне па “ТП”. Нумар выбраў наўздагад. Спытаўся ахвотнікаў выйсці да дошкі. Такіх не аказалася. Тады, каб узняць уласны настрой і сэканоміць час, выклікаў Віталя Чалея. То была яго адзіная ўцеха, і пакідаў яе выкладчык, вядома, пад канец заняткаў. Віталь упраўляўся з дыферэнцыялам нядбайна, нібыта робіць нешта прывычнае і шараговае. Паясняў свае дзеянні нягучна і мімаходзь, як даўно і ўсім вядомае, тое, што не заслугоўвае асаблівай увагі. Маўляў, выкладчык жадае – на здароўе. Ён зусім не рысаваўся, і, дальбог, нават сорамна яму было за сваё ўменне перад тым жа Дубелем, што з палёгкай разваліўся на апошняй парце, няёмка перад Ірынай Варанец, захопленыя позіркі якой адчуваў хлопец скурай. Ірына, мабыць, і не глядзела на Віталя, але яму (мо нават падсвядома) дужа таго хацелася.
– Ну, вы ўсё зразумелі, паважаныя? – развітваючыся, пытаўся Сямён Пятровіч. – У аўторак – “ТП” на стол. А стараста хай шукае дадатковыя дзве гадзіны на здачу.
Ён ваяўніча абвёў вачыма аўдыторыю, кінуў шматзначнае “Да пабачэння!” і выйшаў вон.
Студэнты адразу ж цугам пацягнуліся да дзвярэй: без юнацкага дураслівага імпэту, валтузні і цісканіны ў праёме; паважна, стомлена, заклапочана. Каб затым, апрануўшыся ў гардэробе, шыбаваць па снежаньскім марозіку ў свае закуткі, пакойчыкі, кватэры, займаць месцы ў бібліятэках і чытальнях. З гэтага дня мінута – дарагога вартая. Бо з панядзелка чакаў студэнтаў у свае абдоймы заліковы тыдзень. Асабліва цяжкі для першакурснікаў, якім непрывычна будзе працаваць на два франты: адседжваць усе заняткі і паралельна выкройваць час для ўсялякіх справаздач па “хвастах”, лабараторных, практычных. Вой як непрывычна…
Бурлівы студэнцкі паток падхапіў Віталя і неўпрыкмет, праз гардэроб і звілістыя калідоры, вынес на вуліцу. Цудоўная карціна зімняга горада паўстала перад яго паглядам. Завея, відаць, толькі нядаўна аціхла, нябесны купал пасвятлеў і як бы пашырыўся. Павольна падалі з яго на дол рэдкія пухкія сняжынкі. Яны не віравалі, не змянялі сваіх напрамкаў па волі ветру. Бо ветру зусім не было. Гэтыя бязважкія бліскаўкі нібыта давяршалі шматгадзінную працу мяцеліцы. Даводзілі горад да ладу.
Галасы студэнтаў, рэзкія ў інстытуцкіх аўдыторыях, на ганку памякчэлі і згладзіліся. Як згладзіліся за ноч і дзень бардзюры, прыступкі, урны, яловыя прысады абапал цэнтральнай дарожкі, агароджа студэнцкага гарадка… Дабрэй, лагадней выглядалі пад белымі капелюшамі аляпаватыя старыя будынкі. Вузей – вуліца, па якой бурклівымі жукамі паўзлі тралейбусы і легкавушкі.
Віталь жыў праз пару кварталаў ад інстытута і зараз рушыў нацянькі, па заснежаных дварах і завулках. Пругкая хада па рыпучым покрыве надавала страчанай за час заняткаў бадзёрасці. Вочы расхіналіся насустрач белізне, свежасці, чароўнай велічы беларускай зімы. Чалей любіў свой горад ва ўсякую пару, любіў гэтыя старыя кварталы, дзе крышку наводдаль шумлівага цэнтральнага праспекта нібыта тоіцца іншае, сцішанае і задуменнае, жыццё. Улетку лагода царуе тут пад засенню разложыстых таполяў і клёнаў: балакаюць бабулькі на лаўках, дзядзькі і дзядулі рэжуцца ў даміно за самаробнымі столікамі, у лядачых альтанках вечарамі туляцца закаханыя. Узімку двары нібы прасвятляюцца, высвечваюцца, змяншаюцца ў памерах ад тоўстай снежнай коўдры, але робяцца не меней таямнічымі. Новыя, нязвыклыя абрысы набываюць хмызы, дрэвы, кветнікі, дзіцячыя каруселі і гушкалкі. Панадворкі жывуць па новых, амаль казачных законах. Яны хораша відны з чацвёртага паверха Віталевай пяціпавярхоўкі, што стаіць на стромым пагорку і ўзвышаецца над усімі суседнімі дамамі: зрэзаныя сцяжынкамі дворыкі там-сям высоўваюцца з-пад навіслых косых дахаў старых будынін, цалкам хаваюцца за паасобнымі дзевяціпавярхоўкамі.
Знадворныя праявы тутэйшых жыхароў адлюстроўвае снежнае покрыва слядамі, умяцінамі, пляцоўкамі. Вось і цяпер няўрымслівая дзятва паспела ўжо добра распісаць белае палатно з дапамогай валёнак, лыж, канькоў і клюшак. Малеча шпурляецца снежкамі, валтузіцца ў сувеях. Віруе ў паветры смех. Шчыруе жыццё незмаўкальнае...
Ці даўно па-блазенску гойсаў тут і Віталь? Ці даўно лёгка было галаве і здорава целу? А цяпер з-за формул і свет белы ён бачыць, быццам арыштант на шпацыры. Каўтае гаючы кісларод нахапкам, каб праз некалькі хвілін нырнуць у цямравы пад’езд свайго дома, засесці за непазбыўныя падручнікі, каб зубрыць, касаваць, крэсліць. Дзеля чаго? Не ведае Чалей. Дый не задае сабе падобных пытанняў. Як лялька пад рукой усёмагутнага лялькавода, выконвае ён быційнае сваё прызначэнне.
…Толькі ўзыходзячы па прыступках на дзядзінец сваёй пяціпавярхоўкі, па кволасці ў нагах адчуў Віталь, як моцна хоча есці. Мусіць, цела прагнула харчу ўжо даўно, але дарэшты заняты вучэбнымі праблемамі мозг проста не даваў належнай каманды страўніку. Зараз даймалі гастрытныя рэзі пад лыжачкай ды сутаргава-глытальныя спазмы ў горле. Яны рабіліся мацнейшымі па меры набліжэння Віталя да свайго пад’езда, а ля дзвярэй кватэры сталі проста невыноснымі. Здавалася – сканае, калі зараз жа не падкіне нечага ў “топку”.
Хлопец віхрам уварваўся ў пярэднюю і, не скідаючы абутак, паўз збянтэжаную сястру Алену памкнуўся на кухню.
– Ты што, абпіс…ся?! – крыкнула тая ўслед няветламу брату. – Здароўкацца трэба…
– І ты будзь здаровая, – неўзабаве данеслася з кухні скрозь жвавае чвяканне: Віталь тым часам скрыляў сала і кідаў яго ў рот, заядаючы хлебам.
Такія захады трохі палепшылі яго фізічны стан: у вантробах пацяплела, знікла і брыдкае трымценне рук. Цяпер хлопец ужо нетаропка паставіў разаграваць на пліту каструлю з баршчом і патэльню з мяснымі дранікамі.
Праз паўгадзіны, наталіўшы маладзецкі голад, пацёгся Віталь у свой пакой спаць. Калі праходзіў праз залу, ушчыкнуў за плячо сястру, якая ляжала на канапе ў магнітафонных навушніках.
– Дурань! – уздрыганулася Алена.
Тады Віталь сцягнуў слухаўку з аднаго сестрынога вуха і зняважліва папярэдзіў:
– Так, я на бакавую. І папрашу не замінаць сваімі бязладнымі песнямі-брынканнямі.
– Ну, абармот, папросіш ты ў мяне гітару! – Сястра рэзка тарганула навушнікі і насунула іх на месца.
Яна ўядала Віталя нечым яшчэ, але той не схільны быў падтрымліваць прывычную між імі слоўную перапалку, бо пасля пажыўнага абеду быў у гуморы. Прайшоўшы ў свой пакой, ён шчыльна зачыніў дзверы і соладка кінуўся на ложак. Праз колькі хвілін самазабыўна засоп… Чалей мог сабе такое дазволіць – заўтра будзе нядзеля.
Мы завітаем да яго роўна праз тыдзень, каб моцна не дакучаць хлопцу пільным наглядам і аналізам яго вучэбных здзяйсненняў. Каб і самім не турбавацца разам з першакурснікамі, не перажываць з імі ўсе хвалюючыя хітраспляценні заліковага тыдня. З яго беганінай з корпуса ў корпус і па бясконцых калідорах, з яго бязбожна затхлым паветрам у шматлюдных аўдыторыях, няўмольнай патрабавальнасцю выкладчыкаў, ушчуваннямі, настаўленнямі, пакараннямі, з роспачнымі слязьмі студэнтак і завочнымі праклёнамі студэнтаў у адрас сваіх крыўдзіцеляў. Гэта, як кажуць, іх асабістыя праблемы, і псаваць нервы шаноўных чытачоў мы не маем аніякага права.
6
Праз тыдзень пасля падзей, апісаных у папярэдняй главе, сядзеў Віталь Чалей за сямейным абедзенным сталом і шустра працаваў лыжкаю і відэльцам. У сям’і Чалеяў такія сходы з незапомных часоў зрабіліся завядзёнкай. У добрым ці кепскім настроі быў кожны з членаў сям’і, галодны ён быў ці сыты, але мусіў па суботах чакаць пяці гадзін дня, калі пачыналася гэтая своеасаблівая сямейная сходка. На ёй рабіліся справаздачы малодшых перад старэйшымі, прапановы і парады малодшым ад старэйшых, ладзіліся разборкі правіннасцяў, акрэслівалася, на што варта звярнуць увагу ў далейшай вучобе Віталя і Алены, ды іншае. Бацька, напрыклад, гаваркі па сваёй прыродзе і прафесіі, за абедам наогул не закрываў рота. Выкарыстоўваючы свой гнуткі розум, пастаўленую гаворку лектара-філосафа, а таксама вялікі досвед у шырокіх быційных сферах, ён літаральна забіваў усіх астатніх красамоўствам і колкімі досціпамі. Валерый Васільевіч сек пад корань усе няўклюдныя спробы сына супрацьстаяць яму па якому з пытанняў, надзвычай умела расстаўляў слоўныя пасткі, лавіў небараку на ягоных жа супярэчнасцях. Гэта быў бацькаў канёк, і ўжо раз на тыдзень, знудзіўшыся ў сваім кабінеце сярод стосаў кніг і часопісаў, даваў Валерый Васільевіч за абедам прыкурыць усім насельнікам кватэры.
Сын добра разумеў сваю няздатнасць у падобных спрэчках і таму ўсяляк пазбягаў бацькавых нападаў, заракаўся не браць удзелу ў слоўных перапалках і наогул трымаць язык за зубамі. Але, злоўлены на якую-небудзь хітрую прынаду, кожнага разу ўцягваўся Віталь у размову і, неўзабаве абвергнуты, ушчэнт разбіты і знявечаны маральна, замаўкаў… Да наступнага разу.
Вось і зараз ён моўчкі сёрбаў суп і з нудой слухаў, як бацька незласліва пакеплівае з Алены ці трапна адказвае на вокрыкі-заўвагі маці ў свой бок. Слухаў няўважліва, бо галава была занята зусім іншым. А іменна падзеямі апошняга вучэбнага тыдня. І нават не залікамі-справаздачамі, хаця менавіта імі былі шчыльна насычаны прамінулыя дні, менавіта яны найболей даймалі надоечы маладога чалавека. Але гэта – ужо колішнія справы, можна сказаць, гісторыя. Да сесіі Віталь быў дапушчаны яшчэ ўчора, у пятніцу, калі здаў нарэшце кіраўніку семінараў па гісторыі КПСС канспект з усімі пятнаццаццю праграмнымі артыкуламі У.І. Леніна.
Турбавала і прыемна хвалявала Чалея наступнае. Недзе ў сярэдзіне тыдня, калі большасць студэнтаў ледзьве не канала ад непасільнага цяжару вучэбнай нагрузкі, распачаў Бывалы кампанію па сустрэчы Новага года. Ён адводзіў у бок на перапынках, падсаджваўся на лекцыях, практычных і нават заліках да вялых ад празмернай напругі аднагрупнікаў, шушукаўся і прапаноўваў здаць грошы на названае мерапрыемства. Рабіў справу па-змоўніцку, зладзеявата азіраючыся вакол. Пры гэтым таямнічая ўсмешка і лагодна-самаўпэўнены выгляд Шумакова абяцалі процьму асалоды ўдзельнікам маючай адбыцца вечарыны. Спакою Бывалага можна было пазайздросціць. Ажыццяўляць такія задумы ў самыя напружаныя і небяспечныя сваімі наступствамі дні мог, канешне ж, толькі такі – добра пацёрты ў студэнцкіх варунках чалавек. Бо не ведаў Віталь, не ведалі, пэўна, і яго аднагрупнікі, што за прыпарам заўсёды настае аддуха, што няблага (і нават карысна для здароўя) выкарыстоўваць яе як след. Затлумлены беганінай, мігаценнем лічбаў, твараў і кабінетных дошак, здаў Віталь Чалей у “касу” дзесяць рублёў. Памятае, як Бывалы тады тлумачыў: пяць на гарэлку, астатнія на закусь.
А збірацца, здаецца, папярэдне наважылі ў Ларысы Яшчук – у гіблым раёне за чыгункай, у прыватнай хаце. І толькі ўчора, на малазначнай лекцыі па марксісцка-ленінскай эстэтыцы, Шумакоў больш-менш прасвятліў стан рэчаў. Уся складанасць аказалася ў тым, што амаль усе іншагароднія студэнты іхняе групы выпраўляліся на Новы год дадому ў гэтую ж суботу – падкарміцца ў родных пенатах. Трэба было б ехаць і Бываламу. Аднак ён, каб не пазбаўляць сябе салодкіх гадзін студэнцкай гульбы, зманіў па тэлефоне бацькам і сваёй нявесце, быццам бы абставіны змушаюць яго дабірацца ў радзімую Оршу ў абрэз, на ранішняй электрычцы 31 снежня. Гэта значыць – у сераду. Адпаведна вечарыну прызначыў на аўторак, каб мець хаця б пару дзён на падрыхтоўку. Здабыванне і дастаўку алкагольных напояў узялі на сябе Шумакоў і Краснюк. На дзяўчат, Ларысу і Ірыну Варанец, ускладалася задача закупіць на здадзеныя грошы прадуктаў і нечага згатаваць да святочнага стала за панядзелак і аўторак. Між іншым, згоду на гэтую таемную студэнцкую сходку, апрача памянёных асоб і Віталя, даў толькі адзін Цімур Каржаметаў, якому ляцець у свой Душанбе на чатыры дні было проста немэтазгодна. Праўда, Ларыса абяцала яшчэ прыцягнуць і сваю суседку-сяброўку.
Краснюку і Бываламу не надта падабаўся гэткі расклад. Па-першае, не вельмі вабіў раён Ларысы Яшчук, які славіўся на ўвесь горад сваёй крымінальшчынай (шпана і блатныя). Але ў інтэрнатах па тым часе ладзіць падобныя застоллі было справай дужа небяспечнай – на святы шчыравалі камсамольскія патрулі. Па-другое, не радавала малая колькасць удзельнікаў маючай адбыцца бяседы. Але, як кажуць, на бязрыб’і… Зрэшты, Бывалы суцяшаў сябе тым, што ў маленькай кампаніі лягчэй паразумецца. Пры гэтым загадкава жмурыўся і падміргваў Віталю.
…Вось менавіта пра гэтае мерапрыемства і збіраўся Чалей зараз паведаміць бацькам. Ён доўга вагаўся апошнімі днямі, вырашыў быў ужо сказаць маці сам-насам. Але замінала наступнае: раптам Святлане Рыгораўне, чалавеку больш абачліваму і строгаму, гэта не спадабаецца? Яна верхаводзіла ў побытавых сямейных стасунках. Тады яе недазвол будзе Віталю і канчатковым прысудам. Спытацца паціху ў бацькі? Той, найхутчэй, адобрыць студэнцкае застолле, бо часцяком апавядае і пра свае маладзецкія подзвігі. Але тады ўсё адно без згоды маці не абысціся. Віталь вырашыў хітра: сказаць пра вечарынку за абедам – як між іншым. Пры такім раскладзе, калі занатурыцца Святлана Рыгораўна, Валерый Васільевіч, вядома, запярэчыць ёй і возьме Віталеў бок. Знойдзе і належныя аргументы. Так, прынамсі, меркаваў Віталь. Адно прыкра – прыйдзецца трываць ухмылкі і кепікі сястры Алены.
…Насамрэч усё аказалася значна прасцей. Трушчачы відэльцам вараную бульбіну, Віталь з прытворнай разняволенасцю (але ўсё ж не надта смела) прагугнявіў:
– Тут у нас навагодняя вечарынка трыццатага будзе… – Затым пайшоў досыць падрабязны пералік акалічнасцяў: месца збору і ўдзельнікаў мужчынскай часткі названага мерапрыемства. На заканчэнне дадаў: – Ужо і грошы сабралі…
– Вось і добра – развеешся хоць, – неспадзявана прыхільна ўспрыняла гэта маці. – Паглядзі, бацька, які ён бледны.
– Вядома, справа харошая, – ухваліў Валерый Васільевіч. – Маладой крыві разгон трэба!
– Ну, з яго такі разгоншчык… – не прамінула ўставіць свае пяць капеек Алена.
– Маўчы, пігаліца, – не стрываў брат, укалоў: – Ідзі ў лялькі гуляй! Тут дарослыя гутараць…
– Ну, пачалі-паехалі… – Маці жартаўліва стала затыкаць даччын рот, з якога ўжо гатовыя былі патокам вырвацца знявагі. – Ціха, Леначка. Ты ж разумнейшая за яго. А і праўда, Віталік, – дзяўчаты сярод вас будуць?
Віталь вокамгненна зардзеўся. Раскрыў быў рот…
– А як жа! Яны ж не зломкі! – блазнаваў ужо бацька. – Завошта тады і кашу зачынаць, раз без дзевак. У тым і ўся соль!
Ад гэтых пікантных досціпаў сын сумеўся. “Усё: пішы – прапала!” – падумалася адразу.
– Калі з дзяўчатамі, пушчу абавязкова, – выракла раптам мама. – Значыць, хлопцы не панапіваюцца хаця б дзеля прыліку. Праўда, бацька?
– Ды будзе там… пару аднагрупніц, – як мага абыякава ўчапіўся за гэта Віталь, аднак румянец на яго шчоках няшчадна выдаваў сарамату. – І не збіраюся я напівацца.
– Кавалер!.. – з’едліва хіхікнула Алена.
– Ты мне галаву не мароч! Ведаю я падобныя мерапрыемствы, – узгарэўся новай сімпатычнай тэмай бацька, які сам пасля трох чарак заўсёднага суботняга каньяку быў у досыць вясёлым настроі. Хітра падміргнуў сыну: – Падзяліся, чым назапасіліся.
– Шампанскага пару, сухога, здаецца, бутэльку, – вымушаны быў схлусіць сын, бо да гарэлкі ў іхнім доме ставіліся не надта прыязна.
– Адчапіся ад яго, Васіліч! Не сарамаць хлопца, – уступілася Святлана Рыгораўна. – Ты гэтак у яго ўсю ахвоту адаб’еш.
Віталь з прыкрасцю адчуў, як гарачыня ад шчок перапаўзла на макаўкі вушэй. Трэба было выходзіць з-за стала або мяняць тэму размовы. А бацька не сунімаўся:
– Я ж, наадварот, – за, маці, крый мяне Божа! Годзе заморкам над кнігамі карпець! Гэтак жыццё правароніш. Я ж у яго гады ого як за дзяўчатамі прыстрэльваў…
– Вось завёўся ўжо, стары залётнік! – спрабавала своечасова спыніць філосафа маці. – Дзяцей пасаромейся.
– Дзеці – прэч з-за стала! – несур’ёзна загадаў бацька дачцэ. Ён яўна быў сёння на ўзлёце. – А для дарослых скажу, што стасункі паміж поламі і ёсць асноўная рухальная сіла ўсяго чалавецтва. Дзеля гэтага, можна сказаць, і Зямля круціцца.
Валерый Васільевіч па-свойску паляпаў збянтэжанага сына па плячы. Дадаў:
– Так што, хлопча, кідай свае паперкі, каб не зблажэць канчаткова. Разганяй маладыя сокі!
Віталь цярпеў бацькавы разважанні яшчэ хвілін пяць. Пад яхіднымі позіркамі малодшай сястры. Ён, як на ліха, знямеў, нібы немаўля, і не мог знайсці належных слоў абароны. З палёгкай уздыхнуў толькі ў сваім пакоі. Астыўшы, хлопец прааналізаваў сітуацыю і рашыў, што ўсё не так і блага. Дазвол атрыманы – і дзякуй. Праўда, потым увесь вечар смылела, не даючы засяродзіцца на канспектах, гэтае пашлаватае: “Разганяй маладыя сокі!” Моўчкі сердаваў на бацьку, які заўсёды ўмеў азадачыць сваімі слоўнымі выкрутасамі. Усё філасофствуе, мудруе! Раптам прыйшло ў галаву, што не ўмее ён, Віталь, ні “сокі разганяць”, ні да дзяўчат заляцацца. Дый наогул будзе на той вечарыне апошнім няўклюдам. На душы зрабілася моташна, Чалей ужо ўпікаў сябе, што паддаўся на спакусу Бывалага. Але ж пасля абразлівых бацькавых слоў ён ужо не мог не пайсці на тую вечарыну. Дзеля ўласнай годнасці…
7
Шумакоў патэлефанаваў Чалею а дванаццатай гадзіне дня, у аўторак. Як і дамаўляліся. Сказаў, што будзе чакаць Віталя ў фае інтэрната ў дзве гадзіны.
– Цяплей апранайся – к ночы да дваццаці марозу абяцаюць, – перш чым павесіць трубку, параіў Толік.
І сапраўды, выйшаўшы з дому, Віталь адчуў, як рэзка змянілася надвор’е. Сонца пакуль не праглядвалася, але ў паветры не лунала ніводнай сняжынкі. Бела-блакітныя сумёты блішчалі наледдзю. Як нерушныя глыбы. Падталы цеплаватым вечарам снег за ноч прымарозіла. Ён быў пакрыты шарпаком і ўжо не рыпеў пад нагамі так музыкальна, як мінулымі днямі, а вылучаў пад Віталевымі чаравікамі толькі глухія барабанныя гукі. Навакольныя панадворкі падаваліся адлітымі з белага трывалага рэчыва. Неруш панаваў ва ўсім: у скарчанелых дрэвах; у хмызах пад цяжарам зімовай адзежы; у нізках ледзякоў, што злавесна навісалі з падстрэшкаў. Нешматлікія прахожыя крочылі неяк млява і марудліва.
Да інтэрната Віталь рушыў пехатой, бо няўтульна было чакаць аўтобуса ў такую халадэчу. Мароз напорыста лез за шалік, каўнер, прадзіраўся пад рукавы і рукавіцы. Над горадам вісела шызая золь. Зіма, падобна, асталёўвалася надоўга.
Шумакоў, ззяючы лагоднай усмешкай, пільнаваў Віталя на нізкім інтэрнацкім ганку.
– З надыходзячым! – паздароўкаўся ён за руку.
– Узаемна! – Ад бадзёрага паціскання Бывалага Віталь адчуў сябе неяк смялей. Трэба сказаць, што яшчэ зранку турбавалі яго кволасць і няўпэўненасць ва ўсім целе. А пад лыжачкай брыдка смактала ажно з вечара.
Шумакоў азірнуўся, тут жа зрабіўся сур’ёзным і сказаў:
– Цяпер заходзім з упэўненым выглядам і збочваем у буфет.
– Навошта? – сумеўся Віталь.
– Каб залішне з вахцёркай не сутыкацца. Яшчэ студэнцкі білет з цябе запатрабуе. У перадсвяточныя дні з чужымі строга. Я цераз буфет пралаз адзін ведаю…
Бывалы счакаў, пакуль у дзверы ўвойдуць дзве дзяўчыны-студэнткі. Хлопцы адразу ж памкнуліся за імі. Пакуль дзяўчаты міналі вахцёрку, прыяцелі борзда збочылі налева і шмыгнулі ў буфет. Бруднае памяшканне інстытуцкай харчэўні было амаль пустое. Толік падміргнуў маладзенькай буфетчыцы за прылаўкам і пацягнуў Віталя міма яе ў вузкі дзвярны праём. Лавіруючы па слізкіх плітках падлогі між наваленых грудамі драўляных і кардонных скрынь, хлопцы неўзабаве выбраліся на змрочную заднюю лесвіцу. Падняліся на трэці паверх. Шумакоў, ссунуўшы зашчапку, адчыніў абшарпаныя дзверы. Прыяцелі аказаліся ў доўгім цямравым калідоры. У ноздры тхнула куравам і прыбіральняй. Хлопцы прайшлі паўз дзесятак шэрых, пад колер сцен, дзвярэй з шыльдамі нумароў і запыніліся перад нумарам “307”.
Бывалы стукаў у “сямёрку” спярша ціха, затым – гучней і настойлівей. Нарэшце, грукнуўшы ў апошні раз з усяе моцы, вылаяўся.
– У, вахлачына, – кляў ён некага, – усяго ж дзесяць хвілін пачакаць папрасіў!
– Каго? – Віталь ужо прадчуваў непрыемную неспадзеўку.
– Ат, барадаты! Ёсць тут адно чмо! Нябось недапіў учора… – голасна абураўся Толік.
Зрэшты, тут жа ўзяў сябе ў рукі:
– Разумееш, у нас ключ адзін на чатырох. Двое дамоў з’ехалі, а адзін мне як штык да паловы трэцяй быць абяцаў… Ды засвярбела балеснаму.
– Можа, па суседзях пашукаць?
– А ну яго ў… Часу мала. Ты не бойся, адкрыць не праблема.
З гэтымі словамі Бывалы крыху адышоўся ад дзвярэй і, раптам сагнуўшы нагу, жахнуў цяжкім зімнім чаравікам у ладны кусок фанеры, які, як аказалася, закрываў сабой вялікі прарэх у сярэдзіне дзвярэй. Фанера, прыбітая знутры, адскочыла ў пакой. Тады Шумакоў па-гаспадарску прасунуў руку ў прамакутную дзірку і адамкнуў няхітры замок. Увайшоўшы з Віталем, хутка прымацаваў фанерны шчыт (пафарбаваны пад колер дзвярэй) на месца. Замкнуўся.
Унутранае змесціва Шумаковага катуха ўразіла Віталя сваім беспарадкам: кнігі, сшыткі, шмаццё, шклянкі, нажы і відэльцы валяліся ўперамешку на неахайна прыбраных ложках, крэслах, стале, падлозе. Відаць па ўсім, харчаваліся, пісалі, чарцілі і балявалі тут адначасова. У куце ля акна грувасцілася з тузін пустых піўных бутэлек. Нягледзячы на прачыненую фортку, паветра ў пакоі было нездаровым.
– Увесь вечар тут учора гудзелі. – Бывалы, змахнуўшы з крэсла нячыстую шкарпэтку, грузна прысеў. Паказаў Чалею ў бок бліжэйшага ложка. – Сядай, яшчэ находзімся.
Затым зірнуў на гадзіннік:
– Вось-вось Цімур падысці павінен. Пачакаем крышку.
Тады дастаў з тумбачкі скураную сумку. Любоўна паляпаў па ёй далонню.
– А ў мяне ўсё як мае быць: тры гарэлкі. Таму і не хачу праз прахадную ісці. Званіў нядаўна Ларысе Яшчук – і там усё на мазі. Пашка да іх самапасам будзе дабірацца з шампанскім. Яму з дому бліжэй. А мы тут Каржаметава дачакаемся і паедзем… Ён нечага з далікатэсаў здабыць абяцаўся.
– А Цімур тут жыве?
– Тутака – на пятым паверсе. З неграм! – хіхікнуў Толік. – Пакоі, праўда, у іх лепшыя, чысцейшыя. І селяць іх сама многа па тры чалавекі.
Затым Бывалы залез у адну з чатырох тумбачак, пашнарыў у ёй і дастаў бутэльку піва “Мінскае залацістае”. Адкаркаваў аб край пластыкавай стальніцы, падаў Віталю.
– Пі, сагравайся.
– А ты?
– Ну і мне палову пакінеш.
Чалей нясмела прыпаў вуснамі да рыльца бутэлькі, глынуў і закашляўся: газіраваны напой казытаў паднябенне і горла. Сканфужаны, малайцавата перакуліў бутэльку і залпам, нагбом, выліў у сябе палавіну яе змесціва. Пры шпаркім піцці не так адчувалася піўная гаркота. Працягнуў пляшку Шумакову. Густое піва падзейнічала на кволы Віталеў арганізм як мае быць: у вантробах пацяплела, галава задурманілася, а ўваччу заскакалі зіхатлівыя зайчыкі. Адразу ж згадалася хлопцу, што чуў ён недзе, як кепска піць на галодны страўнік. Пашкадаваў, што не з’еў дома перад адыходам чаго-небудзь тлустага. Бо ўжо зараз адзначыў Віталь падрыгванне сваіх пальцаў, агідную няўпэўненасць у сагнутых пры сядзенні нагах. Раптам не зможа падняцца?!
Бывалы ж, наадварот, валаводзіў, піў са смакам, закурваў кожны глыток зацяжкай цыгарэты. Дацадзіўшы гаючы напітак, ён паклаў пустую бутэльку ў кучу да ейных сястрыц, акуратна прыкрыў нейкімі рызманамі.
– Эх, спазняецца урук наш. – Толік выкінуў недакурак у фортку і паглядзеў на наручны гадзіннік. – Без пятнаццаці тры… Ведаеш, Віталя, што я ў жыцці больш за ўсё ненавіджу?
– Ну?
– Чакаць. Ты пасядзі пакуль тут, а я на паверх Каржаметава злётаю. Можа, ёсць там хто жывы. А ты не высоўвайся, бо ўжо могуць патрулі шнырыць па калідорах…
Толік пайшоў і хутка вярнуўся злосны.
– Ат, фрукт заморскі! Звязвайся з імі!
– А што такое?
– Ды нямашака Цімура. А зрэшты, яму ж горш – праз дзесяць хвілін паедзем.
– І што: не чуваць, не відаць?
– Сусед-зямляк адзін кажа, што заходзіў Цімур да яго апоўдні па цыгарэты. Быццам бы прычапураны… Але ж чакайма да трох гадзін.
Бывалы, панурыўшыся, сеў на край ложка поруч з Чалеем. Ён ужо быў дастаў з кішэні пачак “Гродна”, калі ў дзверы пастукалі. Віталь перасмыкнуўся, бо ўспомніў папярэджанне аб патрулях. Але стук быў нямоцны, нясмелы.
– Хто? – самаўпэўнена крыкнуў Шумакоў праз дзверы.
– Я… Цімур, – прыглушана данеслася ў адказ.
Праз некалькі секунд прыяцелі ўжо рукаліся з Каржаметавым, недалужным і нізкарослым таджыкам. Бывалы, відаць, збіраўся даць Цімуру прачуханца за спазненне, але, калі заглянуў таму ў сумку, палагаднеў. Каржаметаў агораў недзе пукатую бутэльку дыхтоўнага паўднёвага віна, бляшанку чырвонай ікры і ладны кавалак асятровага балыку.
– Малайчына! – паляпаў яго па плячы Бывалы. Затым, быццам згрупаваўшыся для скачка ў ваду, кінуў: – Ну, байцы, як гаворыцца, з Богам!
Байцы выйшлі ў калідор. Упоцемку рушылі да ходу на чорную лесвіцу. Жулікавата азіраліся. Інтэрнат нібы вымер, толькі аднекуль зводдалеку даносіліся прыглушаныя магнітафонныя гукі. Студэнты, што засталіся ў горадзе, пэўна, бераглі сілы для надыходзячых святаў. “Зрэшты, яшчэ не вечар!” – падумаў Чалей, калі заходзіў у зеўру чорнай лесвіцы…
8
Ехалі спярша тралейбусам да канцавога прыпынку, затым яшчэ немаведама колькі аўтобусам. Смуродны “лазік” гуў, чмыхаў, буксаваў па разбітых намерзлых каляінах вялізнага прыватнага сектара. Жыхар цэнтральнага раёна, Віталь дзівіўся існаванню ў горадзе з шырокімі прыбранымі праспектамі падобнай першабытнасці. А між тым гэта быў адзін са старэйшых раёнаў горада, які межаваўся з чыгуначным вакзалам. Проста пазней горад разросся ў процілеглы бок. Але жыццё тут не спынілася: па-вясковаму дымілі коміны, ліпелі весніцы, брахалі дваровыя сабакі; дрэвы ў шэрані маляўніча навісалі над брамамі, торкаліся зіхоткім голлем у замглёныя марозам вокны. Недзе на захадзе, ужо ля мяжы прыцемку, сонца прабіла волкую смугу і палівала цяпер збялелыя платы і дахі блакітна-ружоваю фарбай. Ціха, казачна-пустэльна было на вулках гэтага мікрараёна.
Пакуль Чалей любаваўся красой вечаровага горада, Бывалы з Каржаметавым балакалі наконт алкагольных напояў. Дакладней – як, што і ў якой паслядоўнасці трэба піць за святочным сталом. Выгукі іхняй спрэчкі цьмяна даляталі да Віталя. Пазіраючы на мажнога Шумакова і ўвішнага самаўпэўненага Цімура, яшчэ раз пашкадаваў Чалей, што не паабедаў дома. Як бы не было блага!
Пакінуўшы лядачы “лазік”, прыяцелі яшчэ доўга віхлялі па завулках прыватнага сектара. Кіраваў Шумакоў, які ўвесь час не выпускаў з рук цыдулку з адрасам. Змяркалася. Некалькі разоў збіваліся з дарогі, маглі б і заблудзіць, але, вынырнуўшы з чарговага правулка, ледзьве не ўперліся ў хаціну з патрэбным адрасам. Тут жа напаткалі і Краснюка, які дабіраўся сюды з процілеглага канца горада. Пашка з ёмістай сумкай на плячы вітаў сяброў з невыказнай радасцю. Аказваецца, ён блукаў ужо з паўгадзіны, а спытацца як на грэх не было ў каго – тут, відаць, разыходзіліся па хатах па-сялянску рана.
Малайцы яшчэ раз зверылі адрас на паперы з нумарам дома і пастукалі ў веснічкі. Цішыня. Падобна, сабакі тут не было. За вокнамі хаткі, праўда, у няпэўным святле сноўдалі цені. Тады Бывалы засунуў руку ў круглую дзірку брамкі, зняў зашчапку. Увайшоў у змрочны вузенькі дворык. За ім рушылі астатнія. Раптам запаліліся вулічныя ліхтары, кінулі на занесены снегам кветнік, ганак і сцены доміка блакітна-прывіднае святло. За нізенькай агароджай угадваліся каржакаватыя яблыні саду. На нямеценым ганку бязладна чарнелі сляды жаночых чаравікаў. Шумакоў пабразгаў клямкай дзвярэй, затым настойліва грукнуў і гаркнуў:
– Гасцей не марозьце! Гэй! Ёсць тут хто?
Унутры нешта зарыпела, затупала, і неўзабаве адчыніліся дзверы.
– Не бушуй, пусцім! – Ларыса Яшчук паказалася ў праёме. – Заходзьце, хуценька! Не выстуджвайце хату.
У маленькай асветленай прыхожай хлопцы віталіся з дзяўчатамі:
– Са святамі, даражэнькія! Каб жылося-былося! – Толік Шумакоў па-свойску цмокаў у шчокі прыбраных аднагрупніц.
– І вам усяго найлепшага, з надыходзячымі… Заходзьце, калі ласка, – даносіўся да Віталя з-за спін прыяцеляў пяшчотны голас Ірыны Варанец. – Што ж позна так, заблудзілі?
– Заблудзілі, заблудзілі, любыя, – адказваў Краснюк, перадаючы пакункі з пажыткамі Ларысе. – Гэта ж не раён, а… ліха яго ведае!
– Мы ўжо думалі прысесці на лаву, выпіць, закусіць – ды дамоў выпраўляцца, – жартаваў Каржаметаў. – Бо ўсё ж з сабой маем!
У такім разняволеным кірунку зачыналася іхняя вечарына. І толькі Чалей няўклюдна маўчаў, збянтэжаны пекным выглядам Ларысы з Ірынай. Бо словы неяк захрасалі ў горле, нібы пужаючыся сваёй недарэчнасці ў параўнанні з хвацкімі прымаўкамі-выслоўямі Бывалага, які ўжо пачуваўся гаспадаром у Ларысінай хаце. Між іншым, маці Яшчук працавала не то тэлефаністкай, не то медсястрой і была ў гэты час на дзяжурстве. Але такая акалічнасць яшчэ больш заціскала Віталя, бо, далібог, не ведаў гэты васемнаццацігадовы хлапчына, як належыць паводзіць сябе без нагляду дарослых. Да таго ж надта ўжо пахла парфумай ад дзяўчат, вельмі ўжо падкрэслівалі тугія святочныя ўборы іхнія зграбныя постаці. У сваіх думках Чалей выдаваў перад імі недарэкам.
Нягеглая з выгляду хатка аказалася даволі ёмістай унутры: мноства хітра злучаных паміж сабой пакойчыкаў, кухня, вялікая зала. У зале ўжо стаяў не накрыты да канца святочны стол, красавалася маленькая натуральная ёлка. Водар маладой ігліцы лунаў па пакоі. Ларыса ўключыла колерамузыку, і размаітыя святлацені заскакалі, замітусіліся па столі, па мэблі, па сценах. Яны адбіваліся ад ёлачных шароў і мішуры, якія зіхацелі і прамяніліся казачнымі колерамі. Гукі лёгкай замежнай песні лагодна пранікалі ў Віталеву душу. Ён крыху разняволіўся. Неўзабаве Ірына паклікала яго на кухню – дапамагаць насіць на стол стравы. Запрэглі туды і Бывалага, які ў прадчуванні гульбы прыйшоў у такі гумор, што не ведаў, куды прыкласці сваю энергію.
Кухонны стол і падаконнік былі застаўлены салатамі, нарэзанымі каўбасамі, вяндлінай, сырамі і багата чым яшчэ. У духоўцы, відаць, смажылася курыца ці гусь. Ад такой кулінарнай раскошы ў Віталя адразу ж нешта сцялася ўверсе жывата і ўжо не адпускала да самага пачатку бяседы. Варанец тым часам накладвала са слоікаў у шкляныя салатніцы марынады і саленні, перадавала іх хлопцам. Толік не губляўся і зладзеявата хапаў з блюдаў то каўбасу, то сыр. За што атрымліваў па руках ад Ірыны. Віталь няўзнак злавіў сябе на думцы, што прыемна яму стаяць побач з такой прыгожай дзяўчынай, ледзьве не кранаючыся плячамі, адчуваць пах доўгіх хвалістых валасоў, слухаць кароткія просьбы ці загады, лавіць яе мілагучны голас. Беручы талеркі з дзявочых рук, датыкацца пальцамі да зграбных далоней…
Ларыса ж прымала ў хлопцаў блюды са стравамі ўжо ў зале, размяркоўвала іх па стале, раскладвала побач з талеркамі нажы, відэльцы, стаўляла кілішкі. Краснюк з Каржаметавым завіхаліся каля яе. Нечаму рагаталі і хіхікалі. Люстэркі, шыбы кніжных паліц, келіхі і ёлачныя рознакаляровыя шары зіхцелі пад рытмы замежнай эстрады.
Каля шасці гадзін усё ж селі за стол.
– Эх, любыя мае, як я рады! – ледзьве не са слязьмі на вачах, пажыраючы хцівым паглядам гожы стол, узняў Толік Шумакоў келіх з шампанскім для першага тосту. – Ну вось і надыходзіць ён нарэшце, доўгачаканы…
– Не надыходзіць яшчэ. Заўтра! – гарэзліва паправіла Бывалага Ларыса.
– Не, надыходзіць, Ларысачка… надыходзіць, – пафасна доўжыў прамову Бывалы, – бо ўжо, менавіта з гэтай хвіліны, адчуваю я ягоныя подыхі на вашых мілых, прасветленых тварах…
Шумакоў запнуўся на колькі секунд, бо сам канфузліва здзівіўся нечаканай велічы сваёй гаворкі. Узяў не так крута:
– А зрэшты, не тое важна, калі дакладна надыходзіць Новы год. Значна важней, што надарылася нам сабрацца ў такой цудоўнай, я б сказаў – адмысловай кампаніі. Што ўдала абмінулі мы ўсе нягоды апошняга тыдня, што дапушчаны мы да першай, першай у нашым жыцці, студэнцкай экзаменацыйнай сесіі. Дай Божа нам гэтак жа хораша, без маральных і матэрыяльных страт здаць экзамены. Хай у новым годзе чакаюць нас новыя знаёмствы, новыя поспехі і здзяйсненні, хай не падводзяць нас здароўе і аптымізм!
Далей пажадаў Бывалы, здаецца, яшчэ і кожнаму знайсці сябе, а таксама сваю другую палавіну (каханага ці каханку), здароўя ўсім родным і блізкім кожнага з прысутных, квітнення краіне і падобных даброт. І нарэшце, выцершы насоўкай узмакрэлы ад занадта доўгага тосту лоб, з трымценнем у голасе прамовіў:
– Будзьма разам!
Чокнуліся, выпілі.
Натомлены красамоўствам Толіка, дарэшты згаладнелы Віталь ледзь прыгубіў шампанскае і ўлягаў у яду. Ён абачліва баяўся ап’янець, таму апускаў у страўнік пераважна мяса і рыбу.
Ад другога келіха шампанскага Шумакоў адмовіўся і адкаркаваў “Сталічную”. Прыкмеціўшы гэта, не наліваў сабе больш нічога, апроч гарэлкі, і Віталь. Другі і трэці тосты прайшлі больш-менш зладжана, аднак затым застолле ўвайшло ў бурлівае рэчышча, утварыўся гармідар. Нявопытныя Пашка з Цімурам казырыліся перад дзяўчатамі і жлукцілі гарэлку ўперамежку з віном. А затым і наогул змяшалі шампанскае з “саракаградуснай” у сваіх келіхах, пілі “на брудэршафт”. Амаль нічога не елі. Яны хутка прыйшлі ў гуллівы настрой, і Бывалы нават мусіў іх стрымліваць, раз-пораз выклікаючы курыць на свежае паветра.
У Віталя неспадзявана развязаўся язык, і ён, чортведама як аказаўшыся на адной канапе паміж Ірынай і Ларысай, забаўляў іх нейкай несусвеціцай.
У разгар бяседы завітала Ларысіна сяброўка, разбітная тутэйшая дзяўчына іхняга ўзросту. Помніцца, нішчыла яна з Пашкам гарэлку, не адстаючы, і паводзіла сябе досыць вульгарна.
Пачаліся танцы. Спярша хаўруснікі трэсліся пад шалёныя рытмы, потым скакалі ў карагодзе. Бывалы пры гэтым запальваў бенгальскія агні і раздаваў іх танцуючым. Атрымлівалася вельмі прыгожа і таямніча. Асабліва шчыраваў у карагодзе падпіты Краснюк, які адзін раз зачапіўся нагой за табурэтку, паляцеў на падлогу і разбіў губы аб край стала. Стол стрываў.
Каб трошкі суцішыць гульбу, Шумакоў стаў уключаць павольную музыку – для танцаў парамі. Віталя запрасіла Ларыса. Ап’янёны пахам яе духоў і блізкасцю крамянага цела, цьмяна, нібы ў замглёным сне, заўважаў Чалей, як ціснулася чарнявая галава нізкарослага Каржаметава за танцам да грудзей Ларысінай сяброўкі. Як Бывалы размашыста вальсіраваў з Ірынай…
Нягледзячы на добрую закусь, хмель ужо моцна завалодаў Віталевым арганізмам. Таму няпэўна ўспамінаў потым ён, як і сам цягнуў на сябе падатлівае Ларысіна цела, як неўпрыкмет аказаўся з ёй у адным з закуткаў гэтае хацінкі, як, седзячы на тахце, вёрз ёй на вуха неймаверныя глупствы, абдымаў, а неадольная сіла цягнула ўжо ягоныя губы да дзявочых вуснаў… Але знянацку ўвайшоў Шумакоў і бесцырымонна запытаўся:
– Ларыса, у цябе соды няма?
– А навошта? – Сарамліва абцягваючы на сабе пакамечанае Віталем плацце, дзяўчына паднялася з тахты.
– Ды тут адзін кліент таго… перабраў! Помач патрэбна.
– Нябось Каржаметаў? – спытаўся Віталь.
– Краснюк. Цяпер на двары ванітуе.
Ларыса пабегла па соду, а Толік з Чалеем – да Пашкі. Жахлівая карціна паўстала перад Віталем на двары. Учапіўшыся аберуч за нізкую агароджу, перагнуўшыся літарай “г”, з дзікімі стогнамі вывяргаў Краснюк на чысцюткі сняжок змесціва свайго страўніка. Цімур трымаў яго пры гэтым занятку, абхапіўшы ззаду. Нават пры няпэўным штучным асвятленні твар Пашкі ўражваў сваёй шыза-мярцвяцкай бледнасцю.
– Ну, давай яшчэ разок! Палягчэе, – угаворваў Цімур няшчаснага. Той хістаўся ў яго руках і, здавалася, вось-вось гатовы быў страціць прытомнасць.
Бывалы шпарка авалодаў сітуацыяй: падаў Пашку шклянку з густа разведзенай содай, што якраз паднесла Ларыса; ледзьве не сілком уліў прамывальнае рэчыва прыяцелю ў рот. Прымусіў закласці пальцы далёка ў глотку…
Дзіўна, пасля прамывання двзюма шклянкамі содавай вады Краснюк ачухаўся, аджыў, а праз хвілін сорак, відаць, і наогул адчуваў сябе па-ранейшаму. Праўда, ужо не піў анічога, а толькі пакрысе запаўняў (зноўку па настаўленні Шумакова) свой прымусова спустошаны страўнік ежай.
9
Гульба пайшла далей: з танцамі, з блазенскімі выгукамі. Малайцы ўжо забываліся выходзіць курыць на двор і смалілі цыгарэты проста ў пакоі. П’яненькая Ларыса толькі незласліва ўпікала іх за гэта, пужала прыходам сваёй мамы.
Успомніць нешта ўцямнае з усяго тлумнага вечара Віталь пазней наўздзіў так і не змог. Хаця размовамі і ўсялякімі падзеямі гулянка была запоўнена досыць шчыльна. Усё змяшалася ў неймаверны гармідар з целаў, рытмаў, ёлачнай мішуры і бесперапыннага ляскату-звону талерак і відэльцаў, чарак і келіхаў. За рэдкім выключэннем, не згадваўся Чалею нават і змест уласных гаворак, рухаў і дзеянняў. Помнілася толькі, што не губляўся. І гэта ўсцешвала.
Каля дзесяці гадзін вечара, у самы разгар весялосці, скрозь дзікія магнітафонныя спевы з вуліцы пачалі даносіцца грубыя вокрыкі. Затым у шыбы паляцелі снежкі і лаянка. Пад самымі вокнамі нехта тупаў цяжкімі ботамі: відаць па ўсім, тут збіралася немалая хеўра.
– Здаецца мне, хлопчыкі, што нас аблажылі. – Шумакоў першы ўчуў нядобрае. – Ларыса, прыглушы, калі ласка, музыку.
У змрочнай хаце запанавала натужлівае маўчанне. А праз хвіліну грамавы голас з вуліцы рассек гэтую штучную цішыню:
– Гэй, выходзь… тваю так!
– Выходзьце! Выходзьце! Пагаварыць трэба! – адразу ж падхапіла гэты заклік некалькі не дужа зычлівых галасоў.
Ад іх у пакоі, дзе нядаўна віравала бяседа, зрабілася па-сапраўднаму вусцішна. Прынамсі, Чалею стала ніякавата: ён адчуў, як ападае ягоны хмель, а сэрцайка, наадварот, усчало такую малацьбу ў грудзях, што, здавалася, боязь яго выразна чутна ўсім прысутным. Напружана маўчалі хлопцы і дзяўчаты, наіўна мяркуючы адвадзіць цішынёй тутэйшую шпану, якая толькі зараз і выходзіла на паляванне.
– Выходзьце, не сц…е Мужыкі вы ці не?! – неслася праз усе шчыліны хаткі пагрозлівае.
Слухаць такое ў цямравай цішы пакоя было невыносна.
– А ну іх да ліха! Балюем далей! – раптам насмеліўся Пашка Краснюк. Яго, відаць, пасля пакут са страўнікам ужо нічога не страшыла. – Уключайце святло, музыку! Гуляйма!
Пашка рвануў у цэнтр залы і задаў такіх скокаў, што астатнія міжвольна пусціліся за ім ды на колькі часу забыліся на сур’ёзную небяспеку. Каб адцягнуць увагу ад непрыемнай неспадзеўкі, Бывалы гарланіў асабліва голасна, жартаваў і падліваў прысутным то віна, то гарэлкі.
Але і праз тупат ног па рыпучай драўлянай падлозе, і праз п’яную гаману дасягалі Віталевага слыху страшэнная гразьба і пошумы вулічнай клікі. Ён мімаволі пільней прыслухоўваўся да іх, а неўзабаве і ясна расчуў, як загрукацелі боты ўжо па дворыку, ганку, а затым раздаліся моцныя ўдары ў лядашчыя ўваходныя дзверы. Гульба адразу ж аціхла. А ў галаве Чалея мільганула баязлівая думка: ці не выклікаць міліцыю? Ён з прыкрасцю адагнаў яе ад сябе.
Пад дзвярамі нехта раз’юшаны клікаў Ларысіну сяброўку. Тая, пашаптаўшыся з дзяўчатамі, шуснула ў пярэднюю, зачыніла за сабой дзверы.
Гэтыя падзеі начыста выдзьмухнулі п’янае ачмурэнне з Віталевага глузду, і ўсё далейшае хлопец занатаваў у ім досыць выразна.
Аказалася, што кавалер Ларысінай сяброўкі з хеўры тутэйшых аболтусаў быў не дужа задаволены, што ягоная дзяўчына бярэ ўдзел у гулянцы без яго дазволу. Ды яшчэ немаведама з кім. І цяпер у таго хлопца і яго дружбакоў проста свярбелі рукі разабрацца ў родных пенатах з нахабнымі прыхаднямі. Нагадаем, што моладзь таго забытага Богам раёна не вылучалася сваёй памяркоўнасцю. Гэтыя злыдні маглі зацята каравуліць пад вокнамі нашых гаротнікаў аж да раніцы. З тае прычыны Шумакоў на кароткай і сцішанай нарадзе паміж прыяцелямі адразу ж адхіліў варыянт трывання асады. Трэба было ўцякаць. І ўцякаць як мага шпарчэй – пакуль не перасталі хадзіць аўтобусы.
Па просьбе Ларысінай сяброўкі агрэсары сышлі з двара, але недалёка: іхнія выкрыкі, хамаваты рогат, шоргат абутку па снезе балюча рэзалі Віталеў слых. Лепей ужо было выйсці ды прыняць няраўны бой на адкрытай прасторы, чым трываць гэтую агідную аблогу, пакутуючы боязнымі, вярэдлівымі думкамі.
Хлопцы і Ірына Варанец апрануліся і напружана ўслухоўваліся ды ўзіраліся з вітальні ў начную зеўру вулкі, чакалі зручнага моманту, каб выскачыць з хаты. Яшчук вызвалася вывесці іх праз заснежаны сад на суседні завулак, там былі веснічкі.
– Іра, а ты заставайся. Гэта ж вылюдкі, – угаворвала Яшчук спалатнелую, але нязломную Варанец. – Хтосьці з хлопцаў дабярэцца дадому і тваім патэлефануе…
– І праўда, Іра, нам зручней без цябе адбівацца, – падхапіў Цімур. – Дый уцякаць – ямчэй…
Але Варанец чамусьці нізашто не згаджалася. Пераканаць яе не змог нават Бывалы. Тым больш што якраз аціхлі за вокнамі галасы, а ў прывідным святле ліхтароў нічога пагрозлівага не выяўлялася. Не цярпеў і час. Трэба было даваць драла.
Па камандзе выскаквалі з дзвярэй адзін за адным і, збочваючы налева, беглі па вузенькай сцяжынцы зімовага саду. У сярэдзіне гэтай чарады, утуліўшы шыю ў плечы, бег і Віталь. За лядачымі веснічкамі аказаўся зусім не асветлены завулак ці тупічок.
– Направа! – здушана кіраваў Шумакоў. – Не адставаць!..
У паўзмроку прадзіраліся праз гурбы, коўзаліся па намерзлых каляінах. Праз метраў пяцьдзесят вырулілі на нешырокую прамую вулку. На ёй сям-там вяла гарэлі ліхтары. Да аўтобуснага маршрута трэба было праставаць яшчэ метраў пяцьсот: паўз крывыя платы, згаслыя няветлыя хацінкі, скрозь золкую марозную смугу. Недзе там, наперадзе, пралягала траса з адносна жвавым аўтамабільным рухам і гожым штучным асвятленнем. Там быў паратунак. Прыяцелі, як па камандзе, значна прыбавілі хуткасці. Не несліся стрымгалоў толькі таму, каб не абняславіцца адзін перад адным і, асабліва, перад Варанец. Прысутнасць дзяўчыны міжволі надавала хлопцам мужнасці і адказнасці.
…Іх перанялі прыкладна на сярэдзіне адлегласці да аўтобуснага прыпынку. Шайка ў колькасці васьмі-дзесяці дзецюкоў вынырнула з цёмнага завулка і перарэзала шлях уцекачам. Іх, вядома ж, высачылі.
– Стой! Прыехалі, балесныя! Сцішай хаду! – рагатаў адзін з завадатараў хеўры, якая пакрысе абкружала прыяцеляў і ціснула да плота.
– Што, павесяліліся, пацешыліся, а цяпер па шыі атрымаем? Га?! – блазнаваў каржакаваты хлопец у ватоўцы і кірзавых ботах. Дарэчы, усе яго таварышы былі апрануты падобным чынам.
Праставаты твар каржакаватага не быў злосны – пляжыць чужынцаў для гэтай шушамеці было звыклай справай. Усе праціўнікі выдавалі з выгляду хлопцамі дужымі і спрытнымі. З гэтай прычыны паўставаць супраць іх аніяк не выпадала. Не было мажлівасці і ўцячы.
– Проста Новы год святкавалі… – адказаў Бывалы, каб толькі не маўчаць. Але на ягоным панылым твары не ўгледзеў Віталь Чалей і пробліску спадзеву на выратаванне.
– А не зарана – Новы год? – высунуўся наперад бамбіза ў кажусе да каленяў. Ён вылучаўся сярод астатніх ростам і сталасцю. Найхутчэй, менавіта гэты тыпус і быў верхаводам хеўры.
– На Новы год дамоў трэба ехаць, – адказваў Шумакоў, азіраючы натоўп непрыяцеляў. Ягоныя сябры яўна сумеліся і замаркоціліся. Адна Варанец, што стаяла паміж імі спінай да паркана, дзёрзка і грэбліва глядзела на нападаючых.
– А дзе ты жывеш? – зацікавіўся граміла Бывалым.
– У Оршы…
– У Оршы, у Оршы… – па радах непрыяцеляў адразу прайшоўся шэпт. Чалей расчуў нават паважлівыя меркаванні – Орша “славілася” ў той час крымінальным асяроддзем. У глыбіні Віталевай існасці зацеплілася надзея…
– А ты адкуль, чарнамазы? – жартаўліва-пагрозна запытаўся важак у напалоханага хілага Каржаметава.
– Тджкст-ан, – ледзь улоўна прасіпеў той.
– Студэнт нябось? – здагадаўся каржакаваты. – Што, надта разумны?
Зніякавелы Каржаметаў асуджана маўчаў.
– Вы, мусіць, усе тутака студэнты? Усе разумныя… Так?! – здзекліва разглядаў небарак каржакаваты. За яго спінай у паўзмроку віднеліся ватоўкі і нядобрыя, грубыя твары хаўруснікаў.
– Чаго маўчыце?! – раз’юшыўся раптам рослы верхавод. – Вось ты, шмаравоз, разумны?
З гэтымі словамі ён тузануў Чалея за кучомку.
На тое ідыёцкае пытанне не было адказу. Гаварыць, што ты неразумны, язык не паварочваўся. Сказаць – разумны, то ўспрымуць як дзёрзкі выклік. Віталь стрэльнуў вачыма па баках: ані душы.
Тады каржакаваты, што стаяў бокам у метры ад Віталя, знячэўку рэзка крутнуўся і заехаў таму локцем у падбародак ды адразу ж, далонню той жа рукі, піхнуў Каржаметава ў лоб. Усё адбылося вокамгненна, аднак Чалей паспеў прыціснуць падбародак да каўняра і тым самым абараніць кадык. Бо нягоднік, відаць, цаляў менавіта ў шыю. Ад удара ляснулі зубы, Віталь пахіснуўся на коўзкай наледзі, але ўстаяў. Цімур жа ад штуршка адляцеў, як перыйка, жахнуўся аб паркан спінай і патыліцай. Асеў на снег.
– Ты што, азвярэў?! – выкрыкнула Варанец. – Няма куды сілу падзець?!
Яе аднагрупнікі ганебна маўчалі. Ашаломлены штурхалём Каржаметаў устаў з сумёта і старанна абтрэсваў снег з кажушка і штаноў.
– Ты б памаўчала, красуня, пакуль я добры! – насунуўся на яе грудзьмі рослы дзяцюк. – Матай лепш, дзіцятка, да мамы… Я цябе адпускаю. – Ён велікадушна паказаў рукой у бок аўтобуснага прыпынку.
Ірына моўчкі спапяляла верхавода шайкі сваімі чорнымі вачыма. Яе пышныя каштанавыя валасы, выпушчаныя з-пад шапкі, прывабілі аднаго з нягоднікаў. Вылезшы з-за спін прыяцеляў, ён ухапіў Варанец за кудлы і прасіпеў спітым голасам:
– Бяжы дамоў, малышка, пакуль за валасню не адцягалі!
Ззаду пачуўся дурнаваты рогат, яго паплечнікі ўспрынялі словы сіпатага як дасціпны жарт.
– Ну ты, дзяўчыну хаця не чапай! – Пашка Краснюк, што стаяў побач з Ірынай, учапіўся за руку сіпатага, адрываючы яе ад Ірыных валасоў.
– Што, бунт на караблі?! – схамянуўся рослы верхавод. – Прыйдзецца ўтаймоўваць…
Ён ухапіў Пашку за каўнер палітона і таргануў на сябе. Загадаў:
– Пайшлі – адыдземся…
– А што ён табе зрабіў? – уступіўся за Краснюка Бывалы.
– Морда мне яго спадабалася. Руш! – скамандаваў верхавод Пашку, не выпускаючы каўняра.
Так і пайшлі яны: самаўпэўнены граміла ў прасторным кажусе і нядошлы, увесь сцяты Краснюк. Метрах у трыццаці яны спыніліся пасярод вуліцы. Краем вока Віталь бачыў, што непрыяцель не выпускае Пашкавага каўняра. Пры гэтым яны, відаць, аб нечым размаўлялі.
А тым часам шайка атуліла трох хлопцаў і дзяўчыну. Іх “частавалі” кухталямі, асабліва тузалі Шумакова. Напэўна, ліхадзеі хацелі такім чынам выклікаць абурэнне ці падабенства адпору, каб затым расправіцца з нябогамі на ўсю поўніцу. Пляжыць ціхмяных неяк не хапала запалу. Віталь з хвіліны на хвіліну чакаў лупцоўкі, яму нават хацелася, каб яго набілі – толькі б хутчэй усё скончылася. Але падонкі ўмелі вытанчана і марудліва здзекавацца з ахвяраў.
Праз хвілін дзесяць змардаваны маральна Чалей заўважыў, што вяртаюцца рослы дзяцюк з Пашкам. Дзіўна, яны ішлі даволі мірна, можна сказаць, як таварышы – поплеч. Пры гэтым перагаворваліся, верхавод жэстыкуляваў, а Краснюк з разуменнем хітаў галавой.
Наблізіўшыся да асноўнай групы, “таварышы” падзяліліся: Пашка далучыўся да аднагрупнікаў, а граміла адазваў сваю хеўру ўбок, да процілеглага плота. Там яны трымалі нараду.
– Ну як, што чуваць? – устрывожана запытаўся Шумакоў.
– Так… пагаварылі, – неахвотна азваўся Пашка.
– Не біў? – з трымценнем у голасе дапытваўся растузаны праціўнікамі Цімур.
– Не… пагаварылі, – няпэўна адказваў Краснюк. Ён быў наўздзіў спакойны.
Неўзабаве шайка накіравалася да іх. Злавесна загрукалі кірзачы па ўтаптаным снезе вуліцы.
– Вашае шчасце, балесныя! – паблажліва сказаў блатны завадатар. – Скажыце вось яму дзякуй, – і махнуў рукой у бок Пашкі. Нягоднік яўна палагаднеў.
– Слухай маю каманду! – уладарна гаманіў далей верхавод. – Дзяўчына і ён – хай ідуць з мірам. А вам дадзім “адпускнога”.
– Што значыць – “адпускнога”? – устрывожылася Варанец, але члены клікі ўжо хапалі іх з Пашкам пад локці і выпіхвалі з кучкі аднагрупнікаў, у бок аўтобуснага прыпынку.
– Шыбуй, не азірайся! Гэй!.. Гець!.. – чулася ў таўханіне цел.
Калі Краснюк з Ірынай адышліся метраў на пяць ад сваіх таварышаў, тым закамандавалі:
– А зараз ідзіце і вы, толькі – няспешна…
Рушылі… Ім наўздагон пасыпаліся кухталі ў спіны і выспяткі. Не дужа балючыя і злосныя. Гэтым “гаспадары” прыватнага сектара і абмежаваліся.
…Гора-гулякам праз колькі хвілін пашанцавала зноў – яны паспелі на апошні ў гэты дзень аўтобус. Толькі на мяккім крэсле “лазіка”, слухаючы гамонку прыяцеляў, даўмеўся Віталь Чалей аб прычыне іх неспадзяванага вызвалення. Яны адкараскаліся лёгка таму, што рослы завадатар “паважаў” заводскі раён, дзе жыў Краснюк. У іхняй групоўкі з тамтэйшай шпаной было часовае перамір’е. Гэта і выратавала аднагрупнікаў. Да таго ж (як высветлілася ўжо пазней) змякчыла абставіны і тое, што кавалер Ларысінай сяброўкі не пайшоў дубасіць прыхадняў, а застаўся каля Ларысінай хаты – дамагацца сваёй каханкі. Дарэчы, тая да раніцы так і не выйшла.
Нягледзячы на гожую порцыю выпітага на вечарынцы “гаручага”, Віталь адмыкаў дзверы сваёй кватэры абсалютна цвярозым. Ён надоўга запомніць і гулянку гэтую, і той забыты Богам раён – жахлівы прыватны сектар. Шмат гадоў затым абмінаў яго хлопец у сваіх жыццёвых маршрутах. А калі ўжо выпадала перасякаць тое гіблае месца, то глядзеў Чалей на нядобрай памяці платы і хацінкі толькі з-за шыбаў грамадскага транспарту. Зрэшты, удзень яны мелі выгляд даволі мірны.
10
Дамашняе святкаванне Новага года прайшло ў сям’і Чалеяў млява. А можа, гэта толькі здалося Віталю ў параўнанні з вышэйапісанай бурлівай студэнцкай вечарынай. Да таго ж думкі яго ў пераднавагодні вечар былі ўжо скіраваны на экзамен па вышэйшай матэматыцы, прызначаны на 5 студзеня. З тае прычыны, праседзеўшы ў сямейным крузе бой Крамлёўскіх курантаў, хлопец выправіўся спаць недзе на першай трэці “Блакітнага агеньчыка”. Раней за малодшую сястру. Затое назаўтра, свежы і бадзёры, зранку засеў за канспекты і падручнікі.
Віталь перш-наперш хутка прабегся па экзаменацыйных пытаннях і канспекце лекцый. Ён з прыкрасцю адзначыў, што многія з тэм лектарка не раскрыла да канца, а некаторыя і зусім пакінула на самастойнае вывучэнне. Такая неспадзяванка крыху засмуціла хлопца. Насцярожвала яшчэ і тое, што Нэля Ігараўна на апошнім занятку, калі распавядала аб правілах прыёму экзамену і крытэрыях ацэнак, вызначыла як асноўнае – рашэнне прапанаванай задачы. Нават выдатны адказ на два пытанні экзаменацыйнага білета даваў без названага рашэння толькі “здавальняюча”. Лагічна паўставала пытанне: а ці варта высільвацца з тэарэмамі па канспекце, вышукваць неабходныя матэрыялы па тоўстых і няўклюдна складзеных падручніках?
Але Віталь адрынуў ад сябе падобныя ваганні і рупліва ды паслядоўна, нумар за нумарам, узяўся паўтараць і вучыць пытанні білетаў. Як аказалася, стараннае сядзенне на лекцыях і канспектаванне прамоў выкладчыцы зусім не давалі ведаў па прадмеце, а толькі пазбаўлялі надалей ад галаўнога болю пры пошуках патрэбнага матэрыялу ў падручніках. Лектарка дыктавала надта шпарка, і студэнтам адно хапала часу паспешліва, з выродлівымі скарачэннямі, за ёй запісваць. Пры такой гонцы ў галаве амаль нічога не адкладвалася, а паўтараць запісаны матэрыял дома сярод студэнтаў неяк не было заведзена. Малайцы пачыналі варушыцца, толькі будучы прыціснутымі тэрмінамі залікаў. Такая ўжо чалавечая псіхалогія. Нават Чалей, які яўна вылучаўся сярод аднагрупнікаў дбайнымі адносінамі да вучобы, аніяк не мог прымусіць сябе на працягу семестра хаця б перачытаць апошнюю лекцыю. Не гаворачы ўжо аб тым, каб самохаць вывучыць і даказаць з самапіскай у руках тэарэму. Рупліва рашаў толькі дамашняе заданне па “практыцы”.
Цяпер вось Віталь пажынаў плады сваёй ляноты. Што было, канечне, невялікім клопатам у параўнанні з турботамі большасці першакурснікаў, якія не мелі ўласнага сталага канспекта. Ён не зубрыў, а ўнікліва і дэталёва разбіраў тэарэмы, затым браў чысты аркуш і, замацоўваючы матэрыял, выбудоўваў тыя пакручастыя матэматычныя выкладкі.
Чатыры дні запар шчыраваў Віталь за пісьмовым сталом. Па дзесяць гадзін у дзень. Ён не выпускаў з-пад сваёй увагі, не пакідаў ніводнай, нават самай мізэрнай, недаробкі. Не зусім зразумелыя месцы ў канспекце ўдакладняў па падручніках, загадзя нарыхтаваны стос якіх ляжаў ад яго па правую руку. Тужыўся, бляднеў, пацеў, але знаходзіў патрэбнае ў непадатлівых “гросбухах”, карпатліва дамагаўся пажаданага.
Вонкавы свет перастаў існаваць для яго на гэтыя чатыры дні. Тым болей што ўсе члены сям’і хадзілі па кватэры літаральна на дыбачках. Алене было загадана займацца музыкай на гітары на кухні – у самым аддаленым ад Віталевага пакоя памяшканні. Сястра была на школьных вакацыях і яўна нудзілася без звыклых дружалюбных перапалак са старэйшым братам. Яна нават па ўласнай ініцыятыве разагравала Віталю абед, але так аніразу і не пачула за гэта слоў удзячнасці. Брацельнік жаваў, гледзячы скрозь яе. Нейкі чужы, задуменны, змораны…
А нагрузка на маладую Віталеву галаву сапраўды выпала велізарная. Але ж ён не даваў аддухі ні целу, ні думкам, пакуль не адолее прызначаных самім сабе на дзень дваццаці экзаменацыйных пытанняў. Ён не дапускаў паблажак: прылегчы на тахту, паслухаць музыку, проста летуценна, як звычайна любіў, утаропіцца ў акно. Далёкімі, казачнымі, недасяжнымі падаваліся хлопцу зааконныя зімовыя краявіды. А за акном, дарэчы, устанавіліся непрывычныя для Беларусі маразы ў дваццаць пяць градусаў. Добра што заможная тады дзяржава хораша ацяпляла жытло сваіх грамадзян. У кватэрах было суха, светла, утульна. На двор Віталь не выходзіў, але і без свежага паветра засынаў сном салдата, дашчэнту знясілены перадэкзаменацыйным прыпарам.
Пасля абеду чацвёртага падрыхтоўчага дня Віталь у апошні раз прабег вачыма пытанні экзамена, удакладніў некаторыя падазроныя акалічнасці асабліва складанай тэмы і сказаў сабе: “Годзе!..” Трэба было спяшацца на кансультацыю, якая па звычаі ладзілася ўвечары напярэдадні здачы іспыту. Падчас гэтае сустрэчы студэнтам даваўся апошні шанц высветліць у выкладчыка незразумелыя ці складаныя пытанні: карацей, выкладчык тлумачыў яшчэ сёе-тое ў апошні раз. Бо наступнага дня ўжо яму належала слухаць сваіх гадаванцаў. На кансультацыі, у прынцыпе, ніхто за руку не цягнуў, але студэнты заўжды чакалі там нечага таемнага, супакойлівага, накшталт запаветнага ключыка – ці то ад дзвярэй непадатлівай дысцыпліны, ці то ад сэрца лектара.
...Чалей шыбаваў пешшу, пакрыўшы вушанку капюшонам зімовай курткі. Мароз стаяў ядраны. І адно шпаркая хада дазволіла яму данесці роднае кватэрнае цяпло да інстытута. Толькі ў гардэробе згадаў Віталь падзеі тыднёвай даўнасці – зухаватую гульбу ў Ларысінай хаце і ганебную лупцоўку ад тамтэйшых бамбізаў. На душы стала моташна і неяк сорамна за сябе. Бо, наколькі не падводзіла памяць, не вылучаўся тады Віталь сярод аднагрупнікаў ні храбрасцю сваёй, ні дужасцю. Толькі, помніцца, борзда ўцякаў з Ларысінай хаты ды ціхмяна трываў кухталі і аплявухі ад ліхадзеяў. Адно ўсцешвала – не нашмат баязлівей за астатніх. Але ўсё ж назойлівая прыкрасць верадзіла душу, і, расчыняючы дзверы аўдыторыі, Чалей гатовы ўжо быў прыняць на сябе пагардлівыя позіркі аднагрупнікаў, насмешкі ці кпіны як належнае.
Выкладчыцы яшчэ не было, і амаль поўная аўдыторыя сустрэла Віталя гулам, гудам, галёканнямі. У іх, зрэшты, наўздзіў пераважалі адабральныя, сяброўскія інтанацыі.
– Здароў, баец! – без каменя за пазухай цягнуў руку з пярэдняй парты Шумакоў.
Пашка Краснюк гарэзна штурхаў Чалея ў плячо, па-свойску коратка рукаўся з ім Каржаметаў. Нешта гукалі і астатнія, і здавалася, што ўся група ведае пра іх “подзвігі”. Найхутчэй, так было і насампраўдзе, бо Бываламу набаяць – што плюнуць. На хаду вітаючыся з прыяцелямі, Віталь дабраўся да апошняй парты, дзе па завядзёнцы, за спінамі Варанец і Яшчук, яго чакаў жвавы Максім Гарэвіч. Мімаходзь Віталь хітнуў прывітанне Іры з Ларысай і атрымаў у адказ даволі зычлівыя ўсмешкі. “Няўжо я ім не брыдкі?” – мільганула ў галаве.
Макс нервова ёрзаў па лаўцы парты і ўсім выглядам выдаваў сваю непадрыхтаванасць да заўтрашняга выпрабавання. Мітусліва пытаўся ў Чалея то пра адно, то пра другое, роспачна хапаўся за галаву і малітоўна шаптаў:
– Прапаў, далібог, прапаў!.. Хана, хана мне, хлопчыкі…
Як высветлілася, Гарэвіч хораша пабаляваў на святы ў сваім абласным цэнтры. Ачуўся толькі пару дзён таму, ліхаманкава схапіўся за няпоўны канспект, аднак было позна. Таму на кансультацыі адчуваў сябе Макс, як напярэдадні пакарання розгамі. На яго рухавым твары пачаргова з’яўляліся віна, боязь, адчай, сляпая надзея і нават аптымізм халерычнага чалавека.
Нэля Ігараўна яўна спазнялася. У аўдыторыі ўсчаўся галас. Кожны апавядаў аб сваім набалелым. Пераважалі тэмы ўспамінаў аб святах і трывогі за заўтрашні дзень. У гэтым цудоўным узросце думкі аб добрым і благім бязбольна ўжываюцца паміж сабой.
Да Чалея абярнулася Варанец:
– Віталік, скажы, калі ласка, як ты разумееш вось гэта? – Яна паклала на яго парту канспект, паказала далікатным пальчыкам на нейкую формулу.
Калі б дзяўчына запыталася ў Чалея знячэўку аб чымсьці пусцяковым, дый яшчэ галаском гуллівым і какетлівым, ён бы, безумоўна, сумеўся і выглядаў недарэкам. Але сур’ёзны тон Іры, якім яна прасіла дапамагчы ўразумець спосаб рашэння дыферэнцыйнага ўраўнення, настроіў хлопца на нязмушаны лад. Ён пачаў тлумачыць. Для зручнасці дзяўчына перасела на краёчак ягонай з Гарэвічам лаўкі. Зноў, у другі раз за апошні тыдзень, адчуў Віталь нязвыклую прыемнасць знаходзіцца побач з ёй. Нахіляючыся над сшыткам, ён ледзь дакранаўся да яе каштанавых букляў, пах вытанчанай парфумы абуджаў у глыбіні хлапечай душы нешта салодка-незразумелае, цёплае. Варанец здавалася такой блізкай, мяккай, лёгкай, супакойлівай… Названыя адчуванні, канешне, заміналі Віталю ў поўным аб’ёме і як след растлумачыць Ірыне сэнс матэматычных выкрутасаў у ейным сшытку. Яны якраз былі на палове адлегласці да рашэння дыферэнцыяла, калі зайшла выкладчыца.
– Добры дзень, шаноўныя. – Нэля Ігараўна, відная кабета сярэдняга веку, заняла сваё рабочае месца. – Я слухаю вас…
Пасыпаліся пытанні. Лектарка напачатку брала ў рукі крэйду, падыходзіла да дошкі і як мага коратка даводзіла незразумелыя студэнтам месцы. Але жадаючых разблытаць жмут няўцямнасцяў у сваёй галаве было зашмат, і неўзабаве Нэля Ігараўна змяніла тактыку:
– Хвілінку ўвагі!.. Прабачце, мы абмежаваныя ў часе, таму давайце вырашым некаторыя арганізацыйныя пытанні.
Група насцярожана змоўкла.
– Тут Сямён Пятровіч, выкладчык вашых практычных заняткаў, мне спіс падрыхтаваў… Там вашыя дасягненні пазначаны. Да таго ж бачу я сярод вас і асобаў, якіх на лекцыях сустракаць амаль не даводзілася… Усё гэта, безумоўна, будзе ўплываць на экзаменацыйныя ацэнкі.
– А калі на “выдатна” будзеш адказваць, то на колькі балаў панізіце? – выкрыкнуў з месца Дубель, якога з прычыны пастаянных прагулаў гэтае пытанне дужа цікавіла.
– Калі на “выдатна” – на здароўе! Паверце, што прыдзірацца я не буду, і спіс гэты мне патрэбны адно як арыенцір… Але, малады чалавек, цуды такія рэдкія ў жыцці, а ў матэматыцы – тым болей.
Лектарка абвяла паглядам азадачаную групу.
– Наконт парадку прыёму… Я запрашаю назаўтра к дзевяці гадзінам толькі сем чалавек. Рыхтавацца яны будуць мінімум сорак пяць хвілін. Так што астатняя частка групы хай прыходзіць пазней… прынамсі, на паўгадзіны. Адзінае, што… давайце вызначымся з прозвішчамі гэтых сямі, так бы мовіць, смельчакоў…
Маўчанне.
– Ім даюцца пэўныя льготы, – хітравата працягвала Нэля Ігараўна. – У прыватнасці, таму, хто з гэтых студэнтаў падрыхтуецца да адказу першы, павышаецца ацэнка на бал. Для астатніх будуць невялікія паблажкі…
Адразу пацягнуліся рукі, жадаючых рызыкнуць аказалася не так і мала. Аднак Бывалы, які сядзеў перад выкладчыцай на пярэдняй парце і лёгка мог запісацца першы, застаўся маўчаць… Таму і Чалей, не вагаючыся, вырашыў для сябе не вылузвацца і ісці заўтра недзе ў сярэдзіне групы.
Да гардэроба аднагрупнікі крочылі па апусцелых інстытуцкіх калідорах не надта шумлівай гурмой. Мабыць, кожны ў думках быў ужо ў заўтрашнім дні. Злавесным, нягледзячы на быццам бы неблагую сваю падрыхтаванасць, здаваўся маючы адбыцца экзамен і Віталю. Ён развітаўся на аўтобусным прыпынку з непрывычна маркотным Максімам Гарэвічам і паплёўся па звычным кірунку дамоў – праз двары.
Ужо калі ўзышоў на пагорак свайго двара, Чалей кінуў позірк у вечаровае сутонне. Недзе там, на захадзе, паміж дзвюх суседніх дзевяціпавярховак, захаваліся рэшткі засынаючага дня: сцюдзёная блакітная паласа над небакраем павольна гасла. Журботным, нялюдскім спакоем веяла ад гэтай таемнай далечыні. Над чэзлым блакітам ужо разгараліся начныя зоры. Мірыяды зор, раздзеленых між сабой неймавернымі, неадольнымі адлегласцямі. Самотныя, як людзі…
11
Ноч Чалей правёў неспакойна. Хваравітыя думкі, трывожныя згадкі, баязлівыя меркаванні наконт заўтрашняга выпрабавання даймалі яго няўстойлівую нервовую сістэму з дзіўнай напорыстасцю. Не дапамагалі тут ні аўтатрэнінг, ні пералічванне начных бараноў, ні кроплі карвалолу, якія бядак, змучаны бяссоннем, выпіў а другой гадзіне. Ён ушчэнт растузаў падушку, скамячыў коўдру і нарэшце зусім адкінуў яе. І гэта не памагала. Падчас здавалася хлопцу, што доўгачаканая супакойлівая цішыня ахінае яго, што праз хвіліну нырне ён у выратавальны акіян сноў… Але раптам у люстэрку неўгамоннай свядомасці паўставалі то строгі твар Нэлі Ігараўны, то ўмольнае аблічча Гарэвіча, то Шумакоў нешта старанна страчыў на паперы і прыгаворваў: “Усё на мазі, усё як мае быць, мае любыя”, то Варанец ласкава кудлаціла рукой Віталевы валасы, то перарываў гэтыя памысныя мроі грубы вокрык сумна вядомага рослага дзецюка: “Гэй, разумнік, хадзі сюды… вось я табе!..” Пры гэтым бамбіза замахваўся на Чалея вялізным, што кувалда, кулаком… Віталь з жахам скідваў з сябе гэтае ліпучае ачмурэнне, каб праз некалькі хвілін ізноў трапіць у пастку хваравітай, млоснай дрымоты.
А трэцяй гадзіне ночы Чалей мусіў прымаць рашучыя захады. Ён ускочыў з ложка і злосна пашкандыбаў у ванную. Скінуў споднюю бялізну, залез пад душ. Гарачай вады, як і заўжды поначы, не было. Але Віталю якраз і патрэбна было ахаладзіць свае занадта напятыя нервы. Ледзяныя струменьчыкі прыемна казыталі шыю, плечы, грудзі, цяклі па жываце і нагах, зліваліся ў порсткую ручаінку і збягалі ў адтуліну каналізацыі. Стаяў Чалей доўга, пакуль не пачалі калаціць дрыжыкі, здатныя перарасці ў сапраўдную трасцу. Выцерся насуха, накінуў хламідападобную піжаму і падыбаў у свой пакой. У зале сястра бестурботна сапла. Што ёй! Віталю б яе лялечныя праблемы! Чалей раптам адчуў сябе ледзьве не самым няшчасным у свеце, можа, упершыню ў жыцці задумаўся: а навошта ж усё гэта – вучоба, намаганні, нерваванні, шкалярскія ўніжэнні перад выкладчыкамі, з-за якіх нават і сон не бярэ? Што дае гэтая грамадская важданіна менавіта яму, Віталю? І хіба пераверне ён сусвет сваімі вартымі жалю мурашынымі высілкамі? А зрэшты, чаго ён нервуецца – не на бойню ж заўтра ідзе. Ва ўсякім разе, як бы ні здаў Віталь тую апастылую матэматыку, а і заўтра, і паслязаўтра, і, мажліва, не адзін яшчэ год будзе ён спаць ва ўтульнай кватэры, добра харчавацца, сварыцца з сястрой, выслухоўваць бацькавы разважанні аб сэнсе жыцця, адчуваць на сабе клопат мамы…
Супакоены гэтымі думкамі, Чалей ціхутка зняў з цвіка сестрыну гітару, прайшоў у свой пакой, зачыніў дзверы. І яшчэ з паўгадзіны, узіраючыся ў шэрань студзеньскай ночы, кратаў Віталь нейлонавыя струны, вылучаў гукі з адмысловага інструмента. А з імі ў душу пранікала нешта летняе, цёплае, трапяткое: трызніліся занатаваныя з далёкага маленства плач жалейкі, п’янлівы сянны пах на адрыне, згадваліся паўзабытыя краявіды радзіннай вёскі…
Выратавальны сон атуліў неўзабаве хлопца.
Віталь праспаў рэшту ночы нармальна, але раніцой пачуваўся не дужа здаровым. Ныла ўверсе жывата, а целу было неяк зябкавата. Не хацелася і есці. Прымусова ўпіхнуў у сябе каву з бутэрбродам і, буркнуўшы нешта няўцямнае маці на яе пажаданне “ні пуху ні пер’я”, млява рушыў у інстытут. Па дарозе Віталь успомніў пра ўчарашнюю дамоўленасць з лектаркай аб тым, каб большасць групы прыходзіла пазней на паўгадзіны. Таму лішак часу туляўся па завулках свайго квартала. І тут з жахам адзначаў пра сябе Чалей, што няшмат чаго памятае з вывучанага. На яго ліхаманкавыя мысленныя звароты да ўласнай памяці тая адказвала недарэчна альбо выяўляла такія прагалы, ад якіх займала дух і хацелася крычма крычаць: “Памажыце!” Супакойваў Віталь сябе толькі тым, што мозг яшчэ не раскачагарыўся як след, што ў аўдыторыі ўсё стане на свае месцы… А горад спакваля прачынаўся, днеў, пачынаў жыць сваім заўсёдным мітусліва-ўладкаваным жыццём, і, вядома, да Віталевых праблем не было яму ніякага клопату.
Чалей загуляўся і дабраўся да экзаменацыйнай аўдыторыі ажно ў дзесяць гадзін. Каля дзвярэй ужо абівалася ледзьве не ўся група. З натоўпу адразу ж выслізнуў Макс Гарэвіч, ухапіў Віталя за руку і затараторыў:
– Канец, Віталя, гэта канец, гарым, прападаем… – Усё яго цела хадзіла ходырам, голас дрыжаў.
– Ды пачакай ты, не енчы! – Віталь штурхануў прыяцеля ў плячо. – Вазьмі сябе ў рукі. Што там здарылася?
– Жаўновічу “траяк” уляпіла, а ён першы адказваў! – роспачна скавытаў Макс. – Божухна, што ж тады са мной будзе?!
– Ды нічога не будзе… Жаўновіч заўжды – тормаз, – суцяшаў яго Віталь, а ў самога ад Максавых слоў у вантробах залягло нешта важкае, гняло, ціснула, смылела.
Чалей сунуўся ў гушчу натоўпу, адкуль толькі што вынырнуў Гарэвіч. Там, атулены аднагрупнікамі, стаяў Кастусь Жаўновіч і агаломшана лыпаў вачыма. Па ўсім відаць, Кастусь быў задаволены і “траяком”. З усіх бакоў на яго сыпаліся роспыты, але нічога ўцямнага Віталь у яго адказах не ўлавіў. Кастусь, заікаючыся, паўтараў пераважна адно:
– Цяжка там… цяжка…
Толькі ад Дубеля, які амаль бесперапынна падглядваў у замочную шчыліну, уведаў Віталь наступнае: апытанне Нэля Ігараўна праводзіла не за сталом, а на хаду – баражыруючы паўз парты. Прычым экзаменавала паралельна некалькіх студэнтаў. Жаўновіч сам не вызываўся, але стаўся першай ахвярай. Па словах Сашкі Дубеля, ён не адказаў практычна ні на адно пытанне і атрымаў сваё “здавальняюча” як нацяжку.
Раптам з трэскам адчыніліся дзверы, і з экзаменацыйнага катла вываліўся яшчэ адзін гаротнік. Усе кінулі Жаўновіча і рынуліся да яго. Гэта быў хлопец, які, у прынцыпе, адносіўся да катэгорыі невукаў. Ён яўна радаваўся атрыманаму некалькі секунд назад “траяку”. У неймаверным галасе Чалею падалося, што той хваліць выкладчыцу за памяркоўнасць.
Пасля трэцяга “траяка” запар з першай сямёркі рызыкантаў Віталю стала ніякавата, ён заняў чаргу на экзамен і адышоўся ад тлумных аднагрупнікаў. Рушыў па калідорах. У некаторых аўдыторыях ладзіліся іспыты, некаторыя пуставалі. Між іншым, у калідорах зараз было яшчэ больш гаманліва і мітусліва, чым у час навучальнага семестра. І не дзіўна – большасць студэнтаў тоўпілася па-за аўдыторыямі.
Хаваючыся ад тупату і гуду, Віталь зайшоў у адно з пустых памяшканняў, сеў за парту. Бавіцца ўпустую перад экзаменам было няёмка, і ён разгарнуў канспект. Але хутка зразумеў, што не зможа зараз убіць у сваю галаву ні радка. Затлумлены, запужаны Віталеў розум адмаўляўся яму служыць. Думкі міжволі скіроўваліся на строгую Нэлю Ігараўну, на агаломшанае аблічча Жаўновіча, на Бывалага, якога чамусьці сярод аднагрупнікаў Віталь сёння не ўбачыў… Да таго ж не сядзелася. Так і карцела выскачыць са злавесна-пустэльнай аўдыторыі, і калі не ўцякаць з інстытута, то хадзіць… хадзіць несупынна. Толькі рух мог супакоіць растузаную перажываннямі нервовую сістэму. У горле нібы захрас і душыў агідны камяк.
Каторы раз шпарка сноўдаючы з паверха на паверх, Віталь натрапіў на Шумакова. Толік якраз падымаўся па лесвіцы: у касцюме, з дыпламатам, прычасаны, салідны і самаўпэўнены.
– Здароў! – Чалей узрадаваўся, бо ўжо не мог самотна трываць унутраную напругу.
– Прывітанне! – Шумакоў пераклаў дыпламат з правай рукі ў левую і зычліва парукаўся з прыяцелем. Далонь у яго была цёплая і сухая: прынамсі хоць адзін чалавек з групы не хваляваўся.
– Што там чуваць? – з ноткамі абыякавасці ў голасе запытаўся Бывалы. – Колькі чалавек прайшло?
– Пры мне трое…
– “Траякі”?..
– А ты адкуль ведаеш? – насцярожыўся Віталь.
– Ну, па-першае, бачыў учора спіс першай пяцёркі, а па-другое… Гм... трэба ісці, калі Нэлі надакучыць ставіць “здавальняюча”.
– Як так – надакучыць?
– А так: зразумее сярэдні наш узровень і планачку патрабаванняў сваіх ніжэй перасуне. Карацей, спяшацца нетаропка трэба. Кумекаеш? – Толік хітравата сажмурыўся.
Віталь мала “кумекаў” сёння наогул. Не ўразумеў да канца і шумакоўскія эківокі. Ведаў адно: Бывалага варта слухацца.
– Хадзем лепш перакусім трохі. Я сёння дрэнна паснедаў, – прапанаваў Толік.
– Давай, – толькі за кампанію згадзіўся Чалей, бо есці, мякка кажучы, не хацеў.
Яны спусціліся на першы паверх. Каля дзвярэй буфета Віталь раптам успомніў:
– Слухай, Толік! Там жа трэба чаргу на экзамен займаць.
– Занята ўжо, мусіць. Я ўчора Дубеля папрасіў.
У амаль пустой зале буфета яны кінулі свае сумкі на крэслы, што стаялі ля акна. Шумакоў заказаў сабе за прылаўкам мясную салату, яйкі пад маянэзам, кефір з булачкай і гару чорнага хлеба. Віталя пры адным поглядзе на гэта занудзіла. Для прыліку ўзяў сабе сумніўнай празрыстасці соку. Прыселі.
Бывалы ўпісваў стравы з зайздросным апетытам і хуткасцю. Гугнявіў з поўным ротам:
– Дарэмна не ясі, Віталя. Пажыўная ежа нервы супакойвае.
Чалей сербануў кіславаты напой. Калі выпіў палову шклянкі, то раптам адчуў, як нешта абураецца і паўстае ў ягоным жываце. У роце стала горка і мярзотна-моташна. Млосць, якую Віталь адзначаў яшчэ ўранку, імгненна дасягнула пагражальных памераў. Буркнуўшы “Прабач!” Шумакову, заціскаючы вусны далонню, рынуўся Чалей да выхаду. Ваніты, відаць, імкнуліся вонкі. З замглёнымі слязьмі вачыма, амаль вобмацкам дабег ён да найбліжэйшай прыбіральні. Балазе ля рукамыйнікаў нікога не было, дасягнуць унітаза Віталь бы проста не паспеў… Ванітаваў няшчасны толькі вадкасцю і жоўцю – пакутліва, сутаргава-спазматычна.
Праз хвілін пяць у туалет заскочыў устрывожаны Шумакоў. У руках ён трымаў дыпламат і Віталеву сумку. Збляднелы Чалей ужо мыўся пад струменем халоднай вады, пасінелымі дрыготкімі пальцамі абціраў чорна-жоўтую смуродную слізь з ракавіны.
– Што, браце, вытрыбушыла? Ат, які ж ты датклівы!
Знясілены ад страўнікавых пакут Віталь адно мыкаў у адказ.
– Нічога. Памыйся, прыбярыся. А галоўнае, ніякіх нерваў! Самае горшае на сённяшні дзень ты ўжо, відаць, перанёс.
І сапраўды, па дарозе да экзаменацыйнай аўдыторыі Віталю значна палягчэла. Паменшалі кволасць у нагах, падрыгванне пальцаў, цяжар у жываце. Напэўна, ірвота дала патрэбную нервовую разрадку яго паўдзіцячаму арганізму як своеасаблівая ахоўная рэакцыя.
Каля дзвярэй экзаменацыйнай катавальні было ўсё гэтак жа спякотна. Хіба натоўп крыху парадзеў. У яго цэнтры стаяла Ірына Варанец, і па яе лагодным выглядзе можна было меркаваць, што дзяўчыне вельмі пашчасціла.
– Ну як, Іра? – прабіраючыся ўнутр жывога кола, спытаўся Шумакоў.
– Чатыры! – Варанец ганарліва ўскінула на яго вочы.
– Няўжо? А не маніш? – падкалупнуў яе Толік.
Ірына сунула яму пад нос заліковую кніжку. Яе чацвёрка аказалася першай у групе. А Іра выходзіла дзесятай.
– Малайчына! Дай я цябе расцалую! – блазнаваў Толік. Ён склаў губы ў трубачку і неўсур’ёз пацягнуўся да Варанец.
Тая адхіснулася.
– Дурань!
Віталь глядзеў на яе, статную, з распушчанымі валасамі, завабліва-прыгожую... Пасля сумна вядомай вечарыны Варанец стала значна бліжэй да яго, так бы сказаць – даступней. Канешне, не ў грубым цялесным сэнсе. Чалей няўзнак адкрыў у ёй новыя рысы аблічча, інтанацыі голасу, новыя манеры паводзінаў і багата таго, чаго не выкажаш словамі. Ён цяпер мог папросту, без сарамлівасці, глядзець дзяўчыне ў вочы, разняволена ўсміхацца, як усміхаюцца калі не блізкаму, то добра знаёмаму чалавеку. Гэта, безумоўна, тычылася і ўсіх астатніх удзельнікаў вечарыны. Бо тая, з калатнёй на закуску, гулянка наблізіла іх адно да аднаго адразу на некалькі парадкаў.
Але, па шчырасці, не да дзявоцкай пекнаты бяло зараз Чалею. Змучаны чаканнем сваёй чаргі на іспыт, ён пакутліва зайздросціў Ірыне – на сёння вольнаму чалавеку.
Нарэшце, нырнуў у чэрава аўдыторыі-выпрабавальні і Віталь. Ён паклаў заліковую кніжку на стол выкладчыцы і, не вагаючыся, узяў найбліжэйшы білет. Праўда, калі ўсеўся на ўказанае Нэляй Ігараўнай месца, то доўга не рашаўся прачытаць экзаменацыйныя пытанні. Асабліва апасаўся Віталь неспадзяванкі з задачай. На шчасце, усё абышлося: і тэарэмы, і прыклад аказаліся, па меншай меры, не самымі складанымі.
А тым часам побач з Чалеем, кожны на асобнай парце, пацелі і высільваліся яго аднагрупнікі. Праз праход ад сябе Віталь заўважыў заўсёды бледны, а зараз збуракавелы ад думання твар Макса Гарэвіча. А наперадзе падазрона схіліў сваю вяртлявую шыю і цікаваў пад парту Сашка Дубель. Дый наогул, цяжкое, надыханае паветра аўдыторыі хораша адпавядала ўнутранай напрузе экзамену і не спрыяла бездакорнай рабоце мозгу.
Чалей жвава скрабаў аўтаручкай, выводзячы тэарэму, а краем вока прыкмячаў, як падсаджваецца выкладчыца то да аднаго, то да другога студэнта, шэптам ці напаўголасу апытвае, дае дадатковыя заданні, моўчкі распісваецца ў заліковых кніжках. Угадаць вартасць ацэнак было нялёгка, адно не памыліўся Віталь у выпадку з Дубелем, які нічога вымучыць са сваёй пуставатай галавы так і не здолеў.
– Прыйдзеце яшчэ, – няўмольна вымавіла Нэля Ігараўна і працягнула невуку кніжку.
Замаркочаны рушыў Сашок да выхаду. Віталь стараўся на яго не глядзець. Добра што на ўласным праштампаваным аркушы ўсё пакуль складвалася здорава. Туды Чалей і ўнурыўся.
Праходзячы чарговы раз па радах, экзаменатарка запынілася каля Віталя. Зацікавілася яго пісанінай, пасунула лісток бліжэй да сябе і з хвіліну моўчкі ўзіралася ў матэматычныя нетры. Якія, зрэшты, асабіста для яе нетрамі не з’яўляліся. Хлопец увесь сцяўся і замёр. Толькі ў скронях несціхана і моцна стукалі сардэчныя такты.
– Добра, вельмі добра… Годзе – тут мне ўсё зразумела. – З гэтымі словамі Нэля Ігараўна перавярнула адзін са спісаных аркушаў на чысты бок, шпарка і размашыста накрэмзала невялікую формулу. Загадала: – Дакажыце, калі ласка…
Тут жа адышлася ў процілеглы бок аўдыторыі.
Ужо беглы позірк на прапанаваную выкладчыцай формулу прынёс Віталю палёгку: у памяці адразу і даволі выразна паўстаў патрэбны матэматычны доказ. За якія тры хвіліны рука амаль аўтаматычна вывела неабходныя запісы. А яшчэ праз колькі часу з трапятаннем атрымліваў Віталь сваю заліковую кніжку. Ён не сачыў, што запісвала там Нэля Ігараўна, але ўнутраны голас хлапчыны нецярпліва гукаў: “Выдатна! Выдатна!! Выдатна!!!”
На выхадзе з аўдыторыі Чалея абступіла невялікая ўжо колькасць аднагрупнікаў.
– Як?
– Не глядзеў яшчэ, – шчыра адказаў Віталь, сціскаючы ў руках рудую залікоўку. Ён разгарнуў яе. Нават пры чахлым асвятленні ў амаль безаконным калідоры памыліцца было няможна: “выдатна”.
– Ого! Малайчына! Канешне… Так…– няпэўна даносілася да Чалея. Дазвання знябыты прамінулымі падзеямі, ён не адчуваў сябе ні героем, ні трыумфатарам. Моцна хацелася толькі аднаго – выйсці на свежае паветра.
– А дзе Шумакоў? – спытаўся ён у аднаго пранырлівага аднагрупніка.
– Тамака яшчэ…
– Дзіўна, я і не заўважыў, як ён заходзіў… А Гарэвіч што атрымаў? – Віталь шукаў вачыма прыяцеля ў калідорным паўзмроку.
– Ды і ён там. Ты, мусіць, здурнеў ад іспыту? – усміхнуўся ўвішны таварыш. – Няўжо не заўважыў?..
– Пачакай, Макс жа раней за мяне заходзіў, – здзівіўся Віталь.
– Валаводзіць…
Чалей пастаяў яшчэ некалькі хвілін і ўжо збіраўся паціху выпраўляцца дадому, як раптам з дзвярэй уюном выслізнуў Гарэвіч. А за ім, праз некалькі секунд, вылез і Бывалы. Цуды, як аказалася, толькі пачыналіся – абодва адхапілі па чацвёрцы. Калі да Шумакова такі поспех дапасоўваўся нармальна, то Макс без перабольшання ўразіў аднагрупнікаў бязмерна і трымаўся сярод іх гогалем. Самае цікавае, што не спісваў Гарэвіч, а, як азартны карцёжнік, “падняў банк” – выцягнуў ледзьве не адзіны добра вывучаны білет, напалову справіўся і з задачай.
На роспыты аднагрупнікамі Бывалага – ці не спісваў ён, весялун адказваў:
– Ды не, дальбог, не… Ну, можа, самую крышку, – і жулікавата падміргваў.
З інстытута выходзілі ўтрох – Чалей, Шумакоў і Гарэвіч. Праўда, Макс, як часцяком з ім здаралася, адразу ж за ганкам “зачапіўся” за кагосьці са шматлікіх знаёмцаў і неўзабаве знік з поля зроку.
На рагу вуліцы, дзе прыяцелі звычайна развітваліся, Толік пацягнуў Чалея ў расчыненыя дзверы з надпісам “Рюмочная”:
– Пайшлі, цяпнем па адной.
– Няма ахвоты… – прамямліў Чалей. Яму зараз болей за ўсё на свеце хацелася паваліцца на сваю тахту і дрыхнуць. – Дый нельга мне, мусіць…
– Наадварот, – ухапіўся за гэта Толік. Спрачацца з ім заўжды было цяжка. – Прачысціш мазгі… дый трыбух прамыць не пашкодзіць… Мы ж – “беленькай”.
Зайшлі. На сцяне за піўным прылаўкам шынка, у паўзмроку, віднеўся аляпаваты надпіс: “Асобам да 21 года спіртное не адпускаецца”. Шумакоў, якому на выгляд можна было даць усе дваццаць два, смела рушыў да стойкі. Ён узяў па сто грамаў гарэлкі кожнаму і па бутэрбродзе з падазронага выгляду і паху рыбай. Усё гэта прыяцелі “ўгаварылі” за кутнім столікам закуродымленага памяшкання.
– Усё! Больш не дам, нават калі папросіш, – з лагодай у голасе вымавіў Бывалы, адсоўваючы ад сябе пустую, яшчэ да яго заквэцаную нячыстымі пальцамі шклянку. – Сто грамаў – гэта на карысць, гэта норма…
Сапраўды, жыццядайны напой падзейнічаў як след і на Віталя: абшарпанцы шынка падаліся яму людзьмі сімпатычнымі, пракуранае бруднае памяшканне – утульным. Па дарозе дамоў хораша іскрыліся пад ясным сонечным небам снежныя гурбы, мілагучна гулі машыны, прахожыя шмыгалі паўз Віталя неназойліва і ўсміхаліся… У сусвеце ўвачавідкі запанавалі спакой і злагада. Ці надоўга?
12
Наступныя два экзамены – фізіка і гісторыя КПСС – прайшлі прыкладна па падобным сцэнарыі. Хіба хваляваўся Віталь перад імі трохі меней. Ён да канца так і не змог пераадолець агідную шкалярскую дрыготку. Па абодвух іспытах ён атрымаў “выдатна”. Праўда, на гісторыі прыйшлося праявіць пэўную тактычную гнуткасць. Прымалі яе паралельна два выкладчыкі: лектар – стары памяркоўны прафесар – і сярэдніх гадоў выкладчык па семінарах. Адразу ісці да другога Чалей не асмельваўся таму, што добра ведаў прычэпісты характар маладзейшага гісторыка: той лічыў свой прадмет без перабольшання святой дысцыплінай і не мог дапусціць па ім абсалютных ведаў з боку экзаменаваных у прынцыпе. Збольшага ставіў на вачах Віталя аднагрупнікам тройкі і чацвёркі. Мабыць, замінала яму расшчадрыцца і прысутнасць высокашаноўнага прафесара, які апытваў студэнтаў з апошняй парты. Чалей пасля першых поспехаў увайшоў у азарт, і атрымаць не самую высокую ацэнку па самай лёгкай, нетэхнічнай дысцыпліне яму не хацелася. Даверыцца ж лектару замінала адно – яго прафесарскае званне, перад якім, вядома, першакурснік мог толькі трапятаць. Але, даволі доўга павагаўшыся, Віталь такі рушыў да прафесара і не пралічыўся: з лёту атрымаў “выдатна”.
Між іншым, калі падвесці агульныя вынікі першых трох экзаменаў, можна канстатаваць – Чалей ішоў лідэрам у групе. А дакладней, з адной дзяўчынай, відаць, выдатніцай яшчэ са школы, яны ішлі з вялікім адрывам ад усёй групы. “Выдатна” наогул атрымлівалі перад апошнім экзаменам толькі яны. Дзяўчына, праўда, нечакана адхапіла чацвёрку па гісторыі КПСС. Мусіць, не праявіла там памянёнай Віталевай дальнабачнасці. Астатнія аднагрупнікі не вылучаліся на іспытах зухаватасцю – вельмі рэдкімі былі і чацвёркі. Здаецца, хораша, без троек, ішлі Варанец, Шумакоў і яшчэ адзін хлопец. На кожным экзамене група набірала стандартную квоту “нездавальняюча” – па два. З нашых знаёмых на матэматыцы “вызначыўся” Дубель, на фізіцы – Ларыса Яшчук, на гісторыі – Краснюк Пашка. Названым асобам належала асабліва рупна рыхтавацца да апошняга экзамену – начартальнай геаметрыі. Бо пры атрыманні другой “пары” ўзнікала агромністая рызыка наогул вылецець з інстытута, так як след і не рассмакаваўшы слодычаў студэнцкага жыцця. Дзве двойкі выправіць за выдзелены невукам для пераздачы канікулярны тыдзень, па згадках старшакурснікаў, было досыць складана.
Начартальная геаметрыя была дысцыплінай далёка не простай, выкладалася яна кепска. Лектарка, пажылая картавая жанчына, з першага ж дня не знайшла паразумення з аўдыторыяй. Некаторыя разбітныя студэнты подленька пасмейваліся з апошніх радоў з дэфектаў яе вымаўлення, перадражнівалі; некаторыя перакусвалі проста на лекцыі і скочвалі пустыя кефірныя бутэлькі па сходах; некаторыя занадта голасна гаманілі. Чым, вядома, моцна раздражнялі выкладчыцу. Лектарка практычна не прымала захадаў утаймаваць нахабнікаў, а адразу ўзлавалася на ўсіх студэнтаў агулам і надалей дыктавала матэрыял чыста механічна, не зважаючы на рэакцыю ста не вельмі дападкіх галоў. Дарэчы, паабяцала разлічыцца на экзаменах.
Практыкі рашэння задач па начартальнай геаметрыі Віталь амаль не прыдбаў. І вось чаму. Для разбору задач быў прызначаны час на практычных занятках – адна гадзіна з чатырох. Астатні час студэнты займаліся праграмнымі чарцяжамі, вялікую колькасць якіх належала здаць перад экзаменам, каб быць да яго дапушчанымі. Мудрагелістыя чарцяжы адбіралі замнога часу, і таму напрыканцы заняткаў Віталь і яго аднагрупнікі найчасцей проста не слухалі выкладчыка, натурыстага і ўладарнага дзеда-франтавіка, які з крэйдай у сукаватых пальцах распінаўся перад дошкай. Дзеля справядлівасці зазначым, што тлумачыў ён дрэнна: няўцямна і яўна не клапаціўся аб тым, каб прысутныя яго зразумелі. Бубнеў і крэмзаў на дошцы быццам сам сабе. Студэнтаў выкладчык не любіў і ставіўся да іх як да кузурак, дакучлівых насякомых. Пацвярджэннем таму можна прыгадаць прыём у групы заліковых чарцяжоў. Стары самадур, не ўпадабаўшы якую лінію, выпраўляў яе, крэслячы па бялюткім ватмане чарнільнай ручкай. Пасля чаго, зразумела, прыходзілася зноўку гарбець над абрыдлым чарцяжом усю ноч.
Словам, экзамен чакаўся нялёгкі. Гэта Віталь уразумеў, калі прапоркаўся са сваім няпоўным канспектам лекцый і няскладнымі таўшчэзнымі падручнікамі ў першы падрыхтоўчы дзень да позняга вечара. Калі па тэорыі яшчэ можна было сабраць адусюль нейкія шматкі ведаў, то па спосабах рашэння задач выходзіў круглы нуль. Начартальная геаметрыя была не з тых прадметаў, якія можна грунтоўна вывучыць па кніжцы. Тут вымагалася практыка, і толькі практыка. Як, скажам, уявіць сабе перасячэнне куба з торам – абаранкападобнай злавеснай фігурай – ды яшчэ пабудаваць той зрэз у розных каардынатных плоскасцях? Карацей, тры дні падрыхтоўкі да апошняга экзамену не прынеслі Чалею пажаданага плёну. На даляглядзе ў лепшым выпадку маячыў “траяк”, і Віталь унутрана быў з гэтым згодны. Тым больш што ў час кансультацыі дасягнулі яго вуха чуткі аб здачы геаметрыі суседняй групай: сем “пар”.
Але, мабыць, за руплівасць на папярэдніх экзаменах фартуна павярнулася тварам да Віталя ў найцяжэйшы момант: ягоны білет аказаўся наўздзіў лёгкі. Пазней хлопцу здавалася, што здолеў бы з ім справіцца і са школьным багажом ведаў: задача прапаноўвала зрабіць праекцыі перасячэння прамых ліній пачаргова на тры каардынатныя плоскасці; нескладанымі былі і тэарэтычныя пытанні. Словам, па волі лёсу абмінулі Віталя ўсялякія эліпсы, піраміды, сферы, шматкутнікі і іншая начартальная дрэнь. Абышлі і дадатковыя пытанні надзіва добразычлівай да яго экзаменатаркі. А мо папярэдне зазірнула яна ў Чалееву залікоўку?
Ва ўсякім разе, у групе на апошнім экзамене быў проста завал, пяць двоек. Праўда, у другі раз за сесію “нездавальняюча” атрымаў толькі Сашка Дубель. З дзвярэй аўдыторыі ён выходзіў страшэнна бледны, незваротна асуджаны. Гэты круцель, залётнік і балака, мабыць, не разлічваў ужо выкараскацца на паверхню і мысленна збіраў свае студэнцкія пажыткі… Але супакоім чытача і, забягаючы наперад, скажам, што ў тыя добрапрыстойныя часіны на іхняй спецыяльнасці дзейнічаў негалосны ўказ выключаць з інстытута толькі ў крайніх, надзвычайных выпадках, збольшага за крымінальшчыну. Напрыклад: пабіў бы Сашок негра, згвалціў бы дзяўчыну і пры гэтым трапіў у пастарунак – іншая справа. А так… Для ўсеагульнага росквіту вялікай дзяржаве патрэбна была плойма інжынераў. Так вырашыла партыя. Таму на пераздачах у дзевяноста дзевяці працэнтах экзаменатары ставілі невукам запаветныя “траякі”, вядома, папярэдне памучыўшы іх удосталь. Выкруціўся тым разам і Дубель, і астатнія двоечнікі Віталевай групы.
Пасля чацвёртага “выдатна” запар Віталь ляцеў дамоў як на крыллі. Зноў казачна іскрыліся сумёты, нізкае сонейка ліло на двары, у прагалы між дамамі, свае адмысловыя барвы. Якія зараз, і толькі зараз ужо нічым не маглі запэцкацца. Гэта быў фінал. Фініш. Канец пакутам і нерваванням! Прывітанне, свабода і бестурботны, здаровы сон! На цэлыя паўгода… Што праз гэтыя паўгода чакаюць Чалея, па меншай меры, такія ж іспыты і прызыў у войска – яго не дужа засмучала. Дый ці задумваўся ён пра тое? У васемнаццаць год жыццё здаецца бясконца доўгім, а парывістае юначае ўяўленне ці не па інстынкце выжывання здатнае няўзнак ухіляцца ад усялякіх непрыемных думак і меркаванняў. І жыве яно нават не сённяшнім днём, а хвілінай. І, мабыць, таму трапеча і радуецца.
13
Праз тры дні пасля здачы апошняга экзамену Віталь Чалей стаяў на лесвічнай пляцоўцы старога чатырохпавярховага дома перад знаёмымі дзвярыма. Знадворку вечарэла. Цьмянае акенца не магло ўжо як след асвятліць шэрыя бетонныя сцены і падлогу гэтага прахаднога памяшкання. Нягеглая ж лямпачка пад самай столлю, каб падараваць святло, мусіць, чакала поўнай цемрадзі. Унізе, праз тры паверхі, сівер катурхаў рыпучыя ўваходныя дзверы. Гэты прарэзлівы гук узмацняўся пустэльнымі сходамі і выразна быў чутны Віталю. Надзіва маркотны гук – знаёмы ледзьве не з самага маленства стогн змарнелай будыніны. Хлопец замёр перад дзвярыма адной з дзвюх кватэр невыпадкова: ён раптам адчуў, што нібы і не было тых пяці гадоў, што толькі ўчора выйшаў падлетак з гэтага пад’езда, каб праз некаторы час завітаць ізноў… Не завітаў. А рып уваходных дзвярэй застаўся вартаваць сваю вотчыну. І па сходах, драхлых, з пасціранымі прыступкамі, быццам і не крочыў ніхто дагэтуль… А толькі штодзень сноўдалі скразнякі.
У кватэры №7 жыла даўняя добрая сяброўка Чалеевай маці, настаўніца Данута Хведараўна. Жыў яе сын Юрась, равеснік Віталя і друг з самага маленства. Жыў колісь і Юрасёў бацька Іван Антонавіч, заслужаны мастак Беларусі, чалавек незвычайнай дабрыні і жыццядайнасці. З даўніх часін з’яўляліся Чалеі сталымі наведвальнікамі гэтай кватэры, сябрамі мастакоўскай сям’і. Месцамі няпэўна, а месцамі выразна захавала памяць вялізную кватэру-майстэрню з высокай столлю і вузкімі, скупымі на сонца вокнамі. З-за тоўстых муроў тут было цёпла ў самую лютую сцюжу і прахалодна ў цягучую ліпеньскую спёку. Старая грувасткая мэбля нібыта сціскала вялізныя пакоі, надавала ім урачыстасці і ўзнёсласці. Штосьці таемна-незразумелае з дзяцінства дасягала тут глыбінь Віталевай існасці. Яно сачылася туды паўз блазенскія гульні з Юрасём, паўз тэлевізійны тлум і гаману старэйшых за гасціннымі святочнымі сталамі. Бо за шматстайнымі чалавечымі стасункамі пільна назіралі тут з усіх сцен, паліц і сакрэтнікаў усялякія партрэты, пейзажы, антычныя скульптуры, пукатыя глякі, габелены, старажытныя сякеры і дзіды.
Іван Антонавіч быў заўзяты калекцыянер. У ягоным пакоі, дзе заўжды дзівосна пахла фарбамі, размяшчаліся самыя адметныя і вартасныя карціны і экспанаты. То быў сапраўдны музей з коньмі ў метр вышынёй, са скарабачанымі лютасцю тварамі вершнікаў, з голымі бязрукімі жанчынамі, з ведзьмападобнымі фурыямі, з чалавека-быкамі, васіліскамі і іншай жудасцю. Пры Юрасёвым бацьку, мажным і рухавым веселуну, гэтыя постаці, здавалася, жылі сваім жыццём. Віталь нават падазраваў, што дранцвеюць яны толькі пасля ўваходу старонніх назіральнікаў, што слынны мастак на адзіноце папросту балакае з імі. Бо сапраўды, іншым разам праносячыся па цемнаватым калідоры ў нястрымных гульнях з Юрасём, чуў уражлівы Віталь за дзвярыма музея-майстэрні смяшок, напевы, мармытанне Івана Антонавіча. Трызніўся малому пошчак конскіх капытоў і ляск мячоў воінаў… Чалей прасіў тады сябра зайсці паназіраць, як яго бацька малюе. Юрась стукаў у дзверы. Там нешта соўгалася, затым станавілася вусцішна ціха… Чалей меркаваў, што ў гэты момант распаленыя беганінай скульптуры нячутна займаюць свае сталыя месцы. Праз колькі секунд гучала басавітае: “Заходзьце!” Прачыняліся дзверы. Хлапчукі шмыгалі ў праём, уладкоўваліся на скураной канапе і паўз нерухомыя постаці глядзелі ў далёкі кут, дзе пры дзённым святле з аляпаватага акенца творыць знакаміты мастак. Уседлівасці хапала ненадоўга. Гарэзы спярша шчыкалі, цішком тузалі адзін аднаго, затым пачыналі смяяцца і блазнаваць галасней і галасней… Пакуль нарэшце Іван Антонавіч не гнаў іх ад сябе ў тры шыі.
Пры адсутнасці мастака дзецям, у прынцыпе, не дазвалялася гуляць у майстэрні. Дый самохаць, з цікаўнасці, заходзіць туды Віталь не адважваўся. Нават і калі Юрась падбаёдваў. Чалей пабойваўся вялізных скульптур, асабліва абразоў, што нібы неадступна віжавалі за ім, у якім бы куце пакоя хлапчук ні прытуліўся. Нешта нежывое, самотна-ўзнёслае свіцілася ў старадаўніх іконах. Але больш за ўсё, да ўнутраных дрыжыкаў, уражвала палахлівага падшыванца адна постаць: падвешаны на крыжы, пад самай столлю, чалавек, пакутліва нахіліўшы галаву, умольна пазіраў на прысутных. Насамрэч нерухомы, ён быццам курчыўся на крыжы, кроў цуркамі бегла па грудзях, жываце, нагах небаракі, і здавалася – мукі яго бясконцыя. Дзіўна, Віталь – практычна ні ў чым не вінаватае, чыстае дзіцё – кожнага разу цьмяна адчуваў непазбыўную віну перад укрыжаваным. Вочы міжвольна сарамліва ўнікалі бяздоннага позірку падвешанага пакутніка, але разам з тым неадольная сіла цягнула ўзняць іх дагары з надзеяй: раптам няшчаснаму палягчэе. А Хрыстос (што гэта менавіта Ён, Віталь свядома даведаўся толькі ў юнацтве) моўчкі трываў нечалавечую сваю муку. Вялізныя цвікі, убітыя яму ў ступні і далоні, страшылі хлапчука бязмерна. Чалей нібы насамрэч адчуваў, як метал працяў і вярэдзіць і яго ўласнае маленькае цела. І хацелася нема крычаць: “Здыміце яго, не мучце!” Але маўчаў хлапчук, глядзеў на звыклага да ўсіх бацькавых дзівосаў Юрася, на гарэзную яго ўсмешку і супакойваўся, і неўзабаве захапляўся гульнёй у суседнім пакоі… Пакуль ізноў выпадкова, ахопленыя дуроным імпэтам, не забягуць яны сюды, ды не сальюцца знячэўку позіркі Віталя і Хрыста.
…Памяць выразна падсоўвала Чалею падзеі пяцігадовай даўнасці яшчэ з учарашняга вечара, калі, саступаючы настойлівым просьбам маці, рашыўся ён нарэшце наведаць свайго колішняга прыяцеля. І зараз, перад знаёмымі да болю дзвярыма, ужо не толькі віна перад укрыжаваным пакутнікам вярэдзіла душу хлопца… Няёмкасць перад Юрасём, перад забытым сябрам, гняла Віталя…
Юрасю ледзьве споўнілася дванаццаць гадкоў, калі раптоўна, ад інфаркту, памёр яго бацька, Іван Антонавіч. Са сконам мастака некалі жывая, гасцінная кватэра хутка ператварылася ў занядбаны музей мёртвых вычварных постацяў. Скульптуры і абразы, якіх Чалей раней проста пабойваўся, да якіх ставіўся з недаверам, якіх не разумеў, адразу ж набылі ў ягонай свядомасці нейкі злавесны сэнс. Хлопец стаў пазбягаць наведванняў раптоўна пазмрачнелай кватэры, вынаходзіў усялякія адгаворкі для бацькоў, якія калі-нікалі туды адпраўляліся. Дарэчы, Віталеў бацька, што страціў свайго добрага таварыша, партнёра па шахматах і апанента ва ўлюбёных сваіх філасофскіх спрэчках, хадзіў туды з маці толькі па вялікіх святах, дзеля прыліку. Зрэшты, Данута Хведараўна працавала ў адной школе з Віталевай маці, дый жылі яны непадалёку. Таму Чалей міжволі даведваўся пра справы гэтай асірацелай сям’і, пра жыццёвыя пуцявіны свайго друга дзяцінства. А пралягалі яны для Юрася па мясцінах не надта лагодных. Са смерцю бацькі злыбеды адна за адной абрынуліся на яго сына. Хлапчук пачаў спакваля слабець, а праз два гады ў яго выявілася запушчаная форма сухотаў. Юрась быў тэрмінова змешчаны ў загарадны туберкулёзны дыспансэр. Марынаваўся там з паўгода. Марнеючы з нуды і бяздзейнасці, Юрась упрасіў маці ўзяць яго далечвацца дамоў і неймавернымі высілкамі, амаль экстэрнам, адолеў восьмы клас, здаў школьныя экзамены. У мастацкую вучэльню Юрась паступіў лёгка, гуляючы, бо адзінае, што ўмеў і любіў у жыцці, – маляваць. Безумоўна, на іспытах і пры далейшым навучанні яму дапамагала бацькава імя. Але, найхутчэй, уплывала яно пераважна як паблажлівасць і разуменне выкладчыкамі пропускаў Юрасём заняткаў з прычыны шматлікіх хвароб, якія з хцівасцю апанавалі аслабленае сухотамі цела. На другім годзе навучання дрэнна залечаны туберкулёз нагадаў пра сябе з новай моцай і вельмі недарэчна – Юрась недаздаў летнюю сесію. На гэты раз інфекцыя перайшла ў брушную поласць, пачалі гнісці кішкі. Хвароба набыла надзвычай цяжкую форму, і хлапца насілу адхаялі. На працягу паўгода стрываў Юрась не адну поласцевую аперацыю, шмат разоў прымаў рэанімацыйную дапамогу, а двойчы перанёс клінічную смерць. Ён выпісаўся з бальніцы на пачатку снежня, але яшчэ ніводнага разу не выходзіў на свежае паветра, такі быў слабы. Да таго ж мучылі болі ў жываце – Юрась амаль нічога не еў. Пра наведванне вучэльні не магло ісці і гаворкі. Але хлопец, па словах Віталевай маці, упарта працаваў над праграмнымі малюнкамі, разлічваў нагнаць таварышаў па пэндзлі, здаць навучэнцкі доўг за першае паўгоддзе.
...Чалей націскаў дзвярны званок з трымценнем у сэрцы, мяркуючы ўбачыць… Што ён меркаваў убачыць? Ва ўсякім выпадку, нічога ўсцешнага. Уяўленне туманна малявала духоўны заняпад, выпетранае хваробай, нямоглае цела былога прыяцеля, слязлівы твар яго маці, пыл… чамусьці менавіта пыл на паліцах, мальбертах і вычварных статуях. А мо і статуй ужо няма? Карацей, Віталь прадчуваў адно – будзе яму за дзвярыма №7 ніякавата. Дый выправіўся сёння сюды, па шчырасці, толькі дзеля таго, каб пазбыцца мулкага друзу – згрызот сумлення, якія пасля нядаўняе размовы з маці нязводна заселі ў душу. Памяць назойліва прыводзіла апошнія словы, кінутыя з прыкрасцю Святланай Рыгораўнай сыну: “Займей сумленне, чалавеку адзінока…”
14
Дзверы адчыніліся з дзіўнай хуткасцю, быццам за імі Чалея зачакаліся.
– Віталечка! Заходзь, заходзь, калі ласка. – Ветлівая Данута Хведараўна ў кухонным фартушку паверх дамашняй сукенкі схапіла Віталя за руку і пацягнула ў глыб слаба асветленай пярэдняй.
Зайшоўшы ўслед за гаспадыняй, хлопец адчуў прыемныя пахі страў, што, пэўна, даносіліся з кухні. Няўжо да яго прыходу рыхтаваліся? Віталь аддаў паліто Дануце Хведараўне, якая завіхалася каля яго і ўсё імкнулася памагаць распранацца.
– Юра, чаго гасцей не вітаеш?! – гукнула яна кудысьці ў прастору вялізнай кватэры. – Віталік, праходзь вось у тыя дзверы. – Яна махнула рукой у бок аднаго з чатырох пакояў.
Юрась знаходзіўся не ў колішняй бацькавай майстэрні. І гэта ўзрадавала Чалея. Дзіўна, але не хацелася сустракацца вачыма з Хрыстом. Што Ён там вісіць і дагэтуль, Чалей чамусьці не сумняваўся.
Праз некалькі секунд мітуслівая Дунута Хведараўна правяла яго ў патрэбны пакой. Гэты пакой быў непадобны як ні на адно звычайнае жылое памяшканне, так і на сябе ранейшы. Ён быў бязладна завалены планшэтамі, скруткамі, сувоямі палотнаў, дошкамі, дарэшты скарыстанымі палітрамі, іншым барахлом, падрабязна называць якое тут, мусіць, немэтазгодна. За гэтым вэрхалам ля акна праглядвалася даволі чыстая пляцоўка, дзе за звычайным канструктарскім кульманам пры яркім святле таршэра стаяў чалавек. Юрась, а больш гэта ніхто не мог быць, гукнуў з нечаканай бадзёрасцю:
– Віталя, руш сюды!.. Там сцяжынка пасярод майго хламу ёсць… Бачыш?
– Неяк прабяромся! – Чалей адразу ж успрыняў сяброўскі тон размовы. На душы быццам нешта адтала.
– Ну і добра. Тут сам чорт шыю зломіць. – Юрась вышэй прыўзняў галаву над кульманам, але разгледзець яго твар было немагчыма – лямпачка свяціла мастаку ў патыліцу.
Віталь усё ж прабраўся на адносна чыстае месца. У куце па-за кульманам стаялі павернутыя палотнамі да сцяны карціны, там жа прытуліўся і складзены мальберт.
– Рады вітаць цябе. – Юрась неспадзявана моцна паціскаў руку Віталю. – Як жывеш-маешся?
Зараз Чалей добра бачыў суразмоўцу. Сярэдняга росту, хударлявы, Юрась быў тым не менш шырокі ў плячах, дый увогуле шырокай косці. Ільняныя кудлы густых валасоў на лбе былі падвязаны блакітнай стужкай, разлучаліся праборам і амаль дасягалі плячэй. Апрануты прыяцель быў у шэрую касаваротку, падпяразаную проста вяроўчынай, у такія ж шэрыя палатняныя штаны і тэпці на босую нагу. Ён выдаваў на хірурга пасля аперацыі, які, скінуўшы маску, выйшаў з аперацыйнай, каб расслабіцца курывам. Нібы ў пацвярджэнне гэтай асацыяцыі Юрась узяў з падваконня пачак “Беламору”, прапанаваў Віталю:
– Закурым?
Чалей не курыў, але, збянтэжаны майстравітым выглядам друга дзяцінства, узяў папяросіну. Яму чамусь захацелася зараз запаліць. Сумеснае курэнне, як вядома, збліжае людзей.
– Канікулы цяпер у мяне… Рашыў вось наведацца… – пачаў быў Чалей, але, пацягнуўшы моцную “беламорыну”, запірхаўся.
– Слухай, у мяне ёсць прапанова паяднаць карыснае з прыемным, – маляўніча выпускаючы дымавы струмень у столь, сказаў Юрась. – Сядай вось на тое крэсла, а я твой партрэт накрэмзаю. У працэсе і пагаворым. Згода?
У Віталя, вядома, не было прычын не згаджацца, і ён прысеў на ўказанае крэсла. Юрась жвава схапіў зэдлік і ўладкаваўся на ім з фанерай, паперай і алоўкам наводдаль Чалея. Абапёрся спінай аб сцяну.
– І таршэр уключы над сабой, – папрасіў ён таварыша.
Віталь толькі зараз скеміў, што сядзіць на сапраўдным месцы натуршчыка, абсталяваным і асвятленнем, і фонавай фіранкай ззаду.
– Гэта ж, мусіць, доўга – партрэт? – крыху занепакоіўся Чалей: сядзець нерухома гадзінамі яму не дужа хацелася.
– Пятнаццаць хвілін. Засякай! – Юрась махнуў рукой у бок насценнага гадзінніка. Той паказваў без пяці пяць.
Унураны ў паперу, дзе ён штосьці рухава чыркаў і штрыхаваў, Юрась зараз моцна нагадваў свайго бацьку. Чым? Чалей пэўна не мог даўмецца. Мабыць, прыгорбленай, засяроджанай пры рабоце над малюнкам паставай, можа – рукамі з шырокімі кісцямі і груба-сукаватымі пальцамі. Зрэшты, бясспрэчна непадобным на Івана Антонавіча Юрась быў толькі празмернай худзізной. Але нарасціць мяса на гожым шкілеце – справа часу. Словам, ад дванаццацігадовага Юрася-падлетка і следу не засталося. Ён яўна выглядаў старэйшым і за свае цяперашнія васемнаццаць гадоў. Доўгія валасы, якія ў такім узросце надаюць хлопцам адно блазнаваты від, дабаўлялі Юрасю сталасці.
– Я люблю маляваць партрэты пад штучным асвятленнем. – Мастак на міг адарваў вочы ад паперы, напэўна, прыкідваў прапорцыі Віталевага чэрапа. – Яно выяўляе ўсе вартасці і заганы душы.
– Якім чынам?
– Гэта залежыць ад вугла падзення светлавога патоку. Ад гэтага, бывае, высоўваюцца наперад сківіцы, і чалавек нагадвае драпежную жывёлу. Можна вылучыць толькі лоб і вочы – і ён ледзьве не мысляр. Святло можа крычаць аб маршчынах ці наогул хаваць іх. Варыянтаў безліч.
– А я – на каго буду падобны?
– На чалавека з натоўпу, асобу пасрэдную, але вартую мастацкага вывучэння…
Віталь, азадачаны гэтымі словамі, сцішыўся.
– Ну а калі сур’ёзна – твар твой асветлены раўнамерна, і на партрэце, калі я не схіблю, акажацца тваё сапраўднае аблічча. Па шчырасці, я і рысую цябе, каб вывучыць і запомніць. Ты толькі не крыўдуй, Віталя, але мастак перш за ўсё бачыць у чалавеку анатомію: рукаючыся з табой, я міжволі даваў характарыстыку тваім надброўным дугам, крывізне насавой косткі, велічыні ніжняй сківіцы і падобнае. Гэта ў нас – што хвароба.
– Дзіўна, ты гаворыш пра характар і прытым вылучаеш канструкцыю чэрапа… як асноўнае.
– А гэта і ёсць асноўнае. І характар, і жыццёвыя пуцявіны – усё там. Хіба не ведаеш, што па шкілетах і, у прыватнасці, па чарапах узнаўляюць псіхалагічныя партрэты людзей, памерлых тысячагоддзі таму назад?
– Не-а.
– Ого! Тут цэлая навука працуе. Вось скажы мне: колькі між намі метраў?
– Метраў… Тры метры, – груба прыкінуў Чалей.
– А цяпер скажы: бачу я тваю патыліцу?
– Наўрад…
– А зараз памацай на ёй злева, пад самым цемечкам – і знойдзеш занадта пукатую костку. А справа – нармальна.
– Ды я і так… знаю. – Агаломшаны Віталь не ведаў, што і падумаць. – Як?..
– Гм… – Юрась хітравата сажмурыўся, – гэта доўгая песня. Адно скажу – ніякага ашуканства, апрача ведаў.
Роўна праз пятнаццаць хвілін ад пачатку малявання Віталь глядзеў на свой партрэт, выведзены ўмелай рукой мастака. Чалавек не дужа фотагенічны, Чалей рэдка быў задаволены сваімі фотаздымкамі, часцяком сердаваў на фатографаў, несправядліва мяркуючы, што яны збрыдзілі яго аблічча. Бывала, і не пазнаваў сябе. Бывала, кляў Маці-прыроду за невыразныя рысы свайго твару, шэрыя вочы і занадта доўгі нос. Але з малюнка, які нядбайна падсунуў яму прыяцель, глядзеў на Віталя чалавек, хораша вядомы: сарамліва-задуменны, крыху гарэзлівы, але ўсе ж пераважна сур’ёзны. Менавіта гэтай глыбакадумнай сур’ёзнасцю патаемна ганарыўся Чалей, але акурат яна і замінала яму атрымліваць ад жыцця асалоду, з’яўлялася прычынай ягонай празмернай абачлівасці, замкнёна-недаверлівага нораву. Аднак, па дзіўных законах псіхікі, хлопец любіў гэтую сваю якасць характару і ўжо на працягу некалькіх гадоў усяляк яе песціў. Непранікальнасць аблічча і крайняя негаварлівасць былі, мажліва, падсвядомай ахоўнай маскай Чалея ад крыўд і зняваг, якія сцераглі яго на абсягах жыцця.
Як вядома, амаль кожная асобіна чалавечага племя, за мізэрным выняткам святых цудатворцаў, бязмерна любіць менавіта сябе, свае розум, выгляд, паводзіны, соладка люляе ў глыбінях існасці сваё стаўленне да сусветных праблем, бясконца ўлюбёная ў свае дзеянні і творчасць. Па спаконвечных невытлумачальных законах, мы гатовыя нястомна разглядаць свае фотаздымкі, слухаць запісы на магнітафоннай істужцы гукаў свайго голасу, захапляцца сваімі рукатворнымі вырабамі, апантана чытаць нават на адзіноце свае благія вершы, дакучліва расхвальваць на людзях вартасці свайго насамрэч не надта таленавітага дзіцяці. І, канешне ж, прыходзім у надзвычайныя захапленне і ўзрушэнне, калі пабачым дыхтоўна намаляваную выяву свайго твару, з улоўленымі мастаком вартасцямі свайго характару, і міжволі радуемся ўтойванню абачлівым майстрам прыродных заган і недасканаласцяў свайго твару. Партрэт, наспех накрэмзаны Юрасём, надзіва адпавядаў унутранаму вобразу Віталя, які той рупліва, на працягу некалькіх гадоў, сам і складаў у датклівай свядомасці. Чалей, заўсёды ўнутрана ўпэўнены ў глыбіні свайго характару, у прамудрым позірку і высакародных, хаця і не вельмі прыгожых, рысах твару, моцна пакутаваў крадком перад люстэркам, намагаючыся стварыць там штосьці прыстойнае, хоць крыху адпаведнае сваёй уяўнай велічы. Стоена перажываў за відавочную няўклюднасць сваіх жыццёвых паводзінаў, нязграбнасць паставы і коснаязыкасць гаворкі. І тут раптам далёкі, амаль чужы для яго чалавек нядбайна, спехам, за якія пятнаццаць хвілін, накідаў з крывых алоўкавых штрыхоў цнатлівую, вытанчаную, высакародную сутнасць Чалея! Гэты восокі лоб, гэты зажурана-задуменны погляд! І з чаго! – з рысак, якія (хлопец потым пільна, на святле, прыглядаўся да іх дома безліч разоў) клаліся быццам груба: то паралельна, то перакрыжоўваліся, то слабей, то мацней націскаўся пры гэтым аловак… І ўсё! І нічога не відаць болей зблізу. А зводдаль, асабліва з метраў трох, выразна глядзіць на Віталя сапраўдны Віталь – яго душа, яго ўнутраная сутнасць.
Перапоўнены эмоцыямі Чалей няшмат гаварыў у той вечар. Падараваўшы яму партрэт, Юрась прапанаваў прагледзець свае апошнія, яшчэ незавершаныя зімовыя карціны. Яны пісаліся маслам. Карціны гэтай зімы, знаёмыя заснежаныя краявіды роднага горада: выцягваліся ў алеі дрэвы, ахутаныя бялюткай ватай; па вуліцах паўзлі ацярушаныя тралейбусы, шыбавалі натапыраныя ад сцюжы пешаходы; вытыркаліся з гурбаў газетныя кіёскі, зіхацелі шыбамі з-пад снежных парасонаў; вераб’і з галубамі ўвіхаліся ля сметніцы. Гэтых невялікіх памераў палотнаў было пяць.
– Няўжо толькі за месяц снегу? – здзівіўся Віталь.
– А што там пісаць! – без віднай фанабэрыі адказаў прыяцель. – Тым болей недавершаныя яшчэ. Так – накіды. Мне аднаго разу трэ было доктара аддзякаваць, дык я пейзаж за ноч намаляваў. Сярэдняй паршывасці, канешне… Рамесніцтва, але што зробіш! Каб сапраўдную карціну намаляваць, гады і здароўе пакладзеш. Як Леанарда з “Джакондай”.
– Я чуў, што ты не выходзіш з дому. А тут, – Віталь махнуў рукой у бок палотнаў, – нібы сфатаграфавана…
– А яно і ёсць – сфатаграфавана. Мама “нашчоўкае”, а я па фотаздымках малюю. Ну, а колер, цені… Для таго акно ёсць, уяўленне і памяць. Думаеш, Шышкін зрысоўваў кожную цявінку і лісточак? Гэтак бы ён усё жыццё ў лесе на адным месцы прастаяў.
– Няўжо запамінаў кожную дробязь?!
– Штосьці запамінаў, а ў асноўным… Тут, Віталя, тыя ж агульныя законы… Як з чэрапам.
Віталь міжволі намацаў косны гуз на сваёй патыліцы.
Потым яны пілі чай, пададзены Юрасёвай маці на раскладны столік каля мальберта. Пілі з сунічным варэннем і мноствам усялякага печыва. Размаўлялі папросту. Дзіўная рэч, у іхняй гутарцы неяк не ўспаміналася пра гады дзяцінства, пра сумесныя вірлівыя гульні, пра Івана Антоныча, нябожчыка. Колішнія падшыванцы-прыяцелі, мусіць, былі цяпер зусім іншымі людзьмі, а далёкія гады калі і ядналі іх душы, то непаказна, падспудна. Віталь, толькі што ашаломлены дасканаласцю ўласнага партрэта, жыва цікавіўся праблемамі малявання: раз-пораз пытаўся ў суразмоўцы пра гатункі фарбаў, прызначэнне тых ці іншых шчодра наваленых тут мастацкіх прычындалаў, даведваўся, выява якой асобы размешчана на каторым са шматлікіх насценных партрэтаў. Юрась спакойна і змястоўна, з неюнацкай паслядоўнасцю і памяркоўнасцю адказваў. Толькі ў глыбіні ягоных блакітных вачэй, амаль схаваных за бела-русымі пасмамі, свіціўся гарэзны, добра памятны з маленства агеньчык. Паміж хлопцамі ўвачавідкі наладжвалася паразуменне, і гэта ўсцешвала Віталя.
А восьмай гадзіне, калі апранаўся ў пярэдняй, Чалей стрэльнуў позіркам у прачыненыя дзверы майстэрні-музея: у паўзмроку, на супрацьлеглай сцяне, на трывалым сваім месцы, у водблісках вулічных ліхтароў віднелася постаць Хрыста. Спакутавана схіліўшы галаву на грудзі, паўз цёмныя глыбы статуй глядзеў ён, здавалася, на Віталя. Векавечная жальба таго пагляду зноўку, як шмат гадоў таму, працяла хлопца…
Праводзячы Віталя, Данута Хведараўна ціхенька выйшла на лесвічную пляцоўку і, ласкава трымаючы госця за руку, прасіла:
– Ты завітвай да нас, Віталічак… І Юру, і табе весялей будзе… Гэта ён так – храбрыцца, а сам хворы яшчэ пакуль, нядужы… У жываце спайкі ў яго ўтварыліся, іншым разам курчыцца – жуда проста…
– Абавязкова… днямі зайду. Я шчэ дзесяць дзён на канікулах… Да пабачэння… – мямліў Віталь, адыходзячыся ад Дануты Хведараўны па лесвіцы.
Але ўвогуле ад наведвання кватэры №7 засталося светлае ўражанне, і Чалей яшчэ двойчы на працягу канікулярных дзён адведваў Юрася. Ішоў туды цяпер ён нязмушана, можна сказаць, па шчырай цікавасці да таямнічага мастакоўскага свету. І заўсёды атрымліваў ад “новага старога” прыяцеля адмысловыя графічныя накіды, эскізы, замалёўкі. А аднаго разу Віталь шчыльна зачыніўся ў сваім пакоі і прыняўся быў маляваць вазу на падаконніку… Аб выніку гэтых намаганняў можна меркаваць хаця б па тым, што больш ніколі ў жыцці не шчыраваў Чалей на гэтай ніве. А толькі ў час вакацый, штодня прагульваючыся на лыжах у гарадскім парку, калі-нікалі стаў ён адрываць ад долу вочы, часцей глядзець па баках і ў неба – дзівіцца боскаму хараству. Засмужаны сухімі навукамі Чалееў зрок пачаў пакрысе расхінацца ў белы свет пасля апісанай сустрэчы. Навакольныя з’явы паступова сталі ўспрымацца радасней, танчэй і разам з тым аб’ёмней.
15
Неўпрыкмет, пры дваццаціградусных маразах, пад не па-беларуску яскравым зімовым сонцам, мінуў люты. Але зіма яўна не спяшалася здаваць свае пазіцыі. З надыходам каляндарнай вясны начныя маразы яшчэ больш узмацніліся, і толькі апоўдні, паколькі сонца ўзбіралася з дня на дзень на ўсё большую вышыню, на паўднёвых схілах у зацішках трохі падтавала снежнае покрыва. Рыжае свяціла часцей і назойлівей урывалася ў інстытуцкія аўдыторыі, лекцыйныя залы, замінаючы студэнтам успрымаць як след прамовы выкладчыкаў. Гарэзныя промні гойсалі па дошках, сшытках, падлозе, па адзежах і тварах хлопцаў і дзяўчат. Мусіць, як і веснія драўнінныя сокі, якім не было ходу ўсю доўгую зіму, нешта таілася і булькатала ў душах маладзёнаў. Гэтае нязвыклае “нешта” не на жарт трывожыла і Віталя Чалея, гулліва віхурыла ў грудзях, раз-пораз прарывалася і ў інтанацыях яго голасу, і ў знешніх паводзінах.
Ужо не так, як раней, рупліва запісваў Віталь лекцыі, усё часцей забіраліся яны з Максімам Гарэвічам на аўдыторскія “паддашкі” і, не дужа тоячыся, шуравалі ў папяровы футбол. На пачатку сакавіка Макс спакусіў Чалея яшчэ і папяровым марскім боем, дзе сілы сяброў аказаліся прыкладна роўныя. І, бывала, ужо Чалей, прайграўшы, забываўся на сваю заўсёдную паважнасць і прыставаў да Гарэвіча з прапановамі гульні-рэваншу. Усё часцей адцягвалі ўвагу Віталя ад навукова-тэхнічных праблем зграбненькія постаці і мілавідныя тварыкі нешматлікіх дзяўчат іхняга патоку, асабліва хвалявала гамана Варанец і Яшчук, якія і ў другім навучальным семестры нярэдка ўладкоўваліся на суседніх, у асноўным бліжэйшых да выкладчыкаў, партах. Як і раней, ёмка было хавацца ад пільнага лектарскага вока за буйнымі дзявочымі прычоскамі. Але цяпер яны служылі не проста шырмай, яны прыемна трывожылі ледзь улоўным пагойдваннем сваіх локанаў – светлых Ларысы і цёмных Ірыны, тонкім пахам парфумы і чымся яшчэ, чаго пэўна не выявіш ні адным органам пачуццяў, а словамі не апішаш.
Хлопцы папросту жартавалі з дзяўчатамі, казыталі і торкалі ім у спіны тупымі канцамі самапісак, пакеплівалі, гаманілі, замінаючы тым як мае быць услухоўвацца ў лекцыйныя і семінарскія матэрыялы. І дзяўчатам, відаць, былі прыемныя гэткія грубаватыя знакі ўвагі. Ва ўсякім разе, да канфліктаў іх адносіны не даходзілі ніколі, а, наадварот, ірдзеліся дзявочыя шчокі, у галасах паяўляліся какетлівыя інтанацыі, і наогул усё гэта выдавала на бяскрыўдную гульню. Варанец і Яшчук як самыя паглядныя прадстаўніцы слабага полу іхняй групы за паўгода гэтак стаміліся ад хамаватых заляцанняў Дубеля і яму падобных баламутаў, што на пачатку вясны ўспрымалі бяскрыўдныя дуроныя выхадкі Віталя з Максам са слаба прыхаванай прыхільнасцю. Яны відавочна не ўнікалі прыяцеляў, бо кожнага разу свабодна маглі перасесці на любое іншае месца.
Пад канец сакавіка, калі непамяркоўная зіма спакваля саступала вясновым капяжам і прагалінам, Віталь неўпрыкмет стаў збліжацца з Ірынай. Гэта атрымлівалася так натуральна і нязмушана, што хлопец не адразу і расшалопаў, што насамрэч адбываецца паміж імі. Чалей проста стаў усё часцей і часцей апынацца побач са сваёй аднагрупніцай у розных і зусім непадобных адна на адну сітуацыях. Рабілася гэта незнарок, неяк само сабой і так някідка, што пэўна вызначыць, з якога боку паходзіла ініцыятыва, нам ніяк не магчыма. Усялякія кантакты паміж аднагрупнікамі, ды яшчэ і частымі суседзямі па партах, зрэшты, з’яўляюцца выпадкамі бясспрэчна натуральнымі. Іншая справа, што пры гэтым, у адрозненне ад падобных зносінаў у першым семестры, адбывалася з арганізмам Віталя нешта зусім незразумелае: салодкая гарачыня, што раптам узнікала ў грудзях, павольна пераходзіла ва ўсе аддаленыя закуткі цела, пазбаўляючы хлопца здаровага розуму і цвярозага погляду на рэчаіснасць. Дзіўна, што гарачыня гэтая поўнасцю не знікала нават пасля вяртання Віталя дадому, выклікаючы сваёй лагоднай пульсацыяй пажадлівыя згадкі і заганныя мроі… Чалееў сон зрабіўся па-веснавому неспакойным, але ўранні хлапчына ўставаў з ложка са стойкім адчуваннем чагосьці невыказна радаснага.
Сеўшы аднойчы на семінары па нямецкай мове разам з Ірынай, Віталь неяк няўзнак аказваўся і на наступных семінарах з ёй на адной парце. Хаця ўнутрана пераконваў сябе, што Варанец добра памагае яму пры адказах і перакладах. На практыцы ж па вышэйшай матэматыцы ці фізіцы, наадварот, ужо Варанец для ўласнай упэўненасці імкнулася падсесці да Чалея. І ён ахвотна дапамагаў дзяўчыне ў рашэнні задачак. Пры гэтым яны прыязна шушукаліся, усміхаліся, выпадкова дакраналіся адно да аднаго плячыма і валасамі. І самае галоўнае, у іхніх адносінах пераважаў сціпла-гуллівы тон, што спрыяла ўзаемнай разняволенасці і адначасова не давала ніякіх падстаў аднагрупнікам западозрыць у тых стасунках пікантныя акалічнасці.
Адзначаны намі на пачатку аповесці маладзецкі Віталеў імпэт да вучобы меншаў па меры набліжэння цёплых дзянькоў. На пярэдні план спакваля высоўваліся зусім іншыя каштоўнасці. Напрыклад, часцяком запыняўся летуценны хлапечы пагляд на сонечных зайчыках, што адбіваліся ад разнастайных блішчастых прадметаў і шасталі па інстытуцкіх памяшканнях; на голай вярбовай галінцы, журліва схіленай недзе ля гарадской сметніцы; на ледзяках, якія небяспечна навісалі з казырка над уваходам у Віталеў пад’езд; на дзятве, што дурэла і пэцкалася на гразкай зямлі праталін; на таемнасці вечаровага сутоння… Да таго ж пачынаў ціснуць душу недалёкі ўжо прызыў на тэрміновую службу ў войска, думкі пра які прыкра азмрочвалі і навучэнцкія Чалеевы намаганні, і чаканне майскай квецені, і прадчуванне першага кахання, спакуслівы водар якога панаваў над усімі памкненнямі хлопца.
Зямля агалялася, распускалася, кісла пад напорыстым праменнем ужо даволі высокага сонца, закоўвалася наледдзю ў час перадсвітальных прымаразкаў, а то і заносілася снегам, які нярэдка сыпаўся з нізкіх шызых хмар. Хмары набягалі знянацку, абрыналі на горад такія шчадроты золкай непагадзі, што праз колькі хвілін прывіднымі здаваліся нядаўнія веснія ручаінкі і сонечныя плямы на прарослай над цепламагістралямі траве. Усё хавала брудна-шэрае, слотнае снежнае покрыва. Пры такіх нападах каргі-зімы Чалееў настрой увобмірг псаваўся, наляталі меланхалічныя думкі, у якіх пераважалі матывы змарнаванай сваёй маладосці, няспраўджаных жадункаў плоці і многае іншае. Праўда, акунаўся ў змрок ён ненадоўга – да першых блакітных прагалаў у паднябессі, да жоўта-зіхоткіх плям на змардаванай зімовымі сцюжамі, бляклай пакуль зямельцы.
З агаленнем некаторых лапікаў гарадской зямлі ўсё часцей сталі ўрывацца ў лекцыйныя аўдыторыі прадстаўнікі дэканата, а то і самі намеснікі дэкана. Яны загадным парадкам прапаноўвалі “маладым і дужым” папрацаваць дзеля ачышчэння і ўпарадкавання як інстытуцкіх тэрыторый, так чамусьці і аддаленых гарадскіх вуліц і сквераў, якія, папраўдзе, да палітэхнікі дачынення не мелі ніякага. І тады ціхмяныя, затурканыя камуністычнай ідэалогіяй першакурснікі замест абеду пасля шасцігадзінных заняткаў хапалі ў рукі выдадзеныя суровым кладаўшчыком рыдлёўкі, вёдры, мяцёлкі, жалязнякі ды шуфлі і рушылі, бывала, пехатой альбо ехалі ў цесным грамадскім транспарце чортведама куды і невядома з якой радасці. Па прыбыцці на месца прызначэння амаль заўсёды недалічваўся стараста групы ўвішнага Дубеля, жулікаватага Краснюка і ім падобных прайдзісветаў. Затое Жаўновіч, Чалей і гэткія ж цюхцяі шчыравалі за чацвярых, па локці ў хлюпотным брудзе-смецці.
Але і тут, выконваючы прынізлівую недарэчную цяганіну, знаходзіў для сябе Віталь Чалей хвіліны досыць прыемнага бавення часу. Таму што зноў, як і заўсёды апошнімі днямі, няўзнак апынаўся ён побач ці паблізу ад Ірыны Варанец, раз-пораз аказваў ёй фізічную дапамогу, няўклюдныя знакі ўвагі, апякаўся ейным пранізліва-ласкавым позіркам. Усё гэта адбывалася неяк цнатліва, застоена, і здавалася іншым разам Чалею: ці не трызніцца яму Ірына да яго неабыякавасць, ці не маніць ён сабе, ці не выдае жаданае за рэчаіснае? Ён прыгадваў тады, як увосень, пры ўборцы бульбы, нярэдка працаваў з Ірынай на адной баразне, прымаў у яе поўныя вёдры і перасыпаў клубні ў кузаў грузавіка, як перакідваўся з ёю мімаходзь сухімі, выключна дзелавымі словамі. Рабіў гэта, нібы робат: без пачуцця, без жыццёвай радасці. А цяпер?.. Не, цяпер усё не так! Чалей ведаў, Чалей адчуваў гэта. І толькі аднаго не мог даўмецца: за што? Хто ён такі перад гэтай пекнай, статнай, можна сказаць, пародзістай дзяўчынай, прыхільнасці якой пастаянна спрабуе дамагчыся ледзьве не палова хлопцаў-першакурснікаў іхняй спецыяльнасці? Ці не паўсотні хлопцаў, якія не роўня яму па фізічных даных і языкатасці! А ён, Чалей, не тое што не можа вынайсці аніводнага трапнага камплімента – нават узняць на дзяўчыну вачэй па-сапраўднаму, па-мужчынску напорыста, баіцца… Няўжо вылучае яна Віталя за нямы розум, за агорклае яму самому “выдатніцтва” ў мёртвых, невядома пакуль для чаго прыдатных навуках?
16
Аднаго разу, ужо ў сярэдзіне красавіка, ладзілася на іхнім факультэце студэнцкая вечарына. На яе пачатку планавалася выступленне запрошаных з мастацкай вучэльні маладых артыстаў, на заканчэнне – дыскатэка. Паколькі адказным за правядзенне гэтага мерапрыемства быў камітэт камсамола, рыхтаваліся да яго вельмі грунтоўна і строга. Перадрукаваныя на ксераксе запрашальныя паштоўкі камсоргі груп за тыдзень пачалі бясплатна распаўсюджваць на лекцыях як іхняй спецыяльнасці, так і сярод студэнтаў іншых, збольшага “дзявочых”, факультэтаў. Асабліва сур’ёзна ставіліся арганізатары да праблем дысцыпліны, і таму ад кожнай групы прызначаліся так званыя дзяжурныя. Адной з задач якіх было: вартаваць ад няпрошаных гасцей уваходныя дзверы інстытута, а таксама і дзверы ў фае актавай залы, дзе і меркавалася спраўдзіць названую вечарыну. Вядома, што дзяжурныя аўтаматычна пазбаўляліся ўсёй асалоды ад прагляду артыстычных нумароў і магчымасці патрэсціся-паскакаць пад зухаватыя дыскатэчныя рытмы. Апынуўся і Віталь Чалей адным з такіх “крайніх” гаротнікаў. Яго, а таксама Пашку Краснюка раптоўна знялі з лекцыі і выклікалі на трэці паверх, дзе размяшчаўся актыў факультэцкага камітэта камсамола.
Не па гадах уладарны сутулы дзяцюк (мусіць, студэнт апошняга курса), пакурваючы ў мяккім крэсле, паблажліва рабіў інструктаж наструненым перад ім першакурснікам:
– Ну вы, напэўна, разумееце ўсю адказнасць вашае задачы?
– Усю – наўрад ці... – перабіў ягоны ментарскі тон языкаты Пашка. – Няблага было б канкрэтней…
– Малады чалавек, – атрасаючы попел у брудную шклянку, ускінуў вочы сутулы, – жартаваць будзеце пазней, калі справіцеся з дзяжурствам. Калі не – жартаваць буду я…
– А што менавіта з нас вымагаецца? – натурыўся Пашка, якому, у адрозненне ад Чалея, гэтае дзяжурства блытала ўсе карты. Пашка збіраўся быў у той вечар добра гульнуць: падсілкавацца “гаручым” і паблазнаваць на дыскатэцы разам з Дубелем.
– Нічога надзвычайнага, – акінуў пыхлівым позіркам прыяцеляў бравы камсамолец. – Толькі стаяць сцяной на ўваходзе ў фае. Папярэджваю: будзе лезці ўсялякая шушамець, нахабнікі без запрашальных квіткоў. Іх – не пускаць! Калі дужа напорыста – клічце мяне альбо вось яго, – дзяцюк няпэўна хітнуў галавой у бок памежнага пакоя, гукнуў: – Васіль, пакажыся!
З-за дзвярэй на колькі секунд высунуўся бялявы бамбіза гадоў дваццаці пяці з кіпай аркушаў у руках. Сказаўшы:
– Вось ён – я. Запомнілі? – ён знік за дзвярыма.
– Мы заўсёды там будзем, – патлумачыў за таварыша сутулы.
Дзе гэта – “там”, Віталь не ўцяміў, але і ўдакладняць не асмеліўся.
– Дык што, нам да канца вушак падпіраць? А танцаваць калі? – не стрымаўся напаследак засмучаны Краснюк.
– Скажы дзякуй, што не выпала стаяць у першым кардоне, на вуліцы. А там вой як непагодліва! Зрэшты, можна яшчэ і перайначыць… – Камсамолец пагрозліва ўзняў аловак і выцягнуў са стоса папер нейкую квадратную картку.
– Не трэба! – гукнулі ледзьве не разам браты па няшчасці.
– Ну глядзіце. – Сутулы дзяцюк паблажліва паклаў аловак. – Сямнаццатага без пятнаццаці шэсць – каб як штыкі ля дзвярэй стаялі!
Прыструненымі выходзілі Віталь з Пашкам з камсамольскага кабінета.
...На першую ў сваім жыцці ўрачыстую інстытуцкую вечарыну Чалей з’явіўся загадзя, за паўгадзіны. Каб не вылузвацца, змяшаўся з натоўпам і заняў сваё каравульнае месца толькі без пятнаццаці шэсць. Краснюк, вядома, спазняўся. Прымчаўся ён роўна ў шэсць, задыханы. Адкрыўся на вуха Віталю, што знаходзіцца на падпітку: завітаў у інтэрнат да Бывалага, дзе яны ўтрох, з Дубелем, і “паклалі” дзве пляшкі барматухі. Зараз Пашка, відаць, шкадаваў аб гэтым, бо ваўсю жаваў мятную жуйку і раз-пораз выдыхаў Віталю ў твар, пытаўся:
– Ну як – не чутно?
– Не, здаецца, – няўпэўнена адказваў Чалей.
– А не маніш? – з падазрэннем зазіраў яму ў вочы прыяцель і яшчэ жвавей прымаўся працаваць сківіцамі.
Калі падышоў да іх сутулы дзяцюк з дзяжурнымі павязкамі, то Пашка так і абмёр: унурыўся ў сцяну і толькі мыкаў, не раскрываючы рота. Добра што заклапочаны падрыхтоўчымі праблемамі камсамолец нічога не западозрыў. Неўзабаве ён адамкнуў двухстворкавыя дзверы і пакінуў хлопцаў падпіраць вушак.
Спачатку рушыліся толькі законна запрошаныя асобы, з білетамі. З гадзіну, пакуль праходзіла афіцыйная частка вечарыны, усё было надзіва спакойна. Нашым дзяжурным нават падалося, што функцыя іх надуманая і непатрэбная. Але з пачаткам дыскатэкі, якая праводзілася не ў актавай зале, а ў вялізным фае, чортведама адкуль палезлі на Чалея і Краснюка хамаватыя, “падмацаваныя” ўжо недзе дзецюкі і расфуфыраныя агрэсіўныя дзеўкі. Гэта быў яўна не інстытуцкі кантынгент, а нейкая прыблатнёная хеўра, з тутэйшых. Яны хутка змялі нядошлых вартаўнікоў з пагрозамі і лаянкай у іх адрас і рынуліся ў натоўп, які безаблічнай, аморфнай масай варушыўся пад рытмічны лямант і блікі колерамузыкі. Неўзабаве там усчалася яшчэ большая таўханіна, па ўсіх прыкметах здатная перарасці ў бойку. Віталь з Пашкам тым часам кінулі да ліха свае вартавыя месцы і памкнуліся шукаць бравых камсамольцаў. На шчасце, хутка знайшоўся бялявы бамбіза, затым сутулы дзяцюк. Як з-пад зямлі вынікнула яшчэ некалькі дастаткова дужых камсамольскіх актывістаў. Праз некалькі хвілін яны ўжо валаклі за каўняры, заломліваючы пры гэтым рукі назад, пару-тройку найболей зацятых прыхадняў на выхад. Пасля гэтага сутулы зняў Чалея з Краснюком з немэтазгоднага цяпер дзяжурства, часова запёр на ключ дзверы і пашыбаваў на першы паверх – разбірацца з асноўным, пярэднім кардонам. Бо менавіта там і праваронілі вулічных ліхадзеяў.
Атрымаўшы неспадзяваную волю, нашы прыяцелі даволі хутка адшукалі некаторых сваіх аднагрупнікаў, якія танцавалі ў асобным коле. Між іншым, там былі і Варанец, і Яшчук, і Бывалы… З прычыны прысутнасці Іры Віталь, які і так адчуваў сябе няёмка ў гэтай танцавальнай неразбярысе, сканфузіўся і дзякаваў долю за няпэўнае асвятленне, якое часткова скрывала ягоныя нехлямяжыя, няўмела-нясмелыя танцавальныя патугі. Але не скакаць, не віхляць і не звівацца тут было яшчэ недарэчней. Пры абвяшчэнні дыскжакеем павольнага танца Віталю і зусім было зарупела схавацца ў аддалены кут памяшкання, але знячэўку Іра вылавіла ў паўзмроку яго руку і, як дзіцяці, павяла ў цэнтр круга. Да іх далучылася яшчэ некалькі пар. Нязграбна абдымаючы раскошнае дзявочае цела, Чалей прасіў-маліў Бога, каб не наступіць сваім грувасткім, недыскатэчным абуткам на Ірыны лакіраваныя туфлі. Дарэчы, тыя туфлі на доўгіх абцасах няўмольна ўзвышалі дзяўчыну па росце над яе кавалерам, які без абцасаў быў, можа, толькі на трохі за яе вышэйшы. Ад гэтага Віталю рабілася прыкра ды яшчэ больш няёмка і сорамна. Да таго ж ён нібы знямеў, а танец цягнуўся невыносна доўга. А за ім, як на грэх, з невялікімі прамежкамі ўключаліся нетактоўным дыскжакеем і другі, і трэці павольныя танцы. Зразумела, Віталь і на іх выконваў ролю Ірынага кавалера. Праўда, ужо не так скута і бесталкова. На другім танцы здолеў ён выціснуць з сябе колькі слоў, на трэцім і зусім разгаварыўся, адчуў смак і ўжо смялей туліў падатлівае цела партнёркі бліжэй да сябе і бліжэй…
Пасля дыскатэкі неяк само сабой атрымалася так, што памагаў Чалей апранацца дзяўчыне ў гардэробе, вёў яе за руку праз сумятню і таўханіну да выхаду, а затым і дадому праводзіў… Па дарозе размаўлялі, як і заўсёды бывае ў такіх выпадках, ні аб чым, але смяяліся і слаўна адно аднаго разумелі. Вядома, што абышлося і без палюбоўніцкіх абдымкаў, і без пацалункаў на развітанне. Словам, нічога такога не было. Але наступным ранкам прачнуўся Чалей амаль шчаслівым чалавекам, які, праўда, не ведае, што з гэткім шчасцем рабіць.
17
Ажно да апошніх чысел красавіка адбывалася зацятая бойка вясны з няўступчывай, што стары ліхвяр, зімой. Неаднойчы ўжо агалялася зямля, неаднойчы пакрывалася яна снежнай коўдрай і наледдзю. Сіверы часалі і пляжылі кволую траўку і набраклыя пупышкі дрэў, шкуматалі афішы на тэатральных тумбах. Імжыстыя дажджы часам пераходзілі ў порсткі град, які сек маладыя парасткі і пешаходаў, малаціў у вокны маркотна-дакучлівым дробатам. І здавалася, ужо не будзе гэтаму насланню заканчэння.
Але неспадзявана, перад самымі майскімі святамі, павольна і грунтоўна насунуўся на Беларусь выгадаваны недзе ў мараканскіх пясках антыцыклон і завіс нерухома. Устанавілася не тое што весняя доўгачаканая пагода, а сапраўдная летняя спёка. Ртутныя слупкі тэрмометраў за якую палову сутак скочылі за адзнаку дваццаці градусаў, а на поўдні рэспублікі ледзьве не дасягнулі і трыццаці. Ільды, якія грунтоўна ўтварыліся за лютую зіму на азёрах ды вадасховішчах і дагэтуль так і не змаглі пазбыцца сваёй метровай таўшчыні, цяпер узяліся раставаць з хуткасцю неймавернай. Рака ўзарвалася крыгаходам. Драўнінныя сокі, што недаверліва таіліся пад зацяжнымі халадэчамі, памкнуліся дагары і ўшыркі, напаўняючы пупышкі і збалелае вецце гаючай энергіяй. Але запужаная штукарствамі зменлівага красавіка лістота не асмельвалася раскрывацца яшчэ колькі дзён. І перад Першамаем можна было назіраць цікавую карціну: горад, які песціцца пад доўгачаканай жыватворнай гарачынёй, па вуліцах і плошчах якога гайсаюць паўднёвыя вятры і пякучыя промні, стаіць амаль голы. Адно некаторыя вярбіны ледзь прыкметна адпускалі ў рост блякла-салатавыя танюсенькія лісточкі.
Акурат у такі дзень, гадзіны ў дзве, гуляў Віталь Чалей на інстытуцкім стадыёне ў футбол. Ужо з два тыдні, як яны з Максам Гарэвічам і Толікам Шумаковым запісаліся ў футбольную секцыю. Яна вызваляла ад неабходнасці наведваць нудныя праграмныя заняткі па фізпадрыхтоўцы і давала аўтаматычны залік па названай дысцыпліне. Дадамо сюды і прыемнасць размяць маладое застаялае цела на свежым паветры, ды яшчэ і ў азарце высакароднай спартыўнай барацьбы.
Віталь здорава нагойсаўся ў той дзень па сухім, у першы раз сухім і зручным, пакрыцці стадыёна. Яго і Гарэвіча каманда выйграла з розніцай у адзін мяч у каманды Шумакова, да якой, дарэчы, далучыўся і Дубель, што членам секцыі не з’яўляўся. Сашка завітаў проста так, з нуды, і аказаўся наўздзіў здольным і спрактыкаваным гульцом. Перайграць такога саперніка было для Чалея асабліва ўсцешна. Пасля гульні не хацелася адразу ж ісці ў раздзявальню, і, моцна натомленыя, колькі хвілін сядзелі Віталь з Максам на лаўках невысокай трыбуны. Грэліся і раскашаваліся ў лагодзе бязвоблачнага дня.
– Слухай, давай на футбол вечарам сходзім, – са смакам выпростваючы спрацаваныя ногі, прапанаваў Гарэвіч.
– А дзе ж мы былі? – млява і няўцямна адказаў Віталь, заварожаны і прыемна размораны завіслым над імі сонечным колам.
– Ат, цемната! Сёння ж нашы гуляюць на гарадскім стадыёне. Чацвёрты тур. А ў нас – адкрыццё сезона!
– А-а…
– Дык пойдзеш?
– Можна… – лёгка згадзіўся Віталь. На сапраўдным футболе ён аніколі не быў, да таго ж і надвор’е не спрыяла сядзенню ў мурах кватэры.
– То давай хуценька ў раздзявальню – і па білеты.
– Можа, білетаў ужо не будзе?..
– Нешта скумекаем! – загарэўся Гарэвіч і, не чакаючы Віталя, борзда рушыў у інстытуцкі корпус.
Але трэба ведаць Макса: у раздзявалцы ён спаткаў кагось са сваіх незлічоных прыяцеляў і загаманіўся. Даўно апрануты Чалей мусіў чакаць яго ў фае на першым паверсе. Марна туляючыся ў студэнцкім натоўпе паміж дошкай аб’яў, лесвічным пралётам, кніжнай крамкай і выхадам, натрапіў Віталь на Ірыну Варанец. Яны ледзьве не сутыкнуліся лбамі, і таму ўнурыцца ў дол, а таксама проста ўнікнуць прывітання і гутаркі хлопцу не ўдалося. Дзіўна, наколькі нязмушана пачуваўся апошнім часам Чалей пры зносінах з Варанец на занятках, настолькі бянтэжыўся і губляўся пры выпадковых сустрэчах, так бы сказаць, у пазанавучэнскіх варунках. Бо тут трэба было вынаходзіць нешта прытворна-адмысловае, а акцёрстваваць Віталь не ўмеў.
– Прывітанне! – карыя вочы Ірыны так і працялі хлопца.
– Дабрыдзень. Хаця… прабач… мы бачыліся… – лапатаў Віталь.
– А ты адкуль такі чырвоны?
– Чырвоны? А… гэта… дык у футбол гулялі… на стадыёне.
– А я вось толкі з басейна… Ларысу чакаю… Давай прысядзем. – Іра паказала ў бок лавак уздоўж сцяны.
Яны ўладкаваліся на вольнае месца. Размова асабліва не клеілася, але красамоўней за ўсё, мусіць, выказваліся іхнія вочы, трымценне рук і інтанацыі галасоў. Прынамсі, Чалей нічога вакол не прыкмячаў: ні рухавых студэнцкіх постацяў, ні тлумнай шкалярскай гаманы, ні сонечнага святла, якое сляпіла яго праз вялізныя шыбы… Апрача гуллівых карых вачэй, глыбокіх, таемных, недаступных, якія паглыналі, усмоктвалі юначую існасць.
– Гэй, ты здурнеў, мусіць! – увішны Гарэвіч катурхаў Віталя за плячо. – Прачынайся, спознімся.
– Прабач, я спяшаюся, – вінавата мармытаў Ірыне на развітанне Віталь. – На футбол… не дастаць білеты…
– Прабач, мілка, далібог, няма часу, – кінуў ёй Макс, прыспешваючы Чалея штуршкамі ў спіну. – Бывай!
– Бывайце…
Усю дарогу да стадыёна Віталя свідравала нязводная прыкрасць на Гарэвіча. Стоена крыўдаваў на ягоныя нетактоўнасць і легкадумства. “Хай ён спрахне, футбол той!.. Разам з Максам... ” – абураўся хлопец. Але неўзабаве, літаральна заварожаны вялізнай колькасцю футбольных балельшчыкаў, натоўп якіх за дзве гадзіны да матча ўзяў у кольца немалы гарадскі стадыён, Чалей забыўся на ўсё на свеце. Білетаў у касе не было і паміну, але апанаваныя заўзятарскім імпэтам таварышы набылі іх за двайную цану ў спекулянтаў і засталіся яшчэ дужа задаволены. Затым гулялі па прылеглым парку, завіталі ў летнюю піўнушку і “справілі” па куфлю піва. Разваліўшыся на густой ужо траве ля фантана, елі эскімо і слухалі показкі з боку купкі бывалых футбольных заўзятараў, што сядзелі і ляжалі тут жа. Чалей нічога не цяміў у пачутых адтуль прагнозах і меркаваннях, але пранікся да гэтых дзядзькоў неўразумелай для сябе павагай і ўжо з нецярпеннем чакаў маючага адбыцца відовішча.
Падчас самога матча нявопытны наш балельшчык быў найболей уражаны выхадкамі групы малайцоў з нацыянальнымі сцягамі і доўгімі, ва ўсіх аднолькавымі, шалікамі на шыях. Тая суполка раўла і вар’явалася з усіх заўзятараў найбольш агрэсіўна. Яе нават калі-нікалі даводзілася сунімаць міліцыянтам, якія ў рэшце рэшт наогул ачапілі сектар з неўтаймоўнымі дзецюкамі. Некаторых найболей зацятых “фанаў” выправаджвалі з трыбун пад локці, прыспешваючы пры гэтым важкімі кухталямі і аплявухамі.
Праз дваццаць хвілін ад пачатку матча, пры першым голе ў вароты праціўніка, увесь стадыён выбухнуў ровам і гыгыканнямі. Нават паважныя дзядзькі, што сядзелі поруч з нашымі прыяцелямі, увобмірг ашалелі і з перакошанымі дзікай радасцю тварамі гарлалі “Го-о-ол!”, хвіліны дзве па-блазенску скакалі на прыступках, абдымаліся і адзін аднаго віншавалі. Тое самае рабіў і Гарэвіч: барвовы ад захаплення, ён балюча тузаў і тармасіў Віталя, які нежартоўна спужаўся такой віхурнай праявы пачуццяў і застаўся сядзець, сцяўшыся трусом. Галоў у вароты саперніка інхняя каманда намалаціла ў той вечар ажно чатыры, і Чалей кожнага разу губляўся і палохаўся ўсчатага ляманту. Хаця на трэці і чацвёрты галы і сам дзеля прыліку ўскакваў, разяўляў рот і махаў рукамі. Голасу свайго ён не чуў.
Са стадыёна рушылі пехатой, адразу ж за натоўпам “фанаў”, якія перакрылі аўтамабільны паток на цэнтральнай магістралі і выкрыквалі пераможныя, шалёна-бязглуздыя лозунгі. Узрушаны небывалым відовішчам, Віталь затым не мог заснуць да паловы ночы: трызнілася скажонае, пунсовае ад адрэналіну аблічча Гарэвіча, які роў Чалею проста ў твар: “Го-о-ол! На-аша ўзяла-а-а!..”
18
Мінула яшчэ два тыдні. За гэты час Макс лёг у клініку з язвай страўніка, каб атрымаць адтэрміноўку ад прызыву ў войска. Як высветлілася пазней, ён пакутаваў на язвавую хваробу не адзін год, і абвастралася яна амаль кожныя вясну і восень. Цяпер Віталь практычна на ўсіх семінарах сядзеў з Варанец на адной парце. Адносіны паміж імі, ледзьве прыкметныя звонку, унутрана дайшлі да той крытычнай адзнакі, перасягнуць якую без рашучых дзеянняў было немагчыма. Віталь не разумеў, але дапатопным інстынктам адчуваў гэта. Ведаў хлапчына і тое, што сам ён няздатны ні на якія штурмавыя захады. Таму ў сярэдзіне траўня знаходзіўся Чалей у даволі смутным душэўным стане. Ён нудзіўся без заўсёднага свайго суседа па парце і партнёра па папяровых гульнях. Лічыў сябе адзінокім, нікім не зразуметым і непатрэбным нікому. Ужо не падсвядома-аддалена, а насамрэч верадзіла душу непазбежнае развітанне з домам, з інстытутам, з родным горадам праз якія месяц-паўтара. Не ўкладвалася ў галаве, як можа ён страціць раптам і старадаўні парк над ракой, і бэзавыя прысады каля бацькоўскага дома, і родныя ўжо цяпер зялёна-жаўтлявыя інстытуцкія будыніны. Найхутчэй не пабачыць у гэтую вясну Віталь і краявідаў сваёй радзіннай, атуленай борам вёсачкі, не паздароўкаецца з матулінай сястрой, цёткай Марыяй… Адыдзе ўсё, і толькі блакіт нябёсаў, бадай, будзе гэтаксама лашчыць ягоны пагляд. Але дзе, у якім кутку неабсяжнай краіны, а мо і далей – на морах або ў пустэльных гарах Афгана атабарыцца ён?.. Ад такіх думак тужліва рабілася на душы, станавілася па-дзіцячаму шкада сябе, абнядоленага. Нібы адзін Чалей, а не добрая палова першакурснікаў дзяржаўных ВНУ праз некаторы час будзе выхаплена воляй лёсу з прывычнага асяроддзя і раскідана-рассеяна па незлічоных вайсковых гарнізонах.
Аднаго разу, апанаваны падобнымі маркотнымі мроямі-жальбамі, сядзеў Віталь на адной з апошніх лекцый па тэарэтычнай механіцы і млява глядзеў уніз, на каштанавыя кудзеркі Ірыны. У аўдыторыі было даволі пустэльна. І не дзіва – знадворку неўтаймоўна буяў травень, цёплыя подыхі якога струменілі ў расчыненую фрамугу. Пад ветрам торкаўся ў вокны сваёй крамянай лістотай шырачэзны явар. Словам, надворныя з’явы не садзейнічалі засяроджанаму засвойванню лектарскіх выкладак пра рычагі і моманты інерцыі апастылых колаў, шпулек і шасцяронак. А спрыялі яны шпаркай хадзе, гульням, каханню, доўгія народзіны якога неверагодна мучылі нашага героя. Неадольнае прыцягненне да Варанец за апошнія дні проста выпетрала Віталя Чалея. Ён амаль нічога не еў і хадзіў пахмурны і злосны на сябе, на свае вяласць і нерашучасць.
І вось, у сярэдзіне другой лекцыйнай гадзіны, Іра, улучыўшы зручны момант, абярнулася да Віталя і сунула яму пад канспект невялічкую паперчыну. Затым, як нічога не было, працягвала канспектаваць лекцыю. Разгублены Чалей зладзеявата сказеліў па баках вочы: балазе паблізу аднагрупнікаў не было; мабыць, ніхто не заўважыў. Затым счакаў яшчэ колькі хвілін, прытвараючыся, што піша ў канспекце, выцягнуў з-пад яго ўзгаданую цыдулку і скамянеў ад яе зместу… Дзеля прыстойнасці, аберагаючы цнатлівую дзявочую сутнасць, не будзем даслоўна перадаваць душэўную шчырасць, пакладзеную Ірынай у невялічкі тэкст паслання. Абмяжуемся толькі агульным сэнсам. А ён быў няхітры: у запісцы коратка паведамлялася, што Віталь (гэты цельпукаваты шкаляр!) з’яўляецца найлепшым чалавекам на Зямлі, і пішуць гэта, між іншым, паклоннікі ягонага таленту…
Агаломшаны, збіты з панталыку Чалей так і не здолеў аправіцца да канца лекцыі. Ён баязліва сунуў цыдулку на дно сваёй сумкі, нібы апасаўся ад некага папрокаў у гэткай сарамаце. Ужо на выхадзе з аўдыторыі Варанец адважна павярнулася сваім прыгожым тварам да Віталя і даволі гучна вымавіла да канца зразумелую толькі ім адным фразу:
– Ну, ты зразумеў, што я напісала? – гаварыла без няёмкасці, трывала хаваючы свае пачуцці пад маскай абыякавасці.
– Канешне… – адно прамямліў Чалей, і неўзабаве быў адштурхнуты, адцёрты, аддалены студэнцкім натоўпам ад Варанец, якая, горда трасучы цёмна-блішчастымі кудламі, рушыла да выхаду…
Калі шаноўны чытач чакае бурнага развіцця далейшых падзей у сэнсе палкіх любоўных прызнанняў, вячэрніх спатканняў пад ліхтарамі, лажанняў у вокны, страсных пацалункаў ці яшчэ нечага гарачэйшага, то ён, напэўна, альбо не ўважліва чытаў нашую пісаніну, альбо цалкам не разабраўся ў тыпажы галоўнага героя… Хаця не выключана тут віна і аўтара Віталевага жыццяпісу.
Ва ўсякім выпадку, далей усё адбывалася даволі ціхамірна. А іменна: гэты цюхцяй не скарыстаўся каханнем, практычна паднесеным яму на сподачку. Ён бясслаўна і баязліва замкнуўся ў сабе і ніякім чынам не адгукнуўся на парыў Ірыны Варанец, дзяўчыны рашучай і вогненнай. Ён не дарос, проста не дарос да яе. Усім ладам свайго сцішанага задуменнага жыцця, асаблівасцямі пачуццёвай абмежаванасці не быў падрыхтаваны гэты васемнаццацігадовы хлапчына да бурлівых варункаў душы і плоці.
Чалей, па сутнасці сам таго не ўсведамляючы, забіў на корані гатовае расквісці ва ўсёй сваёй цнатліва-заганнай прыгажосці каханне. Ён ганебна пазбягаў Варанец на апошніх занятках навучальнага семестра, але пры тым у думках песціў таемную асалоду ад шчырага, аднабаковага дзявоцкага прызнання. Узносіў сябе непамерна высока, красаваўся перад сабой і самалюбіва ўсцешваўся. Адзін з душэўных галасоў, які голасна заклікаў: “Бяры, кахай, кахай цяпер, зараз, бо не будзе, хутка нічога не будзе!” – перакрывала абачлівае: “Не варта распачынаць, ты будзеш пакутаваць ажно два гады, завошта ж табе лішні клопат, хай будзе як будзе…” Гэты скрыпучы шэпт перамагаў, душыў і нарэшце зусім адолеў усё чулае, веснавое, найлепшае.
А неўзабаве пачаліся і залікі, і экзамены, клопат аб якіх начыста выдзьмухнуў з Чалеевай галавы рэшткі душэўных памкненняў. Хаця, папраўдзе, нават не сесія кіравала тут балем, а недалёкі, з кожным днём усё болей недалёкі прызыў у войска, перад якім губляла сэнс багата чаго ў жыцці Віталя Чалея. Да экзаменаў ён рыхтаваўся досыць рупліва толькі таму, каб не думаць, не разважаць аб будучыні, што зеўрала за яго вокнамі, прыгнятала і страшыла. Іспыты здаваў без ранейшага трымцення і азарту – абы-як, але неяк атрымаў тры пяцёркі і адну чацвёрку.
Панурымі, прыцішэла-заклапочанымі выглядалі многія хлопцы-аднагрупнікі – тыя, каго спасцігала вайсковая доля. Памерклі і Шумакоў, і Каржаметаў, і Жаўновіч… Па-ранейшаму бестурботна трымаліся Краснюк з Дубелем: ім належала прызывацца наступнай вясною. Па-ранейшаму свяціўся блазенскай усмешкай Гарэвіч, што надоечы выпісаўся з гастраклінікі з адтэрміноўкай… Гэтыя постаці, нібы ў тумане, мільгалі перад зажураным Віталем – ужо нейкія не свае, чужыя, далёкія…
Напярэдадні прызыву Чалей завітаў да Юрася. Той значна падужэў, штодня выходзіў на вуліцу і літаральна застаўляў свой пакой эскізамі і замалёўкамі вяснова-летніх гарадскіх краявідаў. Юрась падараваў Віталю невялічкую абрамленую карціну. З яе глядзеў акурат Чалееў дом: і пагорак, і лесвіца, і агароджа дзядзінца, і нават фіранкі на вокнах Віталевай кватэры былі амаль сапраўдныя… Гэтая карціна тады не асабліва ўзрадавала прызыўніка, але пазней, абжыўшыся ў войску, у асабліва скрушныя хвіліны прыпадаў салдат вачыма да выявы роднага дома, якую даслалі яму бацькі і якую трымаў ён у асабістай тумбачцы.
Няпэўна захавала памяць нягучныя сямейныя праводзіны: слёзы сястры і маці і надзіва шчырыя, без заўсёднага кплівага філасофствавання развітальныя бацькавы словы:
– Служы, сынку… А мы… а мы што ж – чакаем… – Васільевіч неяк разгублена абводзіў вачыма пакой і выпіваў чарку каньяку. Чамусьці запомнілася Віталю: каньяк “Белый аист”, пяць зорачак.
Позна, на пачатку трэцяй гадзіны ночы, заснуў змучаны шчымлівымі думкамі хлопец. А ля ложка стаяў ужо моцна ўвязаны рэчмяшок. Задуменна, тужліва глядзелі праз незашморгнутае акно вірлавокія чэрвеньскія зоркі…
Частка II. Парк над ракою
1
Віталь выйшаў на ганак. Панадворак купаўся ў барвах чэрвеньскай раніцы. Сонца стаяла ўжо даволі высока і палівала рыжым праменнем каруселі і гушкалкі, лаўкі і дзіцячыя горкі. Расой зіхацелі сакаўныя травы. Вільгаць была і на хмызах нядаўна адцвіўшага бэзу, які атуляў падножжа пагорка і распаўсюджваў сваю густую зеляніну далей – на двары бліжэйшых пяціпавярховак. Там, у нізіне, пакуль было цяніста. Стуль веяла прахалодай. І толькі макаўкі некаторых кляноў гарэлі агнём усёабдымнага лета.
Чалей прыемна пацягнуўся, прыўстаў на дыбачках. Затым сышоў з ганка, перасек амаль пусты панадворак і пачаў спускацца з яго па крутаватых сходах. У Віталя, нягледзячы на ранні час буднага дня, не было аніякіх заняткаў, не было асаблівай мэты сваёй прагулкі, дый ішоў ён улегцы. Бо сустрэліся мы з ім, шаноўны чытач, акурат праз два гады. Так, мы пакінулі хлопца ў смутную для яго часіну, даўшы яму поўную магчымасць самастойна рушыць па гразкіх пуцявінах армейскай службы. І не тое каб не хваляваліся мы за яго, не тое каб ужо зусім нецікавымі былі для нас вырваныя, нібы каляндарныя лісткі, гады Віталя Чалея. Проста падрабязныя расповеды пра вайсковыя варункі з самага пачатку не ўваходзілі ў нашы творчыя планы з тае банальнай прычыны, што вымагаюць яны замнога часу і паперы – прыкладна яшчэ на адну аповесць. Тут бы дай Божа рассёрбаць кашу, завараную нашым героем пазалетась, падчас вучобы на першым курсе політэхнічнага інстытута. Тым болей што хітраспляценні цывільнага жыцця выглядаюць, як ні круці, значна прывабней за армейскую важданіну.
Дык вось, сціпла адсвяткаваўшы ўчарашнім вечарам з бацькамі сваё вяртанне ў родныя пенаты, меркаваў Чалей праваляцца сёння ў пасцелі як мага даўжэй. Гэтую мару выспацца песціў хлапчына якраз апошнія два гады ў салодкіх інтымных мроях. Але напорыстае чэрвеньскае сонейка, што з шасці гадзін пачало пранікаць за шыбы чацвёртага паверха, не садзейнічала грунтоўнаму сну. Акно Віталевага пакоя звечара не было абачліва завешана фіранкай, і таму гуллівыя промні развярэдзілі ўранні маладзецкі сон нядаўняга салдата. На працягу дзвюх гадзін ён знаходзіўся ў ліпкім паўзабыцці, укрываючыся ад святла пашкуматанай за душнаватую ноч коўдрай. За гэты час бацькі выправіліся на работу. Сястра ж Алена, якая пару тыдняў таму скончыла дзевяты клас, знаходзілася цяпер на Браслаўскіх азёрах – у якасці важатай піянерлагера.
Раздражнёны барацьбой з назойлівымі промнямі, Чалей саскочыў з тахты і хацеў быў зашмаргнуць фіранку. Але, зірнуўшы на гадзіннік, які паказваў дзевятую гадзіну дня, а затым – у акно, дзе ўжо не на жарт разднела, хлопец перадумаў. Пакіраваў у ванную – змываць ліпкі пот, прыводзіць сябе да канчатковай бадзёрасці. Мыццё пад халоднай вадой не прынесла Віталю належнай асалоды. Таму ён спехам напіўся кавы з пячэннем-варэннем і адправіўся на свежае паветра. Балазе надвор’е і салодкая неабмежаванасць волі спрыялі гэтаму.
...Чалей рушыў пругкай хадой: вызваленыя надоечы з-пад цяжэрных армейскіх ботаў ногі набылі нязвыклую спрытнасць. Ступні неяк самі адштурхвалі хлопца ад зямлі, і яму нават даводзілася прымусова ўтаймоўваць сваю пешаходную хуткасць. Бо спяшацца, дальбог, было смешна: пэўнай мэты ці накірунку Віталь не меў. Да таго ж не хацелася шпарка пакідаць свой заценены зелянінай квартал, дзе панавалі амаль забытыя раслінныя водары. Іх Чалей нібыта нанова адкрываў для сябе. Дзіўна, час травеньскай пышнаквецені мінуўся, а водары-пахі ўсё яшчэ луналі пад засенню старых ліп і таполяў. Нібы закансерваваныя. Зрэшты, Віталеў квартал старых “хрушчовак” акурат і быў “закансерваваным”: дзівосным аазісам між шырачэзных магістраляў і пляцоў вялізнага горада. З іх тлумам і пылам, з іх напаленым сонцам асфальтам.
Пакуль зачараваны Чалей, разглядаючы ледзьве не кожную кветку і лісточак, брыдзе па сцяжынках старых панадворкаў, коратка ўзгадаем, як пачуваўся ён апошнія два гады. Бо гэта нам неабходна для разумення, а мо і вызначэння далейшых жыццёвых пуцявін хлопца.
Віталь, як відаць, вярнуўся да нас жывы і здаровы. І гэта ўжо – слаўна. Ён не толькі не патрапіў у месцы самыя аддаленыя (а іменна ў крайнія паўднёвыя гарнізоны, дзе толькі год, як закончылася сумна вядомая вайна), але і наогул служыў не так далёка ад Беларусі. Прынамсі, клімат тых мясцін быў амаль беларускі. Даехаць туды па вялікіх святах, каб крыху падкарміць небараку, Чалеевым бацькам было не надта складана. Зрэшты, і частковы голад, і фізічная праца някепска паўплывалі на цялесную канстытуцыю і душэўны гарт Віталя Чалея: ён раздаўся ў плячах, пасталеў і нават пасуровеў. Ва ўсякім разе, нам ужо нялёгка будзе пазнаць у гэтым хлапчыну колішняга далікатнага шкаляра. Як кажуць – з ваўкамі жыць… А акурат ваўчынай зграяй падалася яму па першым часе вайсковая сябрына. А тыя прамінулыя два гады згадваліся сённяшнім ранкам нават не як жахлівы, а проста страшэнна недарэчны, непраўдападобны сон. Здавалася, што ў сне тым нехта, невядома з якой радасці надзелены ўладай, дзень за днём падкідваў на досвітку бедачыну з мулкага рыпучага ложка, ганяў, камандаваў, папракаў, лупцаваў, тузаў, лаяў, бэсціў, знеслаўляў годнасць, ператвараў у раба, у зомбі, у пачвару. І нарэшце дамогся свайго: Чалей праз год, як мацёры ваўчына, аброс тоўстай, трывалай шкурай, адгадаваў кіпцюры і іклы і на правах стараслужачага ўвесь астатні час ужо і сам валадарна крычаў, плюшчыў насы рахманым першагодкам, цынічна брыдкасловіў, піў каламутную самагонку, як мага менш працаваў і цешыўся з прыяцелямі згадкамі і мроямі пра цывільнае жыццё. Яно здавалася яму надзвычай панадным і спакусным, гэткай завоблачнай краінай, дзе спраўджваюцца ўсе запаветныя лятункі, усе жадункі найсаладзейшыя. І не цяміў Віталь у апошнія “пераддэмбельскія” месяцы, як мог ён марнаваць тую волю на першым курсе інстытута, гарбеючы над кніжкамі і канспектамі, якія, апроч галаўнога болю, анічагусенькі яму тады не прыносілі.
Агаломшаны на першым годзе службы ўсялякімі яе невыгодамі, не дужа засмучаўся Віталь адсутнасцю ў сябе каханкі, якая б неадступна чакала ягонага вяртання дамоў, закідвала б салдата пяшчотнымі пісьмамі. Было не да гэтага, бо змардаванага непасільнай працай і агіднымі здзекамі цела ставала хіба што на ператраўліванне грубага салдацкага харчу. Але, перайшоўшы ў якасць стараслужачага, усё болей стаў зайздросціць Чалей аднагодкам, якім пісалі дзяўчаты. З прыкрасцю і сорамам, балюча згадваў Віталь сваё няспраўджанае, нерасквітнелае каханне да Ірыны Варанец. На адзіноце лаяў сябе ў думках. А ў гурме прыяцеляў-салдат, якія з уласцівай хлопцам цынічнай адкрытасцю распавядалі пра свае колішнія любоўныя поспехі, пачуваўся няёмка – нібы непаўнаварты. Аднак слухаў прагна: усёй нагаладалай істотай усмоктваў тыя небыліцы і былі, мысленна атрымліваў асалоду ад будучых пікантных стасункаў з дзяўчынай. Чалееў розум, ужо даўно вольны ад маральных устояў, бачыў гэта як найвышэйшую вартасць жыцця, ягоны сэнс. І ўвесну, за пару месяцаў да звальнення ў запас, спазнаў-такі Віталь жанчыну. Спазнаў груба і брудна: на палкавым свінарніку, уваткнуўшы галавой у сапрэлую капу леташняга сена адну з мясцовых “потаскушек”, сціжма якіх нязменна шныпарыла на подступах да вайсковага гарнізона. Затым хадзіў гогалем, з хіжай ухмылкай на твары казырыўся перад таварышамі. У салдацкім асяроддзі такія “здзяйсненні” надавалі вагі, шанаваліся не менш, як фізічная моц. Тады можна было ўжо і самому недзе ў курыльні чмуціць галаву маладым байцам любоўнымі байкамі, а не ганебна маўчаць, слухаючы расповеды бывалых.
Але ўсё ж спешныя стасункі з путанамі, як вядома, нельга параўноўваць са сталымі адносінамі з вернай каханкай. Таму ўсё часцей згадвалася Віталю Варанец. Недзе ў каравуле, самотны, аддаваўся хлопец салодкім, заваблівым мроям. Пакутліва чакаў “дэмбеля”, каб, вызваліўшыся ад вайсковых путаў, кінуцца ў вір маладога жыцця, заняцца нарэшце прыроднай сваёй справай: дамагацца, кахаць, валодаць. Ён праклінаў сябе за колішнюю неразваротлівасць, марыў аб сустрэчы з Ірынай. Што тое спатканне калісьці адбудзецца, Чалей не сумняваўся. Мысленна пераконваў сябе, што дзяўчына яшчэ яго кахае. Маніў цвярозаму розуму і апошнія месяцы службы жыў тымі лятункамі. Віталь бачыў сябе героем, які, абараняючы каханую, хвацка раскідвае вулічную шпану, крадком лезе ўночы па пажарнай лесвіцы ў акно Ірынай спальні альбо проста самавіта шпацыруе з ёй паўз прысады гарадскіх паркаў, абдымае, цалуе, падхоплівае на рукі…
Падчас салдата апаноўвала вярэдлівае: чым займаецца Варанец у гэты час, ці не закаханая ў каго; а можа (о, жудасць!), рыхтуецца замуж або выйшла? Ад падобных меркаванняў моташна рабілася на сэрцы. Віталь зрэдку атрымліваў лісты з волі ад Максіма Гарэвіча і прагавіта чытаў кароткія звесткі пра аднагрупнікаў. Аднаго разу, яшчэ па першым годзе Чалеевай службы, напісаў Макс, што зачасцілі збірацца Варанец з Ларысай Яшчук у Дубелевым інтэрнацкім пакоі, успамінаў з гэтай нагоды і Краснюка Пашку. Віталь тады з тыдзень хадзіў па гарнізоне дзікім зверам, нават бязлітасна натузаў аднаго стараслужачага, які раней непадзельна валадарыў над яго воляй. З пазнейшых пісьмаў ад прыяцеля Чалей з палёгкай даведаўся, што і Дубеля, і Краснюка ўсё ж залыгалі ў войска. Гарэвіч жа зноў ухіліўся ад гэтае долі з-за язвы. Але на другім годзе разлукі стаў пісаць да Віталя ўсё радзей, а апошнія паўгода і наогул перастаў адказваць на сябравы пасланні. Так што вяртаўся Чалей дамоў з неадназначным настроем. Што чакае яго ўвосень на парозе інстытута? Аднагрупнікі, якія прыйдуць са службы, пэўна ж, раней верасня там не пакажуцца.
…Чалей нарэшце вынырнуў з зеляніны старога квартала і адразу адчуў красамоўныя прыкметы прамысловага горада: шум, галас, сноўдаюць пешаходы, бурчаць і пырхаюць аўтамабілі, у ноздры патыхае смуродам адгарэлага паліва, лёгкія забівае пылам з-пад шын… Вось палівальная машына нахабна акаціла Віталю ногі – не паспеў адскочыць ад краю тратуара.
Неўзабаве Чалей запыніўся каля харчовага кіёска, бо пачала даймаць смага, рупела чагось выпіць. Але перад самым яго носам мажная чырванатварая прадаўшчыца шмарганула шыбай-засланкай.
– Зачынена! – злосна папярэдзіла кабета.
– Пачакайце, хвілінку. – Віталь з прыкрасцю скроб шкло пазногцем. – Мне б ліманаду…
– Зачынена, кажу! – Тоўстая прадаўшчыца гідліва скрывіла твар і павярнулася да Чалея спінай. Усчала поркацца ў глыбіні шапіка.
– А не зарана закрыліся? – Хлопец нямоцна бразнуў кулаком у раму. Ён адчуў, што пачынае злавацца. Тыцнуў пальцам у напісаныя на шыбе гадзіны абедзеннага перапынку. – Няўжо прагаладаліся?!
Кабета спачатку, відаць, рашыла зусім не звяртаць увагі на абурэнні такой нікчэмнасці, як Чалей, але, яшчэ трохі пакорпаўшыся ў скрынях, рэзка павярнулася да пакупніка тварам, дастала аднекуль знізу брудную шыльду “Прыём тавараў” і пачапіла яе над прылаўкам. На Віталя нават і не зірнула.
Прыйшлося саступіць. Хаця ад такой пачцівасці смагі ў хлопца не паменела, а, наадварот, ад гневу і абурэння ў роце перасохла яшчэ больш. Трэба было шукаць іншы гандлёвы шапік. Віталь азірнуўся: кіёскаў паблізу не відно, але наводдаль ліпела да болю знаёмая шыльда “Гастраном”. Туды і пакіраваў хлопец. У нячыстай задушлівай краме перад прылаўкам “Сокі–воды” бурліў натоўп пакупнікоў, што прагнулі спатоліць смагу. Грамадзяне з потнымі тварамі і ўзмакрэлымі пад лёгкімі адзежынамі спінамі таўкліся ля шкляной вітрынкі, няветліва гаманілі, піхаліся локцямі… З прыкрасцю выйшаў Чалей на свежае паветра. Тут, знадворку, бязвоблачны дзень з кожнай хвілінай набіраў сваю спякотную моц. Хлопец ненадоўга спыніўся на ганку ў одуме.
– Гэй, каго назіраю-бачу! Віталя! – Нехта блізкі, але пакуль нябачны вульгарна гарланіў прывітальныя словы.
І тут жа Чалея штурханулі ў правую лапатку. Хлопец крутануўся: загарэлы, як індус, ранейшы аднакласнік Грышка Сват, ззяючы лагоднай усмешкай, працягваў Віталю руку:
– Здароў! Даўно на волі?
– З учарашняга вечара, – шчыразычліва адказаў Чалей. – А ты, падобна, гэтаксама – адтуль?
– Адтуль, адтуль… Праўда, ужо два тыдні як… Гэх, воля-волейка!
– Чым займаешся, каго бачыў? – спытаўся Віталь, хоць падчас вучобы на першым курсе ні з кім з былых аднакласнікаў сувязяў не падтрымліваў. Тым болей не цікавіўся іхнімі лёсамі ў войску.
– Дзіўнае пытанне! Жыву, навёрстваю недабранае, вяртаю страчанае. – Круглы ўкормлены прыяцелеў твар перакасіла ўхмылка. – Яно, браце, жыцейка, шпарка ляціць! Толькі кветкі зрывай… А ты як бавіцца думаеш?
Каржакаваты самаўпэўнены Сват дабрадушна разглядаў знаёмца.
– Не ведаю… Будзе дзень – будзе і справа.
– І правільна! – ухвальна падхапіў Грышка. – Паважаю я такі падыход! Абы з надвор’ем шэнціла, а там…
– Слухай, не ведаеш, дзе папіць можна па-людску? – Віталь аблізаў пасмяглыя губы. – У гастраном сунуўся – таўханіна.
– Адзін момант! Грошы ёсць? – Сват нахапкам абмацаў свае кішэні.
– Ёсць. – Чалей працягнуў яму рублёўку. – Мне б ліманаду, соку якога.
Пачуўшы гэта, Грышка недаверліва зірнуў на прыяцеля, затым узяў рубель і са словамі: “Ты так не жартуй” – пакіраваў чамусьці ў двор гастранома. Напэўна, да чорнага хода.
Зазначым, што ў тыя строгія часы панаваў гарбачоўскі сухі закон: спіртное трапляла ў крамы ў надзвычай абмежаванай колькасці, а піва дык наогул завозілі толькі два разы на тыдзень. Гэты бязглузды эксперымент Чалей зазнаў яшчэ ў войску, калі ў іхнім гіблым райцэнтры няможна было свабодна купіць нават атрутнай барматухі – яе даставалі ў трайную цану ў тамтэйшых спекулянтаў. Але асабліва прыкрай і абразлівай падавалася хлопцу добра вядомая завядзёнка: адпускаць алкагольныя напоі адно асобам, старэйшым за дваццаць адзін год. Адтуль вынікала: эксплуатаваць тваё не цалкам яшчэ мужчынскае цела дзяржава магла напоўніцу ў якасці раба ці гарматнага мяса ў Афганістане, але пры гэтым дбала за тваё здароўе, як шкаляра, засцерагала ад алкагольнай заганы.
2
Праз хвілін дзесяць Сват, заціскаючы паміж пальцамі рук чатыры бутэлькі, шыбаваў у Чалееў бок. Выгляд меў мэтанакіраваны, але мімаходам кідаў з-пад ілба па баках позіркі, як злодзей.
– Хадзем, – сказаў ён, калі параўняўся з Віталем. – “Жыгулёўскае”, свежае. Я тут, у дворыку, месца адно ўпадабаў, дзе лацвей пагаманіць можна.
Увайшлі ў дзядзінец суседняй “хрушчоўкі”. Уладкаваліся ў лядашчай альтанцы пад ценем разгалістага явара. Навокал было наўздзіў ціха і неяк па-хатняму ўтульна. На пляцоўцы, між кветнікаў, два падшыванцы ганялі мяч. Святлацені гулялі па іх майках і ўспацелых ад барацьбы тварах. Пры гэтым гульцы пылілі неймаверна. Наводдаль, на лаўцы каля вяровак з вымытай бялізнай, сядзелі сталая і маладая жанчыны. Маладзіца гушкала каляску з немаўлём. Пажылая час ад часу акрыквала апантаных футбалістаў, каб шчыравалі не так зацята. Бялізна, магчыма, была мытая яе рукамі.
Дваровыя прысады цалкам паглыналі знешнія гукі мітуслівага горада. Тут толькі выразна было чуваць, як адчыняюцца дзверы таго ці іншага пад’езда, як крочыць па асфальце якісьці затулены хмызамі чалавек.
– Дзе служыў? – спытаўся Грышка і з асалодай прынікнуў да рыльца цёмнай вільготнай бутэлькі.
– Не так і далёка… Бранская вобласць… – адказваў Віталь, цэдзячы халодны, да болю ў зубах, напітак. – Піва, як са склепа.
– А яно і ёсць – са склепа. Свае людзі парупіліся.
Сват дастаў з верхняй кішэні пачак “Гродна”:
– Закурым?
Віталь з ахвотай узяў цыгарэту.
– Верыш, так знудзіўся я па цыгарэтках нашанскіх, што больш як пачак у дзень выкурваю. А ў войску – рэдка калі палавіну… – Грышка хвацка пстрыкнуў запальніцай. Падкурыў і таварышу.
– Дзе кантаваўся? – наталіўшы першую смагу, Чалей прыйшоў у лёгкі гумор. Адкінуўся на сядзенні, абапёрся спінай аб рыпучае біла будачкі.
– Ды спярша ў пагранвойскі загрэблі. На мяжы з Афганам. Думаў – гамон! Але стары мой пастараўся – праз паўгода перавялі ў Маскву, у спартроту па кулявой стральбе. Там да канца і марынаваўся…
Чалей помніў, што бацька Свата быў даволі немалы наменклатуршчык. Здаецца, гарвыканкамавец. З сынам яму яўна не пашанцавала: такога разгільдзяя, як ягоны Грышка, нават у іхняй блатнаватай школе – з агнём пашукаць. Зацяты прагульшчык і двоечнік быў. Высокапастаўленаму бацьку не раз прыходзілася ўлагоджваць даведзеных Грышкам да шаленства настаўнікаў.
– Ты, нябось, ужо з усімі пабачыўся? – пытаючыся, Віталь меў на ўвазе школьных аднакашнікаў.
– Дзе там – з усімі. Каторыя не звольніліся яшчэ, каторым паўгода марнавацца, а якім – і з год. Гэта ж мы толькі раннія птахі…
– А хто прыйшоў ужо?
– Ну… напрыклад, Ігарка Юркевіча з “Б”-класа памятаеш?
– Але.
– Герой Афгана, паранены быў… З месяц, як тут. Харошы хлопец. Праўда, цяпер прападае днямі ў новай кралі сваёй. Два разы толькі на пляжы з ім сустракаўся. З Хведзькам Труханам хаўрусуем, з Міхасём…
Далей ішоў пералік даволі шырокага кола школьных аднагодкаў, а цяпер “дэмбеляў” Савецкай Арміі. І з усімі гэты праныра Сват паспеў пабаляваць-пагаманіць, выпытаць іхнюю вайсковую долю. Між іншым, “афганец” Юркевіч быў раней ці не першым разбойнікам і баламутам школы.
З жалем засоўваючы пад лаўку другую дапітую бутэльку “Жыгулёўскага”, бранзаватвары Сват прапанаваў:
– Гайда на раку зараз, скупнёмся! Задуху змыем.
– Можна. Толькі дамоў трэба забегчы – ручнік, посцілку…
– Ат, кінь дурное… Я ўжо два тыдні там аціраюся. І заўжды – з аднымі плаўкамі. Пры гэткай спякоце ўмэнт высыхаеш. Трусы ж у цябе прыстойныя?
– Крыўдзіш – найноўшыя трусы, аднатонныя.
– Ну й цудоўна. Адно… давай яшчэ хвілін пяць–дзесяць тут памарудзім. – Сват зірнуў на наручны гадзіннік. – Я аднаму кадру вунь пад тым вязам спатканне прызначыў. Ён грошы мне вінен. Пачакаем?
– Канешне…
І праўда, праз пяць хвілін з густых хмызоў, на процілеглым закутку дзядзінца, вынікнуў даўгалыгі дзяцюк у даўжэзным чорным брылі і са спартыўнай сумкай праз плячо. Спыніўся пад камлём аграмаднага вяза.
– Гэй, хлопча! – галёкнуў яму Грышка і выскачыў з альтанкі.
Знаёмцы борзда рушылі адзін аднаму насустрач. Сустрэліся акурат на сярэдзіне двара, дзе два хлапчукі нястомна гойсалі ў футбол. Парукаліся. Сват прыняў нешта з рук даўгалыгага. Затым яны па-свойску пагаманілі пару мінут і развіталіся. Гэтак жа борзда вяртаючыся назад, Грышка на хаду, відаць, пералічыў грошы і сунуў у кішэнь.
– Слаўны дзядзька! – здаволены, казаў ён Віталю. – Днямі пазычыў яму па п’янай справе. Думаў, пішы прапала. А ён – хвіліна ў хвіліну. Чэсны!
…Да ракі было не так і далёка, але, каб не перціся пешкі паўз напаленыя няшчадным сонцам будыніны па асфальце-патэльні, прыяцелі селі ў паўпусты аўтобус. Паветра там было – хоць святых вынось. Па ўкормленым Сватавым твары неўзабаве пабеглі цуркі поту. Дый Віталь раз-пораз выціраў насоўкай звільгатнелы лоб. Арганізм проста прагнуў рачной прахалоды. Прыемна было ўсведамляць, што ў самым пачатку напружанага буднага дня едзе ён, Віталь Чалей, загараць, купацца, увогуле – атрымліваць асалоду, што ніхто болей не насмеліцца панукаць ім ды распараджацца… Аўтобус хутка збочыў у завулак і цёгся пад ценямі густых прысадаў, якімі так багаты ўлетку іх родны горад. Віталь зачаравана глядзеў на пералівы святла і ценяў на дарожным палатне, на гульбу жытніх бліскавак на вітрынах крамаў, на шыбах кіёскаў, на лёгкіх вопратках пешаходаў…
На адным з прыпынкаў у аўтобус зайшоў кантралёр, пажылы нядошлы дзядзька. Некаторыя з пасажыраў замітусіліся, заваждаліся, паспешліва пачалі кампасціраваць квіткі. Сват з Чалеем аніяк на гэта не зрэагавалі. Адно разваліліся на мяккіх сядзеннях яшчэ прывольней.
– Білеты, маладыя людзі! – знарочыста строга прамовіў кантралёр.
Маўчанне ў адказ.
– Я да вас звяртаюся! – таргануў ён за плячо бліжэйшага да яго Свата.
– А, што?.. – прытворна сонны Грышка асавела лыпаў павекамі.
– Білеты, праязныя дакументы! – суха паўтарыў несамавіты дзядзька.
– А… – Сват састроіў пагардлівую міну. – Няма. Прабач, браток, купіць не было часу.
Затым бестурботна павярнуўся да Віталя з нейкім пытаннем – нібы ўсё гэтым і вырашылася. Але кантралёр занатурыўся і ў чаканні завіс над імі. Нешматлікія пасажыры аўтобуса з цікаўнасцю чакалі завяршэння гэтага канфлікту.
– Плаціце штраф! – не сунімаўся дзядзька. Голас яго падрыгваў ад абурэння і злосці.
– Няма грошай! – здзекаваўся з яго самаўпэўнены Грышка.
– Тады – выходзьце! Абодва. Зараз гукну вадзіцелю.
І тут Сват лянотна павярнуў да дзядзькі твар, які раптам набыў пагрозлівы выраз.
– Слухай, дзядок! Вяслуй адсюль, не будзі звера. А то тузану зараз, дык не кантраляваць ужо будзеш, а працаваць на Мінздраў да скону.
Пасля гэтых слоў нягеглы кантралёр увачавідкі сумеўся, для прыліку пастаяў колькі секунд ля нашых байцоў, схаваў партманэ са значком у кішэню заношанага пінжака і паклыпаў да задніх дзвярэй. Праўда, адышоўшыся, прамармытаў нешта накшталт:
– Зладзюгі, управы на іх няма.
На што хамаваты Сват, знарок уголас, нібы звяртаючыся па спагаду пасажыраў, сказаў:
– Знайшоў да каго чапляцца! Я два гады на Радзіму ішачыў, хай цяперака яна мяне пакатае. Яй-бо, не пяці ж капеек шкада мне!
Чалей, хаця сам не ўдзельнічаў у перапалцы з кантралёрам, поўнасцю прымаў Грышкаву пазіцыю. Каб унаравіць раздражнёнаму таварышу, падтакваў:
– Хамулы! Не шануюць сваіх ветэранаў…
– Кавардак, дый годзе, – жартаваў самазадаволены Сват.
3
Унізе блішчастым шырокім поясам несла свае воды рака. Прыкладна на чвэрці яе шырыні і на вялізным пясчаным пляжы шчыльна таўкліся маленькія постаці. Віталь з Грышкам спускаліся туды па доўгіх і стромых сходах. Паўз густую зеляніну ўчэпістых хмызоў, насустрач лагодным павевам лета. На лесвіцы было даволі людна, бо яна з’яўлялася ці не адзіным зручным праходам да гарадскога пляжа. Людства збольшага рушыла па ёй уніз, да аднаго з нешматлікіх месцаў, дзе яшчэ можна было схавацца ад дзённай духаты. А паколькі дзень быў працоўны, то кантынгент адпачываючых складаўся пераважна з моладзі. Зрэдку трапляліся пажылыя грамадзяне з унукамі.
На пляжы хлопцы падаліся ў “маладзёжны” бок і не без цяжкасці знайшлі сабе “месца пад сонцам”: шырокая паласа пяску была спрэс завалена целамі. На нешматлікіх свабодных лапіках людзі гулялі ў валейбол і футбол.
– Вось тутака і атабарымся, – сказаў Сват і кінуў на мяккі грунт дзве бутэлькі мінеральнай вады, купленай яшчэ па выхадзе з аўтобуса. – Месца не дужа як… Але не гэта галоўнае.
– А што – галоўнае? – абрынаючыся ў прыемнай знямозе плазам на пясок, выдыхнуў Чалей.
– Сонца, вада, паглядныя дзяўчаткі – вось, браце, чым любавацца трэба. – Грышка ўмомант скінуў з сябе адзежу і зліўся бронзавым целам з жоўта-рудым пясочкам. – Распранайся – не бяды, што белы!
Віталь з задавальненнем падставіў сваё змучанае пад казённымі вопраткамі цела заядламу чэрвеньскаму праменню. Трэба было як найхутчэй парудзець, каб надалей ямчэй пачувацца на пляжы.
Сонечны мядзяк прамяніўся ў паднябеснай сінечы без адзінага суседа-воблачка. Нізкі лес на няблізкім процілеглым беразе, блакітна-зялёнае люстра ракі, пляжныя лодкі, надзіманыя матрацы, далёкія і блізкія асобныя плыўцы, людская валтузня ля берага – усё патанала ў блакітным бязважкім мроіве. Нават гуллівы лямант і паўжывёльныя віскі асалоды адпачываючых здаваліся прыглушанымі гэтай спякотнай павалокай.
– Э, дружа, толькі не спаць! – гэта няўрымслівы Грышка ўжо тармасіў замроенага і самлелага ад гарачыні Чалея. – Гайда купацца!
Праз пяць хвілін Віталь, някепскі колісь плывец, быў ужо на трэці шырыні ракі. Далёка на водмелі ўвіхалася і плюхалася пераважная колькасць люду. І толькі нешматлікія рызыканты адважваліся адплываць на глыбіню, а то і перабірацца на процілеглы бераг. Хацеў быў казырнуць сваёй смеласцю і Віталь, але, памятаючы двухгадовую адсутнасць плавальнай практыкі, раздумаў. Такі намер выглядаў сапраўды рызыкоўным: па цэнтры ракі снавалі борздыя катэры, можна было неспадзеўкі патрапіць і пад баржу. Віталь развярнуўся, наблізіўся да водмелі, лёг на спіну. Цела ласкава пагойдвалі невялічкія хвалі.
Чалей выйшаў на бераг з непрывычкі задыханы і хвілін пятнаццаць ніцма ляжаў каля сваіх і Грышкавых вопратак. Аднак прыяцеля так і не дачакаўся. Сват, мабыць, не на жарт захапіўся маладзецкай гульбой, якая безупынку адбывалася на мелізне ў гэтай частцы пляжа: у страшэннай сумятні і таўханіне целаў хлопцы дурэлі і мілаваліся з дзяўчатамі нават без асаблівых цырымоній. Тут, відаць, зачыналася ладная частка любоўных гісторый іхняга горада. Марна спрабаваў Віталь выгледзець у мешаніне з пырскаў, постацяў, надзіманых кругоў і матрацаў школьнага аднакашніка. Са сваім падскурным тлушчам Грышка мог знаходзіцца ў вадзе гадзінамі.
Віталь занудзіўся на адзіноце і, спакушаны агромністай колькасцю завабліва-рухавых дзявочых постацяў, рынуўся ў пляжнае гульбішча. Неўзабаве і ён гарэзаваў, піхаўся, пырскаўся, падплываў пад незнаёмых дзяўчат і шчыкаў іх за ногі. Праз колькі часу, ахоплены гуллівай дурнотай, згледзеў Чалей адну пышнацелую маладуху, якая стаяла ў цэнтры вялізнай надзьмутай аўтамабільнай камеры. Скрыўся пад вадой і вынырнуў ужо ў межах гэтага кола, акурат са спіны яго ўладальніцы. Тая не паспела нічога расшалопаць, як дужыя мужчынскія рукі ашчаперылі яе ззаду і, адарваўшы ада дна, сталі ўзнімаць вышэй і вышэй… Дзяўчына гарэзна завішчала і пачала шалёна малаціць па вадзе рукамі і нагамі. У сваю чаргу Віталя, што ўсутыч адчуў на сабе рухавасць багатых жаночых формаў, агарнуў нежартоўны юрлівы шал. Выпускаць гэткую пекнату з рук аніяк не хацелася. Таму хлапчына яшчэ шчыльней сашчапіў абдымкі і яшчэ вышэй над вадой падкінуў сваю ахвяру. Яна адбівалася зацята. Хаця, вядома, і не без прыемнасці з-за такой да сябе ўвагі.
– Пусці, ненармальны! – задыхаючыся барацьбой, верашчала дзяўчына.
– А што мне за гэта будзе? – адказваў на тое яе сапернік.
– Поўху харошую! Вой, адлезь, дурань! – заенчыла маладуха, бо Чалей у гэты момант прысеў разам з ёю ў ваду, а тады з новай моцай ускінуў над аўтамабільнай камерай.
Дзяўчына апошнімі высілкамі ўзмацніла супраціўленне: узбівала ваду нагамі, а рукамі спрабавала ўхапіць свайго крыўдзіцеля за валасы. Але нападнік сціскаў яе толькі мацней, а ад рук ухіляўся шчытным прыцісканнем галавы да пяшчотнай дзявочай спіны.
Праходзіла і хвіліна, і дзве, а дзяўчына ўсё гэтак жа бездапаможна цялёпкалася ў падвешаным стане. Нават у такім гармідары на іх пачалі звяртаць увагу. Уразумеўшы марнасць супраціўлення, маладуха пачала маліць:
– Ды пусці ж, ёлуп, людзі ж глядзяць!
– Што мне за гэта будзе? – упарта паўтараў распалены салодкім дужаннем Віталь.
– Ну не ў такім жа месцы пра гэта гавораць! Пусці!
– Ладна, пушчу, як толькі назавеш свой тэлефон, чароўная мілка!
– Няма ў мяне тэлефона… Ай! – Пасля адмовы ў тэлефоне Чалей паўтарыў эксперымент з акунаннем і падкідваннем дагары пекнай незнаёмкі.
– Не веру! – блазнаваў хлопец.
– Ну сур’ёзна. Калі хочаш – пяты інтэрнат будтрэста, пакой трыццаць чатыры. Ды пусці ж нарэшце, шалёны!
– Як зваць?
– Ала…
– А мяне – Віталік. Ну што ж, чакайце гасцей! – Чалей адпусціў сваю вабную ахвяру.
Тая рыўком павярнулася да яго тварам і хацела была ўжо даць нахабніку належную лупцоўку, але той спрытна ўцёк, паднырнуўшы пад гумавы круг. Вынікнуў з-пад вады ўжо на значнай адлегласці. Толькі зараз ён разгледзеў як след дзявочы твар: зарумянелы ад барацьбы, нават пад разбэрсанымі і намоклымі валасамі, ён добра дапасоўваўся да гожага цела…
Раптам ужо на Віталя нехта наляцеў ззаду і пацягнуў сваёй вагою на дно. Калі Чалей з цяжкасцю адкараскаўся ад нечых чэпкіх абдымкаў і пры тым ледзьве не захлынуўся, то адразу ўваткнуўся ў Сватаву хамаватую ўхмылку: гэта прыяцелю захацелася яго размяць.
– Дзе ты прапаў? – незласліва ўпікнуў яго Чалей, адначасова азіраючыся па баках. Зрынуты ў ваду, ён цалкам страціў арыентацыю, а разам з ёй і цудоўную незнаёмку. Хаця не – ужо “знаёмку”. Бо ў галаве трывала захрасла: “Ала, будтрэст №5, пакой №34”. Нумар пакоя адрозніваўся ўсяго на адну лічбу ад нумара Віталевай кватэры, а тую “общагу” ён ведаў. Усе гэтыя меркаванні ўвобмірг пракруціліся ў галаве хлопца, таму паспеў ён яшчэ расчуць і адказ прыяцеля:
– А я час не марнаваў! Хадзем на бераг, пакажу нешта.
На месцы іхняга лежбішча Грышка тыцнуў Віталю пад нос свой патрапаны нататнік. На развароце, які дэманстраваў прыяцель, былі відны некалькі тэлефонных нумароў і неразборліва запісаныя імёны.
– Ну і што? – Чалей недаўменна разглядаў тыя запісы.
Аказалася, што апошнія паўгадзіны Сват пацяшаўся тым, што здабываў сабе каардынаты новых дзяўчат. А знаёміўся ён спосабам прымітыўным і верным: угледзеўшы на пляжы самотную прыгажуню, падсаджваўся да яе і непасрэдна пытаўся, як прайсці ў бібліятэку. Пра дзейснасць такога метаду знаёмстваў красамоўна сведчыў немалы ўжо спіс тэлефонаў у Грышкавым нататніку. Між іншым, увесь далейшы час знаходжання на пляжы Сват пашыраў гэты запас з незразумелай Віталю зацятасцю. Мабыць, гэта быў ягоны “пункт” альбо сфера самавыяўлення ў нашым шматгранным свеце.
Чалей жа надалей толькі купаўся і марна шукаў у пляжным натоўпе сваю Алу. Недзе а палове трэцяй ён своечасова схамянуўся, сцяміўшы, што падгарае. Ды яшчэ пачаў мучыць законны ў гэтую пару голад, і плаваць ужо не ставала сіл. Таму Віталь накінуў майку на апаленыя плечы і ўвесь астатні час укрываўся пад кволым ракітнікам. Чакаў Свата, у якога, відаць, быў матор у адным месцы: шнырыў па пляжы і заляцаўся да ўсяго, што варушыцца, прыяцель нястомна.
Аднак неўзабаве і ён мусіў падпарадкавацца біялагічным рытмам арганізма, які ўсё настойлівей прасіў есці.
– Ты тут не засох яшчэ? – падкалупнуў ён схаванага ў рэдкім цені вербалозу замаркочанага таварыша. – Давай – да мяне: перакусім, вып’ем… А там і красунь якіх вызванім.
– А бацька твой – не супраць? – запытаўся Віталь падазрона.
– Не турбуйся – продак мяне разумее. Ён цяпер на лецішча з работы кіруе. Начуе. Яму там лепш дыхаецца. Дый мне лацвей… – пошла ўхмыльнуўся Сват.
– Ну што ж… яно б няблага, – пагадзіўся Чалей. Ён памятаў, што Грышка з маленства рос без маці. І сапраўды, чаму б не пабаляваць у пустой кватэры?
– І цудоўненька! Давай толькі спяшаць будзем! – З гэтымі словамі Грышка звыклым рухам ускочыў у прасторныя штаны, засунуў ступні ў пантофлі.
Борзда апрануўся і Віталь. Яны насілу даперліся па горадзе-парыльні да прахалоднай Грышкавай кватэры, якая, дарэчы, размяшчалася ў адной з дзевяціпавярховак-слупкоў, што атачалі Чалееў пагорак. Дзверы адзінага пад’езда гэтага гмаху былі ацынкаваныя і запіраліся на кодавы замок. Чатырохпакаёвая кватэра Свата была нязвыкла прасторная, абстаўлена неймаверна раскошнай мэбляй, аздоблена шыкоўнымі кілімамі, адмысловымі шпалерамі, надзвернымі вісюлькамі-бразготкамі. У вялізнай зале на ўсю сцяну паўставала кніжная паліца з чырвонага дрэва, спрэс застаўленая класічнай бібліятэкай.
– Шэнціць табе! – Чалей паказаў позіркам у бок тамоў у гожых строгіх вокладках.
– У якім сэнсе? – заняты пераапрананнем, не адразу зразумеў яго Грышка.
– Ну як! Разумным можна стаць – такія кнігі!
– А… – Сват з пагардай махнуў рукой на “гросбухі”. – Няма часу… Гэта бацька збірае-цешыцца.
– А я, верыш, толькі ў войску, на апошнім паўгоддзі службы, да чытання прызвычаіўся. Часу не бракавала… Дый цікава. А раней не было калі – навукі, гары яны гарам. Адно калі-нікалі дэтэктыў перагорнеш…
– Яно, канешне, справа харошая – чытаць… Але калі цяпер гэтым займацца? Вось стану дзядком-буркуном, тады ўсё гэта і перамалачу! А пакуль, ну памяркуй сам, завошта я буду час на кнігі ўбіваць, калі можна з сябрамі піва папіць ці якую прыгажуню пакратаць? Праўда ж? – Сват гаварыў з такім шчырым унутраным перакананнем і без усякага падтэксту, што Віталь не знайшоўся, чым абвергнуць гэткую філасофію. Толькі няпэўна прамармытаў:
– Ну, мусібыць… у нейкай ступені…
– Вось я і кажу: лепш справу рабіць, а не зрок за кніжкамі страчваць. Значыцца, такі ў нас план… – Грышка на колькі секунд застопарыўся ў роздуме, затым выпаліў: – Гайда на кухню!
На вялізнай кухні прадоўжыў:
– Я тутака табе пакажу, што прыгатаваць-нарэзаць. А сам пакуль дзынкну адной прыяцельцы – ды ты яе ведаеш: Зоська з “Г”-класа. Калі не на змене – прыйдзе абавязкова. Харошая дзяўчына. І сяброўку якую прыхопіць… Найхутчэй, Наташку Хрышчэню. Памятаеш?
– Угу. – Віталь хораша помніў гэтых дзяўчат, якія ў школе вылучаліся даволі раскутымі паводзінамі. Іх на перапынках не мацаў толькі апошні цюхцяй.
– Вось і здорава! А пра цябе Зосьцы пакуль не скажу анічога: сюрпрызам будзеш!
Затым Сват адчыніў перад Віталем багаты халадзільнік, давёў – што ды як, і пабег у пакой да тэлефона. Праз колькі хвілін вярнуўся, аблізваючыся:
– Усё як мае быць – будуць птахі. Цяперака асноўная задача – пойла! Вырашым! – Вочы Свата гарэлі дуроным агнём. – Ты тут пакуль царуй, а я – да хлопцаў па віно-гарэлку.
– А як жа я… адзін? – спужаўся Віталь. – Раптам твой продак заявіцца?
– Нічога, скажаш – я ўпаўнаважыў! Кашавар смела!
Затым Грышка дадаў больш сур’ёзна:
– Не бойся, татка – чалавек харошы: не прыедзе. А я ўмэнт абярнуся! – І ўжо збягаючы па сходах, галёкнуў Віталю, які поркаўся з хітрым замком:
– Дзяўчат не праваронь! А код пад’езда Зоська ведае!
…Далей падзеі разгортваліся наступным чынам.
Амаль адначасова прыбылі Сват і школьныя сяброўкі. Віталь тым часам наскрыляў сухой каўбасы, чырвонай рыбы, успароў некалькі бляшанак з ікрой і подобнымі дзівоснымі на той час далікатэсамі, якіх у Сватавым халадзільніку было ўдосталь. Нагатаваў салатаў са свежых парніковых гуркоў, зялёнай цыбулі і памідораў. Грышка ж прыбарахліўся дзвюма паўлітроўкамі гарэлкі і дзвюма вялізнымі пукатымі пляшкамі сталовага грузінскага віна. Дастаў у знаёмага афіцыянта, з бліжэйшага рэстарана… Словам, бяседа пайшла досыць жыва і весела.
Дзяўчаты, як і меркаваў Чалей, аказаліся асобамі вельмі бойкімі і гаманлівымі. Хутка захмялелы на пусты страўнік Віталь таксама не закрываў рота. З-за гэтай празмернай гаварлівасці ён забываўся есці, а з прычыны прагавітасці да пітва мяшаў “вогненную” з дыхтоўным віном. П’янеў Чалей катастрафічна: язык і рукі не слухаліся свайго гаспадара. Ён адразу скіраваў увагу на Наташку, бо Зоська па сваёй мажной камплекцыі лепш дастасоўвалася да таўставатага Свата. Але той чамусьці дужа да яе не заляцаўся – абое проста смяяліся і гаманілі. Амаль цвярозыя, хаця чаркі кулялі зухавата. Не ў прыклад Чалею, які, ачумеўшы ад вінна-гарэлачнай мешаніны, выгукваў бязглуздыя тосты і ўсё наравіў залучыць Наташку ў свае абдымкі. У якія тая не вельмі давалася, бо піла толькі лёгкае віно і была амаль у поўнай прытомнасці.
Неўпрыкмет звечарэла… Чалей вяртаўся чарговы раз з прыбіральні, калі наткнуўся ў пярэдняй на Свата. Прыяцель тут жа па-змоўніцку адвёў яго ў адзін з пакояў і прашаптаў:
– Віталя, давай з імі падвязваць!
– У якім сэнсе? – п’яненька пагойдваючыся на кволых нагах, няўцямна пытаўся Чалей.
– Ды тут нестыкоўка выйшла… Гм... разумееш, да мяне павінна хутка прыйсці адна… мужава жонка…
– ?!
– Ат, муж – мяшок з каноплямі!.. Хе-хе!
– А-а…
– А з гэтымі сягоння толку ўсё адно не будзе. Зоська, шалава, толькі гарэлку жлукціць здатная…
– Ніякіх праблем, брат! – агідна разамлелы Чалей абняў Свата, пачаў слінява цалавацца. – Усё зразумеў! Выслабанім… святая справа!
– Не крыўдуй, дальбог, зусім забыўся, што змовіўся на сённяшні вечар… А тут... пакуль прыбярэшся ды духі выветрыш… – апраўдваўся Грышка.
– Што ты, браток! – ізноў лез з абдымкамі яго сабутэльнік.
…Дзяўчат праводзілі агулам. Сват відавочна спяшаўся, а Чалей, наадварот, марудзіў, гарланіў песні і безупынку вешаўся на Наташку, якая не надта строга яго адпрэчвала. Сяброўкі жылі непадалёку, у бакавых пад’ездах даволі доўгага дома… Разлучыўшыся са Сватам, яшчэ больш захмялелы на задушлівым паветры Чалей у поцемках пад’езда зацята прыставаў да Наташкі, патрабаваў нумар яе тэлефона.
– Ідзі праспіся, усё адно не запомніш. Спытай заўтра ў Свата, – адкручвалася ад яго дзяўчына.
– Не твой клопат! У мяне памяць – лічыльная машына! – дурэў Чалей. Ён хапаў прыяцельку за плечы і мярзотна лез цалавацца. – Не пушчу без тэлефона…
Тая адбівалася вялавата, аднак спрытна ўхілялася ад Чалеевых губ і трывожна зіркала ў чэрава выхадных дзвярэй. Мабыць, баялася быць заспетай кімсьці з жыхароў свайго пад’езда. Дзяўчына ўжо неаднойчы парывалася бегчы наверх, да сваёй кватэры, але Віталь пёрся следам і пагражаў скандалам ля ейных дзвярэй. Прыходзілася спускацца. Карацей, гэткая бесталковая важданіна доўжылася б немаведама колькі, каб хлопец не злаўчыўся такі прыціснуць Наташку да паштовых скрынь і прынікнуць ротам да яе мяккіх вуснаў. Ад Чалея, відаць, тхнула перагарам і тлустай ежай, і, каб не трываць такую брыдоту, дзяўчына ахвяравала яму нумар свайго тэлефона. З умовай, што п’янюга адразу ж знікне…
Віталь чэсна адстаў і выйшаў на свежае паветра ў самазадаволенасці ідыёта. Не памятае, як рушыў у змроку паўз кветнікі, пясочніцы і гушкалкі… Смаліў па дарозе “Прыму”. Каля адной з альтанак ён заўважыў ватагу падлеткаў. Хрыпатыя магнітафонныя спевы тут перакрываліся знарочыста грубымі, басавітымі галасамі.
– Гэй, дай закурыць! – даляцеў да Віталевага вуха вокрык.
– Нямашака, – грэбліва сыкнуў Чалей, не спыняючы ходу.
Але праз колькі секунд нехта нагнаў яго і трасянуў за плячо. Гэта ўжо змахвала на хамства! Віталь павярнуўся: перад ім стаяў даўгалыгі патлаты падлетак. Ад альтанкі паціху набліжалася трое яго таварышаў.
– Я, здаецца, прыстойна цябе закурыць папрасіў. А ты – наўцёкі, – цынічна цадзіў цыбаты малакасос.
Крыху ацвярожаны такой недарэчнасцю Віталь прамовіў:
– Ну, калі прыстойна – іншая справа. – І пачаў шнарыць па кішэнях. – Зараз знайду. Хадзі бліжэй, табе з фільтрам?…
Не ўлавіўшы здзеку ў апошніх словах, нахабнік падышоў да Віталя, нядбайна працягнуў пяцярню… Але замест пачастунку Чалей знячэўку ўхапіў яго за каўнер, а кулаком другой рукі хвостка заехаў у лабэшнік. З неспадзеву небарака пахіснуўся і пачаў губляць раўнавагу. А яго праціўнік, раз за разам паўтараючы памянёны прыём, прыгаворваў:
– Вось табе курыва, вось табе й запалкі, вось табе з фільтрам, вось табе без… – Ад важкіх кухталёў галава цыбатага бездапаможна матлялася на вялай шыі. Сам ён трымаўся, бадай, толькі на цупкай руцэ Чалея. Паплечнікі нападніка бясслаўна замерлі кроках у дзесяці…
Нацешыўшыся, раз’юшаны Віталь са словамі: “Хлюст! Падла!” – кінуў, нібы чучала, амаль непрытомнага ліхадзея пад ногі ягонай хеўры. Той грымнуўся аб зямлю і ўсчаў там стагнаць і курчыцца. Мабыць, не так ад болю, як ад страху паўтарэння лупцоўкі.
– Каму яшчэ прыкурыць? Падыходзь, не саромейся! – пагрозліва пытаўся ў юнакоў невысокі, але прысадзісты і дужы Чалей.
Маўчанне.
– Дык вы хоць людзей выбірайце, дурылы! – пераможна завяршыў свой маналог нядаўні “дэмбель” і разваліста паплёўся ў бок свайго дома.
4
Недарэчны выпадак з падлеткамі трохі ацверазіў Віталя, аднак брыдкая няпэўнасць у рухах і дурман у галаве канчаткова не зніклі. Вяртацца дамоў у такім разладжаным стане не хацелася. Хлопец запыніўся перад самотным ліхтаром суседняга са сваім домам дворыка і паглядзеў на наручны гадзіннік: тоўстая стрэлка пераваліла ўжо адзнаку адзінаццаць. Чухаючы патыліцу, Чалей азірнуў змрочнае наваколле. У прывідным штучным асвятленні, пад заценню расахатага дрэва, зіхатнула шыбамі падвойная тэлефонная будка. Туды і пакіраваў хлопец. Лядачая трубка доўга бурчала і плявалася, перш чым выдаць слабенькі сіпаты гудок. На другім канцы лініі хутка адгукнуліся.
– Слухаю, – родны мамін голас з трывогай разарваў пустэчу бязмесячнага сутоння.
– Гэта я, матуля, – як мага ўцямна азваўся Віталь.
– Ну, як справы, дзе ж ты прападаеш?
– Хутка буду. Трошкі тут з аднакласнікамі пасядзім-пагамонім… Я ў суседнім двары, – амаль праўду сказаў Чалей. – Тата як?..
Далей ішоў тыповы дыялог любячай маці з узорным ды яшчэ доўгачаканым сынам. На настаўленні, перасцярогі, лёгкія ўшчуванні сын ціхмяна падтакваў і лагодна з усім пагаджаўся.
– Ну, да пабачэння. Праз гадзінку прыбуду, – сказаў на развітанне Чалей і ўздзеў трубку на крук.
Затым хлопец пакіраваў у бок найбліжэйшых лавачак, прыемна выпрастаўся на адной з іх ва ўсю даўжыню натомленага за турботны дзень цела. Праз прагалы пышнай кляновай лістоты пазіралі на яго летнія зоры. Вось адна знічкай кінулася ўніз. Вось другая, мігатлівая, наадварот, рухаецца па ўзыходзячай траекторыі. Не – то не знічка, а самалёт. Ці спадарожнік? Пасля віхурна праведзенага дня нават неба здавалася Віталю жывым і цікавым, нават там прыкмячаў ён нейкія рухі і дзеі. Жыццё ўсёй сваёй вялікаснай паўнатою наўпрост лілося хлопцу ў душу. Усё яскравае і спакуслівае, што гадамі засланялася ды заглушалася знешнімі жыццёвымі абставінамі і ўласнай унутранай скутасцю, фантанам пырснула вонкі гэтым цудоўным сонечным днём. Перад дрымотным поглядам Віталя, недзе сярод сціжмы зорак, луналі абрысы пышнацелай Алы, зграбненькай і свавольнай Наташкі, увішнага Грышкі Свата, увушшу стаяў звон вінных келіхаў і пляск хваль…
Хлопец неўзаметку заснуў, закалыханы ледзь улоўным шэптам кляновага лісця. Схамянуўся толькі праз дзве гадзіны, калі ўзышла поўня і назойліва ўтаропілася яму ў твар. Прачнуўся практычна цвярозы і таму адразу ж стрымгалоў пабег да свайго дома.
Чалей як мага цішэй адамкнуў дзверы кватэры і жулікавата шмыгнуў у ванную. З паўгадзіны мыўся пад халодным душам. Між іншым, старанна пачысціў зубы. Ён справядліва разлічваў, што маці ўчула яго прыход і зараз хутка засне. Хлапчыну ў першы ж дзень вольніцы не хацелася быць выкрытым ва ўжыванні спіртнога. Дзіўная рэч, Чалей штодзень па завядзёнцы брыдкасловіў у войску і нават фанабэрыўся сваім хамаватым армейскім жаргонам, але падчас рэдкіх наведванняў бацькамі месца ягонай службы адразу ж пераключаўся на прыстойны лад гаворкі і нават не баяўся выпадкова мацюкнуцца. Пэўна, гэтая ўласцівасць чалавечай псіхікі падвойвацца і вокамгненна перайначваць спосаб грамадскіх паводзінаў у залежнасці ад быційнага асяроддзя спрацавала і зараз: распуснічаючы ўвесь белы дзень, Віталь не тое што не адчуваў няёмкасці, а, наадварот, пачуваўся проста здорава; цяпер жа краўся зладзюгам нават па ўласнай кватэры, апасаючыся раскрыцця дзённых сваіх выхадак.
Адразу ж прадчуваю папрокі высокапаважаных чытачоў, скіраваныя ў бок аўтара за падрабязны расповед аб даволі непрывабных з маральнага пункта гледжання паводзінах галоўнага героя аповесці. Героя, які, магчыма, палюбіўся чытачам па першай частцы яго жыццяпісу менавіта за далікатную цнатлівасць і юначую неабазнанасць у панадна-заганных варунках жыцця. З удзячнасцю прымаю падобную крытыку. Але не ў апраўданне, а дзеля справядлівасці хачу зазначыць, што аўтар гэтых радкоў схільны ўсё ж прытрымлівацца горкай праўды, ніж салодкай хлусні. І хай ужо паверыць шаноўны чытач, што хцівасць да цывільных уцех змучанага няволяй салдата па вяртанні дадому – з’ява значна больш частая і верагодная, чым ягоныя млявасць, адмежаванне ад рэчаіснасці, марынаванне маладога жыцця за мурамі ўласнай кватэры. Нагадаем таксама, што бясполай істотай Віталь Чалей аніяк не з’яўляецца. Што ён, апрача ўсяго, з’яўляецца яшчэ і чалавекам – ужо іншая справа. Бо не сакрэт, што, нарадзіўшыся на свет, рэдка хто з нас адразу і ў поўнай меры становіцца Чалавекам. Такой доляй уганараваны хіба што святыя прарокі. Нават геніі нашай Зямлі з вялізнай цяжкасцю караскаюцца на гэтую вяршыню: і спатыкаюцца, і выцінаюцца, і плачуць… Дык як жа мы можам папракаць Віталя – драбнюткую пясчынку светабудовы – у ягоных памылках і слабасцях? І хто сказаў, што не будзем мы надалей за яго змагацца?
А пакуль, зноўку ж дзеля праўды, мушу давесці, што першы дзень цывільнага Віталевага жыцця стаўся проста тыповым прыкладам з шэрагу наступных дзён лета. Такіх жа сонечных, гэтаксама напоўненых страсцямі, гульбою цел і вольніцай думак. Напрыклад, назаўтра ж, пасля абеду, выправіўся Віталь па вядомым нам адрасе (інтэрнат будтрэста №5, пакой 34) да чароўнай Алы, з якой, як памятаем, пазнаёміўся ён даволі адмысловым спосабам. Надарылася, што дзяўчына якраз жыла тымі днямі адна ў двухмесным пакойчыку… Яны цудоўна паразумеліся з Чалеем, няўзнак загаманіліся, хлопец спазніўся на апошні аўтобус. Вядома, толькі з-за таго, каб не пакрываць значную адлегласць пехатой па начным горадзе, Віталь застаўся ў гасціннай гаспадыні нанач… Праз колькі дзён “супольнічаў” ён падобным чынам і са школьнай таварышкай Наташкай Хрышчэняй – не такой ужо і наравістай, як аказалася.
Багата прыяцеляў і прыяцелек займеў у тое лета Чалей праз разбітнога Грышку Свата. Але за ўсімі гулянкамі, за мілавіднымі фізіяноміямі новых сябровак неадступна маячыў вобраз Ірыны Варанец. Па меры набліжэння вучэбнай пары ён усё больш выразна і балюча авалодваў Віталевымі думкамі, і не было ад яго схову ў бестурботным марнатраўстве часу. Маючае адбыцца спатканне моцна непакоіла хлопца, давала пажытак для роздумаў і баязлівых (так – баязлівых!) меркаванняў. Па вялікім рахунку, знайсці Варанец у горадзе з яго сістэмай даведак, нават калі не знаеш дакладнага адраса, было не вельмі складанай справай… Чалей пабойваўся сустрэчы з Ірай, таму што за задубелай ад армейшчыны скурай, недзе ў закутку свядомасці прызнаваў сябе забойцам іхняга кахання.
Каб у чытачоў не склалася зусім ужо кепскае ўражанне аб жыцці-быцці Віталя ў паслявайсковае лета, дадамо, што не забываўся ён ні на сястру Алену, ні на бацькоў, ні на дамашнія абавязкі. У перапынках паміж маладзецкімі пацехамі рупліва прыбіраўся ў кватэры, самохаць гатаваў ежу (чаго раней за ім не заўважалася), хадзіў на рынак і ў крамы. Бывала, нават праводзіў сястру на музычныя рэпетыцыі, а пасля гуляў з ёю па парках і скверах горада.
У ліпені Чалей выбраўся ў госці ў радзінную вёску да цёткі Марыі, мамінай сястры. Але гасцяваў там нядоўга: нават цудоўныя краявіды Палесся, хараство пракаветнай глушы не здолелі ўтаймаваць памкненні выпушчанага на волю з-за армейскіх кратаў малайца. Закінутае ўжо ў душу заганнае зерне давала свае парасткі: у вёсцы Віталь нудзіўся, і неадольная сіла цягнула яго да бурлівага і салодкага гарадскога жыцця. Да таго ж на сяле не заведзена было бавіцца без справы, а да фізічнай працы Чалей займеў у войску ўстойлівую агіду. Цёпла развітаўшыся з крыху пакрыўджанай цёткай, паехаў Віталь ад прахалоды лясных рэк і азёр, ад водараў лугавін і сенажацяў у спякотны, задушлівы, але такі заваблівы горад.
...Неўпрыкмет міналася лета. Толькі напрыканцы жніўня патрапіў Віталь завітаць да Юрася, прыяцеля свайго дзяцінства. У таго адбыліся даволі значныя перамены: год таму ён паступіў у мастацкі інстытут, а ўвесну нечакана ажаніўся. Прычым жонка Надзея была старэйшая за яго на два гады і з’яўлялася таксама студэнткай гэтага інстытута. Сам Юрась з часу апошняй сустрэчы з Чалеем канчаткова акрыяў ад сухотаў, памажнеў і цяпер, як ніколі, моцна нагадваў свайго бацьку. Ільняныя доўгія валасы Юрась, як і раней, апяразваў вузкай блакітнай стужкай. Але твар яго пасталеў і адначасова праясніўся. І не дзіўна – каханне паміж маладымі было прыкметна ў кожным нязначным руху, у кожным нядбайна кінутым слове.
Надзя, як зазначыў пра сябе Чалей, была досыць прыгожай жанчынай, аднак не з тых, да каго мужыкі ліпнуць як мухі. Бо за паглядным яе абліччам угадваўся немалы інтэлект, а гэта адпуджвае дужы пол, які прагне ўладарыць і першынстваваць літаральна ва ўсім. Са з’яўленнем Надзі ў Юрасёвай кватэры-майстэрні яўна пасвятлела: тут панавалі любоў і злагада. Данута Хведараўна проста малілася на нявестку, якая прыўносіла радасць у самотнае жыццё яе вечна засяроджанага на палотнах сына. Увага яе да Надзі была бачна, як кажуць, няўзброеным вокам. Да таго ж адразу ўгледзеў Віталь і прыкметы будучага папаўнення іхняй сям’і яшчэ ў гэтым годзе: Надзя была цяжарная. Зрэшты, апрача яе, у кватэры №7 паявіўся яшчэ адзін новы насельнік – раскошны сібірскі кацяра, якога Віталь спярша прыняў за скульптурку. Матрос, а так звалі ката, нерухома ляжаў на сакрэтніку колішняй майстэрні Івана Антонавіча, сярод гіпсавых фігурак, акурат пад іх колер. Між іншым, у майстэрні-музеі і цяпер было ўсё па-ранейшаму: гэтак жа праўдападобна стаялі на дыбках коні, пагрозліва замахваліся мячамі і дзідамі старадаўнія вершнікі, вусцішна крывілі свае морды ўсялякія цмокі і пачварыны з жаночым абліччам… І на ўсё гэта з векавечнай жальбай пазіраў падвешаны ў прасценку пад самую столь раскрыжаваны за даўніною Лепшы Чалавек на Зямлі. Як напраўду беглі па целе Бязвіннага крывавыя цуркі-слёзы…
5
Калі Чалей прыбыў у інстытут першага верасня, то даведаўся, што заняткі на іхнім курсе пачнуцца толькі ў кастрычніку. Бо другакурснікаў, хто не служыў, па камуністычнай завядзёнцы кінулі на месяц на бульбу. Для “вайскоўцаў” жа рэктарат запланаваў у гэты час падрыхтоўчыя лекцыі і практычныя заняткі.
Тут немалаважна зазначыць, што ў той год урад вялікай краіны нарэшце прыняў разумную пастанову: не прызываць студэнтаў у войска пасярод вучобы. Больш за тое, ваенкаматам загадным парадкам прапаноўвалася адазваць са службы нават тых, хто марнаваўся там усяго толькі год. З гэтае прычыны адразу ўзнікла недарэчная сітуацыя: зноў прыбыўшыя навучэнцы ВНУ мусілі трапляць ва ўжо поўнасцю сфарміраваныя групы, студэнты якіх выслабаняць месцы аніяк не збіраліся, паколькі былі вызвалены памянёным загадам ад вайсковае службы. Прыйшлося арганізоўваць дадатковы лекцыйны паток, які складаўся з адных “вайскоўцаў” і ўсе астатнія чатыры гады даймаў выкладчыкаў сваёй нядбайнасцю да вучобы. Толькі некаторыя са зноў прыбыўшых “разбавілі” на другім курсе раней сфарміраваныя групы.
З пачаткам падрыхтоўчых лекцый і сустрэліся колішнія аднагрупнікі: прыйшлі жывыя-здаровыя Бывалы, Каржаметаў, Жаўновіч і многія з тых, хто прызываўся разам з Чалеем. Але чалавекі тры-чатыры на заняткі ўсё ж не з’явіліся. Як высветлілася пазней, хтосьці вырашыў кінуць інстытут, хтосьці перавёўся на завочны факультэт, а хтосьці, спакушаны адносна буйнымі грашыма, застаўся ў войску на звыштэрміновую службу.
Вучыліся хлопцы не дужа рупліва – больш балявалі па інтэрнатах, шынках і піўнушках горада, святкавалі вольнае жыццё або вяртанне кагосьці з новых “вайскоўцаў”. Дарэчы, прызваныя год таму ранейшыя аднагрупнікі Чалея пачалі прыбываць у родныя пенаты толькі ў сярэдзіне верасня. Першым заявіўся падужэлы Пашка Краснюк. Яго кумір Сашка Дубель, відаць, затрымліваўся. З ранейшай жа сваёй групай хлопцы не падтрымлівалі асаблівых сувязяў, бо, апроч дзяўчат і Гарэвіча, там спрэс былі новыя людзі – студэнты, што два гады таму адслужылі і занялі іхнія месцы. Словам, шмат чаго пераблытала ў інстытуцкім жыцці ўзгаданая адтэрміноўка для навучэнцаў ВНУ прызыўнога ўзросту.
Хаця студэнты чацвёртых-пятых курсаў распачалі семестр у верасні, Віталь не прыкладаў намаганняў адшукаць былога прыяцеля Максіма Гарэвіча. А справы ўсяго было – завітаць у інтэрнат ці знайсці месца заняткаў Максавай групы па распісанні, якое заўжды вісела перад дэканатам. Але ж пазбягаў Чалей не так спаткання з Гарэвічам, як з Ірынай Варанец. Хлапчына не раз спрабаваў апраўдацца перад сабой, мысленна вынаходзячы ўсялякія прычыны адтэрміноўкі непазбежнай сустрэчы. Да прыкладу, што Макс за два гады перабраўся ў іншы інтэрнат, што ён, магчыма, і наогул не вучыцца ў інстытуце, што змяніліся нумары груп, і Віталь не адшукае ні Макса, ні Ірыны па распісанні… Усё было лухтой, баязлівымі адгаворкамі, і хлопец добра гэта разумеў. Пазбягаючы гнятлівых думак, зноў і зноў акунаўся ён у віхор студэнцкага гульбішча, тапіў моташнасць у піве і гарэлцы, зацята распуснічаў, прамантачваў бацькоўскія грошы… Дарэчы, у верасні атрымаў Віталь і свае законныя – стыпендыю за ліпень і жнівень. Але іх хапіла адно каб разлічыцца з наробленымі за лета пазыкамі на пітво і жанчын.
І вось аднаго разу, ужо ў дваццатых чыслах пагодлівага верасня, курыў Чалей перад расчыненым насцеж акном інстытуцкага калідора падчас перапынку ў атачэнні былых сваіх аднагрупнікаў. Гаманілі, паплёўвалі на цэментную падлогу. Раптам сярод сябрукоў усчалося варушэнне, а за спінамі найбліжэйшых суседзяў па імправізаванай курыльні Віталь пачуў воклічы прывітання і плескачы па плячах і далонях…
То завітаў урэшце ўласнай персонай Сашка Дубель: навамодна апрануты, фанабэрысты, з заўсёднай сваёй блазнаватай ухмылкай – акурат цывільны чалавек. І следу на ім не было армейшчыны. У адной руцэ трымаў гэты зух паўпустую пляшку піва і, рукаючыся свабоднай далонню з прыяцелямі, раз-пораз хвацка прыкладваўся да бутэлькавага рыльца. У прамежках піцця Сашкаў рот вадаспадам вывяргаў нязводныя свае байкі, прымаўкі, жарцікі і ўсялякія пошлыя трапнасці ды дасціпнасці. Паздароўкаўся з ім і Віталь, аднак хутка быў адцеснены ўзрушанымі хлопцамі, якія прагнулі засведчыць сваю пашану першаму балабону і залётніку факультэта, запанібрата паляпаць яго па плячы, паслухаць плёткі-расповеды.
– Ты, бачу, выглядаеш слаўна, – даносілася да Чалея гамана Шумакова-Бывалага. – Не раўнуючы з курорта!
– А ты думаў! – крыўляўся Дубель. – Служы ды не заслужвайся! Салдат спіць – служба ідзе.
– Дзе служыў? – чуўся цёпла-ліслівы голас Краснюка.
– Дзе служыў – там мяне няма, – аджартоўваўся Сашка. – Мы тутака патрэбныя. Інжынер – цвет нацыі! Ха-ха! А падлогу хай другія шаруюць!
Ад гэтых слоў Чалею раптам зрабілася прыкра. Чаму ён, Віталь, ірваў жылы на дзяржаву два гады, а гэты ветрагон унікнуў такой долі ды яшчэ выхваляецца?! У гневе вырашыў быў ужо Віталь адысціся, каб не слухаць гэтыя плявузганні, як знячэўку разанула па вуху адна Сашкава фраза.
– Ну, малойчыкі, калі да Варанец у госці выпраўляемся? – выкрыкнуў Дубель на ўвесь калідор святое для Чалея прозвішча.
Віталь напяўся ўсёй істотай і мімаволі падаўся ў бок прамоўцы.
– З якое нагоды? – пытаўся нехта.
– А нагода, брат, будзь здароў! Яшчэ якая нагода!
– Годзе цягнуць, расказвай!
Чалей з трымценнем чакаў маючыя вылецець словы.
– Замуж выйшла! На адведзіны запрасіла ўчора! Сустрэліся неспадзеў…
Віталь нібы атрымаў абухом па патыліцы. Цела ўвобмірг разабрала ліпкая млосць, увушшу загуло сапсаваным радыё.
– Вось дае!.. Малайчына!.. Калі?.. За каго?.. – няпэўна ўжо даносіліся разнастайныя галасы да Чалея.
Ён рабіў неймаверныя высілкі ўзяць сябе ў рукі.
– У ліпені вяселле ладкавалі! Муж, здаецца, былы студэнт філфака… У гэтым годзе скончыў. Яны цяперака ў ягоных бацькоў жывуць... – не сунімаўся Сашок, адну за адной выкладваючы балючыя для Віталя падрабязнасці.
Далей цярпець было немагчыма! Віталь насілу стрымаўся адразу ж не рынуцца на Дубеля, не надаваць яму кухталёў. Як смее гэты слімак, з першагодкаў, якіх яшчэ тры месяцы таму Чалей ганяў па казарме, як тараканаў, кранацца сваімі бруднымі лапамі самага святога і запаветнага ў Віталевай душы?! Собіла ж яму прыперціся сюды! Вечны знаўца! Баба-пляткарка! Хлюст!.. Сціскаючы кулакі, у нямым утрапенні пацёгся Чалей да лесвіцы – далей ад аднагрупнікаў, якія шчыльна атулілі Сашку і, відаць, змаўляліся ўжо аб часе наведвання Варанец. “Цяперака – пэўна не Варанец! – з мазахісцкай асалодай верадзіў рану Віталь. – Добрасумленная мужава жонка! У, трасца на маю галаву!..” – хлопец плюнуў на падлогу, напаўголасу брыдка вылаяўся.
Пры ўсім сваім ачмурэнні аддаляўся ад аднагрупнікаў Чалей ціха і нетаропка: яму ўсёй душой хацелася не прыцягнуць да сябе іх увагу. Бо нічога недарэчнейшага, як заявіцца яму да маладажонаў дамоў, уявіць было немагчыма. Ужо ў двух кроках ад праёма на лесвічную клетку душу небаракі страсянуў рэзкі вокрык:
– Віталя! Ты куды? Пачакай! – гэта Кастусь Жаўновіч згледзеў яго з пятнаццаціметровай адлегласці.
Чалей быццам напраўду адчуў, як дзесяць пар вачэй засвідравалі яго спіну. Не азірнуўся, але і не дадаў кроку – як не расчуў. І толькі калі збочыў на сходы, віхрам ірвануў уніз. Раптам гэтаму недарэку Жаўновічу стукне ў галаву яго даганяць! Бязглуздая істота! Вечна шчэміцца не ў свае справы!
На лесвічнай клетцы Віталь, не гледзячы перад сабой, груба расштурхваў студэнтаў. Выскачыў на інстытуцкі двор і паплёўся дадому. Праўдзівей сказаць, яму ўсё роўна было, куды зараз ісці. Але ногі па звычцы збочылі ў стары квартал і неўзабаве прывялі да роднага пад’езда. Гэтак жа машынальна рука намацала ў кішэні ключы, адперла знаёмыя дзверы. Не разуваючыся, у жалобнай паныласці пасунуўся хлопец у свой пакой, злосна бразнуў дзвярыма, кінуўся на тахту ніцма.
6
Усё, чым жыў Віталь апошнія два гады, было бязлітасна зруйнавана нахабнікам Дубелем. “Вучыўся б ён так, як плёткі збірае! Гад!” – лаяў у шаленстве Чалей невінаватага, у прынцыпе, Сашку. А насамрэч абараняў сябе… Гэтага найлюбімейшага Сябе, які толькі адзін і быў ва ўсім вінаваты. Прызнаць гэта было гэтаксама жахліва, як і непазбежна. Таму што ён, менавіта ён, Чалей, і адпрэчыў калісьці чыстае дзявочае каханне. Як баязлівец, здраднік, пазбягаў Ірыны, можна сказаць, зняважыў яе. Бо гэта ён, доўбня Чалей, не напісаў Варанец аніводнага разу з войска, а пасля вяртання хаваўся ад яе ў распусце і п’янстве. На каго ж ён крыўдуе? На Іру, для якой ён цяпер шалудзівага сабакі родзіч? На Дубеля, які тут збоку прыпёку? “Забойца кахання, подлы забойца!” – асяніла Чалея адчайная думка.
У гэты момант сястра Алена, якая ўчула з кухні прыход брата, але так і не дачакалася яго на абед, нясмела расчыніла дзверы Віталевага пакоя.
– Прывітанне…
Ні слова ў адказ. Чалей у абутку, тварам у падушку, нерухома ляжаў на тахце.
– Мо здарылася што? Гэй, як справы? – спагадліва запыталася Алена.
– Лепш не бывае… – данеслася прыглушанае падушкай мыканне брата.
– Абед разаграваць?
– Накармілі ўжо, дзякуй Богу! – буркнуў Чалей.
– Дык падаць што, можа, прынесці? – не ўразумела сітуацыю разгубленая Алена.
– Ладна, зрабі мне адну паслугу, – паблажліва згадзіўся брат.
– Якую? – адгукнулася дзяўчына.
– Зачыні дзверы… з таго боку. І наогул, займіся нотамі, непасрэднай сваёй справай! – злосна выпаліў брацельнік і павярнуўся тварам да сцяны, а задам да сваёй госці.
– Ненармальны, – адно і прамовіла нязвыклая апошнім часам да падобных адносінаў Алена. Збянтэжаная, выйшла вон.
…Каля пяці гадзін вечара, яшчэ да прыходу бацькоў з работы, не ў гуморы выбраўся Чалей на двор. Спусціўся па сходах з пагорка і рушыў наперад. Ішоў, не разбіраючы дарогі: брыў па знаёмых, затым – нязнаных дварах і правулках, наўскос перасякаў тратуары і праезджыя часткі… Расхрыстаны, замаркочаны, змучаны шчымлівымі думкамі і ўспамінамі. Але і шпаркая хада, і свежае прахалоднае паветра не пазбавілі яго душэўнай пакуты: хваравітай дамінантай над усёй рэчаіснасцю панавала нечаканае замужжа Ірыны Варанец.
Неяк няўзнак міналіся жылыя кварталы, і здзівіўся Віталь, што стаіць ён ужо ў парку, акурат на сцяжыне да ракі, па якой не раз крочыў улетку ў шумлівых кампаніях. “Весела было?” – уеў сам сябе Віталь. Але неадольная сіла цягнула яго па амаль пустэльным восеньскім парку да рачной стромы. Толькі дзе-нідзе, між дрэў, віднеліся выгульшчыкі свойскіх сабак.
Чароўнай прыгажосці краявід ляжаў пад абрывам. У логу, у барвах нізкага сонца, красавалася магутная рака, цёмнымі і светла-блішчастымі адценнямі выяўляліся па ўсёй яе шырыні ямы, водмелі, перакаты. Велічная, такая непадобная на летні свой выгляд рака, вычварныя цені на берагах ад навіслага над ёй парку. І хаця вечар быў надзіва пагодлівы і не па-вераснёўску бясхмарны, велічная жальба падрыхтаванай да асенняга памірання прыроды кальнула Чалеева сэрца. Хутка, зусім хутка адыдзе ўсё, што нядаўна цешыла яго тут і лагодзіла: буянне зеляніны, цёплы жаўтлявы пясочак, блакітныя хвалі, бойкае сонечнае праменне, зграбныя, пад вузенькімі купальнікамі, дзявочыя целы… А з імі і Варанец – прывід, няспраўджаная яго мара… “Няспраўджаная?! Ну не – дудкі! – раптам паўстала супраць гэтага азначэння ўся Віталева істота. – Паглядзім!” Нібы за танюткую нітачку паветранага шарыка панічна схапіў хлопец адыходзячае ад яго жыццё. Бо без Ірыны не ўяўляў ён сабе ні гэтых вячыстых дрэў, ні пажоўклых зарэчных лугавін, ні горада, асобныя раёны якога ўжо люстраваліся ў рацэ вечаровымі агеньчыкамі.
І ўсё ж на шляху дадому цягучая меланхолія завалодала душой Віталя. Начыста забытая за гады вайсковай службы (там пераважалі звярыныя інстынкты самазахавання) туга-нудота абцяжарвала хаду, нязводна ціснула сэрца. Нават вячэрнія гарадскія краявіды, якімі нядаўна так захапляўся Чалей, зараз раздражнялі яго сваім хараством. Прахожыя падаваліся вульгарнымі і мітусліва-дакучлівымі, грамадскі транспарт – шумным і смуродным. Ад вясёлых святлафораў смылелі Віталевы вочы. Асабліва балюча ўспрымаў хлопец сустрэтыя пары закаханых: прылюдныя абдымкі-пацалункі, какетлівы смех дзяўчат і гучны рогат кавалераў спараджалі ў глыбінях душы Чалея такую прорву маркотных асацыяцый, што хацелася выць дзікім зверам. Ён міжволі ненавідзеў гэтых самазадаволеных самцоў і самак, пераносіў сваю пустату на іхняе юрлівае шчасце, падстаўляў сябе на іх месца, прымітыўна зайздросціў. Ненавідзеў несправядліва, дробязна, хваравіта.
Самотна трываць гэткую пакутлівую ношу было неймаверна цяжка, і не раз ужо падмывала Віталя пазваніць Свату: дастаць гарэлкі. Спаліць тужлівыя думкі “вогненнай”, а затым атабарыцца нанач у кагосьці са сваіх прыяцелек! Хаця б да наступнай раніцы пазбыцца агіднай, тамлівай меланхоліі. Што можа быць прасцей? Але кволы, заглушаны жывёльнымі жарсцямі голас розуму былінкай прарастаў у прорву восеньскага змяркання. Ён прасіў піць, ён прагнуў спакою і ўрадлівай глебы… І паступова разумеў хлопец, што рана ці позна павінен ён, толькі ён сам, асвятліць душэўнае сваё цемрыва. Што насампраўдзе не хоча ён зараз нікога бачыць.
…Буркнуўшы на хаду прывітанне маці, шуснуў Чалей у свой пакой. Ізноў кінуўся на тахту. Праўда, цяпер – тварам да столі. Дзіўна, ён не еў, не піў з самага ранку, але не адчуваў ні смагі, ні голаду. У роце было, нібы ў памыйніцы. Не ўключаючы таршэр, намацаў кнопкі радыёпрыёмніка. Шчоўкнуў: у эфіры скавытаў прарэзлівы голас тэнара. Ён, нібы мячом, паласнуў па знясіленым пакутай і нястачай калорый і вітамінаў Віталевым мозгу… Бядак шчоўкнуў яшчэ: нейкі, відаць, сыты і самадастатковы гумарыст вытанчана здзекаваўся з адсутнасці ў дзяржаўных крамах самага неабходнага; яму жыва адгукаўся рогатам натоўп сапраўды аблапошаных наменклатуршчыкамі слухачоў… З агідай да гэтага фарсу Віталь перашчоўкнуў далей: бадзёры галасок дыктаркі вяшчаў аб 99-працэнтным зборы па рэспубліцы бульбы, абяцаў неўзабаве выйсці на 100-працэнтны паказчык… Чалей злосна вытаргнуў электрашнур з разеткі. Уключыў святло і паспрабаваў чытаць: замежны дэтэктыў, ад якога яшчэ ўчора няможна было вачэй адарваць, зараз здаваўся пошлым і прымітыўным, праблемы ягоных герояў – лялечнымі і надуманымі… Адкінуў кнігу.
Віталь пракачаўся ў нудзе хвілін пяць. Затым саскочыў з тахты, ірвануў да пісьмовага стала і дастаў з шуфляды змайстраваны днямі з алоўка, іголкі і ватнама дроцік. Люта шпурнуў ім у дзверы. Снарад бжыкнуў і роўна ўвайшоў у драўніну. Ад гэтага неспадзявана палягчэла на душы. Хлопец кінуў яшчэ пару разоў: маленькая дзіда, сакавіта ўтыкаючыся ў драўніну, нібыта здымала з яго адмоўную энергію. Чалей ухмыльнуўся, узяў у сакрэтніку мастакоўскі вугельчык і нарысаваў на бялюткіх дзвярах некалькі канцэнтрычных акружнасцяў. У цэнтры, размажджэрыўшы рэшткі вугалю, паставіў густую кропку. Затым адышоўся да акна і пачаў зацята цаляць у яблычак. Кідаў да знямогі, блазнавата, на мяжы вар’яцтва, шалеў з-за кожнага промаху. Але і гэтага яму было, відаць, мала: выцягнуўшы з тумбачкі стос падараваных кагадзе Грышкам замежных каляровых часопісаў з аголенымі дзеўкамі, Віталь узяўся акуратна выразаць адтуль фотаздымкі і расклейваць імі дзверы. Часопісаў было шмат, і таму дзеля эканоміі месца хлопец вылучаў толькі самае каларытнае – тугія азадкі і пышныя грудзі… Затым не меней як гадзіну амаль з нянавісцю шпурляў лялечнай сваёй зброяй у гэтыя “вартасці”… Ён не саромеўся свайго занятку, ён нават хацеў, каб хтосьці з дамашніх завітаў да яго, зрабіў заўвагу, папракнуў, вылаяў… А тады ўзняць скандал, дэбош, лямант, перанесці свой кепскі настрой на блізкіх, зрабіць ім балюча… О, як часта выкарыстоўваем мы падобны прыём! Але бацькі, напэўна, папярэджаныя Аленай аб няўцямных паводзінах іхняга сына, палічылі за лепшае пакінуць яго ў спакоі. І мелі рацыю.
Нарэшце, нацешыўшыся ўдосталь, Чалей паваліўся на тахту з рогатам. Як гэта ні дзіўна, бязглуздая, а для інтэлігентнага чалавека нават жахлівая забаўка з часопіснымі путанамі і дроцікам амаль цалкам разагнала роспачны настрой хлопца. Так, хітрамудры і незразумелы наш унутраны свет… Зрэшты, ямчэй тут будзе разбірацца псіхолагам. Мы ж толькі можам засведчыць, што праз дзесяць хвілін Віталь устаў з ложка нават спакайнейшым, чым да таго подлага з’яўлення Дубеля ў інстытуцкім калідоры. Разважнымі, упэўненымі рухамі ён паслаў на стале абрус, уключыў прас і пачаў шчыраваць над вынятымі з шафы штанамі. Гэтаксама старанна адпрасаваў і кашулю. Пасля прымераў новыя, ніразу не абуваныя туфлі… Затым карпатліва пагаліўся, з асалодай прыняў душ, заправіўся нанач бутэлькай кефіру з паловай батона і а другой гадзіне ночы заснуў маладзецкім сном.
– Што гэта з ім? – шапталіся тым часам у бацькоўскай спальні.
– Эх, маці, мне б яго праблемы! Страсці-жарсці, “люблю – не люблю!” – хіба не гэтым сілкуюцца нашыя душы?..
– Ну, знаеш, яшчэ насілкуецца, што ўсё жыццё разграбаць будзеш…
– А што ёсць жыццё? Міг, навальнічны сполах…
– Ат, заладзіў мудраваць! Дня яму не стае… За сына б лепш турбаваўся…
– А яму мае турботы – як сабаку пятая нага. Грошы толькі падавай – а ў пітве-каханні мы й самі не зломкі.
– Што ж ты мне гэта кажаш, яго ўпікні! А то добранькім хочаш быць…
– Яно так, але кожнага разу, збіраючыся даць яму прачуханца, чамусь прыгадваю сябе… у гады маладыя. І, верыш, язык захрасае ў роце.
– Ну, зачні яшчэ ўспамінаць штукарствы свае ды залёты! А я паслухаю…
– Эх, мілка, эгаістычныя мы істоты: усё на сваю шкуру пераводзім… А каб увогуле, прынцыпова шырока…
– “Увогуле!” А есці ты заўтра зранку ўвогуле ды ў прынцыпе папросіш? Не еў бы, калі разумны такі!
– Ат, загнула!
– Дабранач.
7
У дзевяць гадзін раніцы наступнага дня Віталь Чалей шыбаваў па інстытуцкім калідоры ў бок дэканата. Рукі яго былі пустыя, і, акрамя ахайнага знешняга выгляду, пабочны назіральнік не заўважыў бы ў ім анічога адметнага, не выявіў бы на яго твары якіх-небудзь надзвычайных перажыванняў. Яно і насамрэч было так, бо ўсім асноўным Віталь перахварэў яшчэ ўчарашнім днём, які, нагадаем, ён завяршаў шпурляннем дроціка ў дзверы ўласнага пакоя.
Чалей запыніўся перад насценным распісаннем заняткаў чацвёртага курса і хутка вылучыў з яго цікавую для сябе калонку. Нетаропка, як мае быць перапісаў у блакнот карпусы і аўдыторыі заняткаў былой сваёй групы. Яму пашанцавала: чацвёртакурснікі вучыліся на першую змену. Праўда, названая група сёння займалася ў даволі аддаленым ад дэканата корпусе. Але тое не дужа засмуціла Чалея, бо гэты дзень, а магчыма, і ўсе астатнія дні падрыхтоўчых заняткаў ён планаваў прысвяціць вырашэнню сваёй асабістай справы. Што пытанне з Варанец павінна быць разблытана, Віталь не сумняваўся з учарашняга вечара. Дарэчы, адно прыняўшы канчатковае рашэнне змагацца за сваё каханне, ён здолеў тады заснуць бестурботным сном. Барацьба за Ірыніну прыхільнасць сталася з таго моманту асноўным сэнсам яго далейшага існавання, сілкавальнай крыніцай жыццёвай энергіі. І калі не ў стане ён будзе вярнуць страчанае некалі каханне, то ўжо зрабіць Варанец палюбоўніцай хлопец сабе пакляўся.
І зараз, борзда крочачы пагодлівым вераснёўскім ранкам пад часткова пажоўклымі і зружавелымі клёнамі інстытуцкага гарадка да сваёй мэты, не адчуваў Віталь звыклага ў такіх выпадках унутранага трымцення. Модна пацёртая джынсоўка паверх рудой кашулі тапырылася ад хуткай хады і сустрэчнага ветру. Сэрца працавала без збояў, маладыя лёгкія забяспечвалі напоўніцу ўсе функцыі пругкага цела, а ноздры лавілі паэтычны букет восеньскіх пахаў.
...На трэцім паверсе, у вузкім калідоры перад лекцыйнай залай, было шматлюдна. Снаваліся дзецюкі, значна радзей мільгалі дзявочыя постаці. Праз адчыненыя дзверы залы таксама шасталі навучэнцы. Чалею пашэнціла патрапіць акурат на перапынак. Па незнаёмых тварах, паставах і павадках студэнтаў можна было меркаваць, што гэта старшакурснікі.
– Прабач, – Чалей дакрануўся да локця аднаго таўсматага хлопца, – група Максіма Гарэвіча – на гэтым патоку?
– Ёсцека такі фрукт, – ахвотна адказаў той. – Ды недзе тут ён. Глянь у аўдыторыі, а не – то дачакайся званка.
Даўшы слушную параду, хлопец адышоўся да купкі прыяцеляў, якія гулліва ўвіхаліся каля адной дзяўчыны. Каб не ацірацца сярод незнаёмых людзей, не маячыць у цэнтры калідора ды не быць да ўсяго неспадзеўкі заспетым Варанец, Чалей накіраваўся ў процілеглы бок, да акна. Зазірнуць у лекцыйную залу ён не рашыўся. Аднак на хаду яго нехта штурхнуў у лапатку. Віталь нервова азірнуўся і ўтыркнуўся нос у нос з колішнім сваім прыяцелем.
– Якія людзі! Вачам не веру! – Такі ж, як і раней, няўрымслівы Макс трос і паціскаў Чалееву руку. – А я ж бачу – спіна знаёмая! Хаця падужэў, размажнеў ты, браце…
– А ты амаль не змяніўся. – Віталь любоўна азіраў гэтага шалапута. Здавалася, што разлучыліся яны толькі ўчора. – У карты гуляеш?
– Яшчэ пытаешся!.. Ва ўсё гуляем!
У гэты момант бомкнуў званок, і студэнты нетаропка пацягнуліся да аўдыторыі. Не вагаючыся, Гарэвіч прапанаваў:
– Давай да нас, калі часу стае! Забяромся на “паддашак” – ды ў футбол, як калісьці! Га?
– Добра, – згадзіўся Чалей, паколькі асноўная мэта яго прыходу яшчэ не была вырашана. – А лектар як?..
– Памяркоўны.
Сябрукі змяшаліся з натоўпам і праніклі ў вялізную аўдыторыю. Узабраліся на самы верх. Хутка ўвайшоў пажылы лектар, усталявалася адносная цішыня. І хаця прысутных у аўдыторыі было досыць многа, найболей цікавая для Віталя асоба адразу кінулася яму ў вочы: Ірына Варанец развесіла сваю каштанавую шавялюру паміж двума плячыстымі хлопцамі ў левым аддаленым куце залы. Каб адарваць занадта ўважлівы позірк ад валасоў, зграбненькіх плечукоў, далікатнай кісці, якая падпірала пахіленую галоўку валадаркі ягонага сэрца, Чалей мусіў падключыць магутныя ўнутраныя рэзервы.
– Як маешся? – любоўна выводзячы загагуліну на клетачнай паперы, спытаўся Макс.
– Ніштавата. На курсах цяперака… Падрыхтоўчых.
– А я яшчэ з нашых нікога не бачыў. Толькі тыдзень як у горадзе…
– Што так?
– Ат, а куды спяшацца? У нас цяпер на азёрах сама карась ідзе. Я ведаеш колькі насушыў! Прыходзь піва піць.
– Гэта з ахвотай. – Віталь якраз паставіў на папяровым полі даволі цяжкую задачу свайму саперніку. – А дзе ж ты прытуліўся, што ніхто з хлопцаў пра цябе не ў курсе?
– Э, гэта самае цікавае пытанне, – адказаў Гарэвіч, азадачаны Чалеевым футбольным ходам. – Інтэрнат новы тут у нас пабудавалі, каля педвучылішча. Нумары – люкс! Збольшага для сямейных. Ну і я, так бы мовіць, ушчаміўся… З сёлетняе вясны і жыву.
– А я яму, прахвосту, на стары інтэрнат лісты дасылаў!
– Табе штрафны! – Макс з задавальненнем адмераў адзінаццаць клетак у бок Віталевых варот. Затым дадаў легкаважна: – А адрас твой я згубіў недзе… Паўгода як.
Наступныя некалькі хадоў прыяцелі зрабілі моўчкі.
– А чаго я нікога з нашых дзяўчат не бачу? – часткова схітраваў Чалей, бо на адну дзяўчыну ён якраз пазіраў краем вока. Дарэчы, гэта вельмі замінала яму як след засяродзіцца на гульні: Гарэвіч увачавідкі цясніў яго і нежартоўна пагражаў голам.
– Ірынка – вунь яна. – Макс прастадушна ўказаў на Варанец аўтаручкай. – А астатніх і не можаш бачыць…
– А што так?
– Павыскаквалі замуж, кінулі вучобу ды, як той казаў, заняліся асноўнай сваёй справай… Хе-хе. Зрэшты, Ларыса перавялася на завочны.
– Але, час ідзе…
– Ага, ідзе-ідзе… Табе – гол! – Гарэвіч па-блазенску зардзеўся радасцю.
Віталь з прыкрасцю разглядаў аркуш. Але злавала яго не так гульнявая прамашка, як наступная акалічнасць: адзін з дзецюкоў, суседзяў Варанец па парце, пастаянна хіліўся і туліўся да дзяўчыны. Мусібыць, баяў нешта пацешнае, бо тая стоена і какетліва хіхікала.
– У вас яшчэ колькі заняткаў? – як між іншым запытаўся Віталь у прыяцеля.
– Адна лекцыя тут жа. Так… лухта. Можна і не хадзіць.
Увесь астатак лекцыі Чалей засяродзіўся на футболе і нашпурляў-такі саперніку ладную колькасць галоў. Яны нават не выходзілі праветрыцца падчас пяцімінутнага перапынку. Разам з тым не забываліся апавядаць пра сябе, а Віталь – яшчэ і паслядоўна выпытваць пра Варанец цікавыя толькі яму падрабязнасці. Аднаго разу, забыўшыся на асцярожнасць, кінуў:
– А мужык ейны – што за тып?
– Ды ходзіць пагудка, што з наменклатуршчыкаў ён – сынок таткаў.
– Гэта як?
– А так, – усміхнуўся Макс. – Паспрабуй вось пасля інстытута адразу ў міністэрства ўладкавацца!
– А-а…
– Дый машыну паспрабуй сваю займець. Колькі разоў гэтай вясной бачыў, як Варанец “жыгулёнак” новы забірае…
Пасля такіх слоў Віталю чамусьці зарупела спытацца і пра знешні выгляд цяпер ужо ненавіснага Ірынага мужа. Зрэшты, своечасова адумаўся. Да таго ж у хуткім часе званок абвясціў заканчэнне лекцыі.
– Заставайся яшчэ на гадзінку. – Гарэвіч яўна хацеў адыграцца. – А тады да мяне завітаем – пагамонім, піўка…
– Іншым разам, справы… – адгаворваўся Чалей, спускаючыся па сходах да выхаду з аўдыторыі. – Мо заўтра загляну. Вы дзе займаецеся?
– Тут недалёка, у трыста семнаццатай дзве лекцыі.
– Ну і выдатна… – У гэтую секунду ў Віталя заняло дух, бо за дзвярамі яны ледзь не ўткнуліся ў Ірыну: дзяўчына пазірала Чалею проста ў вочы.
– Прывітанне. – Набраўшыся смеласці, Віталь пасунуўся ў яе бок.
– Дабрыдзень. – Варанец ва ўсёй сваёй невыказнай прыгажосці стаяла ад яго ў трох кроках. У руцэ яна трымала невялікую скураную сумку. Паверх шаўковай кофтачкі на Ірыне быў незашпілены шэры, у чорную падоўжную палоску, жаночы пінжак. Прасторныя вельветавыя штаны навамодна апускаліся на таўстаносыя бурыя чаравікі – ледзь не падмяталі падлогу… Якая непадобная яна была вонкава на ранейшую строгую першакурсніцу! Пад шырокімі вопраткамі Варанец угадваліся буйныя формы сталай жанчыны. Позірк карых вачэй гарэзным агнём працінаў Віталя. Лёгкі калідорны скразняк кудлаціў раскошныя пасмы валасоў. Ва ўсёй Ірынай паставе свіцілася ўпэўненасць, якая, найхутчэй, паходзіла ад усведамлення сваёй пекнаты і здольнасці годна трымацца ў любых жыццёвых варунках.
Ірына працягнула Чалею правую далоньку. Ашчадна паціскаючы часцінку мяккага, далікатнага ейнага цела, Віталь адзначыў, як пацякла перададзеная ад Ірыных пальцаў гарачыня па яго каравай руцэ, пералілася праз грудзі, пеканула нутро жывата і аддалася ў нагах салодка-дрыготкай кволасцю. З прыліку не мог ён затрымліваць у далоні гэтую радасць больш за некалькі секунд. А, дальбог, трымаў бы бясконца. Хай гэтую, правую, з заручальным пярсцёнкам, далоньку… І пры гэткім вадаспадзе вострых пачуццяў вымушаны быў Чалей майстраваць на сваім твары калі не абыякавы, то досыць нейтральны і стрыманы выраз.
Усё гэта – беглыя позіркі, прывітанне, рукапацісканне – доўжылася якое імгненне. Але ж і яго было замнога Чалею, каб зразумець Ірыніну да яго прыхільнасць. Невытлумачальны феномен, які тым не менш мае месца ў нашым жыцці. Па незразумелых нават сабе прыкметах беспамылкова ўгадваюць закаханыя сустрэчны агонь альбо, наадварот, ледзяную сцяну непрыязнасці. Мабыць, досыць і адной толькі іскрынкі ў дзявочых вачах, адной жарынкі-інтанацыі ў голасе, каб запаліць надзеяй, залыгаць мужчынскае сэрца.
Не, тое было не каханне. Не такі ўжо наіўны Віталь, каб зараз на яго спадзявацца. Гэта толькі эківок, знак, кароткае, але трапнае: “Я не супраць”. Так, адзін гэты намёк здатны караць смерцю або літаваць і вымушаць апантана спяваць чалавечую сутнасць. Якая жанчына! Ніводная, цягам двух гадоў, бойкая мроя Віталя Чалея і блізка не дасягала сапраўднасці, не была вартая і каліва дзявоцкай красы і вабнасці, пяшчотнасці зманлівай усмешкі Ірыны. Тая прыгажосць, якая на першым курсе ў асноўным бянтэжыла хлопца, ставіла пад сумнеў ягоную мужчынскую да яе прыдатнасць, пужала, засцерагала ад неабачлівых крокаў, цяпер, наўсперач, распаляла нераскрытыя памкненні душы і жадункі плоці, цягнула да сябе неадольна… І Чалей рынуўся ў атаку: не пошла-павярхоўна, не пахабна-бяздумна, а ўсім збалелым, натомленым змушанай разлукай сэрцам…
Але, перш чым ён раскрыў рот, занадта працяглае маўчанне перарваў Гарэвіч.
– Вы, я бачу, адно аднаго пазналі, – усміхнуўся Макс. – Ну, гаманіце, расказвайце, а я перакуру пакуль.
Ён ужо быў гатовы змяшацца з натоўпам каля курыльні, калі Варанец аклікнула яго:
– Макс! Пачакай хвілінку…
– Так… – Гарэвіч павярнуўся і жартаўліва састроіў на сваім твары поўную ўвагу.
– Ты да канца сядзець будзеш?
– Прынамсі, першую гадзіну. А што?..
– Мне тут дамоў трэба. То ты прыкрый, калі што…
– Ат, знайшла клопат! І не прасі – здам з патрахамі.
– Балван! – толькі і адказала на гэты жарт Варанец.
А хударлявая Максава постаць ужо мільгала ў гушчы студэнтаў.
Не змаўляючыся, Віталь з Ірынай адышліся ў адносна зацішнае месца, прытуліліся да сцяны.
– А ты зусім дарослая цепер, нейкая новая... – не прыдумаў нічога лепшага Чалей, калі сустрэўся з Варанец вачыма. – Мо і загар цябе мяняе…
– А што – так прыкметна? – Ірына паглядзела на кісць сваёй рукі. – Гэта я ў жніўні ў Сухумі адпачывала… А кажуць: паўднёвы загар нетрывалы, на некалькі тыдняў.
“З мужам – мядовы месяц. Няблага!” – мімаволі падумалася Віталю. Аднак уголас прамовіў:
– Проста я раней не бачыў цябе такой… Словам, загар добра пасуе да колеру тваіх валасоў… і вачэй.
Ледзь заўважны румянец выступіў на Ірыных шчоках.
– Я б цябе, мусіць, і не пазнала на вуліцы… Ва ўсякім разе, са спіны – дакладна: такі плячысты, каржакаваты…
– Рабіў багата: капай глыбей, кідай далей.
– Даставалася?
– Калі як: спярша мне, потым ад мяне… Ну а ты – што? – Віталь міжволі зірнуў на Ірын заручальны пярсцёнак.
Тая няёмка схамянулася.
– Ды я не ў гэтым сэнсе. Наконт замужжа – ведаю. Я пра інстытут, вучобу – чым жывяце?
– Як табе сказаць… Багата ўсяго прамінула, а згадаць – і нічога асаблівага… Ларыска з гэтага года – на завочным… Цяпер жа і групы былой усяго – я ды Максім.
– Але, няма таго, што ранш было… – Віталя чамусьці цягнула на выслоўі. – А памятаеш, як мы Новы год адзначалі? Ну і заваруха!
– Яшчэ пытаеш! Ледзь жывымі выдраліся!
– Ну, перабольшваеш… Так – адкараскаліся лёгкім перапудам.
– А помніш экзамен па матэматыцы, а “ТП”?..
Чалей помніў усё. Неўзабаве яны акунуліся ў лагодны акіян згадак і напамінаў, мінулых падзей і вобразаў, якія часцяком здаюцца прывабнейшымі за рэчаіснасць. Пры гэтым колішнія аднакашнікі нязмушана смяяліся, па-свойску дакраналіся адно да аднаго рукамі, незласліва пакеплівалі і іншае. Толькі адну, забаронную, тэму абачліва не закраналі ў час гутаркі хлопец з дзяўчынай – памятную нам гісторыю з цыдулкай, што змяшчала ў сабе любоўнае прызнанне. Так, многа б даў цяпер Чалей, каб не было таго эпізоду наогул.
У захапленні не хутка заўважылі яны, што стаяць адны ў пустым калідоры. Зірнуўшы на наручны гадзіннік, Варанец спахапілася:
– Вой, гэта ж мы ці не гадзіну балакаем!
– Ёсць аб чым, значыць…
– Так, але давай лепш у фае спусцімся. Вось-вось – перапынак… – Ірына надзяліла Віталя абаяльнай усмешкай, узяла за руку: – Хадзем.
– Ну, хадзем, калі хочаш… – Зрэшты, і Чалею не хацелася лезці ў вочы Ірыным аднакашнікам.
Яны жвавенька рушылі да лесвічнага праёма. Званок заспеў іх ужо на сходах. Дзіўна, у гэты момант праз расчыненую фрамугу на лесвічную пляцоўку другога паверха ўварваўся імпэт ветру, закінуў унутр будыніны некалькі зружавелых лісткоў явара, што рос за акном. Адзін з іх прыліп на імгненне да джынсоўкі Чалея. Ён міжволі злавіў яго на хаду рукой, затым сунуў у кішэню і надалей захоўваў той лісток засушаным паміж шыбамі сваёй кніжнай паліцы – як добры знак.
Калі збягалі па сходах, Віталь раз-пораз падтрымліваў Варанец за руку: далонь была вільготная і цёплая… У невялікім фае аказалася шматлюдна і тлумна, і яны падаліся да выхаду. На ганку Ірына сказала:
– Ну, мне дадому трэба. – Пры гэтым няпэўна хітнула галавой: маўляў, сам ведаеш – сям’я.
– Затое ў мяне абсалютная вольніца. Я цябе правяду.
На гэта Варанец здзіўлена ўзняла на яго свае вочы-азёры.
– Да аўтобуса, – паправіўся Віталь.
Абое паразумела ўсміхнуліся.
Уздоўж вуліцы восень гнала чароды апалага лісця. Неба было яшчэ блякла-блакітным, аднак шызая смуга ўвачавідкі завалодвала горадам, а парывы сіверу прадвяшчалі хуткае змяненне надвор’я не ў лепшы бок. Бывай, лета! І раптам падумалася Чалею, як адзінока і зімна пачуваўся б ён зараз на рэчках-вулках агромністага горада, калі б не спаткаў Ірыну: самотная казюля, пясчынка на сусветнай прасторы. Віталь з удзячнасцю паглядзеў на сваю спадарожніцу. Не перапыняючы хады, зірнула на яго і Варанец, ласкава ўсміхнулася:
– Ты што?
– Так, нічога… – Чалей збянтэжыўся. – Надвор’е харошае.
Астатнія пяцьсот метраў да аўтобуснага прыпынку ён не выраніў ні слова. Хаця па непрывычнай для закарэлай душы шчырасці рупела раскрыцца: уголас дзякаваць беламу свету, што ёсць гэтыя дзівосна парудзелыя каштаны наўсцяж дарогі, што ёсць аўтамабільны рух, пешаходы, кіёскі, што крочыць ён сярод іх ды яшчэ думае, марыць, спадзяецца… Дзякаваць Ірыне за тое, што не трымае яна на яго ні злосці, ні крыўды, усміхаецца яму, не вартаму валаска з ейнай галоўкі, што зычліва гаворыць з ім – цяпер грубым і распусным чалавекам…
8
Рэшткі верасня і кастрычнік Чалей штодня наведваўся ў Ірыну групу. Завітваў як бы няўзнак – пагаманіць з Максам, але кожнага разу хутка скіроўваў увагу на сваю прыяцельку. Яны зашываліся ў закуткі калідораў і падоўгу балакалі-буркавалі. Аб чым? Ды ім проста прыемна было знаходзіцца поруч і змест гаворкі ў такіх выпадках наўрад ці мае галоўнае значэнне. Неўзабаве яны перасталі таіцца ад Ірыных аднагрупнікаў і, бывала, забіраліся на апошнія парты лекцыйных залаў і разбаўлялі сцішанымі гутаркамі нудныя прамовы выкладчыкаў. Чалей, відаць, так прымільгаўся лектарам, што тыя натуральным чынам прымалі яго за свайго студэнта, а пару разоў і наогул, пад дружны смех аўдыторыі, пасылалі схадзіць да тэхнічкі па крэйду.
Між іншым, уласную вучобу Чалей закінуў начыста. Гэтаму не ў апошнюю чаргу спрыялі нястрогія, у параўнанні з “давайсковымі” часамі, патрабаванні інстытуцкай дысцыпліны. Перабудова спраўдзіла сваё прызначэнне: цяпер кожны студэнт быў сам сабе і кіраўнік, і загадчык – хоць хадзі дагары нагамі. І не было ўжо клопату дэканату, ці наведвае студэнт Віталь Чалей лекцыі або практычныя заняткі, ці здаровы фізічна гэты дзяцюк і што ў яго ў галаве. Ніхто не прымушаў больш месці апалае лісцё і скрэбці прылеглыя да інстытута тэрыторыі ад бруду, не наладжваў прымусовых камсамольскіх сходаў з іх ментарствам і паказухай. Словам, ніякія абавязкі, апроч месца правядзення заняткаў, не гуртавалі студэнтаў у цесныя суполкі. Дарэчы, ніводны былы Чалееў аднагрупнік не патрапіў у яго новую групу: прызваныя ў войска з другога курса (Краснюк, Дубель), зразумела, вучыліся цяпер на трэцім; прызваныя разам з Віталем – рассеяліся па новых месцах. Шумакоў з Каржаметавым і наогул “заляцелі” на “неармейскі” лекцыйны паток. З нашых знаёмцаў толькі адзін Кастусь Жаўновіч цяпер слухаў лекцыі разам з Чалеем, у суседняй групе.
Зрэшты, слухаў лекцыі Віталь не вельмі дбайна, а праўдзівей, нячаста туды наведваўся. Ён нават не мог запомніць пайменна астатніх адзінаццаць навучэнцаў новай сваёй групы, якая спрэс складалася з такіх жа былых вайскоўцаў – пераросткаў-аболтусаў. Гэтая дзіўная суполка збіралася ў адносна поўным складзе толькі на лабараторныя заняткі, бо з іх пропускам узнікалі нікому не патрэбныя праблемы. А іменна: прагуляў-прахварэў – сам дамаўляйся з выкладчыкамі аб адпрацоўцы ў іншых групах. Стараста новай групы, здаравенны дзяцюк-матрос, у абавязкі якога ўваходзіла пазначаць у журнале пропускі вучэбных гадзін, сам быў зацятым прагульшчыкам. А таго журнала Чалей на працягу семестра ніразу і не пабачыў… Карацей, нішто не змушала Віталя да руплівых заняткаў навукамі, акрамя зімовай сесіі на няблізкім даляглядзе. А яе ён цяпер не надта баяўся. Таму і прысвячаў час навучання збольшага асабістым справам, у якіх прасоўваўся, трэба сказаць, досыць удала.
У кастрычніку Віталь ужо не абмяжоўваўся гутаркамі з Ірынай у закутках інстытута і сціплымі праводзінамі яе да аўтобуснага прыпынку. Яны часцяком зрываліся з заняткаў і накіроўваліся ў гарадскі парк. Туляліся па самых аддаленых і пустэльных яго месцах. Там, пад рэдкай ужо заценню велічэзных ліп і разгалістых таполяў, царавала прыродная злагада. Парк нібы адпачываў ад летніх наведвальнікаў, ад шуму і мітусні марнага люду. Восень ткала жалобны дыван з чэзлага лісця. Паўз згалелыя хмызы далёка сягаў позірк, і можна было разгледзець, як самотна патанаюць у золкай смузе рухавыя колісь арэлі, як нібы навек здранцвелі коні і ракеты каруселяў, як нізкае сонечнае праменне выяўляе ўнутраную пустэчу білетнага шапіка… Як на ўзгорку, за ярам, чароўна і велічна высвечваюцца купалы паркавай царквы і званіцы. Над купаламі цягнуліся ў вырай чароды птушак.
З таго кутка парку не было відаць ракі, але лебядзіны ставок з дамком для сваіх жыхароў журліва адбіваў у закіданай лісцем вадзе пасматыя няветлыя воблакі. Лебедзі ўжо пакінулі летні прытулак і былі зараз, напэўна, недзе на шляху да мясцін з болей лагодным кліматам. Гэта прадвяшчала суровую зіму, бо іншым разам гэтыя велічныя птушкі рызыкуюць аставацца на зімоўку: пад выведзенай ля дамка каналізацыйнай трубой у не вельмі лютыя маразы тут утвараецца ладная палонка.
Віталь з Ірынай узбівалі нагамі варухлівую лістоту – хадзілі нацянькі, не разбіраючы дарогі… Альбо сядзелі поруч на прыбярэжных лаўках, задумліва пазіралі на прасветленую прымаразкамі ваду стаўка. Паўз караблікі лісткоў, што бязладна соўгаліся па воднай роўнядзі, заўважаліся паніклыя і распасцёртыя па дне водарасці, каменьчыкі і блішчастыя манеты сярод іх. Калі-нікалі лянівы вялізны карп вытыркаў над паверхняй сваю тупаватую пысу, каўтаў смешным ротам кісларод і грузна апускаўся ў недасяжныя для зроку глыбіні.
У працоўны восеньскі дзень тут можна было праседзець з гадзіну і не спаткаць аніводнага чалавека. Гэта было тупіковае месца парку. Далёка адсюль знаходзіліся і вінна-піўныя крамы, наведвальнікі якіх маюць звычку распіваць спіртное на свежым паветры. Таму не валяліся тут спустошаныя бутэлькі і пачкі цыгарэт… Рэдкае для горада месца! Яно, утоенае ад штодзённай сумятні, спрыяла душэўнай шчырасці, празрыстасці і непадробнасці думак. Напрыклад, заўважыўшы сярод белага дня цьмяны месяц у паднябессі, Чалей прастадушна радаваўся, натхняўся нечым летуценна-вячыстым і пачынаў распавядаць сяброўцы аб сваёй любові да прыродных з’яў. Гаварыў, што зорак болей за ўсё відаць на небе ў сцюдзёныя асеннія ночы, што зрабіў ён для сябе гэтае адкрыццё ў войску, калі стаяў у каравуле… Набрыўшы ў парку на амаль яшчэ зялёны магутны дуб, адразу прыгадваў уголас Віталь два дубы над хатай у сваёй радзіннай вёсцы: як адзін з іх, дуб-гультай, штогод пачынае зелянець роўна праз тыдзень ад другога, на столькі ж пазней скідае ў кастрычніку лістоту…
І Варанец слухала яго. Слухала ўважліва і нязмушана – Чалей адчуваў гэта. А дзе і каму яшчэ ён мог распавесці ўслых самае запаветнае, таемнае, дарагое? Тое, што ў шумлівай гурме моладзі ўспрымецца ў лепшым выпадку як недарэчнае глупства… Тое, чаго з-за празмернага гонару не адкрыеш ні сястры, ні маці… Тое, што губляецца і канае ў віры паўсядзёншчыны.
Хаця і прагульваліся яны заўсёды поплеч, і сядзелі на лаўках зусім блізка, Віталь не прыставаў да Ірыны з натуральнымі ў такіх выпадках абдымкамі-пацалункамі. Калі праводзіць, магчыма, і не надта трапныя жыццёвыя паралелі, Чалея можна было параўнаць са знясіленым дарогай бадзягам-вандроўнікам, які, дашчэнту згаладнелы, не кідаецца адразу на ежу, а толькі ўдыхае яе жыватворныя водары, успамінае пакутлівы шлях і дзякуе за паратунак Усявышняму… Альбо параўнаць з чуллівым хлапчуком, які ці не з месяц жыве чаканнем Навагодніх святаў, якія ў рэшце рэшт прынясуць яму адно разладдзе ў страўніку ад пераядання?
Тут, у парку, нашы героі маглі гутарыць аб пусцяковінах, а маглі і маўчаць ці не па пятнаццаць хвілін – ім усё было аднолькава прыемна і хораша. Віталя зусім перастаў бянтэжыць заручальны пярсцёнак на Ірынай руцэ, бо ўсё звязанае з ім падавалася цяпер проста весткай з іншага і нецікавага жыцця: і муж, і сямейныя забабоны-абавязкі. Распаленым уяўленнем пераносіў сябе Чалей у першакурсную вясну, а заадно – і Варанец, чыстую, сумленную, некранутую… Хваравіта мадэляваў гэты агрубелы за войскам тыпус няспраўджанае сваё каханне.
…Яны зблізіліся канчаткова, як і належыць дарослым людзям, толькі напрыканцы кастрычніка. Штуршком для таго паслужыў праліўны дождж, што заспеў Віталя з Варанец на тралейбусным прыпынку. Яны вярталіся з чарговай прагулкі па парку. Тралейбус занадта доўга не падыходзіў, і пад кволым навесам прыпынку стоўпілася вялікая колькасць народу. Віталь вымушаны быў адвесці сваю сяброўку пад вузенькі казырок суседняга газетнага кіёска. Сцюдзёны восеньскі дождж ліўся з гушчынёй летняй залевы. Нягеглая схованка не ўратоўвала ад порсткіх косых струменяў. Абое ўкрываліся пад невялічкім парасонам Ірыны. Давялося шчыльна прытуліцца адно да аднаго. Імкліва вечарэла, а тралейбус не падыходзіў. Мабыць, надарылася паломка на трасе… Праз пяць хвілін Віталь, не саўладаўшы з сабой, у прыцемку апантана цалаваў дзявочыя шчокі і вусны, моцна гарнуў да сябе і гладзіў зграбныя плечы, акунаў азяблы нос у раскошныя каштанавыя кудлы Ірыны… А яна адказвала яму цёплымі вільготнымі губамі – у шыю, падбародак, вусны. Казытліва, п’янліва, да ачмурэння соладка…
– Галубка мая, ластаўка, агеньчык мой зыркі… – здушана шаптаў Віталь у маленькія вушы, хціва глытаў пахі вытанчанай парфумы і свежага жаночага цела.
– Мілы, харошы мой коцік… – лілося ў адказ пяшчотным дзявочым голасам.
Яны не заўважылі, як апусцеў прыпынак. Потым, у час язды ў тралейбусе, закаханыя не абдымаліся болей, але неадрыўна, літаральна неадрыўна глядзелі адно аднаму ў вочы…
Назаўтра Чалей выпадкова ўчуў, што Жаўновіч збіраецца ў пятніцу ехаць дадому, і выпрасіў у таго ключы ад двухмеснага інтэрнацкага пакоя. Сужыцель Кастуся якраз гасцяваў дома да наступнага тыдня. Сам лёс спрыяў Віталю. У чацвер, адчаяўшыся змагацца з бяссоннем, ён праседзеў цалюткую ноч на кухні. Аднак зранку так і не быў упэўнены, ці асмеліцца прапанаваць Ірыне завітаць у інтэрнат пасля заняткаў. Як сказаць? Калі ямчэй? Як паставіцца Варанец да гэтай прапановы? Зрэшты, яны ўжо не падлеткі…
Віталь усяляк адцягваў гэты лёсавызначальны момант. Дарога, па якой ён нярэдка праводзіў Іру пасля заняткаў, пралягала акурат паўз інтэрнат. Чалей яшчэ адранку вырашыў, як той казаў, раскрыць карты на месцы. І вось, набліжаючыся цяпер да Кастусёвай “общаги”, з жахам адчуваў, як язык ліпне да паднябення. Пры тым пачуваўся, як апошні ліхадзей… Няўжо не адважыцца? Якая ганьба! Ну дудкі!
– Іра, – выціснуў з сябе Віталь, калі яны параўняліся з уваходам у інтэрнат.
– А… – Варанец прастадушна і прыязна паглядзела на хлопца.
– Ведаеш, давай зойдзем. – Чалей махнуў рукой у бок высокага ганка. – А то ў мяне, прабач, нязводнае адчуванне – быццам пільнуе нас нехта.
– А што там?..
– У мяне ключ ёсць... ад нумара… – Хлапчына сарамліва панурыў голаў і пазіраў спадылба.
– Ну… калі толькі нядоўга… – У вачах сяброўкі з радасцю згледзеў Віталь хітраваты агеньчык.
…Прахадную мінулі ўдала – вахцёрка, відаць, кудысьці адлучылася. Гэта пазбаўляла ад абразлівых роспытаў і запісаў па студэнцкіх білетах у кнізе наведвальнікаў. Аднаму маліўся Чалей – не натрапіць тут на кагосьці са знаёмцаў. Таму цягнуў сяброўку па лесвіцы і калідоры як мага імклівей… Вось і запаветныя дзверы. Цяпер бы не сустрэць каго ў вітальні, якой злучаліся двухмесны “а” і трохмесны “б”, а таксама душ і прыбіральня… За дзвярыма “б” хвацка гарланіў і бухаў магнітафон. Тым лепей, не пачуюць! Закаханыя зладзеямі шмыгнулі ў адамкнутыя Чалеем дзверы пакоя “а”, трывала заперліся… Хлопец адчуваў, як нястрымна калоціцца ў грудзях сэрца. А здымаючы з Ірыны скураную куртку, з прыкрасцю адзначыў і падрыгванне пальцаў… “Спакойна, толькі б спакойна!” – малітоўна стукала ў скронях пад такт крывяной пульсацыі.
Пакой быў досыць ахайны і сімпатычны: два ложкі, стол, два крэслы, кніжная паліца, люстэрка… Якраз да невялічкага люстэрка, што вісела на процілеглай сцяне, і накіравалася Іра. Віталь заваждаўся каля крукоў для вопратак, ніяк не мог пачапіць непаслухмянымі рукамі джынсоўку. Калі ж абярнуўся, убачыў, што Іра запраўляе перад люстрам свае доўгія блішчастыя валасы пад гумку, хвосцікам. Пры гэтым цягнецца на дыбачках, прыладжваецца і так і гэтак да свайго адлюстравання. Такая пастава выразна і востра выявіла цялесныя вартасці яго каханай: точаныя плечы, плаўны абрыс спіны пад нацягнутай кофтачкай, дзіўна тонкая талія, ядраныя клубы!.. Хлопец не стрываў – імкліва перасек пакойчык, нямоцна абхапіў Ірыну ззаду, пачаў жартаўліва хіліць назад, на спіну. Варанец выкруцілася, з прытворным абурэннем павярнулася ў абдоймах да хлопца тварам. Нямоцна адпіхваючыся, уперлася далонямі яму ў плечы. Увобмірг адурэлы Чалей нечакана падсеў, рэзка кінуў дзяўчыну на рукі, у два скачкі апынуўся перад найбліжэйшым ложкам, паспешліва і няскладна зваліў туды бясцэнную сваю ношу. Абрынуўся сам… Усё адбылося без адзінага слова.
Колькі ж разоў прайграваў на працягу апошніх двух гадоў Віталь перыпетыі гэтай найжаданейшай для сябе сустрэчы… Але і блізка не мог уявіць такой грубасці і прыземленасці ў сваіх дзеяннях, юрлівага шалу ў рухах. Праўда, апантана і няўклюдна зрываючы адзенні з каханкі, з перарывістым дыханнем-сіпеннем кідаючыся на гладкае і мяккае цела Ірыны, усёй істотай акунаючыся і патанаючы ў ім, мройліва набліжаў ён да сябе тую, калісьці, здавалася, незваротна страчаную першакурсніцу Ірыну. А сам амаль пачуваўся чыстым, не забруджаным бязлітаснай армейшчынай Віталем. Касаваў у гэтай доўгачаканай, выпакутаванай блізкасці змарнаваныя свае гады. Вяртаўся ў юнацтва.
У пакоі ўжо ўсур’ёз чаравала сутонне, калі, знясіленыя страсцю, ачуліся нарэшце закаханыя. Яны не заўважылі, як звечарэла. Не помнілі, ці рыпеў мулкі ложак пад іхнімі рухамі, ці зручна было ім на гэтай лядашчай ляжанцы.
9
Нязвыклую лёгкасць адчуваў Чалей, калі ішоў затым з Ірай па начным горадзе. Зрэшты, было ўсяго дзевяць гадзін вечара. Можа, крыху болей. Але лістапад, які днямі ўступіў у свае правы, небагаты дзённым святлом… Як жа патрэбна нам у гэтую пару каханне! Менавіта да першага снегу, следам за якім і сонца пачне пакрысе набліжацца да зямлі… Белай птушкай апускаецца любоў на чорную, змардаваную сіверамі і золлю зямлю, сагравае яе насельнікаў. І тады хочацца жыць, і стае ўжо сіл дацягнуць да феерычных Навагодніх святаў.
Крокі іхняй хады гулка аддаваліся ў рэчышчы апусцелай вулкі. Паветра было нерухомае, злёгку марознае. Над вясёлымі ліхтарамі, такім жа шарам, вісела поўня. Сціжмы зор цікавалі за закаханымі. Дзіўна, трымаючыся за руку Ірыны, Віталь раптам уявіў сябе пяцігадовым хлопчыкам. Так, захопленым хлопчыкам, які толькі пачынае свядома спазнаваць свет, дзівіцца кожнай яго праяве: ліхтару, знічцы, іскрынцы ад тралейбуснага дроту… Вірлавокім хлапчуком, якога добрая мама вядзе за руку пад зорным купалам па гулкай вулачцы. А ён горнецца да яе ўсёй душою, раз-пораз пытаецца пра тое і гэта… Так было ўжо, Чалей напэўна ведаў, што так было. Калісьці, у маленстве далёкім. Падабенства таго ўражання – глыбіннага пачуцця ад сціскання цёплай мамінай рукі – з цяперашнім, калі пальцы яго і Ірыны спляліся ў непарыўнае цэлае, проста ашаламіла Чалея.
Ад каханай ішлі такія ж цяпло і ўпэўненасць, як ад маці. І Віталь, дваццацігадовы дзяцюк, ледзьве стрымліваўся, каб, разрыдаўшыся, не кінуцца маленькім чуллівым хлопчыкам на грудзі матулі-Ірыне. Схавацца там. Ён жа такі адзінокі! Можа, менавіта таму ў гэтым узросце хлопцы зацята шукаюць сяброўку жыцця, што з-за напускной сваёй ганарлівасці і патуг на самастойнасць даўно забыліся пра пяшчоту мяккіх маміных рук? Каб хоць ласкамі каханкі кампенсаваць такую нястачу.
…Увесь лістапад Чалей жыў як у сне. Пасля інтымных сустрэч з Варанец, якія зрабіліся рэгулярнымі, цела яго станавілася лёгкім і пругкім, а думкі чыстымі і прастадушнымі. Віталь тады бачыў нібы замглёную дагэтуль красу навакольнага свету, адкрываў для сябе веліч і значнасць многіх праяў рэчаіснасці. Бачыў людскую дабрыню. І тады хацелася самому здзяйсняць нешта дастойнае. Ён падабрэў з дамашнімі, кінуў піць і амаль не курыў. Адкараскаўся ад кампаніі Свата і разбітных сябровак, часцей стаў наведваць лекцыі і сумленна адпрацоўваў практычныя і лабараторныя заняткі. Ягонае чытво значна палепшылася ў сэнсе мастацкіх вартасцяў і дасягала ўжо Дзюма і Жорж Санд. Упершыню ад моманту вяртання дамоў з войска Чалей праявіў жывую цікавасць да тэлевізара: палітыкі, спевакоў, фільмаў… Ён быццам ізноў пачынаў жыць, уваходзіў у звыклую каляіну.
Калі не было магчымасці знайсці свабодны пакой у інтэрнаце, закаханыя забіваліся ў залы самых малалюдных, занядбаных кінатэатраў горада. І там, схаваўшыся на апошнім радзе, мілаваліся ўдосталь. Колькі рамантыкі было ў гэтых таемных, страсна-пачуццёвых стасунках! Як па-новаму, востра і шматколерна ўспрымалася рэчаіснасць! А праводзіны Іры дадому, калі выходзілі яны з аўтобуса на патрэбным прыпынку праз розныя дзверы, калі затым, перасекшы вуліцу, цікаваў Віталь за рухам найдаражэйшай постаці пад арку між двума гмахамі! Ён нават не ведаў ні яе тэлефона, ні дакладнага адраса – ні старых, ні новых. Мог знаходзіць каханую толькі па распісанні заняткаў. Гэтае бясследнае зніканне, акунанне Ірыны пасля спаткання ў іншае, патаемнае, замкнёнае ад Чалея жыццё надавала прывабную своеадметнасць іхнім адносінам. Яны, як ні дзіўна, рабіліся з тае прычыны чысцейшымі, гэткім каханнем у чыстым выглядзе, бо пакідалі абодвум бакам пэўную свабоду, не азмрочваліся пошлым побытавым меркантылізмам.
Толькі на пачатку снежня, які высвеціў снежнай белізной усе закуткі велізарнага горада, Чалей стаў пакрысе адчуваць, так бы мовіць, пад нагамі глебу. Зыбкім і нетрывалым аказаўся насамрэч гэты грунт. А жыццё, якое, вядома, з Віталевым каханнем не перакулілася дагары нагамі, вымагала ўсё ж на гэты грунт станавіцца, прапаноўвала шэраг праблем, вырашаць якія належала з галавой досыць цвярозай. Не, спатканні з Варанец былі па-ранейшаму жаданымі, пацалункі і абдымкі гарачымі і шчырымі. Гэтаксама акрылена пачуваўся пасля іх хлопец. Але перыяды душэўнага ўзлёту, якія ў лістападзе доўжыліся амаль бесперапынна, у снежні станавіліся ўсё карацейшымі, няшчадна перарываліся пустэльна-маркотнымі днямі. І тады ўсё валілася з рук, змрочныя матывы незадаволенасці, падазронасці, раздражнёнасці панавалі ў Віталевым розуме…
Наркотык кахання, што трывала пранік у нутро хлопца, няўмольна патрабаваў усё большых і большых аднаўленчых порцый. Вымагаў яшчэ шчыльнейшага збліжэння закаханых душ, бездакорнай адкрытасці, шчырасці. А гэтую натуральную прагу якраз і няможна было наталіць, зладзеявата і нахапкам сустракаючыся ва ўсялякіх схованках, калі гняце нязводнае адчуванне незавершанасці. Калі, ведама чаго, выдаеш сам перад сабой не напоўніцу сумленным чалавекам. Калі мімаволі пачынаеш раўнаваць Варанец да ейнага мужа, дый проста да іхняга ўтульнага сямейнага агменю. І тады ўжо бачыш абрабаваным сябе, пачынаеш наракаць на ўласную неўладкаванасць…
Іншым разам, атрымаўшы адмову (найхутчэй з уважлівай прычыны) ад Іры ў інтымным спатканні, Чалей пачынаў вярэдзіць душу хваравітымі меркаваннямі. Тады прыходзіла ў галаву ўсялякая брыдота: што нялюбы ён болей Варанец, што прайграе ён у інтыме законнаму яе чалавеку. І адразу ж прыгадваліся падрабязнасці апошняй іхняй сустрэчы, і здавалася, што недастаткова ласкавай была тады з ім каханая, што проста адбывала дакуку… Усё гэта нязменна адбівалася на псіхафізічным стане Віталя: кудысьці знікаў заўжды моцны пасля войска апетыт, няўхільна змрачнелі думкі, губляўся інтарэс да жыцця – праўдзівей, да ўсяго, што не тычылася балючай сферы кахання.
10
Аднойчы, недзе ў сярэдзіне снежня, Варанец не з’явілася на заняткі. Не паказвалася яна і наступныя тры дні. Увесь гэты час Чалей не знаходзіў сабе месца: у галаву лезла ўсякая дрэнь. І без таго панылы душэўны стан абцяжарвала адсутнасць якіх-небудзь каардынат яго каханай. Зрэшты, на чацвёрты дзень гэтае “прапажы” ён усё ж рашыўся запытацца ў Максіма Гарэвіча, сталага таварыша-аднагрупніка Варанец, наконт яе тэлефона, небеспадстаўна мяркуючы аб яго досведзе. І не памыліўся.
– Ды супакойся ты – хварэе, як і ўсе людзі, – прадыктаваўшы нумар тэлефона бацькоў Варанец (дзе яна цяпер не жыла), дадаў Гарэвіч.
“Як усе! Вахлачына ты бязмозгая!” – вылаяўся пра сябе Віталь. Але ўслых не вымавіў ані слова.
– А званіць не раю. Кім адрэкамендуешся? – ляпнуў напаследак Макс.
– Бывай! – Чалей з прыкрасцю ў душы развітаўся з прыяцелем. Ён ведаў, што робіць дурасць.
І сапраўды, што ён можа сказаць бацькам Варанец? Пацікавіцца здароўем ад імя аднагрупнікаў? Якая мярзота! Хіба што выведаць нумар тэлефона ейнага мужа? Гэта мужчынскім голасам! Яшчэ лепей!
Увесь вечар таго дня ўсялякія хады-выйсці жвава падсоўвала Віталю ўзрушанае ўяўленне. Аднаго разу прыйшло ў галаву папрасіць сястру Алену патэлефанаваць Ірыным бацькам – быццам бы ад прыяцелькі па вучобе. Глупства! Хіба так шмат на іхнім патоку дзяўчат, каб бацькі не ведалі пайменна Ірыных сябровак? Дый без кпінаў і грымаснічання з боку любімай сястрыцы тут не абыдзешся. Ну яго да ліха! Чалей вырашыў чакаць заўтрашняга дня. Ні чытво, ні тэлевізар не лезлі ў галаву, і, каб адцягнуць увагу, ён скарыстаў самы надзейны свой сродак – падбіраць на гітары знаёмыя на слых мелодыі. Глыбокія гукі дыхтоўнага інструмента праз некаторы час здолелі часткова супакоіць гаротніка.
…Усё аказалася не так страшна: назаўтра, у пятніцу, Варанец усё ж паказалася на занятках і на роспыты Віталя, які ў перапынках забягаў пільнаваць сваю сяброўку па распісанні групы, адказала, што прыхварэла – была прастуджаная. Выгляд у яе быў напраўду бледнаваты.
– Ты б хоць дзынкнула, Іра! – упікнуў яе палюбоўнік. – Чатыры ж дні – ні духу, ні почуту…
– Ат, знайшоў праблему! – аджартоўвалася Варанец. – Дый няёмка, папраўдзе, перад тваімі бацькамі…
– А табе чаго сарамаціцца? – узгарэўся Чалей. – Я чалавек вольны. Цябе ж ніхто мужавай жонкай прадстаўляцца не просіць.
– Ну, годзе… Прычапіўся па пусцяковіне!
– Ну, калі я табе пустое месца, то тады канешне! – непрытворна пакрыўдзіўся Віталь і адвярнуўся тварам да сцяны.
– Не крычы, людзі ж пачуюць, – сцішана папярэдзіла Ірына, трывожна азіраючыся па баках. Тут сапраўды непадалёку стаяла купка яе аднагрупнікаў.
– А мне няма чаго таіцца! – з гарачкі ляпнуў Чалей.
– Дык ты пра мяне калі-нікалі падумай! – кінула яму абураная каханка і, рэзка сарваўшыся з месца, пацокала да лекцыйнай залы. Якраз загуў званок.
Павалюхаўся да лесвіцы і Віталь – лекцыі іхняй групы праходзілі ў суседнім корпусе. Ахоплены шчымлівымі развагамі наконт таго, хто з іх меў рацыю, Віталь мала што спазніўся хвілін на дзесяць, дык яшчэ і не папрасіў за гэта прабачэння ў выкладчыка. Хлапчына, уваліўшыся, нібы ў хлеў, моўчкі плюхнуўся на сваё месца. Пажылы самавіты лектар падняў яго і даў ладнага прачуханца. Добра, што хапіла ў Віталя розуму не нагрубіць у адказ, – праз які месяц пачыналася экзаменацыйная сесія.
З Ірай яны памірыліся ўжо наступнага дня, які, між іншым, завяршалі палымяным спатканнем у пакоі аднаго з Чалеевых аднагрупнікаў. Тады ж і ўзяў Віталь з каханкі слова, што тая зрэдчас будзе тэлефанаваць да яго дамоў, і неабавязкова з пільнай прычыны. І Варанец сапраўды да Новага года пару разоў яму званіла. Не абышлося тут, праўда, без агорклага:
– Віталік, а што гэта за мілагучны галасок цябе клікаў? – насмешліва пыталася маці, што першая падхапіла трубку.
– У яго такіх мілагучных… – тут жа азывалася з’едлівая сястра.
– Маўчы, жамяра! – Віталь злосна ляпаў дзвярыма свайго пакоя.
– Ахламон! Хамула! – прыглушана неслася за ім задзірыстае. Сястры ж заўсёды трэба сказаць апошняе слова!
…Зранку трыццаць першага снежня ў Чалея быў цудоўны настрой. Ён датэрмінова здаў пару вучэбных залікаў, выпрасіў у Жаўновіча да Калядаў некалькі канспектаў лекцый, з дапамогай якіх меркаваў за перадкалядныя дні давесці да ладу ўласныя запісы. Ён купіў у навагодні падарунак Ірыне ў спекулятаў дарагія, дыхтоўна ўпакаваныя французскія духі. Дамовіўся, што крадком сустрэнецца з ёй днём 31-га. Толькі дзеля ўручэння падарунка. Варанец, у сваю чаргу, абяцала пазваніць у першай палове дня і прызначыць месца і дакладны час гэтага таемнага і кароткага спаткання.
Напярэдадні, у суботу, Чалей не хадзіў у інстытут, а самохаць займаўся перадсвяточным прыбіраннем і ўпрыгожваннем кватэры. Выбіў на бялюткім снезе ўсе дываны, прапыласосіў пакоі, працёр пыл і вышараваў падлогу. Аблётаў навакольныя крамы ў пошуках самага неабходнага. Зазначым, што ў тыя перабудоўчыя часы ўжо няможна было нават і спадзявацца дастаць перад святамі штосьці адмысловае. Усё гэта набывалася загадзя з-пад прылаўкаў, якія вонкава даўно ўжо мелі несамавіты выгляд. 30 снежня ўсцешна было дастаць проста хлеба і бульбы. У другой палове дня Віталь усталяваў у зале купленую за дзень да таго зграбненькую ялінку, з нядрэнным густам убраў яе мішурой і рознакаляровымі шарамі. Папярэдне абвіўшы лямпачнай гірляндай… Словам, перад Новым годам, які ён меркаваў сустракаць у сямейным коле, усё было – чым лепей, дык навошта.
Аднак 31-га, з прычыны адсутнасці Ірынага званка да дванаццаці гадзін дня, Віталь стаў пачуваць сябе няўтульна. У гадзіну дня – устрывожыўся. У дзве – пакрыўджана ўзлаваўся. А ў тры – проста прыйшоў у шаленства, якое перыядычна змянялася маркотай і нямой нянавісцю. У шаснаццаць гадзін, так і не дачакаўшыся вестак ад палюбоўніцы, раз’ятраны Віталь увапхнуў у кішэню кажуха падарункавыя духі і выскачыў на панадворак. Скаціўся з пагорка проста па аснежаным схіле, пакіраваў да найбліжэйшага тэлефоннага аўтамата.
Чалей мог бы, канешне, пазваніць і з будкі каля суседняга пад’езда, каб не апасаўся быць заўважаным за гэтым інтымным заняткам якім з жыхароў свайго дома: толькі плётак яшчэ не ставала. З гэтай жа прычыны, ведаючы ўедлівасць і празмерную цікаўнасць сваёй сястры, не званіў Віталь да Варанец і з кватэры. Дый на марозным паветры дыхалася спакайней. А нервы яго не на жарт растузаліся гэтым пераднавагоднім “сюрпрызам”.
– Ало, – даляцеў да Чалея з таго канца лініі строгі жаночы голас.
– З надыходзячым вас! – ветліва пачаў Віталь і дадаў падроблена-афіцыйна: – А Ірыну Віктараўну можна паклікаць?
– І вас з Новым годам! А гэта хто? Не пазнаю нешта.
– А гэта з яе патоку, наконт канспекта! Па новым тэлефоне ніхто не адгукаецца. Дык падумалася – можа, яна ў вас … – рызыкоўна хлусіў Віталь.
– Ведаеце, малады чалавек, яны з мужам сапраўды зранку да нас завітвалі, але дзве гадзіны як паехалі на колькі дзён у дом адпачынку. Там і Новы год з сябрамі сустрэнуць…
– А-а… – Нават на марозе адчуў Чалей, як брыдка ўспацелі ягоныя пальцы, што трымалі трубку: пластмаса зрабілася слізкай.
– А вас як зваць, вашыя каардынаты? Мусібыць, Іра гадзін у адзінаццаць нам патэлефануе… То перадам.
– Дзякуй, не трэба! Я ў інтэрнаце жыву, а зараз да бацькоў выпраўляюся… цягніком… Усяго найлепшага! – Віталь паспешліва і са злосцю павесіў трубку на месца.
Ён не заўважыў, як нячыстая сіла пранесла яго праз квартал і выкінула на людную вуліцу. Каля універсама зіхацела на нізкім сонцы выключанымі пакуль гірляндамі высачэзная кашлатая ёлка. Каля яе ладзіўся невялікі кірмаш: выбар тавараў быў небагаты, але Дзед Мароз наярваў на баяне, а Снягурка гожым голасам выводзіла зухаватыя святочныя песенькі. Народ, якога стоўпілася тут ладная колькасць, весела падпяваў і галёкаў. Малыя валтузіліся тут жа – дужаліся на ўтаптаным снезе, гойсалі навыперадкі, вішчалі. Абліччы людзей былі шчыра прасветленыя, святочныя. І толькі адзін няшчасны Чалей аніяк не дапасоўваўся да гэтае грамады. Схаваўшы твар у падняты каўнер кажуха, пашыбаваў ён прэч. Не хацелася бачыць нікога. Але паўсюдна, нават на глухіх несамавітых завулках, спатыкаў ён блазенскую пераднавагоднюю радасць: у вокнах, на абліччах выпадковых прахожых, у матывах песень і інтанацыях галасоў вядучых радыё- і тэлеперадач, што так і перлі з усіх адтулін.
“Што ж, хай ёй будзе горш!” – падумаўшы так, Віталь вышмаргнуў з кажуховай кішэні ненавісны цяпер каштоўны падарунак, люта скамячыў пальцамі прыгожую кардонную абалонку, шпурнуў у гурбы…
Затым пазваніў Грышку Свату і неўзабаве далучыўся да ягонай маладзецкай сябрыны, якая збіралася адзначаць свята ў аднаго з Грышкавых “карашоў” на кватэры. Вядома, без нагляду старэйшых. Дзевак было там досыць. У навагоднюю ноч Чалей заядла піў “горкую”, многа і непрыгожа еў, у сугуччы з сабутэльнікамі сыпаў пахабшчынай і матам – як у войску. Танцаваў, на кволых нагах выбягаў на двор з гітарай, гарланіў блатнаватыя песні, колькі разоў утыкаўся носам у сумёты. Вяртаючыся, дурэў і мацаў дзевак удосталь. Гэтак усю ноч – нястомна. Ужо на досвітку п’яна здружыўся з адным Грышкавым прыяцелем і паехаў з ім адсыпацца на нейкую “блатхату”. Але перш чым спачыць, малойчыкі глядзелі па відэа круты парнафільм, запівалі яго півам. Пры гэтым рагаталі і тыцкалі пальцамі ў экран, пракручвалі па некалькі разоў асабліва пякучыя моманты. Выспаўшыся, у гадзін шэсць вечара Чалей паехаў па адрасе: інтэрнат будтрэста №5, пакой 34 – да знаёмай нам Алы. Там і атабарыўся на двое сутак. Невылазна. Але ж бацькам патэлефанаваў – канешне, не называючы месца свайго знаходжання.
11
У суботу, перадкалядным адвячоркам, на горад абрынулася моцная завіруха. Яна ўбірала дамы ў пухкія вопраткі, шкуматала дрэвы і тузала ліхтары. Праз гэтае сцюдзёнае насланнё шпарка крочылі па апусцелай вулачцы тры постаці – сям’я Чалеяў, за выняткам Алены, якая ў гэты час музіцыравала на школьнай вечарыне. І рушылі яны не куды-небудзь, а да Дануты Хведараўны. Ды не проста так, а на адведзіны з нагоды нараджэння ў Надзеі, Юрасёвай жонкі, дзіцяці. Зрэшты, хлопчык, неўзабаве названы Янкам, нарадзіўся ўжо месяц назад. Па дзіўным збегу абставінаў адведкі ладзіліся акурат у перадкалядны вечар. Праўда, у тыя суровыя часіны мала хто надаваў гэтаму найважнейшаму для кожнага хрысціяніна святу вялікае значэнне, мала хто святкаваў яго па ўсіх правілах. Напрыклад, Віталь і наогул не разумеў сэнсу Ражства Хрыстова і з маленства ўспрымаў яго адно як дадатковую магчымасць смачней, чым у звычайныя дні, пад’есці.
Ізноў кватэра №7. Зноўку з прыкрасцю мусіў канстатаваць Чалей, што за чатыры месяцы не выкраіў ён і дзвюх гадзін, каб наведацца да сябра свайго дзяцінства. Хаця не раз, вяртаючыся прыцемкам дадому, ішоў пад вокнамі гэтай загадкавай кватэры, узнімаў дагары вочы і бачыў за фіранкай Юрасёвага пакоя святло: у гэты час прыяцель, відаць, шчыраваў над чарговым палатном.
Гасцей было няшмат. Апрача Чалеяў, прыйшлі на адведзіны толькі стрыечная сястра нябожчыка Івана Антонавіча з мужам. Віталь не бачыў іх гадоў восем. Спярша ўсе завіталі ў спальню, да віноўніка тае ўрачыстасці: малы карапуз, лежачы на спіне ў дзіцячым ложку, несупынна кугакаў, цягнуў да наведвальнікаў ручкі, стрыг пульхнымі ружовымі ножкамі, верашчаў. Пры гэтым з ягонага чырванагубага роціка на прасціну павольна сцякала сліна. Затым мама ўзняла яго на рукі і паднесла бліжэй да гасцей. Усе яны, акрамя Віталя, мелі пэўны вопыт у абыходжанні з немаўлятамі. Ён жа не толькі не падзяляў усеагульнага захаплення малым Янкам, але нават ставіўся да яго з пэўнай апаскай. Напрыклад, са страхам адмовіўся патрымаць у руках гэтую малечу, баючыся зламаць каторы з малюсенькіх, у паўалоўка таўшчынёй, пальчыкаў. У Янкі ўсё было такім пяшчотным і крохкім, што Чалей мімаволі жахнуўся: няўжо і ён сам калісьці мусіў напоўніцу залежаць ад догляду і клопатаў дарослых? Няўжо ён таксама марна дрыгаў ручкамі і ножкамі, няздатны самастойна нават на бок перавярнуцца, ды няўцямна кугакаў? Які ж безабаронна-няўклюдны перад прыродай маленькі чалавек у параўнанні хаця б з кацянятамі! Тыя жэўжыкі ледзь не з трох тыдняў ад нараджэння маюць шанцы на самастойнае выжыванне.
Віталь са стоенай шкадобай пазіраў на ружавашчокага карапуза Янку і ягоных бацькоў, якія мусілі няспынна перад ім завіхацца, па мыканнях і дзіўнай міміцы здагадвацца аб жаданнях і патрэбах немаўляці. Асабліва смешным і нязвыкла трывожным выглядаў Юрась. Калі Надзя трымала сынка на руках, ён не мог спакойна ўстаяць на месцы, падбягаў, папраўляў малому вопраткі, перасцерагаў жонку, каб правільна падтрымлівала Янкаву галоўку ды моцна не сціскала ў абдымках цельца. Прысутным, акрамя Дануты Хведараўны, ён наогул не давяраў трымаць немаўля ў руках болей за хвіліну. Нарэшце, узбуджанае вялікай колькасцю народу і міжвольным тлумам, малое заплакала-зарумзала. Госці вымушаны былі пакінуць спальню і прайсці ў залу да накрытага з нагоды свята стала. Хутка да іх выйшаў і наваспечаны бацька. Надзея на некаторы час засталася закалыхваць сына.
За сталом у гэты вечар многа елі ўсякага смачнага, менш пілі алкагольных напіткаў. Чалей яшчэ адчуваў сваю віну перад бацькамі за Новы год і таму асцярожнічаў: няшчыра прасіў, каб налівалі яму толькі палову, або наогул прапускаў тосты. Пасля трэцяе чаркі Валерыя Васільевіча, нягледзячы на непрыкметныя для прысутных штуршкі Святланы Рыгораўны, неадольна пацягнула на спрэчкі. Няважна, з якой нагоды, і няважна, на якую тэму. Зачэпка надарылася наступная: Антону Пятровічу (здаецца, так звалі мужа стрыечнай сястры Юрасёвага бацькі) собіла сказаць штосьці накшталт:
– Калі ўжо гэты вэрхал скончыцца: куды ні тыцніся – па шапцы даюць. Вось я надоечы да натарыуса падаўся...
– Ды што вы гаворыце, любасны мой Антон Пятровіч! – беспардонна перабіў яго Віталеў бацька. – Глупства ўсё гэта – “скончыцца”. І ніколі не закончыцца яно, а будзе нас мучыць да скону.
Васільевіч ваяўніча азіраў суседзяў па стале, ледзь стрымліваючы паток словаблудства з уласных вуснаў.
– Чаму – пытаецеся вы? – вёрз Чалей-старэйшы, хаця ніхто ў яго якраз не пытаўся. – Адкажу: мана ўсё, хлусня і ашуканства. Семдзесят гадоў нас камунізмам марочылі. І што? Што, адкажыце вы мне, нарабілася? Га?! Да чаго мы, вельмішаноўныя, дакараскаліся?!
– Васіліч, – стоп, машына! – гаварыла яму паўшэптам Святлана Рыгораўна, торгаючы за рукаў пінжака. – Не забывайся – не дома...
– Чакай, маці, не збівай з думкі. – Прамоўца і сапраўды крыху запыніўся плявузгаць.
Віталь насілу стрымліваў рогат, бо прадчуваў далейшыя бацькавы выхадкі: з яго філасофскімі слоўнымі выкрутасамі сын быў знаёмы хораша.
– Ага! – схапіўшы патрэбную мысленную ніць, бацька ўзяўся за справу. – Перабудову распачалі! Дзякуй вам найвялікі! А вынік: разброд у галовах, пустэча на прылаўках, бруд на тратуарах! Дагуляліся!
Васільевіч абводзіў арліным позіркам залу. Нібы шукаў вінаватых сярод прысутных.
– Вось твая думка на гэты конт, прадстаўнік, так бы мовіць, творчай інтэлігенцыі? – З гэтымі словамі Валерый Васільевіч утаропіўся ў Юрася, бы ў ахвяру.
– А погляд мой просты, – нязмушана адказваў той, – трэба займацца справай – кожны сваёй. Адтуль і эмоцыі станоўчыя чэрпаць.
– Гэта як жа цябе разумець? – Чалей-бацька ажно пасунуўся цераз стол да свайго апанента. – Адвярнуцца ад усяго знешняга – і хай яно цябе спакваля дабівае?!
– Зусім не. – Юрась сербануў ліманад з келіха.
– Бацька, дай нам аддуху! Узяўся ўжо сокі цягнуць! – абурана ўмяшалася Святлана Рыгораўна. Яна, дарэчы, як і Віталь, апасалася за маладога мастака: апантаны рытар за спрэчкай мог дапячы самога д’ябла.
– Э, не, Рыгораўна, дай ужо мне выслухаць довады маладога пакалення. Я дакажу, што яны нічога ў жыцці не цямяць! Слухаю, Юрась. – Тут Чалей-старэйшы разняволена адкінуўся на спінку мяккага крэсла, скрыжаваў рукі на грудзях і састроіў паблажлівую міну.
– Я хачу сказаць роўна тое, што замкі будаваць унутры сябе трэба, –пазіраючы кпліваму апаненту ў вочы, пачаў Юрась. – Ад трываласці гэтых замкаў і спакой, і радаснае ўспрыманне жыцця залежаць. Дый я тут далёка не першаадкрывальнік.
– Вельмі добра! Ну-ну! – яхідна хмыкнуў Валерый Васільевіч.
– А што да вонкавай мітусні, раздраю і вэрхалу – то гэта жыццё. Не скажу ж я заўтра на вуліцы ці ў інстытуце: “Годзе тупець і займацца сквапнай беганінай – гэта блага!” На мяне ў лепшым выпадку паглядзяць, як на ненармальнага. А ў горшым – морду наб’юць.
– Дык ты прапаноўваеш на гэта спакойна глядзець?! Харошая пазіцыя! – не сунімаўся Васільевіч.
– А што я магу парабіць, акрамя як на палотнах выказвацца? Нават палітыкі, дасведчаныя ў такіх пытаннях людзі, штогод шчыруюць на гэтай ніве, а вынік – амаль нулявы. А ўсё таму, што дастукацца да сэрца сярэдняга чалавека ўшчуваннямі і загадамі задужа цяжка. Нават страх пакарання толькі ўціскае яго ў змушаныя рамкі, але не перавыхоўвае сутнасць. Вы ж паглядзіце, як верхаводзілі чалавечымі паводзінамі спакон веку голад, палавое прыцягненне і жаданне палепшыць умовы асабістага (падкрэсліваю) жыцця, гэтак жа і цяпер – адно сучасныя вопраткі на сябе напялі ды не на карачках поўзаем, а на шыкоўных аўтамабілях раз’язджаем. А па сутнасці, як гібелі ў юры ды ўсялякіх заганах, так і гібеем.
– Юрась, – умяшаўся ў размову Антон Пятровіч, – а можа, перабіраеш ты? А цана жыцця чалавечага як узнялася за апошняе стагоддзе?! А сістэма юрыспрудэнцыі, а дасягненні навукі і медыцыны?!
– Глупства, прабачце за рэзкасць! – як застаялы баец, лез у дужанне Чалей-старэйшы. – Спусташальныя, нечуваныя дагэтуль войны і бязлітаснасць, незнаёмая нават даўнейшым катам! Жудасныя, страшнейшыя за чуму хваробы спарадзіла ваша цывілізацыя!
– І яшчэ, у заканчэнне сваёй думкі, – своечасова перарваў Васільевіча Юрась. – Кнігі, навуковыя адкрыцці і тэлевізар – гэта, канешне, добра... З аднаго боку. А з другога – можна такога начытацца, што назаўтра возьмеш паляўнічы нож і пачнеш трыбушыць саслужыўцаў, учарашніх сваіх прыяцеляў. Або распранешся дагала і па вуліцах пабяжыш – дэманстраваць свае вартасці.
Надзея ажно пырснула са смеху, зайшоўся здушаным рогатам і Віталь.
– Сынку, ты ж выбірай словы! – упікнула Юрася Данута Хведараўна.
– Прабач, мама. А зрэшты, тут усе дарослыя людзі, – апраўдваўся сын. – Дык вось: каб не надараліся падобныя злачынствы і недарэчнасці, можа, някепска было б і чытвом, і кінамі меней захапляцца? Прынамсі, быць у гэтым разборлівымі.
– Так, занадта ўжо цывілізаванымі сталі, замнога дасведчанымі ў тым, чаго нам, мабыць, і ведаць не варта!.. – амаль падтрымліваў Юрася Чалееў бацька.
– Слушна, Валерый Васільевіч! – гаманіў далей Юрась. – Ад сябе рызыкну толькі дадаць (не прэтэндуючы на абсалютную ісціну), што ўся нашая побытавая мітусня наўмысна створана высокаразумнай прыродай, каб як мага меней задумваліся мы, кузуркі, аб тонкасцях светабудовы, каб мудравалі менш... Вось мы наракаем на вэрхал і бязладдзе ў эканоміцы, на вымушанасць здабываць хлеб свой у поце і зморы. Так? А пазбаў нас усяго гэтага: дай салодкую ежу, цёплае жытло, адбяры магчымасць змагацца за каханне ды ў пакутах гадаваць нашчадкаў. Прымусь нас увесь вольны час думаць, чытаць, набірацца розуму. І што будзе?
– Што? – азваўся з іроніяй нейчы жаночы голас.
– Ды дзевяноста пяць працэнтаў з агульнай колькасці чалавецтва звар’яцее з нуды ці, яшчэ горш, у пятлю палезе! Мы ж цішыні як агню палохаемся! Рух нам падавай, юр, пажадлівыя стасункі, бойку за кавалак жыцця! Тады мы толькі й жывыя!
Юрась усхадзіўся не на жарт. Чалей з цяжкасцю пазнаваў прыяцеля. Зрэшты, наўрад ён яго ведаў напоўніцу.
– Завошта ж такія строгія меркі, малады чалавек? – памкнуўся ў спрэчку з новым довадам Чалей-старэйшы. – Вось ты асуджаеш пачуццёвыя адносіны. Адсюль вынікае – ты і каханне не ўхваляеш?
– Ён ужо не ведае, што гаворыць! – спрабавала згладзіць сітуацыю Данута Хведараўна.
– Памыляешся, усё я разумею, мама! Хто з вас, шаноўныя, аспрэчыць, што каханне грунтуецца на пажадлівым прыцягненні? Дык той – ханжа!
– Хай я ханжа, але каханне – гэта дарунак лёсу, узнёслае... – горача азваўся пакрыўджаны, відаць, у светлых пачуццях Антон Пятровіч.
– Ды кіньце вы – узнёслае! – рашуча адбіў гэты закід Юрась. – З-за гэтага “ўзнёслага” забіваюць роднага брата-саперніка, адпраўляюць ваяваць адзін супроць аднаго мірныя народы, у раўнівым шале выліваюць на твар учарашняй сваёй каханкі серную кіслату! З-за гэтага дарагога кахання шасцідзесяцігадовы паважны дзядзька кідае жонку, з якой поплеч ішоў сорак гадоў без найменшага непаразумення, а заадно – і дзяцей сваіх даражэнькіх... Каб сысціся з вабненькай і хітрахвостай сакратаркай. Жонка яго, бач ты, ужо не здавальняе! Ды ён сам праз якія два гады стане ні на што не здатны, праз чатыры з яго, прабачце, труха пасыплецца, а праз пяць – і наогул небарака сканаць можа... І вось, замест таго каб дажыць і памерці добрым чалавекам, ён кідае ў ахвяру амаль згасламу свайму юру лёсы некалькіх харошых людзей і затым самотна канае ў жудасных муках. Бо хіба ж будзе тая прыгажуня з-пад яго прыбіраць у час смяротнай хваробы? Чакайце!..
Юрась, распалены прамовай, цяжка дыхаў. Акаляючыя неўразумела пазіралі на яго. Адна Надзя, хітравата ўсміхаючыся, апусціла пагляд пад стол.
За падобнымі гутаркамі хутка мінуўся час. Праўда, тэмы, што закраналіся потым, былі ўжо не такія вострыя. Напрыканцы вечарыны за сталом з’явілася гітара. Святлана Рыгораўна з Надзеяй цудоўна спеліся на два галасы. Між іншым, Юрасёва жонка няблага валодала інструментам.
Па дарозе дамоў Віталь перабіраў у памяці перыпетыі вузлавой застольнай спрэчкі. І хаця ён мала чаго, па сутнасці, у ёй зразумеў, пэўна бачыў адно: апрыкрае яму бацькава словаблудства было гэтым разам разнесена ўшчэнт. Юрась яўна перайграў пажылога рытара. І Віталь міжволі гэтаму радаваўся: ледзь стрымліваў яхідную ўхмылку, калі раздражнёны паразай філосаф па дарозе дадому спаганяў нявыказаныя ў слоўным дужанні довады на сыну з жонкай. Махаў кулакамі пасля бойкі.
12
Адносіны паміж Віталем і Ірынай, перарваныя навагоднім непаразуменнем, а затым і зімовай сесіяй, аднавіліся толькі ў першай палове лютага. Прытым ніводны з палюбоўнікаў не прад’яўляў другому ўголас прэтэнзій, не цікавіўся яго бавеннем вольнага ад спатканняў часу. І хаця іхнія адноўленыя стасункі па страснасці, бадай, нават перасягалі ранейшыя, нейкая ўтоеная стрэмка адчужэння ўсё ж туды ўваткнулася. Яна калола, муляла і спакваля азмрочвала каханне – яно з кожным днём набывала ўсё меней казачныя рысы.
Чалей стаў без дай прычыны раўнаваць Варанец, зрабіўся не па ўзросце падазроным і надумлівым. Яго абражалі гэтыя зладзейскія тулянні па інтэрнацкіх пакоях, гэтая пастаянная боязь быць заспетым на месцы дзеяння. Ён хацеў глядзець горад, вадзіць па ім прадвеснем сваю каханую, наведваць канцэрты, тэатры. Жыць паўнакроўна, адкрыта і радасна… Гэта, на жаль, было немагчыма. Кароткія перыяды шчасця ў час палюбоўніцкіх спатканняў, калі Віталь апантана лашчыў сваю сяброўку, гаварыў ёй надзіва красамоўныя і пяшчотныя словы, змяняліся днямі душэўнага заняпаду, меланхалічнага корпання ва ўласных пачуццях. У хвіліны гнілой роспачы Чалей мог нават ненавідзець Ірыну. Уяўляў яе ў абдымках законнага мужа – хлуслівую, цынічную, страшэнна вабную, двурушніцкую. Тады кляў сябе за кінутыя каханцы падчас любоўнага ачмурэння словы пяшчотных прызнанняў. Разумеў іх агідны фальш. Маланкава шугала ў галаву здагадка: “Мо не адзін я ў яе такі?! Чаму не?”
У такія невыносныя хвіліны не мог Віталь сядзець дома. Нервовая ўзбуджанасць несла яго па лабірынтах горада. Надаралася, знаходзіў ён прытулак у п’яных сябрынах, сустракаў світанні ў абдымках дзевак вядомых паводзінаў. Атрымліваў частковае і кароткатэрміновае збавенне ад гнятлівых думак. Але выкараскваўся з тае пасткі распусты Чалей з цяжкасцю, хваравіта. Падчас ягоная раздражняльнасць дасягала неймавернай сілы. Дваццацігадовы хлапчына рабіўся непамерна сварлівым, склочным і злосна-помслівым. Гэта адбівалася на дамашніх. Аднойчы, ашалеўшы з-за пусцяковіны – сястра Алена адкрыла бляшанку са згушчаным малаком так, што малюнак аказаўся перакуленым, – Віталь люта аблаяў бядачку і ледзьве не ўдарыў па твары. Сунімаць яго прыджгала Святлана Рыгораўна. Чалей нагрубіў ёй і выбег з кватэры. Тую ноч ён не начаваў дома.
Але варта было Варанец узнагародзіць Віталя пяшчотнай ноткай у голасе падчас сустрэчы ў фае інстытута, як ён увобмірг лагаднеў, гатовы быў дагаджаць найменшым прыхамацям каханай, рабіўся найдабрэйшым з людзей. Узрушана шукаў прыстанак для чарговага патаемнага спаткання з Ірынай, пасля якога некалькі дзён нібы лётаў на крыллі… Да наступнага прыпадку меланхоліі. І тады незадаволенасць жыццём, нездаровая пачуццёвасць і падазронасць да Варанец узгараліся з новай моцай.
Аднаго разу, бавячыся за картамі ў інтэрнацкім пакоі Максіма Гарэвіча, Чалей нечакана пачуў ад прыяцеля:
– А Ірынка твая яшчэ тая штучка!
Добра, што ў пакоі яны былі ўдвух. Віталь, аднак, усё адно трывожна агледзеўся.
– Ты думай, што пляцеш! – сказаў ён, злосна ляпнуўшы картай па стальніцы.
– Мне што!.. Але... – Макс знарок выпрабоўваў нервы прыяцеля. – З такім, прабач, здобным целам... Тут кожны ласы на чужыя прыпасы.
– Гавары! – раптам гаркнуў Чалей і напружана ўтаропіўся на Гарэвіча.
У гэты момант той пашкадаваў, што собіла яму распачаць гэткую балючую тэму.
– Нічога асаблівага… так… – лапатаў Макс, тасуючы карты. Рукі яго падрыгвалі.
– Не цягні!
– Словам, ты б да яе прыгледзеўся… Пільней. Можа, не з адным табой па інтэрнатах швэндаецца?..
– Што?!! – Чалей зверам кінуўся на таварыша, паваліў на ложак, адной рукой выкруціў каўнер, другой сцінуў худы кадык. Прасіпеў: – Задушу, сволач! Хто?!. Імя, прозвішча…
Агаломшаны і дарэшты перапуджаны Гарэвіч адно цяжка дыхаў і бязгучна варушыў губамі.
– Хто?! – Чалей налёг каленам на плоскія Максімавы грудзі. – Ну!
– А прыходзь заўтра... да нас… ды паназірай... з якога ўкрыцця. А зараз не скажу больш нічога. Спярша астынь! – рашуча закончыў Гарэвіч і паспрабаваў выслабаніць каўнер ад цупкай рукі Чалея.
– У якім інтэрнаце гэта было? У вашым? – Віталь не адпускаў небараку.
– У нашым, але гэта проста чуткі, не перажывай… – даў ідыёцкую параду Гарэвіч.
– Дзе ён жыве, які пакой?.. – хрыпеў Віталь, навісаючы над прыдушаным прыяцелем.
– Не ведаю! – не здаваўся той.
– Ну, дзякуй за гасціннасць! Парадаваў! – Чалей саскочыў з Макса, схапіў з крука куртку і шапку, выбег на інтэрнацкі калідор.
Першым парывам неспагнанай злосці ў яго было – забягаць ва ўсе пакоі запар, шукаючы сваіх крыўдзіцеляў. Ён быў нават узняў кулак, каб малаціць у суседні з Гарэвічам нумар, але ўсё ж адумаўся, сунуў рукі ў кішэні штаноў і шпарка пайшоў прэч…
З цяжкасцю дачакаўся Віталь наступнае раніцы.
У той дзень, як на злосць, у Чалеевай групе з васьмі да дванаццаці гадзін праходзіла лабараторная. Хлопец адседзеў на ёй няпоўныя дзве гадзіны, а з трэцяй употай зматаўся. Пры тым папрасіў таварышаў па брыгадзе прыкрыць ягоную адсутнасць. Меркаваў вярнуцца напрыканцы заняткаў для здачы.
Да Ірынай групы прыйшлося бегчы ці не цераз увесь інстытуцкі гарадок. Быў пачатак красавіка. Ужо сышоў снег. Зямля акрыяла. Ад яе ішоў дзівосны гаючы пах. З паднябесся на Чалея лілася сонечная лагода… Адурэлы ад рэўнасці хлапчына не прыкмячаў прыроднага хараства.
…Хвілін дзесяць утаймоўваў сябе Чалей, цікуючы з-за выгіну калідорчыка, як адзін даўгалыгі хлюст увіхаецца ля Варанец: яны стаялі наводдаль увахода ў лекцыйную залу, асобна ад астатніх студэнтаў. Іх узаемная прыхільнасць няўмольна рэзала Віталю вочы. Ён адразу ўспомніў гэтага віхлястага красуна. “Мярзотніца! – мысленна аблаяў Віталь палюбоўніцу. – Ды са мной жартаваць не дай Бог!” Ён зірнуў на гадзіннік: да заканчэння вялікага перапынку заставалася каля дзвюх хвілін. Затым рашуча вынікнуў са сваёй схованкі, імкліва рушыў да памянёнай пары.
Наблізіўшыся, Віталь са знарочыстым нахабствам ушчаміўся паміж суразмоўцамі, абняў Ірыну за талію і цмокнуў у ружовую шчаку. З поўнай непавагай да свайго саперніка.
– Прывітанне, – нязмушана паздароўкаўся Чалей, стоячы спінай да даўгалыгага.
– Прывітанне… – Варанец збянтэжана пазірала то на яго, то паўз яго плечы – на новага паклонніка.
– Хадзем на хвілінку, адыдземся. – Не выпускаючы стан каханкі, Віталь хацеў быў накіравацца з ёю ў найбліжэйшы зацішак. Але ачунялы пасля секунднай разгубленасці Ірын залётнік таргануў яго ззаду за плячо.
– Гэй, ты ахамеў, хлопча!
Чалей толькі таго і чакаў. Ён выпусціў талію Варанец і рэзка павярнуўся тварам да даўгалыгага красуна. З гідлівасцю ў голасе запытаўся:
– А ты хто – ейны хахаль?
Сапернік засоп ад злосці і паспрабаваў схапіць Чалея за адварот расхрыстанай курткі. Але той спрытна ўхіліўся і хвостка ўдарыў рабром далоні па занадта доўгай і белай кісці нахабніка. Той пахіснуўся і ледзь захаваў раўнавагу цела.
– Гад!.. – адно прасіпеў ён збялелымі вуснамі.
– Віталік! – віскнула Ірына, заўважыўшы, як люта скрывіўся твар яе палюбоўніка. Чалей, відаць, рыхтаваўся да скачка на свайго крыўдзіцеля.
Дзяўчына засланіла сабой даўгалыгага, які адчайна хрыпеў і таксама парываўся калашмаціць праціўніка.
– Годзе вам! Суйміцеся! – Яна выглядала чароўнай у гэты момант.
Чалей штучна ўтаймаваў жаданне адразу ж расквітацца з даўгалыгім і як мага спакайнейшым голасам прапанаваў:
– Ладна, прыяцель, давай адыдземся да таго акна, – ён указаў рукой месца, – на пару слоў. Толькі слоў, і не болей.
– Вася, не хадзі! – залямантавала Ірына. У гэтую секунду бомкнуў званок на заняткі. – Хадзем у залу!
Але дзяцюк не мог спасаваць на вачах такой пекнай жанчыны перад не вельмі грозным з выгляду Чалеем, які ўжо адышоўся, прыхіліўся да падаконніка і з пагардай пазіраў у ягоны бок.
Наваспечаны залётнік, відаць, усё ж угаварыў Варанец застацца на месцы і пакіраваў да Віталя.
– Ну, што ты хацеў? – кінуў ён, наблізіўшыся, з паказной пыхлівасцю. Але голас быў дрыготкі, нясмелы.
Чалей ненавідзеў такі тып людзей: красуны, пестуны лёсу. Падумалася: “Нябось і ў арміі не служыў – ручкі надта пяшчотныя. Хіба што ў палкавой хлебарэзцы адлежваўся”.
– Слухай сюды, малойчык, – суровым паўшэптам (каб не пачула Варанец) прамовіў Віталь. – Тэпай на лекцыю, а праз дзесяць хвілін папрасіся выйсці. Я буду чакаць у курыльні. Калі ты мужчына, канешне…
Пасля гэтых слоў ён пакінуў азадачанага гэтай прапановай саперніка і, не развітваючыся з Ірай, накіраваўся быццам бы да сходаў. Перачакаў на лесвічным пралёце некалькі хвілін і выглянуў на калідор: Варанец і яе недарэчнаяўлены кавалер, відаць, былі ўжо ў аўдыторыі. Тады Віталь хуценька вярнуўся назад, схаваўся ў прыбіральні.
…Даўгалыгі прыйшоў акурат, як змовіліся. На ягоным твары былі напісаны нянавісць і намер як след аддубасіць саперніка. Але ўнутрана ён усё-ткі пабойваўся. За армейскія гады Віталь досыць нагледзеўся падобных тыпусаў сярод маладых салдат: кволыя, бесстрыжнёвыя – порхаўкі.
Прапускаючы міма вушэй зняважлівыя словы ў свой адрас, Чалей наблізіўся да непрыяцеля і раптоўным кідком галавы наперад збіў таго з ног: удар калянага лба прыйшоўся якраз у падбароддзе… Затым нядоўга, але з веданнем справы малаціў красуна на бруднай кафлянай падлозе. Біў нявострымі месцамі чаравікаў у мяккія часткі цела – каб не засталося слядоў. Як у войску, на першым годзе службы, білі самога Чалея… Дзяцюк скурчыўся ў клубок і прыкрываў аберуч галаву. Жаласна вохкаў і ёкаў.
Спагнаўшы самую вострую лютасць, задыханы Віталь кінуў спляжанаму праціўніку зверху ўніз:
– Рукі шкада аб цябе паганіць… І глядзі, каб да Варанец у радыусе ста метраў не набліжаўся… Зразумеў?!
Няшчасны, усё яшчэ закрываючы ад Віталя твар і галаву, прамармытаў нешта няўцямнае…
– Не чую! Гучней гавары! – пагрозліва нахіліўся да яго Чалей, тузануў за каўнер моднай, але зараз завэдзганай бруднай туалетнай падлогай джынсоўкі. – Ну!
– Зразумеў! – па-шкалярску выразна адказаў хлопец.
– Малайчына! І барані цябе Божа калісьці яшчэ мяне ўзлаваць… – шматзначна пагразіўшы напаследак, Чалей пакінуў смуродную курыльню-ўмывальню інстытуцкага туалета…
13
Вось прыкладна такім чынам доўжылася гэтае хваравітае каханне вясной, гэтак даплялося да лета. Пасля апісанай бойкі даўгалыгі прыгажун, няўдалы Ірын залётнік, з тыдзень не паказваўся ў інстытуце, а затым, зразумела ж, да яе не чапляўся. Таму няцяжка было здагадацца Варанец, што з’явілася прычынай такога да сябе ахаладжэння. Тым больш што чортведама адкуль народжаныя інстытуцкія пагалоскі ўпарта пацвярджалі такую здагадку. Іра стала пабойвацца свайго палюбоўніка. І хаця вядомыя адносіны паміж ёй і Чалеем з гэтым здарэннем не перарваліся, наўрад ці ўжо ў іх панавала ўзаемапавага. Найхутчэй – рэўнасць і жывёльная страсць з боку Чалея і тая ж страсць і боязь быць выкрытай перад мужам з боку Ірыны. І гэтая боязь мела пад сабой падставы: разлютаваны здрадай каханкі Чалей неўзабаве вераломна завалодаў нумарам яе новага (мужавага) тэлефона, затым па даведніку займеў і адрас. А аднойчы, падчас прывычнай ужо звадкі паміж палюбоўнікамі, подла намякнуў: калі Варанец будзе непамяркоўнай, ён, Віталь, давядзе яе законнаму мужу аб іхніх сімпатычных уцехах.
Ірына ж у сваю чаргу, хоць яўна не адпрэчвала апантанага сябра, усяляк, з вытанчанай жаночай хітрасцю, помсціла Віталю. Яна грала яму на нервах: спазнялася на спатканні ці не на гадзіну або не з’яўлялася наогул, і апраўдвалася потым хлуслівымі прычынамі. У час сустрэч капрызіла, спасылалася на кепскі настрой ці кволае самаадчуванне. Яны больш не гулялі ў парку над ракою, і іншым разам апанаваны смуткам Чалей сам завітваў пад засень зазелянелых ліп і таполяў, дзе паўгода таму разгаралася іхняе каханне. Як жа змянілася ўсё! Здаецца, тыя ж дрэвы, хмызняк, сцяжынкі, лебядзіны ставок. І фарбы цяпер сакавіцейшыя, і водары вастрэйшыя… А ў сэрцы пустэча. Хаця не! Пустэча б яшчэ – паўбяды: чорная, непазбыўная, роўная з нянавісцю страсць вярэдзіць Чалееву існасць. Колькі разоў, калі сядзеў на лаўках парку, бачыў хлопец паглядных дзяўчат, магчыма, такіх, як і ён, самотных. Колькі разоў ірвалася ягоная душа падысці, пазнаёміцца з якой дзяўчынай, скінуць груз адзіноты. І з жахам разумеў ён, што няздатны цяпер гэтага зрабіць, што не ведае, аб чым загаворваюць прыстойныя хлопцы з сумленнымі дзяўчатамі. А хацелася менавіта такую – сумленную, цнатлівую, некранутую, не сапсаваную хлуснёй і двурушніцтвам… Якой была Варанец на першым курсе, якую шукаў ён ужо больш за паўгода ў цяперашняй Варанец і, папраўдзе, не знаходзіў і ценю.
Аднаго разу, ужо на пачатку чэрвеня, надарылася так, што Віталь і Ірына здавалі экзамены амаль адначасова і ў суседніх аўдыторыях. Дзень быў надзвычай спякотны і разам з іспытамі выматаў абоіх. Пэўна, таму Варанец ахвотна адгукнулася на прапанову Чалея з’ездзіць выкупацца на раку. Яны накіраваліся на загарадны пляж: у двух кіламетрах ад ускраіны горада можна было з вялікай доляй гарантыі не апасацца быць заўважанымі якім-небудзь нядобразычліўцам.
І вось там зусім неспадзявана для сябе зрабіў Віталь жахлівае адкрыццё… Ён, помніцца, наплаваўшыся, ляжаў у мураве побач з Ірынай. Зводдаль даносіўся галас нешматлікіх адпачываючых. Лавіў слых і пляск хвалек, і стракатанне конікаў, і спевы-пошчакі разнастайнага лугавога птаства. З недасяжнай вышыні, з макаўкі нябеснага купала, палівала гэтую прыродную злагаду сляпучае сонейка. Вятрыска ціхутка лашчыў голыя Віталевы грудзі… Раптам Ірына, што чытала дагэтуль кніжку, пачала гарэзаваць з хлопцам і ўселася яму на жывот. Яна паўстала ва ўсёй сваёй красе на паўнеба, загарадзіла пышнай прычоскай сонца, гулліва да распусты зазіраючы Чалею ў вочы… І раптам асяніла хлопца думка, што гэтае цудоўнае, вабнае цела, якому належаць мілавідны тварык, шыкоўныя кудлы, дураслівыя капрызныя вочкі; цела, адна толькі згадка пра якое, не кажучы аб усім астатнім, прыносіць яму неймаверную асалоду, пераварочвае яго жывёльнае нутро і скаланае душу, – гэта ўсяго толькі цела! Зараз толькі цела, і не болей за тое! Яны такія ж далёкія зараз, як і падчас сустрэчы ў верасні, на выхадзе з лекцыйнай залы. А ён, Чалей, любіць яе, такую пекную і сексуальную, не болей чым сцябло, што гойдаецца ад ветру перад яго вачыма. А папраўдзе, дык і меней! Бо побач з каханнем, страсцямі-жадункамі, колькі ж чорнага і балючага прыўнесла гэтая жанчына ў яго душу!
Раптам захацелася скінуць з сябе гэтае багатае цела, якое сваёй вагою наўмысна распаляе ягоны мужчынскі юр, надаваць поўхаў за гэтую гарэзную ўхмылачку. Выбавіцца ад жаночых чараў!.. І не змог: праз пяць хвілін, счэпленыя ў палкіх абдымках, скрытыя ад старонняга вока адно невялікім затравелым грудком, качаліся яны па доле.
…Пасля летняй сесіі муж адвёз Варанец на дачу, з якой праз тры тыдні (як паведаміла па тэлефоне Віталю Іра) яны планавалі паехаць у крымскі санаторый. Чалей самотна пашвэндаўся колькі дзён па напаленым сонцам горадзе, а тады і сам з’ехаў на адпачынак. Яму патрэбна было змяніць абстаноўку – пад ветрам, у водарах лугавін і бароў ваколіц роднай вёскі вырашыў Віталь разблытаць жмут сваіх душэўных згрызот. Так, ён ехаў на радзіму, туды, дзе сярод непралазных палескіх лясоў і балот цякла рэчка Случ.
На чыгуначным вакзале Чалей нечакана натрапіў на Толіка Шумакова. Варта зазначыць, што, апынуўшыся на розных лекцыйных патоках, былыя аднакашнікі практычна перарвалі стасункі паміж сабой. Напачатку, пры рэдкіх сустрэчах у лабірынтах інстытуцкіх карпусоў, яны рукаліся, ляпалі па плячах, коратка і больш для прыліку гутарылі. Пазней сталі абмяжоўвацца проста рукапацісканнямі ці прыязнымі кіўкамі галоў у бок напатканага.
З апошняй сустрэчы з Бывалым прайшло, здаецца, месяца паўтара. Зараз яны сутыкнуліся на подступах да прывакзальнага хлебнага магазіна, куды спяшаўся заскочыць Чалей, каб купіць цётцы Марыі пару боханаў дыхтоўнага гарадскога хлеба. Перакідваючыся словамі, прыяцелі зайшлі ў хлебную краму. У душным малым памяшканні было даволі людна і гаманліва: ці не кожны з пакупнікоў спяшаўся на цягнік і наравіў атаварыцца па-за чаргою. Чарга хвалявалася, раз-пораз выбухала абуранымі выкрыкамі. Чалей разгублена запыніўся на ўваходзе…
– Давай грошы! – раптам сказаў Бывалы. – Паглядзім, што тут можна зрабіць.
Хітраваты, так хораша знаёмы Чалею агеньчык забліскаў уваччу гэтага праныры. Віталь насыпаў у сябрукову далонь некалькі белых манецін, а сам сарамліва выйшаў з крамы.
Праз пяць хвілін Шумакоў вынес адтуль тры круглыя боханы чорнага хлеба. У сваім стылі. Віталь не стаў дазнавацца аб тэхналогіі ашуканства Бывалым той непрыступнай чаргі.
Потым былыя аднакашнікі сядзелі на лаўцы ў прывакзальным скверы, разбаўлялі чаканне цягнікоў размовамі і бутэлькавым “Жыгулёўскім” півам. Пад гудкі лакаматываў і сіпатае вяшчанне рэпрадуктара. За гутаркай высветлілася, што Толік месяц як ажаніўся. Але пераводзіцца з дзённага аддзялення надалей не плануе, таму што заняўся падпольным тэлевізійным бізнесам: на пару з Каржаметавым яны скупляюць заводскія тэлеблокі, кінескопы, карпусы і кляпаюць у інтэрнаце тэлевізары. Маюць добры барыш з продажу. Таму, пагасцяваўшы ў Оршы ў жонкі з тыдзень, Шумакоў вернецца сюды зарабляць грошы.
Распавёў Толік і пра іхніх колішніх аднагрупнікаў. Пашка Краснюк, напрыклад, займаецца гандлем на гарадской барахолцы. А Сашок Дубель знайшоў сабе заможную нявесту, “абцяжарыў” яе дзіцем, у чаканні якога і жыве цяпер у бацькоў тае дзяўчыны ў агромністай кватэры. Не без падстаў разлічвае на сталую прапіску. Такі расклад не асабліва здзівіў Чалея, бо хораша адпавядаў характарам абодвух баламутаў. Іншая справа – з Жаўновічам, які, паводле расказу Бывалага, падыгрывае цяпер у ансамблі вулічных музыкаў на губным гармоніку. Што ж, неблагі прыробак да стыпендыі. Але, хоць рэж сябе, не ўяўляў Віталь Жаўновіча ў шумліва-разбітным гурце недзе ў падземных пераходах ці на гарадскіх пляцах. Так, усё цячэ й змяняецца…
14
…Тое лета радавала пагодай. Цёплыя ясныя дні толькі зрэдку перарываліся залевамі. Дый тое дажджы збольшага шчыравалі начамі. Уранні неба зноўку ўсцешвала палешукоў чысцінёй блакіту, на фоне якога павольна ўзбіралася на высачэзную ўяўную гару летняе сонца.
Багата цяпла ды размаітых вяскова-лясных пахаў увабраў у сябе за два месяцы змучаны любоўнымі прыгодамі Чалееў арганізм. Цётка Марыя пасяліла Віталя акурат у святліцы, дзе ён упершыню пабачыў свет. Соладка было спаць на шырокім і высокім сялянскім ложку, бадзёрым уставаў раніцамі з яго хлопец. У гэты час недзе ў сенцах парыпвалі масніцы, пабразгвалі не то вёдры, не то міскі-каструлі – там завіхалася па гаспадарцы цётка. З ёй жыў яшчэ сын – Віталеў стрыечны брацельнік Зміцер – няўрымслівы хлапчук дванаццаці гадоў. Калі ён не памагаў маці ў гаспадарчых справах, то няўлоўна лётаў з такімі ж белагаловымі падлеткамі па навакольных пералесках і лугавінах. Менавіта ён прыахвоціў Чалея да рыбнай лоўлі на вясковай сажалцы, некалі ўтворанай на месцы разрытага бульдозерамі кар’ера. З аднаго, найболей пакатага, ягонага схілу і прыладжваўся Віталь з няхітрымі самаробнымі вудамі, клаў іх на рагулі. Там выдатна браліся не надта вялікія, але круглыя і тлустыя карасі. Клявалі нетаропка і ўпэўнена, найчасцей вялі ўбок і крыху прытоплівалі пёравыя паплаўкі.
Апоўдні, калі на наваколле апускалася санлівая спёка, клёў заканчваўся. Тады можна было проста ляжаць, адкінуўшыся спінай на пясчаны схіл, растапырыўшы рукі… Прыкмячаць, як вятрыска варушыць вершаліны хвой блізкага бору, як з рыпам апускаецца і паднімаецца журавель нябачнага за высокім берагам сажалкі калодзежа. Як на паўднёвым схіле, на ўскрайку сяла, жаўцеюць у жніўні асобныя гарбузы. А ўскараскаўшыся на высокі бераг кар’ера, можна было назіраць пералівы пад сонцам і ветрам жытняга поля. Таемнымі пачварынамі плылі па варухлівых палетках цені аблачынак…
Віталь не бавіўся марна. Ён гадзінамі пілаваў і калоў дровы, рупліва і з любоўю ўкладваў іх у дрывотню, мёў падворак і прыбіраў у хляве за скацінай, нацягваў вёдрамі са студні ваду ў бочкі, а тады на змярканні паліваў папечаныя гарачынёй памідорныя і гурковыя градкі. Змарыўшыся ад работы, падчас забываўся Віталь маладзецкім сном на духмянай адрыне, пасля якога ўставаў адноўленым і свежым. Тады ішоў да лесу, акунаўся ў яго вечаровую прахалоду, дзівіўся доўгім і вычварным ценям дрэў, што перакрыжоўваліся на палянах. Пад пранырлівым нізкім сонцам там бліскала жывіца на кары дрэў, агеньчыкамі мігацелі ў траве рэдкія бруснічыны… На пакатых схілах баравога логу, па дне якога бег чыстасрэбны ручай, траплялася шмат грыбоў: сыраежкі, лісічкі, свінухі. Чалей наразаў іх кашамі. Болей высакародныя віды грыбоў раслі на сушэйшых мясцінах: пад камлямі бяроз, асін, між слупоў сасновага царства зрэдчас можна было згледзець баравік, асавік ці абабку. На заімшэлых вільготных палянках красаваліся крамяныя махавікі…
Калі-нікалі нейкая невядомая Чалею стракатая птушка спуджана вылеціць з-пад яго ног, кінецца ў гушчар і там затоіцца. На змярканні з бураломаў даносілася злавеснае вухканне пугача… Тады на душы рабілася ніякавата, і Віталь спяшаўся выйсці на светлы яшчэ ўзлесак. Адтуль віднеліся ахутаныя шызым марывам саламяныя стрэхі і гонтавыя дахі прыцішэлай вёскі. Да яе, узбіваючы пыл, цягнулася з пашы на начлег чарада кароў… Абвостраныя вячэрняй прахалодай водары лугавін пранікалі ў Віталевы грудзі.
У які-небудзь дзень Чалей наладжваў сабе адпачынак ад гаспадарчай працы і выпраўляўся на раку Случ, якая працякала за пяць кіламетраў ад вёскі. Аднаго разу пажылы паляшук-палясоўшчык паказаў хлопцу найкарацейшую да яе дарогу, усяго кіламетры тры. А праўдзівей – бездараж: па імшарынах, паўз выспы з маленькімі баравінамі, гушчары і лясныя азёрцы з жахлівымі багністымі берагамі. Там Случ найболей набліжалася да вёскі, рабіла крутую лукавіну і зноў адыходзілася ў непралазную лясную гушчэчу…
Дзіўная рака Случ. Таемную, неспасціжную душу мае гэтая невялікая палеская рэчка. Цячэ яна па мясцінах з гразкім грунтам і таму не мае, як, напрыклад, ейная суседка Пціч, трывалых берагоў і сталага рэчышча. Стагоддзямі пятляе Случ то між высокіх баравін, то між багны і ўзбалоткаў, то наогул зліваецца з балацявінамі. Безліч разоў змяняла рака напрамкі сваёй плыні, выбірала новае ручво, напамінкамі пра сябе пакідала ў лясах і балотах старыцы. Паводле расповедаў тамтэйшых жыхароў, дазнаўся Чалей, што кіламетрах у трыццаці на поўнач ад іхняй вёскі Случ асабліва кружляла колісь. І тады царыца Кацярына, кіраўніца магутнай рускай дзяржавы, загадала сагнаць туды катаржан-смяротнікаў і прымусіць у кароткі тэрмін спраміць разлітае па балацінах ручво. Якую мэту праследавала ганарлівая ўладарка, палешукі не ведаюць. Знаюць адно – шмат люду палегла тады ад паганага, спрыяльнага ліхаманцы клімату і непасільнай, смертаноснай працы.
Новае рэчышча, створанае літаральна на касцях шматпакутных катаржан, і дагэтуль завецца Арыштанткай: прамое і вузкае па ўсёй дзесяцікіламетровай даўжыні, яно ашаламляе цяпер сваім змярцвелым выглядам. Нібыта скляпенні, завісаюць і пераплятаюцца над Арыштанткай кронамі агромністыя старыя вербы, берагі шчыльна зараслі хмызняком і маркотным алешнікам, а таксама кустоўем чорных і чырвоных парэчак, якія вёдрамі можна збіраць проста з чоўна… Але мала хто з палешукоў адважваецца нават на лодцы плаваць па Арыштантцы: тут нязводна ходзіць легенда, што густы ўзбярэжны хмызняк хавае процьму шкілетаў гаротных арыштантаў. Таму, працягнуўшы руку па ягады, можна сутыкнуцца з абвітай веццем кісцю рукі закатаванага тут даўней бязлітаснай працай катаржніка… Баюць, што нават рыба пакінула гэтае жахлівае месца і лічыць за лепшае туляцца па пакручастых, зарослых цінай і багавіннем, закінутых у непраходных лясах старых рэчышчах.
Каля радзіннай вёскі Чалея Случ мае выгляд даволі прыветны. Яна неглыбокая, без быстракоў і віроў, з даволі сухімі і трывалымі берагамі. Нягледзячы на адсутнасць донных ям, тут слаўна бяруцца невялікія шчупакі на жарліцы. Віталь налавіў іх у тое лета досыць. Кожнага разу неўтаймоўны азарт апаноўваў яго, калі з навіслай над спакойнай вадой рагулі шпарка пачынала размотвацца лёска. Тады трэба было борзда бегчы да тае снасці, пакуль шчупак не зацягнуў жыўца пад які з прыбярэжных карчоў… У маленькіх пратоках, пад пахілымі вербамі, бойка клявала і траплялася на кручок белая рыба: гусцёркі, краснапёркі, плоткі, невялікія – да кілаграма – ляшчы.
Калі зрэдку надаралася непагадзь, Чалей узлазіў на высокі скрыпучы ложак і пры святле ад несамавітага акенца мог цалюткі дзень запоем чытаць абачліва прывезеныя з сабой кнігі… Ён быў негаваркі ў тое лета, ён быццам наўмысна ўнікаў людзей. Лячыўся адзінотай. Так, самотніцкая адасобленасць ад усяго наноснага і крыкліва-вонкавага, а яшчэ непаўторнае прыроднае хараство палескай нерушы, простая і здаровая ежа, рух і фізічная праца былі для хлопца лекамі. У грубай, цяжкой сялянскай працы тапіў ён заганныя жадункі і звычкі цывілізацыі. Пругкай хадой па ўтравелых лясных сцяжынках дратаваў нуду і маркоту. Паліў, вынішчаў іх святлом боскага дня, ахінаў непаўторнымі, спаконвечнымі гукамі і водарамі.
Напрыканцы жніўня Віталь вяртаўся ў горад амаль здаровым, ачышчаным ад накіпу паўсядзённых жарсцяў чалавекам. Прынамсі, так меркаваў…
15
Прыбыўшы ў родныя пенаты, Чалей застаў сястру ўжо студэнткай музычнага факультэта. Акурат з прычыны Аленіных жнівеньскіх экзаменаў Святлана Рыгораўна не ад’язджала ўлетку на адпачынак. Марынаваўся ў горадзе і бацька. Што ж, Алена, у адрозненне ад свайго шалапутнага брата, мела ў жыцці пэўныя мэты, умела іх дасягаць. Між іншым, першага верасня яна як законапаслухмяная студэнтка адправілася па трывалым звычаі тых часін на бульбанарыхтоўчыя работы. Цікава: няўжо не шкодзіла корпанне ў зямлі прафесійным вартасцям далікатных пальчыкаў юнае гітарысткі?
Калі шаноўны чытач дзівіцца нашаму ігнараванню вучэбных здзяйсненняў самога Віталя Чалея, – маўляў, мала надаяце ўвагі асноўным абавязкам студэнта, то адкажам: з другога курса яны мала яго цікавілі і здаваліся проста дакукамі і законнымі перашкодамі на шляху атрымання дыплома. Навошта дыплом? І гэтага пэўна Чалей для сябе не акрэсліў. Такой нядбаласці да вучобы ў значнай меры спрыяла выплачванне дзяржавай усім без выключэння студэнтам сталай стыпендыі – незалежна ад вынікаў здачы сесіі. Гэткага пражытачнага мінімуму. Што, безумоўна, не заахвочвала маладых цынікаў да рупнасці пры атрыманні ведаў. Завошта ж высільвацца, калі вучэбны час можна выкарыстаць, напрыклад, для абагачэння з дапамогай дробнага падпольнага бізнесу: таемнага гандлю гарэлкай у інтэрнатах па спекулятыўнай цане, зборкі і продажу заводскіх тэлевізараў, паездак у Польшчу па рэчы і распродажу іх на рынку. Карацей, перабудова ўсё болей пашырала поле дзейнасці для жадаючых сябе праявіць.
На пачатку верасня і Віталь, зусім нечакана для сябе, мусіў самастойна зарабляць грошы. Падштурхнулі яго да гэтага наступныя падзеі.
Аднойчы, на бяду вырашыўшы шыкануць перад Варанец, стасункі з якой пасля лета ў яго не закончыліся, а толькі перайшлі ў спакайнейшае рэчышча, Чалей прапанаваў ёй наведаць адзін з гарадскіх рэстаранаў. Пры гэтым казаў нешта накшталт:
– Годзе нам пацукамі па норках туляцца. Пара і ў людзі выходзіць.
– Што ты хочаш сказаць? – пыталася палюбоўніца.
– Ну, калі канкрэтна, – ганарліва зірнуў на яе Чалей, – то запрашаю цябе заўтра ў рэстаран.
Варанец згадзілася, адно папрасіла выбіраць месца не вельмі мнагалюднае, прынамсі не ў самым цэнтры горада. На тым і парашылі.
…Сеўшы за столік не надта самавітага рэстаранчыка, Чалей неўзабаве пашкадаваў аб сваёй задуме. І вось па якіх прычынах. Па-першае, калі ў тыя часы яшчэ можна было і папіць, і пад’есці ў якой карчме двум чалавекам усяго на адну стыпендыю, то раскашаваць з шасцюдзесяццю рублямі ў кішэні не выпадала. Меню ж, як на злосць, прапаноўвала стравы адна за адну даражэйшыя. Нябога Чалей, сцяўшы зубы, мусіў абмежавацца самымі сціплымі закускамі, шлянкай гарэлкі і бутэлькай не вельмі дыхтоўнага сталовага віна для сяброўкі. Па-другое, іхняе месца на ўзвышэнні занадта праглядвалася зухаватымі наведвальнікамі рэстарана, і таму асобы мужчынскага полу задужа тарашчыліся на вабную Варанец.
Асабліва злаваў хлапчыну столік з тыпусамі, як кажуць, каўказскай нацыянальнасці: трое чарнявых дзецюкоў проста паядалі Чалееву сяброўку вачыма. А праз некаторы час афіцыянт паднёс да Віталя з Ірынай бутэльку дарагога армянскага каньяку як падарунак ад названых спадароў. Гэта была абраза. Чалей злосна і моўчкі яе праглынуў. Бутэльку, вядома, пакінуў неадкаркаванай. Далей – болей: ужо на другім танцы адзін з гэтых нахабнікаў узлез на іхні памост і, праігнараваўшы Віталя, з непазбыўным акцэнтам запрасіў Ірыну на танец. Першым памкненнем Чалея было даць дзецюку нагой па твары, каб той скаціўся туды, адкуль прыйшоў. І далібог, хлопец бы так і зрабіў, каб Варанец, ведаючы круты нораў свайго палюбоўніка, холадна не адмовіла каўказцу. Той шалёна зіхатнуў вачыма і адышоўся ні з чым. Але затым ці не ўвесь вечар зацята і злосна свідраваў са свайго месца нашых сяброў позіркамі. Дарэчы, прыяцелі адшытага залётніка час марна не гублялі і хутка завабілі да свайго століка дзвюх досыць разбітных і падатлівых з выгляду дзевак.
Гэтае здарэнне выбіла Чалея з каляіны, і ўвесь астатні вечар ён правёў у хмурным настроі. Не спускаўся танцаваць, забараніў гэта і сваёй прыяцельцы.
– Дык што ж мы – у тэатр прыйшлі?! – запярэчыла на гэта каханка.
– А ты не наскакалася яшчэ за жыццё? Бач ты, дзяўчынка знайшлася! – нагрубіў Віталь і пацягнуўся па графінчык з “вогненнай”.
У гэты вечар ён выжлукціў усю заказаную гарэлку, з прыкрасці дапіў і бутэльку кіславатага Ірынага віна. Пры тым амаль нічога не еў, а ўсё сачыў за каўказцамі. Калі Іра адлучылася на некаторы час у прыбіральню, Чалею здалося, што і хвацкі паўднёвы залётнік увязаўся за ёю. Прынамсі, сярод танцуючых ён гэтага дзядзьку не згледзеў. Кінуўшы столік, раз’юшаны Віталь памкнуўся ў бок прыбіральні, а затым дазорцам хаваўся за выгінам калідорчыка: сачыў за фае. У роце панавала сухмень, кулакі міжволі сціналіся. Выглядаў ён злавесна.
Але ўсё аказалася адно плодам яго хваравітага ўяўлення: хутка з прыбіральні выйшла Варанец, і ў фае да яе ніхто не чапляўся. Каб не быць выкрытым каханкай у сваёй дзікунскай рэўнасці, Чалей куляй паляцеў у рэстаранную залу, заняў месца за столікам і адвярнуўся ў бок аркестра, нібыта зацікаўлены выкананнем песні. Раптам позірк яго натрапіў на подлага каўказца: той самазабыўна віхляўся ў імпэтным танцы ў атачэнні дзвюх даўганогіх дзевак.
…Яны не даседзелі да закрыцця рэстарана. На зваротным шляху Чалей узяў таксі і, завезшы Варанец дадому, скамандаваў вадзіцелю кіраваць на інстытуцкі інтэрнат. Там расплаціўся апошнімі грашыма за праезд і ў небяспечным раздражненні рушыў у бок кепска асветленага ганка.
– Ваш пропуск! – паспрабавала спыніць яго на прахадной строгая вахцёрка.
– Дома забыў! – няветла буркнуў парушальнік, шпарка прамінаючы турнікет.
– Гэй, малады чалавек… – Кабета вынікнула з акенца да пояса. – Пропуск!.. Вярні-іцеся!..
– Ідзі ты ў з...цу! – кінуў з прыкрасцю Віталь і порстка пабег па сходах.
Была палова адзінаццатай вечара. Чалей завітаў да аднаго са сваіх аднагрупнікаў, пазычыў грошай і купіў у інтэрнацкіх спекулянтаў гарэлкі. Распілі яе хлопцы ўдвух амаль без закусі, на якую заўжды такія бедныя інтэрнаты. Потым купілі яшчэ…
Вяртанне дамоў Віталь запомніў надзвычай туманна. Адно занатавала свядомасць: ключ аніяк не лез у замочную шчыліну, а са страўніка да горла падступаў тым часам агідны камяк. Уваліўшыся-такі ў кватэру, бедачына зачапіўся нагой за абутковую паліцу, паляцеў ніцма, уваткнуўся носам у падлогу і заліў яе ванітамі. Адразу ж захроп у гэтай мярзотнай лужыне.
Звыклыя да Віталевых позніх вяртанняў дадому, бацькі ў гэты час бестурботна спачывалі пасля працоўнага дня. І можна толькі ўяўляць, як жахнулася ў пяць гадзін раніцы маці Чалея, калі па дарозе ў туалет ледзьве не спатыкнулася ўпоцемку аб нейчае цела. Уключыўшы таршэр, няшчасная зайшлася віскатам: ваніты, у якіх хроп ейны сын, падаліся Святлане Рыгораўне выцеклымі мазгамі! Яна ледзь не сканала ад неспадзяванкі. Закаціла істэрыку. На лямант прымчаўся паўголы Валерый Васільевіч. Хлапчыну раскатурхалі, усчаўся скандал, папрокі, разборкі.
Яшчэ непрытомны ад празмернай дозы “гаручага”, Віталь разлютаваўся, забег у залу і пачаў біць і ламаць начынне: шпурляў на падлогу вазы, рассадзіў кулаком шыбу кніжнай паліцы, сарваў з цвіка дарагую Аленіну гітару і намерваўся кінуць яе ў акно… У гэты момант бацька павіс у бузацёра на руках і выратаваў бясцэнны інструмент ад глуму. У гарачцы Чалей выцяў старога локцем у грудзі – той адляцеў да супрацьлеглай сцяны, грымнуўся аб яе спінай і паваліўся на падлогу…
– Вой! Што ж гэта дзеецца! – разгублена кусала губы і лямантавала маці. – А-а-а! Людзі! Лю-юдцы родныя!
Гэты енк часткова прывёў Чалея да ладу. Ва ўсякім разе, ён раптам уявіў магчымыя наступствы сваіх вычварэнняў, з перапуду кінуўся ў пярэднюю, схапіў там шапку і стрымгалоў пабег прэч з кватэры. Страўнікавую гідоту абціраў на хаду насоўкай.
Услед ляцела бацькава:
– Вылюдак!.. На вольныя хлябы!… Каб не было і духу!..
…З гэтага дня Чалей пасяліўся ў гасціннай Алы па адрасе: інтэрнат будтрэста №5, пакой 34. Яе прыяцелька па пакоі ўжо з месяц як на правах будучай жонкі з’ехала на кватэру аднаго дзядзькі, таму Віталь атрымліваў ад адзінай гаспадыні гэтага катушка ўсё пажаданае: дах, стол, прытулак сэрцу…
Праз некаторы час, каб не сядзець на шыі ў палюбоўніцы, Віталь наняўся падпрацоўваць прадаўцом на рэчавым рынку ў аднаго са сваіх аднагрупнікаў. Той хлопец меў там сталае месца і даўно гандляваў таварамі, якія перыядычна прывозілі яго родная сястра і швагер з Польшчы…
На інстытуцкія справы цяпер амаль не ставала часу, але за той год вучобы, што прайшоў пасля войска, Чалей займеў багаты тактычны вопыт па здачы залікаў і экзаменаў, не наведваючы лекцый. Між іншым, так тады вучылася, па меншай меры, дзве трэці студэнтаў-старшакурснікаў. Затое немалыя грошы, заробленыя ўласнымі намаганнямі, давалі Віталю пэўны ўнутраны спакой і незалежнасць.
Чалей бы наогул лічыў сваю долю не такой і кепскай, каб не адно “але”... Калі ён практычна не гараваў без бацькоўскіх клопатаў і не вельмі перажываў за апошні свой пачварны ўчынак, то расстаннем з Варанец пакутаваў бязмерна.
Бывала, прыйдзе намерзлы, галодны і злосны пасля шматгадзіннай вахты на рэчавым рынку, удосталь наесца нагатаваных Алай страў. А затым, па-жывёльнаму наталіўшыся самой хлебасольнай гаспадыняй у чыстай пасцелі, падоўгу не можа заснуць: Варанец кожнага разу паўставала перад яго ўнутраным вокам. Паўставала нейкай узнёслай і чыстай – якой насамрэч не была ў жыцці. І тады Віталь мысленна параўноўваў Іру са сваёй цяперашняй палюбоўніцай. А тая ляжала галавой у яго на плячы і самазабыўна лашчыла далонню ягоныя грудзі. Хлопец міжволі адчуваў прыкрасць: надта даступная аказалася для яго гэтая дзяўчына, надта апантана, немаведама за што, кахае яна яго. Хаця не, вядома ж, прагне залыгаць да сябе любой цаной! “Ім толькі прапануй гарадскую прапіску!” – залятала ў галаву мярзотная думка. І тады думалася, да прыкладу, што знарок не перасцерагаецца Ала ў час інтымных блізкасцяў, каб займець дзіця, а потым прымусова яго, Віталя, ажаніць… Не тое – Варанец: гордая, таямнічая, неспазнавальная… Чалей з грэблівасцю паварочваўся да Алы спінай, але і затым доўга яшчэ не спаў: глядзеў на вычварныя цені на сцяне, прыслухоўваўся да рэдкіх начных гукаў, наракаў на сваю гарапашную долю…
А падчас, наадварот, ахоплівала Віталя хваля ўдзячнай пяшчоты да сваёй сяброўкі. І здавалася тады, што неблагой, у прынцыпе, можа быць яму жонкай Ала: мілавідная, белацелая, крамянага здароўя, без пыхі і залішняга гонару. Што ж яму яшчэ трэба? Чаму шукае ён прыгод на сваю галаву? І тады ў неўтаймоўным парыве лашчыў і галубіў Чалей Алу, і горача адказвала яна яму… Хацелася чамусьці прасіць прабачэння ў гэтай прастадушнай вясковай дзяўчыны, гаварыць ёй што-небудзь добрае і прыемнае. Але сардэчныя словы захрасалі ў горле збольшага скупога на красамоўствы Віталя.
16
Чалей зажыўся ў Алы ажно на паўтара месяца. І невядома, чым скончылася б гэтае сумеснае пражыванне, каб у сярэдзіне лістапада не натрапіў ён па выхадзе з інстытута на Варанец. Загаманіліся. А затым усё паўтарылася па добра знаёмым сцэнарыі… Праз тры дні Віталь ужо праводзіў сваю старую сяброўку дадому пасля чарговага спаткання ў інстытуцкім пакойчыку. На гэты раз – у нумары Макса Гарэвіча. Пасля чаго накіраваўся па звычцы ў інтэрнат будтрэста, на аўтобусе. Апанаваны прыемнымі думамі Віталь толькі на паўдарозе ўразумеў, што едзе не па адрасе. Ён, відаць, яшчэ не канчаткова згубіў сумленне…
Словам, палюбоўніцкае спатканне з Варанец Чалей прымеркаваў да вяртання ў бацькоўскі дом, аб якім усё часцей думаў апошнім часам.
Адноўленыя стасункі з Ірынай, а таксама жыццё ў любай сваёй кватэры, спаннё на ўтульным сваім ложку, безумоўна, палепшылі яго псіхафізічны стан. Родныя ні слоўцам не папракалі Віталя за сумна вядомы дэбош, а, наадварот, ставіліся да яго з відавочнай увагай і абыходлівасцю. Хіба што крыху пабойваліся.
На пачатку снежня Віталь ужо быў пачынаў меркаваць, што вяртае сабе забыты душэўны спакой. Каторы раз нанова пераконваўся ў тым, што лепей за Варанец няма для яго жанчыны… Як чарговая непрыемная неспадзяванка збіла яго з тропу.
Вось як была справа.
У вольны ад лабараторных заняткаў слотны снежаньскі дзянёк Віталь з ранку да прыцемкаў завіхаўся на рэчавым рынку. На гэты раз працаваць было весялей і ямчэй – прыяцель, ягоны работадаўца, быў побач. Удвух гандаль ішоў досыць спорна. За гамонкамі і півам шпарчэй мінаў час. Вечарэла, калі сярод рухавага натоўпу рынкавых пакупнікоў рассеяны пагляд Чалея знячэўку наткнуўся на адну цікавую пару: Варанец, з мажнаватым высокім маладым мужчынам пад руку, павольна рухалася ўздоўж суседняга рада.
Віталь здранцвеў і неяк загіпнатызавана вылупіўся на гэтую пару. А яны, разадзетыя ў шыкоўныя дублёнкі, дарагія чаравікі і шапкі, быццам выпраменьвалі з сябе ва ўсе бакі гэткую нетаропкую самаўпэўненасць валадароў жыцця. Абмацвалі рэчы. Перагаворваліся. На нейкія трапныя заўвагі мужа (гэта, бясспрэчна, быў ён) Ірына адказвала сваім мяккім галаском, падхіхіквала. Раскошная, паважная, спешчаная.
І ўявілася Віталю, як падыходзяць яны да яго латка, паблажліва аглядаюць тавар, прыкідваюць; як пагардліва слізгаюць іхнія позіркі па яго несамавітай постаці… А Варанец з мужам і сапраўды, дайшоўшы да канца процілеглага рада, накіравалі ўвагу на Віталеў рад і няспешна рухаліся ў ягоны бок.
Тады гора-прадавец кінуў здушаным шэптам прыяцелю:
– Мне тут адлучыцца… па малой патрэбе… – і звыштаропка пакінуў гандлёвы прылавак. Змяшаўся з натоўпам.
– Толькі не доўга, Віталя! – як знарок, гучна крычаў яму наўздагон работадаўца. Ідыёт!
У крайнім нервовым разладдзі туляўся Чалей па рынку. Раптам асяніла яго, што гэтак можна выпадкова наткнуцца на тую ненавісную пару: хіба ведае Віталь іхні маршрут? Небарака выдраўся з рынку і з краю даволі люднага пляца пачаў злосна назіраць за выхадам. Праз пяць хвілін ён без дай прычыны абярнуўся і аслупянеў: у пяці кроках ад яго Варанец садзілася ў прыпаркаваны на стаянцы блакітны “жыгулёнак”. Пры гэтым муж дагодліва расчыняў перад ёй дзверы, любоўна падтрымліваў пад локаць. Побач, прыхіленыя да пярэдняга кола, стаялі ёмістыя мяхі з пакупкамі.
Чалей баязліва павярнуўся да “жыгулёнка” спінай, уцягнуў галаву ў каўнер вынашанага кажушка і ціхутка падыбаў прэч. Нібы злыдзень. Нырнуўшы ў натоўп, ён адчуў сябе ў адноснай бяспецы. Але ўчэпістая прыкрасць не пераставала шкуматаць душу: Віталь мысленна прызнаваўся сабе, што пасаромеўся перад Ірай свайго занятку, што баяўся быць выкрытым як гандляр. “Усё добра ў іх! Ну-ну! Любоў ды злагада! А чаго ж да мяне тады ад любага мужа бегае? Гадаўка! Дый дзяцей няма – няздатны, нябось, мужычок!” – подленька суцяшаў сябе Чалей.
У паганым настроі дастаяў ён апошнюю гадзіну перад закрыццём рынку. Не ўцешыўся нават вялікім барышом. А зрэшты, з тугі парашыў яго прапіць-прагуляць у інтэрнаце. Па-чорнаму. Накіраваўся да Гарэвіча.
Прыяцель сустрэў Віталя не дужа ветла: кідаючы зрэдчас для прыліку словы, Макс завіхаўся над нейкім пажыткам, пакаваў сумку.
– Максуха, давай гарэлкі возьмем. Разбавім нуду.
– Зачаста ты “гаручым” нуду разбаўляеш, – унураны ў сумку, адказваў прыяцель. – Не буду я сёння, няма калі.
– Ты што – грэбуеш? – раптам узлаваўся Чалей. Ён стаў хваравіта крыўдлівы апошнім часам.
– І зусім не. Проста спраў па горла. Дый здароўе не дазваляе жлукціць з табой упоравень.
– А што цябе ўва мне не здавальняе? – агрэсіўна натапырыўся Віталь.
– А брыдка глядзець, як ты перад Варанец круцішся. Бабы павінны за намі бегаць, а не мы… – Гарэвіч не дагаварыў, бо Чалей, ускочыўшы з табурэткі, ухапіў яго за дыхтоўны світэр, ірвануў на сябе…
– Я табе сто разоў казаў: не лезь у душу бруднымі лапамі! – Ён камячыў у далоні святочную Максаву апранаху.
– Рукі прымі! Псіх ненармальны. – Недалужны Гарэвіч марна спрабаваў выслабаніцца. – Наадварот, за шчырасць бы дзякаваў: увесь паток з цябе насміхаецца. Толькі і чуеш: вось Ірчын хахаль ізноў заявіўся.
– Хто смяецца? Гавары! – вар’яваўся Чалей, не выпускаючы дыхтоўнага світэра. – Я таму ўсю морду пагну!
– Усім не пагнеш! – нібы чырвонаармеец на допыце, дзёрзка адказваў Макс.
Такая інтанацыя чамусьці збянтэжыла Віталя, ён крыху памякчэў і адпусціў пакамечаную апранаху.
– Ну ладна, прабач – пагарачыўся! Проста моташна на душы… Я ж не многа прашу – кампанію падтрымаць. Пасядзім, вып’ем, пагамонім…
– Не магу, Віталь, далібог, справы! – апраўдваўся Гарэвіч, зашпільваючы маланку на сумцы. – Іншым разам. А зрэшты, калі хочаш – вось табе ключ: хоць пі, хоць гарэм прыводзь. Да адзінаццаці…
– Эх, Максуха! – Віталь з прыкрасцю павалюхаўся да вешалкі, зняў кажух і кучомку з крукоў. – Ты думаеш – я алкаш апошні… Хіба па гэта я прыходзіў?
З такімі словамі ён пакінуў азадачанага Гарэвіча. Выйшаў вон.
– Чакай, Віталя. Ды не крыўдуй. Праўда ж, заняты! – данеслася да яго па калідоры ад Максавых дзвярэй.
Чалей не абарочваўся.
Дадому ён цёгся пешкі. Гэта быў немалы шлях. Нязваная госця – меланхолія крыллем чорнай птушкі ахінала душу Чалея. Ён ужо прадчуваў бяссонную ноч. Панылы і сыры, у рэдкіх снежных плямах горад не надаваў небараку гумору. Няўзнак падняўшы вочы дагары, Віталь сцепануўся: ён стаяў акурат пад вокнамі Юрасёвага дома. Два вузкія акны мастакоўскай кватэры свяціліся ў снежаньскай цямрэчы. Так, ногі самі вынеслі Чалея на гэты з дзяцінства знаёмы двор. Цішыня пад голымі каржакаватымі яблынямі здзічэлага саду. Толькі воддаль нейкая постаць выгульвае малога белага сабачку. “Хіба зайсці? – Віталь у одуме ўзіраўся ў два завешаныя паўпразрыстымі фіранкамі акны. – А чаму – не?” Чалей не наведваўся сюды з пачатку верасня.
Нарэшце насмеліўшыся, ён пацягнуў на сябе лядачыя дзверы. Прарэзлівы іхні рып толькі надаў хлопцу рашучасці.
17
…Перш чым парукацца з Віталем у прыхожай, Юрась доўга і грунтоўна выціраў рукі анучкай. Ад яго пахла фарбамі. Ён усміхаўся. Ветліва прыняла Чалея і Данута Хведараўна. Надзея ў гэты час закалыхвала малога Янку. А затым, відаць, прыснула і сама. Прынамсі, уся размова паміж сябрамі адбывалася сам-насам. У слабым асвятленні майстэрні Чалей выразней за ўсё бачыў шырокі адкрыты лоб Юрася, апяразаны блакітнай стужкай, – прыяцель сядзеў перад ім у крэсле. Можа, таму хлопца ўвесь вечар цягнула на шчырасць. Нечакана для сябе ён за гадзіну распавёў Юрасю і гісторыю свайго хваравітага кахання, і пра цяперашні цяжкі душэўны стан. А з гэтым нібыта нішчыў Чалей сваю адзіноту.
– Ведаеш, дружа, як я сябе ненавіджу за гэтую подлую страсць! Што робіць яна са мной! Я ж – жывёла, акурат жывёла!
– Ну, не гарачыся, – супакойваў Віталя спагадлівы голас.
– Жывёла! Жывёла і ёсць! Я стаў для яе рабом, посцілкай, аб якую ногі выціраюць. Я ненавіджу сябе, яе ненавіджу, і нічога, верыш, нічога з сабой не магу парабіць! Вось скажы мне, Юрась, каханне – гэта дабро?
– У пэўнай ступені – так.
– А я думаю – дабро! Чаго б тады кожная жывая істота да яго пішчом ірвалася? А без яго б марнела? Можа, я і ненармальны, а толькі гора, адно толькі гора прыносіць да мяне каханне да гэтае жанчыны! Яна ж прысушыла мяне, прычаравала, сокі смокча!
– Не так трагічна, браце! На вось, выпі. – Юрась пасунуў Чалею па стальніцы кубачак кавы. – Каб у каханні пераважаў цвярозы розум, то праз якія сто гадоў увесь бы чалавечы род вымер. Бо любы партнёр знойдзе ў нас безліч заган і недахопаў. І толькі неадольны палавы інстынкт можа заглушыць узаемнае непаразуменне ці непрыязнасць. Так што не патрабуй так шмат ад гэтага пачуцця…
Віталь прагна ўчапіўся за апошнія сябравы словы:
– Гэта толькі ў кніжках галовы тлумяць, што каханне спрыяе высакароднасці, ускалыхвае лепшыя памкненні душы. Лухта! Вось перад табой узор разбуральнага яго ўздзеяння. Я ж дэградат цяпер! Я ў войску быў разумнейшы. Кнігі, тэлевізар, тэатры, кіно, музеі, сябры, родзічы – жыццё ва ўсёй сваёй паўнаце – не існуюць для мяне болей. Я ж адно па-звярынаму перапрацоўваю ежу, а галава мая ўжо кумекае, як юр у чарговы раз наталіць! Каб знаў ты, дружа, як прыніжаюць мяне гэтыя шуканні схованак, гэтыя просьбы ў таварышаў аб часовым прытулку для любоўных спатканняў. Хіба не чалавек я?! Не бачу тых сказеленых воч, усмешачак?!.
– Вось і супярэчнасць: то жывёлай сябе называеш, то – чалавекам! Хіба жывёле такія турботы знаёмыя?
– Не… ну… – Віталь разгублена развёў рукамі.
– Паслухай мяне, толькі без крыўд і спакойна. – Юрась закурыў, працягнуў пачак “Беламору” сябру. Той ахвотна ўзяў папяросіну.
– Вось як я бачу тваю праблему, – доўжыў малады мастак. – Ведаеш, чаму ты – чалавек? Таму што прыйшоў да мяне і распавядаеш, і жалішся. Усведамляючы жывёльнасць сваіх учынкаў, ты – ужо чалавек! Ды ты значна сумленнейшы за тых паважных дзядзькоў, якія дажылі да пяцідзесяці гадоў, маюць жонку, кучу дзяцей, дзве-тры палюбоўніцы на ўсякі выпадак, а ніколі і блізка сабе падобных пытанняў не задаюць. Заспетыя за распустай жонкай, яны адно вымову зробяць самі сабе. Маўляў, надалей не пападайся, будзь абачлівейшым. Ухмыльнуцца ў душы – і ўсё! У іх розум на ўзроўні васьмікласніка, бо за трыццаць апошніх сваіх гадоў не былі яны сам-насам з сабой ні гадзіны. Ім мацаць трэба штосьці ды кагосьці ўвесь час, здабываць слодычы жыцця, барахло ўсялякае!
Юрась сербануў кавы, каб змачыць горла. Працягваў:
– Не, браце, не лепшыя яны за цябе. І не прыніжай, калі ласка, перада мной сваёй годнасці. Ты пакутуеш, усведамляеш, вагаешся. І таму ты для мяне – чалавек.
– Свінтух я, бруд зямны! – У парыве шчырасці слёзы набягалі на вочы Віталя, дваццацідвухгадовага хлапчыны. – Я ж за апошнія тры месяцы ніводнай прыстойнай кнігі не разгарнуў. Я бацьку свайго ўдарыў! Я нічога не ўмею ў жыцці, акрамя як гарэлку хлябтаць ды спаравацца. Гной я, алкаш, смецце!
– Ты чалавек – бо плачаш, дружа. – Юрась узяў Віталя за руку. Яна дрыжала.
– Юрка, ведаеш, як я хацеў кахаць, як я хацеў любіць свет пасля войска! Як горад мне наш дарагі! Як усцешвалі мяне вулкі яго, ліхтарні, кіёскі, паркі, рака ў любую пару года. Дзе гэта ўсё? Нямашака! Цела, дапатопныя жадункі плоці – вось дзе ўгруз я па самую макаўку. Я, дурань, усё шукаю ў нас з ёй тых юных першакурснікаў. Адляцелае каханне вярнуць намагаюся. Ды яна не кахае мяне і не можа кахаць! Я вабіў раней яе розумам, бо выдатнікам быў – рахманы, неабазнаны, гэткае птушанё. А цяпер – грубы мужык, бязмозгі дзяцюк, якога лёгка можа замяніць для яе здаровы качагар! Бо гэта – стасункі целаў…
– Супакойся, Віталік. Я цябе прашу проста… паслухай. – Юрась сардэчна глядзеў на сябра. – На вось папяроску, і хадзем на балкон, праветрымся.
Хлопцы выйшлі на вузкі і аснежаны, з несамавітымі біламі, балкон. Ён, між іншым, ахопліваў два пакоі – Юрасёў і “музей старадаўніх фігур”, дзе вісеў Хрыстос.
Віталь з апаскай ухапіўся за нягеглую і занадта нізкую загарадку. Унізе зеўраў чарнатой панадворак. Наперадзе, метрах у пяцідзесяці, стракацеў акенцамі такі ж стары дом.
– Вось зірні на двор. – Юрась бязбоязна пасунуўся наперад. Ад гэтага руху Чалей скалануўся і міжволі падаўся крыху назад. – Які чорны, непрывабны двор! А колькі дзён таму стаяў я рыхтык у гэты час на балконе, гэтаксама курыў. Шчыравала мяцеліца. Панадворак быў значна святлейшы. Гляджу, подбегам перасякае яго зграбная дзявоцкая постаць: хіліцца ад ветру, аббягае дрэвы. І холадна ёй, і страшна цемрадзі, і шпаны мо баіцца. Дабегла да свайго пад’езда, знікла ў ім. Мусіць, праз якія паўгадзіны сном у цяпле атулілася… Я да чаго хілю… – Юрась пстрыкнуў па папяросіне, пырскі агеньчыкаў паляцелі долу. – Сядзела б дзяўчынка дома – дык не: побыт, ці патрэбы плоці (а можа, і болей высокія памкненні) выцягнулі яе з дому ў сцюдзёны завірушны вечар, прымусілі затым у страху вяртацца дадому па кепска асветленых, вусцішных месцах. І што лепей – сядзець і спакваля блажэць з нуды ў сваёй шкарлупіне ці рызыкаваць і жыццём дыхаць на поўныя грудзі? І так небяспечна, і гэтак. І падумалася мне тады: усё жыццё мусім мы, нябогі, балансаваць паміж “хачу” і “боязна”, здабываць нейкія жыццёвыя эмоцыі, змагацца з той завірухай быцця, якая ў рэшце рэшт заспее нас па дарозе дамоў, прымарозіць, кіне долу і зацярушыць. І ні следу ад нас не застанецца, ні почуту. Каго праз сто гадоў, а каго і праз год укрые мяцеліца. Дык навошта ж намагацца-тужыцца?!
– Не ведаю… – Віталь з хваравітай напругай глядзеў на сябра.
– І азарыла тады мяне: гэты страшэнна кароткі тэрмін, кожную секунду якога марна ратуемся мы ад сусветнай завірухі, насамрэч падараваны нам прыродай для адшукання спосабу быць не змеценымі дарэшты з гэтай не дужа ласкавай зямлі. А іменна: непадуладныя мы будзем завеі-смерці толькі ў адным выпадку – узняўшыся над зямлёй, перайшоўшы яшчэ пры жыцці ў іншую рэальнасць, вымярэнне – цяпер гэта моднае слова.
Утварылася кароткая паўза. Было чуваць чыесьці крокі ўнізе.
– Духоўнае жыццё – заняцца ім неадкладна, – працягваў Юрась. – Вось наш паратунак. Вось спосаб выбаўлення ад разнастайных пакут зямных яшчэ пры гэтым жыцці. Тады не страшныя завеі і сіверы. Тады дробнымі, не вартымі ўвагі пададуцца нашы побытавыя крыўды і паразы, жаданні і прыхамаці… Не адтуль мы сілы браць будзем.
– Але як?!
– Не ведаю, Віталь, не ведаю! Вось ты адкрыўся ў сваім няшчасці, парады просіш… У каго – у звычайнага зямнога чарвяка, які толькі спрабуе… толькі высільваецца адарваць ад долу галаву, паглядзець на быццё іншымі вачыма. Як я магу цябе настаўляць, раіць табе нешта, калі сам я, былінка на прасторы Сусвету, заўтра магу здрадзіць роднай маці, здзейсніць такую подласць, ад якой у цябе валасы ўздыбяцца… Магу невылечна захварэць, загінуць. Як магу я цябе павучаць?! Да таго ж – я ў гэтым моцна перакананы – нельга штучна пазбаўляць чалавека ягоных пакут, нельга звонку лячыць яго хваробы. Ведаеш, цяпер экстрасэнсы пайшлі – прайдзісветы! Пазбавіўшы ад болю ў страўніку, узяўшы за гэта буйныя грошы, яны адбіраюць у цябе магчымасць думаць, з якой прычыны той страўнік балеў, што ў цябе не ў парадку. А вынік – праз колькі тыдняў чалавек можа захварэць непараўнальна страшнейшай хваробай, ад якой ужо паратунку не будзе. Чаму? – Юрась сурова глядзеў кудысь у цемрыва квартала. – Таму, што ўнутраная, духоўная, прычына хваробы не была ліквідавана. Хваробу прымусам заганялі ў душу… А душы патрэбна было выйсце! Гэтак і ў выпадку пакутаў сэрца. А можа, ты жыць далей не зможаш без цяперашніх мучэнняў, дружа? Можа, патрэбныя яны табе, як паветра чыстае? Хто ведае? Хто ведае… Ва ўсякім разе – не мы.
– Хто ж? – ледзь улоўна шапнуў Чалей.
Юрась перагнуўся цераз біла і глядзеў на даволі светлы ўжо начны панадворак – прывыклі вочы. Затым, быццам па маўклівай дамове, сябры прайшлі па балконе да дзвярэй майстэрні-музея. Яны не былі запёрты знутры. Юрась уключыў таршэр. У цьмяным яго святле паўсталі змрочныя статуі, зіхатнулі вачыма насценныя абразы, а таксама бліснуў чырвонымі зрэнкамі кот Матрос, што, відаць, аблюбаваў сабе гэты жахлівы пакой як сталае месца жыхарства.
– Ён ведае ўсё! – з непадробнай тугой у голасе вымавіў Юрась.
Віталь павярнуўся: ля акна ў непазбыўнай сваёй пакуце вісеў Хрыстос, крывавыя цуркі на ягоным скатаваным целе зараз як ніколі здаліся Віталю рухомымі. Пад пільным паглядам Пакутніка Чалей міжволі сцепануўся.
– Юрась, – прамовіў ён дрыготкім голасам. – Я даўно, з дзяцінства, хачу і баюся ў цябе запытацца: чаго не пазбавіцеся вы ад гэтага жахлівага відовішча? Глядзець штодня нечалавечую муку Хрыста! Як нервы вытрымліваюць? Чаму не знесяце куды?.. І грошы ж немалыя дадуць… Ці як памяць аб Івану Антонычу Ён табе дарагі?..
– Ён дарагі мне проста як памяць. Памяць злачынстваў роду чалавечага… Скажы: хіба можна прымусова забыцца на радзіму, на маці, гвалтам вынішчыць мову цэлага народа, як гэта, дарэчы, спрабуюць штовек рабіць з намі, беларусамі?
– Наўрад… – няўпэўнена адказаў Чалей.
– А Ён, – Юрась хітнуў галавой у бок Пакутніка, – радзіма чалавечага духу. Яе нельга пазбыцца, выкінуўшы ці аднёсшы ў антыквар, з вачэй далоў. Таму што яна – у сэрцы… У сэрцах стагоддзямі будзе смылець нам гэтая Пакута. І не схаваеш тут галаву ў пясок, і вачэй не адвядзеш. Бо і невідушчы штохвіліну бачыць гэтую Пакуту. Многія б хацелі пазбыцца яе, заглушыць цынічным юрам, п’янствам, гібеннем у рэчавізме – і не змогуць. Не змогуць ніколі. Таму што, мабыць, дзякуючы даўнейшым мукам гэтага Чалавека, мы і жывём яшчэ так-сяк на Зямлі, не парвалі адно аднаго на кускі ды не з’елі. Таму і разважаем мы сёння з табой, і спачуваем чужому няшчасцю, і на лепшае спадзяёмся, што не пазбыты Ён і дагэтуль цвікоў гэтых жудасных, што цела Яго ў пісягах ды ранах…
За пяць хвілін, што моўчкі стаялі там сябры пасля апошніх Юрасёвых слоў, ці не ўсё жыццё – кадр за кадрам – праімчалася ў галаве Чалея.
На развітанне Юрась, вяла і задуменна паціскаючы прыяцелю руку, чамусьці сказаў:
– Ты прыходзь. І помні: я чую цябе, Віталік.
Гэтыя словы ўсю дарогу, калі вяртаўся дадому, круціліся ў Віталевым розуме. Менавіта гэтыя словы. З імі ён і заснуў.
18
Ранкам наступнага дня ўсчалася мяцеліца. Сыпаўся з нізкіх маларухомых хмар дробны сняжок. Віхурыў над долам. Снег укрываў збалелы ад слоты горад. Лячыў яго раны. Увачавідкі бялелі рэчышчы вулак, ацярушваліся зіхоткім бісерам урны і прыдарожныя слупы, у аляпаватыя капелюшы ўбіраліся каўпакі ліхтароў і казыркі кіёскаў. Пад імпэтамі ветру снежныя хвалі накочваліся на вітрыны і дзверы будынін. Бялелі лаўкі і дваровыя гушкалкі, бялелі людскія вопраткі. Святлелі душы.
Віталь бачыў гэта на свае вочы, бо нетаропка крочыў па горадзе. Ён ішоў улегцы, без шаліка, са ссунутай набакір аблавухай кучомкай. Подыхі снежня слізгалі па Чалеевым твары, халадзілі і адначасова бадзёрылі. Ён сёння зноў прапускаў заняткі, аднак не пайшоў і на рынак. Нязнаная сіла вяла хлопца ў бок гарадскога парку. Ён павінен быў рушыць туды.
Дзівосны ранішні час, калі толькі што аціхла перадпрацоўная мітусня і большасць гараджан ужо заняла свае рабочыя месцы, усцешваў Чалея. Знарок запаволена паўзлі побач тралейбусы, не вельмі назойліва чмыхалі аўтамабілі. Такая нетаропкасць добра дапасоўвалася да супакойлівага шчыравання мяцеліцы па добраўпарадкаванні гарадскіх краявідаў. Гэтая белізна была ім дужа патрэбная: пад снегам хавалася непрыгожае пажухлае лісце, згладжвалася натапыранае вецце хмызоў і дрэў, укрывалася непрыбранае з лета гарадское смецце.
…Ціша панавала пад скляпеннямі алей заснежанага парку. Па нешырокай сцяжыне да царквы тэпалі на ютрань самотныя постаці. Скіраваў туды і Віталь. Урачыста-казачнай выдавала царква тым хмурным ранкам: яе грувасткі бела-шэры корпус, нібы карабель, выплываў з пабялелых прысадаў. Мачтай узвышалася на заднім плане званіца. Ацярушаныя купалы не блішчалі, але ад таго здаваліся яшчэ болей таемнымі.
Віталь прайшоў па ўтаптаным цвінтары да прачыненых царкоўных дзвярэй, запыніўся ў роздуме. Унутры, у даволі ёмістым памяшканні, ужо ладзілася служба. У глыбіні, ля амбона, праглядваліся застылыя постаці прыхаджан. Там было даволі людна. Па-над галовамі вернікаў лунаў, узмацняўся пад высокімі скляпеннямі і вырываўся вонкі праз дзверы слаўна пастаўлены тэнаровы голас дзяка. Ён нёс з сабой нешта надзвычай высокае і разам з тым афіцыйна-ўрачыстае, аграмаджанае…
Чалей не зайшоў у царкву.
Перасекшы цвінтар, ён збочыў адразу за брамкаю металічнай агароджы і пайшоў наўпрост цераз цалік – да ялін, што прытуліліся на краі яра. І тут ціхую, памяркоўную мяцеліцу ўвобмірг змяніла зухаватая завіруха. Слупы снегу рынуліся на дол. Пазёмка разбівала іх і гнала ўшыркі, кідала на хмызы і блакітныя паркавыя яліны. Чалей даклыпаў да тых паважных дрэў, схаваўся за іх шырачэзнымі лапамі і з захапленнем назіраў вар’яванне прыроднай стыхіі. Па пакатым схіле яра ў бок заледзянелага лебядзінага стаўка каціліся снежныя хвалі. Яны, ледзь кранаючыся долу, ліліся па паветры пад гару, накрывалі белай пенай вячыстыя кляны і таполі. І здавалася, што можна кінуцца ў гэтае мора снегу, і дамчаць, данясуць віхурныя плыні да доўгачаканага берага.
Злева нешта зварухнулася, цырыкнула. Віталь азірнуўся: зусім побач, у глыбіні ніжняга галля суседняй елкі, укрываліся ад непагадзі вераб’і. Нібы ў будане. Насцярожана і падазрона пазіралі гэтыя гарэзы на свайго суседа. Сярод іх хлопец заўважыў чырванагрудага фанабэрыстага снегіра. Птушкі перабіралі маленькімі скалелымі лапкамі на галінцы, якая служыла ім жэрдкай, зрэдку пачыналі піхаць суседзяў – сядзелі яны цеснай гірляндай. І тады абурана цвыркалі ўсім кагалам. І вось у гэтым звычайным цырыканні выпадковых сваіх суседзяў падалося Чалею запалае з учарашняга вечара ў душу: “Чую цябе, чую цябе! Чую!” “Цырык-цырык – чую-цябе!” – пранікала ва ўсхваляванае сэрца цудоўная мелодыя. І раптам незнаёмая, дзівосная радасць апанавала Чалея: упершыню за дваццаць два гады жыцця ўсвядоміў ён сябе часцінкай велізарнага белага свету.
З блазенскім рогатам выкаціўся Віталь з-пад елак, кінуўся ў досыць ужо высокія гурбы. Падняўся, бег, узнімаючы дагары твар і рукі, падаў ніцма ў чароўную вату, падымаўся зноў. Снегапад шпарка пакрываў яго сляды, з вірлівага наваколля на розныя галасы неслася ўсёабдымае: “Чую цябе!” А з шэрых рухомых хмар, з долу, з карон і камлёў атачаючых хлопца дрэў пранікліва і добразычліва цікаваў за ім Лепшы на Зямлі Чалавек. Спагадаў бясконца…
Аб’ёмным, як у маленстве, загадкавым паўставаў навакольны свет.
Госпадзе, вялікая шчодрасць Твая!
Эпілог
Рыпнулі кватэрныя дзверы. Пуста – уся сям’я разышлася па справах. І адначасова прысутнічалі дамашнія з Віталем, які зачараваным паглядам абводзіў так хораша знаёмае жытло. І не пазнаваў свайго дома. Значна святлей, значна прасторней было тут цяпер. Утульней, цяплей, памысней. І неадольна гарнулася душа да звычных пажыткаў: мэблі, кніжных паліц са строгімі таўсматымі тамамі, радыёлы, гітары і тэлевізара. Кожная, самая, здавалася б, нязначная і несамавітая рэч зараз неадольна вабіла Віталя неспазнаным. Утрымлівала ў сабе процьму ведаў, эмоцый, якія карцела хлопцу спасцігнуць. А людзі?! Ці ведае ён насельнікаў гэтае кватэры – самых блізкіх сваіх людзей? Людзей, з якімі штодня на працягу двух дзесяткаў гадоў сутыкаецца ў побытавых варунках…
Але гэта – пасля. Яшчэ будзе для таго час. Будзе ўсё жыццё. Зараз апошнюю, неадкладную справу мусіць зрабіць Чалей. Ён так рашыў. І так будзе.
Віталь адамкнуў адну з шуфляд свайго стала і дастаў невялікі, з ігральную карту, фотаздымак. З яго сакавітай каляровай палітры хітравата пазірала на хлопца Ірына Варанец. Раскошныя каштанавыя валасы, здавалася, вось-вось ускалыхнуцца ад ветру. У карых вачах дзяўчыны зіхацелі гуллівыя агеньчыкі. Праз лёгкую светлую майку выпіналіся, крычма крычалі аб сабе пышныя грудзі. Далёка на заднім плане няпэўна праглядвалася града гор з аснежанымі вяршынямі.
Віталь з болем у сэрцы перахапіў фотаздымак, каб лацвей было адразу ж разарваць яго на дзве палавіны. Але, перш чым здзейсніць гэты адчайны рух, выразна ўявіў раптам ён, як груба і крыва паўзе лінія разрыву па пругкіх грудзях, забірае на ружовы мілавідны тварык, брыдзіць гэтую пекнату… І не змог.
Перасекшы кватэру, зайшоў у бацькоўскі пакой, наўздагад (знарок не зважаючы на нумар) выцягнуў адзін са шматлікіх тамоў У.І. Леніна, засунуў паміж старонак Ірыну фотакартку, уваткнуў “гросбух” на сваё месца.
Чыстае юначае каханне – няспраўджаную мару сваю – пахаваў Чалей у пыльных нетрах грувасткай кніжнай паліцы. Балазе Леніна тады ўжо не чыталі.
Падрыхтаванае на падставе: Южык Міхась, Мёртвае дрэва: апавяданні, аповесць — Мінск: УП Палёт душы, 2001. — 264 с.
ISBN 985-6482-09-7
Прадстаўленыя ў кнізе творы маладога празаіка Міхася Южыка вызначаюцца сваёй псіхалагічнасцю, дынамічным развіццём сюжэтнай лініі, грунтуюцца на пазіцыях хрысціянскай маралі. У цэнтральным творы кнігі – аповесці “Чую цябе” – паказана жыццё беларускага студэнцтва ў апошнія чатыры гады гарбачоўскай перабудовы.
© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011
© PDF: Камунікат.org, 2011
© ePub: Камунікат.org, 2012