be

Зуёнак Васіль

Зуёнак Васіль

Васіль Зуёнак - нарадзіўся 3 чэрвеня 1935, в. Мачулішча Халопеніцкага раёна, цяпер Крупскі раён) — беларускі паэт.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў Барысаўскае педвучылішча (1954), потым аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Працаваў у рэдакцыі газеты «Рабочае юнацтва» (Мінск), у 1960—1966 г. — у газеце «Піянер Беларусі». Быў галоўным рэдактарам часопіса «Бярозка» (1972—1978). У 1966—1972 г. — намеснік галоўнага рэдактара, у 1978—1982 г. — галоўны рэдактар часопіса «Маладосць». Член Саюза пісьменнікаў БССР (з 1966). У 1982—1989 г. — сакратар, у 1989—1990 г. — першы сакратар, у 1990—1998 — старшыня праўлення Саюза беларускіх пісьменнікаў. Кандыдат філалагічных навук.

Дэбютаваў падчас вучобы ў Барысаўскім педвучылішчы ў барысаўскай раённай газеце, у рэспубліканскім друку ў 1954 г. Аўтар зборнікаў паэзіі «Крэсіва» (1966, лірыка), «Крутаяр» (1969), «Сяліба» (1973), «Нача» (1975), «Маўчанне травы» (1980), «Світальныя птушкі» (1982), «Лукам’е» (1984), «Вызначэнне» (1987), «Лета трывожных дажджоў» (1990), «Чорная лесвіца» (1992), «Пісьмы з гэтага свету» (1995), зборніка гумарыстычных вершаў «Качан на п’едэстале» (1973), кніг літаратурна-крытычных артыкулаў «Лінія высокага напружання» (1983) і лірычнай прозы «Паміж небам і зямлёй» (2009).

Выйшлі кнігі выбраных вершаў «Час вяртання» (1981), вершаў і паэм «Жніўны дзень» (1985), «Азірнуўшыся, не скамянець…» (2013), двухтомнік выбраных твораў — вершаў «Гронка цішыні» (1996) і паэм «Пяцірэчча» (1998).

Пачынаючы ад зборніка паэзіі для дзяцей «Вясёлы калаўрот» (1965), творы для дзяцей занялі значнае месца ў паэзіі В. Зуёнка — зборнікі паэзіі «Жылі-былі пад вадой» (1969), «Сонечны клубочак» (1972), «Будзем сілы набірацца» (1974), «Шапка-ўсёвідзімка» (1983), «Хата, поўная гасцей» (1987), «Бадзірог», «Па ельнічку, па бярэзнічку…». Таксама В. Зуёнак аўтар кніг нарысаў і замалёвак «Любіць прыроду — любіць Радзіму» (1962), «Працай славіцца чалавек» (1963).

В. Зуёнак працуе і ў ліра-эпічным жанры, аўтар паэм «Сяліба» (1974), «Прыцягненне» (1979), «Маўчанне травы» (1982), «Лукам’е» (1984), «Падарожжа вакол двара» (1992).

У творах усіх жанраў пісьменнік выяўляе сябе як лірык з эпічным светабачаннем: чуйна рэагуе на ўсе трывогі свету, аднак маштабнасць успрымання быцця не захіляе ад яго адзінкавага, прыватнага. Мастака нязменна прывабліваюць пытанні жыцця і смерці, маральнай чысціні асобы, узаемаадносін чалавека з прыродай, захавання нацыянальнай самабытнасці народа.

Перакладае з рускай, украінскай, балгарскай, польскай, славацкай, сербскай і інш. моў. Разам з Р. Барадуліным пераклаў кніжку вершаў У. Лучука «Возера-Бульдозера» (1978). Вершы В. Зуёнка перакладаліся на англійскую, балгарскую, польскую, славацкую і інш. мовы.

Пра творчасць В. Зуёнка пісалі Р. Барадулін, У. Караткевіч, У. Калеснік, П. Панчанка, А. Лойка, А. Вярцінскі і інш., адзначаючы фенаменальны мастацкі дар паэта, дзякуючы якому ў радках спалучаецца сучаснасць і гісторыя, лірыка і эпас, міф і рэальнасць, імкненне да вечнага і фельетонная стракатасць звычайнай паўсядзённасці.

Крыніца: be.wikipedia.org

Зуёнак Васіль. Выданьні

Выбраныя творы
pdf

Выбраныя творы


Зуёнак Васіль

У кнігу ўвайшлі выбраныя вершы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы Васіля Зуёнка (н. 1935), паэма «Маўчанне травы» (адна з пяці паэм кнігі «Пяцірэчча»), а таксама празаічныя элегіі, эсэ, эцюды і літаратурна-крытычныя артыкулы. Пяцьдзесят пяты том кніжнага праекта «Беларускі кнігазбор».... Болей »

Паміж небам і зямлёй
pdf epub

Паміж небам і зямлёй

літаратурна-лінгвістычныя эсэ, эцюды, падарожныя нататкі
Зуёнак Васіль

Аўтар кнігі — паэт Васіль Зуёнак, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы, ганаровы член Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Старонкі яе — плён роздуму аб праблемах жыцця, літаратуры, мовы. Аўтар дзеліцца сваімі ўражаннямі аб паэзіі класікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Пімена Панчанкі, калег-равеснікаў... Болей »

На парукі
epub

На парукі

Элегія
Зуёнак Васіль

Сабраліся мужчыны пакурыць. А Мірон ня п’е, але і ён сабраўся таксама, — прыйшоў, значыць. Гэтак у яго заўсёды: дзе зьбяруцца, там і ён. А ня п’е. Плёткі, кажа, паслухаць хочацца... Ну, хочацца дык хочацца, — гэта ж ня выпіць на дармаўшчыну, «на халяву», прасьцей кажучы... Сядзі сабе, слухай, — не шкада.... Болей »

Рэха

Рэха

Вершы, загадкі, пацешкі
Зуёнак Васіль

“Рэха” — гэта і пераклічка старонак з ранейшых кніжак паэта, і новыя творы — своеасаблівае падарожжа па Краіне Паэзіі. Кніжка запрашае і вядзе ў вялікі і цудоўны свет — прыроды і людзей.... Болей »

Пяцірэчча

Пяцірэчча

Кніга паэм
Зуёнак Васіль

Другі том выбраных твораў Васіля Зуёнка склалі паэмы «Агонь і сонца», «Маўчанне травы», «Падарожжа вакол двара». У творах ажывае кардыяграма пачуццяў і дум чалавека, сэрца якога засведчыла парыванні, узлёты і падзенні, цішыню і землятрусы нашага часу.... Болей »

Па ельнічку, па бярэзнічку...
pdf

Па ельнічку, па бярэзнічку...

беларускія грыбы ў вершахі малюнках
Зуёнак Васіль

Васіль Зуёнак - адзін з самых таленавітых сучасных беларускіх паэтаў. Пра яго творчасць пісалі Р. Барадулін, У. Караткевіч, У. Калеснік, П. Панчанка, А. Лойка, А. Вярцінскі і многія іншыя, адзначаючы яго фенаменальны мастацкі дар, дзякуючы якому паэт аказаўся здольны спалучыць у натхнёных радках сучаснасць... Болей »

Гронка цішыні
pdf

Гронка цішыні

Выбраныя творы
Зуёнак Васіль

У кнізе выбраных вершаў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Васіля Зуёнка ажывае кардыяграма пачуццяў і дум чалавека, сэрца якога засведчыла парыванні, уэлёты і падзенні, цішыню і землятрусы нашага часу.... Болей »

Бадзірог
pdf

Бадзірог

карагод вясёлыхпрыгод - і рыфмаў звязаных, і проста расказаных
Зуёнак Васіль

Васіль Зуёнак - адзін з самых таленавітых сучасных беларускіх паэтаў. Пра яго творчасць пісалі Р. Барадулін, У. Караткевіч, У. Калеснік, П. Панчанка, А. Лойка, А. Вярцінскі і многія іншыя, адзначаючы яго фенаменальны мастацкі дар, дзякуючы якому паэт аказаўся здольны спалучыць у натхнёных радках сучаснасць... Болей »

Пісьмы з гэтага свету
pdf epub

Пісьмы з гэтага свету

Вершы
Зуёнак Васіль

Напэўна ж, нечаканым, сенсацыйным было б вызначэнне: «Пісьмы з таго свету»... А з гэтага? З нашага, будзённага, мітуслівага, няпэўнага, задыханага? О, колькі тут узнікае — невытлумачальнага здаровым сэнсам, ірацыянальнага,— бывае: тэатр абсурду, дый годзе... Старонкі новай кнігі лаўрэата Дзяржаўнай прэміі... Болей »

Чорная лесвіца
pdf

Чорная лесвіца

Вершы, паэма
Зуёнак Васіль

Чорная рэчка Пушкіна — чорная лесвіца Янкі Купалы — чорныя прыступкі лёсу. Яны вядуць у глыбіні нашай трагічнай гісторыі. Новая кніга Васіля Зуёнка прасякнута трагедыйным пафасам, паслячарнобыльскай трывогаю.... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org